ПЕТРАГРА́ФІЯ (ад грэч. petros камень + ...графія),

навука аб горных пародах. У шырокім паняцці П. — тое, што петралогія, у вузкім — апісальная частка навукі пра горныя пароды (вывучэнне мінер. і хім. саставу, структуры і тэкстуры). Займаецца пытаннямі класіфікацыі і наменклатуры горных парод па розных прыкметах.

Як самастойная навука зарадзілася ў пач. 19 ст. (класіфікацыя горных парод франц. вучонага А.​Браньяра, 1813) і інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны 19 ст. (даследаванні з дапамогай палярызацыйнага мікраскопа; англ. фізікі У.​Нікаль і Г.​К.​Сорбі; 1849). З пашырэннем мікраскапічных даследаванняў з’явіліся класіфікацыі горных парод ням. геолагаў Ф.​Цыркеля (1866) і К.​Г.​Розенбуша (1873), рас. петрографа Ф.​Ю.​Левінсона-Лесінга (1893). У 1-й пал. 20 ст. пачаты петрахім. і геахім. даследаванні (рас. вучоныя У.​І.​Вярнадскі, А.​Я.​Ферсман, А.​М.​Заварыцкі, амер. Ф.​Кларк і інш.) У 1950—70-я г. створаны новы кірунак у П. — вучэнне аб магматычных і метамарфічных фармацыях (Ю.​А.​Кузняцоў і інш.). З даследаванняў амер. вучонага Р.​Горансана (1937) пачаўся этап развіцця эксперыментальнай П. Тэхнічная П. даследуе састаў і ўласцівасці шлакаў, цэменту, керамікі, шкла, каменнага ліцця (рас. вучоны Дз.​С.​Бялянкін); П. буд. каменю — якасці буд. матэрыялаў. П. касм. аб’ектаў вывучае метэарыты, узоры парод з Месяца і г.д.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕТРЫ́Я (ад полі... + ...метрыя),

1) у паэтыцы — ужыванне ў адным творы некалькіх памераў вершаваных, што робіць верш рытмічна больш разнастайным. Вядома з ант. часоў, у новы час часта ўжывалася ў паэзіі барока, рамантызму і 20 ст. Гл. таксама Лагаэд.

2) У музыцы — адначасовае спалучэнне ў розных галасах ці групах галасоў муз. твора двух ці некалькіх тактавых памераў з перыяд. несупадзеннем гал. метрычных акцэнтаў; адна з пашыраных форм арганізацыі полірытміі. Сустракаецца спалучэнне розных метраў на працягу ўсяго твора або значнай часткі, паміж дзвюма і больш тэмамі (напр., адначасовае гучанне трох танцаў — ​3/4, ​2/4, ​3/8 — у сцэне балю оперы В.​А.​Моцарта «Дон Жуан», фіналу 4-й сімфоніі — ​8/8, ​7/8 — Я.​Глебава), а таксама несупадзенне метра ў мелодыі і яе суправаджэнні (Вальс ор. 42 Ф.​Шапэна, кульмінацыя 4-й ч. 1-й сюіты з балета «Выбранніца» Глебава). Больш пашыраны кароткія поліметрычныя эпізоды, часам не пазначаныя адпаведнымі знакамі, на аснове матыўнай П., або геміёлы — 2-дольных матываў у 3-дольных тактах (2-я ч. 2-га квартэта А.​Барадзіна, 2-я сімфонія «Песні для аркестра» А.​Мдывані, у многіх творах І.​Стравінскага, М.​Рымскага-Корсакава, Глебава, Дз.​Смольскага і інш).

Т.​А.​Дубкова (музыка).

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУСТ ((Proust) Марсель) (10.7.1871, Парыж — 18.11.1922),

французскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік мадэрнізму. Скончыў Сарбону (1895). Дэбютаваў зб. навел «Уцехі і дні» (1896). Сусв. вядомасць яму прынёс цыкл раманаў «У пошуках згубленага часу» («У бок Свана», 1913; «У засені квітнеючых дзяўчын», 1919, Ганкураўская прэмія; «Германты», 1920—21; «Садом і Гамора», 1921—22; «Нявольніца», выд. 1923; «Уцякачка», выд. 1925; «Знойдзены час», выд. 1927), у якім узняты праблемы пазнання і самапазнання, творчасці і творцы, мастацтва і мастацтва жыцця, кахання як пакуты і хваробы і інш. Яго творы, напісаныя ў форме «рамана-ракі», адметныя спалучэннем імпрэсіянізму з элементамі «плыні свядомасці» і рэалізму, нясуць у сабе рысы сямейнай хронікі, рамана выхавання, рамана культуры і інш. Аўтар аўтабіягр. рамана «Жан Сантэй» (незавершаны, выд. 1952), кнігі эсэ «Супраць Сент-Бёва» (выд. 1954) і інш. Зрабіў уплыў на развіццё сусв. рэаліст. і авангардысцкай (асабліва на «новы раман») л-ры 20 ст.

