ЧУ́РКІН Аскольд Мікалаевіч (27.1.1930, Мінск — 17.6.1985),

бел. графік. Сын М.М.Чуркіна. Скончыў БДУ (1955). У 1959—73 маст. рэдактар час. «Вожык», у 1979—84 час. «Беларусь». Працаваў у кніжнай графіцы і плакаце. Аўтар карыкатур на быт., паліт., вытв. тэмы ў бел. і замежным перыяд. друку: «На адным заводзе» (1955), «Колькі галасоў атрымаў прэзідэнт?» (1957), «Графік гультая» (1958), «Дазвольце прыкурыць» (1962), «У нас сапраўдная дэмакратыя» (1966); плакатаў «25 гадоў СЭУ» (1974), «Агульны рынак», «Мы з вамі, патрыёты Чылі» (абодва 1976). Выдаў зб-кі карыкатур «Мае альбомы» (1967), «Твар свабоднага свету» (1983) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 17, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРАПО́ЛК СВЯТАСЛА́ВІЧ (?—980),

вялікі князь кіеўскі [972 або 973—980[. Старэйшы сын вял. кн. Святаслава Ігаравіча. З 970 у адсутнасць бацькі, які ваяваў з Візантыяй, кіраваў Кіевам. Пасля гібелі Святаслава (972) у ходзе барацьбы за ўладу з братамі Алегам і Уладзімірам Святаславічам авалодаў Кіевам, забіў Алега (977) і захапіў яго ўладанні — Драўлянскую зямлю, у 980 заняў Ноўгарад, прымусіўшы Уладзіміра да ўцёкаў. Аднак у тым жа годзе Уладзімір вярнуўся з войскам варагаў, вярнуў сабе Ноўгарад, потым захапіў Полацк і Кіеў. Я.С. вераломна забіты варагамі ў лагеры Уладзіміра каля г. Родня (на ПдУ ад Кіева).

т. 18, кн. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЖА́РСКІЯ, Мажарскія, Мадзьярскія,

майстры-ткачы 18 — пач. 19 ст.; бацька і сын. Арандатары Слуцкай ф-кі кн. Радзівілаў, на якой вырабляліся слуцкія паясы.

Ян (сапр. Маджаранц Аванес; 1-я пал. 18 ст., Стамбул — каля 1800), кіраўнік Нясвіжскай мануфактуры шаўковых паясоў і Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў, мастак-картаньер, ткач. Сын венгра і армянкі. Ткацкаму рамяству вучыўся ў Стамбуле. У Рэч Паспалітую прыехаў да 1757. Спачатку жыў у Станіславе (цяпер г. Івана-Франкоўск, Украіна). У 1758 запрошаны М.​К.​Радзівілам Рыбанькам у Нясвіж. У 1761 уцёк у Броды, дзе быў адшуканы і вернуты назад. Каля 1767 пераехаў у Слуцк, наладзіў мануфактуру, на якой у тым жа годзе выпусціў больш за 200 паясоў. Распрацаваў асн. тыпы дэкору канцоў паясоў: «карумфілевыя», «сухарыкавыя», «вянкова-медальённыя» і інш. Вырабленыя ў перыяд яго кіраўніцтва паясы пазначаны меткамі: у 1767—76 — Sluck, Me fecit/ Sluciae, Me fecit/ Slutiae, y 1776—80 — Me fecit/ sluciae Joannes Madzarski. Каля 1780 перадаў пасаду сыну Лявону. Апошнія звесткі датуюцца 1796.

Лявон (каля 1740—1811), мастак-тэкстыльшчык і ткач. Ткацкай справе вучыўся ў бацькі. Каля 1780 стаў кіраўніком і арандатарам Слуцкай мануфактуры. Стварыў новую сістэму дэкар. аздаблення сярэдніх частак паясоў са складанай арнаменталізацыяй і яркай шматколернасцю і т.зв. «пазітыўкі» — сярэбрана-зялёныя паясы з аздабленнем канцоў гербамі ВКЛ. У 1780—1807 паясы пазначаў меткамі СЛУЦК, ВЪ ГРАДЕ/СЛУЦКЕ ЛЕО МА/ЖАРСКІЙ ВЪ ГРАДЕ/СЛУЦКЕ. У канцы 1790 набілітаваны, у 1791 атрымаў герб «Дар». З 1792 ротмістр Навагрудскага ваяводства і каралеўскі камергер. У 1807 адмовіўся ад арэнды мануфактуры. Пахаваны ў Слуцкім касцёле бернардзінцаў.

І.​М.​Каранеўская.

т. 9, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ Яўграф Іосіфавіч (н. 18.2.1925, Мінск),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1976). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Сын І.А.Бельскага. Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1948). З 1953 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы ў галіне матэрыялазнаўства, машынабудавання і ліцейнай вытв-сці, па тэхналогіі вырабу інструменту для мех. і тэрмічнай апрацоўкі металаў. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Асновы апрацоўкі металаў ціскам» (з У.​І.​Казачонкам, 1956), «Новыя матэрыялы ў тэхніцы» (1964) і інш.

