адклады прыліўна-адліўнай зоны мора або акіяна (літаралі). Прадстаўлены сучаснымі асадкамі і асадкавымі горнымі пародамі, якія складзены з абломкавых (валуны, галька, друз, жвір, жарства, кангламераты, галечнікі, пяскі, пясчанікі), карбанатных (біягенныя, пелетавыя, аалітавыя, страматалітавыя, мікразярністыя вапнякі) і карбанатна-абломкавых намнажэнняў, а таксама з арган. рэшткаў. Для ўчасткаў літаралі, якія адкрыты акіянскім хвалям, характэрны буйна- і сярэднеабломкавыя асадкі (вял. колькасць валуноў, галечнікі, пяскі); дзе бераг абрывісты і размываецца, з прадуктаў яго разбурэння на дне фарміруюцца брэкчыі і абвальныя намнажэнні; дзе адсутнічае моцнае хваляванне, адкладваюцца пераважна тонказярністыя асадкі алеўрытавыя і гліністыя (напр., у бухтах і залівах далёкаўсходніх і паўн. мораў).
На ўчастках літаралі — ватах адклады прадстаўлены дробназярністымі пяскамі, алеўрытамі і глінамі, якія пераслойваюцца (слаістасць няправільная, лінзападобная). На найб. аддаленай ад мора ч. літаралі фарміруецца паласа салёных азёр (маршаў), у якіх тонкія глеістыя асадкі чаргуюцца з праслоямі торфу і глебамі. У межах трапічных і субтрапічных гумідных зон Л.а. прадстаўлены карбанатнымі асадкамі (пародамі); тут трапляюцца карбанатныя камячкі (пелеты), ааліты, абломкі ракавінак, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, абломкі кальцыту пясчанай размернасці і мікразярністыя асадкі (мікрыты). У Л.а. часта трапляюцца водарасцевыя страматаліты (напр., хвалістыя шкарлупіны, калоніі) і водарасцевыя лямцы з тонкай слаістасцю (пераважна сіне-зялёныя водарасці). Найб. характэрныя прыкметы карбанатных адкладаў літаральнай зоны — наяўнасць трэшчын усыхання і порыстых сістэм няправільнай формы, паралельных напластаванню; тэкстуры «птушынага вока», калі ў аднароднай мікразярністай масе вылучаюцца асобныя буйныя крышталі кальцыту. Стараж. Л.а. фарміраваліся пры перамяшчэнні берагавых ліній. У час марскіх трансгрэсій Л.а. захоўваліся пад інш. тыпамі марскіх і акіянічных адкладаў. Добра захоўваюцца ў разрэзах і залягаюць на рэзка размытай паверхні больш стараж. парод рознага паходжання. Л.а. багатыя карыснымі выкапнямі. Для зон асабліва актыўнага хвалявання характэрны россыпы цяжкіх мінералаў (рутыл, гранат, ільменіт, касітэрыт і інш.). У адкладах адносна спакойных участкаў трапляюцца рудныя радовішчы алюмінію і жалеза. Кангламератавыя і некаторыя з аалітавых жалезных руд мелавога ўзросту (напр., у гарах Гарц) і неагенавыя жалезныя руды (напр., на п-ве Керч) з’яўляюцца асадкамі літаральнай зоны. Літаральныя галечнікі і кангламераты, пяскі і пясчанікі, біягенныя вапнякі выкарыстоўваюцца як буд.матэрыял і часта змяшчаюць радовішчы нафты (напр., у Паўночным м., на Аравійскім п-ве).
На Беларусі Л.а. (страматалітавыя, пелетавыя, біягенныя вапнякі, карбанатныя брэкчыі і кангламераты) з трэшчынамі ўсыхання і інш. прыкметамі сустракаюцца ў палеазойскіх адкладах Прыпяцкага прагіну.
Літ.:
Селли Р.Ч. Древние обстановки осадконакопления: Пер. с англ.М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКІ РАЁН.
На ПдУ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1963). Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 45,5 тыс.чал. (1998), гарадскога 37%. Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Любань. Уключае г.п.Урэчча, 125 сельскіх нас. пунктаў. 11 сельсаветаў: Асавецкі, Дарасінскі, Камунараўскі, Ляхаўскі, Малагарадзяціцкі, Рачэнскі, Сароцкі, Соснаўскі, Тальскі, Юшкавіцкі, Ямінскі.
