першая сістэма кайназойскай эратэмы (групы) агульнай стратыграфічнай шкалы, адпавядае першаму перыяду кайназойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі мелавой сістэмы (перыяду), папярэднічае неагенавай сістэме (перыяду). Пачалася каля 65 млн.г. назад, доўжылася больш за 40 млн. гадоў. Назву ўвёў ням. геолаг К.Наўман (1866). У самастойную сістэму вылучана ў 1960, да таго лічылася падсістэмай (аддзелам) трацічнай сістэмы. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): палеацэн (ранняя), эацэн (сярэдняя) і алігацэн (позняя). На Беларусі палеаген, паводле прынятай схемы ў Зах. Еўропе, падзяляецца на ярусы (вякі): дацкі і танецкі (ніжні аддзел), лютэцкі, бартонскі і прыабонскі (сярэдні), рупельскі і хацкі (верхні). Паводле характэрных комплексаў выкапнёвых фарамініфераў, нанапланктону і рэшткаў раслін вылучана 7 світ: сумская, канеўская, бучацкая, кіеўская, харкаўская, страдубская, крупейская.
У палеагене сфарміраваліся складкавыя структуры альпід і ўзніклі восевыя часткі сучасных Пірэнеяў, Альпаў, Карпат, Крыма, Каўказа, Паміра, Гімалаяў і інш. Платформы неаднойчы зведалі марскія трансгрэсіі і рэгрэсіі. Адклады палеагену пашыраны на ўсіх кантынентах і прадстаўлены пераважна марскімі, радзей кантынентальнымі ўтварэннямі. З імі звязаны радовішчы нафты, газу, бурых вуглёў, жал. і марганцавых руд і інш.У флоры панавалі пакрытанасенныя, паступова з’яўляліся віды, больш падобныя на сучасныя. У жывёльным свеце для марской фауны характэрны нумуліты, сярод наземных жывёл — млекакормячыя. У эацэне з’явіліся драпежнікі, капытныя, грызуны, рукакрылыя, у алігацэне — першыя хобатныя, чалавекападобныя малпы. У канцы эацэну адбылося глабальнае пахаладанне клімату, пачалося фарміраванне ледавіковага шчыта Антарктыды.
На Беларусі адклады П.с.(п.) пашыраны на Пд і ў цэнтр. частцы. Палеацэн — раннеалігацэнавы час прадстаўлены марскімі адкладамі (пяскі кварцавыя, глаўканіт-кварцавыя, алеўрыты, пясчанікі, гліны, мергелі, апокі і інш.); позні алігацэн — кантынентальнымі адкладамі (пяскі, гліны, месцамі вуглістыя). Агульная магутнасць да 80 м. Залягаюць на глыб. 30—220 м, па далінах р. Дняпро і яе прытокаў месцамі выходзяць на паверхню. З адкладамі П.с. (п.) звязаны радовішчы фасфарытаў, глаўканіту, тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, бурых вуглёў, праяўленні бурштыну і тытан-цырконіевых россыпаў. Макс. трансгрэсія (харкаўскае мора — апошняе на Беларусі) ахапіла да 60% тэрыторыі. 3 сярэдзіны алігацэну (каля 30 млн.г. назад) асадканамнажэнне праходзіла ў далінах палеарэк, азёрах і забалочаных нізінах. Інтэнсіўна развіваўся карст. Флора была субтрапічная: вечназялёныя і цвердалістыя пароды з дамешкамі шыракалістых лістападных форм і голанасенных раслін. На працягу палеагену клімат змяніўся ад трапічнага да субтрапічнага, блізкага да цеплаўмеранага.
