БІРЫЧЭ́ЎСКІ (Аляксей Іванавіч) (2.3.1914, г. Вялікі Усцюг, Расія — 4.3.1987),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў тэатр. студыю ў Архангельску (1932). Працаваў у т-рах Вялікага Усцюга, Калініна, Ціраспаля і інш. У 1950—84 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных роляў. Створаныя ім вобразы вызначаліся арганічнасцю і жыццёвай праўдай. Сярод лепшых роляў бел. рэпертуару: Снапок («Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага), Швагераў («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Вартаўнік Варэніч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Першы кліент («Мілы чалавек» К.​Крапівы). Паспяхова выступаў у п’есах А.​Астроўскага і М.​Горкага.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ГАЛЕВА (Алена Мікалаеўна) (7.4.1900, Масква — 13.11.1993),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1949), Герой Сац. Працы (1974). Вучылася ў Муз.-драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва. З 1918 у Малым т-ры. Стварала выразныя па знешнім малюнку драм. і трагедыйныя вобразы моцных, валявых, энергічных жанчын. Сярод роляў: Соф’я («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Надзея Манахава («Варвары» М.​Горкага), княжна Плавуціна-Плавунцова («Халопы» П.​Гнедзіча), Панова («Любоў Яравая» К.​Транёва), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), герцагіня Мальбара («Шклянка вады» Э.​Скрыба), місіс Краўлі («Кірмаш пыхлівасці» паводле У.​Тэкерэя).

т. 5, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́НДЫГ ((Grundig) Ганс) (19.2.1901, г. Дрэздэн, Германія — 11.9.1958),

нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся ў АМ у Дрэздэне (1922—26). Адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі рэв. мастакоў Германіі (1929). У 1946—47 праф. і рэктар Вышэйшай школы выяўл. мастацтва ў Дрэздэне. Зазнаў уплыў экспрэсіянізму. Аўтар твораў, якія выкрываюць фашызм (цыкл афортаў «Звяры і людзі», 1933—38; трыпціх «Тысячагадовая імперыя», 1935—38). Поўныя трагічнага пафасу яго маст. вобразы маюць характар фантаст. сімвалаў. Лаўрэат Нац. прэміі ГДР (1958).

Тв.:

Рус. пер. — Между карнавалом и великим постом: Воспоминания... М., 1964.

т. 5, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРВА́ЛЬ (Dorval; сапр. Дэланэ, Delauney) Мары (7.1.1798, г. Лар’ян, Францыя — 20.5.1849), французская актрыса. З сям’і правінцыяльных акцёраў. З дзяцінства выступала на сцэне. У 1818—34 у т-ры «Порт-Сен-Мартэн» (адзін з вядучых дэмакр. «тэатраў бульвараў» Парыжа). У 1834—38 у «Камеды Франсэз». Стварала вобразы шчырых, цэльных жанчын, вымушаных адстойваць сваё права на шчасце. Сярод лепшых роляў: Амалія, Лючыя («Трыццаць гадоў, ці Жыццё гульца», «Ламермурсхая нявеста» В.​Дзюканжа), Марыён Дэлорм (аднайм. п’еса В.​Гюго), Адэль д’Эрвэ («Антоні» А.​Дзюма-бацькі), Кіці Бэл («Чатэртан» А. дэ Віньі).

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБЕРТА́ВІЧУС ((Kubertavičius) Пятрас) (22.6.1897, в. Вартай Лаздзійскага р-на, Літва — 14.2.1964),

літоўскі акцёр і рэжысёр; адзін з заснавальнікаў літ. прафес. т-ра. Працаваў у т-рах Петраграда і Вільні (з 1916), каўнаскіх драм. (1920—52, 1959—63) і юнага гледача (1952—59). Сцэнічныя вобразы вылучаліся глыбінёй, рэаліст. выразнасцю, дынамікай: Скіргайла, Шарунас («Скіргайла», «Шарунас» В.​Крэве), Крушна («Сын уладара» і «Уладар» В.​Мікалайціса-Пуцінаса), Чабутыкін («Тры сястры» А.​Чэхава), Глостэр («Кароль Лір» У.​Шэкспіра). Паставіў спектаклі «Пяюць пеўні» Ю.​Балтушыса (1948, 1958), «Блудны сын» Р.​Блаўмана (1957) і інш.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЮ́КАВА (Даркуль) (н. 15.5.1919, с. Акцябрскае Сузакскага р-на Джалал-Абадскай вобл., Кыргызстан),

