СЯМЕ́ЙНА-АБРА́ДАВАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

від бел. фальклору; творы, што суправаджалі абрады, звязаныя з асн. этапамі жыцця чалавека: нараджэннем, шлюбам, смерцю. Адлюстравала нар. ідэал сямейных узаемаадносін, працоўнай дзейнасці селяніна, яго побыт і жыццё. С.-а.п., як і абрады, павінна была ўздзейнічаць на звышнатуральныя сілы, прыроду і грамадства, каб палепшыць лёс чалавека, яго дабрабыт, аберагчы ад бяды і няшчасцяў. Узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу, пазней набыла спецыфічныя нац. рысы, выяўленыя ў жанрава-вобразнай сістэме, ідэйна-тэматычным змесце і маст. форме. Адметнае месца ў С.-а.п. займала радзінная паэзія (гл. Радзінныя песні): песні, прыпеўкі, зычэнні, якімі суправаджаліся пэўныя абрады (найб. поўна захаваліся ў бел. фальклоры). Абрадам і песням прыпісвалася магічная сіла, здольнасць абараніць парадзіху і дзіця ад злых сіл. Вылучаліся велічальныя, жартоўныя і застольна-бяседныя песні. У велічальных услаўляліся парадзіха і бацька дзіцяці, бабка-павітуха, кума і кум. Глыбокай пашанай прасякнуты песні пра маладую маці; клапатлівым і старанным, спагадлівым да жонкі і дзіцяці паказваўся гаспадар. Шмат песень прысвячалася бабцы: шанаванне яе ў песнях спалучалася з дасціпным гумарам. Паступова радзінныя абрады і звязаная з імі паэзія страцілі сакральны, магічны характар і сталі выконваць пераважна эстэтычна-маст. функцыю. Вял. папулярнасць набылі жартоўныя песні, выканаўцы якіх добразычліва пацяшаліся з бабкі і кумоў. У бяседных песнях з лёгкім гумарам абмалёўваліся ўдзельнікі ўрачыстасці, славілася гасціннасць і шчодрасць гаспадароў, выказвалася радасць з нагоды нараджэння новага чалавека. Найб. захаваліся жартоўныя песні, многія з якіх бытуюць і ў наш. час. Асаблівым багаццем і паэтычнасцю вылучалася вясельная паэзія (гл. Вясельныя песні): песні, прыпеўкі, прыгаворы, прамовы, якія гучалі на працягу ўсяго вяселля, пачынаючы з абраду сватання. Выконваліся яны ў пэўным парадку асн. ўдзельнікамі шлюбнай урачыстасці, ролі якіх былі рэгламентаваны традыцыяй. Песні, якія суправаджалі суборную суботу, пасад, выпечку каравая, шлюбавіны, пярэзвы і інш., паэтызавалі вясельныя абрады, стваралі ўрачысты настрой і разам з тым служылі пэўным юрыдычным замацаваннем кожнага этапу вяселля. Багатая нар. сімволіка, персаніфікацыя, антытэза, трапныя параўнанні, яркія эпітэты і інш. маст. сродкі і прыёмы стваралі вобразы надзвычайнай выразнасці. Глыбокай эмац. узрушанасцю вылучаліся сіроцкія песні, у якіх нявеста-сірата прасіла бацькоў устаць з магілы і благаславіць яе шлюб. У час застольнай бяседы спявалі таксама песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам: велічальныя, лірычныя, жартоўныя і інш. Песні стваралі ідэальныя вобразы маладых, параўноўваючы іх з сімвалічнымі вобразамі сонца, зорак, месяца, паказвалі ўзаемаадносіны жаніха і нявесты, іх стаўленне да бацькоў. У жартоўных вясельных песнях з дасціпным нар. гумарам абмалёўваліся сват, свацця, дружкі, інш. ўдзельнікі вяселля. Завяршальны цыкл С.-а.п. складалі пахавальныя галашэнні — імправізаваныя песенна-рэчытатыўныя творы, у якіх аплаквалася смерць блізкага чалавека. Галашэнні, вядомыя з глыбокай старажытнасці, грунтаваліся на веры ў бессмяротнасць душы, на ўяўленнях аб тым, што чалавек і пасля смерці можа дапамагаць або шкодзіць жывым. Смутак, бязмернае гора і душэўны боль гучалі ў галашэннях маці па дзіцяці, жонкі па мужу. Цесна звязаныя з вуснай нар. традыцыяй устойлівыя славесныя формулы, кранальныя вобразы ўзмацнялі эмац. ўздзеянне. Звязаная з жыццём і працай чалавека, С.-а.п. адлюстравала сац.-эканам., быт. і культ. ўмовы яго існавання ў розныя гіст. эпохі.

Публ.:

Беларускі фальклор: Хрэстаматыя. 3 выд. Мн., 1985. С. 202—310;

Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба: обряд, песенно-мелодические типы. Мн., 1988;

Яе ж. Традыцыйныя вяселлі Віцебшчыны. Мн., 1988;

Яе ж. Традыцыйнае вяселле Гродзеншчыны Мн., 1992;

Радзінная паэзія. Мн., 1971;

Радзіны: Абрад. Песні. Мн., 1998; Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986.

Літ.:

Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 192—229;

Фядосік А.С. Беларуская сямейна-абрадавая паэзія Мн., 1997;

Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр. Мн., 2001.

А.​С.​Фядосік.

