РАДЗІВІ́Л (Крыштоф) (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603),
ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.Радзівіла Рудога. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83, у т. л.Ульскай бітвы 1564. З 1567 ротмістр коннай роты, крайчы ВКЛ у 1567—69, падчашы ВКЛ у 1569—79, гетман польны ў 1572—89, ахоўваў паўн.-ўсх. мяжу дзяржавы. У час кампаніі 1580 узяў замак Усвят і нанёс паражэнне праціўніку каля Вялікіх Лук. У жн. — кастр. 1581 атрады Р. (4 тыс.чал.) разам з атрадамі Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс.чал.) зрабілі рэйд да вярхоўяў Волгі, занялі Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана IV падпісаць перамір’е. У 1579—84 кашталян трокскі, адначасова ў 1579—85 падканцлер ВКЛ, з 1584 ваявода віленскі. Пасля смерці Стафана Баторыя падтрымліваў план часткі магнатаў і шляхты ВКЛ абраць каралём рас. цара Фёдара Іванавіча і стварыць дзярж. унію Польшчы, ВКЛ і Расіі на чале з Вял. княствам Літоўскім. Быў прыхільнікам мірных узаемадачыненняў з Расіяй. З 1589 вял. гетман ВКЛ. На чале войск ВКЛ змагаўся супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У 1600 дамогся шлюбу Соф’і Алелькаўны (гл. ў арт.Святыя Беларусі) са сваім сынам Янушам, у выніку пасля смерці Соф’і (1612) Слуцкае княства і інш. ўладанні Алелькавічаў перайшлі да Радзівілаў. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 з 1600 Р. камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23.6.1601 нанёс паражэнне шведскаму войску пад Кокенгаўзенам (Кокнесе), у ліп. 1601 заняў Вендэн (Кесь). Як і бацька, Р. вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвінскія зборы. Пры яго двары было шмат вучоных, з ім былі звязаны дзеячы бел. культуры А.Рымша, Г.Пельгрымоўскі, С.Рысінскі, А.Волан. Меў адну з найбольшых латыфундый у ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Кёнігсбергскі летапіс,
помнік старажытнарускага летапісання, летапісны звод пач. 13 ст.; зместам блізкі да Лаўрэнцьеўскага летапісу. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» і летапісу за 1112—1206, прысвечанага пераважна гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Вядомы адзіны ілюстраваны спіс канца 15 ст., зроблены, напэўна, у Смаленску, у канцы яго змешчана «Хаджэнне Данііла ігумена...». У 16—1-й пал. 17 ст. рукапіс зберагаўся на Беларусі. Апошні ўладальнік Р.л. Багуслаў Радзівіл завяшчаў Кёнігсбергскай б-цы, куды рукапіс трапіў у 1671. З 1758 знаходзіцца ў Расіі. У летапісе шмат каштоўных звестак з гісторыі ўсх. славян эпохі ранняга сярэднявечча, якія за 9—11 ст. пададзены паводле летапісу Нестара, за 12 ст. — уладзімірскага летапіснага зводу пач. 13 ст.Пад 1128 змешчана аповесць пра Рагнеду Рагвалодаўну поўнай рэдакцыі, якая складзена, найб. верагодна, у Кіеве ў 2-й пал. 11 ст. паводле вуснага апавядання Яна Вышаты, прапраўнука Дабрыні (дзядзькі кн.Уладзіміра Святаславіча). Вялікую культ.-гіст. каштоўнасць маюць 617 каляровых мініяцюр, якія адлюстроўваюць розныя бакі жыцця (ваен. паходы і бітвы, паўстанні, нар. святы і абрады, паліт. дзейнасць князёў, розныя сцэны з выявамі помнікаў архітэктуры), матэрыяльную культуру (прадметы побыту, мэблю, адзенне, зброю і інш.) усх. славян, з’яўляюцца своеасаблівым маст. летапісам сярэднявечча. Шэраг мініяцюр звязаны з гісторыяй бел. зямель: «Рагнеда і Рагвалод», «Бітва на Нямізе», пра паланенне і вызваленне Усяслава Полацкага і інш. У некат. мініяцюрах адчуваецца ўплыў зах.-еўрап. традыцый. Рукапіс зберагаецца ў б-цы Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу.
