МА́САВАЕ ДЗЕ́ЙСТВА,

тэатралізаванае відовішча з удзелам вял. колькасці выканаўцаў і гледачоў, звязанае са святкаваннем памятных гіст. падзей і юбілейных дат. Звычайна наладжваецца на плошчах, вуліцах, у парках, на стадыёнах. Элементы М.дз. мелі тэатралізаваныя гульні і абрады першабытных народаў. Існавалі ў Стараж. Грэцыі (культавыя святы, Алімп. гульні і інш.), у Англіі 17 ст. (нар. гульня пра Робіна Гуда), Германіі (масленічныя гульні і кірмашовыя святы), у Расіі (звязаныя з сельскімі святамі і нар. творчасцю, у т. л. русаллі). У 15—16 ст. М.дз. былі часткаю царк. набажэнства. У 18 ст. Пётр I увёў маскарады. Новыя формы М.дз. ўзніклі ў час франц. рэвалюцыі канца 18 ст., Парыжскай камуны 1871. У Расіі найб. пашыраны ў 1918—27, у т. л. «Да сусветнай камуны» і «Узяцце Зімняга палаца» (1920, Петраград), а таксама ў Маскве, Іркуцку, Кіеве і інш. Сярод рэжысёраў К.​Марджанішвілі, М.​Ахлопкаў і інш.

На Беларусі найб. вядома М.дз. «Праца і капітал», адбылося 8.5.1921 у Мінску ў гар. парку (аўтары сцэнарыя і пастаноўшчыкі Л.​Літвінаў, Е.​Міровіч і Бейтлер). У ім удзельнічала каля 1 тыс. чалавек — вайск. злучэнні Мінскага гарнізона, аб’яднаны хор пад кіраўніцтвам У.​Тэраўскага, драм. артысты і балетная трупа Бел. дзярж. т-ра, самадз. драм. гурткі мінскіх клубаў, аб’яднаны духавы аркестр, каля 10 тыс. гледачоў. З 1950-х г. пашыраны тэматычныя М.дз. на стадыёнах, звязаныя з гіст. падзеямі рэспублікі і бел. гарадоў. Уключалі аб’яднаныя адной тэмай фізкульт. і танц. паказы, выступленні хар. калектываў, зводных духавых аркестраў, тэатралізаваныя шэсці, феерверкі. З 1990-х г. у буйных гарадах Беларусі праводзяцца святы горада з М.дз.

Літ.:

Массовые праздники и зрелища: Сб. М., 1961.

С.​А.​Пятровіч.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІЧНЫЯ ПЕ́СНІ, масленіцы, масленкі,

жанр каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх еўрап. народаў. Паводле сезоннай прымеркаванасці адносяцца да веснавых песень: завяршаюць зімовы і пачынаюць веснавы песенны цыкл. У розных народаў існуюць у розных версіях адпаведна веснавому ці зімоваму характару святкавання: пераважна веснавой (бел.-ўкр.), па-зімоваму карнавальнай (паўд.-славянскай), мяшанай (рускай). Веснавыя версіі змыкаюцца з гуканнямі вясны, зімовыя з праводзінамі зімы. У бел. каляндарна-песенным фальклоры М.п. ўваходзяць у веснавы цыкл (спяваюцца «як на вясну пацягне»). Пашыраны пераважна на Падняпроўі і Паазер’і. Тыповы сюжэт М.п. — «масленіца-ласуха» (пасля якой настае вял. пост) і «масленіца-падманка» («казалі, масленкі сем нядзель // ажно тыя масленкі — адзін дзень. // Адна нядзелька — і тая караценька»). Многія сюжэты пераклікаюцца з веснавымі карагодамі (жарт. проціпастаўленне адносін да нялюбага старога і мілага «роўніцы»). Для раёнаў цэнтр. Паазер’я найб. характэрны М.п., што спяваліся ў час гушкання на арэлях. Іх напевы спалучаюць у сабе інтанацыі веснавых гуканняў са свабодным рытмам «гушкальнага размаху». Тыповыя прыпевы — «гу-та-та», «гу-ля-лё» або «масленіца, масленіца». На Падняпроўі М.п. нярэдка маюць аднолькавыя тыпавыя напевы з веснавымі гуканнямі. У паўн. раёнах Віцебшчыны М.п., як і само святкаванне, набліжаюцца да рус. варыянтаў «праводзін зімы». Для зах. рэгіёна спецыфічныя М.п. з тыпалагічна акрэсленымі напевамі не ўласцівы і іх замяняюць умоўна прымеркаваныя да гэтага часу лірычныя і апавядальныя песні (т.зв. «запусныя»), якія не нясуць рытуальнай функцыі і выконваюцца ў «бяседзе» («у час гасцявання»).

