ВАШЫНГТО́Н (Washington),

штат на ПнЗ ЗША у групе Ціхаакіянскіх штатаў. На Пн мяжуе з Канадай. Пл. 182,9 тыс. км². Нас. 5255 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Алімпія. Буйныя гарады Сіэтл, Спакан, Такома, Эдмандс, Белінгхем. На З штата ўздоўж узбярэжжа Берагавыя хрыбты, на У ад іх Каскадныя горы, паміж імі ўпадзіна зал. П’юджэт-Саўнд. На ПдУ Калумбійскае лававае плато. Клімат на З марскі, на У кантынентальны. На З сярэдняя т-ра студз. 4 °C, ліп. 16—17 °C, ападкаў 2000 мм за год; на У т-ра студз. каля -3 °C, ліп. 20—23 °C, ападкаў 400—500 мм. Рэкі горныя, багатыя запасамі гідраэнергіі, найб. Калумбія (мае ⅓ патэнцыяльных гідраэнергарэсурсаў ЗША) з прытокам Снейк. У гарах хвойныя лясы (дугласія і інш.), на плато — лесастэп. Пл. лясоў 10,1 млн. га (2-е месца сярод штатаў пасля Аляскі). Карысныя выкапні: медзь, цынк, золата, серабро, магнезіт. Развіта авіякасм. (з-ды Боінг у Сіэтле і яго прыгарадах), суднабуд., дрэваапр., хім., харч., цэм., атамная прам-сць. Значныя лесанарыхтоўкі. Буйныя ГЭС, у т. л. самая вял. ў ЗША Гранд-Кулі. Больш за 1000 плацін і дамбаў. Каляровая металургія (асабліва выплаўка алюмінію). У сельскай гаспадарцы каля 67% даходаў дае раслінаводства. Штат вылучаецца зборамі яблыкаў, груш, абрыкосаў, персікаў, вішань, вінаграду, малін, агародніны, хмелю. Значныя зборы пшаніцы (2,8 млн. т; 1992), бульбы, сачавіцы, сеяных траў. На ўзбярэжжы малочная жывёлагадоўля, у гарах авечкагадоўля. Рыбалоўства. Аўтадарог 79,4 тыс. км (1993). Марскія парты Сіэтл, Такома, Ванкувер (у ніжнім цячэнні р. Калумбія). Значнае індзейскае насельніцтва і некалькі рэзервацый. Нац. паркі Маўнт-Рэйнір, Алімпік, Норт-Каскейдс. Турызм.

М.​С.​Вайтовіч.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ДЫО (Palladio; сапр. ды П’етра Манара; di Pietro Monaro) Андрэа

(30.11.1508, г. Падуя, Італія — 19.8.1580),

італьянскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; прадстаўнік Позняга Адраджэння. Пад кіраўніцтвам Дж.​Дж.​Трысіна атрымаў арх. і ўсебаковую гуманіст. адукацыю. У ранніх творах спалучаў рым. веліч шырокіх адкрытых аркад з венецыянскай свабодай і багаццем дэкору (т.зв. Базіліка ў Вічэнцы, перабудавана ў 1549 з палаца Раджоне, 13 ст.). Шматлікія палацы ў Вічэнцы (палацца Т’ене, К’ерыкаці, 1551; Вальмарана, пачаты ў 1566; т.зв. лоджыя дэль Капітаніо, 1571) — звычайна цагляныя пабудовы з ордэрнымі атынкаванымі фасадамі; ордэрную сістэму выкарыстоўваў для разнастайных кампазіцыйных варыяцый з улікам канкрэтных умоў буд-ва. Майстэрства гарманічна звязаць архітэктуру з ландшафтам выявілася ў вілах, адметных выразнасцю і прастатой форм і агульнай кампазіцыі (віла Капра ці «Ратонда» каля Вічэнцы, 1551—67, скончана ў 1580—91, арх. В.​Скамоцы). У культавых пабудовах (царква Сан-Джорджа Маджорэ ў Венецыі, 1565—80) аб’яднаў матыў ант. порціка на фасадзе з базілікальным тыпам храма. Адзін з першых стварыў праект тэатр. будынка новага часу (т-р «Алімпіка» ў Вічэнцы, 1580—85, скончаны арх. Скамоцы), у якім спалучыў класічную форму амфітэатра з ілюзорнымі дэкарацыямі сцэны. Аўтар трактата «Чатыры кнігі пра архітэктуру» (1570) — рэнесансавая інтэрпрэтацыя працы Вітрувія, кніг «Рымскія старажытнасці» (1554) і «Каментарыі да Юлія Цэзара» (1575). Творчасць П. паўплывала на развіццё класіцыстычнага кірунку ў еўрап. архітэктуры 17—18 ст. (гл. Паладыянства).

