летапісны звод, складзены ў апошняй чвэрці 15 ст. ў Пскове або ў Ноўгарадзе на аснове больш стараж.рус. летапісных крыніц. Ахоплівае падзеі да 1469. У ім адлюстравана гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, Ноўгарада, часткова ВКЛ. Найб. каштоўныя і цікавыя матэрыялы за 14—15 ст. У 1495 гэты летапісны звод перапісаны ў Смаленску Аўрамкам. Быў распаўсюджаны на Беларусі. На аснове Аўрамкі летапісу ўзнік Віленскі спіс, у канцы якога змешчаны тэкст «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Звесткамі Аўрамкі летапісу часткова карыстаўся складальнік Супрасльскага летапісу 1-й пал. 16 ст. Надрукаваны Аўрамкі летапіс у Поўным зборы рус. летапісаў (т. 16, 1889).
Літ.:
Шахматов А.А. Обозрение русских летописных сводов XIV—XVI вв. М.; Л., 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАВАГА́ННІ (ад аўта... + ваганні),
незатухальныя ваганні ў нелінейнай вагальнай сістэме пры адсутнасці пераменнага вонкавага ўздзеяння. Форма і ўласцівасці аўтаваганняў вызначаюцца самой сістэмай і не залежаць ад пачатковых умоў (напр., пач. энергіі), што адрознівае іх ад вымушаных ваганняў.
Сістэма, дзе адбываюцца аўтаваганні, наз. аўтавагальнай (або аўтагенератарам) і ў найб. простых выпадках мае вагальную сістэму, крыніцу сілкавання і прыстасаванне, якое рэгулюе паступленне энергіі ад крыніцы сілкавання, напрыклад анкер у мех. гадзінніку. У аўтавагальных сістэмах з 1 ступенню свабоды магчымы толькі простыя перыядычныя аўтаваганні, у больш складаных — складаныя перыядычныя, выпадковыя, імавернасныя (стахастычныя). Пры малых стратах энергіі форма і перыяд аўтаваганняў блізкія да формы і перыяду свабодных ваганняў. Аўтаваганні пераўтвараюцца ў рэлаксацыйныя ваганні, калі за перыяд страчваецца ўся назапашаная энергія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАКАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ, дыстанцыйныя метады,
метады вывучэння наземных аб’ектаў і касм. целаў на значнай адлегласці (з ніжняй атмасферы ці космасу). Уключаюць здымку зямной паверхні і касм. аб’ектаў, фотаграмметрычную (гл.Фотаграмметрыя) апрацоўку здымкаў, агульнае і спец.дэшыфраванне аэрафотаздымкаў. Залежна ад тыпу носьбіта апаратуры адрозніваюць аэракасмічныя метады самалётныя, верталётныя, аэрастатныя, ракетныя, спадарожнікавыя, паводле тыпу прыёмніка выпрамянення — візуальныя, фатаграфічныя, радыеметрычныя і радыёлакацыйныя. У геолага-геафіз. даследаваннях выкарыстоўваюцца аэрафотаздымка, аэрафізічная разведка (здымка), касмічная здымка. Аэракасмічныя метады бываюць актыўныя (вывучаецца адбітае аб’ектамі выпрамяненне пасля іх штучнага апрамянення) і пасіўныя (выкарыстоўваецца ўласнае выпрамяненне целаў або адбітае сонечнае). Па спектральных характарыстыках розных дыяпазонаў эл.-магн. спектра распазнаюцца аб’екты, вызначаецца іх памер, шчыльнасць, хім. састаў, фіз. ўласцівасці і стан. Найб. поўныя і дакладныя звесткі дае адначасовае выкарыстанне некалькіх дыяпазонаў спектра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БААЛЬБЕ́К (стараж.Геліопаль),
горад у Ліване, у даліне Бекаа. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. да нашай эры
Захаваліся руіны грандыёзнага храмавага ансамбля рым. часу (1—3 ст.). Велічныя прапілеі з 12-калонным порцікам і 2-павярховымі квадратнымі вежамі па баках вялі ў шасцівугольны двор, за якім размяшчаўся вял. прамавугольны двор (раскопкамі адкрыты рэшткі вял. будынка алтара). Манументальныя ўсходы вялі ў Вял. храм, ці т.зв. храм Юпітэра, каля яго добра захаваны Малы храм, ці т.зв. храм Вакха або Меркурыя; каля прапілеяў стаяў т.зв. храм Венеры. У 13 ст.тэр. ансамбля была ператворана ў крэпасць (рэшткі сцен, вежаў). На У ад прапілеяў — руіны Вял. мячэці і мінарэта.