Тв.:

Рус. пер. — В поисках утраченного времени. Т. 1—7. М., 1992—93.

Літ.:

Андреев Л.Г. М.​Пруст. М., 1968;

Сучков Б. Марсель Пруст (1871—1922) // Сучков Б. Лики времени. М., 1976. Т. 2;

Днепров В. Психологический роман Марселя Пруста // Днепров В. Идеи времени и формы времени. Л., 1980;

Мамардашвили М. Лекции о Прусте. М., 1995;

Мориак К. Пруст: Пер. с фр. М., 1999.

Е.​А.​Лявонава.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭРАФАЭЛІ́ТЫ (ад лац. prae раней, перад + Рафаэль),

англійскія мастакі і пісьменнікі 2-й пал. 19 ст., якія ставілі за мэту адраджэнне традыцый сярэднявечнага і раннерэнесансавага (да Рафаэля) мастацтва. «Брацтва прэрафаэлітаў» (англ. Pre-Raphaelite Brotherhood) засн. ў 1848 паэтам і жывапісцам Д.Г.Расеці, жывапісцамі Э.​Мілесам, У.​Х.​Хантам (зазналі ўплыў М.​Браўна, а праз яго — назарэйцаў), падтрымана Дж. Рэскіным. Выступалі з крытыкай бурж. культуры, супрацьпастаўлялі халоднаму акадэмізму «шчырасць», «свяшчэнны агонь» і «жывую веру» прымітываў (гл. Прымітыў). Маст. творам П. уласціва стылізацыя, перабольшаная графічнасць, дэкаратывізм у спалучэнні з дакладнай дэталізацыяй. Паэзія П. (Расеці, Р.Браўнінг, А.​Тэнісан, А.​Ч.​Суінберн) вызначалася пачуццёвымі адносінамі да прыгажосці, спірытуалістычным культам кахання, заснаваным на традыцыях сярэдневяковай італьян. л-ры. Пасля распаду «Брацтва» ў 1853 новы ўздым руху П. пачаўся з канца 1850-х г., калі вакол Расеці згрупаваліся мастакі У.Морыс, Э.К.Бёрн-Джонс, У.​Крэйн, Дж.​Ф.​Уотс і інш. Жывапіс развіваўся да складанай, стракатай плоскаснай арнаментыкі і містычнай ускладненасці вобразнага ладу. П. паўплывалі на развіццё сімвалізму і эстэтызму «канца стагоддзя» ў л-ры (О.Уайльд, У.​Патэр), мадэрну ў выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве (О.В.Бёрдслі і інш.).

Я.​Ф.​Шунейка.

Да арт. Прэрафаэліты. У.​Х.​Хант. Клаўдзіо і Ізабела. 1850.
Да арт. Прэрафаэліты. Д.​Г.​Расеці. La Ghirlandata. 1873.

т. 13, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНСА́Р ((Ronsard) П’ер дэ) (11.9.1524, замак Ла-Пасаньер; Францыя — 27.12.1585),

французскі паэт; прадстаўнік эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Наварскім калежы ў Парыжы (1533—34). Быў прыбліжаны да каралеўскага двара. Узначальваў літ. групу «Плеяда», што адыграла значную ролю ў фарміраванні франц. нац. мовы і паэзіі. У першай кн. «Оды» (кн. 1—5, 1550—52) паспяхова здзейсніў праграму «ўзвышэння» франц. паэзіі. Пісаў любоўныя вершы: зб. санетаў «Любоўныя вершы да Касандры» (1552, нап. пад уплывам Ф.​Петраркі і італьян. паэтаў-неапетраркістаў), цыклы санетаў «Працяг любоўных вершаў» (1555), «Новы працяг любоўных вершаў» (1556), «Санеты да Алены» (1578). У зб-ках «Кніжка свавольстваў» (1553) і «Гай» (1554) звяртаўся да «нізкага» стылю, натуральнасці і прастаты. Філас. лірыка (зб. «Гімны», кн. 1—2, 1555—56) прысвечана Сусвету і Космасу, апявае навуку, законы чалавечага быцця і ідэальнага грамадскага ладу. У цыкле «Развагі пра няшчасці гэтага часу» (1560—62) адстойваў права паэта ўмешвацца ў грамадскае жыццё. У празаічным трактаце «Кароткі выклад паэтычнага мастацтва» (1565) сфармуляваў эстэт. прынцыпы, блізкія паэтыцы класіцызму. На бел. мову асобныя яго вершы пераклала Н.​Мацяш.

