спартыўная гульня з ракеткай і валанам. Радзіма бадмінтона — Індыя. У 2-й пал. 19 ст. завезены ў Англію, назва ад англ.г. Бадмінтан, дзе ў 1872 прайшлі першыя спаборніцтвы па бадмінтоне.
У бадмінтон гуляюць на пляцоўцы 13,4 × 5,2 м (для адзіночных) ці 13,4 × 6,1 м (для парных сустрэч) праз сетку памерам 6,10 × 0,75 м, нацягнутую на выш. 155 см. Мэта гульні не дапусціць падзення валана на сваім баку, а прызямліць яго на пляцоўцы саперніка. Гуляюць 3 партыі да ліку 15 ачкоў у кожнай, у жаночых і дзіцячых сустрэчах да 11 ачкоў. З 1934 дзейнічае Міжнар. федэрацыя бадмінтона, чэмпіянаты свету з 1977, Еўропы з 1968; з 1992 (Барселона) бадмінтон у Алімпійскай праграме.
На Беларусі развіваецца з 1960-х г. Зборная Беларусі па бадмінтоне неаднаразовы чэмпіён і прызёр чэмпіянатаў СССР, Кубкаў СССР і летніх Спартакіяд народаўСССР. Бел. бадмінтаністы С.Розін і А.Скрыпко (1977, 1979), Скрыпко і С.Балясава (1979) уладальнікі Кубка Еўропы ў камандным першынстве. З 1993 Беларусь член Міжнар. федэрацыі і Еўрап. саюза па бадмінтоне.
Да арт.Бадмінтон. Пляцоўка для гульні, ракетка і валан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́КІРАЎ (Мілій Аляксеевіч) (2.1.1837, Ніжні Ноўгарад — 29.5.1910),
рускі кампазітар, піяніст, дырыжор, муз. дзеяч. З 1855 жыў у Пецярбургу. Пад яго кіраўніцтвам на пач. 1860-х г. сфарміравалася «Магутная кучка». Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў бясплатнай муз. школы ў Пецярбургу (1868—73 і 1881—1908), узначальваў Прыдворную пеўчую капэлу (1883—94). Аснова творчасці Балакірава — інстр. музыка (сімф. і фартэпіянная), пераважна праграмная, і рамансы. Паслядоўнік традыцый М.Глінкі, Балакіраў развіваў прынцыпы рус. эпічнага і нар. жанравага сімфанізму. Шырока выкарыстоўваў фальклор рус. і інш.народаў. Збіраў і вывучаў нар. песні («Зборнік рускіх народных песень. 40 песень для голасу з фп.», 1866).
Тв.:
2 сімфоніі (1897, 1908), 3 уверцюры, у т. л. Уверцюра на тэмы трох рус. песень (1858), сімф. паэмы «Русь» («1000 гадоў», 1864, 2-я рэд. 1887), «У Чэхіі» («Чэшская уверцюра», 1867, 2-я рэд. 1905), «Тамара» (1882) і інш. для арк.;
2 канцэрты для фп. з арк.;
камерна-інстр. ансамблі;
фантазія «Ісламей» (1869), санаты і інш. для фп.;
хары, рамансы;
музыка да драм. спектакляў і інш.