грамадска-палітычная арг-цыя ў жніўні—верасні 1917, створаная для аховы парадку і прадухілення магчымых выступленняў у падтрымку Карнілава мяцяжу 1917. Створаны з членаў Выканаўчага к-таЗах. фронту (Выкамзаха), прадстаўнікоў Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., Мінскай гар. думы. Пачаў фарміравацца ў ноч на 10.9.1917 на пасяджэнні членаў Выкамзаха (33 чал.) пры ўдзеле франтавога камісара У.В.Жданава пасля абмеркавання атрыманай ад міністра-старшыні Часовага ўрада А.Ф.Керанскага тэлеграмы пра яго канфлікт з «былым вярхоўным галоўнакамандуючым Карнілавым» і просьбай аб падтрымцы законнай улады. У выніку на пасяджэнні прынята каля 15 пастаноў, скіраваных на мабілізацыю сіл і сродкаў для барацьбы з мяцежнікамі на фронце і ў тыле, найперш у Мінску. На 2-м пасяджэнні Выкамзаха створаны агульны рабочы орган — ЧРК ЗФ, які сканцэнтраваў у сваіх руках дзейнасць асн. грамадска-паліт. арг-цый фронту. Агульнае кіраўніцтва к-там ажыццяўляў Жданаў. Адначасова к-т папоўніўся прадстаўнікамі Савета рабочых і салдацкіх (Н.Д.Зальманаў, К.І.Ландар, Р.Л.Хасін) і Савета сял. дэпутатаў (І.П.Несцераў і А.І.Главінскі). Кіраўніком к-та выбраны старшыня Выкамзаха Кажэўнікаў, яго нам. — Ландар. З 10 членаў ЧРК ЗФ 7 былі эсэры, 1 бальшавік, 1 бундавец. З мэтай прадухіліць выкарыстанне Л.Г.Карнілавым салдат Зах. фронту для барацьбы супраць Часовага ўрада к-т перапыніў сувязь карнілаўскіх войск са Стаўкай у Магілёве; на ўсе вузлавыя чыг. станцыі Мінскай ваен. акругі накіраваны ўпаўнаважаныя камісара фронту з правамі кантролю за перасоўваннем войск. К-т выдаў распараджэнне аб арышце асоб, якія вялі пагромную ці контррэв. агітацыю. За час дзейнасці к-та ў Мінску і яго ваколіцах не адбылося ні аднаго выпадку контррэв. ці паліт. акцыі, скіраваных на дэстабілізацыю становішча. Апошняй акцыяй ЧРК ЗФ стала паездка яго прадстаўнікоў разам з ваен. камісарам фронту, ваен. пракурорам і следчай камісіяй у Магілёў 14.9.1917 пасля арышту Карнілава. 14 вер. новы вярх. галоўнакамандуючы Керанскі загадам прадпісаў Жданаву спыніць дзейнасць ЧРК ЗФ. 15 вер. нарада ўсіх прадстаўнікоў ЧРК ЗФ, напэўна, выказалася за спыненне дзейнасці к-та, бо 22 вер. на пасяджэнні Мінскай гар. думы яе старшыня Вайнштэйн абвясціў пра скасаванне ЧРК ЗФ.
Літ.:
Сяменчык М.Я. Грамадска-палітычнае жыццё ў Мінску (сакавік—красавік 1917 г.). Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛА́Д,
1) па магчымасці поўнае і дакладнае ўзнаўленне інфармацыі, увасобленай у тэксце на адной мове, тымі самымі ці функцыянальна аналагічнымі сродкамі другой мовы.
2) Тэкст, што ўзнікае ў выніку працэсу перакладу. У адпаведнасці з тым, у якой форме ажыццяўляецца П., ён падзяляецца на 2 тыпы: пісьмовы і вусны, у т. л. паслядоўны і сінхронны. Вылучаюць наступныя віды пісьмовага П.: маст., грамадска-паліт., навук.-тэхнічны. Кожны з гэтых відаў мае свае жанравыя разнавіднасці. Напр., умаст. адрозніваюць П. паэзіі, прозы, драматургіі і дзіцячай л-ры, у грамадска-паліт. — П. газетна-інфарм. паведамленняў, публіцыстыкі і аратарскіх прамоў, унавук.-тэхн. — П. навук. твораў, афіц.-дзелавых дакументаў і тэхн. тэкстаў. У сярэдзіне 20 ст. ўзнік машынны пераклад, які выконваецца з дапамогай электронна-выліч. тэхнікі. Паводле паўнаты ўзнаўлення арыгінала П. бывае поўным, скарочаным і адаптаваным (у ім дапускаюцца ці пераказваюцца неістотныя, з пункту гледжання пэўнага чытача, моманты арыгінала). Інфармацыя пра іншамоўны тэкст можа быць атрымана перакладчыкам у выніку непасрэднага (у арыгінале) успрымання або апасродкаванага — праз іншы П. ці падрадкоўнік (паслоўная — радок у радок — перадача сэнсу вершаванага твора без захавання яго фармальных адзнак: рытму, рыфмы, гукапісу). У апошніх выпадках інфармацыя пра першакрыніцу значна абмежаваная. Найб. пашыраны і складаны — пераклад мастацкі. Найб. раннія ўзоры пісьмовага П. — вавілонскі П. шумерскага эпасу пра Гільгамеша і перакладныя тэксты дакументаў з б-кі асірыйскіх цароў у Ніневіі (2-е тыс. да н.э.). Асаблівае пашырэнне П. набыў у перыяд бурнага развіцця чалавечай цывілізацыі, у век навук.-тэхн. рэвалюцыі. Калі ў 19 ст. перакладалі з некалькіх дзесяткаў моў, то ў наш час — прыкладна з 1500 моў свету. На Беларусі, як і ў большасці краін Еўропы, развіццё ўласнага пісьменства пачалося з П. У сярэднія вякі перакладалі рэліг. кнігі (Біблія, Евангелле), свецкія і рэліг. аповесці (гл.Перакладная аповесць), творы вучэбныя і навуковыя. Найвыдатнейшы тагачасны бел. перакладчык Ф.Скарына. Вял. ўклад у развіццё П. зрабілі таксама С.Будны, В.Цяпінскі і інш.У 19 ст. разам са станаўленнем новай бел. л-ры адраджаецца маст. пераклад (В.Дунін-Марцінкевіч, А.Абуховіч, Я.Лучына і інш.), які ў 20 ст. займае пануючае становішча сярод інш. відаў бел. П. Тэорыю і практыку П. вывучае перакладазнаўства.
