вертыкальны падзел расл. згуртаванняў (фітацэнозаў) на рознавышынныя структурныя часткі — ярусы. Пры Я. расліны і іх органы жыўлення (лісце, карані) размешчаны на рознай вышыні і глыбіні, што памяншае канкурэнцыю за святло і пажыўныя рэчывы і стварае ўмовы для павелічэння колькасці асобін на адзінцы плошчы і інш.Найб. выяўлена Я. у наземных фітацэнозах. Напр., у лесе вылучаюць да 6 ярусаў: I — дрэвы 1-й велічыні (елка, хвоя, дуб, бяроза, асіна); II — дрэвы 2-й велічыні (рабіна, чаромха); III — падлесак з кустоў (ляшчына, брызгліна, шыпшына); IV — падлесак з высокіх кусцікаў і буйных траў (багун, буякі, верас, скрыпень); V — нізкія кусцікі і дробныя травы (журавіны, багноўка); VI — імхі, глебавыя лішайнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАБЕ́КА Уладзімір Іванавіч (н. 16.6.1956, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне паталаг. фізіялогіі. Д-рмед.н. (2001). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Скончыў Віцебскі мед.ун-т (1983), дзе і працуе з 1986 (з 2001 заг. кафедры). Навук. працы па патафізіялогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы, імунапаталогіі.
Тв.:
Влияние активированной зимозаном плазмы крови (продуктов активации системы комплемента) на функцию сердца (разам з А.П.Саладковым, Ю.Я.Радзівонавым) // Докл.АНСССР. 1989. Т. 309, № 3;
Павелічэнне колькасці трамбаксану - A2 у коркавым рэчыве нырак пацукоў пасля ўнутрыаартальнай інфузіі актываванай зімазанам плазмы крыві (разам з Ю.Я.Радзівонавым) // Весці АНБССР. Сер. біял.навук. 1991. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМНАВОДНЫЯ І ПАЎЗУНЫ.
Герпетафауна Беларусі па колькасці відаў нешматлікая: 13 відаў земнаводных (амфібій) і 7 відаў паўзуноў (рэптылій) з 4 атрадаў. Адносіцца да Палеарктычнага падцарства. Большасць відаў характэрна для Еўрапейска-Сібірскай зоагеаграфічнай вобласці, і толькі квакша звычайная і чарапаха балотная адносяцца да фауны вобласці Стараж. Міжземнамор’я (Міжземнаморскай падвобласці). Найбольш пашыраны: вуж звычайны, гадзюка звычайная, жабы азёрная, вастрамордая, зялёная, травяная, рапухі зялёная і шэрая, трытон звычайны, яшчаркі жывародная і порсткая. Каля 20% відаў герпетафауны Беларусі знаходзіцца на краі сваіх арэалаў з абмежаваным пашырэннем на тэрыторыі краіны, што абумоўлівае нераўнамернасць складу фауны земнаводных і паўзуноў па розных рэгіёнах Беларусі. Шэраг відаў прыстасоўваецца да існавання ў месцах, пераўтвораных чалавекам у выніку гаспадарчай дзейнасці (жабы азёрная і зялёная, рапуха зялёная, часночніца звычайная, яшчарка порсткая), іх колькасць павялічваецца ў месцах дзейнасці чалавека. Значныя тэрыторыі Беларусі асушаны і выкарыстоўваюцца пад сельгасугоддзі, што парушае асяроддзе пражывання дзікіх жывёл. Забруджванне асяроддзя таксама вядзе да зніжэння іх колькасці. Умовай стрымлівання гэтых працэсаў з’яўляецца развіццё і адпаведны ўзровень асабліва ахоўваемых тэрыторый, прыродаахоўная аптымізацыя разнастайнай гасп. дзейнасці. Земнаводныя і паўзуны знішчаюць шкодных насякомых. Яны з’яўляюцца каштоўнымі аб’ектамі лабараторных і папуляцыйна-экалагічных даследаванняў, шырока выкарыстоўваюцца ў мэтах біяманіторынгу і біяіндыкацыі. Большасць земнаводных і паўзуноў — корм для рыб, птушак, звяроў. Многія земнаводныя і паўзуны карысныя сельскай гаспадарцы — знішчаюць мышападобных грызуноў, шкодных насякомых. У 2-е выданне Чырв. кнігі Беларусі занесены 3 віды: з земнаводных — рапуха чаротавая, з паўзуноў — мядзянка і чарапаха балотавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭХНІ́Я (ад бія... + грэч. technē мастацтва, майстэрства, уменне),