Тв.:

Бел. пер. — [Вершы] // Далягляды, 1989. Мн., 1989;

Рус. пер. — Лирика. М., 1963;

Избр. поэзия. М., 1985;

О вечном: Избр. лирика. М., 1996;

У кн.: Поэзия Плеяды. М., 1984.

Літ.:

Виппер Ю.Б. Поэзия «Плеяды»: Становление лит. школы. М., 1976.

А.​В.​Хадановіч.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАВЕ́Й (Алесь) (сапр. Радзюк Альфрэд Васілевіч; 1.5.1922, в. Крысава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.1.1978),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Вучыўся ў Мінскім пед. вучылішчы (1938—40). Працаваў у газ. «Чырвоная Лагойшчына». У Вял. Айч. вайну вярстальшчык «Менскай газэты», сакратар час. «Новы шлях» (Рыга). З 1944 за мяжой; у 1945—49 у г. Зальцбург (Аўстрыя), з 1949 у Аўстраліі, дзе працаваў на фабрыцы. Друкаваўся з 1937. Аўтар зб-каў паэзіі «Мае песні» (1944), «Сіла гневу» (1948), паэм «На хуткіх крыллях вольнага Пегаса» (1943), «Звіняць званы святой Сафіі» (1946), «Домік у Менску» (1948), «Сын» (1949), у якіх раскрываюцца тэмы радзімы, яе гісторыі і прыроды, жыцця народа, кахання. У некат. творах уплыў М.​Багдановіча. Пісаў апавяданні, фельетоны, вершы для дзяцей, вянкі санетаў, трыялеты, санеты, актавы, рандо, александрыны і інш. цвёрдыя строфы. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А Міцкевіча, Р.​М.​Рыльке, Т.​Шаўчэнкі і інш.

Тв.:

Нятускная краса. Ню-Ёрк;

Мельбурн, 1982;

У кн.: Туга па Радзіме. Мн. 1992.

Літ.:

Грамадчанка Т. «За любоў да цябе я пакутаваць мушу...»: Алесь Салавей, 1922—1978 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;

Булгакаў В. Алесь Салавей і паэзія беларускай эміграцыі // Крыніца. 1997. № 6;

Кадняк З. Успаміны пра Алеся Салаўя // Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999.

Л.​С.​Савік.

т. 14, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛІВЕН ((Sullivan) Луіс Генры) (3.9.1856, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 14.4.1924),

амерыканскі архітэктар; адзін з пачынальнікаў рацыяналізму, лідэр т.зв. чыкагскай школы. Вучыўся ў Масачусецкім тэхнал. ін-це ў Кеймбрыджы (1872), наведваў Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1874). Зазнаў уплыў Г.​Х.​Рычардсана. У 1875—95 працаваў у Чыкага з інж. Д.​Адлерам: будынак Аўдыторыума (1886—89) — самая вял. ў ЗША тэатр. зала, заключаная ў абалонку з 10-павярховых карпусоў гасцініцы і офісных памяшканняў, і інш. Распрацаваў новы тып вышыннага будынка, дзе раскрыў спецыфічныя маст.-вобразныя якасці небаскроба з метал. каркаса і ячэйкавай структурай. Выкарыстоўваў верт. цягі, спалучаў строгія плоскасці са складаным крывалінейным арнаментам з чыгуну ў духу стылю мадэрн: Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе (1890—91), Гаранты-білдынг у Буфала (1894—95), будынак фірмы «Карсан-Піры-Скот» у Чыкага (1899—1900). Уласную тэорыю рацыяналізму найб. поўна выклаў у арт. «Вышынны канторскі будынак з мастацкага пункту гледжання» (1896). Стварыў канцэпцыю арган. архітэктуры, пазней развітой яго вучнем Ф.​Л.​Райтам. Творчасць С. паўплывала на развіццё еўрап. функцыяналізму 1920-х г. Аўтар шэрагу літ. прац, у т. л. кн. «Гутаркі ў дзіцячым садзе» (1901—02).

Тв.:

Рус. пер. — [Избр. отрывки] // Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972.

І.​М.​Скварцова.

Л.Салівен. Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе. 1890—91.