Літ.:
М.А.Балакирев: Летопись жизни и творчества. Л., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Й (ням. Hoboe ад франц. hautbois літар. высокае дрэва),
1) духавы язычковы муз. інструмент. Уяўляе сабой драўляную канічную трубку (даўж. 59—61 см) з падвойнай трысцінкай і невял. раструбам. Мае больш за 20 пальцавых адтулін з сістэмай клапанаў. Дыяпазон b—a3 (b3, h3). Выкарыстоўваюць як сольны, ансамблевы і арк. інструмент. Адрозніваюць ням. (з больш шчыльным гугнявым гукам) і франц. (з больш шырокімі тэхн., тэмбравымі і дынамічнымі магчымасцямі) сістэмы канструкцыі. Асн. разнавіднасці: малы габой, габой д’амур, англійскі ражок (альтовы, або тэнаровы габой). Інструменты тыпу габоя здаўна бытавалі ў розных народаў. Узнік у 17 ст. ў выніку ўдасканалення стараж.нар. інструмента шалмея, пашыранага ў Зах. Еўропе з 13 ст. Сучасны габой з клапанным механізмам створаны ў пач. 20 ст. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 18 ст.Муз. творы для габоя ёсць у бел. кампазітараў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, Г.Гарэлавай, Л.Захлеўнага, П.Падкавырава і інш. Сярод бел. габаістаў М.Баркоўскі, Г.Забара, Б.Нічкоў, С.Сяргеенка, В.Фралоў і інш. 2) Арганны рэгістр язычковай групы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСНЫ́ СПЕЎ,
гучнае спяванне на адкрытым паветры. Вядомы ў многіх народаў свету, чый побыт звязаны з працай на вольным паветры (напр., іодлі альпійскіх горцаў і інш.). На Беларусі на працягу стагоддзяў выпрацаваўся ў своеасаблівую школу нар. выканання са сваімі эстэт. заканамернасцямі і крытэрыямі майстэрства. Галоўныя з іх: уменне «голасна весці» (спяваць працяжна, на вял. дыханні), а таксама «падняць» песню (распець яе са звонкай грудной падводкай). Для галаснога спеву характэрны шматлікія гукавыя фарбы, якія арганічна ўплятаюцца ў меладычную лінію напеву (глісандуючыя ўзлёты і спады, воклічы на асобных фанемах). У манеры галаснога спеву выконваюцца звычайна каляндарныя песні вяснова-летняга цыкла, пазаабрадавыя лірычныя песні працяжнага характару. Найб. выразна галасны спеў прадстаўлены на Палессі, а таксама на Магілёўшчыне і ў паўд. раёнах Міншчыны. Выдатныя яго майстры сустракаюцца пераважна сярод пастухоў, леснікоў, аб’ездчыкаў; у мінулым майстэрствам галаснога спеву валодалі плытагоны.
Літ.:
Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971;
Яе ж. Традиціїний білоруський народний спів сьогодні // Нар. творчість та етнографія. 1970. N° 1;
Цитович Г.Н. Украинско-белорусские связи в народной музыке // Цитович Г.Н. О белорусском песенном фольклоре. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ РУ́СКІ ХОР Створаны ў Маскве ў 1936 на базе вак. ансамбля Усесаюзнага радыё як Дзярж. хор СССР. У 1942 рэарганізаваны ў Дзярж. хор рус.нар. песні, з 1955 акадэмічны, сучасная назва. Арганізатар, першы маст. кіраўнік і гал. дырыжор А.Свешнікаў (да 1980). З 1987 гал. дырыжор і маст. кіраўнік У.Мінін. Першапачатковай задачай калектыву было адраджэнне старадаўніх рус.нар. песень (сялянскіх, гар., фабрычных, студэнцкіх, салдацкіх), развіццё нац.вак.-харавых традыцый. Сярод найб. вядомых песень «Вячэрні звон», «Гібель «Варага», «Ах ты, стэп шырокі», песні гадоў Вял.Айч. вайны. З 1950-х г. у рэпертуары хар. музыка ўсіх часоў і народаў (каля 1000 твораў), у т. л. хары а капэла, буйнейшыя творы кантатна-аратарыяльнага і вак.-сімф. жанраў, з 2-й пал. 1980-х г. — шматлікія творы царк. музыкі. Гал. ўвага аддаецца развіццю традыцый рус.вак. мастацтва. Хору ўласцівыя дасканалае валоданне стылем а капэла, маналітнасць і стройнасць гучання, багацце каларыстычных адценняў, высокая хар. культура.
