працэс пераходу сістэмы з аднаго стану ў другі, які магчыма ажыццявіць у адваротным напрамку з паўтарэннем усіх яго прамежкавых станаў. Складаецца з паслядоўнасці станаў раўнавагі, якія вельмі мала розняцца паміж сабою, таму яго наз. квазістатычным, квазіраўнаважным. Крытэрыем абарачальнасці з’яўляюцца паводзіны энтрапіі: яна застаецца пастаяннай у абарачальным працэсе, які працякае ў ізаляванай сістэме значна павольней, чым устанаўліваецца тэрмадынамічная раўнавага ў дадзенай сістэме. Сістэма пры абарачальным працэсе выконвае найб. магчымую работу. Абарачальны працэс ляжыць у аснове тэорыі цеплавых рухавікоў (гл.Карно цыкл). Усе рэальныя працэсы з-за трэння, дыфузіі, выпрамянення і інш. неабарачальныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬВЕАКАКО́З (Alveococcosis),
гельмінтозная хвароба жывёлы і чалавека, якая выклікаецца цэстодай Alveococcosis multilocularis. Пашыраны ў Сібіры, Сярэдняй Азіі, на Каўказе і ў інш. рэгіёнах, у т. л. на Беларусі. Трапляецца ў 2 формах — імагінальнай (узбуджальнік — дарослыя паразіты, якія лакалізуюцца ў тонкім кішэчніку лісоў, пясцоў, радзей ваўкоў, сабак і катоў) і ларвальнай (выклікаецца лічынкамі, што паразітуюць у печані, радзей у інш органах грызуноў і чалавека). Распаўсюджваецца пераважна грызунамі, дзякуючы якім утвараюцца прыродныя ачагі хваробы. Чалавек заражаецца пры заглынанні яец альвеакока з забруджаных рук. Паразіты выклікаюць атрафію пашкоджаных органаў. Лячэнне для жывёл не распрацавана, у чалавека — хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. alteratio змяненне) у музыцы, 1) павышэнне або паніжэнне ступені асн. гукарада без змены яе назвы. Знакі альтэрацыі: ♯ (дыез, павышэнне на паўтон), ♭ (бемоль, паніжэнне на паўтон), 𝄪 (дубль-дыез, павышэнне на тон), ♭♭ (дубль-бемоль, паніжэнне на тон), ♮ (бекар, адмаўленне ад папярэдняга павышэння ці паніжэння гуку). Знакі альтэрацыі, выстаўленыя ў пач. нотнага радка пры ключы, дзейнічаюць ва ўсіх актавах, пакуль іх не зменяць, знакі альтэрацыі перад нотай (выпадковыя) — толькі ў адной актаве ў межах аднаго такта.
2) У вучэнні аб гармоніі — адзін з тыпаў храматыкі (гл.Храматызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІНА́ТЫ,
солі няўстойлівых алюмініевых кіслот: ортаалюмініевай H3AlO3 і метаалюмініевай HAlO2 і інш. Алюмінаты шчолачных металаў растваральныя ў вадзе, іх водныя растворы няўстойлівыя з-за гідролізу да Al(OH)3; інш. алюмінаты цяжка раствараюцца ў вадзе. Алюмінаты двухвалентных металаў і рэдказямельных элементаў хімічна і тэрмічна трывалыя. У прыродзе алюмінаты — мінералы: высакародная шпінель Mg[Al2O4], ганіт (цынкавая шпінель) Zn[Al2O4], хрызаберыл Be[Al2O4]. Атрымліваюць алюмінаты сплаўленнем ці спяканнем Al2O3 з аксідамі металаў або награваннем сумесі тэрмічна няўстойлівых соляў. Выкарыстоўваюцца ў папяровай прам-сці, у вытв-сці спец. керамікі, аптычнага шкла, ядз. тэхніцы, пры афарбоўцы тканін, алюмінаты кальцыю — у вытв-сці партландцэментаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМ’Е́НСКІ САБО́Р, сабор Нотр-Дам,
помнік гатычнай архітэктуры; адзін з буйнейшых гатычных сабораў у Еўропе. Пабудаваны ў г. Ам’ен (Францыя) у 1220—88 паводле плана Рабера з Люзарша пры ўдзеле Тома і Рэно з Кармона. 3-нефавая базіліка з 3-нефавым трансептам, з 3 галерэямі і 2 вежамі. Даўж.гал. нефа 143 м, выш. 42,5 м. Бакавыя капэлы дабудоўваліся ў 1292—1376, драўляны шпіль над сяродкрыжжам — пасля 1528. Гатычная скульптура парталаў — 13—14 ст., у т. л. знакамітыя статуі «Міласцівы Бог» і «Залатая Багародзіца». У інтэр’еры скульптура 13—17 ст., вітражы 13—14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛІЗ МАТЭМАТЫ́ЧНЫ,
сукупнасць раздзелаў матэматыкі, якія даследуюць функцыі метадамі бесканечна малых. У сістэм. форме ўзнік у 17—18 ст. у працах І.Ньютана, Г.Лейбніца, Л.Эйлера і інш. Абгрунтаванне аналізу матэматычнага пры дапамозе паняцця ліміту належыць А.Кашы. Уключае раздзелы: дыферэнцыяльнае злічэнне, інтэгральнае злічэнне, функцый тэорыю, тэорыю шэрагаў (ступенны шэраг і Фур’е шэраг), дыферэнцыяльную геаметрыю, функцыянальны аналіз і інш.