Тв.:

Рус. пер. — Четыре книги об архитектуре. М., 1938.

Літ.:

Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.

А.Паладыо.
А.Паладыо. Палацца К’ерыкаці ў г. Вічэнца. 1551.
А.Паладыо. План вілы «Ратонда» каля г. Вічэнца. 1551—67.

т. 11, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНЬ,

горад, цэнтр Любанскага р-на Мінскай вобл., на р. Арэса. За 152 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Урэчча на лініі Баранавічы—Асіповічы. Аўтадарогамі злучаны з Глускам, Жыткавічамі, Чырв. Слабадой, Салігорскам, Слуцкам. 12,2 тыс. ж. (1998).

У 16 ст. мястэчка кн. Алелькавічаў у Слуцкім княстве. З 1589 уласнасць Тышкевічаў, з 1617 — кн. Радзівілаў. У 1560-я г. ў Л. каля 230 ж., 35 двароў. З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Забалоцкай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ. У час паўстання 1794 пад Л. адбыўся Любанскі бой 1794. У пач. 1880-х г. у мястэчку 500 ж., 136 двароў, Праабражэнская царква, 3 яўр. малітоўныя дамы, 2 млыны, крама, прыстань. У 1897 у Л. 766 ж. У пач. 20 ст. — цэнтр Забалоцкай вол. З 26.5.1922 у Слуцкім пав. БССР. У 1923—1680 ж. 232 двары. З 17.7.1924 цэнтр Любанскага раёна. У 1931 утвораны калгас, працавалі крухмальны і льняны з-ды, Дом культуры, хата-чытальня, бальніца, хлебапякарня. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 28.7.1941 да 30.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў створаным тут лагеры ваеннапалонных загубілі 1610 чал., у ліст. 1941 загубілі 785 яўрэяў. У Л. дзейнічала камсам маладзёжная група, у ліст. 1941 партызаны разграмілі ў пасёлку фаш. гарнізон (гл. Любанскі бой 1941). З 7.3.1968 горад. У 1970—6,7 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч. (сыраробны камбінат, доследны рыбгас «Любань»), швейнай, буд. матэрыялаў (Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сці. Ільнозавод. Любанскі музей народнай славы. Мемар. комплекс сав. актывістам, воінам, партызанам і падпольшчыкам; магіла ахвяр фашызму.

В.​М.​Удальцоў.

Любань. Будынак райвыканкома.

