АЛІМПІЯ́ДА [грэч. Olympias (Olumpiados)],

1) у старажытных грэкаў 4-гадовы прамежак паміж Алімпійскімі гульнямі. Годам 1-й алімпіяды лічыцца 776 да н.э., з якога пачалі весці спісы пераможцаў гульняў. Каля 264 да н.э. гісторык Тымей упершыню выкарыстаў алімпіяду для летазлічэння. Гэтым метадам карысталіся таксама стараж. гісторыкі Палібій, Дыядор Сіцылійскі і інш. Летазлічэнне па алімпіядзе вялося да адмены Алімпійскіх гульняў (394 н.э.).

2) Тое, што Алімпійскія гульні.

3) Каманднае першынство свету па шахматах ці міжнар. шашках. Сусв. шахматныя алімпіяды праводзяцца з 1927 Міжнар. федэрацыяй шахмат (ФІДЭ), па міжнар. шашках — з 1986 Сусв. федэрацыяй шашак (ФМЖД).

4) У СССР у 1920—40-я г. назва аглядаў, конкурсаў маст. самадзейнасці, нар. творчасці.

5) Спаборніцтвы навучэнцаў у выкананні пэўных заданняў у вызначаных галінах ведаў — алімпіяда па фізіцы, матэматыцы, мове і г.д.

т. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮБУА́, Дзю Бойс (Dubois, Du Bois) Уільям Эдуард Бёркхарт (23.2.1868, г. Грэйт-Барынгтан, ЗША — 27.8.1963), амерыканскі гісторык, адзін з заснавальнікаў афра-амер. л-ры ЗША, грамадскі дзеяч. Вучыўся ва ун-це ў Фіска (1884—86), Гарвардскім (1886—92), Берлінскім (1892—94) ун-тах. Д-р філасофіі (1895), праф. эканомікі і гісторыі. Ганаровы д-р гіст. навук Маскоўскага ун-та (з 1959). Даследаваў барацьбу амер. неграў і народаў Афрыкі за раўнапраўе, супраць расавай дыскрымінацыі. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў руху «Ніягара» (1905), Асацыяцыі садзейнічання прагрэсу каляровага насельніцтва (1910—48), панафр. кангрэсаў (1919, 1921, 1923, 1927, 1945), чл. Сусв. Савета Міру (з 1950). З 1960 у Гане, дзе з 1962 кіраваў выданнем энцыклапедыі «Афрыка». Аўтар манаграфіі «Забарона гандлю рабамі» (1896), зб. нарысаў «Душы чорных людзей» (1903), трылогіі «Чорнае полымя» (1957—61) і інш.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВІН Мікалай Фёдаравіч (8.12.1837, с. Карытава Пскоўскай вобл., Расія — 25.6.1904),

расійскі ваен. гісторык. Акад. Пецярбургскай АН (1890). Ген.-лейт. (1888). Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію (1862). З 1869 служыў пры Гал. штабе для ваен.-гіст. работ. Чл. Ваен.-вучонага к-та (з 1882) і Імператарскага рус. гіст. т-ва (з 1884), вучоны сакратар Пецярбургскай АН (з 1893), рэдактар час. «Русская старина» (з 1896). Складальнік і рэдактар зб-каў дакументаў «Айчынная вайна ў пісьмах сучаснікаў (1812—1815 гг.)» (1882), «Далучэнне Крыма да Расіі» (т. 1—4, 1885—89) і інш. Аўтар кн. «Гісторыя Крымскай вайны і абароны Севастопаля» (нап. 1874, выд. т. 1—3, 1900), «Гісторыя вайны і панавання рускіх на Каўказе» (т. 1—6, 1871—78), «Пугачоў і яго саўдзельнікі» (т. 1—3, 1884) і інш.