Літ.:
Полное собрание русских летописей. Т. 38. Радзивилловская летопись. Л., 1989;
Радзивилловская летопись: Факс. воспр. рукописи: Текст. Исслед. Описание миниатюр. СПб.;
М., 1994.
В.А.Чамярыцкі.
Вольга і Святаслаў. Малітва Вольгі. Мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁГАЛАГРА́ФІЯ,
запіс, узнаўленне і пераўтварэнне хвалевага фронту эл.-магн. хваль радыёдыяпазону. Метады Р. маюць шмат агульнага з метадамі аптычнай галаграфіі.
Радыёгалаграфічны працэс складаецца з запісу радыёгалаграмы, што адлюстроўвае параметры хвалевага фронту эл.-магн. поля, і ўзнаўлення відарыса аб’екта, з удзелам якога атрымаўся радыёфронт. Для запісу выкарыстоўваюцца неперарыўныя асяроддзі (аналагічныя фотаматэрыялам у аптычнай галаграфіі) або зонды. Неперарыўнымі асяроддзямі служаць плёнкі рэчываў, аптычныя ўласцівасці якіх (празрыстасць, паказчык пераламлення, паварот плоскасці палярызацыі і інш.) залежаць ад т-ры і лакальна мяняюцца пад уздзеяннем цеплаты, якая вылучаецца пры паглынанні радыёхваль. Зондамі з’яўляюцца антэны або целы, якія рассейваюць эл.-магн. хвалі. Для ўзнаўлення відарыса аб’екта выкарыстоўваюць аптычныя, радыётэхн. або выліч. спосабы. Пры аптычным спосабе радыёгалаграма пераносіцца ў адпаведным маштабе на аптычнае асяроддзе (напр., фотаплёнку), потым асвятляецца апорнай хваляй. Для фарміравання апорнай хвалі ў Р. выкарыстоўваюцца 2 спосабы: звычайны (як і ў аптычнай галаграфіі, калі апорная хваля фізічна існуе ў прасторы адначасова з прадметнай) і спецыфічны для Р., калі ў прасторы ёсць толькі адна (прадметная) хваля, а апорная падаецца ў тракт радыёпрыёмніка ці зонда. Р. выкарыстоўваецца для даследавання аддаленых аб’ектаў, напр., планет і Зямлі з космасу (раздзяленне пры адлюстраванні паверхні на некалькі парадкаў вышэйшае, чым пры звычайных метадах радыёлакацыі), для атрымання відарысаў аб’ектаў, схаваных аптычна непразрыстымі асяроддзямі (напр., ва ўмовах густой воблачнасці), у антэннай тэхніцы (для мадэліравання антэн, вымярэння іх параметраў і інш.), для апрацоўкі радыёсігналаў (сцісканне радыёлакацыйных імпульсаў) і інш.
На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца ў БДУ і Гомельскім ун-це.
Літ.:
Сафронов Г.С., Сафронова А.П. Введение в радиоголографию. М., 1973;
Бахрах Л.Д., Курочкин А.П. Голография в микроволновой технике. М., 1979;
Методы измерений параметров излучающих систем в ближней зоне. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫКА́ЛЫ СВАБО́ДНЫЯ,
хімічныя часціцы, якія маюць няспараныя электроны на знешніх атамных ці малекулярных арбіталях. Наяўнасцю свабоднай валентнасці абумоўлены парамагнетызм і высокая хім. актыўнасць Р.с., якія лёгка ўступаюць у рэакцыі замяшчэння, далучэння, распаду, ізамерызацыі, рэкамбінацыі і дыспрапарцыянавання. Р.с. пашыраны ў прыродзе: утвараюцца ў жывых арганізмах і ўдзельнічаюць у працэсах дыхання і фотасінтэзу; знойдзены ў космасе.