Публ.: Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

Літ.:

Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Пашина О.А. Календарно-песенный цикл у восточных славян. М., 1998.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 10, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУКО́ЎСКІ (Мікалай Ягоравіч) (н. 12.9.1929, в. Калюціна Расонскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. драматург. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у Расонскім райкоме ЛКСМБ і раённай газеце. З 1952 у газ. «Звязда», на Бел. радыё, з 1964 гал. рэдактар рэпертуарна-рэд. калегіі Мін-ва культуры Беларусі, з 1966 уласны карэспандэнт, заг. Бел. аддзялення газ. «Известия». З 1993 у газ. «Рэспубліка», у 1995—98 кіраўнік літ. часткі Нац. т-ра імя Я.​Купалы. Друкуецца з 1950. Першая п’еса — камедыя-вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача, 1966). Шырокую вядомасць набылі яго сатыр. камедыі «Амністыя» (паст. т-рам імя Я.​Купалы, 1970; аднайм. кінафільм, 1982) і «Мудрамер» (паст. там жа, 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Дынамічнасцю і займальнасцю сюжэта, праўдзівасцю і глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары вызначаюцца драмы «Тры дні і тры ночы» (паст. 1967), «Апошняя інстанцыя» (паст. Дзярж. рускім драм. т-рам, 1974), «Наследны прынц» (паст. пад назвай «Наследнік», 1976), «Паядынак» (паст. т-рам імя Я.​Коласа, 1984), «Бездань» (паст. т-рам імя Я.​Купалы, 1992), камедыя-фарс «Калізей» (паст. Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі, 1992). У цэнтры п’ес востранадзённыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, пытанні выхавання моладзі, сямейных узаемаадносін. Аўтар камедыі «Зомбі, альбо «Мудрамер-два» (1998), п’ес «Сярэбраная табакерка» (паводле казкі З.​Бядулі, нап. 1998), «Беражыце эдэльвейсы» (паводле матываў «Альпійскай балады» В.​Быкава, нап. 1999), сцэнарыяў фільмаў: дакумент. «Мінск — горад-герой» (1974), «Імгненне перамогі» (1975), маст. «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980). Піша нарысы, эсэ, публіцыст. артыкулы (кн. «Чужая бяда», 1987).

Тв.:

П’есы. Мн., 1979;

Минск. М., 1982;

Мудрамер: Выбр. п’есы. Мн., 1989;

Апошняя інстанцыя. Мн., 1996.

С.​С.​Лаўшук.

М.Я.Матукоўскі.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ФІ́ЗІКА,

тэорыя матэм. мадэлей фіз. з’яў. Займае асаблівае становішча ў матэматыцы і фізіцы і знаходзіцца на іх стыку. Уключае матэм. метады, якія выкарыстоўваюцца для пабудовы матэм. мадэлей, што апісваюць вял. класы фіз. з’яў.