т. 15, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ПСКІЯ, Гутэн-Чапскія,

шляхецкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ і Рас. імперыі. Лічылі сябе выхадцамі з Прусіі. Першы дакументальна вядомы прадстаўнік роду — Марцін, якому вял. князь Жыгімонт I Стары ў 1526 пацвердзіў права на валоданне маёнткам Чаплі (адсюль прозвішча). Карысталіся графскім тытулам. Мелі маёнткі ў Германіі, Аўстрыі, Польшчы, на Украіне. На Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. Ч. належалі Станькава, Прылукі, Негарэлае і інш. ў Мінскім пав., Нарушчавічы, Сваятычы ў Навагрудскім пав., Ганцавічы, Нача-Ляхоўская ў Слуцкім пав. Найб. вядомыя: Францішак Станіслаў Костка (1725—9.4.1802),

сын Ігнацыя, кашталяна гданьскага. Хэлмінскі падкаморы з 1752, кашталян з 1762, ваявода ў 1766—72. У выніку шлюбу з Веранікай, дачкой М.К.Радзівіла Рыбанькі (1772), атрымаў у пасаг Станькава і Вязань з навакольнымі вёскамі. Кароль (Кароль Юзаф Патрыцы Ігнацы Клеменс Геранім; 1778—1836), сын Францішка Станіслава Косткі. Шамбялян (камергер) караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ганаровы куратар (папячыцель) школ Слуцкага пав. (1811). У час вайны 1812 пасля адступлення рас. войск увайшоў у склад створанай у Мінску камісіі часовага кіравання, потым дырэктар скарбовага аддзела адміністрацыі Мінскага дэпартамента. Пасля разгрому войск Напалеона 1 эмігрыраваў, даставіў у Кракаў касу Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. Пасля амністыі вярнуўся на Беларусь. У 1808 і 1816 быў выбраны маршалкам шляхты Мінскага пав. Чл. масонскай ложы «Дасканалае адзінства» ў Вільні. Чл. Адукацыйнай камісіі ў Вільні (1820). Валодаў Станькавам у Мінскім пав., Жупранамі ў Ашмянскім пав. Станіслаў (1779—1844), сын Францішка Станіслава Косткі. У вайну 1812 змагаўся на баку Напалеона I як камандзір 22-га пях. палка Літоўскіх войск 1812 (разбіты пад Новым Свержанем і ў Койданаве). Удзельнічаў у Бярэзінскай аперацыі 1812, кампаніі 1813. Эмігрыраваў у Парыж. Эдвард (10.6.1819, фальварак Заполле Слуцкага пав. — 27.1.1888), сын Станіслава. З 1842 на службе ў Дзярж. сакратарыяце Каралеўства Польскага, потым у Пецярбургу і Варшаве. У час паўстання 1863—64 выконваў загады паўстанцкіх улад. У чэрв. 1863 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага ссылкай у Сібір. Аўтар мемуараў. Адам (1819—?), сын Караля. Камер-юнкер рас. імператарскага двара, калежскі саветнік. Валодаў маёнткамі Навасёлкі, Жупраны, Маляты ў Віленскай губ., Наруцавічы, Нача ў Мінскай губ. 24.6.1874 яму і братам Каралю Ігнацыю і Эмерыку нададзены графскі тытул. Эмерык Карлавіч (17.11.1828—23.7.1896), гл. Чапскі Э.К.Карл Эмерыкавіч (Кароль Ян Аляксандр; 27.8.1860; в. Станькава — 30.1.1904), сын Эмерыка Карлавіча. У 1890—1901 гар. галава ў Мінску. Яго намаганнямі ў горадзе адкрыты трамвай-конка (1892), электрастанцыя (1895), тэлефонная станцыя агульнага карыстання (1896), ламбард, начныя прытулкі, шпіталі, амбулаторыі; праводзіліся добраўпарадкаванне, электрычнае асвятленне і інш. Садзейнічаў адкрыццю ў Мінску Т-ва аматараў спорту (1892, яго старшыня), Т-ва аховы жанчын (1901), гар. крэдытнага т-ва (1901), чл. Мінскага т-ва сельскай гаспадаркі. Меў маёнткі ў Мінскім і Ігуменскім пав., піваварны з-д у Мінску. Марыя (6.2.1894, в. Станькава — 10.6.1981), дачка Юрыя Эмерыкавіча. Гісторык, літаратар. Д-р філасофіі (1928). Вучылася ў Варшаўскім і Кракаўскім ун-тах. Пасля 2-й сусв. вайны ў Парыжы. Вывучала гісторыю Рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай, літаратуру перыяду рамантызму. Аўтар кн. «Людвіка Снядэцкая» (1938, 2-е выд. 1958). У кн. «Еўропа ў сям’і» (1970, 2-е выд. 1989) дала шмат звестак з жыцця Эмерыка Ч., дэталёва апісала маёнтак Станькава. Эмерык (25.8.1897, в. Станькава — 31.1.1979), сын Карла Эмерыкавіча. Гісторык. У Зах. Беларусі старшыня Саюза землеўласнікаў. У 1930 і 1935 быў выбраны паслом у сейм. З 1939 у эміграцыі, працаваў у польскіх дзярж. установах. Даследаваў сувязі Рэчы Паспалітай з Італіяй. Сабраў багатую калекцыю старых карт Польшчы і ВКЛ, ініцыятар выдання «Каталога старых карт Польскай Рэчы Паспалітай у калекцыі Эмерыка Гутэн-Чапскага і іншых зборах» (1978).

Літ.:

Валаханович А.И., Кулагин А.Н. Дзержинщина: Прошлое и настоящее. Мн., 1986.

А.​І.​Валахановіч.