т. 6, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБО́РЫН (Іофе) Абрам Майсеевіч

(16.6.1881, мяст. Упіна Шылальскага р-на, Літва — 8.3.1963),

расійскі філосаф, гісторык. Акад. АН СССР (1929). Скончыў Бернскі ун-т (1908). Даследаваў гісторыю і тэорыю марксізму, дыялектыку, філас. пытанні прыродазнаўства, гісторыю сац.-паліт. вучэнняў у Еўропе. Лічыў, што дыялектыка ўнутрана ўласціва прыродным і гіст. з’явам, а дыялект. метад падлягае ўкараненню ў прыродазнаўства, сама марксісцкая філасофія па спосабах развіцця свайго зместу з’яўляецца дэдуктыўнай навукай. Адзін з ініцыятараў выдання на рус. мове збору твораў Г.​Гегеля (гал. рэдактар 1-га тома).

Тв.:

Людвиг Фейербах: Личность и мировоззрение. М., 1923;

Диалектика и естествознание. 4 изд. М.; Л., 1930;

Введение в философию диалектического материализма. 6 изд. М.; Л., 1931;

Социально-политические учения нового и новейшего времени. Т. 1—2. М., 1958—67.

Т.​І.​Адула.

А.М.Дэборын.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМАЛО́ВІЧ Мікалай Іванавіч (н. 29.4.1921, в. Малыя Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык і літаратуразнавец. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1947). У 1940—47 на пед. працы ва ўстановах нар. адукацыі, у 1948—57 у Маладзечанскім настаўніцкім ін-це і Маладзечанскім абл. ін-це ўдасканалення настаўнікаў. Пасля выхаду на пенсію па зроку (1957) пачаў займацца н.-д. дзейнасцю. Гал. тэмы — гісторыя Беларусі 9—14 ст. і бел. л-ра. Даследуе пытанні засялення слав. плямёнамі Усх. Еўропы, этнагенез беларусаў, паліт. гісторыю стараж. зямель Беларусі (Полацкая, Тураўская, Навагрудская і інш.), праблемы ўзнікнення ВКЛ і інш. Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1992.

Тв.:

Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;

Па слядах аднаго міфа. 2 выд. Мн., 1991;

Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. Мн., 1994.

Г.​В.​Штыхаў.

М.І.Ермаловіч.

т. 6, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРЭ́С (Jaurés) Жан Леон (3.9.1859, г. Кастр, Францыя — 31.7.1914),

дзеяч франц. і міжнар. сацыяліст. руху, гісторык. Праф. філасофіі Тулузскага ун-та (1883—85). У 1885—89, 1893—98 і 1902—14 дэп. парламента. У рабочым руху і ў 2-м Інтэрнацыянале адстойваў рэфармісцкія погляды. У 1902 узначаліў Франц. сацыяліст. партыю, пасля яе аб’яднання (1905) з Сацыяліст. партыяй адзін з лідэраў правага крыла Аб’яднанай сацыяліст. партыі. У 1904 заснаваў газ. «L’Humanite» («Чалавецтва»). Выступаў супраць каланіялізму, мілітарызму і вайны. Забіты франц. фанатыкам-нацыяналістам Р.​Віленам напярэдадні 1-й сусв. вайны. Аўтар твораў «Пачаткі сацыялізму ў Германіі Лютэра, Канта. Фіхтэ і Гегеля» (1891), «Сацыялістычныя даследаванні» (1901), «Новая армія» (1911), арганізатар і рэдактар калект. працы «Сацыялістычная гісторыя, 1789—1900» (т. 1—13, 1901—08), аўтар яе першых 4 тамоў, прысвечаных Франц. рэвалюцыі 1789—99.

Ж.Жарэс.

т. 6, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГАРУ́ЛЬСКІ Эдуард Міхайлавіч (н. 18.12.1928, г. Тула, Расія),

бел. археолаг, гісторык. Д-р гіст. н. (1984), праф. (1985). Скончыў Маскоўскі ун-т (1953). З 1954 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1962 у БДУ: з 1973 заг. кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін, у 1986—91 дэкан гіст. ф-та. Вывучае пытанні археалогіі і стараж. гісторыі Беларусі, праблемы этнагенезу славян і іх прарадзімы, гісторыю гарадоў. Даследаваў помнікі жал. веку і ранняга сярэдневякоўя. У час раскопак у Мінску вызначыў агульную планіроўку горада 11—13 ст., абарончыя ўмацаванні і забудову, зрабіў рэканструкцыю ўсх. часткі замчышча.

