машына для пракладкі і рамонту асушальных і арашальных каналаў, канаў, траншэй, кюветаў і інш. Бываюць з актыўнымі (ротар, фрэза), пасіўнымі (плуг, адвал) і камбінаванымі рабочымі органамі. Пашыраны К. з капіруючай фрэзай, двухфрэзерныя, шнэкаротарныя, адвальна-ротарныя, плужныя.
Складаюцца з базавай машыны (трактар, самаходнае шасі) і рабочых органаў, якія навешваюцца ззаду або збоку К. з капіруючай фрэзай і двухфрэзерныя з гусенічнымі рухачамі высокай праходнасці выкарыстоўваюць на пераўвільготненых тарфяніках, двухротарныя і шнэкаротарныя — на мінер. грунтах з высокай нясучай здольнасцю. Адвальна-ротарныя і плужныя — універсальнага выкарыстання, імі ў асн. пракладваюць каналы невял. глыбіні. К. з актыўнымі (ратацыйнымі) рабочымі органамі ствараюць папярочны профіль канала з роўнымі адхонамі Фрэзерныя пракладваюць каналы глыб. 0,5—2 м у балотна-тарфяных грунтах, ротарныя — глыб. да 2 м у шчыльных грунтах, плужныя — глыб. 0,4—1,2 м. К. з камбінаванымі рабочымі органамі пракладваюць за адзін праход канал глыб. да 3 м, планіруюць дно і адхоны. На Беларусі некаторыя тыпы К. створаны ў СКБ «Меліярмаш», Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, на Мазырскім з-дзе меліярац. машын.
І.І.Леановіч.
Схемы каналакапальнікаў: а — двухфрэзернага (1 — трактар, 2 — зачышчальнае прыстасаванне з планіруючым адвалам, 3 — фрэза); б — прычапнога плужнага (1 — трактар, 2 — цягавая рама, 3 — плуг з адваламі і бермаачышчальнікамі, 4 — апорнае кола, 5 — хадавое кола); е — шнэкаротарнага (1 — шнэк, 2 — ротар, 3 — канвеер).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЗІСЫ ЎЗРО́СТАВЫЯ,
асобыя, адносна непрацяглыя па часе перыяды ў жыцці чалавека, якія характарызуюцца рэзкімі псіхал. зменамі. Узнікаюць пры пераходзе чалавека ад адной узроставай ступені да другой і звязаны з якаснымі пераўтварэннямі ў сферы яго сац. адносін, дзейнасці і свядомасці. У дзіцячым узросце вучоныя вылучаюць крызісы: нованароджанасці, першага года жыцця, 3 гадоў, 6—7 гадоў, падлеткавы (11—12 гадоў) і юнацкі (15—16 гадоў). К.ў. абумоўлены супярэчнасцю паміж хуткім ростам фіз. і разумовых магчымасцей дзіцяці і раней сфарміраванымі відамі дзейнасці, стэрэатыпамі яго свядомасці і паводзін, формамі ўзаемаадносін з іншымі людзьмі, прыёмамі пед. ўздзеяння. Дзіцячыя К.ў. часта суправаджаюцца негатывізмам, павышанай канфліктнасцю, упартасцю, агрэсіўнасцю, аслабленнем цікавасці да вучобы і г.д.Некаторыя даследчыкі лічаць К.у. заканамерным працэсам, які абумоўлены логікай асабістага развіцця і неабходнасцю вырашэння асн. узроставых супярэчнасцей (З.Фрэйд, Э.Эрыксон, Л.Выгоцкі, Л.Бажовіч, Д.Эльконін), іншыя бачаць у К.ў. праяўленне дэвіянтных паводзін (С.Рубінштэйн, А.Запарожац). У параўнанні з дзіцячымі К.ў. паваротныя пункты ў жыцці дарослых узнікаюць значна радзей і звычайна вызначаюцца больш спакойным, прыхаваным характарам. Асобныя даследчыкі вылучаюць крызіс 40 гадоў, хаця наяўнасць яго эксперыментальна не даказана.
