ПРАМЫСЛО́ВЫЯ ПАДЗЕ́МНЫЯ ВО́ДЫ,
падземныя воды, якія маюць у сабе карысныя выкапні (рэдкія і рассеяныя элементы, соль, соду) і выкарыстоўваюцца ў якасці гідрамінеральнай сыравіны. З П.п.в. здабываюць ёд, бром, літый, стронцый, рубідый і інш., таксама кухонную і калійную солі, соду. Асн. паказчык П.п.в. — колькаснае ўтрыманне карыснага рэчыва, мінім. канцэнтрацыя якога павінна забяспечыць рэнтабельнасць здабычы і перапрацоўкі. Мінім. канцэнтрацыі карысных кампанентаў складаюць у сярэднім: стронцый — 300 мг/дм3, бром — 250, калій — 100, ёд — 18, рубідый — 1, цэзій — 0,5 мг/дм3. Звычайна прымеркаваны да глыбінных частак буйных артэзіянскіх басейнаў, якія ўмяшчаюць высокамінералізаваныя воды і расолы хларыднага натрыевага (натрыева-кальцыевага) саставу. Здабыча карысных выкапняў з П.п.в. пашырана на Украіне, у ЗША, Германіі, Японіі, Чылі, Расіі, Туркменістане. На Беларусі (Прыпяцкі прагін) падрыхтавана для распрацоўкі некалькі такіх радовішчаў па здабычы брому і ёду.
М.С.Капора.
т. 13, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎКА́ЗСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,
раён на Паўн. Каўказе (Расія), паміж Стаўрапольскім узвышшам і паўн. схілам Вял. Каўказа, багаты разнастайнымі мінер. крыніцамі. Больш за 130 мінер. крыніц. Група шырока вядомых курортаў: Есентукі, Жалезнаводск, Кіславодск, Пяцігорск. Клімат кантынентальны, з вял. колькасцю сонечных дзён і ўмеранымі ападкамі. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. крыніцы звычайных і тэрмальных вуглякіслых, радонавых, гідракарбанатна-хларыдна-натрыевых і інш. вод, у т. л. «Есентукі», «Нарзан». З лек. мэтамі выкарыстоўваюць клімататэрапію, рапу і сульфідныя гразі Тамбуканскага воз. Адзін са старэйшых курортных раёнаў. Мінер. крыніцы даследаваны ў пач. 18 ст. У зоне К.М.В. дзейнічае больш за 100 санаторыяў, пансіянатаў, турысцкіх баз.
Літ.:
Смирнов-Каменский Е.А., Павлов М.К. Край целебных вод. Ставрополь, 1978.
т. 8, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Сінюха (р.), гл. Сінія Воды
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НА АЭРА́ЦЫІ,
верхняя зона зямной кары паміж яе паверхняй і люстэркам грунтавых вод. Змяшчае гіграскапічныя, плёначныя і капілярныя воды; часова ў ёй з’яўляюцца гравітацыйныя воды.
т. 7, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРО́БНАСЦЬ,
здольнасць арганізмаў (сапрабіёнтаў) жыць у забруджаных арган. рэчывамі водах. Паняцце «С.» сфармулявана заснавальнікамі сан. гідрабіялогіі ў Расіі Я.Я.Нікіцінскім, Г.І.Далговым. Вылучаюць воды полісапробныя (воды, якімі запаўняюць сажалкі біял. ачысткі і палі фільтрацыі), мезасапробныя (воды большасці рэк, у якія скідваюцца сцёкі гарадоў і прамысл. аб’ектаў) і алігасапробныя (воды незабруджаных вадаёмаў). Размеркаванне пэўных відаў раслін і жывёл у залежнасці ад ступені С. вады дазваляе выкарыстоўваць іх як біялагічны індыкатар ступені забруджвання вады арган. рэчывамі. У сувязі з інтэнсіўным забруджваннем вод ужываюць больш шырокае паняцце — таксафобнасць. Павелічэнне С. спрыяе эўтрафікацыі вадаёмаў (інтэнсіўнаму развіццю воднай расліннасці).
т. 14, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭСІ́ЎНАСЦЬ ВАДЫ́,
здольнасць вады разбураць металы, бетон і інш. матэрыялы ў выніку ўздзеяння растворанымі ў ёй солямі або газамі. Асабліва высокая ў вады, якая мае солі амонію, саляную, серную і інш. кіслоты. Павышанай агрэсіўнасцю валодаюць неачышчаныя сцёкавыя воды, воды, забруджаныя змытымі з палёў хім. ўгнаеннямі, атмасферная вільгаць, насычаная злучэннямі азоту, серы і інш. кіслотаўтваральных элементаў («кіслотныя дажджы»), Высокаагрэсіўныя воды неспрыяльныя і нават згубныя для існавання многіх арганізмаў.