Паўн. ч. раёна размешчана на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, паўд. — у межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня раўнінная з агульным нахілам з Пн на Пд. 85% тэр. раёна на вышыні ніжэй за 150 м, найвыш. пункт 190 м (на Пн ад в. Юшкавічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, мел, калійная і каменная солі, гаручыя сланцы, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны для цэглы, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-растудз. -6,3 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 597 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб.р. Арэса з прытокам Таліца. Азёры: Вячэра, Баяніцкае; на р. Арэса Любанскае вадасховішча. Найб.меліярац. каналы: Слаўкавіцка-Ямінскі канал, Чабускі, Цахмінскі і інш. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (46,8%), дзярнова-падзолістыя (17,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (17,5%), дзярновыя забалочаныя (16,8%). Пад лесам 33% тэрыторыі, з іх 27,5% — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, яловыя і інш.Найб. лясістасць на ПнУ і Пд, на мяжы з Жыткавіцкім р-нам суцэльны лясны масіў. Пад балотамі 0,7% тэр. раёна. Заказнікі мясц. значэння гідралагічныя: Астраўкі, Вежань, Загальскі масіў, Пасецкі Бор. Помнікі прыроды мясц. значэння: камень-пескавік каля в. Ператок, група з 6 дубоў у Ямінскім лясніцтве, дуб каля в. Камуна, дуб у Соснаўскім лясніцтве, 2 крыніцы ў г.п. Урэчча.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 79,2 тыс.га, з іх асушаных 62,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 20 калгасаў, 2 саўгасы, 15 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства, ільнаводства і буракасеянне. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (дробныя сценавыя блокі, Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), харч. (сыр, масла, спірт і інш.), крухмала-патачнай (крухмал, кісель), пач. апрацоўкі лёну (ільновалакно), швейнай і лясной (піламатэрыялы, мэблевыя загатоўкі, вываз драўніны) прам-сці; рыбгас «Любань». Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Баранавічы—Асіповічы. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі са Слуцкам, Салігорскам, Глускам, Урэччам, Жыткавічамі. У раёне 27 сярэдніх, 9 базавых, пач., вячэрняя, муз., спарт. школы, Дом дзіцячай творчасці, вучэбна-вытв. камбінат, 31 дашкольная ўстанова, 41 дом культуры і клуб, 41 б-ка, 9 бальніц, паліклініка, 3 амбулаторыі, 20 фельч.-ак. пунктаў, санаторый. Любанскі музей нар. славы. Мемар. комплекс «Зыслаў». Выдаецца газ. «Голас Любаншчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТО́ЎСКІ РАЁН.
На З Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 40,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 45 %. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Масты. Уключае 154 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Азёркаўскі, Галубоўскі, Глядавіцкі, Гудзевіцкі, Дубненскі, Зарудаўеўскі, Курылавіцкі, Лунненскі, Малькавіцкі, Мастоўскі, Мікелеўшчынскі, Пацавіцкі, Пескаўскі, Харціцкі.
