эпоха тэктагенезу ў канцы ранняга — пач. сярэдняга палеазою, што папярэднічала герцынскай складкавасці. Тэрмін уведзены франц. геолагам М.Бертранам у 1887. Да класічных каледонскіх структур адносяцца Брытанскія а-вы, Скандынавія, Паўн. і Усх. Грэнландыя. Таксама К.с. развіта ў Цэнтр. Казахстане (зах.ч.), Паўн. Цянь-Шані, Паўд.-Усх. Кітаі, Усх. Аўстраліі; уваходзіць у фундамент Заходнесіб. і Заходнееўрап. маладых платформаў. Вял. значэнне К.с. мела ў развіцці Кардыльераў, асабліва Паўд. Амерыкі, Паўн. Апалачаў і інш.Найб. характэрнымі для К.с. з’яўляюцца структурная няўзгодненасць на ніжняй мяжы сілуру або дэвону і намнажэнне магутнай тоўшчы чырванаколерных кантынентальных адкладаў (маласы). З каледонскім тэктагенезам звязаны радовішчы жалеза, тытану, золата, малібдэну, азбесту, тальку, магнезіту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЕ САДО́ЎНІЦТВА,
від калектыўнага землекарыстання, пры якім грамадзяне аб’ядноўваюцца ў садоўніцкія т-вы (кааператывы). Садзейнічае ўвядзенню ў гасп. карыстанне зямельных няўдобіц, з’яўляецца сродкам больш рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў. Асн. задача — стварэнне садоў і агародаў для задавальнення патрэб членаў т-ва і іх сем’яў у садавіне і агародніне, а таксама для адпачынку, прац. выхавання дзяцей і інш. На Беларусі садоўніцкія т-вы дзейнічаюць у адпаведнасці з тыпавым статутам. Зямельны ўчастак пад К.с. даецца ў бестэрміновае карыстанне арг-цыі, пры якой створана т-ва, або непасрэдна т-ву. Усе работы ў калектыўным садзе выконваюць члены т-ва і іх сем’і, за выключэннем тых, што павінны рабіць спецыялісты. У 1998 на Беларусі больш за 672 тыс. т-ваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНА́Т (позналац. combinatus злучаны ад combino злучаю),
1) прамысловае прадпрыемства, якое аб’ядноўвае некалькі тэхналагічна звязаных паміж сабой спецыялізаваных вытв-сцей. Асн. іх прыкметы: аб’яднанне разнастайных вытв-сцей, іх прапарцыянальнасць, тэхніка-эканам. і вытв. адзінства. Грунтуюцца на паслядоўнай перапрацоўцы сыравіны да атрымання гатовай прадукцыі, выкарыстанні адходаў вытв-сці для выпрацоўкі інш. відаў прадукцыі або на комплекснай перапрацоўцы сыравіны На Беларусі працуюць шынны, сілікатных вырабаў, камвольны, цэлюлозна-папяровы і інш. К. Некаторыя з іх з’яўляюцца аб’яднаннямі.
2) Адм. аб’яднанне не звязаных тэхналагічна прадпрыемстваў адной галіны (напр., у вугальнай прам-сці), дробных вытв-сцей, мясц. прам-сці (райпрамкамбінат), прадпрыемстваў быт. абслугоўвання, вучэбных фарміраванняў (вучэбны К.) Гл. таксама Камбінаванне ў вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРЦЫ́ЙНЫ КРЭДЫ́Т, таварны крэдыт,
крэдыт. які даецца вытворцамі (прадаўцамі) спажыўцам (пакупнікам) у выглядзе адтэрміноўкі плацяжу (або яго растэрміноўкі) за прададзеныя тавары, выкананыя работы і паслугі. Афармляецца спец. дакументам (напр., вэксалем), які сведчыць абавязацельства пакупніка заплаціць абумоўленую здзелкай грашовую суму. Мэта К.к. — паскорыць рэалізацыю тавару і павялічыць хуткасць абарачэння капіталу. Працэнт па К.к., што ўваходзіць у цану тавару і суму вэксаля, ніжэйшы, чым па банкаўскім крэдыце, мэтай якога з’яўляецца атрыманне прыбытку па пазыках, крэдытах. К.к. магчымы і ў інш. форме, калі спажывец перадае частку сваіх сродкаў (рэсурсаў) пастаўшчыку для аператыўнага і якаснага выканання заказу з далейшым іх залікам у аплату прадукцыі (тавару, паслуг), якую ён атрымлівае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКРЭ́ЦЫЯ (ад лац. concretio зрастанне, згушчэнне),
сцяжэнне, мінеральнае ўтварэнне шарападобнай ці няправільнай формы ў асадкавых горных пародах і глебах. Канцэнтруе рассеяныя кампаненты змяшчальных парод або цэментуючага матэрыялу — крэменязёму, кальцыту, даламіту, аксідаў жалеза, пірыту, гіпсу, фасфату і інш. Цэнтрамі сцяжэння могуць быць зерні мінералаў, абломкі парод, ракавіны, косці рыб. часткі раслін і інш. Памеры К. вагаюцца ад 1 мікрона да 3 м у дыяметры. Паводле будовы найб. частыя шкарлупінаватыя (канцэнтрычна-слаістыя), радыяльна-прамянёвыя, грубапалоскавыя. У сучасных акіянічных асадках пашыраны жалеза-марганцавыя канкрэцыі. Трапляюцца ў адкладах усіх геал.сістэм. На Беларусі вядомы К. крамянёвыя (верхні мел), фасфарытавыя (дэвон, верхні мел, палеаген), а таксама жалезістыя на дне азёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ННА (Canna),
род кветкавых раслін манатыпнага сям. каннавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, Афрыкі, Азіі. На Беларусі інтрадукавана К. індыйская (C. indica), вырошчваецца ў аранжарэях і цяпліцах. Шматлікія (больш за 1000) сарты К. (найб. вядомыя: з зялёным лісцем — Залатая Птушка, Вогненная Птушка, Прэзідэнт; з бронзава-чырв. лісцем — Кароль Гумберт, Вогненны Чараўнік) аб’ядноўваюць пад назвай К. садовая (C. × generalis, C. × hortensis).