т. 9, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ТРА́КТАРНЫ ЗАВО́Д (МТЗ) імя У.​І.​Леніна. Засн. ў 1946—48 у Мінску. З 1972 галаўное прадпрыемства ВА «Мінскі трактарны завод»; мае 4 з-ды-філіялы: Віцебскі завод трактарных запасных частак, Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Мінскі спец. інструменту і тэхнал. аснасткі, Смаргонскі агрэгатны. З 1948 вырабляў пускавыя рухавікі, з 1950 — гусенічныя с.-г. і тралёвачныя трактары, з 1953 — колавыя с.-г. трактары «Беларусь» на пнеўматычных шынах, з 1961 — трактар МТЗ-50 магутнасцю (40 кВт) з 1974 — МТЗ-80 (55—59 кВт), у 1984 — МТЗ-100 і МТЗ-102 (74 кВт), пазней — «Беларусь-1025», у 1993—94 — мадэрнізаваныя трактары серыі 900 (60—66 кВт), з 1995 — «Беларусь-1221» (96 кВт). У 1981 пачаў выпуск сям’і міні-тэхнікі: мотаблокі (4—6 кВт), міні-трактары (9—12 кВт), малагабарытныя трактары (12—26 кВт). У 1995 выпусціў 3-мільённы трактар і 500-тысячны экспартны трактар «Беларусь». Асн. прадукцыя (1999): 44 мадэлі розных відаў новай тэхнікі. ВА «МТЗ» — адна з найбуйнейшых у свеце кампаній па выпуску і экспарце колавых трактароў, на яе долю прыпадае 8—10% сусв. рынку трактароў у сваім класе. Мае больш як у 60 краінах свету 13 уласных і змешаных акц. т-ваў, 30 фірм-агентаў за мяжой і 140 дылерскіх цэнтраў у СНД. ВА «МТЗ» узнагароджана міжнар. прызам «Залаты Меркурый». На міжнар. выстаўках і кірмашах трактары «Беларусь» атрымалі 27 медалёў, у т. л. 24 залатыя.

Узоры прадукцыі Мінскага трактарнага завода. 1 — трактар «Беларусь-1522»; 2 — трактар «Беларусь-680»; 3 — трактар «Беларусь-1221»; 4 — трактар «Беларусь-220»; 5 — мотаблок «Беларусь-08БС»; 6 — трактар «Беларусь-082БС».

т. 10, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎПАТО́РЫЯ,

горад на Украіне, у Рэспубліцы Крым, на беразе мелкаводнага заліва Чорнага м. 110,5 тыс. ж. (1991). Порт, чыг. станцыя. З-ды: рамонтна-мех., вінаробны, малочны, рыбны. Краязнаўчы музей, тэатр. Арх. помнікі: мячэць Джума-Джамі (1552), тур. лазня (16 ст.), 2 караімскія храмы (18 ст.).

У 6—5 ст. да н.э. на месцы сучаснай Е. грэкі заснавалі калонію Керкінітыда (згадваецца ў Герадота). У 3 ст. да н.э. належала Херсанесу Таўрычаскаму. У 2 ст. да н.э. на месцы б. калоніі размяшчаўся рым. ваен. лагер, названы Е. ў гонар Мітрыдата VI Еўпатара. У 4 ст. н.э. горад заняпаў. У 15 ст. рэзідэнцыя крымскіх ханаў, у 16—17 ст. на месцы Е. тур. крэпасць і горад Гезлёў, адзін з пунктаў гандлю рабамі ў Крыме. З 1783 у складзе Расіі, у 1784 перайменавана ў Е. У час рус.-тур. вайны 1853—54 захоплена па чарзе франц., англ. і тур. войскамі. Месца ваен. дзеянняў у час грамадз. вайны (1918—22). У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (1941—44).

Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Развіваецца з канца 19 ст., у сав. час ператварыўся ў дзіцячы курорт. Субтрапічны клімат, пляжы, працяглы купальны сезон і інш. фактары спрыяюць эфектыўнаму аздараўленню і лячэнню дзяцей, хворых на рэўматызм, з парушэннямі функцый органаў дыхання (нетуберкулёзнага паходжання), руху і апоры (у т. л. касцёва-сустаўнага туберкулёзу, скаліёзу), нырак, нерв. сістэмы (інфекц. этыялогіі) і інш. У лячэнні выкарыстоўваюць аэра-, гелія- і таласатэрапію, азёрныя і ліманныя гразі, рапу, мінер. і тэрмальныя воды. Дзесяткі санаторыяў, пансіянатаў і баз адпачынку, у т. л. для дарослых.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭ́ШАЎ (Rzeszów),

горад на ПдУ Польшчы, на р. Віслак. Адм. ц. Жэшаўскага ваяв. 159 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць авіяц. рухавікоў, эл.-тэхн. абсталявання, прыладабудаванне), харчовая (мясакамбінат, плодакансервавыя з-ды). З-д тэхн. фарфору. Політэхн. ін-т, Вышэйшая пед. школа. Тэатры, філармонія. Музей, маст. галерэя.

