польскі лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнавец. Акад. Акадэміі ведаў у Кракаве (1887, чл.-кар. 1877). Скончыў Маскоўскі ун-т (1857). Вучыўся ў Парыжы і Гайдэльбергу (1857—59), у Брусельскай кансерваторыі (1859—60). У 1871—82 жыў і працаваў на Беларусі ў маёнтках Подзітва (Воранаўскі р-н) і Вішнеў (Смаргонскі р-н). З 1882 у Гайдэльбергу, Дрэздэне, Празе, з 1887 у Варшаве. Аўтар лінгвістычных прац «Слоўнік польскай мовы» (т. 1—8, 1900—27, у сааўт.), «Слоўнік польскіх гаворак» (т. 1—6, 1900—11; закончыў Ян Лось), «Слоўнік выразаў замежнага і малавядомага паходжання...» (А—К, 1894—97). Важнейшыя гіст., філас. і музыказнаўчыя працы: «Дон Карлас, каралевіч іспанскі» (1867), «Нарыс жыцця і творчасці Станіслава Манюшкі» (1884—85), «Міфалогія і філасофія» (1899). З 1868 збіраў і запісваў бел.нар. казкі і інш. фальклорна-этнагр. матэрыялы. Распрацаваў «Дапаможнік для збіральнікаў народных твораў» (1871). Аўтар прац «Найноўшыя даследаванні паданняў і іх зборы» (1883), «Польская хата» (1884), «Сістэматыка песень польскага народа» (1889—95). У кн. «Народныя паданні і казкі, сабраныя ў Літве» (1887—88) змясціў у перакладзе на польск. мову больш за 80 бел. легенд, паданняў і казак, якія запісаў у Свянцянскім, Лідскім і Навагрудскім паветах. У 1889 і 1891 запісаў для М.Федароўскага больш за 500 мелодый бел.нар. песень (больш за 300 апубл. ў працы Федароўскага «Люд беларускі», т. 5—6, 1958—60). Заснавальнік (1887) і рэдактар (1888—99) час.«Вісла», у якім друкаваў бел. фальклорна-этнагр. матэрыял. Прызнаваў за беларусамі права на самаст. развіццё, заклікаў вучоных даследаваць бел. мову, фальклор, нар. побыт. Перапісваўся з бел. вучонымі А.Гурыновічам, М.Янчуком, У.Вярыгам, Федароўскім і інш. Сябраваў з Ф.Багушэвічам. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы бел. вучоных.
Літ.:
Кісялёў Г. Францішак Багушэвіч і Ян Карловіч // Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв). Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́КСІКА (ад грэч. lexikos які адносіцца да слова),
сукупнасць усіх слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад і ўзровень. У больш вузкім значэнні Л. — асобны пласт слоўнікавага складу мовы, вылучаны на падставе пэўнай прыкметы. Ад інш. моўных узроўняў (фаналогіі, марфалогіі, сінтаксісу і інш.) Л. адрозніваецца сваімі больш цеснымі і непасрэднымі сувязямі з рэчаіснасцю, больш высокай рухомасцю і зменлівасцю ў часе, няпэўнасцю межаў у кожны канкрэтны момант свайго існавання, адкрытасцю і пранікальнасцю для слоўных наватвораў, часавай і прасторавай усеабдымнасцю абазначаных словамі прадметаў, паняццяў і з’яў, шматлікасцю лексічных адзінак у слоўнікавым складзе жывой мовы. Паводле пэўнай прыкметы, што кладзецца ў аснову вылучэння, Л. падзяляецца на шэраг вял. груп слоў. Паводле нарматыўнасці ўсе бел. словы адносяцца да літ. Л. (агульнаўжывальная, агульнанар. і інш.) ці да нелітаратурнай Л., якая падзяляецца на дыялектную (гл.Дыялектызм), устарэлую (гл.Архаізм, гістарызм), новую (гл.Неалагізм, Аказіяналізм), тэрміналагічную і вытворча-прафес. Л. (тэрміны, наменклатурныя назвы, прафесіяналізм). Паводле паходжання словы адносяцца да спрадвечнай Л. (індаеўрапейская, агульнаславянская, усходнеслав., уласнабел.) ці да запазычанай Л. з інш. моў (гл.Запазычанні ў мове) або да агульнай для шмат якіх моў Л. (гл.Інтэрнацыяналізмы). Паводле стылістычнай афарбоўкі вылучаюць кніжную Л. (тэрміналагічная, гіст., паэт. і інш.) і размоўную Л. (прастамоўная, жаргонная, вульгарна-лаянкавая і інш.; гл. ў арт.Арго). Паводле эмацыянальна-экспрэсіўных магчымасцей словы адносяць да нейтральнай Л. (словы, што ўжываюцца ў любых стылях і кантэкстах) ці да канатацыйна-экспрэсіўнай Л. (абразлівая, узнёслая, фамільярная і інш.). Паводле сферы выкарыстання — на афіц.-дзелавую, бытавую, дзіцячую, студэнцкую і інш. Л. Паводле адрасатнай характарыстыкі вылучаюць Л. паэтычную, пэўнага твора (напр., Л. паэмы «Новая зямля» Я.Коласа), аўтара і інш. Паводле ступені ўжывальнасці словы падзяляюць на актыўную лексіку і пасіўную лексіку. Л. вывучаюць лексікалогія, граматыка, фразеалогія, стылістыка і інш. лінгвістычныя дысцыпліны. Фіксацыяй і сістэматызацыяй Л. займаецца лексікаграфія.