Літ.:
Комиссаров В.Н. Слово о переводе. М., 1973;
Бархударов Л.С. Язык и перевод. М., 1975;
Теорія і практика перекладу. Вип. 1—11. Київ, 1979—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАДКЕ́ВІЧЫ,
магнацкі род герба «Касцеша» ў ВКЛ. Асобныя прадстаўнікі роду карысталіся гербам «Грыф з мячом». Вялі радавод ад кіеўскага баярына Ходара (Фёдара) Юр’евіча, празванага Ходкам (Ходзькам), які ў 1434 разам з інш. падпісаў акт уніі ВКЛ з Польшчай. У 2-й пал. 16 ст. Х. перайшлі з праваслаўя ў кальвінізм, потым у каталіцтва. У 1568 сярэдняя галіна роду атрымала графскі тытул «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Тытул быў прызнаны ў ВКЛ, Х. тытулаваліся графамі «на Шклове і Мышы». Сярэдняя галіна роду згасла ў 1626, і графскі тытул перайшоў да малодшай галіны. Маёнткі Х. знаходзіліся на Падляшшы (Заблудаў, Супрасль, Дайліды), у паветах Гарадзенскім (Бераставіца, Рось), Новагародскім (Мыш), Аршанскім (Шклоў, Быхаў); валодалі часткай Глускага маёнтка, Чарнобылем і інш. Збіралі б-кі, архівы. Найб. вядомыя: Іван (Івашка; каля 1430—84), сын Ходкі, намеснік лідскі, маршалак гаспадарскі ў 1470—79, намеснік віцебскі з 1476, староста луцкі з 1478, ваявода кіеўскі з 1481. У 1482 пры захопе Кіева крымскімі татарамі ўзяты ў палон, памёр у Крыме. Аляксандр Іванавіч (каля 1457—28.5.1549), сын Івана, маршалак гаспадарскі ў 1506—09 і 1511—47, ваявода новагародскі з 1544; намеснік пунскі, староста берасцейскі, кнышынскі, дзяржаўца астрынскі. Рыгор Аляксандравіч (?—12.11.1572 або 19.11.1573), сын Аляксандра Іванавіча, заснавальнік старэйшай галіны роду. Падкаморы ВКЛу 1544—59, ваявода віцебскі ў 1554—55 і кіеўскі ў 1555—59, кашталян трокскі ў 1559—64 і віленскі з 1564, адначасова гетман польны ў 1561—66 і гетман вялікі з 1566; староста ковенскі, магілёўскі, гарадзенскі, тыкоцінскі. Як палкаводзец вызначыўся ў Інфлянцкай вайне 1558—82 і Ульскай бітве 1564, дзе камандаваў конніцай. Праціўнік Люблінскай уніі 1569, у знак пратэсту супраць яе заключэння адмовіўся ад дзярж. дзейнасці. Прыхільнік праваслаўя. Прыняў у Заблудаве друкароў І.Фёдарава і П.Мсціслаўца, якія там выдалі «Евангелле вучыцельнае» і «Псалтыр з Часаслоўцам» (гл.Заблудаўская друкарня). Геранім Аляксандравіч (?—1561), сын Аляксандра Іванавіча, заснавальнік сярэдняй галіны роду. Падчашы ВКЛу 1542—44, кашталян трокскі ў 1544—59, адначасова генеральны староста жамойцкі з 1545 і кашталян віленскі з 1559; староста ашмянскі, цяльшэўскі, платэльскі. Умацаваў становішча Х. у вышэйшых дзярж. колах ВКЛ. Юрый Аляксандравіч (?—6.6.1569), сын Аляксандра Іванавіча, заснавальнік малодшай галіны роду. Дзяржаўца ашмянскі з 1554, стольнік ВКЛу 1554—55, крайчы ВКЛу 1555—66, кашталян трокскі з 1566. Ян Геранімавіч (каля 1537—4.8.1579), сын Гераніма Аляксандравіча. Стольнік ВКЛу 1559—64, генеральны староста жамойцкі з 1564, адначасова маршалак вялікі ВКЛ з 1566 і кашталян віленскі з 1574; адміністратар Інфлянтаў у 1566—78, староста ковенскі, цяльшэўскі, платэльскі. Удзельнік Інфлянцкай вайны 1558—82, Ульскай бітвы 1564 і інш. баёў. Праціўнік Люблінскай уніі 1569, выступаў супраць кандыдатуры Івана Грознага на польскі і літ. трон, прыхільнік Генрыка Валезы і Габсбургаў (ад імператара Фердынанда I у 1568 атрымаў графскі тытул). Геранім Юр’евіч (каля 1560—1617), сын Юрыя Аляксандравіча. Канюшы ВКЛу 1588—93, ваявода мсціслаўскі ў 1593—95, кашталян віленскі і староста берасцейскі з 1595. Удзельнічаў у войнах з Расіяй і Швецыяй. Учас рокашу М.