Амаль уся тэр. раёна размешчана ў межах Верхнянёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, агульны нахіл з Пд на Пн да даліны р. Нёман, 80 % яе — на выш. да 120 м, найвыш. пункт 167 м (за 2 км на Пд ад в.Вял. Рагозніца). Карысныя выкапні: торф, цэментныя мел і гліны, гліны і суглінкі для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 540 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Найб. рака Нёман з прытокамі Шчара з Сіпай, Зальвянка, Рось, Ельня. Меліярацыйныя каналы: Нацкава, Ланцавічы, Міклашоўскі. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,3 %), тарфяна-балотныя (14,8 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4 %), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8 %). Пад лесам 33 % тэр. раёна. Суцэльныя масівы лесу захаваліся ўздоўж р. Нёман (часткі Нёманскіх лясоў і Ліпічанскай пушчы). Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя і чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. Пад балотамі 20,7 тыс.га, з іх асушана 17,2 тыс.га. Помнікі прыроды рэсп. значэння: катлавіны Гумнішча і Падбярэззе, Пабоеўскі вял. камень з ямкамі, Княжаводскае і Пашынскае агаленні стараж. адкладаў Княжаводскае агаленне стараж. адкладаў, роў Яна і Цэцыліі (з агаленнем Самастрэльнікі), Дубненскае і Пескаўскае агаленні азёрных і рачных адкладаў. Зоны адпачынку Масты, Воўпа, Скідзель.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 64,8 тыс.га, з іх асушаных 22,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 10 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля і буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы), харч. (крухмал, маянэз), металаапр. (рамонтны з-д у в. Пескі) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла). ГЭС каля в. Пацавічы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Ліда—Масты—Ваўкавыск і Гродна—Масты; аўтадарогі Шчучын—Масты—Ваўкавыск, Масты—Слонім, Масты—Гродна і інш. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 4 пач. школы, школа-інтэрнат для дзяцей са слабым зрокам, муз. школа, 23 дашкольныя ўстановы, 32 клубы, 37 б-к, 6 бальніц, 5 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Гудзевіцкі дзярж.літ.-краязнаўчы музей, мастоўскі музей «Лёс і чалавек». Арх. помнікі: касцёл Ганны (1782) у в. Лунна, Троіцкі касцёл (1740) у в. Струбніца. Выдаецца газ. «Зара над Нёманам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЦКІ РАЁН Размешчаны на ПдЗ Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 25,2 тыс.чал. (2001), гарадскога 36,5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Свіслач. Уключае г.п.Поразава, 151 сельскі нас. пункт, Поразаўскі пасялковы Савет, 6 сельсаветаў: Вердаміцкі, Дабравольскі, Навадворскі, Нязбодзіцкі, Свіслацкі, Ханявіцкі.
Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Прыбугскай раўніны, на ПнУ — Ваўкавыскага ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пашыраны лагчыны сцёку ледавіковых вод і скразныя даліны. Цэнтр.ч. раёна — водападзел паміж басейнамі рэк Нёман і Нараў. Пераважаюць выш. 160—200 м (95%), найвыш. пункт 242 м (за 5 км на З ад г.п. Поразава). Глыбіня расчлянення рэльефу ў межах узвышша — 20 м/км². Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі, торф. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 585 мм за год. Вегетац. перыяд 199 сут. Найб. рэкі Нараў з Калонкай і Рудаўкай, Рось з Харужаўкай, Свіслач, Зальвянка. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (68,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,5%). Пад лесам 48,8% тэр. раёна. Найб. лясістасць на Пд раёна, на ПдЗ амаль палавіна ляснога масіву Белавежская пушча. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя; трапляюцца грабавыя, асінавыя, ясянёвыя і інш. Пад балотамі 6,2% тэрыторыі. Найб. балотныя масівы Зальвянка і Глыбокае балота. На тэр. раёна ч.нац. парку Белавежская пушча, гідралагічны заказнік рэсп. значэння — Дзікае (часткова); заказнік мясц. значэння — біялагічны Поразаўскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк «Вердамічы» ў в. Вердамічы.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 55,5 тыс.га, з іх асушаных 12,5 тыс.