НАРМА́ЛЬНЫЯ ВАГА́ННІ,
уласныя (свабодныя) гарманічныя ваганні лінейных дынамічных сістэм з пастаяннымі параметрамі, дзе адсутнічаюць страты энергіі ці яе прыток ад знешніх крыніц. Характарызуюцца пэўным значэннем частаты, з якой вагаюцца элементы сістэмы, і формай (размеркаваннем амплітуд і фаз па элементах сістэмы).
Дыскрэтныя сістэмы, якія складаюцца з Ν звязаных гарманічных асцылятараў (напр., мех. маятнікаў, вагальных контураў), маюць роўна Ν Н.в. Размеркаваныя сістэмы (напр., струна, мембрана, рэзанатар) маюць бясконцае злічонае мноства Н.в. Адвольны свабодны рух сістэмы можна выявіць як суперпазіцыю Н.в., а поўная энергія руху распадаецца на суму парцыяльных энергій асобных Н.в. Пры знешнім узбуджэнні сістэмы Н.в. ў значнай ступені вызначаюць яе рэзанансныя ўласцівасці (гл. Рэзананс).
т. 11, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРО́ІД, палярызацыйны святлафільтр,
адзін з асн. відаў лінейных палярызатараў.
Уяўляе сабой тонкую палярызацыйную плёнку, якая мае вял. колькасць аднолькава арыентаваных мікракрышталікаў рэчыва і заклеена для аховы ад мех. пашкоджанняў і ўздзеяння вільгаці паміж 2 празрыстымі пласцінкамі. Плёнка раскладае светлавы прамень, што падае на яе, на 2 прамяні (гл. Падвойнае праменепераламленне) і адзін з іх паглынае. Натуральнае святло пры праходжанні праз яе палярызуецца (гл. Палярызацыя святла). Выкарыстоўваецца ў палярызацыйных прыладах у розных дыяпазонах аптычнага выпрамянення, а таксама для розных тэхн. мэт, напр., П. на фарах і ветравым шкле аўтамабіля ахоўваюць вадзіцеля ад асляплення святлом сустрэчных машын, акуляры з П. засцерагаюць вочы ад яркага святла.
т. 12, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад грэч. piezō цісну + магнетызм), п’езамагнітны эфект,
узнікненне ў рэчыве намагнічанасці пад уздзеяннем знешняга ціску. Адкрыты ў 1959 В.-А.С.Баравік-Раманавым. Магчымы толькі ў антыферамагнетыках і прынцыпова немагчымы ў парамагнетыках і дыямагнетыках. Узнікае з прычыны скосу антыферамагн. падрашотак ці адноснай змены значэння іх намагнічанасці. Выяўлены ў фтарыдзе кобальту CoF2, фтарыдзе марганцу MnF2, аксідзе жалеза α-Fe2O3. Намагнічанасць Ji у іх прапарцыянальная прыкладзенаму мех. напружанню σkl : Ji = Λikl∙σkl. П’езамагнітны эфект невялікі — макс. значэнне каэфіцыента Λikl (у CoF2) ~2∙10−12 Тл∙м²/H. Адваротным адносна П. эфектам з’яўляецца лінейная магнітастрыкцыя — лінейнае змяненне памераў крышталя, прапарцыянальнае прыкладзенаму магн. полю.
т. 12, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАСНАЯ АПРАЦО́ЎКА ВО́ЎНЫ,
комплекс тэхнал. працэсаў па падрыхтоўцы воўны-сыравіны да далейшай перапрацоўкі. Адбываецца на спец. прадпрыемствах воўнаапрацоўчай прам-сці — фабрыках па П.а.в. (на Беларусі ў пас. Ільіч Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.). Асн. этапы: сартаванне, трапанне, мыццё, высушванне.
Пры сартаванні атрымліваюць аднародныя па тэхн. якасцях партыі воўны. Сартаваная воўна на трапальных агрэгатах разрыхляецца, і пазбаўляецца мех. прымесей. Мыюць воўну ў мыйных агрэгатах цёплым (40—48 °C) мыльна-содавым растворам, выдаляюць тлушчапот, мінер. прымесі, адціскаюць, разрыхляюць і высушваюць пры т-ры 50—60 °C. Пры парушэннях рэжымаў П.а.в. ўзнікаюць заганы воўны: зніжэнне трываласці, пругкасці, эластычнасці, страта бляску.
Л.Ф.Драбышэўскі.
