палітычны крызіс у Расіі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Выкліканы супярэчнасцямі паміж рознымі паліт. плынямі па пытаннях аб вайне і міры. Пачаўся 20.4(3.5).1917 стыхійнай дэманстрацыяй пратэсту каля 15 тыс. салдат і матросаў Петраграда супраць ноты міністра замежных спраў П.М.Мілюкова ад 18.4(1.5).1917 пра намер Часовага ўрада працягваць вайну з Германіяй і яе саюзнікамі да перамогі. Па закліку бальшавікоў 21 крас. (4 мая) у Петраградзе адбылася 100-тысячная маніфестацыя пад лозунгамі заключэння міру і перадачы ўлады Саветам. Падобныя дэманстрацыі прайшлі ў Маскве, Рэвелі, Выбаргу. Рэзалюцыі супраць ноты Мілюкова прынялі таксама Мінскі [22 крас. (5 мая)] і Гомельскі [25 крас. (8 мая)] Саветы, сход дэлегатаў (2 тыс.чал.) вайск. падраздзяленняў Зах. фронту [27 крас. (10 мая)] і інш. Выканком Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, пайшоў на пагадненне з Часовым урадам. З урада былі выведзены міністры Мілюкоў і А.І.Гучкоў, увайшлі лідэры эсэраў і меншавікоў В.М.Чарноў, А.Ф.Керанскі, І.Г.Цэрэтэлі, М.І.Скобелеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАСЕ́ЛЬСКІ АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,
група археал. помнікаў каменнага і бронзавага вякоў (шахты па здабычы крэменю, крэменяапрацоўчыя майстэрні, стаянкі, могільнік), селішча жал. веку і сярэдневякоўя каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. і суседніх з ім вёсак. Гэты рэгіён заселены ў раннім мезаліце (9-е тыс. да н.э.); найб. колькасць помнікаў належыць да неаліту і бронзавага веку. У К.а.к. захавалася больш за 80 шахтавых выпрацовак. У адной з шахт знойдзена пахаванне шахцёра шнуравой керамікі культуры. На комплексе выяўлены таксама рэшткі крэменеапрацоўкі і крамянёвыя прылады працы, кераміка арэнбургскай культуры, позняга этапа нёманскай культуры, тшцінецкай культуры, зарубінецкай культуры, фрагменты ганчарнага посуду эпохі Стараж. Русі, позняга сярэдневякоўя, рэшткі паўзямлянкі 9—12 ст. і інш. На могільніку культуры шарападобных амфар (3-е тыс. да н.э.) знойдзены рэшткі пахавання чалавека і свойскай жывёлы, гліняны посуд, касцяныя наканечнікі стрэл і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́Ў Аляксей Мікалаевіч [15.8.1863, с. Вісяга (цяпер Крылова), Чувашыя —26.10.1945), расійскі караблебудаўнік, механік і матэматык. Акад.АНСССР (1925; акад.Пецярб.АН з 1916, Рас.АН з 1917). Герой Сац. Працы (1943). Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1890), дзе і выкладаў. Працаваў таксамагал. інспектарам караблебудавання, старшынёй Марскога тэхн.к-та, удзельнічаў у праектаванні і пабудове першых рас. лінкораў. У 1919—20 нач. Марской акадэміі, з 1927 кіраваў Фіз.-матэм. ін-там АНСССР. Навук. працы па тэорыі і буд. механіцы карабля, магн. і гіраскапічных компасаў, артылерыі, механіцы, матэматыцы, гісторыі навукі. Распрацаваў метады вылічэння ўстойлівасці і плывучасці карабля, стварыў тэорыі вібрацыі суднаў і гайданкі карабля. Даследаваў уплыў гайданкі на паказанні компаса. Прапанаваў метад рашэння т.зв. векавога ўраўнення, пабудаваў машыну для інтэгравання дыферэнцыяльных ураўненняў, стварыў шэраг карабельных і артыл. прылад. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Собр. трудов. Т. 1—12. М.; Л., 1936—56.