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМАНІ́СТЫКА,

1) комплекс навук, што вывучаюць мову, літаратуру, гісторыю, матэрыяльную і духоўную культуру германамоўных народаў.

2) Частка мовазнаўства, якая даследуе германскія мовы.

3) Абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. навук пра Германію і ням. мову.

Як галіна ведаў германістыка пачала складвацца ў 17 ст. на этапе фарміравання нацый у Еўропе, што выклікала цікавасць да гісторыі і культуры, фальклору, мовы і л-ры германскіх народаў. Барацьба за выкладанне ў школах і ун-тах не на лац., а на роднай мове абумовіла з’яўленне ў 15—17 ст. шматлікіх граматык асобных герм. моў, а таксама абудзіла цікавасць да збірання стараж. рукапісаў. Першым філолагам-германістам быў галандзец Ф.​Юніус. Заснавальнікі навук. германістыкі — Р.К.Раск (у працы пра ісландскую мову ўпершыню даказаў агульнасць герм. моў і ўстанавіў іх гукавое падабенства з інш. індаеўрап. мовамі) і Я.​Грым (гл. ў арт. пра братоў Грым), аўтар першай параўнальнай граматыкі герм. моў. Выданнем стараж. тэкстаў займаўся ням. філолаг К.​Лахман. Якасна новы ўзровень германістыкі прыпадае на 1870—80-я г. на эпоху младаграматызму, калі даследчыкі германістыкі засяродзіліся на вывучэнні жывых герм. моў і дыялектаў, а таксама на рэканструкцыі герм. мовы-асновы (прамовы). У гэты час быў назапашаны вял. фактычны матэрыял. У наш час германістыка ахоплівае шырокае кола пытанняў: гіст. шляхі германцаў, фактары і рэгіёны іх міграцыі і аселасці, кірункі паліт. і культ. развіцця, спрадвечныя вераванні і рэліг. традыцыі, асаблівасці фарміравання нац. моў і іх дыялектаў, фалькл. і паэт. крыніцы, што даюць звесткі аб германцах і інш., а таксама кірункі разыходжання народаў і моў у новы і навейшы час, тэндэнцыі, якія вызначаюць іх сучаснае існаванне, агульную тыпалогію і спецыфіку кожнай мовы, л-ры і культуры ўвогуле. Цэнтрам сусв. германістыкі стала Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу (засн. у 1912).

На Беларусі склаліся свае традыцыі вывучэння германістыкі ў яе культ.-гіст. аспектах. У 1920-я г. цэнтрам германістыкі стаў БДУ. Плённы ўклад у германістыку зрабілі У.​М.​Перцаў, У.​І.​Пічэта, Е.​І.​Рыўлін, Я.​Фейгельсон, М.​А.​Канаплін, С.​Я.​Вальфсон, У.​Герчыкаў, А.​Самахвалаў і інш. Пасля Вял. Айч. вайны распрацоўка пытанняў гіст. германістыкі звязана з імёнамі Л.​М.​Шнеерсона, Г.​М.​Трухнова, Д.​С.​Клімоўскага, Г.​А.​Космача, В.​А.​Космача, П.​А.​Шупляка, М.​Г.​Елісеева і інш. Упершыню праблематыка філал. даследаванняў па германістыцы была акрэслена ў арт. Т.​С.​Глушак «Стан германскага мовазнаўства на Беларусі» (1972). Праблемы германістыкі распрацоўваюць філолагі-германісты П.​І.​Копанеў, Г.​А.​Мятлюк, Ю.​Г.​Панкрац, Г.​П.​Кліменка, Дз.​Г.​Багушэвіч, а таксама А.​М.​Гарлатаў, Е.​В.​Зарыцкая, А.​А.​Мірскі, Е.​В.​Каранеўская, Т.​В.​Паплаўская, А.​П.​Дзеўкіна, І.​І.​Токарава, Л.​М.​Ляшчова і інш. Цэнтрамі германістычных даследаванняў у Беларусі сталі Мінскі лінгвістычны ун-т, Ін-т гісторыі Нац. АН Беларусі, пытанні германістыкі вывучаюцца ў БДУ, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах, у інш. ВНУ краіны.

Т.​С.​Глушак.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ШЫЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік сядзібна-паркавага мастацтва 18—19 ст. на паўд. ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля б. в. Лошыца 1-я. У комплекс уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, вадзяны млын, будынак спіртзавода, гасп. пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля поймавай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага 1-павярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага 2-павярховага аб’ёмаў. У дэкар. афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы гал. ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Перад гал. фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпса, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асн. паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўн. тарцовым фасадам. У ім растуць экзоты (дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы яп., сіб. і еўрап. і інш.).

