ПО́ЛАЦКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,

найстарэйшая хрысціянская епархія на Беларусі. Засн. як адм.-тэр. адзінка Кіеўскай мітраполіі (традыц. дата заснавання 992). Кафедральным храмам стаў Полацкі Сафійскі сабор. У 1511 епархія атрымала статус архіепіскапіі, што сведчыла пра яе высокі духоўны аўтарытэт. У выніку Брэсцкай уніі 1596 стала уніяцкай. У 17 ст. двойчы рабіліся спробы прызначыць на полацкую кафедру правасл. епіскапа. У 1833 епархія адноўлена, у 1839 архірэйскі дом пераведзены ў Віцебск. У 1920-я г. ў сувязі з антырэліг. палітыкай улад царк. жыццё заняпала, у канцы 1930-х г. дзеючых храмаў не было. У 1942 абвешчана аднаўленне епархіі ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, аднак у ваен. умовах гэты акт меў фармальны характар. Пасля вайны епіскапы не прызначаліся. У 1989 П.п.е. адноўлена як епархія Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата, ахоплівала тэр. Віцебскай вобл. У 1992 пасля стварэння Віцебскай епархіі межы П.п.е. звузіліся і ахопліваюць цяпер тэр. Полацкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Міёрскага, Пастаўскага, Расонскага, Ушацкага і Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл. На канец 2000 у епархіі было 86 прыходаў, 56 святароў, 5 дыяканаў, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр (адноўлены ў 1990). З 1995 адноўлена выданне «Полоцких епархиальных ведомостей».

Літ.:

Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Мн., 1997.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 12, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГВАЛО́Д БАРЫ́САВІЧ, Рагвалод Рагвалодавіч (у хрышчэнні Васіль),

князь полацкі і друцкі ў 2-й пал. 12 ст. Сын Рагвалода Усяславіча. У 1129 разам з інш. полацкімі князямі высланы кіеўскім кн. Мсціславам Уладзіміравічам у Візантыю, адкуль вярнуўся ў 1139. Каля 1144 стаў полацкім князем. У 1151 выгнаны вечам з Полацка і сасланы ў Мінск да яго ворага Расціслава Глебавіча. Па патрабаванні Юрыя Далгарукага вызвалены і з’ехаў у Чарнігаў да Святаслава Ольгавіча, які дапамог яму войскам у вяртанні зямель. У 1158 (у летапісе 1159) па запрашэнні жыхароў Друцка «з вялікай пашанай увайшоў у горад» (на радзіму вяртаўся са Слуцка), потым пры дапамозе сваіх прыхільнікаў зноў выбраны вечам на княжанне ў Полацку (сеў «на столе деда своего и отца своего с честью великою»), Зрабіў некалькі паходаў на Мінск і Гарадзец супраць Расціслава Глебавіча, у 1161 разбіты мінскім кн. Валадарам Глебавічам, пасля чаго вярнуўся ў Друцк, а «Полотьску не сме ити, занеже множьство погибе полочан». У 1171 паводле загаду Р.Б. высечаны надпіс на вял. камяні (т.зв. Рагвалодаў камень).

Літ.:

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Друцк старажытны. Мн., 2000.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 13, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМО́ЎНЫ ВЕРШ, гутарковы верш,

верш, пабудаваны на інтанацыйнай аснове. Для яго характэрна размоўная інтанацыя, пэўная адвольнасць у суаднесенасці інтанацыйна-сінтакс. і метрычнай структур. Сказы неаднолькавай даўжыні і будовы спалучаюцца ў Р.в. без якой-н. папярэдне вызначанай сістэмы.

От і свята, от каляды,
На марозе скрыпяць санкі...
Ўсе на свеце святку рады,
Ўсюды песні і гулянкі.
Скачуць хлопцы і дзяўчаты,
А гарэлкі п’юць чы мала?!
Адно слова — ўсюды свята...
Ну! кабыла, чаго стала?!
Чаго стала?!.. скажаш — цяжка,
Дый не надта ж ты і сыта,
А мне ж лёгка?.. глядзь, сярмяжка
Стара... рвана... ветрам шыта...
Стаў крапчэй мароз ка святу.
Ось і зорка забліскала.
Хоць скарэй бы мне ў хату...
Ну! кабыла! чаго стала?!
(Я.​Лучына. «Што думае Янка, везучы дровы ў горад»)

Асаблівую ролю ў Р.в. адыгрываюць паўзы, паўторы, умаўчанні, пропускі, анакалуф, часта выкарыстоўваецца анжамбеман (пачатак сінтаксічна цэласнага словазлучэння знаходзіцца ў адным вершаваным радку, а канец у наступным). Р.в. зрэдку падзяляецца на строфы, часта мае амебейную кампазіцыю. У сучаснай бел. паэзіі пашыраны ў медытатыўнай лірыцы і звязаны з выяўленнем філас. зместу («Эстафета агню» М.​Танка, «Мысль і слова» С.​Дзяргая і інш.).