га. На 1.1.2001 у раёне 9 калгасаў, 6 саўгасаў, 14 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну-даўгунцу, бульбы. Прадпрыемствы кааператыўнай (каўбасныя, хлебабулачныя і макаронныя вырабы) і мэблевай (мэбля з лазы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Гайнаўка (Польшча) — Свіслач—Ваўкавыск, аўтадарогамі г. Свіслач звязаны з гарадамі Гродна, Ваўкавыск, г.п. Поразава. У раёне 16 сярэдніх, 7 базавых, 1 пач., 1 муз., 1 спарт., 2 маст. школы, спецшкола-інтэрнат, Цэнтр пазашкольнай працы, 15 дашкольных устаноў, 24 дамы культуры і клубы, 37 б-к, 2 бальніцы, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый, 16 фельч.-ак. пунктаў. Раённы гіст.-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (19 ст.) у в. Гарнастаевічы, царква (пабудавана ў 1792 як касцёл францысканцаў, з 1870 правасл. царква, захаваліся фрагменты мураванай агароджы і брама 18 ст.) у в. Грынявічы, царква Іаана Хрысціцеля (1840) у в. Дабраволя. Выдаецца «Свіслацкая газета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРЖГГУТО́ЎСКІ Аляксандр Казіміравіч (21.6.1864, в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.3.1940),
бел. этнограф і фалькларыст. Правадз.чл. Інбелкульта (1925). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1884) і Пецярбургскі археал.ін-т (1904). Працаваў настаўнікам нар. вучылішчаў на Мазыршчыне і Случчыне (1884—93), у Мінскім аддз. сялянскага пазямельнага банка і Мінскім паштова-тэлегр. ведамстве (1893—96), на паштамце ў Пецярбургу (1896—1906), у этнагр. аддзеле Рус. музея ў Ленінградзе (1906—30). Узначальваў падкамісію ў Камісіі па складанні этнагр. карт і вывучэнні нац. складу насельніцтва Расіі пры АН, аналагічную камісію ў Рус.геагр. т-ве (РГТ, 1922—23), выкладаў у нядзельным рабочым ун-це (1919—20), бел. школе (1918—23) у Петраградзе. У час працы настаўнікам і ў экспедыцыях па даручэнні Рус. музея сабраў на Беларусі багаты этнагр. і фалькл.матэрыял. У этнагр. нарысе «Беларусы-палешукі» (1908, рукапіс) апісаў пабудовы, побыт, звычаі і вераванні сялян Мазыршчыны і Случчыны. Даследаваў земляробчыя прылады працы, бортніцтва, заняткі, звычаі сябрыны, талакі і інш. («Нарысы Беларусі», 1907—09; «Земляробчыя прылады Беларускага Палесся», 1910; «Бортніцтва на Беларусі», 1914, і інш.); вывучаў таксама побыт рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, татараў, народаў Каўказа. Выдаў зб-кі «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911), «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926), «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930). Захаваўся рукапісны зб. «Беларускія песні», у якім змешчаны 53 тэксты, запісаныя ў канцы 1890-х г. у Мазырскім пав. Рукапісныя зб-кі «Песні Магілёўшчыны» і этнагр. праца «Быт беларусаў» не захаваліся. У 1908 падрыхтаваў да друку зб.бел. прыказак з слоўнікам (збераглася частка рукапісу), за што атрымаў малы залаты медаль Аддзялення этнаграфіі РГТ, у 1912 — рукапісны зб. «Беларускія прыказкі і прымаўкі, запісаныя ў Мазырскім павеце». Вывучаў дыялекты бел. мовы («Граматычны нарыс беларускай гаворкі в. Чудзіна Слуцкага павета Мінскай губерні», 1911), падрыхтаваў да друку «Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы» (1919, не захаваўся). У час. «Чырвоны шлях» (1918) апублікаваў шэраг артыкулаў пра станаўленне бел. народнасці, пра паходжанне і сутнасць рэлігіі, а таксама серыю публіцыст. нарысаў (пад псеўд. Навум Смага) у рубрыцы «Малюнкі Беларусі», у якіх апісаў гаротнае жыццё бел. сялян у дарэв.час. Рукапісная спадчына С. зберагаецца ў Музеі этнаграфіі (С.-Пецярбург), Рус. музеі, Рас.АН (С.-Пецярбург), Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРФО́Р (тур. farfur, fagfur ад перс. фегфур),
1) у тэхніцы — шчыльны керамічны матэрыял, а таксама вырабы з яго; разнавіднасць керамікі. Вызначаецца вода- і газанепранікальнасцю, мех. трываласцю, высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, тэрмічнай і хім. устойлівасцю (устойлівы ў кіслотах, акрамя плавікавай).
Паводле складу сыравіны (асн. кампаненты — пластычная вогнетрывалая гліна, каалін, кварц, палявы шпат) і рэжыму абпалу адрозніваюць Ф. цвёрды і мяккі. Атрымліваюць абпальваннем фармаваных вырабаў. Фармаванне ажыццяўляюць паўсухім або вільготным прасаваннем, ліццём у гіпсавыя формы і інш. Паверхню Ф. звычайна пакрываюць белай або каляровай палівай, без палівы Ф. наз. бісквітам. Выкарыстоўваюць цвёрды Ф. для вырабу вузлоў і дэталей хім. апаратуры, эл. ізалятараў, санітарна-тэхн. абсталявання, труб, мяккі — быт. і маст. вырабаў.
