сербскі мовазнавец. Чл. Пецярбургскай АН (1910). Праф. Бялградскага ун-та (1905). З 1937 прэзідэнт Сербскай АН. Працы па дыялекталогіі, гісторыі, граматыцы сучаснай серб. мовы («Гісторыя сербска-харвацкай мовы», т. 1—2, 1950—51 і інш.). Зрабіў значны ўклад у параўнальную граматыку слав. моў («Паходжанне праславянскай дзеяслоўнай сістэмы», 1935, і інш.). У сваіх поглядах на агульнае мовазнаўства далучаўся да младаграматызму, пазней адышоў ад іх і стварыў т.зв. бялградскую школу. Асн. лінгвістычныя погляды выклаў у кн. «Аб прыродзе і развіцці мовы» (т. 1—2, 1941—59). Заснавальнік (1913) і рэдактар час. «Іужнословенски филолог» («Паўднёваславянскі філолаг»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫТНЯ́К (Agropyron),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы, Азіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі. На Беларусі як занесены і натуралізаваны трапляецца Ж. грэбенепадобны (A. pectinatum). Расце каля дарог, на пустках, газонах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным звычайна слабашурпатым сцяблом і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкае, лінейнае, іншы раз уздоўж згорнутае, часта з тонкімі шыпікамі. Агульнае суквецце — яйцападобны, падоўжаны ці лінейны сціснуты двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, з 3—10 кветкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, замацоўваюць рухомыя пяскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКЛАСІ́ЧНАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ,
кірунак у эканоміцы 19 ст., які замяніў дактрыны класічнай эканам. тэорыі (т. зв. «маржыналісцкая рэвалюцыя»), У адрозненне ад кейнсіянства характарызуецца мікраэканам. падыходам да эканам. з’яў. Прадстаўнікі Н.э.т. Л.Вальрас, К.Віксель, У.Джэванс, А.Маршал, В.Парэта, Ф.Эджуарт, эканамісты Дж.Кларк, І.Фішэр (ЗША), К.Менгер (Аўстрыя) і інш. развілі інструментарый гранічнага аналізу эканомікі, падкрэслівалі значэнне дэфіцытнасці даброт для вызначэння іх цаны, заклалі агульнае ўяўленне пра сутнасць аптымальнага размеркавання рэсурсаў і інш. Ідэі тэорыі выкладзены ў кн. Маршала «Прынцыпы эканамічнай навукі» (1890). Н.э.т. з’явілася асновай для тэорыі эканомікі дабрабыту, эканамічнага росту тэорыі; гал. дасягненне — мадэль канкурэнтнай раўнавагі Вальраса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЕ́ННЫЯ СЯБРЫ́», Таварыства ваенных сяброў,
тайная арг-цыя ў Літоўскім асобным корпусе (Беластоцкая вобл.) у 1825. Узначальвалі мясц. шляхціц, б. філамат М.І.Рукевіч і афіцэры Літ. піянернага батальёна К.Г.Ігельстром і А.Л.Вягелін. Налічвала 45 членаў, падзялялася на 3 ступені. Мэтаю т-ва абвяшчаліся «вольнасць», «асвета сябе і іншых, узаемная дапамога і дабро агульнае». Паводле паліт. ідэалаў «Ваенныя сябры» блізкія да дзекабрыстаў. Верагодна, мелі кантакты з Паўн. і Паўд. т-вамі дзекабрыстаў і з Польскім патрыятычным т-вам. У снеж. 1825 беспаспяхова спрабавалі ўзняць паўстанне ў войску. Удзельнікі арыштаваны і прыгавораны да розных тэрмінаў катаргі і турэмнага зняволення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАШЭ́ВІЧ ((Bartoszewicz) Альберт Іосіфавіч) (н. 2.8.1942, в. Раёўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
польск. мовазнавец. Д-р (1972), праф. (1992). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1964). Працаваў у пед. ін-це ў г. Аполе, Пазнанскім і Варшаўскім ун-тах (1964—92), з 1987 дырэктар Варшаўскага філіяла Ін-та рус. мовы імя Пушкіна ў Маскве. З 1993 заг. кафедры ў Вышэйшай пед. школе ў г. Ольштын. Даследуе польск., бел. і рус. мовы, агульнае мовазнаўства. На аснове «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84) склаў першы ў бел. мовазнаўстве «Адваротны слоўнік сучаснай беларускай мовы» (т. 1—4, Варшава, 1988—89; з І.Камендацкай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАДЗЕ́Д (Іван Канстанцінавіч) (29.8.1906, с. Успенка Ануфрыеўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.9.1981),
украінскі мовазнавец. Акад.АН УССР (1957) і АНСССР (1972). Засл. дз. нав. Украіны (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1932). З 1961 дырэктар Ін-та мовазнаўства імя А.А.Патабні АН УССР, адначасова ў 1962—78 віцэ-прэзідэнт АН УССР. Даследаваў праблемы ўсх.-слав. моў, у т. л.бел. моўны матэрыял («Кантакты ўкраінскай мовы з іншымі славянскімі і уніфікацыя яе вуснай літаратурнай формы», 1968; «Лінгвастылістычная характарыстыка перакладу твораў К.Крапівы на ўкраінскую мову», 1972), агульнае мовазнаўства і сацыялінгвістыку. Дзярж. прэміі УССР 1971 і СССР 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́Т (Sonchus),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Афрыцы (некалькі відаў расце як пустазелле па ўсім свеце). На Беларусі 4 віды: палявы, або жоўты (Sonchus arvensis), агародны (Sonchus oleraceus), шурпаты (Sonchus asper), балотны (Sonchus palustris).