А.​А.​Майсейчык.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЦКІ Іосіф Вельямін (свецкае Іван Феліксавіч; 1574, маёнтак Рута, Навагрудчына — 5.2.1637),

бел. царкоўны дзеяч, пісьменнік, педагог, філосаф. У Віленскай кальвінскай школе вывучаў латынь, грэч. мову, іўрыт. Вучыўся ў Празе, скончыў Вюрцбургскі ун-т. Каля 1600 паступіў у Грэчаскі калегіум у Рыме. Каля 1601 вярнуўся на радзіму. З 1602 рэктар Віленскай уніяцкай семінарыі, у якой правёў рэформы ў сістэме адукацыі, напісаў навукова-пед. трактат «Дыскурсус» (каля 1605). У Вільні зблізіўся з І.Кунцэвічам. У 1607 стаў манахам уніяцкага манастыра, выкладаў багаслоўе, лац. і царк.-слав. мовы. З 1608 мітрапаліт І.​Пацей прызначыў яго сваім намеснікам. Намаганнямі Р. засн. манастыры ў Быцені, Жыровічах, Навагрудку. З 1609 архімандрыт, з 1613 уніяцкі мітрапаліт. Вёў палеміку з М.Сматрыцкім, праваслаўнымі. У палемічных творах «Падвойная віна», «Экзамен абароны» (абодва 1621), «Дадатак да экзамена абароны» (1622) і інш. выявіўся як майстар мастацка-публіцыст. слова, пісьменнік-аналітык. Схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх улад у краіне.

Літ.:

Турук Ф. Униатский митрополит Иосиф Вельямин Рутский (1613—1617) и его значение в истории униатской Западной русской церкви. Пг., 1916;

Прокошина Е.​С.​Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966;

Саверчанка І.В. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. Мн., 1994.

І.​В.​Саверчанка.

А.У.Руцкі.

т. 13, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЕ́ГА-І-НУ́НЬЕС (Riego у Nuñez) Рафаэль дэ (24.10.1785, Санта-Марыя-дэ-Тунья, Іспанія — 7.11.1823),

палітычны і ваен. дзеяч Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 (гл. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). Ген. (1820). Скончыў ваен. школу ў Аўеда. Удзельнік вайны з Францыяй 1808—14; узяты ў палон, знаходзіўся ў Францыі, дзе стаў масонам. У 1814 вярнуўся на радзіму, звязаўся з ісп. масонамі і афіцэрамі — праціўнікамі абсалютысцкага рэжыму караля Фердынанда VII. Удзельнік няўдалай ваен. змовы 9.6.1819. Камандаваў батальёнам, 1.1.1820 узняў яго на паўстанне, што стала пачаткам рэвалюцыі 1820—23; абвясціў аднаўленне Кадыскай канстытуцыі 1812, на чале 1,5-тысячнага атрада дзейнічаў у прав. Андалусія. З сак. 1820 камандзір дывізіі ў Арміі назірання, створанай з андалусійскіх рэв. войск, у чэрв.—жн. 1820 галоўнакаманд. гэтай арміяй. Адзін з лідэраў леваліберальнай партыі «эксальтадас». За пратэст супраць роспуску арміі назірання сасланы ўрадам памяркоўных лібералаў («мадэрадас») на Пн краіны. У студз. 1821 па патрабаванні «эксальтадас» прызначаны ген.-капітанам Арагона (да 29.8.1821). 31.3.1822 першы прэзідэнт мадрыдскіх картэсаў. У ліп. 1822 кіраваў задушэннем абсалютысцкага мяцяжу ў Мадрыдзе. У час франц. інтэрвенцыі 1823 каманд. рэв. арміяй у Андалусіі; быў разбіты, схоплены абсалютыстамі і пакараны смерцю ў Мадрыдзе.