У 11—12 ст. пасяленне, пазней памежны горад Сандамірскай зямлі. У пач. 14 ст. захоплены галіцкімі князямі, зноў уключаны ў склад Польшчы Казімірам III Вялікім. Гар. правы з 1354. Дасягнуў росквіту ў канцы 16—1-й пал. 17 ст., важны гандл.-рамесны цэнтр на шляху з Кракава ў Расію (адбываліся кірмашы). Ў 17—19 ст. у Ж. існаваў калегіум піяраў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у складзе Аўстрыі (1772—1918). Ў 2-ю сусв. вайну пад ням.-фаш. акупацыяй.

Захаваліся арх. помнікі: парафіяльны касцёл (1-я пал. 15 ст., у стылі готыкі, перабудаваны ў 1754 у стылі барока); кляштар бернардзінцаў з касцёлам у стылі маньерызму (1624—29; кляштар перабудаваны ў 19 і 20 ст.); кляштар піяраў (1624—29; дабудаваны ў 1702—07, арх. Тыльман Гамерскі) з барочным касцёлам (1642—49); калегіум (1703—04, арх. Тыльман Гамерскі; перабудаваны ў 1835 і ў 2-й пал. 19 ст.); сінагогі Старога горада (17 ст.) і Новага горада (1705—10; адноўлена ў 1954—63); стараж. замак з барочнай вежай колішняга палаца (1620); бастыённыя фартыфікацыі (1-я пал. 17 ст.); палац Любамірскіх (пач. 18 ст., арх. Тыльман Гамерскі (?); перабудаваны ў 18 ст., арх. Т.​Белоцы, і ў 20 ст.).

т. 6, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ДЖА (Caravaggio; сапр. Мерызі да Караваджа, Merisi da Caravaggio) Мікеланджэла (28.9.1573, Караваджа, каля Бергама, Італія — 18.7.1610), італьянскі жывапісец, заснавальнік рэаліст. кірунку ў еўрап. жывапісе 17 ст. Вучыўся ў Мілане (1584—88). Працаваў у Рыме, Неапалі, на а-вах Мальта і Сіцылія. У ранні перыяд імкнуўся да пераадолення ўласцівых маньерызму і акадэмізму ўмоўнасці і ідэалізацыі вобразаў, пошуку нар. прататыпаў і простых быт. сюжэтаў, індывід. выразнасці канкрэтнай мадэлі, увасабляў у ант. сюжэтах святочна-гульнявы нар. пачатак («Вакх», 1592—93, і інш.). Узбагаціў новыя жанры жывапісу: нацюрморт («Кошык з садавінай», каля 1596), быт. жанр («Варажбітка», 1590-я г.), даваў жыццёвую трактоўку рэліг. матывам («Адпачынак на дарозе ў Егіпет», 1590-я г.). У канцы 1590-х г. склалася арыгінальная жывапісная сістэма К.: ярка асветлены праменем святла пярэдні план карціны вылучаўся на агорнутым глыбокім ценем фоне, чым дасягалася падкрэсленая аптычная нагляднасць выявы і ўражанне яе непасрэднай блізкасці да гледача; магутныя святлоценявыя кантрасты стваралі драм. настрой, строгі малюнак, энергічная пластычная лепка і колеравыя дамінанты падкрэслівалі рэальнасць матываў, перадавалі эмацыянальнае напружанне («Нясенне крыжа», 1590-я г.; «Прызнанне апостала Матфея», 1599—1600; «Укрыжаванне апостала Пятра», «Ператварэнне Саўла», абодва 1600—01; «Мадонна ды Ларэта», каля 1603—06; «Палажэнне ў труну», 1602—04; «Успенне Марыі», каля 1605—06). У позніх работах узмацніўся трагізм светаўспрымання, жывапісная манера набыла рысы свабоднай імправізацыйнасці, колеравая гама — танальнага адзінства («Сем дзеянняў міласэрнасці», 1607; «Пахаванне св. Лючыі», 1608; «Адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля», 1609). Творчасць К. паўплывала на Рэмбранта, П.​П.​Рубенса, Д.​Веласкеса і інш. Гл. таксама Караваджызм.

