КРЫЯБІЁНТЫ [ад крыя... + біёнт(ы)],
пастаянныя жыхары вельмі халодных месцаў (на або ў снезе ці лёдзе, у талых водах і інш.). Да іх адносяцца некаторыя аднаклетачныя водарасці, напр., хіянафілы (раслінны жгуціканосец, які можа афарбоўваць снег або лёд у чырв. колер, снегавая хламідаманада), падснежнікі, некаторыя чэрві, насякомыя (снежныя блохі Colembola і інш.), антарктычная рыба трэматомус, аўцабык і інш.
т. 8, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАФІ́ТЫ [ад аэра... + ...фіт(ы)],
«паветраныя» расліны, якія атрымліваюць усе неабходныя пажыўныя рэчывы з атмасферы. Да іх належаць эпіфіты, некаторыя імхі, што пасяляюцца на ствалах і галінках дрэў (у тропіках — нават на лісці), нешматлікія водарасці, якія жывуць на кары дрэў, і некаторыя лішайнікі (напр., т.зв. лішайнікавая манна). Аэрафітамі называюць таксама расліны, якія нармальна развіваюцца толькі на добра аэраваных глебах (у флоры Беларусі, напрыклад, розныя віды псамафітаў — аўсяніца палеская, смалёўка армерыяпадобная, ціпчак і інш.).
т. 2, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ КРЫШТА́ЛІ,
крышталі, утвораныя з малекул, звязаных паміж сабой слабымі Ван-дэр-Ваальса сіламі або вадароднай сувяззю. Унутры малекул сувязь паміж атамамі больш моцная, звычайна кавалентная, таму фазавыя ператварэнні М.к. (плаўленне, узгонка, паліморфныя пераходы) адбываюцца без разбурэння асобных малекул.
Большасць М.к. — крышталі арган. злучэнняў (нафталін і інш.); М.к. ўтвараюць некаторыя простыя рэчывы (H2, галагены, N2,O2, S8), бінарныя злучэнні тыпу CO2, металаарган. злучэнні, некаторыя комплексныя злучэнні. Да М.к. адносяцца крышталі многіх палімераў, у т. л. бялкоў і нуклеінавых кіслот. Для М.к. характэрны нізкія т-ры плаўлення (ад -150 да -350 °C), вялікія каэф. цеплавога расшырэння, вял. сціскальнасць, малая цвёрдасць. Большасць М.к. пры звычайнай т-ры — дыэлектрыкі, некаторыя М.к. (напр., арган. фарбавальнікі) — паўправаднікі. Гл. таксама Міжмалекулярнае ўзаемадзеянне.
Літ.:
Китайгородский А.И. Молекулярные кристаллы. М., 1971.
т. 10, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЗМ,
слова, запазычанае з балтыйскіх моў. У бел. мове — пераважна з літоўскай, часткова з латышскай. Найб. інтэнсіўна асвойваліся ў перыяд ВКЛ. Пранікалі непасрэдна ў працэсе вусных моўных кантактаў.
Большасць балтызмаў не прыжыліся, засталіся пераважна словы быт. і гасп. ўжытку: «атоса», «венцер», «дойлід», «ёўня», «клуня», «лоўж», «пуня», «свіран», «торп» і інш. Некаторыя балтызмы маюць вузкае тэр. пашырэнне: «аруд», «груца», «прывен», «ройста». Балтыйскія па паходжанні ў бел. мове некаторыя тапонімы і антрапонімы («Ашмяны», «Жупраны», «Юрацішкі»; «Лукша», «Шніп», «Юргель»).
А.М.Булыка.
т. 2, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫМУТАГЕ́НЫ (ад анты... + мутагены),
хімічныя і фізічныя фактары, здольныя паніжаць або прадухіляць дзеянне мутагенаў, у выніку чаго змяншаецца частата мутацый.