Літ.:
Локшин Д. Государственный хор русской песни. М., 1955;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́РА ((Gira) Людас Канстанцінавіч) (27.8.1884, Вільня — 1.7.1946),
літоўскі паэт.Нар. паэт Літвы (1945). Акад.АН Літвы (1946). Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. У 1913—14 рэдактар газ. «Vaivórykštē» («Вясёлка»), у 1921—26 — дырэктар Дзярж.т-ра ў Каўнасе, у 1940—41 — намеснік наркома асветы. У сваіх творах адлюстраваў гіст. мінулае Літвы (зб-кі вершаў «Песні палёў», «Дарогамі радзімы», абодва 1912; трагедыя «Помста», 1910; драм. містэрыя «Кветка папараці», 1928), героіку і драматызм ваенных гадоў (кн. вершаў «Літва Грунвальда», «Гвалт і рашучасць», абедзве 1942; «На далёкіх пуцявінах», 1945). Незакончаная паэма «Вёска каля прыгранічнай ракі» пра дружбу літ. і бел.народаў. У яго творах — рамантычная прыўзнятасць вобразаў, пейзажныя матывы, шматгранны свет інтымных перажыванняў, уплыў фалькл. стылістыкі і меладычнасць верша. Шматлікія яго творы пакладзены на музыку. Выступаў як літ. крытык, як перакладчык твораў Я.Купалы (аўтар першых крытычных водгукаў на яго творчасць), А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі і інш. На бел. мову яго творы перакладалі А.Астапенка, А.Вольскі, С.Дзяргай, М.Лужанін, К.Цітоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́К (Вісарыён Сцяпанавіч) (24.11.1913, в. Шкілякі Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 8.8.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Вучыўся ў Мінскім пед. Ін-це (1933—36). У 1936 рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў на Калыме. Рэабілітаваны ў 1961. Настаўнічаў у Дварэцкай (Чашніцкі р-н, 1933—36) і Мехаўскай (Гарадоцкі р-н, 1940—41) школах. У 1941—45 на фронце. З 1946 цяжка хварэў, каля 15 гадоў быў прыкаваны да ложка. Друкаваўся з 1957. Першая кн. апавяданняў «Не шукаю спакою» (1963). Пісаў пераважна для дзяцей: зб. «Алачка-забывалачка» (1964), «На маім акне» (1966), «Незнарок і знарок» (1969), «Такіх кветак не бывае» (1971), «Са мной здарылася неверагоднае» (1977) і інш. Апавяданні Гарбука займальныя, адкрываюць непаўторны свет дзіцячых уяўленняў, гульняў і забаў. Апрацаваў і пераклаў на бел. мову зб. «Напітак волатаў» (1969) — казкі народаўПаўн. Каўказа.
Тв.:
Горад без папугайчыкаў: Выбр.тв.Мн., 1983;
Лицо в полоску: Рассказы. Мн., 1967;
Мышки и мишки: Рассказы. Ставрополь, 1974.
Літ.:
Казека Я. Слова пра сябра // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДРЫ́ЛЯ (франц. quadrille ад ісп. cuadrilla літар. група з чатырох чалавек),
танец, пашыраны ў многіх еўрап.народаў. Муз. памер як правіла 74. Цотная колькасць пар становіцца па вуглах квадрата або ў 2 рады адзін супраць аднаго. У К. некалькі частак — кален, кожная мае сваю назву (якую звычайна аб’яўляе адзін з танцораў), мелодыю, пэўны парадак рухаў. У канцы 17—19 ст. К. — папулярны салонны танец. На Беларусі пашырана з сярэдзіны 19 ст. Зазнала моцны ўплыў нац. традыцый і стала часткай нар. харэаграфіі. Захаваўшы асн. кампазіцыйныя моманты (размяшчэнне пар па квадраце або радамі, абмен і пераходы партнёраў, пэўная паслядоўнасць фігур), бел. К. па сваім харэаграфічным змесце, колькасці і назвах фігур арыгінальныя і самабытныя. У некат. рэгіёнах ператварыліся ў сюіты з раней вядомых традыц. і новых танцаў.