Адна-, двух- або шматгадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты, звычайна з млечным сокам. Лісце суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Большасць відаў — пустазелле (найб. вядомы асот палявы — засмечвае пераважна яравыя збожжавыя і прапашныя культуры), а таксама харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны. Асотам часам наз. віды роду бадзяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯДЭГРАДА́ЦЫЯ (ад бія... + дэградацыя),
працэс раскладання матэрыялаў, рэчываў або аб’ектаў у навакольным асяроддзі пад уздзеяннем жывых арганізмаў (пераважна мікраарганізмаў); адзін з асн.энергет. працэсаў у экасістэме. Біядэградацыя мае месца пры нейтралізацыі забруджванняў прыроднага асяроддзя і утылізацыі адмерлых рэшткаў жывёл і раслін, у раскладанні быт. і прамысл. адходаў, ачыстцы сцёкавых водаў. Негатыўны бок біядэградацыі — біякарозія некаторых матэрыялаў. Зрэдку ў паняцце біядэградацыі ўключаюць працэсы распадання пад уздзеяннем непажаданых біягенных фактараў арган. часткі біягеацэнозаў (фіта- і зоацэнозаў). У больш шырокім паняцці тэрмінам біядэградацыя вызначаюць усякае агульнае пагаршэнне структуры біягеацэнозу; у гэтым сэнсе біядэградацыя можа разглядацца як састаўная частка і адзін з элементаў дэградацыі прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНО́ЎСКІ (Цімафей Мікалаевіч) (21.3.1813, г. Арол, Расія — 16.10.1855),
расійскі гісторык, адзін з лідэраў заходнікаў. Д-ргіст.н. (1849). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1835). Праф. гісторыі Маскоўскага ун-та (1839—55). Чытаў публічныя лекцыі па гісторыі зах.-еўрап. сярэдневякоўя, параўнальнай гісторыі Англіі, Францыі і інш. З 1847 кіраўнік гуртка маскоўскіх заходнікаў. Лічыў гал. рухавіком гіст. працэсу натуральныя фактары (геагр., этнагр., антрапал. і фізіял. ўмовы існавання чалавека), а яго асновай — імкненне ўсіх народаў да свабоды і гармоніі; падкрэсліваў агульнае ў гіст. развіцці Расіі і краін Зах. Еўропы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
забруджванне навакольнага асяроддзя, пры якім пэўныя віды забруджвальнікаў выяўляюцца па ўсім зямным шары; адна з глабальных праблем сучаснасці (гл.Глабальная экалогія). Бывае глабальнае забруджванне атмасферы, вод, глебы і г.д. або як агульнае забруджванне хім. рэчывамі, у т. л. дыаксідам вугляроду (гл.Парніковы эфект), радыенуклідамі (гл.Радыеактыўнае забруджванне), лёгкалятучымі газамі (напр., фрэонамі), нафтапрадуктамі і інш. Інфармацыя пра глабальнае забруджванне падаецца праз сістэмы глабальнага маніторынгу, у т. л. назіранні на базе міжнар.біясферных запаведнікаў, са штучных спадарожнікаў Зямлі і інш. У фарміраванні глабальнага забруджвання значную ролю адыгрывае вышынны трансгранічны перанос забруджвальнікаў паветр. плынямі (напр., пры ўзрывах ядзерных бомбаў, аварыях на АЭС).