Забжыдоўскага 1606—09 забяспечыў каралю Жыгімонту III падтрымку ў ВКЛ. Ян Кароль (1560—24.9.1621), сын Яна Геранімавіча. Вучыўся ў Віленскай і Інгальштацкай (Германія) акадэміях. Падчашы ВКЛу 1596—99, генеральны староста жамойцкі ў 1599—1616, адначасова гетман польны ў 1601—05, адміністратар Інфлянтаў з 1603, гетман вялікі з 1605, ваявода віленскі, любашанскі. У 1569 удзельнічаў у барацьбе супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 вызначыўся ў бітвах пад Кокенгаўзенам (1601), Дорпатам (1603), Белым Каменем (1604) і асабліва ў Кірхгольмскай бітве 1605, дзе перамагаў з меншымі сіламі. Напачатку быў праціўнікам вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, пасля камандаваў войскам у паходах 1611 на Маскву, прывозіў у 1611—12 харчаванне і боепрыпасы для польска-бел. гарнізона ў Крамлі. Ужн.—вер. 1612 штурмаваў Маскву, але прабіцца ў Крэмль на дапамогу гарнізону не здолеў. У 1613—15 абараняў Смаленскае ваяв. ад рас. ваявод. У 1617—18 узначаліў войска, якое пайшло з каралевічам Уладзіславам здабываць маскоўскі трон. Разам з укр. казацкім войскам гетмана П.Канашэвіча-Сагайдачнага заняў с. Тушына, аднак агульны штурм Масквы не ўдаўся, пасля чаго было падпісана Дэулінскае перамір’е 1618. У 1621 узначаліў польскае, бел.-літ. і ўкр. казацкае войска, сабранае супраць туркаў і крымскіх татар. Памёр учас пераможнай Хацінскай бітвы 1621. Аляксандр (?—1626), сын Яна Геранімавіча. Ваявода трокскі з 1605. Удзельнічаў у вайне са Швецыяй 1600—29. Валодаў Мышшу і Шкловам, якія пасля яго смерці перайшлі ў род Сяняўскіх. Крыштоф (?—3.10.1652), сын Гераніма. Харунжы вялікі ВКЛу 1611—23, канюшы ВКЛу 1623—33, кашталян трокскі ў 1633—42, ваявода віленскі з 1642; староста гарадзенскі, бабруйскі, крэўскі, дзяржаўца беліцкі, вішнеўскі. Ян Казімір (1616—13.3.1660), сын Крыштофа, канюшы ВКЛу 1633—46, кашталян віленскі з 1946. Аляксандр (4.6.1776—24.1.1838), сын Яна Мікалая, гл.Хадкевіч А.
Літ.:
Чарняўскі М. Правадыр крылатых вершнікаў: Ян Караль Хадкевіч. Мн., 1998;
Грыцкевіч А. Ян Караль Хадкевіч // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2000. Вып. 1;
Podhorodecki L. Dzieje rodu Chodkiewiczów. Warszawa, 1997.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Хадкевічы. Р.А.Хадкевіч.Да арт.Хадкевічы. Я.К.Хадкевіч.
Дагавор Хея — Бюно-Варыльі 1903 (падпісаны 18 ліст. ў Вашынгтоне) гарантаваў незалежнасць Панамскай Рэспублікі (абвешчана 3.11.1903), а Панама здавала ў арэнду ЗША «на неабмежаваны час» частку сваёй тэр. шырынёй 16,1 км для будаўніцтва і эксплуатацыі міжакіянскага канала і саступала ім усе суверэнныя правы над зонай Панамскага канала. ЗША атрымала таксама права манапольна эксплуатаваць усе шляхі зносін праз тэр. Панамы паміж Ціхім ак. і Карыбскім м., выкарыстоўваць свае ваен. і паліцэйскія сілы для падтрымання парадку і абароны канала. За гэта ЗША павінны былі выплаціць Панаме 10 млн.дол. адначасова і выплачваць па 250 тыс.дол. штогод праз 9 гадоў пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.
