ДАШКО́ЛЬНАЕ ВЫХАВА́ННЕ І НАВУЧА́ННЕ,

выхаванне і навучанне дзяцей у сям’і і дашкольных установах да паступлення ў школу. У адпаведнасці з Законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (29.10.1991) вядучая роля ў гэтым належыць сям’і. У дапамогу ёй ствараюцца дашкольныя ўстановы, куды дзеці паступаюць пераважна з трох гадоў, у асобных выпадках з больш ранняга ўзросту (2 месяцы). З улікам патрэб сям’і, яе культ., нац., этнічных асаблівасцей створаны дашкольныя ўстановы розных відаў (дзярж., прыватныя, мяшаныя, калектыўныя) і тыпаў (яслі, дзіцячыя сады, яслі-сады, школы — дзіцячыя сады, цэнтры развіцця дзяцей). Паводле прызначэння яны падзяляюцца на дашкольныя ўстановы агульнага развіцця дзіцяці, з паглыбленымі кірункамі ў рабоце (эстэт., фіз. выхавання і інш.), па доглядзе, назіранні і аздараўленні, кампенсоўныя (для дзяцей, якія маюць патрэбу ў карэкцыі фіз. і псіхічнага развіцця), камбінаваныя. Выхаваўча-навуч. работа праводзіцца па праграме дашкольнага выхавання з улікам фіз. і псіхічных асаблівасцей дзяцей. Асн. ўвага аддаецца ахове і ўмацаванню здароўя дзяцей, абароне іх ад неспрыяльнага экалагічнага ўплыву, фарміраванню належных маральных рыс, нац. самасвядомасці, выяўленню задаткаў і здольнасцей дзяцей і стварэнню ўмоў для іх мэтанакіраванага развіцця. Кадры для дашкольных устаноў рыхтуюць Беларускі педагагічны універсітэт, Брэсцкі універсітэт, Віцебскі універсітэт, пед. ін-ты ў Магілёве, Мазыры, каледжы ў Барысаве, Гомелі, Магілёве, Полацку, Салігорску, пед. вучылішчы ў Гродне, Лідзе, Мінску, Пінску, Рагачове.

С.​І.​Палякевіч, А.​В.​Маслава.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАГАГІ́ЧНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

сярэднія пед. навуч. ўстановы, якія рыхтуюць кадры для ўстаноў Мін-ва адукацыі (школ, дзіцячых садоў, ПТВ). Навучанне вядзецца па спецыяльнасцях: педагогіка і методыка пач. навучання (настаўнікі пач. класаў), педагогіка і псіхалогія дашкольная, музыка і спевы (выхавальнікі дашкольных устаноў), бел. мова і л-ра, замежная мова, працоўнае навучанне, пазашкольная і пазакласная выхаваўчая работа, педагогіка сацыяльная. Засн. ў 1921, да 1937 наз. пед. тэхнікумамі. На Беларусі ў 1921 былі 3 пед. тэхнікумы, у 1930/31 навуч. г. — 18, у 1940/41 навуч. г. — 26 П.в., у 1944/45 і ў 1967—70 навуч. гадах адпаведна 23 і 9. З 1990-х г. некат. П.в. рэарганізаваны ў пед. каледжы. Існуюць таксама індустрыяльна-пед. каледжы, якія разам з прафесіянальнай адукацыяй даюць пед. веды і рыхтуюць майстроў для ПТВ. У П.в. і каледжы прымаюцца асобы з сярэдняй і базавай адукацыяй. Тэрмін навучання адпаведна 3 і 4 гады. У індустрыяльна-пед. каледжы — пасля заканчэння ПТВ (тэрмін навучання 3 гады). У 1999/2000 навуч. г. ў Беларусі 7 П.в. (Ваўкавыскае, Горацкае, Гродзенскае, Лідскае, Лоеўскае, Пінскае, Рагачоўскае), 11 пед. каледжаў (Аршанскі, Баранавіцкі вышэйшы, Барысаўскі, Гомельскі музычна-пед., Магілёўскі, 2 мінскія, Нясвіжскі, Полацкі, Рэчыцкі, Салігорскі), 3 індустрыяльна-пед. каледжы (Віцебскі, Мінскі, Пінскі), у якіх больш за 17 тыс. навучэнцаў.

І.​М.​Раманава.