Да арт. Чапскія: К.​Э.​Чапскі.

т. 17, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ФЕСТЫВА́ЛЬ БЕЛАРУ́СКІХ ФІ́ЛЬМАЎ.

Праводзіцца з 1997 адзін раз у 2 гады ў Брэсце. Засн. Мін-вам культуры Рэспублікі Беларусь, Нац. кінастудыяй «Беларусьфільм», Нац. дзярж. тэлерадыёкампаніяй Рэспублікі Беларусь, адміністрацыяй г. Брэст і Брэсцкай вобл. Праграма ўключае бел. маст., дакумент., тэлевізійныя, анімацыйныя, відэафільмы, створаныя за 2 папярэднія гады. Гал. прыз — «Крыштальны бусел» за «Лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы». Вызначаны прызы і намінацыі: «Лепшы мастацкі фільм», «Лепшы дакументальны фільм», «Лепшы відэафільм», «Лепшы анімацыйны фільм», «Лепшая мужчынская роля», «Лепшая жаночая роля», «Лепшы сцэнарый», «Лепшая рэжысура», «Лепшае музычнае афармленне», «Лепшае выяўленчае вырашэнне», «Лепшая студэнцкая работа», прыз імя В.​Турава «За ўдалы дэбют у кінематографе». На 1-м фестывалі (1997) адзначаны: за лепшы маст. фільм — «Сын за бацьку» (рэж. М.​Яроменка-малодшы); за лепшую рэжысуру — М.​Пташук (фільм «Гульня ўяўлення»); за лепшы дакумент. фільм — «На кожны гук ёсць рэха на зямлі» (рэж. М.​Жданоўскі); за лепшую мужчынскую ролю і вял. ўклад у бел. мастацтва — М.​Яроменка-старэйшы (фільм «Сын за бацьку»); за лепшую жаночую ролю — Т.​Кавалеўская (фільм «Птушкі без гнёздаў»); за лепшы анімацыйны фільм — «Жыло-было дрэва» (рэж. У.​Пяткевіч); за творчы пошук у дакумент. кіно — С.​Лук’янчыкаў (фільмы «Чарнобыль. Фантомы», «Іншы», «Час мясцовы»); прызам імя Турава — А.​Ганчаронак і І.​Чацверыкоў (фільм «Шэльма»); дыпломам журы «За ўклад у беларускае дакументальнае кіно» — Ю.​Лысятаў (фільм «Пётр Міронавіч»); дыпломам журы — І.​Кадзюкова (фільм «Дзяўчынка з запалкамі»). На 2-м фестывалі (1999) адзначаны: гал. прызам — фільм «Дабро стварай» (рэж. В.​Шавялевіч); за лепшы маст. фільм — «Тры жанчыны і мужчына» (рэж. В.​Дудзін); за лепшы дакумент. фільм — «Свечка на пагорку» (рэж. Жданоўскі); за лепшы анімацыйны фільм — «Пастараль» (рэж. І.​Волчак); за лепшы сцэнарый — У.​Арлоў, В.​Жыгалка, В.​Тарас (фільм «Сеанс мой вячэрні»); за лепшае муз. афармленне — В.​Кандрасюк (фільм «Салдацкі блюз»); за лепшае выяўленчае вырашэнне — Ю.​Ялхоў (фільм «Ахвота жыць»); за лепшую мужчынскую ролю — Г.​Гарбук (фільм «Ахвота жыць»); за лепшую жаночую ролю — Т.​Дэлас (фільм «Батанічны сад»); дыпломам і прызам імя Турава — А.​Колбышаў (фільм «Ахвота жыць»). На 3-м фестывалі (2001) адзначаны; за лепшы маст. фільм — «У жніўні 44-га...» (рэж. Пташук); за лепшы дакумент. фільм — «Андрэевы камяні» (рэж. В.​Аслюк); за лепшы анімацыйны фільм — «Дзіўная вячэра на куццю» (рэж. Кадзюкова); за лепшую мужчынскую ролю — Я.​Міронаў («У жніўні 44-га...»); за лепшую рэжысуру — Н.​Гаркунова (фільм «Несыграная роля»); за лепшае гукавое вырашэнне — гукааператар С.​Чупроў (фільм «У жніўні 44-га...»); за лепшае выяўленчае вырашэнне — мастак А.​Верашчагін (анімацыйны фільм «Прытча пра Раство»), аператар Дз.​Зайцаў (дакумент. фільм «Вочы вады»); за лепшую студэнцкую работу — фільм «Нябога» (рэж. Я Кабернік). На 4-м фестывалі (2003) адзначаны: гал. прызам — відэафільм «Апошнія арлы» (рэж. І.​Бышнёў); за лепшы маст. фільм — «Павадыр» (рэж. А.​Яфрэмаў); за лепшы дакумент. фільм — «Салдаты Італіі» (рэж. А.​Алай); за лепшы анімацыйны фільм — «Музыка-цудадзей» (рэж. А.​Турава); за лепшую рэжысуру — В.​Рыбараў (фільм «Прыкаваны»); за лепшы сцэнарый — Ю.​Ляшко (фільм «Сяброўка Восень»); за лепшую мужчынскую ролю — У.​Гасцюхін (фільм «Прыкаваны»); за лепшую жаночую ролю — С.​Кажамякіна (фільм «Каханне»); за лепшае муз. вырашэнне — В.​Капыцько (фільм «Геній месца»); за лепшае выяўленчае вырашэнне — Т.​Логінава (фільм «Геній месца»); за лепшы відэафільм — «Я тут жыву» (рэж. В.​Сіварцова); прызам імя Турава — рэж. А.​Дашкевіч (фільм «Простыя гісторыі»); за ўдалы дэбют — рэж. А.​Голубеў (фільм «Час гону»); дыпломам за цыкл відэафільмаў «Наш агульны дом» — рэж. Шавялевіч.

