АГІ́НСКІЯ,

старадаўні магнацкі род герба «Агінец», прадстаўнікі якога адыгрывалі значную ролю ў дзярж., грамадска-паліт. і культ. жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. Сваё паходжанне выводзілі ад Рурыкавічаў, у 17 ст. прынялі каталіцтва. У 17 ст. род падзяліўся на 2 галіны — старэйшую (у 17 — пач. 19 ст. карысталася графскім тытулам) і малодшую (страціла княжацкі тытул). Найб. вядомыя з роду Агінскіх:

Аляксандр (каля 1585—1667), сын Багдана, ваявода менскі (1645), кашталян трокскі (1649). Удзельнічаў у войнах супраць шведаў, рускіх, туркаў. Шыман Кароль (каля 1620—99), сын Самуэля, падкаморы віцебскі (1654), мечнік літоўскі (1680), ваявода мсціслаўскі (1685). Марцыян (1632—26.1.1690), сын Аляксандра, ваявода трокскі (1670), канцлер вялікі ВКЛ (1684). Ваяваў супраць шведаў, рускіх. Удзельнік падпісання «Вечнага міру» 1686 з Расіяй. Ян (каля 1625 — 24.2.1694), сын Самуэля, маршалак ваўкавыскі (1657), пісар польны літоўскі (1668), ваявода мсціслаўскі (1672), ваявода полацкі і гетман польны літоўскі (1682). Ваяваў супраць рускіх, туркаў, татараў, удзельнік бітвы пад Венай 1683. Рыгор Антоні (? — 17.11.1709), сын Яна, харужы вялікі літоўскі (1687), староста жмудскі (1698), гетман польны літоўскі (1703), маршалак Трыбунала ВКЛ (1706). У 1700 разбіў войска Сапегаў у бітве пад Алькенікамі. Прыхільнік Аўгуста II Моцнага і Пятра І. У 1700 у час Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў. Ігнацы (каля 1698 — сак. 1775), маршалак Трыбунала ВКЛ (1732), маршалак вялікі ВКЛ (1750), кашталян віленскі (1768). Андрэй (13.4.1740 — 12.10.1787), сын Тадэвуша Францішка, маршалак Трыбунала ВКЛ (1760), мечнік літ. (1762), рэферэндар літ. (1771), сакратар вялікі ВКЛ (1773), кашталян (1778) і ваявода трокскі (1783). Міхал Клеафас, гл. Агінскі М.К. Міхал Казімір, гл. Агінскі М.К.

А.П.Грыцкевіч.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)