В.​Я.​Буйвал.

М.Караваджа. Нясенне крыжа. 1590-я г.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МІ-ПЯРМЯ́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,

у складзе Пермскай вобл. Рас. Федэрацыі. Утворана 26.2.1925 як Комі-Пярмяцкая нац. акруга, з 1991 сучасная назва. Размешчана ў Перадураллі, у верхнім цячэнні р. Кама. Пл. 32,9 тыс. км². Нас. 154 тыс. чал. (1997), гарадскога 30%. Цэнтр — г. Кудымкар. Гар. пасёлкі: Гайны, Майкар, Пожва (гл. карту да арт. Пермская вобласць).

Прырода. Паверхня хваліста-раўнінная. На Пн Паўн. Увалы (выш. да 270 м), на З — Верхнякамскае ўзв. (выш. да 280 м). Карысныя выкапні: буд. матэрыялы (мергель, пясок, гліна), торф. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 да -17 °C, ліп. 17—18 °C. Ападкаў 500—550 мм за год. Гал. рака — Кама з прытокамі Каса, Іньва, Вясляна. Глебы падзолістыя, на Пд дзярнова-падзолістыя. 80% тэрыторыі пад таежнымі лясамі (хвоя, елка, лістоўніца, піхта). Гал. прамысл. звяры: вавёрка, зайцы русак і бяляк, куніца, ліс; з птушак — рабчык, цецярук, глушэц.

Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — лясная і дрэваапр. (нарыхтоўка драўніны, лесапілаванне, мэблевая і бандарная вытв-сць, лесахімія). Вытв-сць дзелавой драўніны 667 тыс. шчыльных м³, піламатэрыялаў 56 тыс. м³ (1996). Металаапр. (электрапрыборны, чыгуналіцейны, рамонтна-мех. з-ды ў г. Кудымкар), харч. і лёгкая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. С.-г. ўгоддзі займаюць 362 тыс. га, у т. л. ворных зямель каля 70%. Вырошчваюць (тыс. т, 1995): збожжавыя (авёс, жыта, яравая пшаніца) — 55,1, бульбу — 103,4, агародніну — 29,5, кармавыя культуры. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Гадуюць (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 70,3, свіней — 21,3, авечак. Пушны промысел. Транспарт пераважна аўтамаб. і рачны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,2 тыс. км. Гал. аўтадарога Кудымкар—Гайны. Суднаходства па р. Кама.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 8, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Папская дзяржава, Царкоўная вобласць, Царкоўная дзяржава,