Літ.:

Панарама беларускага кіно апошніх гадоў: Вынікі I Нац. кінафестывалю бел. фільмаў: Зб. матэрыялаў «круглага стала». Мн., 1998;

Беларускае кіно ў XXI стагоддзі: Вынікі III Нац. фестывалю бел. фільмаў: Зб. матэрыялаў рэсп. навук.-творчай канф. Мн., 2002.

В.​Ф.​Нячай.

т. 18, кн. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІЯ ГЛЕБ

Першыя абагульненыя звесткі пра геаграфію глеб Беларусі вядомы з пач. 19 ст. (працы М.​М.​Ачапоўскага). Геаграфія глеб у асноўным вызначаецца характарам рэльефу і клімату. Яе пытанні з 1840 вывучалі супрацоўнікі (А.​В.​Саветаў, І.​А.​Сцебут і інш.) Горы-Горацкай земляробчай школы (у 1848 пераўтворана ў земляробчы ін-т). Вывучэнне геаграфіі глеб Бел. Палесся актывізавалася ў час работы Зах. экспедыцыі І.​І.​Жылінскага (1873—98).

У пач. 20 ст. цэнтрам вывучэння геаграфіі глеб Беларусі стаў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, у якім у 1921 адкрыта кафедра глебазнаўства. У 1922—23 супрацоўнікі гэтай кафедры Я.​М.​Афанасьеў, П.​А.​Кучынскі, А.​Р.​Мядзведзеў, В.​І.​Пашын, Г.​У.​Пратасеня вывучалі глебы асобных раёнаў Магілёўшчыны і Віцебшчыны. У 1923—24 даследаванні глеб Беларусі праводзілі супрацоўнікі Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі (Мінск): Г.​М.​Высоцкі, В.​Г.​Касаткін, П.​П.​Рагавой, С.​І.​Сакалоў і студэнты І.​С.​Лупіновіч, У.​М.​Пілько, І.​К.​Ярашэвіч. Па выніках іх працы В.​Г.​Касаткін склаў першую глебавую карту Мінскай губ. (6 паветаў) і напісаў нарыс «Пра глебы Беларусі». У 1927—28 вывучаліся глебы Віцебскай і Бабруйскай акруг (М.​П.​Булгакаў, А.​Р.​Мядзведзеў), Магілёўскай (П.​А.​Кучынскі), Мазырскай і Слуцкай (П.​П.​Рагавой) і інш.

У 1930-я г. геаграфію глеб Беларусі даследавалі М.​П.​Булгакаў, А.​Р.​Мядзведзеў, В.​І.​Пашын, В.​Н.​Чацверыкоў і інш. Абагульняльнай з’явілася навук. праца А.​Р.​Мядзведзева «Характарыстыка прыродна-гістарычных умоў Палескай глебавай правінцыі і Віцебска-Пскоўскай акругі Заходняй глебавай правінцыі» (1940). Цэнтрамі геагр. глебавых даследаванняў былі Ін-т аграглебазнаўства АН Беларусі (адкрыты ў 1931) і кафедра глебазнаўства БДУ (заснавана ў 1933). Вынікам глебава-геагр. даследаванняў 1930—40-х г. стала глебавая карта маштабу 1:1 200 000 (1949, пад рэд. І.​С.​Лупіновіча) і манаграфія «Глебы БССР» (1952, пад рэд. І.​С.​Лупіновіча і П.​П.​Рагавога).

У 1957 пачаліся буйнамаштабныя глебавыя даследаванні тэр. Беларусі. Кіравалі гэтымі работамі: М.​П.​Булгакаў, С.​К.​Вайцяховіч, В.​Ф.​Клебановіч, Г.​Ф.​Кулеш, Т.​А.​Раманава, І.​М.​Салавей, М.​І.​Смяян. Да 1964 завершаны першы тур буйнамаштабнага картаграфавання глеб, усе калгасы і саўгасы атрымалі глебавыя карты (1:10 000), пачалі складаць глебавыя карты раёнаў (1:50 000) і абласцей (1:200 000). Акрамя супрацоўнікаў Ін-та глебазнаўства і аграхіміі вывучэннем геаграфіі глеб Беларусі займаліся работнікі «Белдзіпралеса» (В.​І.​Блінцова, В.​І.​Герлах, А.​С.​Пухоўскі, Ф.​В.​Тарасевіч, А.​Р.​Штэйнбок і інш.).

Вынікам шматгадовых даследаванняў геаграфіі глеб сталі буйнамаштабныя глебавыя карты ўсіх гаспадарак і абагульняльная глебавая карта тэр. Беларусі (1:600 000, пад рэд. Т.​Н.​Кулакоўскай і П.​П.​Рагавога, 1974). Праведзена глебава-геагр. раянаванне тэр. Беларусі (Н.​І.​Салавей, М.​І.​Смяян), напісаны манаграфіі і падручнікі. У цяперашні час Беларусь мае найбольш поўную сярод краін СНД вывучанасць геаграфіі глеб як с.-г., так і лясных тэрыторый.

