ДАБРАМЫ́СЛІ,

вёска ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., на р. Чарніца. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПдЗ ад г.п. і чыг. ст. Лёзна, 55 км ад Віцебска. 1236 ж., 466 двароў (1997).

У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1749. З 1772 цэнтр воласці ў Аршанскім пав. Магілёўскай губ. З пач. 1830-х г. мястэчка. У 1860 у Дабрамыслях 350 ж., у 1910 — 646 ж., 215 двароў, нар. вучылішча, царква, яўр. малітоўны дом, 5 хлебных крам, млын. З 1924 цэнтр сельсавета ў Лёзненскім р-не. У 1971 у Д. 425 ж., 146 дамоў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)