Літ.:
Выготский Л.С. Избранные психологические исследования. М., 1956;
Обухова Л Ф. Детская (возрастная) психология. М., 1996;
Эльконин Б.Д. Введение в психологию развития. М., 1994;
Эриксон Э. Идентичность: юность и кризис: Пер. с англ.М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ТЫКА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ, крытыцызм,
кірунак у філасофіі і сацыялогіі, прадстаўнікі якога гал. задачай лічаць крытычны аналіз грамадскіх адносін. Некаторыя ідэі К.с. разглядаліся ў рамках эмпірыякрытыцызму (Э.Мах, Р.Авенарыус), крытычнага рэалізму (М.Мандэльбаўм, А.Венцль, К.Котэн), франкфурцкай школы (Т.Адорна, М.Хоркхаймер, Г.Маркузе, Дж.Уоткінс, І.Лакатас, Дж.Агасі, Г.Альберт) і блізкай да яго канцэпцыі П.Феерабенда. Паступова сфарміраваўся адносна самаст. кірунак крытыцызму (Ч.Мілс, Д.Рысмэн, Э.Фром, А.Гоўлднер і інш.).
Як філас. кірунак К.с. ўзнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў ходзе крытыкі неапазітывізму і сфарміравалася ў выніку дыскусій з прадстаўнікамі гіст. кірунку ў філасофіі навукі (М.Полані, Т.Кун, С.Тулмін). Гал.тэарэт. функцыя яе — мэтанакіраваная крытыка асн. тэорый грамадства, перш за ўсё «акадэмічнай» сацыялогіі і сац. інжынерыі, а таксама спроб стварэння сац. навукі («рэфлексіўнай сацыялогіі», «сацыялогіі сацыялогіі» і інш.), у якой сацыёлагу адводзіцца паліт. і сацыяльна актыўная роля, роля суб’екта, які мэтанакіравана ўплывае на развіццё грамадскіх працэсаў. К.с. асаблівае значэнне надае праблемам асобы, адмоўнаму ўплыву на фарміраванне і развіццё розных сац. працэсаў і з’яў (адчужэнне вытворцы ад сродкаў вытв-сці, дэгуманізацыя працы, наркаманія і прастытуцыя, беднасць, сац. няроўнасць, бюракратызацыя сац. ін-таў і г.д.), якія прыводзяць да негатыўных наступстваў. У галіне метадалогіі крытыцызм упэўнены, што не існуе метадаў, якія забяспечваюць строга лагічны прырост навук. ведаў і што неабходна з дапамогай фармальна-лагічных спосабаў выключаць з ужытку ненавук. тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́СТВА,
манархічная дзяржава або асобнае паліт. ўтварэнне на чале з князем; феад. ўладанне князя. Вядомы ў многіх народаў. У Стараж. Русі К. ўзніклі ў 9 — пач. 10 ст. з плем. княжанняў, уладу над якімі захапіла дынастыя Рурыкавічаў. Называліся звычайна па гал горадзе. Буйныя К. падзяляліся на меншыя — удзельныя княствы. Буйнейшыя К. называліся вялікімі К. (Уладзіміра-Суздальскае ў 12—13 ст., Маскоўскае і Цвярское ў 14—15 ст. і інш.). На тэр. Беларусі з 10—11 ст. існавалі Полацкае, Тураўскае, з 12—13 ст. Берасцейскае, Ваўкавыскае, Віцебскае, Гальшанскае, Гарадзенскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Капыльскае, Клецкае, Кобрынскае, Крэўскае, Лагожскае, Лукомскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Свіслацкае, Слуцкае К.; асобныя часткі бел. зямель уваходзілі ў склад Галіцка-Валынскага, Кіеўскага, Чарнігаўскага і Смаленскага К. (гл. адпаведныя артыкулы). У 14—16 ст.бел., укр. і рус. княствы аб’яднаны пад уладай Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Маскоўскага вялікага княства. У ВКЛ былыя К. да 1-й пал. 16 ст. пераўтвораны ў намесніцтвы, ваяводствы, паветы, афіцыйна скасаваны паводле адм. рэформы 1565—66, але назва «княства» ў 17—18 ст. ужывалася ў адносінах да тэр. Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага і Слуцкага К. У Расіі апошняе ўдзельнае К. (Касімаўскае царства) скасавана ў 1681. К. існавалі і ў інш. краінах (напр., у Германіі да 1871, у Індыі да 1950). Некаторыя К. захаваліся да нашага часу — Ліхтэнштэйн, Манака, арабскія К. (эміраты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОК ((Locke) Джон) (29.8.1632, Рынгтан, Вялікабрытанія — 28.10.1704),