раздзел паляўніцтвазнаўства, які вывучае і распрацоўвае шляхі і метады актыўнага захавання, павелічэння колькасці, паляпшэння прадукц. якасцяў і рацыянальнага выкарыстання карысных дзікіх жывёл у прыродных умовах. Прынцыпы біятэхніі выкарыстоўваюцца таксама ў рыбнай гаспадарцы (аквакультура). Практычныя метады і мерапрыемствы біятэхніі спрыяюць накіраванаму ўздзеянню на прыродныя біял. сістэмы (папуляцыі жывёл і біяцэнозы) шляхам змены фактараў навакольнага асяроддзя (кармавых, ахоўных, гнездавых умоў месцажыхарства), павелічэнню выхаду таварнай прадукцыі з адзінкі плошчы, захаванню паляўнічых угоддзяў, упарадкаванню, пераўтварэнню і стварэнню новых паляўнічых угоддзяў, зберажэнню паляўнічых аб’ектаў, падкормцы, акліматызацыі і рассяленню, селекцыі і паляпшэнню якасці, барацьбе са шкоднымі відамі, прафілактыцы і лячэнню. Праводзіцца ў нац. парках, запаведніках, заказніках і паляўнічых гаспадарках. Тэрмін увёў рус. вучоны П.А.Мантэйфель (1929).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЖЫЯ КАРО́ЎКІ, какцынеліды (Coccinellidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 4 тыс. відаў на ўсіх мацерыках. На Беларусі больш за 40 відаў, звычайна карысныя: божая кароўка сямікрапінкавая (Coccinella septempunctata), двухкрапінкавая (Adalia bipunctata) і інш. Жывуць у лясах, садах, парках, на лугах, балотах, палетках.
Даўж. 2—18 мм, цела пукатае зверху, круглаватае або авальнае, пляскатае знізу. Афарбоўка яркая, «перасцерагальная», з малюнкам з крапінак, плям, штрыхоў. У большасці жукі і лічынкі драпежныя — кормяцца тлямі, павуціннымі кляшчамі, шчытоўкамі і інш.; некат. раслінаедныя. Многія, у т. л. божыя кароўкі двухкрапінкавыя, выкарыстоўваюцца ў біял. ахове с.-г. і лясных культур. 2 аўстрал. віды спынілі павелічэнне колькасці шкоднікаў цытрусавых — чарвяцоў. Некат. шкодныя. Божыя кароўкі маюць ядавітую гемалімфу, таму насякомаедныя жывёлы іх не паядаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НЕЖСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
біясферны запаведнік у Расіі, на мяжы Варонежскай і Ліпецкай абл., у цэнтр.ч.Усх.-Еўрап. раўніны на водападзеле р. Варонеж і Усмань. За 40 км на Пн ад Варонежа. Засн. ў 1927 для аховы і аднаўлення колькасці рачнога бабра. З 1984 біясферны запаведнік. Пл. 31 053 га, у т. л. 28 481 га пад лесам, 535 га займаюць лугі і 121 га — вадаёмы. У запаведніку, размешчаным у паўн.ч. Усманскага бору, зберагаюцца астраўныя бары і дубровы лесастэпавай зоны, якія маюць водаахоўнае значэнне. У фауне звычайныя бабёр, высакародны алень, дзік, казуля, з рэдкіх відаў — хахуля, сярод птушак — шэры журавель, няясыць і інш. Доследны гадавальнік па вывучэнні і развядзенні бабра.
