БРАКО́ЎКА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ ЖЫВЁЛ,

выдаленне са статка жывёл, не прыдатных для ўзнаўлення або далейшага гасп. выкарыстання. Праводзіцца штогод з мэтай паляпшэння статка. Аб’ёмы залежаць ад кірунку гаспадаркі, віду і ўзросту жывёл, інтэнсіўнасці іх выкарыстання. Напр., штогод бракуюць 20—25% кароў, 20% цялушак у малочных статках, 20—30% дарослых свіней у племянных гаспадарках, 70% свінак у перыяд дарошчвання, да пераводу іх у групу асн. матак. Выбракаваных жывёл перад забоем ставяць на адкорм. Племянных жывёл бракуюць пры баніціроўцы, у таварных статках — у розныя тэрміны (буйн. раг. жывёлу звычайна ўвосень перад пастаноўкай на стойлавае ўтрыманне, авечак — у 2-й пал. лета пасля адымання ягнят).

т. 3, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАТО́ЎСКІ Міхаіл Міхайлавіч, бел. краязнавец і этнограф 2-й пал. 19 ст. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1857), працаваў у ёй настаўнікам. Доўгі час жыў на Палессі, вывучаў яго гісторыю, заняткі, побыт і культуру насельніцтва. У 17 нарысах, апублікаваных у пецярбургскай газ. «Русский мир» (1875), выклаў уражанні і назіранні, акрэсліваў межы бел.-ўкр. Палесся, адзначаў захаванне перажыткаў язычніцтва. 6 нарысаў прысвяціў пашырэнню каталіцызму на Бел. Палессі, апісаў антыезуіцкія паўстанні ў Мазыры (1581), Янаве (1657). Перадрукі асобных нарысаў зроблены ў пецярб. час. «Нива».

Тв.:

Полесские свята: Из очерков Полесья // Нива. 1880. № 29, 30;

Полесские будан // Там жа. 1881. № 2;

Полесская поганьщина // Там жа. № 27.

В.​К.​Бандарчык.

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дрыса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПдУ ад г. Верхнядзвінск, 152 км ад Віцебска, 4 км ад чыг. раз’езда Беніслаўскага. 990 ж., 394 двары (1995).

У канцы 18 — пач. 19 ст. побач з Валынцамі ў фальварку Забелы пры дамініканскім кляштары існаваў калегіум і дзейнічаў Забельскі школьны тэатр. У 1-й пал. 19 ст. ў Валынцах жыў і вучыўся ў Забельскай гімназіі бел. пісьменнік А.Вярыга-Дарэўскі. У 1924—29 цэнтр Валынецкага раёна ў Полацкай акрузе.

Перасоўная механізаваная калона. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі, Свята-Барысаглебская царква.

т. 3, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАН (Van),

горад на У Турцыі, каля воз. Ван. Адм. ц. іля Ван. Каля 150 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя. Харчовая, цэм. прам-сць.

Узнік у 1-м тыс. да н.э. Да 6 ст. да н.э. пад назвай Тушпа сталіца дзяржавы Урарту. Да 1 ст. да н.э. значны горад Стараж. Арменіі. У 364 разбураны войскамі сасанідскага цара Шапура II. У 10 ст. ў складзе Васпураканскага царства. З 1022 пад уладай Візантыі, пасля — сельджукаў. У 2-й пал. 14 ст. двойчы разбураны войскамі Цімура. З 17 ст. пад уладай Турцыі. У 1-ю сусв. вайну 1914—18 арм. насельніцтва Вана выселена і знішчана тур. ўладамі.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТА́ЛІЙ,

усходнеславянскі рэліг. дзеяч і пісьменнік 1-й пал. 17 ст. Аўтар духоўных вершаў, перакладчык царк. кніг з грэч. і лац. моў. Пераклаў на царк.-слав. мову і выдаў кн. «Дыёптра, або Люстра жыцця людскога на тым свеце...» (Еўе, 1612; перавыдадзена ў Еўі і Вільні ў 1642, Куцейне ў 1651 і 1654, Магілёве ў 1698, Клінцах у 1786), прасякнутую царк.-рэліг. тэндэнцыямі. У кнізе змешчаны таксама тыпова барочныя паводле характару і стылю філас.-дыдактычныя вершы Віталія, у якіх праводзяцца ідэі хрысц. аскетызму, марнасці зямнога жыцця.