Літ.:
Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;
Шмелев Д.Н. Современный русский язык: Лексика. М., 1977;
Методы изучения лексики. Мн., 1975;
Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;
Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОП-МУ́ЗЫКА (англ. pop music ад popular music папулярная агульнадаступная музыка),
паняцце, якое ахоплівае розныя стылі і жанры масавай муз. культуры 20 ст.; сучасная музыка, якая не адносіцца да катэгорый джаза, класічнай музыкі. Часам яе атаясамліваюць з лёгкай музыкай, эстраднай музыкай. Тэрмін «П.-м.» з’явіўся ў 1950-я г., першапачаткова ўжываўся для абазначэння рок-музыкі. Зараз да П.-м. адносяць усе з’явы камерцыйнай муз.-забаўляльнай «індустрыі», у т. л.шлягер (пашыраны з 1910-х г.). Уключае музыку стыляў рознага паходжання: «кантры» і «вестэрн», дыска, шансон, мяшаныя стылі (джаз-рок і інш.), элементы мюзік-хола, камерцыйны джаз, аўтарскую песню, а таксама рок-музыку (лічыцца і самастойным муз. кірункам) і інш. Тэматыка П.-м. шматпланавая: ад перадачы ідэалізаваных пачуццяў, адчування эмацыянальна-псіхал. камфорту (шлягер) да пратэстных тэндэнцый, сац. крытыкі (рок-музыка).
Складанасць вызначэння П.-м. як з’явы культуры звязана з яе сац. роляй, якая перавышае эстэт. каштоўнасць. Яе асн. прынцып — стварэнне стылявых стэрэатыпаў (у т. л. з элементамі фальклору, класічнай музыкі, джаза), якія аблягчаюць успрыняцце і забяспечваюць камерцыйны поспех. П.-м. звязана з разгалінаванай сістэмай музычна-забаўляльных паслуг, з шоу-бізнесам. Распаўсюджваецца таксама праз грамзапіс, аудыёкасеты і дыскі. Некат. кампазіцыі існуюць толькі ў выглядзе гуказапісаў.
У бел. П.-м. доўгі час панаваў жанр эстраднай песні, шлягера. Сярод кампазітараў у гэтай галіне працавалі і працуюць: У.Буднік, А.Елісеенкаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, І.Лучанок, У.Мулявін, У.Прохараў, В.Раінчык, Ю.Семяняка, Э.Ханок і інш., сярод выканаўцаў В.Вуячыч, Т.Раеўская, Н.Багуслаўская, Э.Міцуль, А.Падгайскі, В.Кучынскі, Я.Еўдакімаў, Я.Паплаўская і А.Ціхановіч, І.Афанасьева, М.Скорыкаў, І.Дарафеева, В.Дайнэка, Л.Ялінская, І.Абалян і інш. Папулярызацыі П.-м. садзейнічае Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М.Фінберга. Праводзяцца міжнар.муз. фестывалі «Славянскі кірмаш», «Залаты шлягер». У галіне сучаснай аўтарскай песні вылучаюцца А.Шадзько, а таксама Э.Акулін, З.Бартосік, Б. і Г. Вайханскія, Данчык, А.Казанцава, А.Камоцкі, А.Мельнікаў, В.Цярэшчанка, В.Шалкевіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РЫ,
прыродныя поласці ў верхняй тоўшчы зямной кары, злучаныя з паверхняй адной або некалькімі ўваходнымі адтулінамі. Запоўнены паветрам або інш. газам, вадой, часткова цвёрдымі адкладамі. Паводле паходжання падзяляюцца на першасныя (сінгенетычныя з горнымі пародамі: газавыя пузыры і тунэлі ў лавах, поласці ў рыфах, вапняковых туфах, гіпсаангідрытах) і другасныя (узніклі ў сфарміраванай пародзе ці ледавіку: П. выветрывання, вышчалочвання, выдзімання, суфазійныя, абразійныя на берагах мораў, карставыя, гідратэрмальныя, гляцыяльныя ў ледавіках). Найб. пашыраны карставыя П. (гл.Карст).