Дагавор 1936 (падпісаны 2 сак. ў Вашынгтоне) адмяняў артыкулы дагавора 1903 пра гарантыі ЗША падтрымліваць незалежнасць Панамы і парадак у яе гарадах Панама і Калон. ЗША адмовіліся (фармальна) ад права карыстацца тэр. за межамі канала. Штогадовыя выплаты Панаме павялічваліся да 430 тыс.дол.
Дагавор Рэмона—Эйзенхаўэра 1955 (падпісаны 25 студз. разам з «Мемарандумам аб узгодненых рашэннях», які рэгуляваў заробак мясц. служачых кампаніі Панамскага канала), адмяняў манапольнае права ЗША будаваць чыгункі і шашэйныя дарогі на Панамскім перашыйку, ураўнаваў у зарплаце панамцаў з амерыканцамі, павялічваў штогадовыя выплаты да 1930 тыс.дол. Панаме вярталася частка зямлі, раней набытая ў яе кампаніяй канала.
Дагавор аб Панамскім канале і Дагавор аб пастаянным нейтралітэце і функцыянаванні Панамскага канала 1977 (падпісаны 7 вер. ў Вашынгтоне прэзідэнтам ЗША Дж.Картэрам і кіраўніком урада Панамы А.Тарыхасам) прадугледжвалі канчатковую перадачу канала пад кантроль Панамы 1.1.2000, ліквідацыю зоны канала і вывад амер. войскаў з размешчаных у ёй ваен. базаў, павелічэнне штогадовых выплат да 10 млн.дол. і інш. Панама абвяшчае канал пастаянна нейтральным і разам з ЗША адказвае за «захаванне рэжыму нейтралітэту». Ваен. і дапаможныя судны абедзвюх дзяржаў маюць права на «хуткі транзіт праз канал». Абодва дагаворы ўхвалены на плебісцыце ў Панаме, які адбыўся 23.10.1977. З 1982 Панама пачала ажыццяўляць цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу ў зоне канала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,
часова прыцягнутыя грашовыя сродкі пэўнага прадпрыемства (фірмы, арг-цыі, установы), якія неабходна вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны; сума запазычанасці крэдыторам. Вылучаюць нармальную запазычанасць, якая вынікае з правіл разлікаў паміж пакупнікамі і пастаўшчыкамі (прадаўцамі), крэдыторамі і пазычальнікамі, рэгламентавана па тэрмінах адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі (дагаворамі, кантрактамі і інш.), але час выплаты якой яшчэ не настаў, і пратэрмінаваную. К.з. з’яўляецца адной з крыніц часова прыцягнутых (пазычаных) сродкаў прадпрыемства, якія адлюстроўваюцца ў яго балансе як запазычанасць па каротка- ці доўгатэрміновых абавязацельствах. Да кароткатэрміновых абавязацельстваў (менш за 12 месяцаў) адносяцца: банкаўскія пазыкі і банкаўскія овердрафты (крэдыты, прадастаўленыя кліенту звыш астаткаў на бягучым рахунку ў межах папярэдне абумоўленай сумы); вэксалі да аплаты (запазычанасць па вэксалях, якія належыць аплаціць да даты складання балансу); рахункі да аплаты (запазычанасць пастаўшчыкам ці разлікаў з імі); авансы ад пакупнікоў (арэндная плата і інш.); запазычанасць па выплаце падаткаў, зарплаты, прэмій, акцыянерам па дывідэндах, узносаў у сацыяльныя фонды, а таксама рэзервы на будучыя расходы і запазычанасць па выплаце працэнтаў па доўгатэрміновых абавязацельствах (больш за адзін год). Большасць кароткатэрміновых абавязацельстваў (за выключэннем банкаўскіх крэдытаў) не патрабуюць выплаты працэнтаў і таму лічацца таннымі крыніцамі фінансавання прадпрыемства. Да доўгатэрміновых абавязацельстваў адносяць: адтэрмінаваныя падатковыя плацяжы (калі падаткі выплачваюцца не рэгулярна, такія плацяжы з’яўляюцца формай