Р.с. бываюць нейтральнымі (атамы, малекулы) ці зараджанымі часціцамі (іон-радыкалы), могуць мець 1, 2 (бірадыкалы) і больш (полірадыкалы) няспараных электронаў. Большасць Р.с. мае малы (долі секунды) час жыцця, іх называюць нестабільнымі. Гэта актыўныя прамежкавыя прадукты ў многіх хім. рэакцыях арган. рэчываў. Існуюць адносна ўстойлівыя, т.зв. стабільныя радыкалы, якія атрымліваюць у выглядзе індывід. рэчываў (напр., нітраксільныя радыкалы — устойлівыя ў паветры інтэнсіўна афарбаваныя крышт. рэчывы ці вадкасці). Першы стабільны Р.с. — трыфенілметыл (С6Н5)3С’ атрымаў (у растворы) амер. хімік М.Гомберг у 1900. Утвараюцца Р.с. з малекул пры тэрмічнай дысацыяцыі, акісляльна-аднаўляльных працэсах, апрамяненні некаторых рэчываў ультрафіялетавым святлом, пад уздзеяннем патоку часціц высокай энергіі, пранікальнага выпрамянення (радыёліз) і ультрагуку. Даследуюць Р.с. фіз. метадамі: ультрафіялетавая і інфрачырвоная спектраскапія, каларыметрыя, хемілюмінесцэнцыя, мас-спектраметрыя, спектраметрыя электроннага парамагнітнага рэзанансу. Для ідэнтыфікацыі выкарыстоўваюць таксама хім. метады (напр., метад Шварца, заснаваны на ўзаемадзеянні Р.с. з талуолам). Стабільныя Р.с. выкарыстоўваюць як інгібітары полімерызацыі і акіслення розных арган. матэрыялаў (гл.Антыаксіданты); як лічыльнікі для вызначэння скорасці ініцыіравання ланцуговых хім. рэакцый і біяхім. працэсаў, у дэфектаскапіі цвёрдых цел (напр., алмазаў), пры вырабе фотаматэрыялаў.
Літ.:
Бучаченко АЛ., Вассерман А.М. Стабильные радикалы. М., 1973;
Розанцев Э.Г., Шолле В.Д. Органическая химия свободных радикалов. М., 1979;
Нонхибел Д., Теддер Дж., Уолтон Дж. Радикалы: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУ́СКІ ЎСКРА́ІННЫ САЮ́З»,
«РУС», «Русский окраинный союз», арганізацыя, утвораная ў кастр. 1906 у Вільні ў выніку аб’яднання «Саюза рускага народа» і акцябрыстаў Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Актыўнымі яго дзеячамі былі чыноўнікі Г.Шмід, Д.Скрынчанка, П.Бывалькевіч, П.Каранкевіч, А.Уруцэвіч і інш.; друкаваныя органы — газ. «Окраины России», «Минское слово» і «Виленский вестник». Дзейнасць вялася пад лозунгам «Расія для рускіх, і рускія павінны кіраваць ёю». Ставіў задачу ліквідаваць эканам. панаванне і паліт. ўплыў у краі польскіх землеўладальнікаў і яўр. буржуазіі. Стаўка рабілася на падтрымку з боку бел.правасл. сялянства. Каб павесці яго за сабой, «РУС» патрабаваў ад урада прымусовага выкупу казною ў польскіх памешчыкаў «усіх маёнткаў, што перавышалі земскі цэнз, і перадачы іх рускім земляробчым правасл. элементам», да якіх адносіў і правасл. беларусаў. Таксама прапаноўваліся надзяленне малазямельных сялян на выгадных умовах за кошт часткі дзярж. зямель, паляпшэнне перасяленчай палітыкі. «РУС» адмаўляў існаванне бел. нацыі, а бел.нац. рух характарызаваў як «інтрыгу» польскіх паноў і касцёла, накіраваную супраць адзінства Рас. імперыі. Выступаў таксама супраць кадэтаў і трудавікоў, на якіх ускладаў гал. віну за распальванне падзей 1905—06. У час выбараў ў II Дзярж. думу (1906) ад Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. акцябрысцкі блок правёў 15 дэпутатаў з 36; пры выбарах у III Думу (1907) ад 5 зах. губерняў заваяваў 29 дэпутацкіх месц; пры выбарах у IV Думу (1912) — 27 мандатаў. У перыяд дзейнасці рас.дарэв. «парламента» гал. аб’ектам нападкаў з боку дэпутатаў «РУС» заставаліся польска-бел. памешчыкі (аўтанамісты), кадэты, каталіцкая царква, трудавікі, бел.нац. рух і газ. «Наша ніва». Напярэдадні 1-й сусв. вайны «РУС» практычна спыніў сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1941, пагадненне Сікорскага — Майскага,