кіргізская актрыса. Нар. арт. СССР (1967). З 1936 працавала ў кірг. т-рах юнага гледача, з 1941 у драматычным (абодва ў г. Фрунзе). Стварыла вобразы моцных духам жанчын, вострыя сатыр. партрэты, уладарныя характары: Акчаім («Сарынжы» К.​Эшмамбетава), Талганай («Мацярынскае поле» паводле Ч.​Айтматава), Джаныл («Джаныл» К.​Малікава і Кутубаева), Айганыш («Курманбек» К.​Джантошава), Кабаніха («Навальніца» А.​Астроўскага), Ганерылья («Кароль Лір» У.​Шэкспіра) і інш. Здымалася ў кіно: «Салтанат» (1955), «Спёка» (1963), «Першы настаўнік» (1965), «Белы параход» (1976).

т. 9, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТКА (Іван Антонавіч) (14.6.1935, б. маёнтак Масаляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 23.8.1999),

бел. паэт. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1967). З 1954 жыў у Маскве. Друкаваўся з 1957. Паэтызацыя працы як крыніцы чалавечага хараства — лейтматыў яго творчасці. Лірыцы Л. характэрна абвостранае, эмацыянальнае ўспрыняцце прыроды. Яркая метафарычнасць спалучана з рэаліст. канкрэтнасцю назіранняў. У паэме «Каліноўцы» (1974) стварыў вобразы сялян — паўстанцаў 1863—64.

Тв.:

Тры крокі ад сонца. Мн., 1967;

Тры верасні. Мн., 1970;

Грамы на зімоўцы. Мн., 1974;

Агні ў пралётах. Мн., 1991.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 9, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРШ У ПРО́ЗЕ,

лірычны твор у празаічнай форме. У ім няма вершаванага рытму, метра, рыфмы, але ёсць многія прыкметы паэтычнага твора — у змесце (ідэі, матывы, вобразы), эмацыянальна-суб’ектыўнай танальнасці, у паэтычнай фактуры (канцэнтрацыя тропаў, павышаная асацыятыўнасць), сінтаксісе (паўторы, звароты, умоўчванні і г.д.), пабудове (невял. памер, падзел на абзацы). Упершыню тэрмін «верш у прозе» ўвёў Ш.​Бадлер, у рус. л-ры вядомым аўтарам такіх вершаў стаў І.​С.​Тургенеў. У бел. л-ры ўзнік на пач. 20 ст. («Думкі ў дарозе» Я.​Коласа, «Васількі», «Раны» Ядвігіна Ш., «Стогны душы» М.​Гарэцкага, «Пяюць начлежнікі» З.​Бядулі і інш.).

В.​П.​Рагойша.

т. 4, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРЫ́ЦКІ (сапр. Дзюбін) Эдуард Георгіевіч

(3.11.1895, Адэса — 16.2.1934),

рускі паэт. Першыя вершы (1915—16) — стылізаваныя, умоўна-рамантычныя. У лірычных вершах і паэмах перыяду грамадз. вайны («Птушкалоў», «Тыль Уленшпігель», «Карчма», «Кавун» і інш.) рамант. вобразы свабодалюбных, мужных людзей. Першы зб. «Паўднёвы захад» (1928). Аўтар паэм «Дума пра Апанаса» (1926), «Люты» (1934, апубл. 1936), паэт. трылогіі «Апошняя ноч», «Чалавек прадмесця» і «Смерць піянеркі», зб. вершаў «Пераможцы» (усе 1932) пра падзеі грамадз. вайны і сацыяліст. рэчаіснасці. Перакладаў на рус. мову вершы Я.​Купалы. На бел. мову яго творы перакладалі М.​Багун, С.​Дзяргай, М.​Хведаровіч.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРЭ́НКА (Валерый Мікалаевіч) (н. 1.1.1946, в. Малая Сазанка Амурскай вобл., Расія),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага ў Маскве (1967). З 1975 у Рускім драм. т-ры Беларусі. Увасобленыя ім вобразы вызначаюцца паглыбленым псіхалагізмам, адметнай выканаўчай манерай: Гужа («Знак бяды» паводле В.​Быкава), Азазэла («Майстры» А.​Дударава паводле М.​Булгакава), Косач («Вяртанне ў Хатынь» паводле А.​Адамовіча), Салёны («Тры сястры» А.​Чэхава), Клаўдзій, Макдуф («Гамлет», «Макбет» У.​Шэкспіра), Мэкі-Нож («Трохграшовая опера» Б.​Брэхта), Крыспэн («Адзіны нашчадак» Ж.​Ф.​Рэньяра) і інш. Здымаецца ў кіно.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)