Метады М.ф. распрацоўваў І.Ньютан пры стварэнні асноў класічнай механікі, тэорыі прыцягнення, тэорыі святла. Далейшае іх развіццё звязана з працамі Ж.Л.Лагранжа, Л.Эйлера, П.С.Лапласа, Ж.Б.Ж.Фур’е, К.Ф.Гаўса, Г.Ф.Б.Рымана, М.В.Астраградскага, А.М.Ляпунова, У.А.Сцяклова і інш. Асн. задача М.ф. — вызначэнне пэўнай фіз. велічыні (ці сукупнасці велічынь) па вядомых умовах, у якіх знаходзіцца дадзены фіз. аб’ект. Для гэтага на падставе заканамернасцей, якім падпарадкоўваецца аб’ект, складаецца, напр., дыферэнцыяльнае ўраўненне (гл. Ураўненні матэматычнай фізікі), у якім шуканая велічыня залежыць ад часу і прасторавых каардынат. Ураўненне і зададзеныя дадатковыя ўмовы, якія вызначаюць карціну фіз. працэсу ў пэўны момант часу (пачатковыя ўмовы) і рэжым на мяжы асяроддзя, дзе працякае зададзены працэс (гранічныя ўмовы), ствараюць матэм. мадэль фіз. з’явы. Задачы М.ф. рашаюцца на аснове метадаў матэм. аналізу, тэорыі функцый камплекснага пераменнага, спец. функцый, інтэгральных пераўтварэнняў, лікавых метадаў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах М.ф. пачаты ў канцы 1950-х г. у АН Беларусі і праводзяцца ў Ін-це матэматыкі, Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» Нац. АН, БДУ і інш. Распрацаваны метады рашэння задач цеплаправоднасці ў слаістых асяроддзях, матэм. тэорыя дыфракцыі эл.-магн. хваль на складаных перашкодах, лазернай фізікі, нелінейнай оптыкі, газа- і гідрадынамікі, даследавана вырашальнасць задач хвалевай тэорыі мех. ўдару.

Літ.:

Тихонов А.Н., Самарский А.А. Уравнения математической физики. 4 изд М., 1972;

Иванов Е.А. Дифракция электромагнитных волн на двух телах. Мн., 1968;

Гайдук С.И. Математическое рассмотрение некоторых задач, связанных с теорией продольного удара по конечным стержням // Дифференц. уравнения. 1977. Т. 13, № 11.

С.​І.​Гайдук.

т. 10, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНШАВІКІ́,

прадстаўнікі паліт. плыні (фракцыі) у Рас. с.-д. рабочай партыі (РСДРП), з 1912 самаст. паліт. партыя (таксама наз. РСДРП). Паняцце «М.» ўзнікла на II з’ездзе РСДРП (1903), калі частка дэлегатаў засталася ў меншасці па пытаннях аб выбарах у кіруючыя органы партыі. Гал. лідэры-ідэолагі: Л.​Мартаў, П.​Б.​Аксельрод, А.​С.​Мартынаў (ураджэнец г. Пінск), Г.В.Пляханаў. Выступалі супраць строгага цэнтралізму ў рабоце партыі і надзялення ЦК вял. паўнамоцтвамі. Лічылі, што ў рэвалюцыю 1905—07 пралетарыят павінен дзейнічаць у саюзе з ліберальнай буржуазіяй супраць самадзяржаўя; адмаўлялі рэв. патэнцыял сялянства; аддавалі перавагу мірным метадам дзейнасці. У 1-ю сусв. вайну б.ч. М. стала на пазіцыі сацыял-патрыятызму. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 яны падтрымлівалі Часовы ўрад, у маі 1917 увайшлі ў яго і разам з ім падзялілі адказнасць за прамаруджванне з вырашэннем пытанняў аб міры, нац., агр., што прывяло да абвастрэння паліт. сітуацыі. У Беларусі і ў некаторых інш. месцах М. ў гэты перыяд разам з бальшавікамі ўваходзілі ў агульныя парт. арг-цыі (аб’яднанкі). Да восені 1917 яны разам з эсэрамі мелі большасць у Саветах. М. не прынялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917, бо лічылі, што Расія не выспела для сацыялізму. У грамадз. вайну ўдзельнічалі ў антыбальшавіцкіх урадах і ўзбр. выступленнях (у Беларусі сумесна з Бундам), аднак былі супраць інтэрвенцыі краін Антанты. 14.7.1918 ВЦВК выключыў М. са свайго складу і з мясц. Саветаў. У 1924 меншавізм як арганізаваная сіла спыніў існаванне на тэр. СССР. У сак. 1931 на сфальсіфікаваным суд. працэсе 14 чл. т.зв. меншавіцкага «Саюзнага Бюро РСДРП» былі абвінавачаны ў шпіянажы і шкодніцтве і асуджаны на розныя тэрміны пазбаўлення волі.