П. складаюцца з расшыраных участкаў (галерэі, гроты, залы) і вузкіх (праходы, хады, адвержкі). Часта ўтвараюць складаныя шматпавярховыя сістэмы. Найб. працяглыя П. (карставыя); Флінт-Мамантава (гл.Мамантава пячора, ЗША) — каля 560 км, Хёлах (Швейцарыя) — 133 км, Аптымістычная пячора — 157 км і Азёрная пячора — 107,3 км (Украіна). Найб. глыбокія П. свету (карставыя); Вароння (Абхазія) — 1720 м, Жан-Бернар (Францыя) — 1494 м, В.Панцюхіна — 1465 м і Снежная (Абхазія) — 1370 м, Ільяміна (Іспанія) —1342 м, П’ер-Сен-Мартэн (Францыя, Іспанія) — 1342 м. Для мікраклімату П. характэрны адсутнасць сонечнага святла, пастаянства т-р, высокая вільготнасць, павышаная канцэнтрацыя вуглякіслага газу. У халодных П. намнажаецца шматгадовы лёд. Часта П. ўпрыгожаны рознымі нацечнымі ўтварэннямі, у т. л.сталагмітамі і сталактытамі. Фауна бедная, пераважна беспазваночныя жывёлы, таксама земнаводныя, рыбы. У некат. П. жывуць калоніі лятучых мышэй. Для пастаянных насельнікаў П. характэрны дэпігментацыя, слепата, часам гігантызм, запаволены абмен рэчываў. У П. назіраецца да 90 відаў новаўтвораных мінералаў са слабамінералізаваных пячорных вод, часам з рудаўтваральных і гідратэрмальных раствораў. Найб. пашыраны карбанаты (арганіт, кальцыт, даламіт, магнезіт і інш.) і сульфаты (барыт, цэлесцін, гіпс, мірабіліт і інш.). Муміё П. — прыродная мед. сыравіна. П. выкарыстоўваюцца чалавекам са стараж. часоў. У іх захаваліся касцявыя рэшткі, прылады працы, быту, скульптурныя і наскальныя выявы (напр., П.Альтаміра і Ласко, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, Капава пячора). Найб. выкарыстоўваюцца П. для падземнага турызму, у некат. з іх пабудаваны навук. лабараторыі, санаторыі, чыгункі, канцэртныя залы, кафэ і інш. П. вывучае спелеалогія.
Літ.:
Дублянский В.Н., Илюхин В.В. Крупнейшие карстовые пещеры и шахты СССР. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСКІ (Яўхім Фёдаравіч) (1.1.1861, в. Лаша Гродзенскага р-на — 29.4.1931),
бел. філолаг-славіст, заснавальнік бел.навук. мова- і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1916, чл.-кар. з 1901), правадзейны чл. Ін-та бел. культуры (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1881), Нежынскі гісторыка-філал.ін-т (1885). Выкладаў у Віленскай гімназіі (1885—93). За першую ў гісторыі дысертацыю па бел. мове яму ў 1893 прысуджана вучоная ступень магістра. З 1893 у Варшаўскім (з 1894 праф., у 1905—10 рэктар), з 1915 у Растоўскім-на-Доне ун-тах, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. У 1905—17 рэдактар час. «Русский филологический вестник». З 1917 у Мінску, з 1918 праф. Мінскага пед. ін-та. Дэлегат і ганаровы старшыня Усебел. з’езда 1917. Старшыня арганізац. камісіі па адкрыцці БДУ. Выступаў з артыкуламі ў бел.перыяд. друку. З 1920 у Петраградзе. Чл. праўлення і прэзідыума АН; дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі, рэдактар «Известий Отделения русского языка и словесности» Рас.АН. Супрацоўнічаў з бел. этнографамі і фалькларыстамі М.Я.Нікіфароўскім, Е.Р.Раманавым, П.В.Шэйнам, выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», газ. «Наша ніва». Перапісваўся з дзеячамі бел. культуры Я.Купалам, Я.Коласам, М.Гарэцкім і інш. Аўтар навук. прац (больш за 700) па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. З мэтай вырашэння праблемы паходжання, фарміравання і развіцця бел. мовы, бел. народнасці збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы (запісы «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.», 1884—85; «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.», 1889). Падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак» (1897 і 1916), якая стала пачаткам навук. даследавання бел. дыялектаў. Вышэйшым дасягненнем еўрап. славістыкі канца 19 — пач. 20 ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з’яўляецца 3-томная праца К. «Беларусы» (вып. 1—7, 1903—22; перавыд. вып. 1—3, 1955—56), у якой на аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення вял. фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нац. самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі, вуснай нар. творчасцю. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» вызначыў час фарміравання бел. народнасці, акрэсліў этн. межы бел. народа, даў этнагр. карту Беларусі пач. 20 ст., асвятліў важнейшыя этапы гісторыі бел. мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з рус., укр., польск., літоўскай і інш. мовамі, зрабіў крытычны агляд помнікаў пісьменства бел.паходжання. У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1—3, 1908—12) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабел. і сучаснай бел. мовы ў яе народна-дыялектнай і літ. формах. Т. 3 «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з трох выпускаў. У 1-м вып. «Народная паэзія» (1916) даследаваў гісторыю развіцця бел. фальклору, ахарактарызаваў асн. жанры і віды нар. паэзіі беларусаў, даследаваў культурны стан плямён, якія склалі аснову бел. народнасці, паказаў іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаў жыллё, ежу, заняткі, побыт, светапогляд, рэліг. вераванні, мову, міфалогію, выказаў свае меркаванні наконт узнікнення нар. паэзіі, яе асаблівасцей у старажытнасці, разгледзеў узаемасувязь бел., рус. і ўкр. фальклору. У 2-м вып. «Старая заходняруская пісьменнасць» (1921) прааналізаваў помнікі стараж.бел. л-ры 14—18 ст., найб. поўна паказаў літ.-маст. спадчыну бел. народа, раскрыў культ,гіст. перадумовы зараджэння пісьменнасці на старабел. мове, даследаваў перакладную і арыгінальную л-ру, у т. л. летапісы, статуты, гісторыка-мемуарную і царкоўна-рэлігійную прозу, вершы, творы палемічнай публіцыстыкі 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. У 3-м вып. «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922) ацэньваў бел. л-ру 19 — пач. 20 ст., яе ўзаемасувязь з нац. адраджэннем новага перыяду. У даследаваннях развіваў прынцып культ.-гіст. школы, зрабіў значны ўклад у развіццё крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі. Даследаваў таксама гісторыю рус. і ўкр. моў, слав. палеаграфію («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, факсімільнае выд. 1979). Выдаваў стараж. помнікі гісторыі і л-ры («Лаўрэнцьеўскі летапіс», «Руская праўда»). Выступаў з артыкуламі пра айч. і замежных вучоных-славістаў, з рэцэнзіямі на працы па слав. філалогіі, фалькларыстыцы, этнаграфіі. Асабістая б-ка К. зберагаецца ў Нац. б-цы Беларусі ў Мінску (часткова страчана ў Вял.Айч. вайну), частка асабістага архіва — у Санкт-Пецярбургскім аддз. Архіва Рас.АН. На радзіме К. адкрыты Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей.
Тв.:
О языке так называемых литовских летописей. Варшава, 1894;
Русская диалектология. Л., 1924;
Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ ЛЕДАВІ́ТЫ АКІЯ́Н,
найменшы па плошчы акіян на Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і, паміж Еўразіяй і Паўн. Амерыкай. Пл. з морамі 14,75 млн.км², аб’ём вады 18,1 млн.км². Сярэдняя глыб. 1225 м, найб. 5527 м (паўн.-ўсх.ч. Грэнландскага м.). Падводнымі парогамі адасоблены ад Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Умоўная мяжа з Атлантычным ак. праходзіць па ўсх. уваходзе ў Гудзонаў прал., па паўд. мяжы Грэнландскага і Нарвежскага мораў; з Ціхім ак. — па паралелі м. Унікын (Чукоцкі п-аў) да перасячэння з берагам п-ва Сьюард (Аляска). У мінулым акіян называлі Паўн. Палярным і Паўн. Ледавітым морамі. Сучасную назву дало ў 1845 Лонданскае геагр.т-ва.
Берагавая лінія моцна парэзана, утварае шмат мораў і заліваў. Да бас. П.Л.а. належаць моры: Грэнландскае, Нарвежскае, Баранцава, Белае, берагі якіх высокія, скалістыя, фіёрдавыя, на У абразіўныя з невял. залівамі; Карскае. Лапцевых, Усх.-Сібірскае, Чукоцкае, Бофарта — іх берагі пераважна складаныя, дэльтавыя, роўныя, месцамі лагунныя; Бафіна, Лінкальна, Гудзонаў заліў (Канадскі бас.), берагі якіх пераважна роўныя, нізкія, месцамі скалістыя, з марскімі тэрасамі (пра моры і залівы гл. адпаведныя арт.).
Астравы пераважна мацерыковага паходжання: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Шпіцберген, Франца-Іосіфа Зямля, Новая Зямля, Паўночная Зямля, Урангеля востраў, Новасібірскія астравы, Калгуеў, Вайгач і інш. агульнай пл. 4 млн.км².