2) У мастацтве посуд, дробная пластыка і інш.маст. вырабы з белай абпаленай пры высокай тэмпературы масы са спец. дамешкамі, якая вызначаецца няпорыстай будовай і прасвечваецца ў тонкім слоі.
Найстараж. вырабы з Ф. вядомы з 4—6 ст. у Кітаі. Своеасаблівыя варыянты вытв-сці Ф. вядомы ў Японіі і Карэі. Пазней Ф. пашырыўся ў інш. краінах Азіі. У Зах. Еўропе ў 16—18 ст. вырабляўся мяккі фарфор з легкаплаўкай сілікатнай масы, знешне падобны да Ф. (гл.Сеўрскі фарфор); яго разнавіднасць — касцяны Ф. з перапаленай косцю (Вялікабрытанія, 18 ст.). У Германіі паўнацэнны Ф. атрымаў у 1709 І.Ф.Бётгер пры садзеянні Э.В.Чырнгаўза; у выніку засн.вытв-сцьмайсенскага фарфору. Склад і тэхналогію Ф. ў Расіі распрацаваў у 1740-я г. Дз.Вінаградаў. У сав. час набыў вядомасць агітацыйны Ф.
На Беларусі Ф. вырабляюць з 1951 на Мінскім фарфоравым заводзе, з 1978 — і на Добрушскім фарфоравым заводзе. У аздабленні выкарыстоўваюць падглазурную і надглазурную размалёўку, дэколі, штамп, аэраграфію і інш.Бел. мастакі-керамісты ствараюць узоры для масавай вытв-сці чайна-кававых сервізаў, сталовага посуду, ваз, набораў для спецый, чайнікаў, статуэтак, сувеніраў і інш. Вылучаюцца работы Р.Алёшынай, Л.Багданава, М.Бяляева, І.Гагалушкі, М. і Л. Гатальскіх, В.Гаўрылава, В.Данчук, В.Кірыленкі, В.Леантовіча, Г.Літвіненкі, М.Міхалапа, І.Прохарава, Л.Рыжкоўскага, А.Федуся, Э.Фокінай. З Ф. ствараюць пластычна выразныя дэкар. станковыя кампазіцыі, выкарыстоўваюць для аздаблення інтэр’ераў грамадскіх будынкаў (Бяляеў, У.Васюк, В.Іванькова, В. і Л. Кавальчукі, Л.Малышаў і інш.).
Літ.:
Мороз И.И. Технология фарфоро-фаянсовых изделий. М., 1984.
В.Г.Гаўрылюк (у мастацтве).
Да арт.Фарфор. Ваза «Шампальён». Горад Сеўр. Францыя. 18 ст.Да арт.Фарфор. Л.Багданаў. Анімалістычная пластыка.Да арт.Фарфор. Я.Малышаў. Набор «Супрэматычныя мелодыі». 1999.Да арт.Фарфор. В.Леантовіч. Набор «Слуцкі». 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРАЛЬНАБЯРЭ́ЗІНСКАЯ РАЎНІ́НА,
фізіка-геагр. раён Перадпалескай правінцыі, у цэнтры Беларусі. Займае ўсх.ч. Мінскай, зах. Магілёўскай, паўн. Гомельскай абласцей. Мяжуе з Мінскім і Аршанскім узвышшамі на ПнЗ і Пн, Аршанска-Магілёўскай і Чачорскай раўнінамі на ПнУ і У, Беларускім Палессем на Пд і Капыльскай градой з прылеглымі да яе раўнінамі на 3. Выш. 150—180 м. Працягнулася з Пн на Пд на 165 км, а 3 на У на 90—170 км. Пл. 28,1 тыс.км².