падпісана 30 ліп. ў Лондане ў 2-ю сусв. вайну паслом СССР у Вялікабрытаніі І.М.Майскім і кіраўніком польскага ўрада ў эміграцыіген. У.Сікорскім. Спыніла польска-сав. канфлікт, які пачаўся пасля ўступлення 17.9.1939 Чырв. Арміі ва Усх. Польшчу (Зах. Беларусь і Зах. Украіну) у пач. 2-й сусв. вайны, калі Польшча абаранялася ад нападу фаш. Германіі. Урад Сікорскага з ліст. 1939 лічыў Польшчу ў стане вайны з СССР, да нападу Германіі на СССР (22.6.1941) афіц. польска-сав. кантакты адсутнічалі. Перагаворы пачаліся 5.7.1941 у Лондане пры пасрэдніцтве міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Э.Ідэна. Яны выявілі рознагалоссі бакоў адносна міждзярж. граніцы. Але пад націскам брыт. ўрада, зацікаўленага ў супрацоўніцтве з СССР у барацьбе з Германіяй, Сікорскі згадзіўся на кампрамісны тэкст пагаднення, не закранаючы ў ім пытання аб граніцы. Пагадненне складалася з 5 пунктаў: сав.-герм. дагаворы 1939, што датычыліся тэр. змен у Польшчы, прызнаваліся страціўшымі сілу; аднаўляліся двухбаковыя дыпламат. адносіны; прадугледжвалася ўзаемная дапамога ў вайне супраць Германіі; урад СССР даваў згоду на стварэнне на сваёй тэр. польскай арміі; прадугледжвалася неадкладнае, без ратыфікацыі, уступленне пагаднення ў сілу. 14.8.1941 у Маскве падпісаны спец. ваенны дагавор, які рэгуляваў пытанні стварэння польскай арміі. Да вясны 1942 у СССР сфарміравана польская Андэрса армія. С.-п.п. 1941 страціла сілу ў момант разрыву ўрадам СССР адносін з польскім урадам (25.4.1943) у адказ на патрабаванне апошняга высветліць абставіны Катыньскага расстрэлу 1940 (гл.Катынь).
Літ.:
Документы и материалы по истории советско-польских отношений. М., 1973. Т. 7. С 198, 201—202, 207—208, 217—218;
Układ Sikorski—Majski: Wybór dokumentów. Warszawa, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМО́ЙЛА (Уладзімір Іванавіч) (29.1.1878, Мінск — 1941),
бел. публіцыст, літ. крытык, філосаф. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). Удзельнічаў у бел.літ.-грамадскім руху ў Мінску, адзін з заснавальнікаў кніжнага т-ва «Мінчук» (1906). Пры садзейнічанні С. ў газ. «Северо-Западный край» (28.5.1905) надрукаваны на бел. мове верш Я.Купалы «Мужык» — першае выступленне паэта ў друку. У газ. «Минский курьер» (1908) актуалізаваў пытанні асветы нар. мас, неабходнасць бел. школы. Выступаў з арт. пра творчасць Г.Ібсена, А.Блока, Л.Андрэева. З 1918 жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіях, актыўна супрацоўнічаў у віленскай прэсе. У 1923—27 адзін з вядучых публіцыстаў зах.-бел.перыяд. друку вызв. кірунку. Выступаў па пытаннях грамадска-паліт. жыцця і вызв. руху: філас. эсэ «Гэтым пераможаш!» (1923), «Які «самаўрад» гатуе беларускаму народу Польская рэспубліка?» (1924), «Новы» і «найноўшы» курс польскай палітыкі ў беларускай справе» (1932) і інш. У рэцэнзіях і артыкулах пра зах.-бел. л-ру вітаў ідэйныя, маст., жанравыя пошукі пісьменнікаў, разглядаў здабыткі л-ры ў святле росту гіст. і паліт. свядомасці народа. Асн. публікацыі 1930-х г. (падпсеўд. Ул.Чэмер, Ул.С., С.) датычылі помнікаў стараж. л-ры, пытанняў гісторыі бел. мастацтва, музыкі. Для лепшых публікацый С. характэрны шырокі праблемны падыход да з’яў, глыбокая, дасведчаная трактоўка пытання, ярка выражаны публіцыст. стыль.