Тв.:

Древний Минск. Мн., 1963;

Археология Белоруссии. Мн., 1965;

Древняя история Белоруссии: Очерки этнич. истории и материальной культуры (до IX в.). Мн., 1977;

Возникновение Минска. Мн., 1982;

Заходняя Русь. Мн., 1998.

т. 6, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЮЗЬКО́Ў Андрэй Ігнатавіч (26.9.1904, г. Шклоў Магілёўскай вобл. — 28.6.1938),

бел. гісторык. Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1927). З 1927 заг. аддзела Жыткавіцкага райкома КП(б)Б. З 1930 навук. супрацоўнік, у 1934—37 нам. дырэктара Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. У 1932—37 чл. сакратарыята рэдакцыі гісторыі грамадз. вайны на Беларусі. Аўтар прац па гісторыі КП(б)Б, рэв. руху ў пач. 20 ст., Кастр. рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны на Беларусі. Навук. і паліт. рэдактар «КП(б)Б у рэзалюцыях» (ч. 1, 1934). У 1937 арыштаваны органамі НКУС БССР, у 1938 Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1959.

Тв.:

Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;

Бальшавікі — арганізатары Кастрычніка на Беларусі. Мн., 1934.

У.​М.​Міхнюк.

т. 7, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н ХРЫСЦІ́ЦЕЛЬ (каля 8 да н.э. — каля 28 н.э.),

біблейскі прарок і аскет. У 27—28 пачаў прапаведаваць у пустыні каля р. Іардан: абвяшчаў надыход «царства божага», заклікаў да пакаяння і даваў воднае хрышчэнне. Сярод ахрышчаных быў Ісус Хрыстос, на якога І.Х. указаў як на чаканага месію; яго вучні Андрэй, Сымон, Якаў і Іаан сталі вучнямі Ісуса. За публічнае асуджэнне сувязі цара Галілеі Ірада Антыпы з Ірадыядай зняволены і абезгалоўлены. Пра смерць І.Х. згадвае яўр. гісторык Іосіф Флавій. Памяці І.Х. прысвечана самая стараж. базіліка Рыма — Латэранская. Выявы І.Х. вельмі пашыраны ў сярэдневяковым мастацтве (жывапіс у баптыстэрыях, скульптуры ў Ам’енскім, Шартрскім, Рэймскім саборах) і новага часу (Данатэла, Л.​Гіберці, Анджэліка, Д.​Гірландайо, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Эль Грэка, М.​Караваджа, Рэмбрант, Б.​Э.​Мурыльё, Н.​Пусэн).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЫБО́ВІЧ (Кабыш) Сымон Сымонавіч

(1891, в. Старыца Салігорскага р-на — ?),

бел. дзярж. дзеяч, гісторык. Меў вышэйшую адукацыю, працаваў настаўнікам. У 1932—37 кіраўнік справамі і ўпаўнаважаны к-та нарыхтовак СНК БССР. У 1940 арыштаваны. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.фаш. акупац. ўладамі, уваходзіў у склад Бел. цэнтр. рады, са студз. 1944 кіраўнік яе фін. аддзела, удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З лета 1944 у Германіі. Прымаў удзел у працы Бел. нац. к-та. З 1954 у Мюнхене: супрацоўнік Ін-та па вывучэнні СССР, у бел. аддзеле радыёстанцыі «Свабода». Аўтар артыкулаў у навук. часопісе бел. эміграцыі «Запісы», выданнях Ін-та па вывучэнні СССР па бел. нац. пытанні, у якіх рабіў высновы, што нац. развіццю бел. народа не спрыяюць ні Польшча, ні Сав. Расія.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)