Літ.:

Меньшевики в 1917 г. Т. 1—3. Мн., 1995—96.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НШЫКАЎ (Аляксандр Данілавіч) (16.11.1673, Масква — 23.11.1729),

расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, фаварыт і паплечнік Пятра I. Граф (1704), святлейшы князь (1707), генералісімус (1727). З 1686 дзяншчык Пятра I. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96, Вялікага пасольства. У час Паўночнай вайны 1700—21 вызначыўся як военачальнік. З 1705 каманд. кавалерыяй рас. арміі ў Рэчы Паспалітай; кіраваў адыходам войск з Гродна ў Брэст (1706), атрымаў перамогу ў бітве каля г. Каліш (1706, Польшча), удзельнічаў у бітве пад Лясной 1708, Палтаўскай бітве 1709 і інш.; камендант крэпасці Нотэбург (1702, цяпер г. Петракрэпасць), губернатар Пецярбурга (1703), кіраваў буд-вам Пецярбурга і Кранштата, занятымі рас. войскамі прыбалтыйскімі землямі і Іжорскай зямлёй (1714). Кіраваў краінай у час ад’ездаў Пятра I. У 1718—24 і 1726—27 прэзідэнт Ваеннай калегіі. Пасля смерці Пятра I з дапамогай гвардыі ўзвёў на прастол Кацярыну I, фактычна кіраваў дзяржавай. Быў адным з найбагацейшых рас. памешчыкаў (валодаў 90 тыс. прыгонных, 6 гарадамі, маёнткамі ў Расіі, Украіне, Прусіі, Аўстрыі і інш. багаццямі. У Рэчы Паспалітай, напр., у 1709 дамогся ад польск. караля і вял. князя ВКЛ Аўгуста II перадачы яму ў трыманне Дзісенскага і Аршанскага старостваў, узяў у заклад у гетмана Р.​А.​Агінскага Язёрскае староства на Магілёўшчыне, якое паводле загаду Пятра I у 1710 вярнуў, у 1710 купіў мяст. Ула ў Полацкім ваяв., у 1711 узяў у заклад у Ю.​Сапегі Горы-Горацкае графства, у 1715 купіў мяст. Дуброўна, набыў інш. маёнткі ў Беларусі). Трапіў у няміласць пры Пятру II, пазбаўлены маёмасці і высланы з сям’ёй у крэпасць Бярозаў (цяпер Бярозава Цюменскай вобл.), дзе і памёр.

Літ.:

Павленко Н.И. А.​Д.​Меншиков. 3 изд. М., 1989.

А.Д.Меншыкаў.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК (франц. Systéme International d’Unitées; СІ),

сістэма адзінак фізічных велічынь, прынятая 11-й Генеральнай канферэнцыяй па мерах і вазе (1960). Створана для уніфікацыі вымярэнняў фіз. велічынь і замены вял. колькасці сістэм адзінак, што ўзніклі на аснове метрычнай сістэмы мер. Складаецца з 7 асн. адзінак: даўжыні — метр, масы — кілаграм, часу — секунда, сілы эл. току — ампер, тэрмадынамічнай т-ры — кельвін, сілы святла — кандэла, колькасці рэчыва — моль; 2 дадатковых: плоскага вугла — радыян, прасторавага вугла — стэрадыян.

Ахоплівае ўсе галіны навукі і тэхнікі, устанаўлівае пэўную сувязь у вымярэннях мех., цеплавых, эл. і інш. велічынь. Асн. і дадатковыя адзінкі сістэмы даюць магчымасць пры дапамозе вызначальных ураўненняў атрымаць неабходную колькасць кагерэнтных (без увядзення якіх-н. каэфіцыентаў прапарцыянальнасці) вытворных адзінак 18 вытворных адзінак маюць спец. найменні: бекерэль, ват, вебер, вольт, генры, герц, грэй, джоўль, зіверт, кулон, люкс, люмен, ньютан, ом, паскаль, сіменс, тэсла, фарад. Найменні інш. вытворных адзінак утвараюцца праз найменні асн., дадатковых і некаторых вытворных адзінак. Напр., адзінка шчыльнасці мае найменне кілаграм на кубічны метр, адзінка ўдзельнай цеплаёмістасці — джоўль на кілаграм∙кельвін. Пераважная колькасць асн. і вытворных адзінак СІ сваімі памерамі зручная для практыкі. Выкарыстанне дольных адзінак і кратных адзінак дае магчымасць падабраць патрэбныя памеры адзінак пры вымярэнні кожнай фіз. велічыні. Большасць краін свету прыняла М.с.а. для абавязковага ці пераважнага выкарыстання. У б. СССР (у т. л. у Беларусі) з 1.1.1980 было ўстаноўлена абавязковае выкарыстанне М.с.а. ва ўсіх галінах навукі, тэхнікі і нар. гаспадаркі, а таксама пры выкладанні фізіка-тэхн. дысцыплін.