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцнымі сцёбламі і клубнепадобна-патоўшчанымі карэнішчамі. Лісце чаргаванае, шырокаэліптычнае (даўж. да 60, шыр. да 35 см). Кветкі буйныя, асіметрычныя, двухполыя, чырв., ружовага, жоўтага і інш. колеру ў верхавінкавым гронкападобным або мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар., лек., тэхн., кармавыя і харч. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́Н (ад грэч. kanōn норма, правіла),
1) сістэма пануючых правіл і норм, якія ў пэўны перыяд часу або ў якім-н. кірунку маюць сілу закону. Кананічнасць найбольш характэрна грамадскай свядомасці стараж. і сярэдніх вякоў. К. можа быць носьбітам пэўных традыцый ў духоўным жыцці грамадства, увасабляць ідэал культуры, а пры пэўных абставінах — тормазам развіцця культуры, мастацтва і інш.Біблейскі К. — сукупнасць кніг Бібліі, якія прызнаюцца царквой «боганатхнёнымі» (у адрозненне ад апокрыфаў) і выкарыстоўваюцца ў богаслужэнні ў якасці «свяшчэннага пісання». К. правасл., каталіцкай, пратэстанцкай цэркваў крыху адрозніваюцца складам твораў. Царкоўны К. — правілы ў галіне дагматыкі, культу, арганізацыі царквы, узведзеныя хрысц. царквой у закон.
2) Усё, што цвёрда ўстаноўлена, стала агульнапрынятым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРДА́НС (франц. contredanse ад англ. country dance літар. вясковы танец),
старадаўні англійскі парна-масавы танец. Упершыню ўпамінаецца ў л-ры пад 1579. Выконваецца любой колькасцю пар, якія ўтвараюць круг або 2 процілеглыя лініі. Муз. памеры 2/4 і 6/8. У 18—19 ст. пашыраны ў Еўропе, у т. л. ў Расіі. Яго шматлікія разнавіднасці: кадрыля, гросфатэр, экасез, англез, тампет, лансье, катыльён, матрэдур і інш.Асн. рухі: слізготны крок, балансе, па дэ баск і інш. Мелодыі К. выкарыстоўвалі кампазітары як тэмы варыяцый, у балетах — як заключны нумар (Л.Бетховен, Ж.Ф.Рамо і інш.). У 19 ст. страціў папулярнасць, але захаваўся ў нар. побыце (Англія, Шатландыя); у 20 ст. адраджаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТАЛААДДА́ЧА,
абагульняльны паказчык, які характарызуе эфектыўнасць выкарыстання капіталу (асн.вытв. фондаў, капітальных укладанняў, інвестыцый), адваротны паказчык капіталаёмістасці. Вызначаецца адносінамі гадавога выпуску прадукцыі да сумарных затрат капіталу на яе вытв-сць і рэалізацыю. У галінах з розным узроўнем матэрыялаёмістасці прадукцыі можа вылічвацца па аб’ёмах чыстай прадукцыі, у здабыўных галінах і тых, якія выпускаюць аднародную прадукцыю, — па натуральных аб’ёмах вытв-сці, у матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні і абслугоўванні — па аб’ёме выкананых паслуг. Ступень эфектыўнасці і прыбытковасці капіталу вымяраецца і адносінамі фін. чыстых выгад (паток рэальных грошай), прыбытку да і пасля выплаты карпаратыўнага падатку або прыбытку плюс працэнты, якія выплачваюцца да адпаведных укладанняў капіталу, інвестыцый і інш., г. зн. рэнтабельнасцю капіталу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАСІ́ (Carassius),
род прэснаводных рыб сям. карпавых. 2 віды: К. звычайны, або залаты (Carassius carassius), і К. сярэбраны (C. auratus), які бывае 2 падвідаў. Пашыраны ў Еўразіі. Адзін падвід (C.a. auratus), ад якога паходзіць акварыумная залатая рыбка, жыве ў Кітаі, другі (C.a. gibelio) — ад бас. Амура да З Еўропы. На Беларусь К. сярэбраны завезены ў 1948. Жывуць у азёрах, рэках, сажалках.
Даўж. да 50 см, маса да 5 кг. Луска буйная. Цела высокае, спіна цёмна-карычневая, бакі залацістыя. Палавая спеласць у 2—5 гадоў. Для К. сярэбранага ўласцівы гінагенез. Нераст парцыённы. Кормяцца бентасам, планктонам, воднай расліннасцю, дэтрытам. Зімуюць на дне вадаёмаў, у муле.