Для рэльефу дна характэрна шырокая зона падводных мацерыковых ускраін. Яна займае 74,6% плошчы дна, шэльф — 50,3%, кантынентальны схіл — 18,4% і падножжа — 5,9%. Шыр. найбуйнейшага Арктычнага шэльфа Еўразіі (глыб. да 500 м) ад 450—800 км (Лапцева-Чукоцкі шэльф) да 1200 км (Баранцава-Карскі шэльф). У Грэнландска-Амерыканскім сектары, Нарвежска-Грэнландскім і Бафінавым басейнах шэльфы адносна вузкія, ад 50—100 да 300 км. Баранцава-Карскі шэльф абрываецца да глыбакаводных басейнаў кантынентальнымі схіламі з найб. перападам глыбінь (да 2500 м). Кантынентальны схіл на Пн ад Новасібірскіх а-воў выражаны ў выглядзе шырокай пакатай ступені, каля Нарвегіі мае шырокае ўскраіннае плато (аваншэльф) Вёрынг. Ад Атлантычнага ак. ў П.Л.а. зігзагападобна цягнецца Сярэдзінна-Арктычны хр., які разломамі падзяляецца на хр. Кольбейнсей, Мона, Кніповіча і Гакеля. Агульная даўж. хрыбта каля 4500 км, шырыня некалькі соцень км, адносная выш. 1—3,5 км. Па абодвух яго баках знаходзяцца глыбакаводныя Грэнландская, Нарвежская і Лафатэнская (глыб. 2200—3500 м) катлавіны Нарвежска-Грэнландскага бас. і катлавіны Амундсена і Нансена (3500—4500 м) Еўразійскага суббасейна. Амеразійскі суббасейн уключае трансарктычную сістэму дадатных і адмоўных морфаструктур рознага паходжання: парог Ламаносава (400—1500 м), пласкагор’е Мендзялеева—Альфа і Чукоцкае падняцце (300—1000 м), катлавіны Макарава (2500—3000 м) і шырокую Канадскую (3200—3800 м) і інш. У межах акіяна вылучаюцца платформавыя блокі, складкаватыя зоны і акіянічныя структуры. Пліты стараж. платформ утвараюць паўн.-ўсх.ч. Баранцава-Карскага і Лапцева-Чукоцкага шэльфаў. У межах шэльфаў развіта зямная кара кантынентальнага тыпу магутнасцю да 40 км. У асобных частках «гранітны» слой адсутнічае і рэзка павялічваецца магутнасць асадкавага чахла. Парог Ламаносава, Чукоцкае падняцце і зоны кантынентальнага схілу маюць субкантынентальную зямную кару магутнасцю 20—25 км. Еўразійскаму суббасейну, Нарвежска-Грэнландскаму бас. і Канадскай катлавіне ўласціва субакіянічная і акіянічная зямная кара (5—15 км) з базітавым фундаментам. Найб.стараж. ўчастак акіяна — Канадская катлавіна, пачатак утварэння якой адносяць да позняй юры — пач. мелу.
Донныя адклады П.Л.а. пераважна тэрыгеннага паходжання. На шэльфах алеўрытавыя, радзей гліністыя ілы, у глыбакаводных басейнах на хрыбтах пясчаныя, у катлавінах гліністыя ілы. Каля кантынентальных падножжаў пашыраны турбідыты. Карысныя выкапні: нафта і газ — у буйных нафтагазаносных басейнах на мацерыковым абрамленні акіяна, якія працягваюцца і на яго шэльфы (Зах.-Сібірскі, Пячорскі, Нарвежска-Грэнландскі бас., Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн, Свердруп); газагідраты ў м. Бофарта; россыпы касітэрыту на ўзбярэжжах мораў Лапцевых, Усх.-Сібірскага і Чукоцкага; на металаносныя ілы і поліметалічныя гідратэрмальныя радовішчы масіўных сульфідаў перспектыўныя рыфтавыя цясніны Сярэдзінна-Арктычнага хрыбта.
Клімат арктычны. Асн. яго рысы фарміруюцца пад уплывам размяшчэння акіяна ў высокіх шыротах, пастаяннага ледавіковага покрыва, паступлення паветраных мас і вод з Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Сярэднегадавы радыяцыйны баланс адмоўны, страты цяпла 85—125 МДж/м². Т-ра паветра ў студз. ў цэнтр.ч. да -36 °C, каля берагоў Нарвегіі -4 °C, у ліп. 1—6 °C. Ападкаў за год адпаведна 75—200 мм і да 1000 мм у Нарвежскім м., звычайна ў выглядзе снегу. Антыцыклоны пануюць над Грэнландыяй і ўсх. сектарам П.Л.а., зімой пашыраюцца на ўсю тэрыторыю. Цыклоны круглы год пранікаюць з Атлантыкі, найб. частыя і глыбокія ў зах.ч. акіяна.
Гідралагічны рэжым. Гал. яго асаблівасць — ільды, якія зімой займаюць каля 90% плошчы акіяна (акрамя Пд Баранцава м.) і захоўваюцца некалькі гадоў (пак 3—5 м таўшчыні). Іх аб’ём каля 26 тыс.км³. Для Бафінава і Грэнландскага мораў характэрны айсбергі. На працягу некалькіх гадоў дрэйфуюць т.зв. ледзяныя астравы (таўшчынёй 30—35 м), якія выкарыстоўваюць для базіравання дрэйфуючых станцый. Сярэдняя скорасць дрэйфу лёду 7 км/сут, макс. — 100 км/сут. У П.Л.а. вылучаецца шырокая антыцыкланальная цыркуляцыя вод у Амеразійскім суббасейне і цыкланальная — у Нарвежска-Грэнландскім бас. Абодва кругавароты падзяляюцца Трансарктычным цячэннем (скорасць 3,7 км/сут), яго працяг — Усх.-Грэнландскае цячэнне (20—30 км/сут) выносіць 2/3 сцёку вады з Арктычнага басейна. Цёплыя воды з Атлантычнага ак. прыносяцца Нарвежскім цячэннем, Шпіцбергенскім і Нардкапскім цячэннямі. Праз Берынгаў прал. паступае вады ў 3—4 разы меней. П.Л.а. моцна апрасняецца рэкамі, якія прыносяць штогод больш за 5 тыс.км³ вады. Т-ра паверхневых вод летам -1,4 °C, зімой -1,7 °C, т-ра лёду -10 °C. Салёнасць паверхневых арктычных вод каля 30‰, макс. прыдонных 34,9‰. Шчыльнасць арктычных вод найб. 1026,17 кг/м³. Прылівы няправільныя паўсутачныя (1 м), макс. прыліў у Мязенскай губе Белага м. — 9 м.