Літ.:

Франко І. Забутий український віршописець XVII в. // Зап. наук. т-ва ім. Шевченка. 1898. Т. 22, кн. 2.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 4, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНАНАРЫ́ВУ (Antananarivo),

Тананарыве, горад, сталіца, гал. эканам. і культ. цэнтр Мадагаскара. Адм. ц. правінцыі Антананарыву. 802 тыс. ж. (1990). Размешчаны на плато ў цэнтр. ч. в-ва Мадагаскар, на выш. 1200—1400 м над узр. мора. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Івату. Харчасмакавая, гарбарная, абутковая, хім., дрэваапр., тэкст., паліграф. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў, аўтазборачны з-д і інш. Ун-т.

Засн. ў 1-й пал. 17 ст. каралём дзяржавы Імерына Андрыянзакам. У 17—19 ст. рэзідэнцыя каралёў Мадагаскара. У 1895 захоплены французамі, з 1896 адм. цэнтр франц. калоніі, з 1960 сталіца Мадагаскара. Музеі (у т. л. малагасійскага мастацтва).

Верхняя частка г. Антананарыву.

т. 1, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАВА́Я АБАРО́НА,

сілы і сродкі флоту, берагавыя ўмацаванні, прызначаныя для абароны ваенна-марскіх партоў, узбярэжжа, астравоў, праліваў ад нападу праціўніка з мора, сушы, паветра. Пачала фарміравацца ў 14 ст. з выкарыстаннем артылерыі, якая да сярэдзіны 20 ст. складала аснову берагавой абароны. Выкарыстоўваліся таксама марская пяхота, стралковыя і інж.-сапёрныя часці, зенітная артылерыя, караблі і катэры прыбярэжнага дзеяння, фартыфікацыйныя збудаванні і мінныя загароды. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі са стварэннем берагавых ракетна-артыл. войскаў берагавая абарона ажыццяўляюць сіламі сухапутных войскаў, войскаў ППА, ВПА і ВМФ. У некат. краінах берагавая абарона ўскладзена на ваенна-марскія сілы, у ЗША, напр., — на ваенна-марскія акругі і сухапутныя войскі.

т. 3, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУНЬЮЭ́ЛЬ, Бюнюэль (Buñuel) Луіс (22.2.1900, Каланда, прав. Тэруэль, Іспанія — 29.7.1983), іспанскі кінарэжысёр. Працаваў у Іспаніі, Францыі, ЗША, Мексіцы. Прадстаўнік сюррэаліст. кірунку ў зах.-еўрап. кінематографе 2-й пал. 1920-х г. («Андалузскі пёс», «Залаты век»). У больш позніх фільмах выкрываў рэліг. і грамадскія міфы, існаванне якіх абмяжоўвала свабоду чалавека: «Назарын» (1958), «Вірыдыяна» (1961), «Трыстана» (1970), «Сціплае абаянне буржуазіі» (1972), «Гэты невыразны аб’ект жадання» (1977; за 2 апошнія прэмія «Оскар»). З інш. фільмаў: «Лас Урдэс. Зямля без хлеба» (1932, дакумент.), «Вялікае казіно» (1945), «Лесвіца на неба» (1951).

Тв.:

Рус. пер. — Бунюэль о Бунюэле: Мой последний вздох: (воспоминания);

Сценарии. М., 1989.

Л.Буньюэль.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́ЛЬСК,

вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса «Пагранічны». За 24 км на Пд ад Гродна, 9 км ад шашы Гродна—Ваўкавыск. 837 ж., 283 двары (1994).

Вядома як мястэчка з 15 ст. З 1690 вёска ў Трокскім ваяв., належала Гродзенскай эканоміі. З 1808 заштатны горад Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ. Жыхары займаліся вырабам тканін, сельскай гаспадаркай, гандлем. У 1897 у Адэльску 1462 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска. З 1939 у БССР, з 1940 у Гродзенскім р-не.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Касцёл Ушэсця — помнік нар. дойлідства (1-я пал. 18 ст.).

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАДЖА́-ХЮЮ́К (Alaca Hüyük),

узгорак недалёка ад г. Багазкёй на Пн Цэнтр. Турцыі, дзе выяўлены археал. напластаванні ад эпох энеаліту і бронзавага веку (4—3-е тыс. да н.э.) да 7—6 ст. да н.э. Раскопкамі з 1935 выяўлены царскі (?) могільнік з 13 пахаваннямі (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.). У грунтавых камерах разам з касцякамі нябожчыкаў знойдзена шмат залатых і медных вырабаў (посуд, зброя, фігуркі быкоў і аленяў, упрыгожанні). Да хецкага часу (2-е тыс. да н.э.) адносяцца рэшткі абарончых сцен з варотамі (упрыгожаны фігурамі сфінксаў), храма і інш. збудаванняў.

Да арт. Аладжа-Хююк. Штандар з царскага могільніка.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)