УСО́МЛЯ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 14 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. больш за 2 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 1,7 км, найб. глыбіня 3,2 м, даўж. берагавой лініі 7 км, пл. вадазбору 8,6 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 7—9 м (на Пн 3—5 м), разараныя, на Пд пад лесам і хмызняком. Берагі пераважна нізкія, пясчаныя, на У і Пд сплавінныя (шыр. сплавіны 10—150 м), на ПнЗ і ПдУ стромкія, абразійныя. Востраў пл. 0,3 га. Дно да глыб. 1,3—2 м выслана пяском і апясчаненым ілам, глыбей сапрапелем. Зарастае ў прыбярэжнай зоне на шыр. 15—170 м, да глыб. 1,4 м. Мінералізацыя вады да 130 мг/л, празрыстасць 0,3 м. Эўтрофнае. Выцякае ручай у воз. Канашы.

т. 16, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЯ́СТА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць (цячэ праз возера), за 2 км на ПнУ ад в. Мяжа, за 40 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 1,9 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 1,43 км, найб. глыб. 9 м, даўж. берагавой лініі 8,4 км. Пл. вадазбору 275 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, авальная, выцягнута з Пн на Пд. Схілы катлавіны на У выш. 15—20 м, стромкія, на З нізкія, спадзістыя, пераважна пад лесам, месцамі разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, параслі водна-балотнай і хмызняковай расліннасцю. Пойма шыр. 10—15 м, забалочаная і ўкрытая хмызняком. Востраў пл. 0,8 га. Дно да глыб. 2—3 м пясчанае, глыбей ілістае. Шыр. паласы расліннасці 2—20 м да глыб. 1,2 м. Упадаюць 2 ручаі.

т. 17, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРО́САВА ВО́ЗЕРА.

У Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзіва, каля в. Чаросава, за 20 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,52 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 12,2 м, даўж. берагавой лініі 3,74 км. Пл. вадазбору 13,3 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнута з Пн на Пд. Схілы катлавіны выш. 5—10 м, на У да 15 м, пад лесам, на З і Пд спадзістыя, разараныя і пад хмызняком. Берагі выш. 0,5—0,8 м, месцамі зліваюцца са схіламі. Пойма шыр. 10—30 м вылучана асобнымі ўчасткамі. Дно да глыб. 3—4 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае да глыб. 2,2 м, шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці 10—120 м. Упадаюць ручаі са Школьнага і Дзявочага азёр, выцякае ручай у воз. Астроўна.

т. 17, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛАДЭ́Я (Elodea),

род кветкавых раслін сям. жабнікавых. 18 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах Амерыкі. У сярэдзіне 19 ст. Э. канадская (E. canadensis) трапіла ў Еўропу, дзе хутка пашырылася (адсюль назвы «вадзяная чума», «вадзяная зараза»), пранікла ў Азію і Аўстралію. На Беларусі трапляецца ў рэках, азёрах, сажалках, канавах, утварае зараснікі.

Э. канадская — шматгадовая травяністая, апушчаная ў ваду расліна. Сцёблы галінастыя. Празрыстае лісце падоўжанае, вострае, дробназубчастае, пераважна кальчаковае. Кветкі дробныя, адзіночныя, на доўгіх кветаножках, ва ўмовах Беларусі — толькі песцікавыя, якія не даюць насення. Размнажэнне вегетатыўнае. Да зімы расліна на спец. парастках утварае пупышкі і маладое дробнае лісце і апускаецца на дно вадаёма, дзе зімуе. Масавае развіццё Э. перашкаджае рыбнай лоўлі, суднаходству. Зялёную масу выкарыстоўваюць на корм і зялёнае ўгнаенне. Некат. віды вырошчваюць у акварыумах.

т. 18, кн. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НЕЛІ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, на Пд ад в. Войса, за 27 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,2 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 4,2 м. Пл. вадазбору 1,4 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, лопасцевай формы, выцягнутая з ПнЗ на ПдУ. Схілы катлавіны выш. 15—17 м, стромкія, у ніжняй ч. задзернаваныя, у верхняй — разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя або затарфаваныя, на ПдУ і ПдЗ месцамі сплавінныя, на Пд і З укрыты хмызняком. На Пд і ПдЗ забалочаная пойма шыр. да 250 м. Дно да глыб. 1—1,5 м выслана пяском і апясчаненым ілам, ніжэй сапрапелістае. Зарастае каля 15% пл. возера, шыр. паласы 5—25 м. На ПнУ упадае ручай, на ПдЗ выцякаюць 2 ручаі.

т. 18, кн. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТО́ЛАВА,

возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 16 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёраў. Пл. 8,2 км², даўж. 9,4 км, найб. шыр. 2,2 км, найб. глыб. 16,4 м. Пл. вадазбору 325 км². Даўж. берагавой лініі 38,8 км.

