РЫФМАЎ СЛО́ЎНІК,
слоўнік, у якім у алфавітным парадку зафіксаваны словы-рыфмы, ужытыя ў творчасці пэўнага паэта або ў нац. паэзіі канкрэтнага перыяду. Да 1917 ў Расіі выйшла некалькі Р.с., якія адлюстроўвалі характар рыфмаў асобных рус. паэтаў, выяўлялі рыфматворныя магчымасці рус. мовы. Аднак гэтыя слоўнікі мелі нарматыўную скіраванасць і скоўвалі развіццё паэзіі. Першы Р.с. ва ўсх. славян пасля 1917 — «Слоўнік украінскіх рыфмаў» А.А.Бурачка і І.І.Гурына (1979). У пэўнай ступені Р.с. нагадваюць адваротныя слоўнікі, дзе лексіка размяшчаецца ў парадку алфавіта з канца слова. Р.с. не можа замяніць наватарскай працы паэта ў падборы неабходных сугучных слоў. Характар і якасць усіх элементаў формы, у т. л. і рыфмы, залежыць ад канкрэтнага зместу паэт. выказвання.
В.П.Рагойша.
т. 13, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГА́ТА (італьян, regata ад riga шэраг, лінія; стартавая лінія),
буйное, звычайна традыц, спаборніцтва па парусным спорце, вяслярным спорце; часам спаборніцтвы па водна-маторным спорце. Складаецца з серыі гонак для суднаў розных класаў.
Адна з першых Р. (Венецыянская Р гандальераў) адбылася ў 1740. З сярэдзіны 19 ст. Р. праводзяцца ў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Францыі, Швейцарыі, з канца 19 ст. — у ЗША, Канадзе, краінах Лац. Амерыкі, Расіі, сканд. краінах і інш. Найб. вядомыя — Хенлейская каралеўская Р. па акад. веславанні (з 1839, на р. Тэмза паблізу Лондона), Кільская парусная Р. (1897, Кільская бухта Балт. м., Германія). На Алімп. гульнях праводзяцца Р. па парусным спорце (серыя з 7 гонак) і перадалімпійскія спаборніцтвы. Гл. таксама Веславанне акадэмічнае. Веславанне на байдарках і каноэ.
т. 13, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙД (ад англ. raid налёт, набег, нападзенне),
форма тактычных (аператыўна-тактычных) дзеянняў вайск. і партыз. фарміраванняў; імклівы рух і вядзенне баёў (аперацый) у тыле праціўніка. У 2-ю сусв. вайну Р. праводзіліся з мэтай знішчэння жывой сілы і тэхнікі праціўніка, дэзарганізацыі кіравання войскамі і работы тылу, парушэння камунікацый і інш. (напр., рэйд кав. корпуса Л.М.Даватара па тылах ням. войск у жн. — вер. 1941). З канца 1942 па май 1945 звыш 100 буйных сав. партыз. фарміраванняў зрабілі больш за 40 Р., у т. л. бел. партызаны з усх. у зах. Беларусь, а таксама ў Літву, Польшчу і інш. У сучасных умовах Р. выкарыстоўваюцца ў ходзе лакальных войнаў і інш. узбр. канфліктаў; іх асаблівасць — масіраваная падтрымка дзеянняў наземных войск авіяцыяй.
С.М.Абрамаў.
т. 13, с. 562
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНА́Р ((Renard) Жуль) (22.2.1864, Шалон-сюр-Мен, Францыя — 22.5.1910),
французскі пісьменнік. Дэбютаваў як паэт-сімваліст (зб. вершаў «Ружы», 1886). Першы буйны празаічны твор — раман «Макрыцы» (1887) пра жыццё вясковых буржуа. У рамане «Паразіт» (1892) сатыр. вобраз пісьменніка-псеўдабунтаўшчыка і прычыны яго дэградацыі. Тэмы дзяцінства і вёскі распрацоўваў у рамане «Рыжык» (1894). Аўтар зб-каў нарысаў і апавяд. «Патайны ліхтар» (1893), «Вінаградар у сваім вінаградніку» (1894), «Буколікі» (1896), «Нашы суровыя браты» (1908) пра сял. побыт, п’ес, у т. л. «Ханжа» (1909) і інш. Найбуйнейшы яго твор — «Дзённік» (выд. 1927), у якім адлюстраваны светапогляд і прынцыпы Р., грамадскае і культ. жыццё Францыі канца 19 — пач. 20 ст.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1946;
Дневник. М., 1965.
А.В.Хадановіч.
т. 14, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СА́ГА АБ Э́ЙМУНДЗЕ», «Пасма аб Эймундзе Хрынгсане»,
ісландская сага канца 13 ст., у якой найбольш звестак пра Стараж. Русь, у т. л. пра землі сучаснай Беларусі. Паведамляе пра княжацкую барацьбу пасля смерці вял. кн. Уладзіміра Святаславіча (1015) з удзелам наўгародскага кн. Яраслава Мудрага, тураўскага кн. Святаполка Акаяннага, полацкага кн. Брачыслава Ізяславіча і варажскіх конунгаў з дружынамі. Змяшчае шмат звестак, якія адсутнічаюць у стараж.-рус. летапісах або супярэчаць ім (напр., сведчыць, што кн. Барыс быў забіты Яраславам, а не Святаполкам; вараг Эймунд княжыў у Полацку, і інш.). У гістарыяграфіі існуюць супярэчлівыя погляды на верагоднасць звестак сагі.
Літ.:
Филист Г.М. История «преступлений» Святополка Окаянного. Мн., 1990;
Джаксон Т.Н. Исландские королевские саги о Восточной Европе (первая треть XI в.): Тексты. Перевод. Коммент. М., 1994.