Літ.:
Jidejian N. Baalbek: Heliopolis, city of the sun. Beirut, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ФІЛАСО́ФСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
добраахвотная навук.-грамадская арг-цыя. Аб’ядноўвае навукоўцаў і інш. грамадзян, якія распрацоўваюць фундаментальныя філас. праблемы, умацоўваюць сувязі філас. навукі з грамадскай практыкай або актыўна садзейнічаюць гэтаму. Створана ў 1992 (з 1973 існавала як Бел. аддзяленне філас.т-ваСССР). Асн. задачы: дапамога членам т-ва ў пашырэнні і паглыбленні спец. ведаў, павышэнні іх ідэйна-тэарэт. і метадалагіч. ўзроўню, удзел у рабоце навук. форумаў, укараненне ў практыку вынікаў навук. распрацоўкі праблем філасофіі, актыўных метадаў яе выкладання і прапаганды дасягненняў бел. філосафаў; ажыццяўленне навук. сувязяў з філас. т-вамі інш. краін і міжнар.навук. арг-цыямі ў галіне філасофіі; ажыццяўленне выдавецкай і рэкламнай дзейнасці. Т-вам выдадзены зб. «Праблемы развіцця сучаснай філасофіі» (1994), «Праблемы грамадскай свядомасці» (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́Л (грэч. bēryllos),
мінерал падкласа кальцавых сілікатаў, алюмасілікат берылію Be3Al2[Si6O18]. Мае ў сабе 14,1% аксіду берылію BeO, прымесі шчолачаў 7%, часам вокіслу рубідыю Rb2O, цэзію Cs2O (да 3% у вараб’явіце). Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчастыя, нярэдка значных памераў. Самы вял. з вядомых у свеце крышталь берылу з в-ва Мадагаскар (даўж. 18 м, дыям. 3,5 м, маса 380 т). Колер блакітнавата-зялёны або светлажоўты; разнавіднасці: блакітны (аквамарын), густа-зялёны (ізумруд), залаціста-жоўты (геліядор), ружовы (вараб’явіт) і інш. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 7,5—8. Шчыльн. 2,75—2,8 г/см³. Трапляецца ў гранітных пегматытах, крышт. сланцах, цёмных вапняках. Руда для вытв-сці берылію. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні. Радовішчы берылу ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́ЧНЫ КАЛЕ́КТАР,
спецыялізаванае кнігагандлёвае прадпрыемства для забеспячэння бібліятэк новымі выданнямі. Створаны ў 1920 у Расійскай Федэрацыі, потым на ўсёй тэр.СССР для бясплатнага размеркавання кніг сярод б-к. З 1931 камплектаванне б-к стала платнае, вялося на аснове дагавораў з б-камі з улікам іх тыпу, профілю, складу абслугоўваемага насельніцтва. Асн. задача: дапамога ў камплектаванні фондаў б-к шляхам збору заказаў на л-ру па тэматычных планах выд-ваў. Бібліятэчныя калектары вывучаюць попыт б-к, праводзяць бібліягр. агляды кніг, сустрэчы з аўтарамі і выдаўцамі.
На Беларусі бібліятэчныя існавалі ва ўсіх абл. цэнтрах у структуры абл. кнігагандлю. З 1991 у сувязі са скарачэннем у некаторых гарадах кнігагандлю бібліятэчныя калектары становяцца самаст. ўстановамі або ліквідуюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНА́РНАЯ НАМЕНКЛАТУ́РА (ад лац. binarius двайны),
бінамінальная наменклатура, у сістэматыцы жывых арганізмаў назва відаў двайным імем паводле роду і віду. Упершыню ўведзена К.Лінеем (1758). Садзейнічала уніфікацыі назваў жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Ліней прапанаваў абазначаць віды лац. назвамі: 1-е слова (назва роду — назоўнік) пішацца з вял. літары, 2-е, што абазначае сам від, — з малой. Да двайной назвы віду дадаецца поўнае або скарочанае імя вучонага, які ўпершыню апісаў дадзены від. Напр., вінаград скальны — Vitis rupestris Scheele, пчала меданосная — Apis mellifera L., воўк — Canis lupus L., дзе L. — імя Лінея. Бінарная наменклатура замацавана міжнар. кодэксамі наменклатуры і прынята Міжнар. саюзам біял.навук.
Літ.:
Международный кодекс зоологической номенклатуры: Пер. с англ. и фр. 3 изд. Л., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКАМУНІКА́ЦЫЯ (ад бія... + камунікацыя),
сувязі паміж асобінамі аднаго або розных відаў жывёл, якія складаюцца праз перадачу і прыём сігналаў, што ўтвараюцца імі. Адрозніваюць сігналы спецыфічныя — хім., мех., аптычныя, акустычныя, эл. і інш. і неспецыфічныя, якія спадарожнічаюць жыццядзейнасці жывёл, успрымаюцца органамі зроку, слыху, нюху, смаку, дотыку, бакавой лініі, тэрма- і электрарэцэптарамі. Інфармацыя, якая паступае па розных каналах сувязі, перапрацоўваецца нерв. сістэмай, дзе фарміруецца рэакцыя арганізма ў адказ. Біякамунікацыя аблягчае пошукі ежы і спрыяльных умоў жыцця, ахову ад ворагаў і шкодных уздзеянняў, сустрэчу асобін рознага полу (асабліва ў перыяд размнажэння), узаемадзеянне дарослых і моладзі, фарміраванне груп (чарод, зграй, статкаў, калоній і інш.) і рэгуляцыю адносін паміж асобінамі ўнутры іх (тэр. паводзіны, іерархія і інш.). Кожны від жывёл мае свой арсенал біякамунікацыі, які перадаецца ў спадчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,
умоўны тэрмін, які абазначае здольнасць жывых арганізмаў арыентавацца ў часе. У аснове такой арыентацыі ляжыць перыядычнасць фіз.-хім. і фізіял. працэсаў у клетках (гл.Біялагічныя рытмы). Склаўся ў выніку эвалюц. адаптацыі да цыклічнасці працэсаў, што адбываюцца ў навакольным асяроддзі (змена дня і ночы, пораў года) і абумоўлены таксама цыклічнымі ваганнямі геафіз. фактараў (сутачная і сезонная перыядычнасць эл.-магн. поля Зямлі, сонечнай і касм. радыяцыі і інш.). Біялагічны гадзіннік дазваляе прыводзіць фізіялагічныя рытмы ў адпаведнасць з рытмам навакольнага асяроддзя і дае арганізмам і ўнутрыклетачным працэсам магчымасць «прадбачыць» сутачныя, сезонныя, гадавыя або шматгадовыя ваганні асветленасці, т-ры, прыліваў і інш. змен. Найб. яскрава гэта выяўляецца ў сутачных рытмах. У жывёл вымярэнне часу звязана з выпрацоўкай умоўных рэфлексаў на змену ўмоў навакольнага асяроддзя.