англійскі філосаф і паліт. мысліцель, заснавальнік лібералізму, асацыятыўнай псіхалогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1668). Скончыў Оксфардскі каледж. У 1667—69 жыў у Францыі і Галандыі. У цэнтры філасофіі Л. — тэорыя пазнання, заснаваная на адмаўленні існавання прыроджаных ідэй і прынцыпаў. Паводле Л., усе чалавечыя веды зыходзяць з вопыту; вопыт складаецца з простых ідэй — пачуццёвых уражанняў і назіранняў, якому розум падпарадкоўвае сваю дзейнасць («Вопыт пра чалавечы розум», 1690). Развіў вучэнне пра першасныя і другасныя якасці і тэорыю ўтварэння агульных ідэй (абстракцый). Яго сац.-паліт. канцэпцыя абапіраецца на звычаёвае права і тэорыю грамадскага дагавору («Два трактаты пра кіраванне», 1690). Распрацоўваў праблемы фарміравання грамадзянскай супольнасці і ўзнікнення дзяржавы, тэорыі раздзялення ўлад, як гал. элемента прававой дзяржавы. Абгрунтаваў палажэнне аб прыватнай уласнасці як неад’емным атрыбуце чалавека, узаемасувязі прыватнай уласнасці з працай чалавека і яго дабрабытам. У педагогіцы зыходзіў з вырашальнага ўплыву асяроддзя на выхаванне («Некаторыя думкі аб педагогіцы», 1693). Яго творы ў 18—19 ст. паўплывалі на развіццё тэорыі натуральнага права, канцэпцый грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы ў Беларусі, Літве і Польшчы (Б.Дабшэвіч, А.Доўгірд, К.Нарбут, А.Скарульскі, Я.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш.).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. филос. произв. Т. 1—2. М., 1960.
Літ.:
Нарский И.С. Философия Джона Локка. М. 1960;
Соколов В.В. Европейская философия XV—XVII вв. М., 1984. С. 402—427.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБІХЕВІЯРЫ́ЗМ (ад неа... + біхевіярызм),
адзін з кірункаў у заходняй, пераважна амер. паводзінскай псіхалогіі. Узнік у 1930-я г. (К.Хал, Э.Толмен). У адрозненне ад ранняга біхевіярызму (даследаваў рэакцыі арганізма на знешнія ўздзеянні без аналізу ўнутр. рэгулюючых механізмаў паводзін) Н. дапоўніў формулу «стымул-рэакцыя» прамежкавым звяном «прамежкавыя пераменныя» — унутрыпсіхічныя кампаненты паводзін, якія праламляліся пад знешнім уздзеяннем. Да іх адносяцца веды, намеры, надзеі, звычкі, патэнцыялы ўзбуджэння і тармажэння. Гэта была спроба зблізіць біхевіярызм з гештальтпсіхалогіяй і фрэйдызмам, растлумачыць цэласнасць і мэтазгоднасць паводзін яго рэгуляваннем інфармацыяй пра навакольнае асяроддзе і залежнасцю ад патрэб арганізма. Аднак асн. біхевіярысцкая ўстаноўка на біялагізацыю чалавечай псіхікі захавалася. Не ўлічваліся сац. патрэбнасці і інтарэсы, звязаныя з імі погляды, перакананні, ідэалы і імкненні. Сац. прыроду псіхікі чалавека прымяншаў і т.зв. сацыяльны Н. (Б.Скінер і інш.), які разглядаў грамадства і яго культуру як некаторыя наборы знешніх стымулаў і ўнутр. рэгулятараў, арыентаваных на задавальненне і выжыванне. Гал. асаблівасць усіх варыянтаў сучаснага біхевіярысцкага падыходу — прызнанне таго, што асн. ініцыятарам і рэгулятарам паводзін з’яўляецца знешняе ў адносінах да яго падмацаванне; роля ўнутр. матывацый прымяншаецца.