Каардынатарам работ па вывучэнні геаграфіі глеб Беларусі з’яўляецца НДІ глебазнаўства і аграхіміі АН Беларусі (Т.​А.​Раманава, М.​І.​Смяян і інш.). Вывучэннем глебавага покрыва займаюцца «Белдзіпразем» і яго абласныя філіялы, БСГА, кафедра глебазнаўства і н.-д. лабараторыя экалогіі ландшафтаў БДУ, «Белдзіпралес», «Белдзіправадгас».

Літ.:

Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974;

Аношка В.С. Гісторыя развіцця глебазнаўства на Беларусі. Мн., 2000;

Геаграфія глеб з асновамі глебазнаўства. Мн., 2000.

В.​С.​Аношка.

т. 18, кн. 2, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІРУРГІЯ

Хірургія як форма арганізаванай мед. дапамогі на Беларусі вядома з 1797, калі ва ўрачэбных управах губерняў уведзена пасада ўрача-аператара (правобраз сучаснага гал. хірурга). У 19 — пач. 20 ст. арганізацыяй хірургічнай службы займаліся К.​І.​Гібенталь, К.​І.​Грум-Гржымайла, А.​М.​Долгаў, Л.​А.​Маліноўскі, С.​К.​Свянціцкі. Ураджэнец Магілёўскай губ. Я.​І.​Багданоўскі стаў прафесарам Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. Развіццё навук. хірургіі ў БССР пачалося ў 1920-я г. з адкрыццём кафедраў хірургіі ў Мінскім і Віцебскім мед. ін-тах, ін-це ўдасканалення ўрачоў (цяпер Бел. мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі). На іх базе адкрываліся НДІ хірургічнага профілю. У даваенны час бел. хірургі распрацоўвалі і ўкаранялі ў практыку метады лячэння захворванняў органаў брушной і грудной поласцей, траўматалагічных пашкоджанняў апорна-рухальнага апарату, пытанні арганізацыі пералівання крыві. У гады Вял. Айч. вайны хірургі аказвалі дапамогу ў ваенных і партызанскіх шпіталях. З 1950-х г. укараняліся перадавыя метады лячэння органаў грудной поласці, страўнікава-кішачнага тракту, апёкаў, хірургічнай дапамогі пры вострай страце крыві, уралагічных і анкалагічных захворваннях (Ф.​А.​Андрэеў, У.​В.​Бабук, А.​М.​Болдзін, Ю.​М.​Іргер, Я.​В.​Корчыц, У.​В.​Марзон, С.​М.​Рубашоў, М.​П.​Сакалоўскі). З пач. 1960 г. з хірургіі пачалі вылучацца асобныя яе кірункі (гэты працэс працягваецца і ў наш час), у т. л. анестэзіялогія і рэаніматалогія (І.​І.​Канус, І.​З.​Кляўзунік, У.​У.​Спас), кардыяхірургія (Ю.​П.​Астроўскі, А.​У.​Шот, В.​А.​Янушка). Даследаванні па хірургіі праводзяцца ў мед. ун-тах краіны, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Бел. акадэміі мед. навук. У ліку заснавальнікаў дзіцячай хірургіі У.​А.​Кацько, А.​С.​Мішараў, А.​Н.​Нікіфараў, Б.​І.​Мацкевіч, І.​М.​Стальмашонак; сучаснай хірургіі лёгкіх — У.​У.​Анічкін, П.​М.​Кузюковіч, С.​У.​Панько, М.​Р.​Сачак. З часам вылучыліся хірургія стрававода — Стальмашонак і інш.; язвавай хваробы і дванаццаціперснай кішкі — І.​Б.​Аляшкевіч, М.​І.​Батвінкоў, Ю.​Б.​Мартаў, М.​Ц.​Пятроў, Р.​П.​Рычагоў, М.​М.​Янчур; трансплантацыя органаў і тканак — Ц.​Е.​Гніларыбаў, В.​С.​Пілатовіч, Я.​В.​Саўчанка, С.​І.​Траццяк; хірургічная эндакрыналогія — В.​Р.​Астапенка, А.​А.​Грэйман, Я.​П.​Дзямідчык; ангіяхірургія і флебалогія — І.​М.​Грышын, А.​М.​Саўчанка, І.​Я.​Макшанаў; колапракталогія — А.​У.​Варабей; хірургічная панкрэаталогія, хірургія печані і жоўцевывадных шляхоў — Л.​В.​Аўдзей, П.​В.​Гарэлік, Грышын, М.​В.​Завада, С.​І.​Леановіч, Р.​П.​Шорах; гнойная хірургія — А.​М.​Косінец, Рычагоў, М.​М.​Чур; апёкаў, артапедыі і траўматалогіі — Я.​Д.​Белаенка, І.​Р.​Варановіч, А.​С.​Крук, В.​А.​Маркс, Р.​Х.​Мініна, А.​У.​Руцкі, Б.​Н.​Цыпкін, М.​Н.​Шапіра. Значнае развіццё атрымала нейрахірургія (Ф.​В.​Аляшкевіч, Ж.​І.​Злотнік, А.​Ф.​Смеяновіч і інш.). У сучасную хірургію ўкаранёны тэлескапічныя аперацыі на органах брушной і грудной поласцей (Завада, А.​М.​Лызікаў, С.​С.​Сцебуноў, Шорах). Праводзіцца рэплантацыя канечнасцей і тканак з дапамогай хірургічных мікраскопаў, пашыраецца хірургічная дапамога ва ўмовах паліклінік. Укараненне новых метадаў лячэння ў хірургіі ажыццяўляецца ў асацыяцыі хірургаў. Многія вядомыя хірургі Беларусі адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі (Грышын, А.​У.​Руцкі, М.​Я.​Саўчанка, Смеяновіч і інш.).

