ГЕАЛАГІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,

комплекс геал. даследаванняў на пэўнай тэр. з мэтай складання геалагічных картаў і выяўлення перспектыў на карысныя выкапні. У якасці асновы пры геалагічнай здымцы выкарыстоўваюць тапаграфічныя карты. Вылучаюць віды геалагічнай здымкі: на асобных лістах, групавую (на некалькіх лістах адначасова), для давывучэння знятых лістоў, аэрафота- і космааэрафотагеал., глыбінную і інш.

Падзяляецца на дробнамаштабную (для стварэння аглядальных геал. картаў), сярэднемаштабную (для прагнозных картаў) і буйнамаштабную (для пошукавых картаў). Уключае падрыхтоўчы, палявы і камеральны этапы. На ўсіх этапах праводзіцца дэшыфраванне аэрафота- і космаматэрыялаў. Завяршаецца геалагічная здымка стварэннем геал. карты, справаздачы або тлумачальнай запіскі.

На ўсёй тэр. Беларусі зроблена сярэднемаштабная геал. здымка (1:200 000), на асобных лістах — буйнамаштабная (1:50 000). Геолагаздымачныя работы вядзе Беларуская гідрагеалагічная экспедыцыя.

т. 5, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЕ́НІУМ (Helenium),

род кветкавых раслін сям. Астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы, пераважна на захадзе ЗША. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукаваны 2 віды: геленіум асенні (H. autumnale) і Хупа (H. hoopsii); маюць садовыя формы і сарты гібрыднага паходжання. Выкарыстоўваюць для пасадак групамі на газонах, бардзюрах, у міксбордэрах і на зразанне.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамымі, уверсе разгалінаванымі сцёбламі выш. да 150 см. Лісце ланцэтнае, супраціўнае, з кропкавымі залозкамі. Кветкі пераважна жоўтыя, чырванаватыя, карычневыя або стракатыя, у кошыках (адзіночных ці сабраных у шчыткападобныя суквецці). Плады — сямянкі з крылаткамі. Зімаўстойлівыя, святлалюбныя дэкар. расліны. Размнажаюць насеннем і дзяленнем кустоў. Некат. віды цвітуць з чэрв. да замаразкаў.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАЛІТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА НОВАНАРО́ДЖАНЫХ, эрытрабластоз плода,

прыроджаная, спадчынная хвароба дзяцей. Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя дні пасля нараджэння ад несумяшчальнасці крыві маці і плода па рэзус-фактары або інш. групавых асаблівасцях (гл. Групы крыві). Рэзус-фактар, які трапляе ў кроў рэзус-адмоўнага чалавека, выклікае імунную рэакцыю з утварэннем антырэзусных цел. Стан сенсібілізацыі да рэзус-фактара пры першай цяжарнасці можа не развіцца і дзіця нараджаецца здаровым, пры наступных цяжарнасцях дзеці могуць нараджацца хворымі. У аснове хваробы — гемоліз (распад) эрытрацытаў і назапашванне ў крыві атрутнага рэчыва (непрамога білірубіну, гл. Кроў). Прыкмета гемалітычнай хваробы нованароджаных: анемія, жаўтуха, парушэнне дзейнасці ц. н. с. (ад атручэння). Лячэнне: заменнае пераліванне крыві, гемасорбцыя, увядзенне плазмы; фотатэрапія.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТАЭНЦЭФАЛІ́ЧНЫ БАР’Е́Р,

фізіялагічны механізм, які рэгулюе абмен рэчываў паміж крывёй, спіннамазгавой вадкасцю і мозгам, ахоўвае нейроны ад антыгенаў; адзін з відаў гістагематычных бар’ераў. Паняцце ўвялі сав. фізіёлаг Л.​С.​Штэрн і швейц. вучоны Р.​Гацье (1921). Гематаэнцэфалічны бар’ер ажыццяўляе таксама ахоўныя функцыі, перашкаджае пранікненню ў ц. н. с. некат. уведзеных у кроў чужародных рэчываў або прадуктаў парушанага абмену рэчываў. Ад пранікальнасці гематаэнцыфалічнага бар’ера залежыць стан нерв. клетак галаўнога і спіннога мозга. Праз розныя ўчасткі гематаэнцыфалічнага бар’ера з крыві ў ц. н. с. пранікаюць розныя рэчывы, неабходныя для жыўлення і дзейнасці нерв. утварэнняў. Гематаэнцыфалічны бар’ер можа перашкаджаць пранікненню ў ц. н. с. ўведзеных у кроў лекаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНАНДРАМАРФІ́ЗМ [ад гін... + грэч. anēr

(andros) мужчына + morphē форма, від),

наяўнасць у аднаго арганізма груп клетак, тканак або органаў з наборам храмасом, характэрным для розных палоў; прыватны выпадак мазаіцызму. Прычынамі гінандрамарфізму могуць быць страта адной з палавых храмасом у асобін гомагаметнага полу на розных стадыях антагенезу, утварэнне ў яйцаклетцы двух жаночых прануклеусаў, апладненне іх рознымі сперміямі і далейшае развіццё аднаго арганізма з двух’ядзернай зіготы. Назіраецца ў некат. ракападобных, насякомых, рыб, земнаводных, птушак. У пазваночных часцей наз. латэральным (аднабаковым) гінандрамарфізмам і праяўляецца толькі будовай палавога апарата, радзей пашыраецца на вонкавыя прыкметы адной палавіны цела. Гінандрамарфізм адрозніваюць ад гермафрадытызму, калі адбываецца сумяшчэнне прыкмет аднаго полу ў адным арганізме, які мае клеткі з аднолькавым наборам храмасом.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ПНУМ (Hypnum),

род брыевых імхоў сям. гіпнавых. Вядома каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я. На Беларусі 6 відаў. Гіпнум кіпарысападобны (H. cupressiforme) часцей трапляецца ў лясах каля дрэў, на гнілой драўніне, глебе, камянях. Звычайнымі з’яўляюцца гіпнум бледнаваты (H. pallescens) і гіпнум Ліндберга (H. lindbergii), менш распаўсюджаны гіпнум лугавы (H. pratense), рэдка трапляюцца гіпнум пладучы (H. fertile) і гіпнум расстаўлены (H. imponens).