Літ.:
Ярошевский М.Г. Психология в XX столетии. 2 изд. М., 1974;
Толмен Э. Поведение как молярный феномен: Пер. с англ. // Хрестоматия по истории психологии. М., 1980;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;
Чирков В.И. Самодетерминация и внутренняя мотивация поведения человека // Вопр. психологии. 1996. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАФАШЫ́ЗМ,
ідэалогія і дзейнасць паліт. рухаў і партый, якія пасля 2-й сусв. вайны выступаюць з пазіцыі мадэрнізаванага фашызму, рэакцыя крайніх паліт. плыней на актыўнае ўключэнне народаў у сац.-паліт. працэсы, на паскарэнне навук.-тэхн. рэвалюцыі з мэтай падпарадкавання гэтых працэсаў і выкарыстання энергіі нар. мас для дасягнення (або ўтрымання) паліт. улады ў асобнай дзяржаве. Не адмаўляецца і ідэя сусв. панавання. Выяўляецца ў паліт. жыцці асобных краін і ў міжнар. маштабе. У сац.-паліт. плане Н. выконвае функцыю запаснога, рэзервовага варыянта ўтрымання дзярж. ўлады, якая ў крытычнай сітуацыі (унутрыпаліт. або знешнепаліт. крызіс) можа страціць апору ў грамадстве. Таму неафаш. групоўкі, аб’яднанні, партыі дзейнічаюць у многіх дэмакр. краінах Еўропы і Амерыкі, дзе карыстаюцца падтрымкай фін. капіталу, прамысл. буржуазіі і буйных землеўладальнікаў. Н. ў форме яўных і тайных «цэнтраў» і «інтэрнацыяналаў» функцыянуе таксама па-за нац. межамі. Ідэалогія Н. будуецца на сац. дэмагогіі і эклектыцы: сцвярджэнні аб вернасці канстытуцыі, парламенцкім ін-там, дэмакр. правам у ёй пераплятаюцца з нацыяналіст. ідэямі і элементамі расавай тэорыі (варожасць да «каляровых» імігрантаў, выхадцаў з азіяцкіх і слав. краін, спасылкі на цывілізацыйна-культ. еўропа- ці амерыканацэнтрызм і г.д.). Асаблівасць Н. — імкненне перахапіць і выкарыстаць у сваіх інтарэсах некаторыя папулярныя лозунгі дэмакр. ідэйна-паліт. плыней (барацьба з карупцыяй, злачыннасцю, беспрацоўем, спекуляцыяй, амаральнасцю). У сваёй практычнай дзейнасці неафашысты маюць прыхільнасць да выкарыстання тэрору для дасягнення паліт. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МОГИЛЁВСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета; орган Магілёўскага губ. праўлення. Выдаваліся ў 1838—1917 у Магілёве на рус. мове. Складаліся з 2 частак: афіц. (з 2.7.1838; мела агульны і мясц. аддзелы) і неафіц. (з 14.7.1893; у 1904—05 выходзіла як самаст. грамадская і літ. газета). У 1838—49 выходзіла нерэгулярна, у 1849—58, 1864—69, 1905, 1914—17 — штотыднёва, у 1859—63, 1870—1903, 1906—12—2 разы на тыдзень, у 1904—3 разы на тыдзень. У 1897—1903 неафіц. частку рэдагаваў Е.Раманаў. У афіц. частцы публікаваліся пастановы, указы ўрада, губ. адміністрацыі, аб’явы, у неафіц. — краязнаўчыя матэрыялы па археалогіі і гісторыі, статыстыцы, адукацыі, этнаграфіі, фальклоры, мовазнаўстве, сац.-эканам. пытаннях, літ. і літ.-знаўчыя творы, асвятляла культ. жыццё Магілёва і губерні. Сярод публікацый: «Этнаграфічны нарыс» (1839), «Гісторыя Магілёўскага герба» (1842), «Гістарычны агляд Магілёўскай губерні» С.Сакалова (1848), «Орша (1250—1683 гг.)» З.Даўгялы (1898), «Да пытання аб этнаграфічнай карце беларускага племені» Я.Карскага (1902) і інш. Асобныя матэрыялы надрукаваны з захаваннем асаблівасцей бел. мовы, у т. л. «Магілёўскія прыкметы», «Загадкі», «Дзяды» (1849), «Каляды ў Сенненскім павеце» (1852), «Беларускія тэксты вярцепнага дзейства» Раманава (1898) і інш.Некаторыя матэрыялы газеты друкаваліся ў Магілёўскай губернскай друкарні. Усяго выйшла 25 кніг і брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля (1861) як дадатак (замест неафіц. часткі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫФІКА́ТАРЫ (ад грэч. plastos вылеплены + лац. facere рабіць),
1) рэчывы, што павышаюць пластычнасць і (ці) эластычнасць палімераў і матэрыялаў на іх аснове пры перапрацоўцы і эксплуатацыі. Аблягчаюць размеркаванне сыпучых інгрэдыентаў у палімернай матрыцы, зніжаюць т-ру перапрацоўкі палімерных матэрыялаў, некаторыя надаюць ім негаручасць, тэрма-, мароза-, святлоўстойлівасць і інш.спец. ўласцівасці. П., якія аблягчаюць перапрацоўку (зніжаюць т-ру цякучасці гумавых сумесей), але не паляпшаюць марозаўстойлівасць вулканізату, наз.змякчальнікамі. Працэс увядзення П. у палімер наз.пластыфікацыяй. Найб. шырока П. выкарыстоўваюць пры перапрацоўцы пластмас (каля 70% ад агульнага аб’ёму пры перапрацоўцы полівінілхларыду) і эластамераў, вырабе лакафарбавых матэрыялаў.
