МАНТА́НЬЯ (Montaña). Ла-Мантанья, вобласць усх. перадгор’яў Андаў у Перу, на У ад р. Укаялі, якая прымыкае да раўнін Амазоніі. Спадзістыя хрыбты т. зв. Субандыйскіх Кардыльераў (выш. 400—600 м) падзелены шырокімі раўніннымі паніжэннямі. Ападкаў больш як 3000 мм за год. Густыя вільготныя экватарыяльныя лясы. Радовішча нафты.

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЯРЫ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Свіслач, за 18 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка. Пл. 0,58 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 900 м. Схілы катлавіны на Пн пад лесам і хмызняком. У разводдзе сцёк з возера ў р. Свіслач.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ГА... (ад грэч. megas вялікі), 1) першая састаўная частка складаных слоў, што паказвае на вял. памер чаго-небудзь (напр., мегаспора, мегаліты).

2) Дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​6 зыходным адзінкам. Пазначаецца М. Напр., 1 МВт = 10​6 Вт, 1 МэВ = 10​6 эВ.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНАТЭРАПІ́Я (ад механа... + тэрапія),

метад лячэння хворых лакалізаванымі і дазаванымі фіз. практыкаваннямі на спец. апаратах; састаўная частка лячэбнай фізічнай культуры. Распрацавана швед. урачом Г.​Цандэрам (1857). Выкарыстоўваецца пры недастатковай рухомасці суставаў, рэабілітацыі пасля пераломаў і інш. З дапамогай апаратаў можна павялічваць ці змяншаць нагрузкі на суставы.

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСПО́РА (ад мікра... + грэч. spora, семя, пасеў),

дробная спора разнаспоравых папарацепадобных, дзеразападобных і насенных раслін. Утвараецца ў мікраспарангіях шляхам меёза, мае гаплоідны набор храмасом. У папарацей і дзеразы з М. прарастае моцна рэдукаваны мужчынскі гаметафіт (зарастак) з палавымі органамі — антэрыдыямі. У насенных раслін М. адпавядае пылковае зерне.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСК,

малая планета № 3012. Сярэдні дыяметр 20 км, сярэдняя адлегласць ад Сонца 482,3 млн. км, перыяд абарачэння 5,8 гада. Адкрыта ў 1979 у Крымскай астрафіз. абсерваторыі. Названа ў гонар горада-героя Мінска.

Літ.:

Коротцев О., Дахие М. Созвездие памяти: Косм. мемориал героев Вел. Отеч. войны. СПб., 1995.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАЦЫ́ДЫЙ (ад грэч. meirakidion хлопчык),

першая лічынкавая стадыя трэматодаў. Даўж. да 0,3 мм. Цела ўкрыта раснічкамі. Выходзіць з яйца ў вадзе, некат. час плавае, потым пранікае ў цела прамежкавага гаспадара (звычайна малюска) і ператвараецца ў спарацысту (першае паразітычнае партэнагенетычнае пакаленне). У монагенетычных смактуноў падобная лічынка — онкамірацыдый.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯПА́ТЫЯ (ад мія... + грэч. pathos пакута, хвароба),

група спадчынных хвароб мышцаў, праявамі якіх з’яўляюцца атрафія, мышачная слабасць, зніжэнне мышачнага тонусу, сухажыльных рэфлексаў (да адсутнасці). У аснове развіцця — парушэнне абмену ў мышачных клетках, змены сінтэзу нуклеінавых к-т і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае, лячэбная фіз. культура, масаж, фізіятэрапія.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАГРА́ННЫ ВУ́ГАЛ,

частка прасторы, абмежаваная трыма ці больш плоскасцямі, якія парамі перасякаюцца і маюць адзін агульны пункт. Агульны пункт наз. вяршыняй, лініі перасячэння плоскасцей — рэбрамі, самі плоскасці — гранямі. М.в., які размешчаны з аднаго боку ад плоскасці кожнай сваёй грані, наз. выпуклым. Гл. таксама Цялесны вугал.

Мнагагранны вугал.

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОН-СЕНІ́ (франц. Mont Cenis, італьян. Monte Cenisio),

перавал паміж Коцкімі і Грайскімі Альпамі ў Францыі, недалёка ад мяжы з Італіяй. Выш. 2083 м. Злучае басейны рэк Ізер і Дора-Рыпарыя. Па М.-С. праходзіць шаша Грэнобль — Турын. На ПдЗ, пад перавалам Фрэжус, — чыг. тунэль М.-С.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)