крэдыту, таму іх часам называюць інвестыцыйным падатковым крэдытам); доўгатэрміновыя банкаўскія пазыкі і крэдыты (пазыковы капітал, які атрыманы ў банках, шляхам эмісіі аблігацыйных пазык і выплаты па іх працэнтаў); запазычанасць па аблігацыях (уключае выпушчаныя фірмай аблігацыі з пагашэннем у вызначаным годзе); пазыкі пад нерухомасць; абавязацельствы па пенсіённых выплатах (узнікаюць, калі фірма мае свой пенсіённы фонд, які фарміруецца за кошт узносаў работнікаў і работадаўцаў); падаходны падатак наступных перыядаў; датэрміновыя вэксалі да аплаты; іншая доўгатэрміновая запазычанасць (напр., па пазыках і авансах на тэрмін больш за адзін год). Доўгатэрміновыя абавязацельствы прадугледжваюць выплату працэнтаў або інш. плацяжоў. Яны, як правіла, забяспечваюцца нерухомай маёмасцю ці наяўнымі актывамі прадпрыемства. К.з. — гэта страты ў будучым, паколькі абавязацельствы прадпрыемства прадугледжваюць вяртанне сродкаў (аказанне паслуг) контрагентам па заключаных раней здзелках, а таму іх неабходна пагашаць своечасова. Па сканчэнні тэрміну іскавай даўнасці яна падлягае пералічэнню ў бюджэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РА МО́ВЫ,
1) культура нацыянальнай мовы; стан, дасягнуты мовай народа ў яе гіст. развіцці; наяўнасць, акрамя нар.гаворак, літаратурнай мовы ў яе функцыянальна-стылістычнай разгалінаванасці, старажытнасць пісьмовых традыцый і кнігадрукавання, багацце маст. л-ры і перакладных твораў, развітая навук. тэрміналогія, адукацыя на нац. мове, лексікаграфічная фіксацыя мовы, яе навук. распрацаванасць і г.д. 2) Валоданне нормамі вуснай і пісьмовай літ. мовы. Мае 2 ступені асваення: правільнасць маўлення (выкананне норм моўных) і моўнае майстэрства (уменне выбіраць з наяўных варыянтаў найб. дакладны ў сэнсавых адносінах, стылістычна дарэчны, выразны, зразумелы). Адступленні ад патрабаванняў К.м. вядуць да парушэння моўных норм і ўзнікнення маўленчых памылак. К.м. асобы — паказчык узроўню яе інтэлектуальнай і духоўнай развітасці і адукаванасці, ступені сацыялізацыі і сфарміраванасці «моўнай асобы».
3) Раздзел мовазнаўства, які займаецца пытаннямі ўнармавання вуснага і пісьмовага маўлення.
Інтэнсіўная нармалізацыя сучаснай бел.літ. мовы пачалася са з’яўленнем газ. «Наша ніва» (1906—15), вакол якой групаваліся Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, М.Гарэцкі і інш. Важнай вяхой стабілізацыі бел. марфалогіі было выданне першай «Беларускай граматыкі для школ» Б.Тарашкевіча (1918). Значная уніфікацыя норм бел. мовы адбылася ў 1930—50-я г.У рабоце па павышэнні К.м. актыўна ўдзельнічаюць пісьменнікі.
У наш час пад уплывам паглыбленага засваення культ.-моўнай спадчыны (публікацыя эпісталярных твораў, грамадскае ўшанаванне дзеячаў культуры мінулага і інш.) у мове маст. л-ры і публіцыстыкі назіраецца значнае ажыўленне старабел. лексікі, нар.-дыялектных моўных элементаў і інш. Бліжэйшай задачай К.м. як галіны мовазнаўства з’яўляецца асэнсаванне гэтай з’явы з пункту погляду моўнай стылістыкі. На Беларусі пытаннямі К.м. займаецца сектар сучаснай бел. мовы і культуры мовы Ін-та мовазнаўства Нац.АН Беларусі, кафедры бел. мовы ун-таў. Яны разглядаюцца таксама ў радыёперадачы «Жывое слова», тэлеперадачы «Роднае слова», часопісах і газетах.
