САЛОМАСІЛАСАРЭ́ЗКА,

машына для рэзкі саломы і здрабнення зялёнай масы пры падрыхтоўцы кармоў і нарыхтоўцы сіласу. Бываюць барабанныя (звычайна стацыянарныя, з прыводам ад электрарухавіка) і дыскавыя (перасоўныя, з прыводам ад трактара або электрарухавіка).

Рэжучы апарат працуе па прынцыпе нажніц, адным з лёзаў якіх з’яўляюцца вярчальныя нажы (на барабане або дыску), другім — лязо нерухомай процірэжучай пласціны. С. ўстанаўліваюць каля сіласных збудаванняў, у кармацэхах, каля пунктаў нарыхтоўкі саломы на корм або подсціл. Ручныя і конныя С. наз. сячкарнямі.

Літ.:

Белянчиков Н.Н., Смирнов А.И. Механизация животноводства. 2 изд. М., 1983.

В.​М.​Кандрацьеў.

Схема саломасіласарэзкі: 1 — электрарухавік; 2 — дыск з лопасцямі; 3 — нож; 4 — грабяні; 5 — дэфлектар; 6 — сілкавальныя вальцы; 7 — падпрасоўвальны транспарцёр; 8 — падавальны транспарцёр.

т. 14, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)