Літ.:

Стельмашонок И.М. Очерки развития хирургии в Белоруссии. Мн., 1973;

Гришин И.Н., Савченко А.Н. Клиническая ангиология и ангиохирургия. Мн., 1981;

Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;

Воробей А.В., Гришин И.Н. Реабилитация стомированных больных. Мн., 2003;

Шотт А.В., Леонович С.И., Кондратенко Г.Г. Гастродуоденальные язвенные кровотечения. Мн., 2003.

І.​М.​Грышын.

т. 18, кн. 2, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДАРНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ

— адзін з самых развітых, рэпрэзентатыўных відаў вусна-паэт. творчасці народа. Яна суправаджала духоўнае жыццё і працу земляроба на працягу ўсяго года. Сімвалічныя паводле сэнсу каляндарныя абрады, песні, прыкметы і павер’і з’яўляліся своеасаблівымі каардынатамі жыцця традыцыйнага грамадства, яго працоўнай дзейнасці. У каляндарна-абрадавым фальклоры арганічна ўвасоблены светапогляд народа, яго маральна-этычныя ідэалы, менталітэт. Генетычныя вытокі каляндарна-абрадавай творчасці ў перыядзе індаеўрапейскай супольнасці і часткова неаліце. Назіранні стараж. чалавека за гадавым кругаваротам у прыродзе склаліся ў сістэму міфапаэтычных поглядаў, якія ўвасобіліся ў абрады, рытуалы і песні. Фарміраваўся бел. абрадавы фальклор ужо на ўзроўні этнаплемянной культуры. За час станаўлення бел. народнасці ён дасягнуў вяршыні свайго развіцця. Каляндарна-абрадавая паэзія ў залежнасці ад сезонных перыядаў падзяляецца на веснавы, летні, восеньскі і зімовы цыклы.

Веснавы цыкл пачынаўся абрадамі, песнямі і ігрышчамі т.зв. сырнага тыдня з яго магічнай мэтавай устаноўкай праводзін зімы і набліжэння вясны. Рытуалы і вербальнае суправаджэнне Масленіцы характарызавалася дынамічнасцю, песенныя мелодыі сведчылі пра прыналежнасць фалькл.-этнагр. комплексу масленічнага тыдня да веснавога цыкла. Асобную разнавіднасць веснавой абраднасці і песеннай культуры складалі магічныя абрады і песні заклікання вясны, песні-заклічкі (вяснянкі). Вяршыня паэт. культуры беларусаў у веснавым цыкле — песні валачобнікаў. Асаблівасць веснавога каляндарнага перыяду — песні і абрады веснавой талакі. Да гэтага цыкла належаць юраўскія абрады і песні, функцыянальна скіраваныя на захаванне статка ад памору і драпежных звяроў, а таксама на забеспячэнне ўрадлівасці нівы; куставыя і русальныя абрады з іх песнямі. Культ расліннасці і культ продкаў, каханне і шлюб, узаемаадносіны нявесткі і свекрыві — асноўныя матывы траецкіх (сёмушных) песень, якія завяршалі веснавы цыкл.

Летні цыкл каляндарнага фальклору адлюстраваў клопат пра захаванне ўраджаю. Сярод нар. паэзіі гэтага перыяду вылучаецца этапны ў гадавым кругавароце абрад Купалля і яго песні, што функцыяльнальна былі скіраваны на магічную ахову палеткаў і гаспадаркі ад ірацыянальных сіл, перадавалі радасць моладзі з выпадку свята ў гонар летняга сонцастаяння, росквіту жыватворных сіл зямлі. Многія песні Купалля мелі гумарыстычную афарбоўку. У пятроўскіх песнях паэтычна ўвасоблены вобразы закаханых, прыгажосць прыроды. Тэматычна разнастайныя жніўныя песні, якія ўслаўлялі жней, поле, багаты ўраджай; перадавалі атмасферу цяжкай працы, сац. ўзаемаадносіны. Да летняга перыяду адносяцца таксама працоўна-магічныя паводле функцыянальнасці абрады пакрывання поля, зажынак, дажынак. Паэтычна-вобразным багаццем вылучыліся песні жніўнай талакі, дажынкавыя песні.

Восеньскі цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі ўключае ярынныя песні, або «яравое жніво», якія спявалі пры ўборцы яравых, ільняныя і канапляныя песні. Невялікая група паэт.-музычных твораў выконвалася пры збіранні ягад, грыбоў, арэхаў. У часавых рамках восеньскай каляндарнай лірыкі развілася нізка песень праводзін навабранцаў у войска.

Зімовы цыкл пачынаўся піліпаўскімі песнямі, што суправаджалі калектыўнае прадзіва. Ядро цыкла склалі аграрныя абрады Каляд і іх песні, якія былі закліканы прэвентыўна садзейнічаць ураджаю і дабрабыту ў гаспадарцы. Асноўнае месца сярод песень каляднай абраднасці займалі калядкі і шчадроўкі. Вечарам першага дня Каляд абрадавыя гурты хлопцаў і мужчын выконвалі вітальна-віншавальныя песні-калядкі. У навагоднюю ноч (на шчадрэц) гурты пераважна дзяўчат і жанчын рабілі абрадавыя абыходы двароў са спяваннем рытуальных песень-шчадровак.