Катлавіна складаная, выцягнутая з У на З, мае некалькі шырокіх плёсаў. Схілы пераважна высокія, месцамі тэрасаваныя, на ПдУ нізкія, забалочаныя. Берагі высокія, на Пн і ПнЗ зліваюцца са схіламі, там жа озавая града выш. да 30—35 м. Дно з упадзінамі і мелямі, уздоўж берагоў пясчанае, у паўн.-зах. плёсе камяністае і пясчана-галечнае, глыбей сапрапелевае. 7 астравоў агульнай пл. 0,3 км². Расліннасць у паўн.-зах. і паўд. плёсах утварае паласу шыр. да 200 м. Злучана пратокамі з азёрамі Ліпна і Чорная Урада, праз воз. цячэ р. Дзіва.

Возера Атолава.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАНІЯ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,

водныя арганізмы, якія пры бясполым (вегетатыўным) размнажэнні застаюцца злучанымі з мацярынскай асобінай і ўтвараюць калоніі з агульным для ўсіх абменам рэчываў. Пашыраны пераважна сярод аднаклетачных водарасцей, некаторых жгуцікавых, радыялярый, губак, кішачнаполасцевых, ніжэйшых хордавых і інш. Большасць К.а. прымацоўваюцца да нерухомага субстрату (напр., гідроідныя і каралавыя паліпы) і маюць развіты шкілет, іншыя (радыялярыі, сіфанафоры, шэраг абалоннікаў) — жывуць у тоўшчы вады, звычайна паўпразрыстыя. шкілет не развіты. Для многіх К.а. характэрны метагенез: каланіяльнае (бясполае) пакаленне чаргуецца з адзіночным пакаленнем, якое размнажаецца палавым шляхам. Лічынкі палавога пакалення напачатку свабодна плаваюць, потым асядаюць на дно і, прымацаваўшыся, утвараюць шляхам пачкавання новую калонію. Лічыцца, што К.а. — пераходная форма ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў у эвалюцыйным развіцці. К.а. наз. іншы раз арганізмы, што вядуць пастаянна або часова згуртаваны спосаб жыцця, напр., шэраг бактэрый, тлей, многія птушкі. Гл. таксама Калоніі.

т. 7, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Любанскім і Старадарожскім р-нах Мінскай вобл., за 7 км на Пн ад г. Любань. Створана на р. Арэса ў 1966. Пл. 22 км², даўж. 11,8 км, найб. шыр. 4,2 км, найб. глыб. 6,3 м, аб’ём вады 39,5 млн. м³; даўж. берагавой лініі 38 км. Да затаплення на месцы вадасховішча быў балотны масіў з тарфянікамі магутнасцю да 3 м. Катлавіна выцягнута з Пн на Пд, значна пашыраецца ў паўд. частцы. Берагі нізкія, спадзістыя. Больш за 20% берагоў — дамбы абвалавання. На левым беразе ў ніжняй ч. вадасховішча 2 мелкаводныя залівы. Ёсць 5 астравоў агульнай пл. 0,5 км². Дно выслана торфам, ілам, пяском.

Замярзае ў пач. снежня, лёд (таўшчыня 45—55 см) трымаецца да пач. красавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 80 см. Зарастае каля 20% плошчы Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, жыўлення вадой сажалак доследнага рыбгаса «Любань».

т. 9, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ДРАВА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка (цячэ праз возера, злучае яго з воз. Неспіш), за 7 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 3,72 км², даўж. 3 км, найб. шыр. больш як 2,2 км, найб. глыб. 12,2 м, даўж. берагавой лініі 15 км. Пл. вадазбору 808 км². Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр і нац. парк Браслаўскія азёры. Катлавіна складанага тыпу, круглаватая. Схілы выш. да 10 м, стромкія (на З і ПдУ спадзістыя), сугліністыя і супясчаныя, пад лугам і хмызняком. На Пн озавая града выш. 15—20 м, парасла лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, участкамі на Пд абразійныя. Мелкаводдзе пясчанае, да глыб. 3—4 м дно ілістае, ніжэй сапрапелістае. 3 астравы пл. 2 га. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 4 м. Пратокай злучана з воз. Поцех, упадае ручай з воз. Вера.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́Я,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 18 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 1,54 км², даўж. 2,8 км, найб. шыр. 820 м, найб. глыб. 3,6 м, даўж. берагавой лініі 8,1 км, пл. вадазбору 787 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. 5—8 м, на ПдУ і месцамі на Пд да 10—14 м, пясчаныя, пад лесам, на Пн разараныя. Участкамі на выш. 1—3 м абразійны ўступ. Пойма шыр. 10—20 м забалочаная, пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, сплавінныя, утвараюць некалькі заліваў і паўастравоў. Дно выслана сапрапелем, у прыбярэжнай зоне пясчанае. Прыбярэжная паласа надводнай расліннасці шыр. 8—50 м, пашырана да глыб. 0,7 м; падводная расліннасць развіта да глыб. 2 м. Упадаюць 4 ручаі, злучана пратокамі з азёрамі Гомель і Туроўля. Уваходзіць у зону адпачынку Азёрная.

т. 15, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)