т. 12, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬГЕ́РД (1296 — май 1377),

князь крэўскі і віцебскі, вял. князь ВКЛ [1345—77]. Сын Гедзіміна. Атрымаў ад бацькі Крэўскае княства. Каля 1318 ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і ў хуткім часе стаў віцебскім князем. Пасля смерці Гедзіміна, калі Вільня і велікакняжацкі пасад дасталіся яго малодшаму брату Яўнуту, арганізаваў супраць яго змову з братам Кейстутам. Кейстут заняў Вільню і захапіў Яўнута, аднак велікакняжацкі пасад дастаўся Альгерду, што сведчыла аб прызнанні Кейстутам дамінуючага месца бел. зямель у дзяржаве. Альгерд паспяхова вёў палітыку, накіраваную на канчатковае аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у адзінай дзяржаве. Да ВКЛ было далучана Чарнігава-Северскае княства (1340-я г.), у паліт. залежнасці ад яго апынулася Смаленскае (1350-я г.). Імкнуўся пашырыць свой уплыў на Цвярское княства, што абвастрыла яго адносіны з Масквой. Ажыццявіў 3 паходы на Маскву (1368, 1370, 1372). У бітве каля Сініх Водаў 1362 разбіў татараў і далучыў да ВКЛ Падолле. Авалодаў Кіевам і пасадзіў там князем свайго сына Уладзіміра. У выніку барацьбы з польск каралём Казімірам III за Галіцкую і Валынскую землі яму дасталася (1377) апошняя. Шмат разоў узначальваў войска для адпору агрэсіі Тэўтонскага ордэна. За час яго княжання тэр. ВКЛ павялічылася больш як у 2 разы, што было на карысць бел. землям, забяспечвала ім вядучае месца ў дзярж. жыцці, спрыяла развіццю эканомікі і культуры ВКЛ.

М.​І.​Ермаловіч.

Вялікі князь ВКЛ Альгерд.

т. 1, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й,

навуковая і культурна-асветная ўстанова, у якой сабраны калекцыі жывёл (у фіксавальных вадкасцях, высушаныя ці дасканала прэпараваныя жывёлы, іх чучалы, шкілеты, скуры, а таксама вырабы з рогу, косці, ракавін і інш.). Калекцыі З.м. складаюцца з навук. фондаў і экспанаваных матэрыялаў. Асн. задачы З.м.: навук. даследаванні па сістэматыцы, фауністыцы, зоагеаграфіі, зменлівасці, параўн. марфалогіі і анатоміі жывёл, тэорыі эвалюцыі; культ.-асв. работа па заалогіі, папулярызацыя справы аховы прыроды; вучэбная работа са школьнікамі і студэнтамі, кансультацыі па пытаннях у галіне паляўнічай, сельскай, лясной гаспадаркі і мед. заалогіі.

Па калекцыях 1-е месца ў свеце належыць Брытанскаму музею ў Лондане, 2-е — С.-Пецярбургскаму (створаны на базе пятроўскай Кунсткамеры ў 1832). Існуюць З.м. ў Нью-Йорку, Вашынгтоне, Чыкага, Парыжы, Берліне, Вене, Празе, Капенгагене, Стакгольме, Калькуце, Пекіне, Рыме, Мюнхене, Маскве, Кіеве, Тбілісі, Ерэване, Ашгабаце, Ташкенце, Алматы і інш.

На Беларусі першы Віцебскі губ. вет.-заал. музей засн. ў 1918; у 1921 на базе энтамалагічнай калекцыі В.​А.​Плюшчэўскага-Плюшчыка пры Віцебскім с.-г. тэхнікуме створаны З.м. (з 1924 прыродазнаўча-гіст. музей Віцебскага вет. ін-та). З.м. існуюць у БДУ (1923), Гомельскім ун-це (1981). У 1992 пры музеі БДУ створаны Цэнтр заал. калекцый імя А.​У.​Фядзюшына (каля 120 тыс. экз., у т. л. каля 8 тыс. пазваночных жывёл).

Э.​Р.​Самусенка.

