эканамічная тэорыя, якая даследуе рыначныя ўзаемадзеянні буйных карпарацый у галінах сучаснай масавай вытв-сці. Асн. палажэнні сфармуляваны Э.Чэмберлінам у пач. 1930-х г. Пазней яе распрацоўвалі амер. эканамісты У.Дж.Баўмал, О.Моргенштэрн, Дж.Нейман, У.Фелнер, англ. эканаміст Н.Калдар і інш. М.к.т. зыходзіць з ідэі перапляцення элементаў манаполіі і канкурэнцыі на сучасным рынку, а атрыманне прыбытку разглядае як вызначальную мэту рыначнай стратэгіі фірмы. Тэорыю крытыкавалі тэарэтыкі неалібералізму, у прыватнасці чыкагскай школыпаліт. эканоміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭР (ням. Order ад лац. ordo рад, парадак, шэраг),
1) афіцыйны дакумент, які змяшчае загад, прадпісанне, распараджэнне (напр., на ўсяленне ў жылое памяшканне, на атрыманне тавару, грузу і да т.п.).
2) У бухгалтэрыі дакумент на ажыццяўленне аперацый з грашовымі або матэрыяльнымі сродкамі (наяўнымі — касавыя О., безнаяўнымі разлікамі — мемарыяльныя О.).
3) Рэгламентаванае камандуючым (камандзірам) узаемнае па напрамках і дыстанцыях размяшчэнне ваен. караблёў на пераходзе морам і ў час бою. Ствараецца з мэтай абароны ад магчымых атак праціўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАКА́НКА,
1) адзін з працэсаў аб’ёмнай штампоўкі, што заключаецца ў абцісканні штампаванай дэталі ў чыставым штампе для павышэння дакладнасці памераў і якасці паверхні (напр., пры вырабе манет, медалёў).
2) Атрыманне рэльефных відарысаў на тонкаліставых загатоўках (гал. чынам медных) шляхам ручнога выбівання з дапамогай чакана.
3) Апрацоўка паверхні вырабаў, атрыманых ліццём (гал. чынам вырабаў прыкладнога мастацтва), з мэтай ліквідавання дробных дэфектаў.
4) Ч. швоў — ушчыльненне заклёпачнага шва шляхам асаджвання ч. металу ўздоўж канта шва і па перыметры заклёпачных галовак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫ СІ́НТЭЗ,
атрыманне крышталічных неарган. рэчываў ва ўмовах, што дазваляюць мадэліраваць фізіка-хім. працэсы ўтварэння мінералаў у зямных нетрах. Заснаваны на здольнасці вады і водных раствораў пры т-ры 300—500 °C і ціску 10—80 МПа раствараць рэчывы, якія практычна нерастваральныя ў звычайных умовах. У такіх умовах вырошчваюць таксама вял. монакрышталі (напр., крышталі кварцу масай да 50 кг). Выкарыстоўваецца ў прам-сці пры вытв-сці розных злучэнняў: аксідаў (SiO2, GeO2), сульфідаў (ZnS, PbS, HgS), сілікатаў (CaSiO3, NaNdSi6O14) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ МЕТАЛУРГІ́Я,
металургія, у якой атрыманне металаў і сплаваў, наданне ім патрэбных уласцівасцяў заснавана на выкарыстанні вакууму. Пры выплаўцы і тэрмічнай апрацоўцы ў вакууме адсутнічае шкоднае ўзаемадзеянне металаў з газамі навакольнага асяроддзя, лепш праходзяць дэгазацыя, раскісленне і рафінаванне металаў, іншыя тэхнал. працэсы. Вакуумная металургія дае магчымасць атрымліваць высакаякасныя металы і сплавы, у т. л. рэакцыйна-актыўныя і тугаплаўкія, выплаўляць спец. сплавы. Метады вакуумнай металургіі выкарыстоўваюцца пры рафінаванні металаў, іх вакуумна-дугавым пераплаве, у працэсах вакуумавання сталі, вакуумнай плаўкі, вакуумнага ліцця, нанясення вакуумных пакрыццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯЛЁНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,