Літ.:
Сучасная беларуская мова: (Пытанні культуры мовы). Мн., 1973;
Скворцов Л.И. Теоретические основы культуры речи. М., 1980;
Янкоўскі Ф.М. Само слова гаворыць. Мн., 1986;
Головин Б.Н. Основы культуры речи. 2 изд. М., 1988;
Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЖАНІ́ЦЫН Аляксандр Ісаевіч (н. 11.12.1918, г. Кіславодск, Расія),
рускі пісьменнік. Акад.Рас.АН (1997). Скончыў Растоўскі ун-т, Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры і гісторыі (абодва 1941). У 1945 арыштаваны, да 1953 у лагерах, да 1956 у ссылцы. У 1956 рэабілітаваны. У 1974 пазбаўлены сав. грамадзянства, жыў у Швейцарыі, з 1976 у ЗША. У 1994 вярнуўся ў Маскву. Друкуецца з 1962. У аповесці «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» (1962), апавяданні «Матронін двор» (1963, абодва апубл. А.Твардоўскім учас. «Новый мир»), аповесці «У крузе першым» (1968) захаванне чалавечай душы ва ўмовах жорсткай рэчаіснасці. Гал. тэма аповесці «Ракавы корпус» (1968, апубл. за мяжой) — барацьба чалавека са смерцю. Аўтар рамана «Архіпелаг ГУЛАГ» (1973, апубл. за мяжой; Дзярж. прэмія Расіі 1990). У цыкле гіст. раманаў «Чырвонае кола» (т. 1—10, 1971—91) на вял. фактычным матэрыяле разглядаюцца прычыны рэвалюцыі (слабасць улады, упадак рэлігіі, грамадскі радыкалізм) і яе ход, аналізуюцца паліт. і ідэалагічныя платформы розных партый і груп, абгрунтоўваецца магчымасць альтэрнатыўнага гіст. развіцця Расіі. Нарысы грамадскага і літ. жыцця 1960 — пач. 1970-х г.укн. «Бадалася цяля з дубам» (1975, дапоўненае выд. 1991). Важныя праблемы грамадскага жыцця ўзнімае ў публіцыстыцы («Ліст да правадыроў Савецкага Саюза», «Раскаянне і самаабмежаванне як катэгорыі нацыянальнага жыцця», абодва 1973; «Як нам уладкаваць Расію», 1990; «Рускае пытанне» к канцу XX ст.», 1994, і інш.). Аўтар кн. «Дзвесце гадоў разам (1795—1995)» (ч. 1, 2001), п’ес і інш.У творчасці С., які працягвае традыцыі рус. класікі 19 ст., трагічныя лёсы герояў асэнсоўваюцца ім у святле маральнага і хрысціянскага ідэалу. У страце духоўных жыццёвых арыенціраў, страце асн. маральных прынцыпаў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці, і найперш у палітыцы, С. бачыць вытокі крызісу сучаснага жыцця. Аснова гіст. працэсу — у маралі, прытрымліванні дабра. Нобелеўская прэмія 1970.
Тв.:
Избр. проза: Рассказы, повесть. М., 1990;
Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956: Опыт худож. исслед. Т. 1—3. М.; Мн., 1990—91;
Пьесы М., 1990;
«Русский вопрос» к концу XX в. М., 1995;
Публицистика. Т. 1—3. Ярославль, 1995—97;
Россия в обвале. М., 1998;
На изломах: Малая проза. Ярославль, 1998;
Протеревши глаза. М., 1999.
Літ.:
Нива Ж. Солженицын: Пер. с фр.М., 1992;
Мешков Ю.А. Александр Солженицын: Личность. Творчество. Время. Екатеринбург, 1993;
Слово пробивает себе дорогу: Сб. статей и док. об А.И.Солженицыне, 1962—1974. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНА́Т (лац. senatus ад senex стары),
1) у Старажытным Рыме адзін з вышэйшых дзярж. органаў улады. Узнік з савета старэйшых патрыцыянскіх родаў у канцы царскай эпохі (каля 6 ст. да н.э.), быў дзярж. саветам пры цару. Урэсп. перыяд (5—3 ст. да н.э.) улада С. была абмежавана на карысць каміцый. Учас імперыі фармальна лічыўся вышэйшай дзярж. установай, яго ўлада была абмежавана імператарам. Пры Дыяклетыяне (канец 3 ст.н.э.) ператвораны ў дзярж. савет г. Рым, пры Канстанціне (4 ст.) С. створаны ў Канстанцінопалі, ураўнаваны ў правах з С. Рыма.
2) У Рэчы Паспалітай дзярж. рада манарха і вышэйшая палата сойма. Узнік з С. Польскага каралеўства (склаўся да пач. 16 ст.) і Рады Вялікага княства Літоўскага. У 1569 у С. увайшлі ўсе ранейшыя польскія сенатары, прадстаўнікі Каралеўскай Прусіі і ўкр. зямель, далучаных да Польшчы; з ВКЛ — 2 біскупы (віленскі, жамойцкі), 9 ваяводаў (віленскі, трокскі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), староста жамойцкі, 10 кашталянаў (віленскі, трокскі, жамойцкі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), 5 вышэйшых ураднікаў дзяржавы, т.зв. міністраў — маршалак найвышэйшы (вялікі), канцлер, падканцлер, падскарбі земскі (вялікі) і маршалак надворны. У 1569 было 140 сенатарскіх пасад, пазней іх колькасць мянялася. С. разам з каралём (вял. князем) і Пасольскай Ізбой прымаў заканадаўчыя акты і інш. пастановы. Пазней былі ўведзены пасады сенатараў-рэзідэнтаў (з пач. 17 ст. выбіраліся 16 чал. на 2 гады, з 1641—28 чал.). У 1-й пал. 18 ст.вял. значэнне набылі рады С., склад якіх вызначаў кароль. Сенатары ўдзельнічалі таксама ў пасяджэннях соймавага суда.
