ІЗАМАРФІ́ЗМ у геалогіі, уласцівасць розных, але блізкіх паводле хім. саставу рэчываў крышталізавацца ў аднолькавых структурах пры адным тыпе хім. сувязі. Падзяляецца на віды — дасканалы і недасканалы (абмежаваны) і шэраг тыпаў — ізавалентны, гетэравалентны, палярны, кампенсацыйны, індукцыйны і інш. Законы І. тлумачаць складаны хім. састаў большасці мінералаў, асабліва з групы сілікатаў, размеркаванне рэдкіх элементаў у горных пародах і рудах. Напр., большая ч. ітрыю і рэдкіх зямель змяшчаецца ў апатыце, сфене і флюарыце, дзе ізаморфна яны замяшчаюць кальцый. Прыкладам дасканалага І. з’яўляюцца мінералы пераменнага саставу, якія даюць неперарыўныя рады: плагіяклазы, скапаліты, вальфраміты і інш.

т. 7, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАЛО́Г (ад грэч. nekros мёртвы + logos слова),

артыкул або нататка з выпадку смерці каго-небудзь, спосаб ушанавання памяці нябожчыка. Змяшчае асн. факты біяграфіі, прац. здабыткаў, адзначае заслугі памерлага перад грамадствам. У розных Н. выступаюць на першы план розныя грані жыцця і дзейнасці, духоўнага аблічча нябожчыка. Да Н. паводле жанру прымыкаюць вершы, напісаныя з выпадку смерці блізкіх аўтару людзей: «Над магілай друга» Я.​Коласа (на смерць Я.​Купалы), «Памяці Б.​В.​Платонава» Г.​Бураўкіна, «Смугою зажурыліся палі» С.​Грахоўскага (на смерць І.​Мележа).

А.​М.​Пяткевіч.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕВЯРЭ́СК,

летапісны горад, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у канцы 14 ст. сярод гарадоў ВКЛ. У даследчыкаў няма адзінага пункту гледжання наконт месцазнаходжання Вевярэска: рус. гісторык М.​М.​Ціхаміраў адносіў яго да загадкавых; археолаг В.​В.​Сядоў атаясамліваў з гарадзішчам каля в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і лічыў, што назву атрымаў ад р. Ваверка, якая працякае за 16—18 км ад пасялення. Магчыма, летапісны Вевярэск існаваў на месцы сучаснай в. Ваверка Лідскага р-на, якая размяшчаецца на беразе р. Ваверка. У дакументах 16 ст. ўпамінаецца пад назвай Гарадзішча.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РГУСЫ,

агульная назва 2 блізкіх родаў птушак сям. фазанавых атр. курападобных. 2 віды: аргус чубаты (Rheinartia ocellata) жыве ў горных лясах Лаоса, В’етнама і Малакі, занесены ў Чырв. кнігу МСАП; аргус вялікі (Argusianus argus) насяляе сухія лясы паўд. ч. Бірмы, Малакі, Суматры і Калімантана, скрытныя птушкі.

Даўж. самца аргуса вялікага 1,7—2 м (з іх 1,2 м сярэднія рулявыя пёры хваста), самкі — 0,75 м. Афарбоўка рыжавата-шэрая, у самца падоўжаныя другарадныя пёры з буйнымі плямамі ў вочкі. Самка нясе 2 яйцы, наседжвае 25 сут. Добра пераносіць няволю, размнажаецца.

Аргус чубаты: 1 — самец; 2 — самка.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАНХО́,

якуцкі гераічны эпас. Складаецца з многіх сказанняў, блізкіх паводле сюжэта, вобразаў і стылю, памерам 10—15 тыс. вершаваных радкоў. Частка тэксту — рытмізаваная проза і кароткія празаічныя ўстаўкі. Словы персанажаў спяваюцца, астатні тэкст выконваецца рэчытатывам, часта без інструмент. суправаджэння. Аланхо адлюстроўваюць рысы патрыярхальна-радавога ладу, міжрадавыя і міжплемянныя адносіны якутаў. У аснове сюжэтаў — барацьба асілкаў з племені айыы аймага са злоснымі аднарукімі ці аднаногімі пачварамі, абарона справядлівасці і мірнага жыцця. У аланхо паяднаны фантастыка і гіпербалізацыя ў паказе асілкаў з рэаліст. апісаннямі побыту, шматлікія міфы стараж. паходжання.