Асн. агульныя патрабаванні да П. — сумяшчальнасць з палімерам пры ўвядзенні значнай (да 50% па масе) колькасці П., нізкая лятучасць, адсутнасць паху і колеру, хім. інертнасць, устойлівасць да вымывання ў вадкім асяроддзі. Найб. пашыраныя П. — складаныя эфіры араматычных і аліфатычных кіслот (напр., дыбутылфталат), фосфарнай к-ты, нізкамалекулярныя поліэфіры, эпаксідаваныя алеі, змякчальнікі — нафтавае масла, парафіны, каніфоль, прадукты ўзаемадзеяння алеяў з серай (факсіты), нафтавыя бітумы (рубраксы), кумарона-індэнавыя смолы.
2) Паверхнева-актыўныя рэчывы, што дадаюць у буд. растворы і бетонныя сумесі (0,15—0,3% ад масы вяжучага матэрыялу) для надання ім пластычнасці (аблягчэння ўкладкі ў форму) і зніжэння водазмяшчэння. Найб. шырока выкарыстоўваецца сульфітна-спіртавая брага (таварная форма лігнасульфанатаў — солей лігнасульфонавых кіслот), якая паскарае працэс цвярдзення і павышае трываласць бетону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБЕ́ЛЬ ВАЕ́ННЫ,
баявы або спец. прызначэння карабель, які ўваходзіць у склад ваенна-марскога флоту. Мае ўзбраенне, інш.тэхн. сродкі для рашэння баявых і забяспечвальных задач, ваен. экіпаж і нясе ваенна-марскі флаг.
Першыя К.в. з’явіліся ў стараж. Егіпце, Фінікіі, Грэцыі, Рыме: яны былі драўляныя, рухаліся з дапамогай вёслаў. У 5 ст. да н.э. пачалі будаваць К.в. з некалькімі радамі вёслаў (напр., з трыма — трырэмы). Зброяй на іх былі тараны, кідальныя машыны, экіпаж да некалькіх соцень чалавек. У 7 ст. ў Венецыі створана галера, якая акрамя вёслаў мела ветразі. У 16—17 ст. набыў пашырэнне галеас. Пераход ад грабнога да ветразевага флоту адбываўся да 17—18 ст., гал. зброяй К.в. стала артылерыя. У 17 ст. К.в. пачалі дзяліць на 6 разрадаў (рангаў); караблі 1—3-га рангаў прызначаліся для вядзення артыл. бою і наз.лінейнымі караблямі (лінкоры), 4—5-га рангаў — для вядзення разведкі (фрэгаты), 6-га рангу — пасыльныя. З 2-й пал. 18 ст. для дзеянняў у прыбярэжных водах і на мелкаводдзі сталі выкарыстоўвацца кананерскія лодкі. На працягу стагоддзяў у ваен. мэтах выкарыстоўваліся таксама брандэры, брыгі, брыганціны, карветы, кліперы, шхуны і інш. У 1807 пабудаваны першы параход (Р.Фултан, ЗША); пачаўся пераход ад ветразевых суднаў да паравых — напачатку колавых, а з вынаходствам у 1840-я г.грабнога вінта — да грабных з парасілавымі ўстаноўкамі. У 19 ст. з’явіліся мінная зброя (міны), тарпеды, а з канца 19 ст.асн. ударнай сілай флоту сталі браняносцы. Для іх баявога забеспячэння створаны крэйсеры і мінаносцы. У канцы 19 — пач. 20 ст. сталі будаваць мінныя загараджальнікі, падводныя лодкі, эскадраныя мінаносцы (эсмінцы), дрэдноўты. З 1910-х г. распачата буд-ватральшчыкаў. У 1-ю сусв. вайну з’явіліся авіяносцы, вартавыя караблі, тарпедныя катэры. У 2-ю сусв. вайну лінкоры страцілі ранейшае значэнне і разам з крэйсерамі сталі сіламі забеспячэння авіяносцаў. Вырасла роля падводных лодак, пашырыліся процілодачныя караблі. З 1950—70-х г. К.в. аснашчаюць ядзернымі сілавымі ўстаноўкамі, ракетна-ядзернай зброяй, найноўшымі радыёэлектроннымі сістэмамі, сродкамі навігацыі і сувязі; будуюцца судны на паветранай падушцы і судны на падводных крылах. На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. ў складзе рачных ваен. флатылій (Дняпроўскай, Заходнядзвінскай, Прыпяцкай, польскай і сав. Пінскіх) былі вартавыя караблі, кананерскія лодкі, маніторы, мінныя загараджальнікі, тральшчыкі, бранякатэры, катэры-тральшчыкі і інш.