У заалагічным музеі БДУ.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎЗО́Н (Аркадзь) (сапр. Маўшэнзон Арон Іосіфавіч; 23.9.1918, г. Віцебск — 19.8.1977),

бел. драматург. Вучыўся ў драм. студыі пры БДТ-1 (1936). Працаваў акцёрам і асістэнтам рэжысёра ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа, з 1946 у газ. «Віцебскі рабочы», з 1950 на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1965—71 — у Мін-ве культуры Беларусі. Дэбютаваў п’есай «Канстанцін Заслонаў» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Купалы, 1947; аднайм. кінафільм паводле сцэнарыя аўтара, 1949). Сюжэтны цэнтр многіх п’ес — маральна-этычная праблематыка: «Наталля Крыўцова» (апубл. 1954), «У ціхім завулку» (паст. т-рам імя Я.​Купалы, 1955), «Непрымірымасць» (паст. Гомельскім абл. драм. т-рам, 1957), «Калі ты чалавек» (пад назвай «Твой светлы шлях» паст. т-рам імя Я.​Купалы, 1961), «Пад адным небам» (паст. т-рам імя Я.​Коласа, 1962), «Куды ідзеш, Сяргей?» (паст. Дзярж. рус. драм. т-рам Беларусі, 1965), «У доме на Сонечнай» (паст. т-рам імя Я.​Коласа, 1966), «Толькі адно жыццё» (паст. 1969), «Білет у мяккі вагон» (паст. 1971, абедзве у рус. драм. т-ры Беларусі). Гіст. тэматыка ў п’есах «У бітве вялікай» (паст. Гомельскім абл. драм. т-рам, 1957), «Дарога праз ноч» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача, 1970). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Зялёныя агні» (1956), «Наперадзе — круты паварот» (1960).

Тв.:

Людзі і час: П’есы. Мн., 1972;

П’есы. Мн., 1978;

Да апошняга дыхання: П’есы. Мн., 1985.

Б.​І.​Бур’ян.

А.Маўзон.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

самабытная арх. школа, што склалася ў драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Віцебска ў 17—18 ст. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока.

Спецыфічная рыса школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самаст. арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым буд-ве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш. Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі, гл. ў арт. Віцебскія замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабуд. сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. — дамы Горскага, Шапкіна, Віцебскі палац Агінскага. Да помнікаў Віцебскай школы дойлідства належаць грамадз. пабудовы — будынак прыказа, двор ваяводы, Віцебская ратуша з Віцебскім гасціным дваром. Культавыя будынкі мелі спецыфічныя рысы аб’ёмнапланіровачнай кампазіцыі, якія набліжалі іх да рус. і ўкр. архітэктуры. Яны ўяўлялі сабой ярусныя кампазіцыі, якія аб’ядноўвалі некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, а таксама званіцу на гал. фасадзе (Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі, якія апяразвалі па перыметры ўвесь будынак або размяшчаліся з боку бабінца (Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі Віцебскай школы дойлідства не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

т. 4, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЗАВІ́ТАЎ (Канстанцін Барысавіч) (17.11.1893, г. Даўгаўпілс, Латвія — 23.5.1946),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Скончыў Віцебскі настаўніцкі ін-т (1916), Паўлаўскае ваен. вучылішча. Ўдзельнік 1-й сусв. вайны. У 1917—18 нам. старшыні і сакратар ваен. аддзела Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Удзельнік абвяшчэння БНР (25.3.1918), чл. яе Рады, нар. сакратар ваен. спраў у 1-м урадзе БНР. У 1919 нач. канцылярыі Мін-ва бел. спраў ва ўрадзе Літвы, кіраўнік Вайскова-дыпламат. місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Па даручэнні ўрада БНР устанавіў дыпламат. адносіны з урадамі Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, звяртаўся да ўрада ЗША з просьбай аб аказанні ваен. дапамогі БНР, вёў работу па арганізацыі бел. войска. У 1920 урад БНР прысвоіў Е. званне ген.-маёра. З 1921 у Рызе, займаўся публіцыстычнай, грамадска-паліт. і культ.-асв. дзейнасцю сярод беларусаў. У 1923—24 дырэктар Люцынскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. Удзельнік Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921) і Берліне (1925). Неаднаразова быў арыштаваны сав. і латв. ўладамі. У жн. 1941 ва ўмовах ням. акупацыі стварыў і ўзначаліў у Рызе Бел. цэнтр. к-т (у 1942 пераўтвораны ў Бел. нац. аб’яднанне). На 2-м Усебел. кангрэсе (чэрв. 1944, Мінск) абраны ў склад Беларускай цэнтральнай рады, дзе ўзначаліў гал. ваен. ўпраўленне, быў ген. інспектарам «беларускага вызваленчага войска», якое фарміравалася на тэр. Германіі. У чэрв. 1944 эвакуіраваўся ў Рыгу, у жн. 1944 — у Берлін. 26.4.1945 затрыманы сав. контрразведкай і перапраўлены ў Маскву, у ліст. 1945 — у Мінск. Памёр у турэмнай бальніцы ў час следства.

У.​М.​Міхнюк.

К.Б.Езавітаў.

т. 6, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Яўген Аляксеевіч) (3.1.1908, г. Невель Пскоўскай вобл., Расія — 13.9.1992),

бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1963). Чл.-кар. АМ СССР (1973). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), АМ у Ленінградзе (1937, вучыўся ў К.С.Пятрова-Водкіна і інш.). У 1943—44 удзельнічаў у афармленні бел. выданняў «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну». Працаваў пераважна ў станковым жывапісе. Шэраг сюжэтна-тэматычных карцін прысвечаны тэмам гісторыка-рэвалюцыйнай і Вял. Айч. вайны. Характэрны складанае кампазіцыйнае вырашэнне, манументальнасць, адлюстраванне героікі падзей: «Чапаеў» (1937), «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск у 1920 годзе» (1940), «Пахаванне героя» (1946), «Стаяць насмерць» (1948), «Абарона Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе» (1950), «Канстанцін Заслонаў» (1957), трыпціх «Мая рэспубліка ў агні Айчыннай» (1963—67), «Незабыўнае» (1975). Узбагаціў жанр партрэта быт. і лірычнага плана: партрэты нар. артысткі БССР А.​В.​Нікалаевай (1943), свінаркі А.​І.​Чарняўскай (1954), пісьменнікаў М.​Танка (1948), П.​Броўкі, П.​Глебкі (абодва 1968), К.​Крапівы (1972), ткачыхі з в. Неглюбка М.​П.​Каўтуновай (1975), мастакоў А.​А.​Анікейчыка (1977) і З.​Азгура (1983) і інш. Аўтар пейзажаў «Над Свіслаччу» (1945), «Лясная дарога» (1953), «Прыпяць» (1955), «Залаты вечар» (1975), нацюрмортаў. Адзін з аўтараў манум. размалёвак у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1940, 1958) і ў кінатэатры «Піянер» (1965) у Мінску.

Літ.:

Герасимович П.Н. Е.​А.​Зайцев. М., 1980;

Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии. Мн., 1979.

Г.​А.​Фатыхава.

Я.​Зайцаў. Ткачыха з вёскі Неглюбка М.​П.​Каўтунова. 1975.

т. 6, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ КАНСЕРВАТО́РЫІ,

першыя прафесійныя муз. навуч. ўстановы ў Расіі і на Беларусі. Існавалі ў пач. 20 ст. Першыя Н.к. адкрыліся ў Маскве (1906) і Пецярбургу (1908). Найб. пашырыліся пасля 1917. Давалі пач. і сярэднюю спец. муз. адукацыю. На Беларусі адкрыты ў Віцебску (1918, першы прыём 209 чал.), Гомелі, Мінску (абедзве 1919), Бабруйску (1921, першы прыём 211 чал.). Мелі выканальніцкія (фп., скрыпка, віяланчэль, духавыя інструменты, сольныя і хар. спевы) і кампазітарскі класы, у Гомелі і клас гісторыі музыкі і эстэтыкі. Навучаліся грамадзяне розных узросту і падрыхтоўкі. У праграме заняткаў былі толькі муз. дысцыпліны, якія выкладаліся на дастатковым прафес. узроўні. Існавалі кансерваторыі з праграмамі, агульнымі для ўсіх навучэнцаў і дыферэнцыраванымі паводле ўзроставага прынцыпу, і Н.к. з 2 курсамі навучання — прафес. і асветным (у Гомелі), што садзейнічала муз. і культ.-асв. адукацыі шырокіх нар. мас. У стварэнні і рабоце Н.к. удзельнічалі вядомыя рас. музыканты, у т. л. піяністы Э.​Бай, М.​Дубасаў, Е.​Шуман, скрыпачы А.Бяссмертны, К.​Грыгаровіч, кампазітар М.Анцаў, дырыжор М.Малько, выкладчыкі класаў духавых інструментаў О.​Шуман, С.​Браўдо (усе Віцебск), М.​Назараў (Гомель). Выкладчыкі і навучэнцы Н.к. вялі вял. культ.-асв. работу, наладжвалі канцэрты, у т. л. сімфанічныя, гутаркі, лекцыі, масавыя святы і інш. У 1-й пал. 1920-х г. Н.к. пераўтвораны ў муз. тэхнікумы (Віцебскі, Гомельскі), школы (Бабруйская).

Літ.:

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980. С. 40—55;

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭВО́НСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), дэвон,

чацвёртая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае чацвёртаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі сілурыйскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 400 млн. гадоў назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. даследчыкамі Р.​І.​Мурчысанам і А.​Седжвікам (1839). Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі) — ніжні, сярэдні, верхні (ранняя, сярэдняя, позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — лохкаўскі, пражскі, эмскі (ніжні аддзел); эйфельскі, жывецкі (сярэдні); франскі, фаменскі (верхні аддзел). На Беларусі гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы (1981, 1990) дэвонскіх адкладаў. На падставе характэрных комплексаў выкапнёвых брахіяпод, астракод, канадонтаў і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты: баршчоўскі, чарткоўскі, віцебскі, адроўскі, асвейскі, гарадоцкі, касцюковіцкі, полацкі (старааскольскі), ланскі, саргаеўскі, сямілуцкі, рэчыцкі, варонежскі, яўланаўскі, лівенскі, даманавіцкі, задонскі, ялецкі, петрыкаўскі, лебядзянскі, арэскі, стрэшынскі, палескі.

Арганічны свет Д.с. быў багаты і разнастайны. Марскія басейны насялялі амаль усе тыпы марскіх беспазваночных жывёл (прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, плечаногія, членістаногія, малюскі, канадонтаносьбіты і інш.), з раслін — водарасці; у лагунах, азёрах і рэк панавалі бяссківічныя і рыбы. На сушы былі пашыраны прымітыўныя расліны — псілафіты, з’явіліся папарацепадобныя, дзеразовыя і хвашчовыя, першыя голанасенныя. Некат. групы жывёл (каралы, страматапоры і інш.) і раслін (вапняковыя водарасці) адыгрывалі важную ролю ва ўтварэнні адкладаў, месцамі ў морах стваралі арганагенныя пабудовы (біястромы, біягермы, рыфы). Найб. важныя для расчлянення дэвонскіх адкладаў групы фауны — ганіятыты, каралы, брахіяподы, малюскі, астракоды, канадонты, рыбы; флоры — рэшткі раслін (споры).

Адклады Д.с. вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформеннага чахла большасці платформ Паўн. і Паўд. паўшар’яў, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках. Пашыраны таксама ў складкавых сістэмах Урала, Паміра, Апалачаў, Кардыльераў і інш. Большая ч. сушы ў дэвоне была ўкрыта морамі, дзе пераважна намнажаліся тэрыгенныя і карбанатныя асадкі, у лагунах — каменныя солі, гіпсы, ангідрыты. У дэвоне пачалася герцынская складкавасць, якая суправаджалася актыўнай вулканічнай дзейнасцю і ўтварэннем магутных тоўшчаў вулканагенных парод. На ўсіх кантынентах з адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў.

На Беларусі адклады Д.с. пашыраны на б. ч. (каля 60%) тэр. і прадстаўлены ўтварэннямі ўсіх ярусаў, акрамя пражскага. Залягаюць на глыбінях ад 100 да 1500 м і толькі месцамі па р. Дняпро ў г. Орша, Зах. Дзвіна каля Віцебска, Сар’янка каля г. Верхнядзвінск выходзяць на паверхню. На ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна, Валынская манакліналь) глініста-карбанатныя адклады лохкаўскага яруса магутнасцю да 80 м, у цэнтры і на ПнУ (Аршанская ўпадзіна, Латвійская седлавіна) тэрыгенныя, карбанатныя і эвапарытавыя адклады эмскага, эйфельскага, жывецкага і часткова франскага ярусаў агульнай магутнасцю да 500 м. Да франскага яруса адносяцца вулкана-магматычныя ўтварэнні дыятрэм (трубак выбуху) Жлобінскай седлавіны. Найб. поўны разрэз дэвону (да 3—3,5 тыс. м) ускрыты свідравінамі на ПдУ (Прыпяцкая ўпадзіна), дзе ўтварэнні эйфельскага, жывецкага, франскага і фаменскага ярусаў складзены з магутных тоўшчаў тэрыгенных, карбанатных, саляносных і вулканагенных парод. З адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў: нафты (Рэчыцкае, Давыдаўскае, Вішанскае і інш.), солей каменных (Мазырскае) і калійных (Старобінскае, Петрыкаўскае), гаручых сланцаў (Тураўскае, Любанскае), даламітаў (г.п. Руба, Віцебскі р-н), расолаў і мінер. вод.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996;

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Девонская система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 6, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)