У пісьмовых крыніцах в. Лошыца згадваецца з 1-й пал. 16 ст., належала кн. Талачынскім, з сярэдзіны 16 ст. — Гарнастаям. У 2-й пал. 16 ст. падзелена на Лошыцу-Гарнастаеўскую (з канца 16 ст. належала кн. Друцкім-Горскім) і Лошыцу-Адынцоўскую. У 1719 Лошыца з навакольнымі вёскамі перайшла да Прушынскіх. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзгорку побач з р. Лошыца і Свіслач пабудаваны вял. драўляны дом на каменным падмурку. У 1724 пабудаваны новы сядзібны дом — драўляны (частка сцен з цэглы), на каменным падмурку, накрыты гонтам (рэканструяваны ў пач. 1880-х г.). Паводле інвентара 1772, сядзіба ўяўляла сабой вял. комплекс з гасп. пабудовамі, млынам, на р. Лошыца быў стаў. У 2-й пал. 18 ст. паводле фундацыі С.​Прушынскага пабудавана мураваная капліца ў стылі барока (Лошыцкая алтарыя). У пач. 19 ст. Лошыцу наведаў мастак Ю.​Пешка, які пакінуў акварэль з выявай сядзібы; тут часта бываў В.​Дунін-Марцінкевіч 3 1877 сядзіба перайшла да Любанскіх. У 1896 павялічаны бровар, у 1901 пабудаваны новы млын на Свіслачы. У 1922—25 тут была доследная гаспадарка Бел. дзярж. ін-та сельскай гаспадаркі. На яе базе па ініцыятыве М.​І.​Вавілава ў 1925 створана Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (дырэктар А.​Я.​Сюбараў). 23.2.1931 аддзяленне рэарганізавана ў Бел. занальную доследную станцыю плодаагародніцкай гаспадаркі. Адначасова створаны садова-агародны ін-т з аддзяленнямі садаводства, агародніцтва і перапрацоўкі пладоў і агародніны. 5.4.1956 у Лошыцкай сядзібе створаны Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (у 1964 пераведзены ў Самахвалавічы, а ў Лошыцы пакінута яго доследная гаспадарка). У 1989 створана Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. Сядзібны дом з 1986 — філіял Нац. маст. музея Беларусі.

В.​Р.​Анціпаў, Т.​І.​Чарняўская, У.​М.​Дзянісаў.

Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Капліца. Здымак 1920-х г.
Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Сядзібны дом.

т. 9, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),

Віленскі нацыянальны беларускі камітэт (Вільнацбелкам), каардынацыйны прадстаўнічы орган бел. нац.-дэмакр. партый і арг-цый у Польшчы ў 1921—38. Створаны ў Вільні. У розны час аб’ядноўваў 19—40 прадстаўнікоў розных партый, арг-цый і т-ваў. Стаяў у апазіцыі да польскага ўрада. Вёў нац., культ.-асв. і кааператыўную работу. Ставіў за мэту напачатку дасягненне культ.-нац. аўтаноміі Зах. Беларусі, а потым стварэнне Бел.-Літ. дэмакр. рэспублікі. Пасля стварэння Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) апынуўся пад яе ўплывам. У гэты час у БНК уваходзіў 31 прадстаўнік бел. паліт. партый і арг-цый: БСРГ, Бел. сял. саюза (БСС), Бел. хрысціянскай дэмакратыі (БХД), Т-ва бел. школы (ТБШ), Бел. студэнцкага саюза, Бел. навук. і выдавецкага т-ваў, бел. прэсы, кааператываў і інш. У 1926—27 вядучую ролю ў БНК адыгрывала левае крыло на чале з кіраўнікамі БСРГ Б.​А.​Тарашкевічам, С.​А.​Рак-Міхайлоўскім, П.​В.​Мятлой. Пасля разгрому БСРГ і рэпрэсій польскіх улад супраць яе прадстаўнікоў дзейнасць БНК заняпала. У пач. 1930-х г. БНК рэарганізаваны пад эгідай БХД. У 1934 БНК складаўся з 26 чал. У 1935 прыняты новы статут арг-цыі, у якім падкрэслівалася, што к-т з’яўляецца прадстаўніком арганізаванага бел. насельніцтва Зах. Беларусі, якое дамагаецца ажыццяўлення права бел. народа на самавызначэнне. У студз. 1938 дзейнасць БНК забаронена польскімі ўладамі.

т. 2, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)