т. 12, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РЫ (ад грэч. poros адтуліна). У раслін — паглыбленні ў другаснай клетачнай абалонцы. Фарміруюцца ў абалонках сумежных клетак адна супраць адной. Адрозніваюць П. простыя — у клетачных абалонках парэнхімных і мех. тканак і абкружаныя — у водаправодных элементах. Адыгрываюць важную ролю ў правядзенні вады і пажыўных рэчываў. У жывёл П. — адтуліны вывадных пратокаў потавых залоз на паверхні эпідэрмісу (потавыя П.); адтуліны каналаў, якімі смакавыя органы злучаюцца з паверхняй эпітэлію слізістай абалонкі ротавай поласці (смакавыя П.). У марфалогіі П. — круглыя ўчасткі ў абалонцы клетачнага ядра, запоўненыя складана арганізаванымі глабулярнымі і фібрылярнымі структурамі. Адыгрываюць важную ролю ў транспарце буйных малекул з ядра ў цытаплазму і назад.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЛЬНАЯ МАШНА,
машына для мех. мыцця, паласкання і адціскання бялізны. Бываюць без адціскання (малагабарытныя пераносныя), з ручным валковым адцісканнем, паўаўтам. двухба́кавыя з дыскавым актыватарам раствору і цэнтрыфугай для адціскання або аднаба́кавыя барабаннага тыпу, аўтаматычныя з праграмным кіраваннем (звычайна аднаба́кавыя барабаннага тыпу).
Перамешванне бялізны і актывацыя раствору, неабходная для яго інтэнсіўнай цыркуляцыі, ажыццяўляецца звычайна вярчальным лопасцевым дыскам (актыватарам) ці барабанам. Актыватар манціруецца ў дно ці ў сценку бака, прыводзіцца ў рух электрарухавіком, што ўключаецца таймерам. У машынах барабаннага тыпу бялізна мыецца ў перфарыраваным барабане, які рэверсіўна круціцца ў пральным баку, запоўненым мыйным растворам. Загрузка бытавых П.м. да 5 кг, камунальных — да 200 кг сухой бялізны.
т. 12, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДНІ́ЦКІ Валерый Аркадзевіч (н. 16.4.1941, г. Гомель),
бел. вучоны ў галіне фізікі неразбуральнага кантролю. Д-р тэхн. н. (1993). Чл. Нью-Йоркскай АН (1997). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1965). З 1965 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі (з 1993 заг. лабараторыі). Навук. працы па механіцы кантактавага дэфармавання і кантролю фізіка-мех. характарыстык матэрыялаў. Распрацаваў асновы тэорыі дынамічнага кантактавага ўзаемадзеяння жорсткага індэнтара з пругкапластычнай і вязкапругкай паўпрасторамі (асяроддзямі).
Тв.:
О влиянии параметров динамического нагружения на соотношение статической и динамической твердости // Пробл. прочности. 1990. №9;
Динамический метод оценки механических свойств материалов с использованием эффекта Виллари (разам з С.Р.Мельнікавым) // Дефектоскопия. 1998. №2.
т. 13, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНДАМІ́РСКІ Сяргей Рыгоравіч (н. 27.9.1956, Кіеў),
бел. вучоны ў галіне фізікі неразбуральнага кантролю. Д-р тэхн. н. (1994). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Скончыў БДУ (1978). З 1978 у Ін-це прыкладной фізікі (з 1996 заг. лабараторыі), з 1999 у Ін-це надзейнасці машын (заг. лабараторыі) Нац. АН Беларусі. Навук. працы па метадах магн. кантролю фіз.-мех. уласцівасцей вырабаў. Распрацаваў аналіт. апісанне працэсаў перамагнічвання ферамагн. цел з улікам размагнічвальнага ўплыву іх формы.
Тв.:
Остаточная намагниченность ферромагнитного тела, намагниченного в разомкнутой магнитной цепи // Дефектоскопия. 1997. № 8;
Изменение чувствительности магнитного метода контроля физико-механических свойств сталей при намагничивании изделий в разомкнутой магнитной цепи // Там жа. 1998. № 7.
т. 14, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРА́НСК,
горад, сталіца Мардовіі, у Расіі, на левым беразе р. Інсар (бас. р. Волга). Засн. ў 1641 як крэпасць на паўд.-ўсх. мяжы Расійскай дзяржавы. 318 тыс. ж. (1999). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (у т. л. эл.-тэхн., прыладабудаўніцтва, вытв-сць экскаватараў, аўтасамазвалаў, тэлевізараў; з-ды; мех., мед. абсталявання і прэпаратаў, кабельны і інш.), хім.-фармацэўтычная і хім., харч., лёгкая. 2 ВНУ, у т. л. Мардоўскі ун-т. 3 тэатры: драмы, муз. камедыі, лялек. Філармонія. Музеі: краязн., карцінная галерэя, скульптара С.Дз.Эрзі. Арх. помнікі: царква Іаана Багаслова (канец 17 ст.), мураваныя палаты (т. зв. Пугачоўская палатка, 17 ст.) і інш.
т. 14, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЎКІН Валянцін Георгіевіч (н. 20.11.1932, г. Гомель),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1990). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1959). З 1963 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі. Навук. працы па структуры і фіз.-мех. уласцівасцях палімераў і кампазіцыйных матэрыялаў на іх аснове, вывучэнні трэння і зносу палімерных матэрыялаў. Распрацаваў новы навук. кірунак — структурную трыбамеханіку палімераў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Трение полимеров. М., 1972 (у сааўт.);
Трение и износ материалов на основе полимеров. Мн., 1976 (у сааўт.);
Структурная трибомеханика материалов на основе полимеров (разам з А.І.Свірыдзёнкам) // Трение и износ. 1980. Т. 1, №1.
т. 14, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)