Існуе шмат мясц. варыянтаў К., у назвах якіх адлюстраваны асаблівасці структуры («Прамая», «Касая», «Крутавая», «З пятага»), колькасць удзельнікаў («Тонкая», «Тоўстая»), мясцовасць бытавання («Лядкаўская», «Ланская», «Турэйская», «Смаргонская», «Воранаўская», «Сянкевіцкая»), сувязь з інш. танцамі («Лянсей», «Урубель»). Паводле нар. К. створана шмат яркіх сцэн. пастановак. Пашырана па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСІ́ЦКІ ((Łasicki) Ян) (каля 1534, в. Ласіцы Сахачоўскага пав. Раўскага ваяв., Польшча — пасля 1599),
польскі гісторык, бібліёграф, пратэстанцкі рэліг. дзеяч. У 1556—61 вучыўся ва ун-тах Страсбурга, Жэневы, Лазаны, Цюрыха, Парыжа, Падуі і інш. Займаўся кнігазнаўствам, напісаў некалькі кніг па гісторыі вывучэння рэлігіі (пераважна кальвінізму). З 1581 у Вільні. Быў настаўнікам і выхавальнікам сыноў мінскага кашталяна Я.Глябовіча. Апошнія гады жыцця правёў у Заслаўі каля Мінска, цікавіўся этнаграфіяй народаў Рэчы Паспалітай, тэорыяй культуры. Пісаў на лац. мове. У зб. прац розных аўтараў, куды ўключыў і сваю «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» (1582), апісваюцца (часам з акцэнтацыяй увагі на негатыўным) сямейныя абрады, нар. адзенне, стравы і інш. бакі матэрыяльнай культуры беларусаў, асаблівасці архітэктуры Полацка, Вільні і інш. гарадоў. Яго твор «Пра багоў самагітаў, іншых сарматаў і несапраўдных хрысціян» (1615) пра свет язычніцкіх вераванняў жыхароў тагачаснай Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЁНКАЎ (Сяргей Цімафеевіч) (10.7.1874, в. Караковічы Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 9.10.1971),
расійскі скульптар. Нар.маст.СССР (1958). Акад.АМСССР (1954). Герой Сац. Працы (1964). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1892—96), Пецярбургскай АМ (1899—1902). Экспанент «Свету мастацтваў», чл.Саюза рускіх мастакоў. Раннія творы вылучаюцца жанрава-апавядальным («Каменябоец», 1898) і манум.-абагульненым характарам («Самсон», 1902). У час рэвалюцыі 1905—07 выканаў некалькі абагульнена-сімвалічных партрэтаў яе ўдзельнікаў («Рабочы-баявік 1905 года Іван Чуркін»). З сярэдзіны 1900-х г. творчасці К. ўласцівы фальклорна-казачныя матывы («Стрыбог», «Дзядок-палевічок», абедзве 1910), пошукі нац., эстэт. і этычных ідэалаў праз вобраз дасканалага, гарманічнага чалавека («Ніке», 1906). Пасля 1917 удзельнічаў у ажыццяўленні плана манум. прапаганды (мемар. дошка «Загінуўшым у барацьбе за мір і брацтва народаў», 1918). У 1924—45 у ЗША, рабіў партрэты (М.Горкі, 1928, Ф.М.Дастаеўскі, 1933). Пасля вяртання на радзіму выканаў шэраг псіхалагічных партрэтаў (Ф.І.Шаляпін, 1952; аўтапартрэт, 1954 і інш.) і станковых кампазіцый, якім уласцівы рысы манументальнасці [«Вызвалены чалавек» («Самсон»), 1947]. Дзярж. прэмія СССР 1951.