Ц.р. прымеркавана да ўсх. схілаў Беларускай антэклізы і паўд.-зах. часткі Аршанскай упадзіны. У платформавым чахле найб. пашыраны адклады верхняга пратэразою, палеазою (пераважна дэвону), мезазою і кайназою. Пароды антрапагену (бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў) складаюць покрыва магутнасцю 40—130 м. На паверхні раўніны пашыраны водна-ледавіковыя розназярністыя пяскі з галькай і дробнымі валунамі, супескі, месцамі марэнныя адклады, на ўзвышаных участках лёсападобныя пароды, у далінах рэк алювіяльныя пяскі, у забалочаных паніжэннях торф і інш.
Рэльеф сфарміраваўся пад уплывам сожскага зледзянення. Паверхня пласкахвалістая, паніжаецца на Пд, дзе абс. адзнакі на 20—30 м ніжэй, чым на Пн. Пашыраны зандравыя раўніны, асабліва ў міжрэччы -Друці і Бярэзіны. Развіты дзюнна-ўзгорысты рэльеф, другасныя марэнныя раўніны з плоскай паверхняй. Трапляюцца размытыя краявыя грады, найб. выразныя каля гарадоў Бабруйск, Любань, Асіповічы. Пашыраны лагчыны сцёку расталых ледавіковых вод, затарфаваныя катлавіны. Шматлікія рачныя даліны маюць поймавыя і да 2 надпоймавых тэрас, схілы парэзаны ярамі. Найб. рэкі Дняпро з Друццю, Бярэзіна з прытокамі, Пціч, вярхоўі Арэсы і Случы (з Мораччу). Азёры невял. (Судабле, Сяргееўскае), у поймах шмат старычных азёр. На міжрэччах балоты вярховыя і пераходныя, у далінах рэк і паніжэннях — нізінныя. Вадасховішчы: Чырвонаслабодскае на р. Морач, Салігорскае на р. Случ, Любанскае на р. Арэса, Чыгірынскае на р. Друць і Асіповіцкае на р. Свіслач. Карысныя выкапні: калійныя і каменная солі, легкаплаўкія гліны, пяскі сілікатныя і буд., пясчана-жвіровы матэрыял, мел, сапрапель, торф, мінер. воды. Глебы дзярнова-падзолістыя, у паніжэннях — тарфяна-балотныя, па далінах — алювіяльныя. Пад лесам 41%. Найб. пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы. Трапляюцца яловыя, дубовыя, грабавыя, чорнаальховыя, асінавыя, бярозавыя лясы і рэдкія на Беларусі ліпнякі. Па далінах рэк разнатраўныя лугі. Пад ворывам больш за 30% тэр. У межах раўніны заказнікі: гідралагічны — Заазер’е, біял. — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Кайкаўскі, Копыш, Мацеевіцкае, Струменскі, Чачэрскі, Чэрнеўскі, Фаліцкі Мох.
Л.У.Мар’іна.
Цэнтральнабярэзінская раўніна. Краявід у Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ВУСКІ РАЁН.
Размешчаны ў цэнтр. частцы Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 16.9.1959). Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 24,1 тыс.чал. (2003), гарадскога 46,1%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Чавусы. Раён уключае 168 сельскіх нас. пунктаў, 10 сельсаветаў: Антонаўскі, Благавіцкі, Вайнілаўскі, Ваўкавіцкі, Гарбавіцкі, Дужаўскі, Жаліўскі, Прудкоўскі, Пуцькаўскі, Цемравіцкі. Большая ч.тэр. раёна забруджана радыенуклідамі (1—5 Ku/км², месцамі да 15 Ku/км²).