Тв.:
У кн.: Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;
У кн.: Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Літ.:
Александровіч С.Х. Уладзімір Самойла — даследчык паэзіі Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985;
Калинкович Н. Как дань глубокого уважения... // Нёман. 1979. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТЫЯ КАРАЛЕ́ЎСТВА ПО́ЛЬСКАГА І ЛІТВЫ́ (СДКПіЛ; Socjaldemokracja Krdlestwa Polskiego i Litwy),
сацыялістычная рабочая партыя ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве ў 1893—1918. Узнікла пад назвай Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (СДКП) у выніку аб’яднання Саюза польскіх рабочых і левых, інтэрнац. элементаў партыі «Пралетарыят» (2-і). У студз. 1900 на з’ездзе ў Мінску СДКП аб’ядналася з Рабочым саюзам Літвы ў адзіную СДКПіЛ. Стваральнікі і кіраўнікі: Б.Весалоўскі, Ф.Дзяржынскі, М.Каспшак, Р.Люксембург, Ю.Мархлеўскі, Я.Тышка, С.Трусевіч, Т.Уластоўскі і інш. Друкаваныя органы: газ. «Sprawa Robotnicza» «Рабочая справа», 1893—96), «Czerwony Sztandar» («Чырвоны сцяг», 1902—18) і інш.; час. «Przegląd Robotniczy» («Рабочы агляд», 1900—05), «Z pola walki» («З поля барацьбы», 1905). Асн. мэты — звяржэнне самадзяржаўя і заваяванне паліт. свабод, пабудова сацыялізму. У крас. 1906 уступіла ў РСДРП на правах аўт. арг-цыі. Адстойвала пазіцыі інтэрнацыяналізму ў рабочым руху. У рэвалюцыю 1905—07 адыгрывала кіруючую ролю ў студзеньска-лютаўскіх забастоўках 1905, Лодзінскім паўстанні 1905, падзеях Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905. У 1908 выступіла за захаванне і ўмацаванне нелегальных парт. арг-цый і максімальнае выкарыстанне магчымасцей для легальнай барацьбы. У 1916 СДКПіЛ пераадолела ўнутр. раскол (адбыўся ў 1911—12) на «зажандоўцаў» (прыхільнікаў Гал. праўлення) і «разломаўцаў», якія стварылі сваё Краявое праўленне і супрацоўнічалі з бальшавікамі. Падтрымала Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917. У 1917—18 групы СДКПіЛ дзейнічалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Маладзечна і інш. У снеж. 1918 разам з ППС-лявіцай утварыла Камуністычную партыю Польшчы.
Літ.:
Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг.Мн., 1973;
Cimek H. Komuniści a Polska (1918—1939). Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі. Размешчана на З краіны, мяжуе з Польшчай і Літвой. Утворана 20.9.1944. Пл. 25 тыс.км². Нас. 1215,6 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гродна. У вобласці 17 раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Шчучынскі (гл. адпаведныя арт.), 12 гарадоў, у т. л. 6 абл. падпарадкавання — Гродна, Ваўкавыск, Ліда, Навагрудак, Слонім, Смаргонь, 21 гар. пасёлак, 195 сельсаветаў, 4414 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (130—190 м). Цэнтральнае становішча займае Нёманская нізіна, выцягнутая ўздоўж Нёмана. Пры выхадзе Нёмана за межы рэспублікі знаходзіцца самы нізкі пункт краіны — 80 м над узр. мора. На Пн і ПнУ — Лідская раўніна (да 170 м) і Ашмянскае ўзвышша (да 320 м), на крайнім ПнУ — ч.Нарачана-Вілейскай нізіны. На Пд і У марэнныя згладжаныя ўзвышшы: Гродзенскае ўзвышша, Ваўкавыскае ўзвышша, Навагрудскае ўзвышша, на ім найвышэйшы пункт вобласці — Замкавая гара (323 м). Карысныя выкапні: жал. руды (Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых руд у Карэліцкім р-не і шэраг рудапраяўленняў уздоўж граніцы з Літвой у Гродзенскім р-не), торф (пераважна на Нёманскай нізіне), мел, цагельныя і чарапічныя гліны, цэментная сыравіна (гал. радовішчы ў Ваўкавыскім р-не), сілікатныя пяскі, вапняковая сыравіна, пясчана-гравійны матэрыял. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,6 °C у Карэліцкім і Навагрудскім р-нах да -5 °C на ПдЗ у Бераставіцкім і Свіслацкім р-нах, у ліп. 17—18,2 °C. Вегетац. перыяд 189—200 сут. Гадавая колькасць ападкаў 520—640 мм (у Навагрудку 706 мм), 71% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Амаль уся тэр. вобласці адносіцца да бас. Нёмана і яго прытокаў: Бярэзіны, Гаўі, Дзітвы, Лебяды, Котры (справа), Ушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосны (злева). На ПнУ — р. Вілія (з Ашмянкай). На ПнЗ пачынаецца р. Нараў — прыток Віслы. Вядомы Аўгустоўскі канал, які злучаў басейны Нёмана і Віслы. Найб. азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь (у межах Свіцязянскага ландшафтнага заказніка), Свір і Вішнеўскае (на мяжы з Мінскай вобл.). Глебы с.