Адкрыты ў 1950-я г. Натуральныя антымутагены забяспечваюць захаванне пэўнага ўзроўню спантанных мутацый. Сярод іх важнейшымі з’яўляюцца некаторыя ферментныя сістэмы і метабаліты, якія «выпраўляюць» папсаваныя мутагенам участкі храмасом або перашкаджаюць іх узнікненню. Пры штучным мутагенезе мутацыйны эфект можа быць паніжаны або зняты радыепратэктарамі (сульфгідрыльныя злучэнні, моцныя аднаўляльнікі тыпу Na2S2O3, некаторыя спірты і вуглякіслыя солі) або ўздзеяннем некаторых фіз. фактараў (святло, т-ра, ультрафіялетавыя прамяні) рознай інтэнсіўнасці.
т. 1, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕРЫ́ТЫ (Bennettitopsida),
парадак выкапнёвых дрэвападобных голанасенных раслін. 2 сям., каля 20 родаў. З’явіліся ў каменнавугальным перыядзе; найб. росквіту дасягнулі ў юры — 1-й пал. мелу. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі (лісце, сцяблы, шышкі, пылок) зрэдку трапляюцца ў юрскіх адкладах. Вызначальныя выкапнёвыя для юрскіх і мелавых адкладаў.
Вонкавым выглядам нагадвалі сучасных сагаўнікавых тропікаў і субтропікаў. Мелі просты або разгалінаваны, некаторыя — бочачкападобны ствол, укрыты рубцамі ад апалага лісця. Лісце перыстае, радзей простае. Кветкі ў пазухах лісця, у большасці бенерыты двухполыя, нагадвалі кветку пакрытанасенных. Насенне з 2 семядолямі. Некаторыя вучоныя лічаць бенерытаў магчымымі продкамі пакрытанасенных.
т. 3, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПАПО́ЎШЧЫНА,
адзін з кірункаў, на якія падзялілася стараверства ў сярэдзіне 1690-х г. Паслядоўнікі беспапоўшчыны адмаўлялі царкоўную іерархію і святароў. Богаслужэнне вялі спец. абраныя настаўнікі. З царк. абрадаў захавалі толькі хрышчэнне і споведзь (некаторыя з плыняў беспапоўшчыны адмаўлялі і іх). Для ранняга этапу беспапоўшчыны характэрны адмоўныя адносіны да свету «антыхрыста» і яго «слуг» — прадстаўнікоў улады, адмаўленне шлюбу. Некаторыя плыні прапаведавалі крайнія формы выратавання — самаспаленне. Беспапоўшчына не ўяўляла сабой адзінага цэлага і распалася на мноства плыняў (паморцы, федасееўцы, філіпаўцы, бегуны і інш.). Асобныя абшчыны беспапоўшчыны захаваліся на Беларусі і цяпер.
т. 3, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫВЕ́ТРЫВАННЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўзніклі ў зоне хім. выветрывання горных парод у зямной паверхні. Фарміруюцца пры разлажэнні горных парод пад уздзеяннем вады, вуглекіслаты, кіслароду, а таксама арган. і неарган. кіслот. Адрозніваюць: інфільтрацыйныя радовішчы, якія ўзніклі ў выніку растварэння і пераадкладу рэчываў хімічна актыўнымі воднымі растворамі, што цыркулююць у глыбіні Зямлі (некаторыя радовішчы жалеза, медзі, нікелю, урану, самароднай серы); астаткавыя радовішчы, якія сфарміраваліся на паверхні Зямлі ў выніку вынасу вадой з горных парод растваральных злучэнняў і намнажэння ў астатку цяжкарастваральных каштоўных мінералаў (некаторыя радовішчы жалеза, марганцу, нікелю, баксітаў, кааліну, магнезіту).
т. 4, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМНІЁН (грэч. amnion),
адна з зародкавых абалонак амніётаў. Утварае запоўненую вадкасцю поласць — асяроддзе для развіцця зародка, ахоўвае яго ад мех. пашкоджанняў. Падобную да амніёна абалонку маюць некаторыя насякомыя, немертыны і інш. беспазваночныя.
т. 1, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЯ МАТЭМА́ТЫКА,
назва сукупнасці матэм. дысцыплін, якія вывучаюцца ў тэхнічных і некаторых інш. навуч. установах і звычайна ўключаюць аналітычную геаметрыю, лінейную алгебру, дыферэнцыяльнае злічэнне, інтэгральнае злічэнне і некаторыя інш. спец. матэм. дысцыпліны.
т. 4, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)