сукупнасць арганізмаў біягеацэнозу, аб’яднаных тыпам жыўлення. Адрозніваюць Т.ў.: прадуцэнты (аўтатрофныя арганізмы, пераважна зялёныя расліны), кансументы 1-га (расліннаедныя жывёлы), 2-га (драпежнікі) і 3-га (другасныя драпежнікі) парадкаў, рэдуцэнты (мікраарганізмы-дэструктары). Арганізмы розных трафічных ланцугоў, якія атрымліваюць корм праз аднолькавую колькасць звёнаў, знаходзяцца на адным Т.у. Асобіны аднаго віду, якія прымаюць удзел у розных трафічных ланцугах, могуць знаходзіцца на розных Т.у., у залежнасці ад крыніцы энергіі. На кожным Т.у. корм асімілюецца часткова, значная яго ч. траціцца на абмен, таму прадукцыя арганізмаў кожнага наступнага Т.ў. заўсёды меншая за прадукцыю папярэдняга ў сярэднім у 10 разоў. Адносная колькасць энергіі, што перадаецца ад аднаго Т.ў. да другога, наз. экалагічнай эфектыўнасцю згуртавання. Суадносіны розных Т.у. (трафічную структуру) графічна паказваюць у выглядзе экалагічнай піраміды. Вывучае Т.ў. трофаэкалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЕ МАСТА́ЦТВА,
сукупнасць відаў мастацкай дзейнасці, звязаных з паяўленнем тэлебачання. Тэлебачанне рэпрадуцырус падзеі рэальнага жыцця, а таксама творы розных відаў мастацтва (кінафільмы, тэатр. спектаклі, канцэрты, творы выяўл. мастацтва) і стварае арыгінальныя тэлевідовішчы: маст. і дакумент.тэлефільмы, тэлеспектаклі (гл.Тэлевізійны тэатр), тэлеперадачы. Поліфункцыянальнасць праграмы (уключае інфарм., дакумент.-публіцыст. і маст. перадачы) вызначае структуру твораў тэлемастацтва, якія сінтэзуюць дакумент., дакумент.-ігравыя і ігравыя формы. Для тэлебачання характэрны: цыклавыя формы тэлемастацтва (цыклы, серыі), аб’яднаныя аўтарскай задумай, тэмай, жанрам, асобай вядучага; увядзенне тэлекамунікатара (вядучага, расказчыка, каментатара), які садзейнічае персаніфікацыі інфармацыі, псіхал. кантакту гледача з тэлевідовішчам. Элементы тэлевізійнай маст. інтэрпрэтацыі рэчаіснасці ёсць у многіх праграмах, якія спалучаюць інфарм., выхаваўчыя і эстэт. функцыі. Прапаганда розных відаў мастацтва тэлевізійнымі сродкамі ажыццяўляецца на Рэспубліканскай студыі тэлебачання і абласных студыях тэлебачання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРМА́ЦЫЯ РАСЛІ́ННАЯ,
сукупнасць аднародных згуртаванняў раслін (асацыяцый), у якіх асн. ярус утвораны адным і тым жа відам (напр., усе асацыяцыі з перавагай хвоі звычайнай). Адна з вышэйшых адзінак класіфікацыі расліннасці, аб’ядноўвае генетычна і экалагічна розныя асацыяцыі. Адрозніваюць монадамінантную фармацыю, пры якой у якасці ярусаўтваральніка выступае 1 від, і кондамінантную — асн. ярус утвараюць 2—3 віды (напр., чорна-альхова-ясеневая, балотна-міртава-сфагнавая). На Беларусі найб. пашыраныя Ф.р.: сярод лясоў — асінавая, грабавая, дубовая, павіслабярозавая, пушыстабярозавая, хваёвая, чорнаальховая, шэраальховая, яловая, ясеневая; сярод лугоў — балотна-метлюжковая, звычайнамятліцавая, лугава-аўсяніцавая, пахучакаласковая, сіўцовая, чырвонааўсяніцавая; сярод нізінных балот — багніста-хвашчовая, балотна-шальнікавая, чорнаасаковая, шэравярбовая; сярод пераходных балот — балотна-шабельнікавая, востраасаковая, падбела-сфагнавая; сярод вярховых балот — багніста-асаковая, балотна-журавінавая, магеланікум-сфагнавая. Да ахоўных, рэліктавых, асабліва каштоўных Ф.р. адносяцца белапіхтавая, жоўтарададэндравая, карлікавабярозавая, марошкавая і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НАЧНЫ ВУ́ЗЕЛ,