Літ.:
Фихтенгольц Г.М. Курс дифференциального и интегрального исчисления. Т. 1—2. 7 изд. М., 1970;
Т. 3. 5 изд. М., 1970;
Никольский С.М. Курс математического анализа. Т. 1—2. 4 изд. М 1990—91.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ,
мовы, у якіх граматычныя значэнні выражаюцца не формамі слоў (як у сінтэтычных мовах), а гал. чынам службовымі словамі, парадкам слоў, інтанацыяй і інш. Да аналітычных моў належаць англ., франц., новаперс., балг. і інш. мовы. Аналітычныя спосабы часткова выкарыстоўваюцца і сінтэтычнымі мовамі, у т. л. і бел., напр.пры ўтварэнні складаных формаў ступеняў параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («самы цікавы», «больш прыгодны», «надзвычай вясёлы», «найбольш поўна»), будучага і прошлага часу дзеясловаў («буду пісаць», «пайшоў быў»), загаднага ладу («давай спяваць», «няхай квітнее»), складаных тыпаў выказніка («працаваць аграномам», «станавіцца мацнейшым»). Гл. таксама Тыпалагічная класіфікацыя моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НІЧКІН (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 24.9.1949 станцыя Дабрынка Варонежскай вобл.),
хірург.Д-рмед.н. (1988), праф. (1989). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1972), працуе ў гэтым ін-це (з 1986 прарэктар). Навук. працы па дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы пасляаперацыйных ускладненняў і органазберагальных аперацыях пры язвавай хваробе дванаццаціперснай кішкі, пластычнай хірургіі. Прапанаваў спосабы пратэзавання трахеі. Ганаровы д-рмед. ф-та Масачусецкага тэхнал. ін-та (1990).
Тв.:
Изолированная резекция бифуркации трахеи. Мн., 1992 (разам з М.Р.Сачакам і У.П.Харчанкам);
Протезирование трахеи. Мн., 1995 (разам з М.Р.Сачакам і А.С.Карпіцкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА РАСІ́ЙСКАЙ А́РМІІімя А.В.Аляксандрава,
вялікі армейскі мастацкі калектыў; даў пачатак развіццю новага віду масавага мастацтва — ансамбля песні і танца. Створаны ў 1928 прыЦэнтр. Доме Чырв. Арміі, з 1978 акадэмічны. Арганізатар і першы маст. кіраўнік А.В.Аляксандраў, у 1946—86 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Б.А.Аляксандраў.
У рэпертуары творы рас. кампазітараў пераважна ваен.-патрыят. тэматыкі, нар. песні і танцы, творы рус. і замежнай класікі. Найб. папулярнасць у выкананні ансамбля набылі песні «Свяшчэнная вайна» А.В.Аляксандрава і «Калінка» ў яго апрацоўцы. У складзе ансамбля мужчынскі хор, аркестр і танц. група.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫВІТАМІ́НЫ (ад анты... + вітаміны),
рэчывы з ліку антыметабалітаў, якім уласціва біял. дзеянне, процілеглае дзеянню вітамінаў. Хім. будовай звычайна блізкія да вітамінаў або з’яўляюцца іх вытворнымі (напр., антывітамін вітаміну B1 — пірытыямін), таму канкурэнтна лёгка замяшчаюць вітаміны ў біяхім. рэакцыях і парушаюць працэсы абмену рэчываў. Да антывітамінаў належаць таксама інш. рэчывы, што ў жывых клетках звязваюць вітаміны, пераводзяць у неактыўную форму або разбураюць іх (напр., тыяміназа, авідзін, некаторыя лекавыя сродкі — антыбіётыкі, сульфаніламіды). Вынікам насычэння арганізма антывітамінамі можа быць вітамінная недастатковасць, якая развіваецца нават пры дастатковым паступленні вітамінаў з ежай або ўтварэнні іх у арганізме.