Адна- і двухдомныя меза- і ксерафільныя расліны. Дзярнінкі зялёныя ці жаўтавата-зялёныя, шаўкавіста-бліскучыя. Сцябло ляжачае ці ўзнятае, даўж. 2—10 см, перыста-разгалінаванае, радзей простае, парасткі з кручкаватымі канцамі. Лісце серпа-, яйцападобнае або падоўжана-ланцэтнае. Спарагоны на бакавых галінах. Каробачка падоўжана-эліпсападобная ці цыліндрычная. Перыстом двайны.

Гіпнум кіпарысападобны.

т. 5, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРАСКАПІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

электрамеханічныя прыстасаванні для вызначэння параметраў руху (ці становішча) і стабілізацыі аб’екта, на якім яны ўстаноўлены. Асн. частка гіраскапічных прылад — гіраскоп.

Да гіраскапічных прылад адносяцца: гіратахометры і гіраінтэгратары (для вымярэння вуглавых скарасцей і вуглоў павароту); гірашыроты (паказваюць геагр. шырату месца), гіравертыкалі і гірагарызанталі (фіксуюць напрамак сапраўднай вертыкалі ці плоскасці гарызонта, што дае магчымасць вызначаць вугал нахілу аб’екта адносна падоўжнай або папярочнай восі); гіракомпасы; гірамагн. і гіраіндукцыйныя компасы і курсавыя сістэмы (паказваюць курс рухомага аб’екта ці вугал яго павароту вакол верт. восі); гіратэадаліты (гл. ў арт. Тэадаліты); гірастабілізатары і інш. Гіраскапічныя прылады выкарыстоўваюць у марскім флоце, авіяцыі, ракетнай і касм. тэхніцы, для спец. работ (маркшэйдэрскіх, геадэзічных, тапаграфічных і інш.).

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛ, Голь (Goll) Іван

[сапр. Ланг (Lang) Ісаак; 29.3.1891, г. Сен-Дзье, Францыя — 14.3.1950],

нямецкі і французскі пісьменнік. Першы зб. вершаў «Панамскі канал» (1912) стаў буйной з’явай ням. экспрэсіянізму. З 1914 у Швейцарыі, дзе выдаў кнігі супраць вайны («Інтэрнацыянальныя элегіі», 1915, «Пекла», 1919, і інш.). З 1919 жыў у Францыі, стаў прыхільнікам сюррэалізму. Яго «звышдрамы», напісаныя ў гратэскна-футурыстычнай манеры («Мафусаіл, або Вечны буржуа», 1922, і інш.) прадугадалі сучасны тэатр абсурду. Аўтар трылогіі «Песні пра каханне» (1925—27, разам з жонкай К.​Гол), цыкла вершаў на ням. і франц. мовах «Песня пра Іаана Беззямельнага» (1934—44). У 1939—47 жыў у ЗША.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Сумерки человечества. М., 1990.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАЗДО́ЎНІК (Botrychium),

род споравых папарацепадобных раслін сям. вужоўнікавых. Каля 40 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 6 відаў: гваздоўнік віргінскі (B. virginianum), ланцэтападобны (B. lanceolatum), паўмесяцавы (B. lunaria), просты (B. simplex), рамонкалісты (B. matricariifolium) і шматраздзельны (B. multifidum). Растуць у лясах, на ўзлесках, схілах узгоркаў. Гваздоўнік віргінскі і рамонкалісты занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, гваздоўнік просты, магчыма, знік з флоры рэспублікі.

Спарафіты — шматгадовыя, звычайна невял. травяністыя расліны з кароткім неразгалінаваным карэнішчам. Вегетатыўны сегмент ліста звычайна перыста-рассечаны; спараносна-мяцёлчата-галінасты. Гематафіты (зарасткі) — яйцападобныя, плоскаклубне- або дыскападобныя, даўж. 1—20 мм, з мікарызай. Лек. (ранагаючы сродак) і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Граздоўнік: 1 — віргінскі; 2 — рамонкалісты.

т. 5, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУША́НКА (Pyrola),

род кветкавых раслін сям. грушанкавых. Каля 40 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: грушанка зеленаватая (P. chlorantha), круглалістая (P. Rotundifolia), малая (P. minor) і сярэдняя (P. media). Растуць у лясах (пераважна хвойных і мяшаных) і хмызняках.

Невысокія шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім галінастым карэнішчам. Лісце сабрана ў прыкаранёвую разетку, на доўгіх чаранках, скурыстае, цёмна-зялёнае, зімуе. Кветкі белыя, ружовыя, чырванаватыя або зеленаватыя, у гронкападобных канцавых суквеццях на доўгіх кветаносах. Плод — шарападобная 5-гнездавая каробачка. Лек. (выкарыстоўваюць ў афіцыйнай і нар. медыцыне як мачагонны і процізапаленчы сродак) і дэкар. расліны. Надземная частка мае шмат дубільных рэчываў. Сухое лісце ўжываюць як сурагат чаю.

Г.​У.​Вынаеў.

Грушанка круглалістая.

т. 5, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)