т. 13, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЙФЕРТ (Seifert) Яраслаў (23.9.1901, Прага — 10.1.1986),

чэшскі паэт. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1966). Першы паэт. зб. — «Горад у слязах» (1921). Удзельнік стварэння гуртка пралет. мастацтва «Дзівасіл». У творчасці імкнуўся да паэтызацыі прозы жыцця, абапіраючыся на рэаліст. дэталі і рэліг. сімволіку. У паэт. зб-ках «Толькі каханне» (1923), «На хвалях ТСФ» (1925) апяваў радасць жыцця, экзотыку падарожжаў. Зб. «Салавей спявае дрэнна» (1926) прасякнуты трагічным светаадчуваннем. У зб-ках «Яблык з каленяў» (1933), «Рукі Венеры» (1936) звярнуўся да традыцый класічнай чэш. паэзіі — напеўнасці, меладычнасці, арганічнасці сітуацый. Асн. тэмы зб-каў «Патушыце агні» (1938), «Веер Бажэны Немцавай» (1940), «Ішоў бедны мастак па свеце» (1949) — каханне, паэзія, радзіма, прыгажосць Прагі, гісторыя чэш. культуры; зб. «Мамачка» (1954) — успаміны пра дзяцінства. У зб-ках «Канцэрт на востраве» (1965), «Адліванне званоў» (1967), «Парасон з Пікадылі» (1979) пераважае верлібр, які стаў дамінантай яго паэтыкі. Аўтар зб-каў «Моравы слуп» (1981), «Быць паэтам» (1983) і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі А.​Разанаў, М.​Танк. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1936, 1955. Нобелеўская прэмія 1984.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Высокае неба. Мн., 1980;

У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;

Рус. пер. — Прощание с весной: Избр. лирика. М., 1987.

А.​У.​Вострыкава.

Я.Сейферт.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЦЫЛІ́ЙСКІЯ ПАЎСТА́ННІ РАБО́Ў,

паўстанні рабоў на в-ве Сіцылія ў 2-й пал. 2 ст. да н.э. Пасля 2-й Пунічнай вайны Рым ператварыў Сіцылію ў сваю жытніцу. Узмацненне эксплуатацыі рабоў, што працавалі на латыфундыях, выклікалі хваляванні, якія перараслі ў паўстанні. 1-е паўстанне 136(138 ці 137) — 132 да н.э. ўзначаліў раб-сірыец Еўн. Паўстанцы захапілі г. Эна і абвясцілі Еўна царом пад імем Антыёха. Другую армію паўстанцаў узначальваў раб-кілікіец Клеон. Калі абедзве арміі аб’ядналіся, ён узначаліў 70-тыс. войска, якое захапіла гарады Таўраменій, Катану, Месану і інш. Былі створаны органы дзярж. кіравання: савет, нар. сход. У 132 да н.э. консул П.​Рупілій задушыў паўстанне. Клеон загінуў у баі, Еўн памёр у турме. 2-е паўстанне (104—99 да н.э.) у паўд.-зах. частцы і ў цэнтры Сіцыліі ўзначаліў раб-італік Сальвій (абвешчаны царом пад імем Трыфона), а на захадзе в-ва — раб-кілікіец Афініён. Калі іх арміі аб’ядналіся, Афініён стаў стратэгам Трыфона, а калі той памёр — царом. Рым. армія пад кіраўніцтвам прэтараў Лукула, потым Гая Сервілія не здолела разбіць рабоў. У 101 да н.э. армія консула Манія Аквілія высадзілася ў Сіцыліі і ў 99 да н.э. задушыла паўстанне.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРО́ЦЫ [Strozzi; празваны Капучына

(Cappuccino),

а таксама Прэтэ Джэнавезе (Prete Genovese)] Бернарда (1581, г. Генуя, Італія — 2.8.1644), італьянскі жывапісец, прадстаўнік барока. Вучыўся ў Генуі ў П.​Соры (1595—97). Зазнаў уплывы П.П.Рубенса, П.Веранезе. З 1597 капуцын, пісаў пераважна невял. абразы ў духу маньерызму. У 1610 атрымаў дазвол пакідаць кляштар для заняткаў мастацтвам, што паспрыяла станаўленню яго стылю, які вызначаўся свабоднай, сакавітай манерай пісьма, тонкасцю каларыту, гульнёй святлаценю, жыццёвай праўдзівасцю вобразнага ладу: карціны «Кухарка» (паміж 1615—18), «Рай» (1625), «Мадонна з дзіцем, святымі і анёламі» (1629), «Адрачэнне апостала Пятра», «Тлумачэнне сну Іосіфам», «Пакланенне пастухоў»; серыя партрэтаў; фрэскі ў палацы маркізаў Чэнтурыёні ў Сан-П’етра д’Арэна (1623—25), у касцёле Сан-Даменіка ў Генуі (1625) і інш. У 1630 адмовіўся вярнуцца ў кляштар, быў зняволены, пазней жыў у Венецыі, дзе стаў адным з буйнейшых партрэтыстаў (партрэт дожа Ф.​Эрыца, 1631, і інш.). Сярод інш. твораў: размалёўка скляпення б-кі Марчыяна («Алегорыя Скульптуры», 1635), карціны «Баляванне ў Сімона Фарысея», «Выкраданне Еўропы», «Пакутніцтва святога Себасцьяна», «Святы Лаўрэнцій падае міласціну», «Мінерва», «Алегорыя Добрага імя» і інш. Паўплываў на развіццё генуэзскай і венецыянскай школ жывапісу.