Сучасныя К.в. падзяляюцца на надводныя і падводныя, на атамныя і са звычайнай энергет. устаноўкай. Аснашчаюць іх ракетнай, тарпеднай, артыл., бомбакідальнай, процілодачнай, мінна-тральнай зброяй, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. На караблях устанаўліваецца звычайна некалькі відаў зброі: галоўны — для рашэння асн. задач і дапаможныя — для выканання дадатковых задач і самаабароны. Некаторыя К.в. з’яўляюцца авіянясучымі — маюць самалёты і верталёты як асн. від зброі. У залежнасці ад прызначэння, узбраення, водазмяшчэння і інш. тактыка-тэхн. даных К.в. падзяляюцца на класы, падкласы, тыпы (праекты) і рангі (1—4-ы). Да асн. класаў адносяцца: ракетныя, тарпедныя і ракетна-тарпедныя падводныя лодкі; караблі авіянясучыя (мнагамэтавыя, ударныя і процілодачныя авіяносцы, процілодачныя крэйсеры, дэсантныя і процілодачныя верталётаносцы); ракетна-артыл. (ракетныя крэйсеры, вял. і малыя ракетныя караблі, эсмінцы, ракетныя катэры і інш.); процілодачныя (процілодачныя крэйсеры-верталётаносцы, вял. і малыя процілодачныя і вартавыя караблі); мінна-тральныя (мінныя і сеткавыя загараджальнікі і тральшчыкі); дэсантныя (спец. пабудовы, з апарэлямі; узброены ракетнымі комплексамі і артыл. гарматамі для агнявой падтрымкі дэсанта і самаабароны); спец. прызначэння (караблі кіравання, радыёлакацыйнага дазору, разведвальныя, рэтранслятары сігналаў сувязі, навучальныя, караблі сачэння, спец. забеспячэння — плывучыя базы і інш.). Да 1-га (вышэйшага) рангу адносяцца атамныя падводныя лодкі і буйныя падводныя караблі (крэйсеры, авіяносцы і інш.), да 4-га — катэры, базавыя і рэйдавыя тральшчыкі. Класіфікацыі К.в. у розных краінах звычайна адрозніваюцца. К.в. з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы, падпарадкоўваюцца яе законам і ў замежных водах валодаюць правам экстэрытарыяльнасці.
Літ.:
Шершов А.П. История военного кораблестроения с древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994.
В.І.Вараб’ёў, А.А.Калмакоў.
Некаторыя тыпы караблёў ваенных (ад старажытнасці да 19 ст.): 1 — баявы карабель Егіпта (1200-я г. да н. э.); 2 — асірыйска-фінікійскі (1000—1500-я г. да н. э.); 3 — рымская пентэра (пентэкатэра, з 5 радамі вёслаў; 3 ст. да н. э.); 4 — паўночнаеўрапейскі драмон (6—12 ст.; мелі назвы холк, нейв, неф, буза, кілс); 5 — дракар вікінгаў (8—10 ст.; паказаны дракар Вільгельма Заваёўніка); 6 — карака (14—16 ст.; паказана невялікая 4-мачтавая карака, пабудаваная ў Францыі ў 1535); 7 — галіён (16—17 ст.; паказаны 3-мачтавы іспанскі галіён, 1567).Некаторыя тыпы караблёў ваенных 20 ст.: 1 — кананерская лодка «Карэец», якая разам з крэйсерам «Вараг» удзельнічала ў баі з японскай эскадрай у 1904, 2 — першы лёгкі крэйсер, пабудаваны ў СССР (1938); 3 — ракетны катэр на падводных крылах (ЗША, 1975); 4 — эскадраны мінаносец (СССР, 1980-я г.).