Тэр. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая з комплексам западзінных мікраформ. Пераважаюць выш. 150—190 м (87%). Найвыш. пункт 203 м (на ПдУ ад в. Новааляксандраўка). Карысныя выкапні: торф, цагельныя гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7,7 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 642 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. Найб.р. Проня з прытокамі Бася і Раста (з Рудзеяй, Беліцай і Плясной). Вадасховішча на р. Рудзея. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (63,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,4%), тарфяна-балотныя (11,7%) і інш. Пад лесам 31,5% тэр.Найб. лясныя масівы на Пн (у міжрэччы Басі і Проні) і У (левабярэжжа Проні). У складзе лясоў хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, чорна- і шэраальховыя. Штучныя лесанасаджэнні каля 4%, пераважна хвойныя. Пад балотамі 2,2% тэр. У межах раёна біял. заказнік мясц. значэння (бабры) каля в. Брады; ахоўныя тарфянікі Азярышча, Барадзілаўскае-Крамянец, Бярозавае, Каралеўшчына, Рабяткі. Помнікі прыроды мясц. значэння: парк у г. Чавусы, валуны каля в. Брады і Новааляксандраўка, участак лесу «Ялова» ў Мокрадскім лясніцтве.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 88,2 тыс.га, з іх асушаных 11,8 тыс.га. На 1.1.2003 у раёне 22 калгасы, 1 саўгас, 5 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых, зернебабовых, рапсу, лёну, бульбы, агародніны. Прадпрыемствы прам-сці: буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла), харч. (масла, сыры, цэльнамалочныя прадукты, сушаная агародніна), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно, траста), кааператыўнай. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Магілёў—Чавусы—Крычаў, аўтадарогі: Магілёў—Слаўгарад, Магілёў—Чавусы—Мсціслаў, Магілёў—Чавусы—Чэрыкаў. У раёне 16 сярэдніх, 2 базавыя, 3 пачатковыя школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў, дзіцячая спарт. школа, раённы Дом культуры, 25 клубаў, 26 б-к, 2 бальніцы, паліклініка, 2 амбулаторыі, 26 фельч.-ак. пунктаў. Санаторыі «Зара», «Раста». Раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Благавічы. Выдаецца газ. «Іскра».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫБАЛОГІЯ І ТРЫБАТЭХНІКА
Трыбалогія — навука аб працэсах узаемадзеяння цел пры іх адносным руху, а трыбатэхніка — сукупнасць інжынерных дысцыплін, што вырашаюць праблемы трэння, змазкі і зносу. Даследаванні на Беларусі пачаліся ў 1960-я г. пад кіраўніцтвам У.А.Белага ў Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (цяпер Бел.ун-т транспарту), а таксама ў Аддзеле механікі палімераў (цяпер Ін-т механікі металапалімерных сістэм), Фізіка-тэхн. ін-це, Ін-це механікі і надзейнасці машын Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел.нац.тэхн. ун-це, гомельскіх тэхн. ун-це і ун-це імя Ф.Скарыны і інш.
Трыбалагічныя даследаванні вядуцца ў наступных кірунках: трыбааналіз — фізіка, хімія і механіка паверхневых з’яў на кантакце цвёрдых цел (тэндэнцыя да мініяцюрызацыі вузлоў трэння ў прэцызійных механізмах, прыладах апрацоўкі інфармацыі і мікраэлектрамех. сістэмах узняла праблемы адгезіі, трэння і змазкі, а з’яўленне тунэльнай і атамна-сілавой мікраскапіі дазволіла перавесці даследаванні на нанаметровы атамна-малекулярны ўзровень); трыбаматэрыялазнаўства — даследаванне ўласцівасцей і стварэнне новых матэрыялаў для вузлоў трэння (распрацоўваюцца нанакампазіты на аснове ўсіх вядомых класаў матэрыялаў — металаў, керамікі, палімераў, інтэлектуальныя матэрыялы — магніта- і электракіраваныя кампазіты, самаарганізавальныя монаслаі, біяарган. сістэмы); трыбатэхналогія — распрацоўка сродкаў і метадаў атрымання кампанентаў трыбасістэм з прынцыпова новымі характарыстыкамі; трыбаманіторынг — інтэграваны падыход да дыягностыкі і бесперапыннага кантролю рабочых рэжымаў трыбасістэм. У галіне трыбатэхнікі ажыццяўляецца дзярж. падтрымка ў рамках праграм фундаментальных даследаванняў «Паверхня», «Матэрыял», навукова-тэхн. праграм «Трыбатэхніка», «Абарона паверхні», «Новыя матэрыялы і тэхналогіі». На Беларусі рэгулярна праводзяцца міжнар. канферэнцыі, з 1980 выдаецца міжнар. навуковы час. «Трэнне і знос», створана трыбалагічнае т-ва.