Літ.:

Бурдун Г.Д. Справочник по международной системе единиц. 3 изд. М., 1980;

Болсун А.И., Вольштейн С.Л. Единицы физических величин в школе. Мн., 1983;

Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984.

А.​І.​Болсун.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІНСК»,

1) лідэр эскадраных мінаносцаў Балт. флоту, экіпаж якога вызначыўся ў Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—39 на Балт. з-дзе ў Ленінградзе; спушчаны на ваду ў 1935 у прысутнасці дэлегацыі з Мінска, якая ўзяла шэфства над караблём. Меў на ўзбраенні гарматы розных калібраў, зеніткі, кулямёты, тарпедныя апараты, бомбакідальнікі, міны; экіпаж 343 чал. Удзельнічаў у баях у сав.-фінл. вайну 1939—40, у абароне Таліна ў пач. Вял. Айч. вайны. 28—29.8.1941 пры прарыве караблёў Балт. флоту з Таліна ў Кранштат быў флагманскім караблём атрада прыкрыцця, адбіў некалькі атак герм. тарпедных катэраў, падарваўся на міне, але экіпаж ліквідаваў пашкоджанні і дайшоў да Кранштата. 23.9.1941 патоплены ням. авіяцыяй. У 1942 падняты і зноў уведзены ў строй. З 1959 быў вучэбным караблём.

2) Былы авіянясучы процілодачны крэйсер Ціхаакіянскага флоту, адзін з найбуйнейшых сав. баявых караблёў. Пабудаваны на верфі ў г. Мікалаеў (Украіна), уступіў у строй у 1978.

Меў на ўзбраенні 21 карабельны верталёт, 12 самалётаў-штурмавікоў з верт. узлётам і пасадкай, процікарабельныя і зенітныя ракеты, водазмяшчэнне каля 40 тыс. т, экіпаж каля 1 тыс. чал. (разам з лётным персаналам; значную ч. экіпажа складалі ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Мінска). З сак. 1989 у рамонце.

У 1993 карабель выключаны са складу флоту, потым з яго знята баявое і навігацыйнае абсталяванне, у 1999 ён прададзены Расіяй Кітаю. Былі аднатыпныя з «М.» крэйсеры «Кіеў» (на Паўн. флоце) і «Новарасійск» (на Чарнаморскім флоце). Іл. гл. пры арт. Крэйсер.

Літ.:

Розанов М. Лидер «Минск»: (Материалы к истории лидера «Минск» эскадры КБФ). Таллин, 1946;

Тыцких В. На крейсере «Минск»: Заметки из дальнего похода // Звезда. 1985. №5;

Полюхов А. Авианосный металлолом // Новое время. 1993. № 7.

Р.​К.​Паўловіч, У.​Я.​Калаткоў.

т. 10, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНО́СТВАЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел матэматыкі, у якім вывучаюцца агульныя ўласцівасці мностваў; з’яўляецца фундаментам шэрагу матэм. дысцыплін (напр., тэорыі функцый рэчаіснай пераменнай, агульнай тапалогіі, агульнай алгебры, функцыян. аналізу). Метады М.т. знаходзяць дастасаванні ў класічных галінах матэматыкі (напр., якаснай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, варыяцыйным злічэнні, тэорыі імавернасцей). Развіццё М.т. глыбока паўплывала на разуменне самога прадмета матэматыкі.