т. 14, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМО́НІ ((Solomoni) Джузепе) (Іосіф),
італьянскі артыст балета, балетмайстар, педагог канца 18 — пач. 19 ст. У 1770-х г. працаваў у Вене. З 1782 у Маскве, танцоўшчык, з 1784 — пастаноўшчык балетаў у Пятроўскім т-ры М.Медокса, з 1800 — вядучы балетмайстар. Адначасова настаўнік танцаў і балетмайстар прыгонных т-раў у 1786 графа М.Шарамецева, у 1810—22 князя М.Юсупава. З 1810 выкладаў танцы ў Маск. шляхетным пансіёне, у 1822 — у Маск. ун-це. Паставіў больш за 30 балетаў. Сярод іх на рус. сцэне: «Апалон і Дафна» Ф.Філідора (1799), «Жывы мярцвяк», «Туалет Венеры» і «Гарацыі і Курыяцыі» І.Старцэра (1801—02), «Апелес і Кампаспа, ці Перамога Аляксандра над самім сабой» і «Помста за смерць Агамемнана» Ф.Аспельмайра (1803—05).
С.В.Гуткоўская.
т. 14, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,
метадалагічная і тэарэтычная пазіцыя ў сацыялогіі і сац. філасофіі, пры якой у тлумачэнні чалавека і яго асяроддзя першаступеннае значэнне надаецца сац. рэальнасці і сацыялагічным метадам. Развіваецца з канца 19 ст. як рэакцыя на натуралізм і псіхалагізм у грамадскіх навуках. Прынцыпы С. развівалі франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і яго паслядоўнікі ў даследаваннях маралі, рэлігіі і навукі, каставага ладу (С.Бугле), этнічных працэсаў (М.Мос), права (Ж.Даві), эканомікі (Ф.Сіміян) і інш. У метадалагічным плане С. — прызнанне сацыялогіі асобнай, незалежнай навукай і імкненне тлумачыць розныя з’явы рэчаіснасці выключна сац. прычынамі, а часам абсалютызацыя ролі сацыялагічнага падыходу ў трактоўцы культ.-гіст. працэсу (гл. Вульгарны сацыялагізм). У анталагічным плане С. — сцвярджэнне аўтаномнасці сац. рэальнасці і яе перавагі над індывідамі.
т. 14, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТА́Я ТРО́ЙЦА,
паводле хрысціянскага веравучэння, 3 іпастасі адзінага па сваёй сутнасці Бога: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог—Дух Святы. Вытокі вучэння пра С.Т. ў Старым запавеце, але канчаткова яно выкладзена ў Новым запавеце. Догмат пра С.Т. распрацоўваўся з канца 2 ст. ў сувязі з фарміраваннем адзінай епіскапальнай царквы і выклікаў вострыя дыскусіі (т. зв. трынітарныя спрэчкі). Тэалагічную завершанасць догмат пра С.Т. атрымаў у 3 ст. і замацаваны на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. У 381 уведзена свята Тройца (гл. Сёмуха). Вучэнне пра С.Т. распрацоўваў Аўгусцін Блажэнны, які трактаваў С.Т. як вечнае божае самапазнанне і любоў. Догмат пра С.Т. адмаўляўся ў антытрынітарных вучэннях (гл. Антытрынітарыі). С.Т. з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных сюжэтаў у іканапісе. Сімвал С.Т. — выява 3 анёлаў.
т. 14, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ГЕЦІ ((Szigeti) Іожэф) (Жазеф; 5.9.1892, Будапешт — 20.2.1973),
венгерскі скрыпач, педагог. Чл. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (Італія). Скончыў Акадэмію музыкі ў Будапешце (1905); вучань Е.Хубаі. У 1917—24 выкладаў у Жэнеўскай кансерваторыі. З 1925 у Францыі, ЗША, з канца 1950-х г. у Швейцарыі. Канцэртаваў у 1905—63, у т. л. ў СССР у 1924—37. Стварыў асабісты высокамастацкі стыль, які вызначаўся глыбінёй і натуральнасцю інтэрпрэтацый, спалучэннем стрыманай эмацыянальнасці і дэкламацыйнасці з тонкім пачуццём формы, высокага майстэрства, адухоўленасцю. Першы выканаўца твораў Б.Бартака, Э.Блоха, Э.Ізаі, П.Кадашы, А.Казелы, Г.Каўэла, С.Пракоф’ева, у т. л. прысвечаных яму. Выдаў транскрыпцыі для скрыпкі і фп., у т. л. А.Скрабіна. Аўтар кніг па скрыпічным выканальніцтве («Нататкі скрыпача», 1964).
т. 14, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СІНО́ПСІС»,
1) гісторыка-паліт. твор, выдадзены ў друкарні Святадухаўскага брацтва ў Вільні ў 1632. Выданне прымеркавана да сейма 1632, апісвае гіст., царк.-рэліг. і паліт. падзеі ў стараж.-рус. дзяржаве і ў ВКЛ з міфічных часоў да 1632. У 1632 брацтва выдала «Дадатак да «Сінопсіса» з новымі матэрыяламі па гісторыі рэлігійнай уніі, Святадухаўскага брацтва, правасл. царквы канца 16 — пач. 17 ст. 2) Гіст. твор, выдадзены ў друкарні Кіева-Пячэрскай лаўры ў 1674. Не раз быў перадрукаваны ў 17 і 18 ст. У ім апісаны гіст. сувязі ўсх.-слав. народаў, іх супольная барацьба супраць ворагаў, абгрунтавана неабходнасць уз’яднання Украіны з Расіяй. У «С.» выкарыстаны рус. летапісы, хронікі М.Стрыйкоўскага, Ф.Сафановіча і інш. гіст. крыніцы.
Г.Я.Галенчанка.
т. 14, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)