Флора і фауна прадстаўлены арктычнымі і атл. формамі. Фітапланктону 200 відаў, пераважаюць дыятамеі. Фітабентас прадстаўлены ламінарыяй, анфельцыяй, фукусавымі, у Белым м. — заасцерай. Заабентасу каля 200 відаў (Нарвежска-Грэнландскі бас. і Баранцава-Карскі шэльф), кіты (паласацік і грэнландскі), млекакормячыя крыяфілы (белы мядзведзь, морж, цюлень) і інш. Рыб 150 відаў, прамысловыя: селядзец, траска, пікша, сайда, мойва і інш. Летам на астравах «птушыныя кірмашы»; гагары, тупікі і інш.
Гаспадарчае выкарыстанне. Моры Нарвежска-Грэнландскага бас., Баранцава-Карскага шэльфа і м. Бафіна — раёны рыбалоўства (мойва, мерланг, путасу, траска, марскі акунь, сайда, селядзец), промыслу грэнландскага цюленя, цюленя-лысуна, бялухі і інш. У Белым м. — водараслевы промысел. На ўзбярэжжах некаторых сібірскіх мораў распрацоўваюцца прыбярэжна-марскія касітэрытавыя і залатаносныя россыпы; у Канадскім Арктычным архіпелагу — свінцова-цынкавыя і жалезныя руды; на скандынаўскім узбярэжжы — храміты, нікелевыя, жалезныя і інш. руды; каля берагоў Грэнландыі — малібдэнавыя руды; у м. Бофарта — газанафтавае радовішча Прадха-Бей. Эксплуатуюцца і інш. газанафтавыя радовішчы. На архіпелагу Шпіцберген здабываецца каменны вугаль. Транспартныя шляхі: у Расіі па Паўночным марскім шляху (2—3 летнія месяцы), у ЗША і Канадзе па Паўночна-Заходнім праходзе (пралівы Канадскага Арктычнага архіпелага). Суднаходныя лініі на Грэнландыю, Ісландыю, Пн Скандынавіі і Шпіцберген у летні перыяд не залежаць ад лядовых умоў. Гал. парты: Мурманск (незамярзаючы), Кандалакша, Беламорск, Архангельск, Дыксан, Тыксі, Певек (Расія), Чэрчыл (Канада), Тромсё і Тронхейм (Нарвегія).
Літ.:
Богданов Ю.А., Каплин П.А., Николаев С.Д. Происхождение и развитие океана. М., 1978;
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЁ,
асобая форма існавання і руху матэрыі, здольная да развіцця (эвалюцыі) і якасна больш высокая, чым фіз. і хім. формы; асн. матыў існавання і змест перажывання чалавека, жыццёвы лёс наогул. Характарызуецца абменам рэчываў, раздражняльнасцю, самааднаўленнем, сістэмным самакіраваннем, перадачай энергіі і інфармацыі, прыстасаванасцю да ўмоў асяроддзя(адаптацыяй), а таксама адноснай самастойнасцю надарганізменных утварэнняў (біягеацэнозаў, экасістэм) пры агульным фізіка-хім. адзінстве жывога рэчыва біясферы Зямлі (магчыма, і ўсяго Сусвету). Існуюць розныя канцэпцыі паходжання і сутнасці Ж. Прыхільнікі крэацыянізму прызнаюць аднаактавае стварэнне арганізмаў Богам або шматлікія акты стварэння ўсё больш дасканалых форм Ж. пасля знішчэння папярэдніх у выніку «катаклізмаў». Тэорыя самаадвольнага і спантаннага зараджэння Ж. была пашырана ў Стараж. Кітаі (Канфуцый), Вавілоне і Егіпце. Віталізм, які абапіраецца на вучэнне Арыстоцеля аб энтэлехіі, растлумачвае працэсы Ж. дзеяннем нематэрыяльнай «энергіі душы», «жыццёвай сілы» або «жыццёвага парыву». Тэорыя біяхім. эвалюцыі прапануе сваю ўсеагульную схему ўзнікнення Ж. ў выніку працяглых пераўтварэнняў вугляродазмяшчальных злучэнняў, пераходу ад складаных арган. рэчываў да простых жывых арганізмаў; паводле палеанталагічных звестак, першыя жывыя арганізмы (аднаклетачныя) з’явіліся на Зямлі не менш як 3,5—3,8 млрд. гадоў назад. На глебе метафізічнага матэрыялізму распрацоўваліся канцэпцыі пра занясенне зародкаў жыцця на Зямлю з космасу (панспермія) і аб спрадвечным паралельным існаванні жывой і нежывой матэрыі. Франц. філосаф А.