Заснавана Г.Кантарам, які ўвёў паняцці магутнасці мноства, даказаў незлічонасць мноства рэчаісных лікаў, сфармуляваў паняцце актуальна бясконцага (гл. Бесканечнае і канечнае, Бесканечнасць). Паняцце мноства належыць да першапачатковых матэм. паняццяў, яго можна тлумачыць толькі на прыкладах. Адно з асн. паняццяў М.т. — паняцце прыналежнасці элемента дадзенаму мноству. Мноства лічыцца зададзеным, калі зададзена характарыстычная ўласцівасць яго элементаў; а калі дадзенай уласцівасці не мае ні адзін з элементаў, то гавораць, што такая ўласцівасць вызначае пустое мноства. Напр., мноства рэчаісных каранёў ураўнення х​2 = -1 з’яўляецца пустым. Магчымасць колькаснай параўнальнай ацэнкі мностваў грунтуецца на паняцці ўзаемна адназначнай адпаведнасці (біекцыі) паміж 2 мноствамі: мноствы X і Y з’яўляюцца роўнамагутнымі (эквівалентнымі), калі паміж іх элементамі вызначана ўзаемна адназначная адпаведнасць. Бясконцыя мноствы, роўнамагутныя мноству ўсіх цэлых лікаў, наз. злічонымі (напр., мноства рацыянальных лікаў). Мноства ўсіх рэчаісных лікаў мае магутнасць (абагульненне паняцця ліку элементаў), большую за магутнасць злічонага мноства, і яго магутнасць наз. магутнасцю кантынуума. Значны ўклад у развіццё М.т. зрабілі рас. матэматыкі Дз.​Ф.​Ягораў, М.​М.​Лузін, П.​С.​Аляксандраў, А.​М.​Калмагораў, П.​С.​Новікаў, амер. матэматык П.​Дж.​Коэн.

Літ.:

Бурбаки Н. Теория множеств: Пер. с фр. М., 1965;

Коэн П.​Дж. Теория множеств и континуум-гипотеза: Пер. с англ. М., 1969;

Александров П.С. Введение в теорию множеств и общую топологию. М., 1977.

А.​А.​Гусак.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛЯ́ВІН (Уладзімір Георгіевіч) (н. 12.1.1941, г. Екацярынбург, Расія),

бел. артыст эстрады, кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1979). Засл. дз. культ. Польшчы (1980). Нар. арг. СССР (1990). Вучыўся ў Свярдлоўскім муз. вучылішчы (1956—58). З 1962 артыст Бел. філармоніі, з 1969 маст. кіраўнік Дзярж. бел. эстр. ансамбля «Песняры». У творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучаецца з глыбокім веданнем нар. песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак бел. нар. песень, якія вызначаюць стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку бел. нар. песеннасці і сучаснай эстр. музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «А ў полі вярба», «Каліна» і інш.). Сярод твораў: опера-прытча «Песня пра долю» (1972), вак. цыкл «Я не паэта...» (1981) і песенна-інстр. кампазіцыя «Песня — бясцэнны дар» (1982) на словы Я.​Купалы, муз. спектакль «На ўвесь голас» на словы У.​Маякоўскага (1988), песенна-інстр. кампазіцыі «Ванька-Устанька» на словы Я.​Еўтушэнкі (1975), «Праз усю вайну» на словы бел. і рас. паэтаў (1985), «Вянок Багдановічу» на вершы М.​Багдановіча (1991), вак. кампазіцыя «Крык птушкі» на словы Ю.​Рыбчынскага, песні, у т. л. «Александрына», «Завушніцы», «Чырвона ружа», «Ой, калядачкі»; «Балада пра чатырох заложнікаў»; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. Лаўрэат Усесаюзных конкурсаў артыстаў эстрады (1970), выканаўцаў сав. песні (1973, 1-я прэмія), міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» (1973, Лейпцыг), 2-га фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978). Гал. прыз фірмы «Мелодыя» «Залаты дыск» (1982).

Літ.:

Бржазоўскі А. Лідэр «Песняроў» у сямейным ансамблі // Работніца і сялянка. 1991. № 6;

Завадская Н. Вокально-инструментальный ансамбль «Песняры» // Певцы советской эстрады. М., 1992. Вып. 3.

Г.​М.​Загародні.

У.Г.Мулявін.

т. 11, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)