пункт на перасячэнні некалькіх чыг. ліній, у якім размешчаны адна ці некалькі чыгуначных станцый; іншы раз — сукупнасцьчыг. станцый, падыходаў да іх і злучальных пуцей на адной чыг. лініі. Асн. збудаванні Ч.в.: сартавальныя, грузавыя і пасаж.чыг. станцыі, злучальныя пуці паміж імі, станцыйныя збудаванні для пасажыраў, дэпо і інш. Бываюць Ч.в. транзітныя, транзітныя з вял. аб’ёмам перагрузачных работ і канцавыя, а таксама прамысл. (абслугоўваюць прамысл. прадпрыемствы ці раёны) і партовыя. Ў буйных Ч.в. перасякаецца да 20 ліній. На Беларусі больш за 30 Ч.в., з іх найбуйнейшыя Мінск, Баранавічы, Орша, Брэст, Жлобін, Асіповічы, Віцебск, Маладзечна, Магілёў, Крычаў, Гомель, Калінкавічы, Ліда, Лунінец, Полацк, Гродна, Ваўкавыск, Бабруйск. Гл. схему Беларускай чыгункі пры арт.Беларуская чыгунка.
Схема чыгуначнага вузла: а — з адной станцыяй; б — з крыжападобным размяшчэннем станцый; I—XIV — злучальныя веткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСЫ (франц. finances грашовыя сродкі),
спецыфічная форма вытворчых адносін, што ўзнікаюць у сувязі з размеркаваннем ч. валавога ўнутр. прадукту і фарміраваннем цэнтралізаваных і дэцэнтралізаваных фондаў грашовых сродкаў. Сродкі выкарыстоўваюцца на расшырэнне, узнаўленне і задавальненне агульнадзярж. патрэб.
У грашовых адносінах, што складваліся паміж насельніцтвам і дзяржавай у асобе князя, караля, суддзі, лац. тэрмін «finis» (канец, заканчэнне) азначаў завяршэнне плацяжу, канчатковы разлік. Пазней ад яго ўзнікла слова «Ф.» — грашовыя плацяжы. У Францыі гэты тэрмін ужываецца з 16 ст. (у больш шырокім сэнсе — як сукупнасць публічных даходаў і выдаткаў). Тэрмін «публічныя Ф.» на ўсіх еўрап. мовах азначае сукупнасцьдзярж. даходаў і расходаў. Ад лац. fiskus узнік тэрмін «фіск» (казна) — так называлі плацежны кош, у які ссыпалі грошы і матэрыяльныя каштоўнасці, атрыманыя дзяржавай ад насельніцтва.
Гістарычна ўзнікненне Ф. абумоўлена наяўнасцю дзяржавы і яе фіскальнай палітыкі, а таксама таварна-грашовых адносін. Змест Ф. вызначаюць грашовыя адносіны: гасп. суб’ектаў паміж сабой пры куплі-продажы тавараў і паслуг; паміж дзяржавай і суб’ектамі гаспадарання, якія звязаны з плацяжамі ў бюджэт і фінансаваннем з бюджэту, а таксама з фарміраваннем і выкарыстаннем пазабюджэтных і страхавых фондаў; грашовыя адносіны суб’ектаў гаспадарання з работнікамі па ўзнаўленні рабочай сілы; паміж суб’ектамі гаспадарання і банкаўскай сістэмай пры атрыманні і пагашэнні крэдытаў; адносіны ўнутры суб’екта гаспадарання, звязаныя з размеркаваннем выручкі і чыстага даходу; адносіны суб’ектаў гаспадарання з вышэйстаячымі органамі, звязаныя са стварэннем сумесных грашовых фондаў.