Бергсон разглядаў Ж. як працэс чалавечага быцця і ўяўляў яго ў форме зыходнага «ўзрыву», які прывёў да разгортвання жыццёвага працэсу; пры гэтым у якасці 2 асн. форм Ж. і пазнання ён вылучаў інтэлект і інтуіцыю. З псіхааналітычнага пункту погляду Ж. ўяўляе сабой узаемадзеянне структурных элементаў псіхікі, жыццядзейнасці індывіда і асаблівасцей навакольнага асяроддзя. На думку З.Фрэйда і Л.Шапенгаўэра А.Шапенгаўэра, «сапраўдным вынікам» і мэтай Ж. з’яўляецца дасягненне смерці, а сексуальныя схільнасці, якія ўзнаўляюць папярэднія станы праз зліццё дзвюх зародкавых клетак, ёсць увасабленне волі да Ж. Ідэі аб Ж. як рэдкай разнавіднасці смерці ляжаць у аснове канцэпцыі постструктуралізму, прадстаўнікі якога не проціпастаўляюць Ж. смерці, а ўводзяць іх у адносіны невырашальнай узаемаабарачальнасці. Гл. таксама Абіягенез, Гамеастаз, Дарвінізм, Філасофія жыцця.
Літ.:
Вернадский В.И. Живое вещество. М., 1978;
Фролов И.Т. О смысле жизни, о смерти и бессмертии человека. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІ́ХІКА (ад грэч. psychikos душэўны),
вышэйшая форма ўзаемасувязі жывых істот с прадметным светам, якая праяўляецца ў іх здольнасці дзейнічаць на аснове інфармацыі аб ім і рэалізоўваць свае намеры. Узнікла на пэўнай ступені біял. эвалюцыі, выступіла ў якасці аднаго з яе фактараў і забяспечвае ўсё большую складанасць прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання. Дзякуючы актыўнаму і аператыўнаму адлюстраванню органамі пачуццяў і галаўным мозгам аб’ектаў становіцца магчымым ажыццяўленне дзеянняў, адэкватных уласцівасцям гэтых аб’ектаў, а тым самым — выжыванню арганізма. Забяспечвае пошук і надсітуатыўную актыўнасць арганізмаў. П. чалавека і жывёл уключае комплекс працэсаў і станаў: успрыманне, памяць, мысленне, намеры, сны і інш., а таксама элементы псіхічнага вопыту: адчуванні, вобразы, уяўленні, эмоцыі. У чалавека П. набывае якасна новы характар, абумоўлены наяўнасцю мовы, свядомасці і самасвядомасці. П. чалавека развіваецца пад уплывам сацыякульт. фактараў і ўключае псіхічныя ўласцівасці (накіраванасць, тэмперамент, характар, здольнасці), працэсы (пазнавальныя, эмацыянальныя і валявыя), станы (уздым, прыгнечанасць і інш.), вопыт (веды, навыкі, уменні, звычкі). У П. прадстаўлены і ўпарадкаваны падзеі мінулага, сучаснага і магчымай будучыні. Падзеі мінулага выступаюць у даных вопыту, уяўленнях памяці; сучаснага — у сукупнасці вобразаў, перажыванняў, разумовых актаў; магчымай будучыні — у імкненнях, намерах, мэтах, а таксама ў фантазіі і інш. Залежнасць псіхічных працэсаў ад аб’ектыўнай рэчаіснасці адлюстравана ў тэорыі І.М.Сечанава, які вызначыў рэфлекторную прыроду П. ў процілегласць уяўленням аб П. як асобнай бесцялеснай субстанцыі — душы і механістычна-матэрыялістычным тэорыям, якія зводзілі П. да нервовых працэсаў. Ідэя Сечанава лягла ў аснову тэорыі грамадска-гіст.паходжання П. чалавека (рас. вучоныя Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, А.М.Лявонцьеў). Рас. вучоны С.Л.Рубінштэйн разглядаў П. як працэс, які фарміруецца і выяўляецца ў дзейнасці і павінен даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці. Асаблівы падыход у вывучэнні П. чалавека прапанавалі заснавальнік псіхааналізу З.Фрэйд і заснавальнік аналітычнай псіхалогіі К.Г.Юнг.