-г. угоддзяў значна завалунены і эрадзіраваны, часткова пераўвільготнены і забалочаны. Дзярнова-падзолістыя глебы складаюць 78,9% пл.с.-г. угоддзяў, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 17,5%. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя глебы — 56,9%, ёсць сугліністыя — 23,1%, пясчаныя і тарфяныя — па 10%. Асушаныя землі займаюць 18,5% с.-г. угоддзяў. Сярэдняя лясістасць 33%, ад 10 — 12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім р-нах да 50% у Свіслацкім. Лясы пераважна хваёвыя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чорнаальховых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, Белавежская (часткова). Балоты, пераважна нізінныя, займаюць 6,6% тэр. вобласці, б.ч. іх асушана. Пад лугамі 14,4%, 2/3 іх нізінныя. На тэр. вобласці частка нац. парку Белавежская пушча, 10 прыродных заказнікаў рэсп. значэння, 50 помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыеактыўнаму забруджванню падверглася 6,8% тэр. вобласці.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (65,1%), палякі (24,7%), жывуць таксама рускія (7,7%), украінцы (1,4%) і інш. Гарадскога нас. 61,4%. Сярэдняя шчыльн. 48,6 чал. На 1 км², сельскага нас. 18,9 чал. На 1 км², вагаецца ад 12,7 чал. на 1 км² у Свіслацкім да 22,8 чал. на 1 км² у Шчучынскім і Лідскім раёнах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гродна (301), Ліда (101), Слонім (53), Ваўкавыск (44), Смаргонь (38), Навагрудак (31). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1993 адмоўны). З 1994 адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва вобласці.
Гаспадарка. У гасп. комплексе пераважае прамысловасць, у якой занята 27,6% працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. За 1991—94 аб’ём прамысл. вытв-сці панізіўся на 33%, асабліва вял. спад адбыўся ў хім. (на 63%), буд. матэрыялаў (на 44%), лёгкай (на 42%) прам-сці. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў хім., машынабуд., дрэваапр., цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. галін. У 1994 у Гродзенскай вобласці было атрымана (у % да агульнарэсп. вытв-сці): азотных угнаенняў 100, сернай кіслаты 44,6, лакафарбавых матэрыялаў 71,7, бульбаўборачных машын 100, радыёэлектронных прылад 73, фанеры 24,4, паперы 28,3, кардону 21,2, драўняна-стружкавых пліт 26, цэменту 53, шыферу 65, вапны 61,6, баваўнянай пражы 32,3, шарсцяных тканін 22, тытунёвых вырабаў 100, піва 15,7. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў шматгаліновых цэнтрах: Гродне, Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні. У Гродне выпускаюцца азотныя ўгнаенні, капралактам, капронавае валакно, разнастайная машынабуд. прадукцыя, шарсцяныя тканіны, баваўняная пража і ніткі, швейныя вырабы, абутак, тытунёвыя вырабы і інш. У Лідзе размешчана вытв-сцьс.-г. Машын, аўтобусаў, лакаў і фарбаў, электратэхн. вырабаў, абутку, харч. канцэнтратаў, піва і інш. Слонім вядомы прадукцыяй камвольна-прадзільнай ф-кі і кардонна-папяровага з-да; Ваўкавыск — з-дам дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, малочна-кансервавым камбінатам дзіцячых прадуктаў, а таксама размешчаным паблізу (пас. Краснасельскі) аб’яднаннем «Ваўкавыскцэментнашыфер»; Навагрудак — з-дам газавай апаратуры, металаапр. аб’яднаннем, прадпрыемствамі лёгкай і харч. прам-сці; Смаргонь — машынабудаваннем, камбінатам сілікатабетонных вырабаў. Шырока вядома прадукцыя шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы Лідскага р-на. Самае буйное прадпрыемства дрэваапр. прам-сці ВА «Мастоўдрэў». Невял. і сярэднія прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, драўніны, па здабычы торфу, вытв-сці буд. матэрыялаў размеркаваны па раённых цэнтрах, гар. і рабочых пасёлках.