С.​У.​Пешын.

Б.Строцы. Кухарка. Паміж 1615—18.

т. 15, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́Н-БА́ТАР,

(Улаанбаатар), горад, сталіца Манголіі. Размешчаны ў даліне р. Тола (бас. р. Селенга), на выш. 1300—1350 м. Вылучаны ў самаст. адм. адзінку. 680 тыс. ж. (1997, з г. Налайха). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. прамысл. (больш за % валавой прамысл. прадукцыі Манголіі) і культ. цэнтр краіны. Лёгкая прам-сць (гарбарная, шарсцяная, лямцавая, камвольная і інш.), паліграф. камбінат, вытв-сць буд. матэрыялаў; дрэва- і металаапр. прадпрыемствы, аўтарамонтны з-д, харч. прам-сць. 4 ЦЭЦ. АН Манголіі, ун-т. Музеі. 4 тэатры, у т. л. оперы і балета.

Засн. ў 1639 як качавая (з 1778 аселая) рэзідэнцыя кіраўніка ламаісцкай царквы ў Манголіі пад назвай Арго (Урга). З 1706 наз. Іх-Хурэ (Вял. манастыр), з 1911 — Нійслэл-Хурэ (Сталічны манастыр). З 2-й пал. 18 ст. Іх-Хурэ — рэзідэнцыя маньчжурскага амбаня (намесніка) і адм. цэнтр Манголіі Знешняй. У 1911—15 Нійслэл-Хурэ — сталіца манг. феадальна-тэакратычнай дзяржавы, з 1915 — гал. горад аўт. Знеш. Манголіі. У 1919 акупіраваны кіт. войскамі, у лют. 1921 — атрадамі рас. белагвардзейцаў. У ліп. 1921 вызвалены Манг. нар. арміяй пры падтрымцы Чырв. Арміі. У ліст. 1924 перайменаваны ва У.-Б. і стаў сталіцай Манголіі.

т. 16, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРГЕ́НЧ старажытны,

сталіца Харэзма ў 10—13 і ў 14 ст. (наз. таксама Гурганч, Гургандж, Джурджанія; цяпер руіны каля пас. Куня-Ургенч у Туркменістане). Час заснавання не вызначаны. Першыя дакладныя звесткі пра У. адносяцца да 10 ст., калі горад быў буйным гандл.-рамесным цэнтрам. З 995 сталіца Харэзмскай дзяржавы. У 1221 захоплены і разбураны войскамі Чынгісхана. У 1224 пад уладай Джучы, адноўлены. У сярэдзіне 13 ст. ўвайшоў у склад Залатой Арды, адзін з адм. цэнтраў. У сярэдзіне 14 ст. Харэзм вызваліўся ад улады Залатой Арды і У. зноў стаў яго сталіцай. У 1388 разбураны войскамі Цімура. У 1390-я г. часткова адноўлены. У 17 ст. спыніў сваё існаванне.

Захаваліся арх. помнікі. маўзалеі Іль-Арслана (т.зв. Фахрэддзіма Разі; 12-гранныя шацёр і барабан над кубападобным аб’ёмам, разная тэракота), Тэкеша (абодва 12 ст.; шатрова-канічны купал на «гафрыраваным» барабане), Наджмеддзіна Кубра (14 ст.) з мінарэтам Кутлуг-Цімура (паміж 1321—33). дынастыі Суфі (т.зв. Цюрабек-Ханым, 1360-я г.), Султан-Алі (18 ст.); партал караван-сарая са шматколернай паліванай абліцоўкай (14 ст.).

Літ.:

Пилявский В.И. Куня-Ургенч. 2 изд. Л., 1974.

Маўзалей Тэкеша ва Ургенчы.

т. 16, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)