Літ.:
Лурия А.Р. Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;
Веккер Л.М. Психические процессы. Т. 1—3. Л., 1974—76;
Выготский Л.С. История развития высших психических функций // Собр. соч.М., 1983. Т. 3;
Гримак Л.П. Резервы человеческой психики: Введение в психологию активности. 2 изд. М., 1989;
Юнг К.Г. Структура психики и процесс индивидуации: Пер. с нем. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАНІ́ЦА (Triticum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў, з якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжання П. — Закаўказзе. Найб. пашыраны стараж. збожжавыя культуры, асн. прадукт харчавання амаль трэці насельніцтва зямнога шара П. цвёрдая (T. durum) і найб. урадлівая П. мяккая, або звычайная (T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна П. мяккая.
Аднагадовыя травы выш. 40—200 см (выш. вызначае ўстойлівасць да палягання і звязана з урадлівасцю). Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецце — складаны колас. У П. цвёрдай каласкі размешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне голае або плевачнае, белае, чырв. ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з баразёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, ферменты, мінер. рэчывы і інш. Па хлебапякарных уласцівасцях адрозніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты П. мяккай. З зерня П. атрымліваюць муку, крупы, крухмал, спірт. Вотруб’е і інш. адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прам-сці. Салома — грубы корм і подсціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляцення кошыкаў, капелюшоў, дэкар. вырабаў. Зялёная маса скормліваецца жывёле.
На Беларусі П. вядома з 6—8 ст.: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Банцараўскае (Мінскі р-н) і Загорцы (Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл.). Вырошчваецца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой П. (2000). Культывуюцца сарты мясц. селекцыі, атрыманыя ў Бел.НДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, азімай П.: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой П.: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і інш.
Літ.:
Вавилов Н.И. Мировые ресурсы сортов хлебных злаков, зерновых, бобовых, льна и их использование в селекции: Пшеница. М.; Л., 1964;
Носатовский А.И. Пшеница: Биология. 2 изд. М., 1965;
літаратурная арганізацыя, якая існавала ў 1925—32. Аформілася на 1-й Усесаюзнай канферэнцыі пралет. пісьменнікаў, уваходзіла ва Усесаюзную асацыяцыю пралет. пісьменнікаў (ВАПП), створаную ў 1924 на базе Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў (МАПП). Тэарэт. органам МАПП быў час. «На посту» (1923—25). Па яго назве кіраўнікі РАПП тагачасны літ. кірунак характарызавалі як напостаўскі. У сваёй дзейнасці напостаўцы дапусцілі шмат сур’ёзных памылак: камчванства, сектанцкія настроі, нігілістычныя адносіны да класічнай спадчыны, пагарда да пісьменнікаў, якія паходзілі з інтэлігенцыі, прэтэнзіі выступаць у л-ры ад імя партыі. Гэта было асуджана ў рэзалюцыі ЦК РКП(б) ад 18.6.1925 «Аб палітыцы партыі ў галіне мастацкай літаратуры».
У лют. 1926 у РАПП адбыўся раскол. Частка яго кіруючых дзеячаў (С.Родаў, Г.Лялевіч, І.Вардзін, А.Безыменскі) засталася на ранейшых пазіцыях, а большасць (Л.Авербах, Ю.Лібядзінскі, Дз.Фурманаў, У.Кіршон) прыняла рэзалюцыю ЦК РКП(б) як праграмны дакумент. Праз пэўны час у апошнюю групу ўліліся А.Фадзееў, У.Ярмілаў, А.Селіваноўскі і інш.Тэарэт. органам РАПП стаў час. «На литературном посту» (1926—32).
У літ. дыскусіях канца 1920-х г. з групай «Перавал», са школай В.Пераверзева і інш. рапаўская крытыка выступала супраць прыніжэння ролі светапогляду ў маст. працэсе, аднак пры гэтым наклейвала паліт. ярлыкі, з вульгарызатарскіх пазіцый ацэньвала творчасць М.Горкага, У.Маякоўскага, А.Талстога, М.Шолахава і інш.
На 1-м Усесаюзным з’ездзе пралет. пісьменнікаў (крас. — май 1928) структура ВААПП рэарганізавана. Замест Усесаюзнай асацыяцыі створана Усесаюзнае аб’яднанне асацыяцый пралет. пісьменнікаў (ВААПП), што спрыяла пэўнаму павароту РАПП да масавага літ. руху. РАПП перагледзела некат. ранейшыя ўстаноўкі, але новай канструктыўнай праграмы не выпрацавала. Па-ранейшаму кіруючыя вярхі РАПП і іх паслядоўнікі ў асацыяцыях нац. рэспублік, у т. л. ў Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, беспадстаўна прэтэндавалі на вядучае становішча ў л-ры, выхаваўчую работу падмянялі голым адміністраваннем, тактыкай літ. каманды. Яны насаджалі дагматызм, стваралі атмасферу падазронасці, недаверу, распальвалі варожасць паміж пісьменнікамі пралет. і непралет. паходжання, абвяшчалі паліт. лозунгі, якія дэзарыентавалі пісьменнікаў (лозунгі «адзям’яньвання», «арабочвання»). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦКВКП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» (23.4.1932).
Літ.:
Шешуков С. Неистовые ревнители: Из истории лит. борьбы 20-х гг.М., 1970.