3) У Расіі ў 1711—1917 правячы С. — вышэйшы дзярж. орган, падпарадкаваны імператару. Засн. Пятром I у 1711. Першапачаткова калегіяльны орган для кіравання дзяржавай у адсутнасць цара, замяніў Баярскую думу. З 2-й чвэрці 18 ст. правы С. абмяжоўвалі Вярхоўны тайны савет, потым Кабінет міністраў. У 1763 у выніку рэформы падзелены на дэпартаменты. З 1775 выконваў судовыя функцыі. Пасля заснавання міністэрстваў (1802) як вышэйшы судовы орган наглядаў за дзейнасцю дзярж. устаноў і чыноўнікаў. Паводле судовых статутаў 1864 С. — вышэйшая касацыйная інстанцыя.
4) Назва верхняй палаты парламента ў шэрагу сучасных дзяржаў (Бельгіі, Ірландыі, Італіі, Польшчы, Францыі, ЗША, Канады і інш.). У некат. краінах С. фарміруюцца шляхам прамых выбараў (Італія, Польшча), уінш. — прызначаюцца кіраўніком дзяржавы цалкам ці часткова. У шэрагу дзяржаў С. перавыбіраецца не поўнасцю, а часткова (напр., у ЗША кожныя 2 гады абнаўляецца 1/3 С.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫ́ЛІЯ (Sicilia),
аўтаномная вобласць Італіі. Займае в-аўСіцылія і суседнія астравы. Пл. 25,7 тыс.км². Нас. каля 5,5 млн.чал. (2001). Уключае правінцыі: Агрыджэнта, Кальтанісета, Катанія, Месіна, Палерма, Рагуза, Сіракуза, Трапаніі, Эна. Адм. ц. — г.Палерма. С. — эканамічна адна з менш развітых абласцей Італіі. Каля пал. плошчы вострава пад с.-г. ўгоддзямі, у т. л. пад ворывам каля 770 тыс.га, пад садамі, вінаграднікамі і аліўкавымі гаямі — 350 тыс.га, пад лугамі і пашамі — 130 тыс.га. Значныя плошчы арашаюцца. Больш за 50% таварнай прадукцыі дае садоўніцтва (апельсіны, лімоны, аліўкі, вінаград). Вырошчваюць пшаніцу (пераважна цвёрдых гатункаў), бабовыя, раннюю бульбу, артышокі, агароднінныя культуры, асабліва памідоры (уасн. на экспарт). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, коней, мулаў, аслоў. Рыбалоўства і промысел морапрадуктаў. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (сера, буд. матэрыялы, калійныя солі, нафта, прыродны газ), харч., дрэваапр., швейная, суднабудаўнічая. Новыя галіны: хім., цэм., эл.-тэхн., радыёэлектронная. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты Палерма, Аўгуста, Джэла. Праз Месінскі прал. С. злучана з Апенінскім п-вам паромам Месіна—Рэджа-ды-Калабрыя.
У старажытнасці в-аў Сіцылія насялялі плямёны сіканаў і сікулаў. У 8 ст. да н.э. С. — аб’ект фінікійскай і грэч. каланізацыі. Учас Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. С. беспаспяхова імкнуліся захапіць Афіны. З 5 ст. да н.э. авалодаць востравам імкнуўся Карфаген. Барацьба з карфагенскай экспансіяй асабліва абвастрылася пры сіракузскіх тыранах Дыянісію I і Агафокле. У 241 да н.э. С. стала першай рым. правінцыяй, жытніцай Рыма; тут адбыліся Сіцылійскія паўстанні рабоў. У 5 ст.н.э. яе захапілі вандалы, у 6 ст. — остготы. З 535 належала Візантыі. У 11 ст. заваявана нарманамі, у 12—13 ст. увайшла ў Сіцылійскае каралеўства, якое пасля паўстання «Сіцылійская вячэрня» ў 1282 распалася. У 1302 на востраве ўмацаваліся каралі Арагона. Паводле Утрэхцкага міру 1713 С. адышла да Савойскага герцагства, паводле Лонданскага дагавора 1720 замацавана за Аўстрыяй. У 1735—1860 тут правілі ісп. Бурбоны (гл. Сіцылій абедзвюх Каралеўства). У перыяд напалеонаўскага панавання ў Італіі на С. знаходзілася рэзідэнцыя неапалітанскага караля Фердынанда IV (у 1799—1802, 1806—1814). У 1861 С. ўвайшла ў Аб’яднанае Італьянскае каралеўства. У канцы 19 — пач. 20 ст. С. набыла вядомасць як радзіма мафіі. У 2-ю сусв. вайну ў чэрв. 1943 тут высадзіліся англа-амер. войскі (гл. Сіцылійская аперацыя 1943). У 1947 атрымала абласную аўтаномію.