Літ.:
Крыжановская Н.А. Академик А.Н.Крылов: Библиогр. указ. Л., 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛІ́СТЫКА (ад лац. criminalis злачынны),
прыкладная юрыд. навука, якая распрацоўвае сістэму спец. прыёмаў, метадаў і сродкаў збірання, фіксацыі, даследавання і выкарыстання доказаў судовых. Гэтыя прыёмы і метады прымяняюцца ў крымінальным судаводстве для папярэджання, раскрыцця і расследавання злачынстваў, а таксама выкарыстоўваюцца пры суд. разглядзе крымінальных і ў шэрагу выпадкаў цывільных спраў. Найб. важныя раздзелы сучаснай К.: агульная тэорыя К., крыміналістычная тэхніка, крыміналістычная тактыка і методыка расследавання. Крыміналістычная тактыка ўключае сістэму тэарэт. палажэнняў і практычных рэкамендацый па арг-цыі і планаванні расследавання злачынстваў, якія дазваляюць найб. эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці следчага і суд. дзеяння і аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў з улікам канкрэтнай сітуацыі па справе. Яна ахоплівае планамернасць і хуткасць дзеянняў, агляд месца злачынства, фіксацыю і ацэнку слядоў, атрыманне доказаў, правамернасць (законнасць) дзеянняў. Крыміналістычная тэхніка ўключае сістэму спец. прыёмаў і навук.-тэхн. сродкаў па збіранні, фіксацыі і даследаванні доказаў. Да яе адносяцца суд.балістыка, трасалогія, дактыласкапія, судовая фатаграфія, тэхніка правядзення крыміналістычных экспертыз і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́СТАВЫЯ ПЕ́СНІ,
від веснавых песень, якія выконваліся ў час веснавога земляробчага свята сёмухі. Спяваліся пераважна на Палессі. Суправаджалі абрад ваджэння «куста» (прыбранай у зялёныя галінкі і кветкі дзяўчыны), што ўвасабляў жыватворныя сілы прыроды і быў нібыта здольны перадаваць іх зямлі, полю, а таксама служыў сімвалам роду і сувязі са светам продкаў, ад якіх «залежаў» ураджай. Падзяляюцца на рытуальныя, заклінальныя і велічальныя. Рытуальныя адлюстроўваюць гал. моманты абраду — паход дзяўчат у лес, дзе самую прыгожую прыбіралі «кустом», шэсце «дзявоцкага войска» з кустом па вёсцы, віншаванне гаспадароў з заканчэннем веснавых работ з просьбай надарыць «куст». Заклінальныя песні былі прызначаны магічным шляхам забяспечыць добры ўраджай. Песні, прысвечаныя хлопцу і дзяўчыне, закліналі каханне, шчаслівы лёс. Велічальныя песні ўхваляюць «зеляненькі куст», узвышаюць удзельніц свята, «дзявоцкае войска», якое «ніхто не б’е, не ваюе», услаўляюць шчодрых гаспадароў. К.п. завяршаецца веснавы цыкл каляндарна-абрадавых песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНО́ВІЧ (Ніна Іосіфаўна) (н. 27.8. 1951, в. Лапічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1999). Скончыла Бел. кансерваторыю (1977, клас А.Кагадзеева). З 1976 хормайстар, з 1991 гал. хормайстар Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Спектаклі, пастаўленыя з яе ўдзелам, вызначаюцца высокай якасцю харавога гучання: «Новая зямля» Ю.Семянякі, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана, «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава, «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі, «Візіт дамы» С.Картэса, «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча, «Князь Ігар» А.Барадзіна, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, «Рыгалета», «Набука», «Дон Карлас» Дж.Вердзі, «Паяцы» Р.Леанкавала, «Сельскі гонар» П.Масканьі, «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці, «Турандот» Дж.Пучыні, вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа, балет «Страсці» А.Мдывані (хар. фінал). У рэпертуары Л. таксама буйныя творы хар. класікі, у т. л. Рэквіем Вердзі. Адна з арганізатараў (1990) Дзіцячага муз.т-ра-студыі пры Нац. т-ры оперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРЭ́НЦЬЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