тэакратычная дзяржава ў Сярэдняй Італіі на чале з папам рымскім у 756—1870. Сталіца — г. Рым. Утварылася пасля таго, як кароль франкаў Піпін Кароткі падараваў папу рымскаму Стэфану II Рымскую вобл., Равенскі экзархат (уключаў таксама Венецыю і Істрыю), Пентаполіс, Парму, Рэджыю, Мантую, герцагствы Спалета і Беневента, в-аў Корсіка. У 774 падараванне пацвердзіў Карл Вялікі. Да 888 П.в. — частка імперыі Каралінгаў, у 962—1274 у складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі». Межы П.в. неаднаразова мяняліся, гэтаму спрыяла феад. раздробленасць. У 13 ст. большасць гарадоў П.в. сталі камунамі. Уладу пап аслаблялі ератычныя рухі (Арнольда Брэшыянскага 1145—55) і паўстанні (Кола ды Рыенца ў 1347 і 1354). Асабліва іх ўлада аслабла ў перыяд Авіньёнскага паланення папаў. У 15 — пач. 16 ст. пачалося аднаўленне П.в., якое дасягнула значных поспехаў пры Аляксандру VI і Юлію II. У 16—18 ст. П.в. ператварылася ў абсалютысцкую дзяржаву. Пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99 на яе тэр. ўтварылася Рымская рэспубліка 1798—99. У 1809—14 П.в. у складзе Франц. імперыі, адноўлена ў 1815. Пасля задушэння рэвалюцыі 1848 і ліквідацыі Рым. рэспублікі 1849 у П.в. размяшчаўся (з 1849) франц. вайск. корпус. Пасля рэвалюцыі 1859—60 ад П.в. да Сардзінскага (з 1861 Італьян.) каралеўства адышлі ўсе землі, акрамя Рыма і Рымскай вобл. У 1870 П.в. стала часткай аб’яднанай Італіі. У выніку Латэранскіх дагавораў 1929 папская дзяржава адноўлена на невялікай ч. Рыма (гл. Ватыкан).

Літ.:

Лозинский С.Г. История папства. 3 изд. М., 1986;

Ковальский Я.В. Папы и папство: Пер. с пол. М., 1991.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 12, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1974,

«рэвалюцыя гваздзікоў», ваенны пераварот, які заклаў асновы для стварэння сучаснага грамадска-паліт. ладу Партугаліі. Выклікана незадаволенасцю насельніцтва сац.-эканам. і паліт. наступствамі дыктатуры А.Салазара (прэм’ер-міністр да 1968), якія не пераадолеў і ўрад яго пераемніка М.​Каэтану: 20—30% гадавая інфляцыя, беднасць, агр. перанаселенасць, непісьменнасць каля 40% дарослых, выдаткаванне 40—50% дзярж. бюджэту на ўзбр. сілы і калан. войны ў Афрыцы—Анголе (з 1961), Гвінеі-Бісау (з 1963) і Мазамбіку (з 1964), самавольства ўлад, цэнзура і інш. Падрыхтавана Рухам капітанаў (з сак. 1974 Рух узброеных сіл; РУС). 25.4.1974 часці РУС занялі гарады Порту і Лісабон. У цэнтры Лісабона яны акружылі казармы Нац. гвардыі, дзе схаваліся Каэтану і яго міністры. У канцы дня яны здаліся і перадалі ўладу ген. А. ды Спіналу (з 15 мая прэзідэнт Партугаліі), які ўзначаліў Ваен. савет (7 чал.) і Савет нац. выратавання (СНВ). 25—26 крас. супраціўляліся толькі работнікі службы бяспекі. У першыя дні рэвалюцыі амнісціраваны паліт. вязні, ліквідаваны паліцэйскія органы ранейшай улады. У ходзе паліт. барацьбы, у т. л. няўдалых путчаў прыхільнікаў Спіналы, прэзідэнтам краіны 30 вер. стаў ген. Ф. да Кошта Гомеш. З мая 1974 да вер. 1975 змяніліся 6 часовых урадаў; у лют. 1975 абвешчана, што Партугалія зрабіла «сацыяліст. выбар», былі нацыяналізаваны банкі, палавіна прам-сці. На дэмакр. выбарах ва Устаноўчы сход 25.4.1975 перамаглі Партуг. сацыяліст. партыя і Нар.-дэмакр. партыя, у ліп. праведзена агр. рэформа. З ліп. 1974 Партугалія спыніла і сваю калан. палітыку ў Афрыцы.

Літ.:

Цоппи В.А. Португальская революция: пути и пробл. М., 1979;

Суханов В.И. «Революция гвоздик» в Португалии: Страницы истории. М., 1983.

т. 12, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)