АМНІЁТЫ (Amniota),

група першаснаназемных пазваночных жывёл (паўзуны, птушкі і млекакормячыя), у якіх на ранніх стадыях развіцця паяўляюцца асобныя зародкавыя абалонкі, у т. л. амніён (адсюль назва). У адрозненне ад анамній у амніётах зародак развіваецца ў яйцы (паўзуны, птушкі) або ў матцы самкі (млекакормячыя). Размнажаюцца і развіваюцца на сушы.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАНІ́СТЫКІ (ад грэч. agōnistikos здольныя да барацьбы),

цыркумцэліёны, дэмакратычная хрысц. секта калонаў і рабоў у рым. Афрыцы 4—5 ст., левае крыло данатыстаў. Пратэставалі супраць сац. няроўнасці, паднявольнай працы, асуджалі афіц. царкву, прапаведавалі аскетызм, пакутніцтва. Узначальвалі паўстанні калонаў і рабоў у Нумідыі каля 340 і ў пач. 5 ст.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВО́ДЫ,

возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка. За 24 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,3 км², даўж. 0,8 км, найб. шыр. 0,4 км. Пл. вадазбору каля 32 км². Злучана ручаём з воз. Зыкоўскае, на Пд выцякае ручай у р. Крашанка.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРА́ЦЫЯ (ад лац. administratio кіраўніцтва),

1) сукупнасць органаў выканаўчай улады, што ажыццяўляе мерапрыемствы па кіраванні краінай, рэгіёнам, горадам, прадпрыемствам і г.д. (раённая адміністрацыя, абл. адміністрацыя, адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь).

2) Службовыя асобы, кіраўнікі, персанал установы, прадпрыемства ці яго структурнай часткі (адміністрацыя завода, адміністрацыя цэха).

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНА́Т ((Odaenathus) Септымій) (? — 267),

правіцель Пальміры ў 3 ст. н.э. У 260 нанёс паражэнне іранскаму цару Шапуру I. У 262—67 камандаваў пальмірскімі і рым. арміямі і атрымаў шэраг перамог над персамі, меў званне дукса і імператара. Фактычна быў незалежным ад Рыма правіцелем, прысвоіў сабе тытул «цара цароў».

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙМА́К,

1) у манг. і цюрк. народаў першапачаткова вялікая ці малая група роднасных сем’яў, якія вялі сваё паходжанне ад аднаго продка і качавалі на адной тэрыторыі; пазней (у манголаў) буйны феад. ўдзел, ханства.

2) Адм.-тэр. адзінка (раён) у Бураціі і на Алтаі.

3) Асн. адм.-тэр. адзінка Манголіі.

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРЫ́ЛАВЫЯ ЛА́КІ, поліакрылавыя лакі,

растворы поліакрылатаў і іх вытворных у арган. растваральніках. Утвараюць святло-, атмасфера- і водаўстойлівыя пакрыцці з добрай адгезіяй да металу. Выкарыстоўваюць для аховы ад карозіі алюмінію і яго сплаваў; эмалевыя фарбы на іх аснове — у авіяц. і аўтамаб. прам-сці, вытв-сці буд. канструкцый і інш.

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́ЖАННЕ МАЯСТА́ТУ (ображенье маестату; ад лац. majestas вялікасць, гонар),

юрыдычны тэрмін часоў ВКЛ, які азначаў замах на дзярж. ўладу; у шырокім сэнсе слова — дзярж. здрада, замах на гонар і годнасць вял. князя, распаўсюджанне лжывых, ганебных чутак пра яго. У адпаведнасці з артыкуламі Статута ВКЛ 1588 абражанне маястату каралася смерцю.

т. 1, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЦЫЯТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. associare далучаць),

спалучальнасць, спалучальны закон (матэм.), уласцівасць складання і множання лікаў, якая выражана тоеснасцю (a + b) + c = a + (b + c) і (a b) c = a (bc) адпаведна (спачатку выконваецца аперацыя, узятая ў дужкі). Уласцівасць асацыятыўнасці мае множанне матрыц, падстановак, пераўтварэнняў. Аперацыі дзялення і аднімання не асацыятыўныя.

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРАДЫЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + радыяграфія),

метад рэгістрацыі і вывучэння размеркавання радыеактыўных рэчываў у аб’ектах, якія даследуюцца; разнавіднасць радыяграфіі. Выяўляецца пры накладанні на аб’ект адчувальнага да радыеактыўнага выпрамянення фотаматэрыялу. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, тэхніцы, біялогіі, медыцыне і інш.

Да арт. Аўтарадыяграфія: аўтарадыяграма (адбітак), якая паказвае размеркаванне фосфару-32 у лісце памідора.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)