Літ.:
Макушок Е.М. Механика трения. Мн., 1974;
Трение и износ материалов на основе полимеров Мн., 1976;
Макушок Е.М., Калиновская Т.В., Белый А.В. Массоперенос в процессах трения. Мн., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Н РЭ́ЧЫВАЎ, метабалізм,
сукупнасць хім. ператварэнняў рэчываў у жывых арганізмах, якія забяспечваюць іх развіццё, жыццядзейнасць, самаўзнаўленне, сувязь з навакольным асяроддзем і адаптацыю да змен у ім. Аснову абмену рэчываў складаюць непарыўна звязаныя і ўзаемаабумоўленыя працэсы анабалізму, катабалізму і абмену энергіі. У сукупнасці яны забяспечваюць структурную і функцыян. цэласнасць арганізмаў, ляжаць у аснове іх гамеастазу. У планетарным маштабе абмен рэчываў складае важную частку кругавароту рэчываў у прыродзе. Для кожнага віду жывых арганізмаў характэрны свой, генетычна замацаваны ўзровень абмену рэчываў, які залежыць ад іх спадчынных уласцівасцяў, месца ў эвалюцыйным радзе, узросту, полу, умоў існавання і інш. фактараў (напр., абмен рэчываў ніжэйшы ў раслін і халаднакроўных жывёл, вышэйшы ў цеплакроўных, слабы ў час спячкі, анабіёзу, высокі ў перыяд размнажэння і г.д.). Пры вял. і разнастайным асартыменце арган. рэчываў, якія ўцягваюцца ў абмен, агульная яго схема ў розных арганізмаў падобная, вызначаецца ўпарадкаванасцю і падабенствам паслядоўнасці біяхім. ператварэнняў, што адбываюцца пры абавязковым удзеле ферментаў. Дзякуючы абмену рэчываў з пажыўных рэчываў утвараюцца характэрныя для дадзенага арганізма злучэнні, якія выкарыстоўваюцца як буд. ці энергет.матэрыял, пастаянна і няспынна абнаўляюцца органы і тканкі без прынцыповай змены іх хім. саставу. Асн. тыпы злучэнняў, якія ўдзельнічаюць у абмене рэчываў у арганізме, — бялкі, тлушчы, вугляводы, мінеральныя рэчывы. Іх навук. даследаванне вылучаецца ў самаст. раздзелы біяхіміі.
Ператварэнні рэчываў ад моманту іх паступлення ў арганізм да ўтварэння канчатковых прадуктаў распаду складаюць сутнасць т.зв. прамежкавага абмену рэчываў. Асн. яго этапы: ператраўленне і ўсмоктванне пажыўных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце; дастаўка атрыманых рэчываў да розных органаў і тканак; іх перабудова, раскладанне і выкарыстанне для біясінтэзу спецыфічных рэчываў, клетак і тканак; раскладанне такіх рэчываў з утварэннем прамежкавых злучэнняў і канчатковых прадуктаў абмену; выдаленне апошніх з арганізма. Цэнтр. месца ў абмене рэчываў належыць цыклу трыкарбонавых кіслот, у якім перакрыжоўваюцца шляхі бялковага, вугляводнага, тлушчавага абмену (гл. схему). Найважн. прамежкавы прадукт абмену рэчываў — ацэтылкаэнзім A, які ўдзельнічае ва ўсіх працэсах анабалізму і катабалізму і аб’ядноўвае іх; асн. канчатковыя прадукты — H2O, CO3, NH3, мачавіна і інш. У рэгуляванні працэсаў абмену рэчываў гал. месца займаюць змены актыўнасці і інтэнсіўнасці сінтэзу клетак, абмен можа самарэгулявацца па прынцыпе адваротнай сувязі. Вял. значэнне ў рэгуляванні абмену рэчываў маюць біял. мембраны. У высокаарганізаваных жывёл рэгулюецца і каардынуецца нейрагумаральнай сістэмай пры ўдзеле біял. актыўных рэчываў (вітаміны, гармоны, медыятары і інш.). Разбалансаванне абмену рэчываў з’яўляецца прычынай або вынікам узнікнення разнастайных хвароб, фіксацыя змен у ім — важны дыягнастычны сродак. Гл. таксама Бялковы абмен, Вугляводны абмен, Тлушчавы абмен, Мінеральны абмен.
Літ.:
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Страйер Л. Биохимия: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1984—85.