Фалькл.-этнагр. комплексы ўсіх каляндарна-абрадавых цыклаў уключалі таксама рытуалы памінання продкаў. Жанравая сістэма бел. каляндарна-абрадавага фальклору налічвае больш за 25 песенных разнавіднасцей; яна выдатна распрацавана, добра захавалася. Асобныя жанравыя падвіды абрадавай паэзіі існуюць і ў наш час. Іншыя набылі рэкрэацыйную форму ўжытку. Выйшлі тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Жніўныя песні» (1974, укладальнікі А.​Ліс, В.​Ялатаў), «Зімовыя песні. Калядкі і шчадроўкі» (1975, укладальнікі А.​Гурскі, З.​Мажэйка), «Веснавыя песні» (1979 і «Валачобныя песні» (1980, укладальнікі абодвух Г.​Барташэвіч, Л.​Салавей, В.​Ялатаў), «Восеньскія і талочныя песні» (1981, укладальнікі А.​Ліс, С.​Асташэвіч, В.​Ялатаў), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985, укладальнікі А.​Ліс, С.​Асташэвіч, Г.​Таўлай).

А.​С.​Ліс.

т. 18, кн. 2, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІЯ,

старадаўні магнацкі род герба «Агінец», прадстаўнікі якога адыгрывалі значную ролю ў дзярж., грамадска-паліт. і культ. жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. Сваё паходжанне выводзілі ад Рурыкавічаў, у 17 ст. прынялі каталіцтва. У 17 ст. род падзяліўся на 2 галіны — старэйшую (у 17 — пач. 19 ст. карысталася графскім тытулам) і малодшую (страціла княжацкі тытул). Найб. вядомыя з роду Агінскіх:

Аляксандр (каля 1585—1667), сын Багдана, ваявода менскі (1645), кашталян трокскі (1649). Удзельнічаў у войнах супраць шведаў, рускіх, туркаў. Шыман Кароль (каля 1620—99), сын Самуэля, падкаморы віцебскі (1654), мечнік літоўскі (1680), ваявода мсціслаўскі (1685). Марцыян (1632—26.1.1690), сын Аляксандра, ваявода трокскі (1670), канцлер вялікі ВКЛ (1684). Ваяваў супраць шведаў, рускіх. Удзельнік падпісання «Вечнага міру» 1686 з Расіяй. Ян (каля 1625 — 24.2.1694), сын Самуэля, маршалак ваўкавыскі (1657), пісар польны літоўскі (1668), ваявода мсціслаўскі (1672), ваявода полацкі і гетман польны літоўскі (1682). Ваяваў супраць рускіх, туркаў, татараў, удзельнік бітвы пад Венай 1683. Рыгор Антоні (? — 17.11.1709), сын Яна, харужы вялікі літоўскі (1687), староста жмудскі (1698), гетман польны літоўскі (1703), маршалак Трыбунала ВКЛ (1706). У 1700 разбіў войска Сапегаў у бітве пад Алькенікамі. Прыхільнік Аўгуста II Моцнага і Пятра I. У 1700 у час Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў. Ігнацы (каля 1698 — сак. 1775), маршалак Трыбунала ВКЛ (1732), маршалак вялікі ВКЛ (1750), кашталян віленскі (1768). Андрэй (13.4.1740 — 12.10.1787), сын Тадэвуша Францішка, маршалак Трыбунала ВКЛ (1760), мечнік літ. (1762), рэферэндар літ. (1771), сакратар вялікі ВКЛ (1773), кашталян (1778) і ваявода трокскі (1783). Міхал Клеафас, гл. Агінскі М.К. Міхал Казімір, гл. Агінскі М.К.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАДЗЁНКА,

аднаразовае газетнае выданне. Часам выдавалася як лістоўка або альманах, без нумарацыі. Першая бел. аднадзёнка «Новіны грозные а жалостливые...» з прычыны нападу Івана IV Грознага на Полацк выд. ў 1563 у Нясвіжскай друкарні. У каталогу 1684 Бадлеанскай (Оксфард) б-кі зафіксавана 7 бел. аднадзёнак 1563, 1571, 1580, 1597, 1602, 1610 і 1617 на бел., лац., ням., англ. і інш. мовах. У 20 ст. аднадзёнкі выдаваліся найчасцей з-за цэнзурнага ўціску. Выходзілі ў Гродне («Колас беларускай нівы», 1913), Мінску («Над Свіслаччу», май 1914, на польск. мове; «Чырвоная варта», 15.4.1921; «Беларусь — Паволжу», 4.10.1921) і інш. Асн. прычына выхаду аднадзёнак у Зах. Беларусі — канфіскацыя бел. прэсы польскімі ўладамі. Яны прысвячаліся пераважна грамадска-паліт. падзеям і выдаваліся ў Вільні («Беларуская крыніца», 25.12.1921; «Беларуская доля», 23.5.1923; «Абух», 20.8.1924; «Беларускі селянін», 14.8.1925; «Новая маланка», 30.11.1928; «Весткі Таварыства Беларускае школы», 28.2.1929; «Беларуская праўда», 12.5.1931; «За беларускую школу», 16.6.1936; «Голас студэнта», 25.6.1937, і інш.), у Гродне («Выстрал», 8.10.1924; «Стрэха», 12.2.1928; «Пралом», 19.6.1929), у Беластоку («Лясны работнік», студз. 1934). Бел. аднадзёнкі выходзілі ў Дзвінску («Праца», 29.6.1928; «Новы шлях», 29.4.1931), Рызе («Шлях праўды», 24.10.1930), Варшаве («Першы крок», ліп. 1935) і інш.; у пасляваенны час — у Нямеччыне, ЗША, Канадзе.

Зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, Цэнтр. навук б-цы АН Беларусі, Цэнтр. Навук. б-цы АН Літвы, у архівах і б-ках Польшчы і інш. Усяго выйшла больш за 100 аднадзёнак.

Літ.:

Максімовіч Р. (Тумаш В.). «Навіны Грозныя» 1563 году: Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў // Запісы Бел. ін-та навукі і мастацтва. Мюнхен, 1966. Кн. 4;

Тое ж // Спадчына. 1994. № 3.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНУА́ Аляксандр Мікалаевіч (3.5.1870, С.-Пецярбург — 9.2.1960),

рускі мастак, гісторык мастацтва, мастацкі крытык. Сын М.Л.Бенуа. Вучыўся самастойна. Адзін з арганізатараў і ідэйны кіраўнік аб’яднання «Свет мастацтва». З 1908 як тэатр. мастак працаваў у антрэпрызе С.​П.​Дзягілева ў Парыжы. Як крытык і гісторык мастацтва выступаў і супраць акадэмізму, і супраць эстэтыкі рэв. дэмакратаў; гал. крытэрыем ацэнкі твораў мастацтва лічыў «мастацкасць». Прапагандыст класічнай спадчыны мастацтва 18 — 1-й чвэрці 19 ст. Ініцыятар стварэння шэрагу мастацтвазнаўчых выданняў (рэд. зб-каў «Мастацкія скарбы Расіі» ў 1901—03; час. «Старые годы») і музеяў. З 1917 актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі аховы помнікаў гісторыі і культуры і перабудовы музейнай справы (у 1917—26 заг. карціннай галерэі Эрмітажа). У жывапісе і графіцы звяртаўся да «вечных» духоўных і эстэтычных ідэалаў, стварыў своеасаблівую разнавіднасць рэтраспектывісцкага жанру, дзе спалучыў эстэтызацыю кволай прыгажосці і гратэскнай элегантнасці дваранскай культуры з сумна-іранічнымі адносінамі да яе (серыя «Апошняя прагулка Людовіка XIV», 1897—98; «Версальская серыя», 1905—06). Адзін з рэфарматараў мастацтва кнігі і тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу пач. 20 ст. (іл. да «Меднага конніка» А.​С.​Пушкіна, выд. 1923; дэкарацыі, эскізы касцюмаў да опер «Гібель багоў» Р.​Вагнера, 1903; балета «Павільён Арміды» М.​Чарапніна, 1907, Марыінскі тэатр у Пецярбургу). З 1926 жыў у Парыжы. Пісаў пейзажы, гіст. кампазіцыі на рус. тэмы.

Тв.:

Мои воспоминания. [Т. 1—2), кн. 1—5,2 изд. М., 1990.

Літ.:

Эткинд М. А.​Н.​Бенуа и русская художественная культура конца XIX — начала XX века. Л., 1989.

А.Бенуа. Эскіз дэкарацыі да трагедыі У.​Шэкспіра «Венецыянскі купец». 1920.
А.Бенуа. Эскіз заслоны да балета «Пятрушка». 1957.

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗКАЎСХО́ДНІ КАНФЛІ́КТ,

ваеннае і палітычнае проціборства на рэгіянальным узроўні Ізраіля з араб. краінамі і Арганізацыяй вызвалення Палесціны (АВП). На глабальным узроўні — паміж ЗША, што падтрымлівалі Ізраіль, і СССР (да 1991), які дапамагаў дружалюбным яму араб. рэжымам. Бярэ пачатак ад утварэння Ізраільскай дзяржавы (1948). У аснове канфлікту палесцінская праблема і ўзаемаадносіны Ізраіля і араб. краін (гл. Араба-ізраільская вайна 1948—49, Ізраільска-арабскія войны). Праблема вяртання акупіраваных ізраільцянамі тэрыторый (Сінайскі п-аў, сектар Газа, Галанскія вышыні, Зах. бераг р. Іардан, частка г. Іерусалім) і барацьба палесцінцаў (у т. л. тэрарыстычныя акцыі) за стварэнне ўласнай дзяржавы зрабілі Б. Усход асяродкам самага працяглага канфлікту ў сусв. палітыцы. Пры пасрэдніцтве ЗША першым крокам да міру з’явіліся Кэмп-Дэвідскія пагадненні паміж Егіптам і Ізраілем (1979). Да 1993 па праблеме Блізкаўсходняга канфлікту ішла дыпламат. барацьба, у ходзе якой Ізраіль прызнаў АВП адзіным прадстаўніком араб. народа Палесціны, а АВП прызнала Ізраіль як дзяржаву. 13.9.1993 у Вашынгтоне бакі падпісалі мірны дагавор і палесцінцы атрымалі права на самакіраванне ў сектары Газа і гарадах Іерыхон і Віфлеем. 26.10.1994 падпісаны мірны дагавор паміж Ізраілем і Іарданіяй. У чэрв. 1995 пачаліся перагаворы паміж Ізраілем і Сірыяй па праблеме вываду ізраільскіх войскаў з Галанскіх вышыняў. Гал. перашкодай на шляху да канчатковага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту з’яўляецца дзейнасць экстрэмісцкіх сіл як у Палесцінскім руху супраціўлення (ХАМАС і інш. арг-цыі), так і ўнутры ізраільскага грамадства (забойства прэм’ер-міністра І.​Рабіна ў ліст. 1995).

А.​А.​Чалядзінскі.

Да арт. Блізкаўсходні канфлікт. У час падпісання пагаднення ў Вашынгтоне. 1993. Злева направа: І.​Рабін, Б.​Клінтан, Я.​Арафат.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)