старажытнарускі летапісны збор 14 ст. Перапісаны з больш даўняга спіса манахам Лаўрэнціем (адсюль назва), магчыма, у Ніжнім Ноўгарадзе або Уладзіміры. Збярогся ў пергаментным рукапісе 1377. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» (самы дасканалы тэкст) і летапісу 12—13 ст., прысвечанага гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Апошнія запісы датаваны 1305. Змяшчае таксама«Павучанне Уладзіміра Манамаха» (пад 1096), паданне пра Рагнеду Рагвалодаўну (пад. 1128), агіяграфічную аповесць «Жыццё Аляксандра Неўскага» (пад 1263). Данёс каштоўныя звесткі па гісторыі Русі і асобных яе зямель (Кіеўскай, Наўгародскай, Полацкай, Уладзіміра-Суздальскай), пра дзейнасць стараж.-рус. князёў, у т. л.Усяслава Брачыславіча, па гісторыі культуры і мастацтва ўсх. славян. Як літ. твор уяўляе сабой збор датаваных гіст. апавяданняў і дзелавых запісаў, размешчаных у храналагічнай паслядоўнасці, аб’яднаных агульнай тэмай (гісторыя Русі), спосабам летапіснага адлюстравання мінулага і пагадовай формай выкладу. Упершыню апубл. ў 1846 у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 1). Зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Літ.:
Лурье Я.С. Общерусские летописи XIV—XV вв. Л., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЦ ((Lec) Станіслаў Ежы) (6.3.1909, г. Львоў, Украіна — 7.5.1966),
польскі паэт, сатырык. Скончыў Львоўскі ун-т (1933). У 1941—43 вязень фаш. канцлагера. У 1946—50 аташэ Польскай місіі ў Вене. Першая кн. вершаў — «Колеры» (1933). Аўтар зб-каў рэфлексійна-лірычных вершаў «Палявы блакнот» (1946), «Іерусалімскі рукапіс» (1956), «Да Авеля і Каіна» (1961), «Паэмы, падрыхтаваныя да скоку» (1964), а таксамасатыр. твораў і фрашак (зб-кі «Заасад», 1935; «Прагулка цыніка», 1946; «Здзекуюся і пытаюся пра дарогу», 1959, і інш.). Майстар кароткага філас. парадоксу. У цыклах афарызмаў «Непрычасаныя думкі» (1957), «Новыя непрычасаныя думкі» (1964) пры дапамозе жарту, іроніі, сарказму, алюзіі, гульні слоў выказваў пратэст супраць дагматызму і любых форм гвалту над асобай. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў У.Арлоў.
Тв.:
Utwory wybrane. T. 1—2. Warszawa, 1977;
Бел.пер. — З «Непрычасаных думак» // Далягляды. Мн., 1990;
Рус.пер. — [Стихи] // Современная польская поэзия. М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,
раздзел матэматычнага праграмавання, прысвечаны тэорыі і метадам рашэння задач аб экстрэмумах (мінімумах ці максімумах) лінейных функцый пры абмежаваннях, зададзеных сістэмамі лінейных роўнасцей і няроўнасцей.
Задачы Л.п. з’яўляюцца матэм. мадэлямі задач эканомікі і вытв-сці, напр., задача рацыянальнага размеркавання часу (аптымальнага плана работы) прадпрыемства па розных тэхнал. спосабах, трансп. задача, дзе адшукваецца найб. эканомны план дастаўкі прадуктаў з пунктаў вытв-сці ў пункты спажывання, задача складання самага таннага кармавога рацыёну з пэўных кармоў. Агульная пастаноўка задачы і метад яе рашэння прапанаваны Л.В.Кантаровічам (1939), найб. пашыраны сімплекс-метад рашэння задач (накіраваны перабор мноства дазволеных рашэнняў) — амер. матэматыкам Дж.Данцыгам (1949). Гл.таксамаАперацый даследаванне.
На Беларусі праблемы Л.п. і яго дастасаванняў даследуюцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Данциг Дж. Б. Линейное программирование, его применения и обобщения: Пер. с англ.М., 1966;
Габасов Р., Кириллова Ф.М. Методы линейного программирования. Ч. 1—3. Мн., 1977—80.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,
разнавіднасць электрыннага рухавіка, у якім рухомая частка не верціцца, а лінейна перамяшчаецца ўздоўж нерухомай часткі — разамкнёнага магнітаправода адвольнай даўжыні. Бываюць пераменнага і пастаяннага току, развіваюць вял. сілу цягі і ў шэрагу выпадкаў працуюць без рэдуктара.
У адрозненне ад звычайнага электрарухавіка, статар якога — стальное кольца з абмоткай, у Л.э. кольца як бы разрэзана і выпрастана, а статарныя абмоткі ўкладзены на плоскасці ўздоўж усяго пуці; ротарам служыць алюмініевы брус (рэактыўная рэйка), укладзены пасярэдзіне паміж абмоткамі таксама ўздоўж пуці. Пры паступленні эл. току ў статар уздоўж праваднікоў ствараецца бягучае магн. поле, а ў ротары (рэйцы) наводзяцца віхравыя токі. Эл.-магн. сілы, што ўзнікаюць ад гэтых токаў, накіраваны ўздоўж пуці і прыводзяць у рух вагон, які скампанаваны з электрарухавіком. Перспектыўны ў электрапрыводзе трансп. машын у спалучэнні з магн. падвескамі і паветр. падушкамі. Дае магчымасць павысіць скорасць паяздоў да 500 км/гадз.