Літ.:

Пухов И.В. Якутский героический эпос олонхо. М., 1962.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖИЗНЬ ПРОВИ́НЦИИ»,

грамадска-палітычная, эканам. і літ. газета. Выходзіла з 11(24).4 да 18(31).5.1907 у Мінску штодзённа на рус. мове. Рэдактар І.​М.​Глоба-Міхайленка. Прадаўжала праграму забароненай газ. «Голос провинции». Ацэньвалася цэнзурай як газета «апазіцыйнага кірунку... са схільнасцю да чыста рэвалюцыйных выхадак». З пазіцый, блізкіх да меншавізму, асвятляла рабочы і сацыяліст. рух. У памфлетах і вершах-пародыях выкрывала лідэраў чарнасоценных партый, іх мясц. орган «Минское слово», палітыку царызму. Змяшчала інфармацыю пра падзеі ў горадзе. Прызнавала нац. самастойнасць беларусаў, крытыкавала шавіністычную палітыку царызму і польскай буржуазіі ў Беларусі. Праграму «Ж.п.» прадаўжала газета «Окраина».

У.​М.​Конан.

т. 6, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗУА́РЫ,

птушкі атр казуарападобных. 2 сям.: уласна К. (3 віды) і эму. Пашыраны ў лясах Аўстраліі і блізкіх да яе астравоў. Бегаюць хутка, да 40 км/гадз, добра плаваюць.

Выш. да 1,8 м, маса да 90 кг. Пер’е рассуканае, чорнае. Дзюба сціснутая з бакоў; на галаве ў К. шлеманоснага (Casuarius casuarius) рагавы выраст, які засцерагае ад шыпоў і калючак у час бегу. Крылы рудыментарныя. Ногі трохпальцыя, моцныя, унутр. палец з вострым кіпцюром для абароны. Манагамы. Нясуць 3—8 яец. Наседжвае самец. Кормяцца пладамі, насеннем, насякомымі. Ахоўваюцца.

Э.​Р.​Самусенка.

Казуары: 1 — аранжавашыі; 2 — шлеманосны.

т. 7, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕТЫ́ЧНАЯ ЭНЕ́РГІЯ,

мера мех. руху, роўная для матэрыяльнага пункта палавіне здабытку яго масы на квадрат скорасці T = mv2/2. К.э. мех. сістэмы роўная суме К.э. усіх яе пунктаў.

К.э. цвёрдага цела, якое рухаецца паступальна, вылічваецца як К.э. пункта з масай, роўнай масе ўсяго цела; пры вярчальным руху — T = Iω​2/2, дзе I — момант інерцыі, ω — вуглавая скорасць вярчэння цвёрдага цела. Пры скарасцях, блізкіх да скорасці святла c, К.э. пункта роўная T = m0 c2 / 1 v2 / cc m0 c2 , дзе m0 — маса спакою матэрыяльнага пункта. Гл. таксама Энергія, Энергіі захавання закон.

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЎНІР (Сцяпан) (Стафан) Дзям’янавіч (1695, с. Гваздоў Кіеўскай вобл. — 1786),

украінскі дойлід. Прыгонны Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе працаваў больш як 60 гадоў пад кіраўніцтвам і сумесна з П.​Няелавым, Г.​І.​Шэдэлем, І.​Грыгаровічам-Барскім. Пабудовы К. ў стылі ўкр. барока: т.зв. Коўніраўскі корпус (1744—72), званіцы на Далёкіх (1754—61) і Блізкіх (1759—62) пячорах і інш. ў лаўры, Клоўскі палац (1754—58, з Няелавым), званіца Брацкага манастыра на Падоле (1756, не захавалася) — усе ў Кіеве; царква Антонія і Феадосія і званіца ў Васількове (1756—58), Троіцкая царква ў Кітаеве (1763—67) каля Кіева.

т. 8, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я АКУНІ́,

рыбы роду Sebastes і блізкіх родаў сям. скарпенавых. У родзе Sebastes каля 100 відаў. Пашыраны ў паўн. ч. Атлантычнага (М.а. звычайны, або залацісты — S. marinus, клювач — S. mentella і інш.) і Ціхага ак. (напр., трохзубцовы акунь — S. schlegeli і інш.). М.а. наз. таксама каменных акунёў (Serranidae). Жывуць у прыбярэжнай зоне і на глыбінях больш за 1000 м.

Даўж. ад 20 см да 1 м і больш. Афарбоўка прыбярэжных відаў цёмная, з палосамі і плямамі, глыбакаводных — ад ружовай да ярка-чырвонай. У глыбакаводных вялізныя вочы. Кормяцца беспазваночнымі, рыбай. Жывародныя. Аб’екты промыслу.

Марскія акуні: 1 — трохзубцовы; 2 — залацісты.

т. 10, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)