Тв.:

Стойкость кузнечных штампов. Мн., 1975;

Штампы для горячего деформирования металлов. М., 1977 (разам з М.​А.​Тылкіным);

Химико-термическая обработка инструментальных материалов. Мн., 1986.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ СУСТРЭ́ЧА 1409,

перагаворы паміж каралём Польшчы Ягайлам і вял. князем ВКЛ Вітаўтам у час Вялікай вайны 1409—11. Адбылася ў снеж. 1409 у Брэсце (Берасці). Прысутнічаў хан Джэлаладдзін (сын хана Тахтамыша), якому падпарадкоўвалася залатаардынская конніца, што была на службе ВКЛ. На Берасцейскай сустрэчы быў прыняты план летняй кампаніі 1410 супраць войскаў Тэўтонскага ордэна, вызначаны час і месца збору аб’яднаных ваен. сіл, прынята рашэнне аб пабудове пантоннага моста для пераправы цераз Віслу. Паводле дамоўленасці саюзная армія складалася з 91 харугвы (палка), з іх 51 рыхтавала Польшча, 40 — ВКЛ. План, распрацаваны на Берасцейскай сустрэчы, прывёў да перамогі саюзных армій у Грунвальдскай бітве 1410.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРУГЕ́ТЭ (Berruguete),

сям’я іспанскіх мастакоў 15—16 ст. Нарадзіліся ў г. Парэдэс-дэ-Нава (Іспанія).

Педра (каля 1450—1504), жывапісец. У 1475—82 працаваў у г. Урбіна (Італія), з 1483 — у Іспаніі. У сваіх карцінах (сцэны з жыцця св. Фамы) сумяшчаў навук. перспектыву і ўважлівае назіранне з сярэдневяковай статычнасцю позаў, а часам і з рознамаштабнасцю фігур.

Алонса (каля 1486—13.9.1561), скульптар, архітэктар, жывапісец. Сын і вучань Педра. Прадстаўнік ісп. Адраджэння. Каля 1504—17 вучыўся ў Італіі ў Мікеланджэла, з 1518 працаваў у Іспаніі. Яго скульптуры (пераважна алтарныя) адметныя экспрэсіяй і павышанай эмацыянальнасцю («Святы Себасцьян», 1526—32; «Ператварэнне», 1543-48).

А.Беругетэ. Святы Себасцьян. 1526—32.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГЕ́ЛЬМ II (Wilhelm; 27.1.1859, Берлін — 4.6.1941),

прускі кароль і герм. імператар [1888—1918]. З дынастыі Гогенцолернаў. Сын Фрыдрыха III (правіў 9.3—15.6.1888). Унук Вільгельма I. Скончыў Бонскі ун-т (1879). Служыў у арміі (з 1879), ген.-м. (1888). У час яго праўлення Германія стала буйной марской дзяржавай (у развіцці ўзбр. сіл асаблівую ўвагу аддаваў ВМФ), працягвала калан. захопы, уцягнулася ў 1-ю сусв. вайну. Пазбавіўся ўлады ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918, эмігрыраваў у Нідэрланды. 28.11.1918 адрокся ад прастола. Аўтар твораў «Падзеі і асобы ў 1878—1918 гады» (1922), «З майго жыцця: 1859—1888 гг.» (1927), «Мае продкі» (1929) і інш.

Вільгельм II.

т. 4, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ТГАРЦ Міхаіл Ільіч (н. 14.12.1927, г. Таржок Цвярской вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1980), праф. (1989). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Сын І.А.Гітгарца. Скончыў Куйбышаўскі авіяц. ін-т (1951). З 1961 у Ін-це надзейнасці машын АН Беларусі. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе, па вывучэнні тонкай крышталічнай будовы, механізмаў і кінетыкі фазавых ператварэнняў, умацаванні і разумацаванні дысперсійна-цвярдзеючых сплаваў і сталей.

Тв.:

Тонкая структура дифракционных линий рентгенограмм стареющих сплавов с упругим выделением дисперсной фазы // Металлофизика. 1974. Вып. 51;

К теории рассеяния рентгеновских лучей на выделениях в кристаллах с упругими межфазовыми деформациями // Физика металлов и металловедение. 1991. № 6.

А.​Л.​Балсун.

т. 5, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯКЕ́ТАЎ Аляксей Мікалаевіч (3.3.1862, г. Харкаў, Украіна — 23.11.1941),

украінскі архітэктар, педагог. Засл. дз. маст. Украіны (1941). Сын М.М.Бякетава. Скончыў Пецярбургскую АМ (1885), яе акадэмік з 1894. Выкладаў у Харкаўскім буд. ін-це (з 1898 праф.). Працаваў у традыцыях рус. класіцыстычнай архітэктуры. Пабудаваў у Харкаве больш за 30 будынкаў, у т. л. забудова пл. Цевялёва (1898—1907), будынкі Зямельнага (1898) і Маскоўскага (1900) банкаў, юрыд. (1892) і с.-г. (1907—12) ін-таў, б-кі імя У.​Г.​Караленкі (1898), уласны дом (цяпер Дом вучоных, 1910). У 1930-я г. стварыў тыпавыя праекты жылых дамоў, школ і дамоў адпачынку для гарнякоў Данбаса.

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭЧ Мікалай Іванавіч (14.8.1787, С.-Пецярбург — 24.1.1867),

рускі журналіст, пісьменнік, філолаг. Чл.-кар. Пецярб. АН (1827). У 1812—39 рэдактар-выдавец (з 1826 з Ф.Булгарыным) час. «Сын отечества», які да сярэдзіны 1820-х г. быў звязаны з дзекабрысцкімі коламі, пасля 1825 эвалюцыяніраваў да кансерватызму. У 1831—59 з Булгарыным выдаваў газ. «Северная пчела», якая была пад апекай 3-га аддзялення, што загадвала паліт. наглядам. Аўтар рамана «Чорная жанчына» (1834), першай кн. па гісторыі рус. л-ры «Спроба кароткай гісторыі рускай літаратуры» (1822), «Пачатковых правілаў рускай граматыкі» (1828), мемуараў «Запіскі пра маё жыццё» (поўнасцю выд. 1886). З Булгарыным сатырычна апісаны ў бел. паэме «Тарас на Парнасе».

т. 5, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)