Сельская гаспадарка — высокаразвітая галіна, у ёй занята 22,8% працуючых. Па эфектыўнасці с.-г. вытв-сці Гродзенская вобласць займае вядучае месца сярод абласцей краіны. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, а таксама цукр. буракоў на З і лёну на У. У прыгарадных зонах значных гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,5% тэрыторыі, ворныя землі — 35,9% (1994). Пры ўдзельнай вазе вобласці ў агульных сельгасугоддзях і ворных землях каля 14% вобласць дае (1995) 17,2% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 17,5% бульбы, 15% ільновалакна, 39% цукр. буракоў, 16,2% мяса (у жывой вазе), 16% малака. На долю раслінаводства прыпадае (1994) 45%, жывёлагадоўлі — 55% прадукцыі сельскай гаспадаркі. Доля раслінаводства з 1990 павышаецца, жывёлагадоўлі — зніжаецца. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1), павялічваюцца плошчы падцукр. буракамі. Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — падцукр. буракамі і льном-даўгунцом.
На пач. 1995 у Гродзенскай вобласці 329 фермерскіх гаспадарак, якія мелі 4,3 тыс.га зямлі, у т. л. 3,3 тыс.га ворыва. Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 58,5% (1990) да 90% (1994), агародніны з 34,2% да 79,4%, пладоў і ягад да 95%. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіта свінагадоўля, у прыгарадных зонах значных гарадоў — птушкагадоўля. Пагалоўе жывёлы з 1991 зніжаецца (гл.табл. 2). Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак павялічылася па вытв-сці мяса з 16% (1990) да 26,9% (1994), малака з 32% да 41,4%, яец з 45,7% да 52,3%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 672 км. Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Мінск—Маладзечна—Смаргонь—Вільнюс, Вільнюс—Ліда—Баранавічы—Лунінец, Маладзечна—Ліда—Масты—Гродна, Вільнюс—Гродна—Беласток, Гродна—Ваўкавыск—Баранавічы, якія звязваюць вобласць з Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, з астатнімі абласцямі краіны. Чыг. вузлы: Гродна, Ліда, Масты, Ваўкавыск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,6 тыс.км. Асн. магістралі Мінск—Ашмяны—Вільнюс, Мінск—Ліда—Гродна, Баранавічы—Слонім—Ваўкавыск—Гродна, Вільнюс—Ліда—Слонім. Мясц. суднаходства па рэках Нёман і Шчара. Даўж. водных шляхоў 521 км. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванні газаправодаў Дашава—Мінск і «Ззянне Поўначы»: Івацэвічы—Слонім—Ліда—Вільнюс, Івацэвічы—Слонім—Гродна. У Гродне аэрапорт. Прыгранічнае становішча вобласці спрыяе развіццю яе эканам. сувязей з Польшчай, Літвой, Расіяй (Калінінградская вобл.) у рамках еўрарэгіёна «Нёман».
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
893
870,6
Збожжавыя і зернебабовыя
417,9
407,7
Тэхнічныя культуры
54,3
38,5
у тым ліку:
лён-даўгунец
27
12,6
цукровыя буракі
14,2
17,8
Бульба
92,7
107,3
Агародніна
3,9
10,9
Кармавыя культуры
324,2
306,2
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1990
1994
Буйная рагатая жывёла
977,1
787,1
у т.л. каровы
334,5
314,7
Свінні
905,5
731,3
Авечкі і козы
63,1
29,5
Птушка
7765,7
6794,7
Да арт.Гродзенская вобласць. Краявід у Навагрудскім раёне (уверсе). Машынная зала Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот».