ВІ́ГЕЛАН ((Vigeland) Адольф Густаў) (11.4.1869, г. Мандаль, Нарвегія — 12.3.1943),
нарвежскі скульптар. У 1889—90 вучыўся ў Осла, у 1891 у Капенгагене, у 1892—93 у Парыжы, дзе фарміраваўся пад уплывам А.Радэна. Аўтар пранікнёных дынамічных па пластыцы і кампазіцыі твораў: партрэт Г.Ібсена (1903); помнікі матэматыку Н.Абелю (1908), пісьменніцы К.Колет (1911), кампазітару Р.Нурдраку (1911) у Осла. Стварыў грандыёзны скульпт. ансамбль Фрогнер-парк у Осла (больш за 150 фігур і кампазіцый; 1900—43), у якім увасобіў чалавечыя радасці і выпрабаванні ў цыклічным развіцці і адзінстве з прыродай. Філас. сімвалізм у ансамблі спалучаецца з жыццёвымі рэаліямі і пластычнай дасканаласцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.
Існавала ў Віцебску ў 1834—39; першая на Беларусі спец.навуч. ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў для прыходскіх вучылішчаў, падрыхтоўчых класаў гімназій і пав. вучылішчаў. Засн. па ініцыятыве папячыцеля Бел. навуч акругі Р.І.Карташэўскага. Кіраваў гімназіяй дырэктар (упраўляючы) ланкастэрскіх вучылішчаў Бел.навуч. акругі Аглоблін. Навучаліся юнакі з сем’яў дваран, мяшчан, обер-афіцэраў, правасл. царкоўнаслужыцеляў. Тэрмін навучання 3 гады. Выкладаліся рус. мова, арыфметыка, гісторыя Расіі і ВКЛ, методыка ўзаемнага навучання ў пач. школе паводле Бел-Ланкастэрскай сістэмы. Некаторыя навучэнцы займаліся таксама музыкай і спевамі. У вольны час семінарысты абавязаны былі наведваць урокі рус. мовы і геаграфіі ў Віцебскай мужчынскай гімназіі. Былі падрыхтаваны 62 настаўнікі. Закрыта з-за адсутнасці сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ШВА́КШТЫ, Вялікая Швакшта,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Страча, за 22 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 9,56 км², даўж. 4,2 км, найб.шыр. 3,4 км, найб.глыб. 5,3 м, даўж. берагавой лініі 13 км. Пл. вадазбору 94,2 км². Схілы катлавіны выш. да 6 м, парослыя хмызняком, на ПнУ пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, на З тарфяністыя і сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага да глыб. 2 м пясчанае. Шырыня паласы надводнай расліннасці да 150 м, харавыя водарасці ўкрываюць дно да глыб. 3,5 м. Упадаюць 5 ручаёў. Злучана пратокай звоз. М. Швакшты. На паўд.-зах. беразе паляўніча-рыбалоўная база.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДКІ (Raphidioptera),
атрад насякомых, 2 сям., каля 100 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў вільготных лясах трапляюцца 4 віды, найб. пашыраны вярблюдка танкавусая (Raphidioptera ophiopsis) і бязвочка таўставусая (Inocellia crassicornis).
Даўж. 15—20 мм. Сілуэт пярэдняй ч. цела ў профіль нагадвае галаву і цела вярблюда (адсюль назва). 2 пары празрыстых крылаў, у спакоі складваюцца стрэхападобна, заднія вузейшыя і карацейшыя за пярэднія. Ротавыя органы грызучыя, вусікі шматчленікавыя. Брушка падоўжанае, у самкі з доўгім яйцакладам. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі развіваюцца 2 гады. Кукалкі рухомыя. Лічынкі жывуць у шчылінах і пад карой дрэў, дарослыя — на дрэвах. Вярблюдкі і іх лічынкі знішчаюць насякомых, асабліва тлей і вусеняў.
Вярблюдкі: 1 — танкавусая і яе лічынка; 2 — бязвочка таўставусая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАДРЫ́Л (Papio hamadryas),
малпа роду павіянаў сям. мартышкавых атр. прыматаў. Пашыраны ў Афрыцы (Эфіопія, Паўн.-Усх. Судан, Паўн. Самалі) і Азіі (Паўд.-Зах. Аравія). Жыве ў адкрытай мясцовасці, у стэпах і саваннах статкамі да 100 і больш асобін.
Даўж. цела 75—80 см, хваста 53—60 см, маса 20—30 кг; самкі амаль удвая меншыя. Самцы светла-шэрыя, з доўгімі (да 25 см) валасамі на плячах і верхняй ч. тулава, якія ўтвараюць серабрыста-шэрую мантыю, на мордзе — вял. «бакенбарды», на хвасце — кутасік. Самкі цемнавата-карычневыя з аліўкавым адценнем. Сядалішчныя мазалі чырвоныя, добра развітыя. Усёедны. Дзіцяняты чорнага колеру, нараджаюцца 2 разы за год. Сродкі зносін (міміка, жэсты, позы, гукі) вельмі складаныя і выразныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНІ́,
старажытнаармянскія крэпасць і паселішча за 27 км на У ад Ерэвана. Засн. каля 2 ст. да н.э. на месцы энеалітычнага паселішча. Да 5 ст.н.э. была летняй рэзідэнцыяй арм. цароў. Існавала і ў сярэднія вякі (зруйнаваная землетрасеннем 1679). Захаваліся руіны крапасной сцяны, вежаў, палаца з параднай залай, вінаробняй і лазняй з мазаічнай падлогай (2—3 ст.), язычніцкага храма (1 ст.; адноўлены ў 1975), круглага купальнага хрысц. храма (6 ст.). У паселішчы пры крэпасці — базіліка (5 ст.), руіны шматлікіх арх. збудаванняў (4—17 ст.), надмагільныя пліты-хачкары.
Да арт.Гарні. Рэшткі язычніцкага храма. 2-я пал. 1 ст.Да арт.Гарні. Язычніцкі храм. 2-я пал. 1 ст. (адноўлены ў 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРНГУ́ТЭРСКІЯ АБШЧЫ́НЫ,
рэлігійна-грамадскі рух у Прыбалтыцы ў 18—19 ст. Распаўсюдзіўся ў Латвіі з 1729 змяст. Гернгутэ ў Саксоніі (адсюль назва). Вучэнне запазычылі ад «мараўскіх братоў» (гл.Чэшскія браты). Прапаведавалі працавітасць, беражлівасць і паслухмянасць, усе члены абшчыны называліся братамі і выбіралі са свайго асяроддзя старастаў. У гернгутэрстве лат. і эст. сяляне шукалі ратунак і вызваленне ад ням. памешчыкаў і пастараў. У 1743 Гернгутэрскія абшчыны забаронены. У 1764 Кацярына II дазволіла аднавіць дзейнасць Гернгутэрскіх абшчын. Найб. размаху яны дасягнулі ў 1-й пал. 19 ст. (у 1828 у Прыбалтыцы было больш за 40 тыс. гернгутэраў). У 2-й пал. 19 ст. колькасць абшчын скарацілася. Асобныя асяродкі руху існавалі і ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ ((Hertz) Фрыдрых Ота) (26.3.1878—?),
аўстрыйскі сацыёлаг, гісторык, эканаміст. Скончыў Венскі ун-т. У 1920—30-я г. саветнік міністра пры Аўстрыйскай федэральнай канцылярыі, у 1930—33 праф. эканомікі і сацыялогіі ун-та ў г. Гале. У 1938 эмігрыраваў у Англію. Услед за Э.Давідам і Э.Бернштэйнам выступіў з рэвізіяй марксісцкага агр. вучэння; тэарэтычна абгрунтоўваў устойлівасць дробнай вытв-сці ў земляробстве, адстойваў «закон спаду ўрадлівасці глебы». Яго палажэнні выкарыстоўвалі рус. эканамісты С.М.Булгакаў, В.М.Чарноў і інш. ў палеміцы з марксістамі па пытаннях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі. Погляды Герца крытыкаваў У.І.Ленін у працы «Аграрнае пытанне і «крытыкі Маркса» (1901, 1907).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРТРАФІ́Я (ад гіпер... + грэч. trophē харчаванне),
павелічэнне аб’ёму і масы тканкі, органа або часткі цела за кошт размнажэння клетак (гіперплазія) ці ўнутрыклетачнай рэгенерацыі арганел. Адрозніваюць сапраўдную і несапраўдную гіпертрафію. Да сапраўднай гіпертрафіі адносіцца кампенсатарна-рабочая гіпертрафія, звязаная з узмоцненай функцыяй пэўнага органа ці тканкі (гіпертрафія мышцаў у спартсменаў, гіпертрафія мышцы сэрца пры пароках і інш.). Вікарная гіпертрафія развіваецца пры гібелі ці выключэнні функцыі аднаго з парных органаў; гарманальная, або карэлятыўная, гіпертрафія фізіял. і паталаг. тыпу — ад парушэння дзейнасці залоз унутр. сакрэцыі. Да несапраўднай гіпертрафіі адносяць павелічэнне органа ў выніку разрастання злучальнай і тлушчавай тканкі пры атрафіі парэнхімы (функцыян. тканкі). У раслін гіпертрафія выклікаецца расліннымі і жывёльнымі паразітамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРСУТЫ́ЗМ (ад лац. hirsutus махнаты, валасаты),
мужчынскі тып абваласення ў жанчын; адно з праяўленняў вірылізму. Тэрмін «гірсутызм» увёў франц. ўрач Э.Апер у 1910. Гірсутызм найчасцей бывае пры хваробах, якія ўзнікаюць пры пашкоджанні кары наднырачнікаў і палавых залоз. Праяўляецца валасатасцю на твары (вусы, барада), жываце, грудзях, руках, нагах, атлусценнем («тлусты» тып гірсутызму) звял. колькасцю вугроў ці мужчынскімі рысамі («мышачны»); у дзяўчынак — заўчасным развіццём вонкавых палавых органаў і другасных палавых прыкмет, што ўласцівы мужчынскаму полу, адсутнасцю менструацый, павелічэннем малочных залоз (за кошт тлушчавай тканкі), грубым голасам; псіхіка і інтэлект зніжаны, палавыя пачуцці адсутнічаюць. Лячэнне хірургічнае. Валасатасць іншы раз бывае ў жанчын у клімактэрычны перыяд пры паніжэнні функцый яечнікаў. Лячэнне: электракаагуляцыя, электроліз.