Ф. выконваюць размеркавальную і кантрольную функцыі. Размеркавальная іх функцыя забяспечвае размеркаванне і пераразмеркаванне ўнутр. валавога прадукту, нац. і чыстага даходаў, фарміраванне даходаў і накапленняў; стварэнне фондаў, грашовых сродкаў. Кантрольная функцыя Ф. заключаецца ў кантролі за размеркаваннем унутр. валавога прадукту, нац. даходу па адпаведных грашовых фондах і іх мэтавым расходаванні. Кантрольная функцыя абумоўлена нарматыўным характарам грашовых адносін (нарматыўныя акты рэгламентуюць умовы размеркавання даходаў і плацяжоў у бюджэт, фінансаванне з бюджэту, крэдытаванне, фарміраванне і выкарыстанне страхавых фондаў, а таксама грашовых фондаў суб’ектаў гаспадарання). Яе задача — кантроль за выкананнем нарматыўных актаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМАЎЛЕ́ННЕ,
элемент дыялектыкі, што фіксуе адзін з неабходных момантаў развіцця і ўмову змены аб’екта, пры якой некаторыя элементы не проста знішчаюцца, але захоўваюцца ў новай якасці. Віды адмаўлення розныя. Пры зняцці адбываецца ліквідаванне прадмета як пэўнага цэлага, але з захаваннем яго асобных («станоўчых») элементаў. Дэструкцыя азначае разбурэнне, знішчэнне структуры, якую адмаўляюць. Адмаўленне ў выглядзе трансфармацыі мае месца ў выпадках пераходу ад адной стадыі развіцця да другой у рамках той жа самай сістэмы. Адмаўленне сацыяльнае — сукупнасць дзеянняў чалавека па змене наяўных грамадскіх адносін, пры якіх выяўляюцца канкрэтныя суб’екты, аб’екты, мэты, прастора, час, каштоўнасныя арыентацыі і экзістэнцыялы, сродкі, метады. У найб. рэзкіх формах сац. адмаўленне выяўляецца ў войнах, рэвалюцыях, генацыдзе, злачыннасці, міжнац. канфліктах і інш. Адмаўленне, якое вядзе да сац. прагрэсу, называюць дыялектычным, процілеглае — чыста суб’ектыўным (гл.Нігілізм).
Адмаўленне ў логіцы — мысленнае проціпастаўленне аднаго суджэння другому.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПЕРАПЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
сукупнасцьтэхнал. працэсаў, злучаных у адзіны вытв. паток, што забяспечвае бесперапыннае пераўтварэнне зыходнай сыравіны ў гатовы прадукт. Тэхнал. працэсы ў бесперапыннай вытворчасці арганізуюцца ў межах вытв. ліній, участкаў, цэхаў ці ўсяго прадпрыемства. Пашырана ў галінах прам-сці, якія ажыццяўляюць масавы выпуск прадукцыі на аснове спалучэння асобных дэталяў (камплектуючых) у адзінае цэлае (швейная, абутковая, гадзіннікавая прам-сць), а таксама ў галінах, на якіх бесперапыннасць вытв. працэсу абумоўлена характарам тэхналогіі (энергетыка, металургія). Апошнія працуюць кругласутачна, без спынення ў выхадныя і святочныя дні, а рамонт абсталявання ажыццяўляецца ў час работы ці з выкарыстаннем рэзервовых апаратаў і агрэгатаў. Для бесперапыннай вытворчасці характэрны высокі ўзровень механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці. Яна, як правіла, скарачае час вытв-сці прадукцыі, забяспечвае больш поўнае выкарыстанне асн. фондаў, паскарае абарачальнасць абаротных сродкаў, спрыяе росту прадукцыйнасці працы. Найб. эфект дае ў паточнай вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАЦЭНО́З (ад бія... + геа... + цэноз),
