МАЎЛЕ́ННЕ,

канкрэтнае гаварэнне, якое адбываецца ў часе і ўвасоблена ў гукавой ці пісьмовай форме; адзін з гал. відаў камунікатыўнай дзейнасці чалавека. Пад М. разумеюць працэс гаварэння (маўленчую дзейнасць) і яго вынік (маўленчыя творы, якія фіксуюцца памяццю ці пісьмом). Маўленчая дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пэўнымі правіламі (фанет., марфал., сінтакс. і лексічнымі), уласцівымі пэўнай мове на пэўным этапе яе гіст. развіцця. Сукупнасць гэтых правіл (норм моўных) утварае сістэму мовы. Мова як код, як сістэма аб’ектыўна існуючых, сац. замацаваных знакаў, якія суадносяць паняційны змест і тыповае гучанне, і М. ўтвараюць дыялектычнае адзінства. Маўленчая дзейнасць грунтуецца на моўных нормах, увасобленых у моўным матэрыяле, а моўная сістэма ствараецца, развіваецца і ўдасканальваецца толькі ў маўленчай дзейнасці. М. — увасабленне, рэалізацыя мовы, праз яго мова выконвае свае камунікатыўныя функцыі. Характарыстыка М. даецца праз проціпастаўленне яго мове. У адрозненне ад мовы М. рухомае, мэтанакіраванае, сітуатыўна і індывідуальна абумоўленае, канкрэтнае і матэрыяльнае, актуальнае, бясконцае, актыўнае і дынамічнае, лінейнае, адвольнае, варыятыўнае і інш. Паколькі мова выкарыстоўваецца і як сродак зносін і ў інш. сферах дзейнасці чалавека (напр., пазнавальнай, г.зн. мысленні, і інш.), вылучаюць уласна М. або «знешняе» (камунікатыўна-накіраванае) і ўнутр. (накіравана на яго суб’ект, самога сябе для пастаноўкі і рашэння пэўных пазнавальных задач). «Знешняе» М. падзяляецца на маналагічнае (гл. Маналог) і дыялагічнае (гл. Дыялог). Працэс М. характарызуецца пэўным тэмпам, працягласцю, тэмбравымі асаблівасцямі, ступенню гучнасці, выразнасці і г.д. М. можа быць ахарактарызавана праз указанне на псіхал. стан таго, хто гаворыць, яго камунікатыўную задачу, адносіны да субяседніка, шчырасць, па прыкметах сваёй фармальнай і сэнсавай структуры. Да М. прыдатны эстэт. (стылістычныя) і этычныя (нарматыўныя) ацэнкі. У розных сац. сферах з’явы М. тыпізуюцца, утвараюць адносна самаст. сістэмы — функцыянальныя стылі (гл. Стылі мовы). Вывучаюць М. мовазнаўства, псіхалогія, фізіялогія, сацыялогія, філасофія, літаратуразнаўства і інш.

Літ.:

Леонтьев А.А. Язык, речь, речевая деятельность. М., 1969;

Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 16. Лингвистическая прагматика. М., 1985;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 17. Теория речевых актов. М., 1986.

Л.​Д.​Выгонная.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАСІСТЭ́МА (ад антрапа... + сістэма),

чалавецтва, якое развіваецца як адзінае цэлае і складаецца з чалавека як біял. віду, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры, прадукц. сіл і вытв. адносін грамадства. Існуе ў непарыўным адзінстве з антрапасферай.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТО́МЕТР (ад адаптацыя + ...метр),

аптычная прылада для вызначэння адаптацыі вока: змены яго святлоадчувальнасці пры пераходзе ад вял. асветленасці паверхні ці яркасці аб’екта да цемнаты. Адаптометрам вымяраюць парог (мінім. сілу) светлавога раздражнення, якое ўспрымаецца вокам.

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛЬГАРЫЗА́ЦЫЯ,

1) грубае спрашчэнне, апашленне, непрыстойнае выказванне (напр., вульгарны густ, вульгарны выраз; гл. Вульгарызм).

2) Празмерна спрошчанае выкладанне якога-небудзь вучэння, што скажае яго сутнасць і змест (напр., вульгарны матэрыялізм, вульгарны сацыялагізм і інш.).

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСО́ВІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка БССР у 1926—27. Утвораны 8.12.1926 у складзе Гомельскай акругі. Цэнтр — в. Насовічы. Падзяляўся на 25 сельсаветаў. 4.8.1927 раён скасаваны, яго тэр. далучана да Гомельскага і Церахоўскага р-наў.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАНО́ВА СУДА́,

любое, апрача прыгавору і вызначэння, рашэнне, якое вынесена суддзёй або судом пры вядзенні суд. разгляду па крымін., цывільнай або адм. справе. Парадак вынясення П.с. і яго прававыя вынікі вызначаюцца адпаведным працэсуальным заканадаўствам.

т. 12, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГЛЯ́Д БА́НКАЎСКІ,

1) кантроль за дзейнасцю банкаў з боку рэзервовай сістэмы. Асн. яго мэта — падтрыманне стабільнасці банкаўскай сістэмы, ахова інтарэсаў укладчыкаў і крэдытораў.

2) Кантроль адпаведнай крэдытнай арг-цыі за расходаваннем банкаўскага крэдыту дэбіторам.

т. 11, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЖЫК Якуб, бел. жывапісец 14 ст. Паходзіў з бел. зямель. Быў запрошаны каралём Ягайлам і працаваў пры яго двары ў Кракаве каля 10 гадоў. Аўтар першых партрэтаў Ягайлы («Каралеўскіх выяў»), жанравых і гіст. карцін, абразоў.

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЬБА́ «ДА КРЫЖА́»,

бел. народная спарт. гульня. Нагадвае вольную барацьбу. Барцам дазваляецца штурхаць адзін аднаго, рабіць падножкі, хапаць за ногі. Перамагае той, хто прыцісне саперніка спінай да зямлі і ўтрымае яго рукі, разведзеныя ў бакі.

т. 2, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРО́НА ФО́РМУЛА,

формула, якая выражае плошчу трохвугольніка S праз даўжыні яго старон a, b, c: S = p (p a) (p b) (p c) , дзе p = (a+b+c) 2 — паўперыметр трохвугольніка. Названа імем Герона Александрыйскага.

т. 5, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)