тэрмін, які ўзнік у 1960-я г. і абазначаў працэс укаранення новых высокаэфектыўных аграпрыёмаў і метадаў, стварэнне высокаўраджайных сартоў збожжавых (пшаніца, рыс), асабліва ў краінах т. зв. трэцяга свету. У сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва намаганні былі скіраваны на атрыманне большага аб’ёму прадуктаў харчавання з дапамогай арашэння зямель, хімізацыі і механізацыі. З 1980-х г. у некат. краінах «З.р.» забаронена, таму што размеркаванне даходаў у с.-г. сектары ў выніку «З.р.» стала яшчэ больш нераўнамерным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСО́РЦЫУМ (лац. consortium саўдзельніцтва, супольнасць),
часовае пагадненне паміж некалькімі банкамі або прамысл. прадпрыемствамі для сумеснага размяшчэння пазыкі ці ажыццяўлення буйнога прамысл. праекта. Удзельнікамі К. бываюць і прыватныя фірмы, і дзярж. ўстановы. Яны захоўваюць сваю самастойнасць, але падпарадкоўваюцца сумесна выбранаму кіраўніцтву ў той частцы дзейнасці, якая датычыцца мэт К. У міжнар. гандлі К. найчасцей ствараецца для сумеснай барацьбы за атрыманне заказаў і для іх сумеснага выканання. Каб павысіць сваю канкурэнтаздольнасць, фірмы і арг-цыі адной або некалькіх краін аб’ядноўваюцца ў міжнар. К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЭАТРУБА́,
бінакулярная перыскапічная аптычная прылада для назірання з-за ўкрыцця, вывучэння мясцовасці і цэлей, вымярэння вуглоў і адлегласцей. Складаецца з 2 зрокавых труб з акулярамі, трымальніка, лімба і трыногі. Дае 10-кратнае (з насадачнай лінзай 20-кратнае) павелічэнне. Пераменны стэрэабазіс (адлегласць паміж аб’ектывамі, макс. да 75 см) забяспечвае атрыманне стэрэаскапічнага відарыса. Вуглы вымяраюцца пры дапамозе вугламернай сеткі, якая знаходзіцца ў правым акуляры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗНАЎЛЕ́ННЕ ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ,
комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на атрыманне прыродных рэсурсаў у першапачатковай колькасці. Ажыццяўляецца з дапамогай штучных мер пасля поўнага або частковага вычарпання гэтых рэсурсаў у выніку антрапагеннага ўздзеяння на прыроду (напр., рэінтрадукцыя раслін, рэакліматызацыя жывёл, штучнае аднаўленне лесу). Лепш узнаўляюцца рэсурсы, здольныя да самааднаўлення (узнаўляльныя прыродныя рэсурсы — глебавыя, расл., жывёльныя). Адноснае ўзнаўленне т. зв. неўзнаўляльных рэсурсаў (мінералы, карысныя выкапні), утварэнне якіх у прыродзе не адбываецца або адбываецца вельмі марудна, дасягаецца пры дапамозе тэхналогій шматразовага паўторнага выкарыстання матэрыялаў (гл.Другасная сыравіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАФІЯЛЕ́ТАВАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
раздзел аптычнай спектраскапіі, які ўключае атрыманне, даследаванне і выкарыстанне спектраў выпрамянення, паглынання і адбіцця ультрафіялетавага выпрамянення. Для даследаванняў у вобласці 400—200 нм карыстаюцца спектральнымі прыладамі для бачнай вобласці, калі шкляныя аптычныя элементы (прызмы, лінзы і інш.) заменены на кварцавыя. У вобласці 200—10 нм карыстаюцца спец. спектральнымі прыладамі, змешчанымі ў вакуум з-за моцнага паглынання ультрафіялетавых прамянёў у паветры. У.с. карыстаюцца пры даследаваннях атамаў, іонаў, малекул і цвёрдых цел для вывучэння іх узроўняў энергіі, імавернасцей квантавых пераходаў і інш. характарыстык.