т. 1, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН,
на ПдЗ Беларусі. Прымеркаваны да Падляска-Брэсцкай упадзіны. Усх. ч. Мазавецка-Люблінскага супербасейна падземных вод. Уключае меза-кайназойскі ваданосны комплекс, кембрыйска-ардовікскі ваданосны гарызонт і верхнерыфейска-вендскі ваданосны комплекс, якія падзелены тоўшчамі слабапранікальных і водатрывалых парод сілуру і венду — ніжняга кембрыю. Воды напорныя, зрэдку самавыліваюцца, п’езаметрычныя ўзроўні на глыб. 0,5—45 м. Рэсурсы 6,8 млн. м³/сут. Дэбіт свідравін 0,06—25 л/с. Вылучаюцца 2 гідрадынамічныя зоны. У зоне свабоднага водаабмену воды прэсныя, пераважна гідракарбанатна-кальцыевага саставу, мінералізацыя 0,1—0,6 г/л, нярэдка з павышанай колькасцю жалеза. Зона запаволенага водаабмену мае саланаватыя (мінералізаваныя) воды, мінералізацыя 2,9—18,5 г/л, хларыдна-натрыевая і кальцыева-натрыевыя. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца для гасп.-пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — для лячэння і аздараўлення.
М.С.Капора, М.Г.Ясавееў.
т. 3, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМА́,
рака на Паўн. Каўказе ў Расіі. Даўж. 802 км, пл. басейна 33,5 тыс. км². Вытокі на паўн. схілах Скалістага хр. У вярхоўі цячэ ў высокіх і стромкіх берагах, сярэдняе цячэнне ў шырокай даліне. Пасля выхаду на Прыкаспійскую нізіну рэчышча падзяляецца на рукавы, воды якіх звычайна не дасягаюць Каспійскага м. Гал. прыток — Падкумак. Высокія веснавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады ў сярэднім цячэнні 11,9 м³/с. Воды вызначаюцца высокай мутнасцю. Выкарыстоўваецца для арашэння (Церска-Кумскі і Кума-Маныцкі каналы). Адказненскае вадасховішча. На К. гарады Мінеральныя Воды, Зеленакумск, Будзёнаўск.
т. 9, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́МА-ДЭ-АРАГО́Н (Alama de Aragon; ад араб. аль-хама цёплыя воды),
бальнеалагічны курорт у Іспаніі. У даліне р. Халон, непадалёку ад г. Сарагоса. Тэрмальныя (да 35 °C) радонавыя воды выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб органаў руху і апоры, дыхання, нырак, жоўцевых шляхоў і інш. Мінер. крыніцы былі вядомыя рымлянам і арабам.
т. 1, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН,
на ПнУ Беларусі, прымеркаваны да Аршанскай упадзіны. Зах. частка Маскоўскага гідрагеалагічнага мегабасейна. Зона актыўнага водаабмену (150—300 м) ахоплівае ваданосныя комплексы ў адкладах антрапагену, мелу, юры і верхняга дэвону. Воды прэсныя, гідракарбанатныя, мінералізацыя 0,1—0,4 г/л, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў. Рэсурсы складаюць 16,6 млн. м³/сут. Дэбіт свідравін 0,5—20,0 л/с, максімальны больш за 50 л/с. У зону запаволенага водаабмену ўваходзяць сярэднедэвонскі (пярнуска-нараўскі) і верхнепратэразойскі ваданосныя комплексы. Пярнуска-нараўскі мае мінер. воды (мінералізацыя 2—20 г/л) сульфатнага, сульфатна-хларыднага і хларыднага саставу. Глыбей у верхнепратэразойскіх адкладах (верхнепратэразойскі ваданосны комплекс) воды расольныя і расолы хларыдна-натрыевага саставу з макс. канцэнтрацыяй соляў 100—175 г/л. У гэтых водах значная колькасць брому, ёду, фтору і інш. Дэбіт свідравін у межах 0,2—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца на гасп. водазабеспячэнне, мінер. і расолы — як бальнеалагічныя ў санаторыях («Лётцы», «Прыдняпроўскі»).
М.Г.Ясавееў.
т. 1, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)