узаемаабумоўлены комплекс жывых і нежывых кампанентаў, звязаных паміж сабой абменам рэчываў і абменам энергіі; адна з найб. складаных прыродных сістэм. Паняцце біягеацэнозу прапанаваў сав. вучоны У.М.Сукачоў (1940). Жывыя кампаненты біягеацэнозу — аўтатрофы (фотасінтэзавальныя зялёныя расліны, хемасінтэзавальныя мікраарганізмы) і гетэратрофы (жывёлы, грыбы, многія бактэрыі, вірусы), нежывыя — прыземны слой атмасферы з газавымі і цеплавымі рэсурсамі, сонечная энергія, глеба з водамінер. рэсурсамі і часткова кара выветрывання (у водным біягеацэнозе — вада). Сукупнасць усіх жывых арганізмаў біягеацэнозу (біяцэноз) уключае прадуцэнтаў (пераважна зялёныя расліны), што ўтвараюць арган. рэчывы, кансументаў (жывёлы) і рэдуцэнтаў (мікраарганізмы), якія жывуць за кошт гатовых арган. рэчываў і ажыццяўляюць іх раскладанне да простых мінер. кампанентаў, зноў спажываных раслінамі. Біягеацэноз — элементарная адзінка біясферы зямнога шара. Межы біягеацэнозу — канкрэтныя раслінныя згуртаванні. Блізкі да біягеацэнозу тэрмін фацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІКА (грэч. graphikē ад graphō пішу),
сукупнасць пісьмовых сродкаў пэўнай мовы, што ўключае графемы, знакі прыпынку, націск і інш., а таксама сістэма ўзаемаадносін паміж графемамі і фанемамі ў літарна-гукавым пісьме; раздзел мовазнаўства, які вывучае такія ўзаемаадносіны. Паняцце «графіка» характэрна для літарна-гукавога пісьма, у якім вылучаюць 3 бакі: алфавіт, графіку і арфаграфію. Ідэальнай графікай, у якой кожная графема адпавядала б асобнай фанеме (і наадварот) не існуе. У сучасным свеце найб. пашыраны нац. сістэмы пісьма, створаныя на аснове лац. алфавіта (гл.Лацінскае пісьмо), кірыліцы і арабскага пісьма. У аснове бел. графікі — рус.грамадзянскі шрыфт, створаны ў выніку рэформы кірыліцы.
Літ.:
Макарова Р.В. Понятие графики и графемы // Система и уровни языка. М., 1969;
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;
Яновіч А.І. Станаўленне графічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы новага перыяду // Бел. лінгвістыка. 1987. Вып. 31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗАДХО́ДНЫЯ ТЭХНАЛО́ГІІ,
сукупнасцьтэхнал. сродкаў і працэсаў, якія прадугледжваюць максімальна поўнае выкарыстанне ў працэсе вытв-сці сыравінных і паліўна-энергет. рэсурсаў і выключаюць адходы; экалагічная стратэгія ўсёй прам-сці і с.-г. вытв-сці. Безадходныя тэхналогіі накіраваны на стварэнне экалагізаваных цыклаў безадходнай вытворчасці, падобных да прыродных працэсаў у біясферы. Асн. кірункі развіцця безадходных тэхналогій: комплекснае выкарыстанне сыравіны і матэрыялаў, стварэнне замкнёных цыклаў вытв-сці без скідвання сцёкавых водаў і выкідаў у атмасферу шкодных рэчываў, улоўліванне і утылізацыя адходаў. Безадходныя тэхналогіі могуць быць эканамічна нявыгаднымі для адной вытв-сці або галіны прам-сці, але па сукупнасці вынікаў іх выкарыстанне можа даваць вял. станоўчы эфект.
Літ.:
Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек. 2 изд. М., 1986;
Сохранение окружающей среды на основе безотходного производства. Л., 1977;