Літ.:
Заповедники СССР: Заповедники Европейской части РСФСР. Ч. 2. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧА́К (Phodeus sericeus),
рыба сям. карпавых, атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўропы (на У ад Францыі) і Усх. Азіі (бас.р. Амур, рэк Сахаліна, Паўн. Кітая, Карэі). На Беларусі падвід гарчака (P. s. amarus) у невял. колькасці водзіцца амаль ва ўсіх рэках (часцей на Палессі) і азёрах. Нар. назвы гарчыца, гаркушка, альшанка, маляўка, смярдзюха, сталетка, радзей пукас.
Даўж. да 10 см. Цела высокае, сціснутае з бакоў, з няпоўнай бакавой лініяй, буйной луской; бакі серабрыстыя з вузкай зялёна-сіняй паласой. У час нерасту ў самкі вырастае доўгі яйцаклад, ікру адкладвае ў мантыйную поласць малюскаў (перлавіц і бяззубак). Корміцца пераважна абрастаннямі і дробнымі водарасцямі. Мяса горкае (адсюль назва). Пажыва для драпежных рыб.
Гарчак: зверху — самка, якая адкладвае ікру ў мантыйную поласць малюска; знізу — самец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПНАПЕ́ДЫ́Я (ад гіпноз + грэч. paideia навучанне),
навучанне ў час натуральнага сну. Сон (натуральны і штучны) як сродак для набыцця ведаў выкарыстоўваўся яшчэ ў старажытнасці (будыйскія святары ў Кітаі, факіры і ёгі ў Індыі і інш.). Спробу практычнага выкарыстання гіпнапедыі ў навейшы час рабілі Д.А.Фіней (1923, ЗША), А.М.Свядашч (1936, СССР). Цікавасць да гіпнапедыі і імкненне надаць ёй тэарэт. абгрунтаванне аднавіліся ў 1950—60-я г. Паводле эксперым. даных засваенне інфармацыі пры гіпнапедыі залежыць ад характару памяці, узросту навучэнца, колькасці сеансаў, аб’ёму праграмы за 1 сеанс навучання, інтанацыйнай характарыстыкі мовы. Аднак гіпнапедыя не замяняе натуральны пед. працэс; яна можа быць выкарыстана для замацавання ў памяці толькі некаторых відаў інфармацыі (замежныя словы, формулы, тэлегр. азбука і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЫ́ШЧА,
1) на Беларусі ў 14—16 ст. (пераважна на Піншчыне) гаспадарчая адзінка і аб’ект абкладання сялян феад. павіннасцямі. Першапачатковыя Д. мелі прыблізна аднолькавую колькасць зямлі, на якой размяшчалася адна сял. гаспадарка — дым. З павелічэннем колькасці насельніцтва і зямлі да 16 ст. яны ўжо не былі аднолькавыя (у сярэднім уключалі 2—4 дымы). Гаспадары асобных Д. часта былі родзічамі, трапляліся і чужыя людзі. Тэр. Д. звычайна мела сваю назву, была акрэслена пэўнымі межамі. Распаду Д. і ўзнікненню сял. гаспадарак у складзе адной сям’і садзейнічала «Устава на валокі» 1557.
2) У Стараж. Русі двор землеўладальніка — дом з гасп. пабудовамі. Д. называлі таксама сельскае паселішча, сяло, вёску. На Беларусі ёсць вёскі з назвамі Дворышча, Дварышча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАІНТАКСІКА́ЦЫЯ (ад аўта... + інтаксікацыя), самаатручэнне, эндагенная інтаксікацыя,
пашкоджанне арганізма ядамі, што ўтварыліся ў арганізме (у адрозненне ад атручэння, калі яны паступаюць звонку). Асн. групы эндагенных таксінаў складаюць рэчывы, якія ўзнікаюць або назапашваюцца ў арганізме ў празмернай колькасці пры цяжкіх захворваннях печані, нырак (дыябет, урэмія), парушэннях абмену рэчываў і дзейнасці залоз унутр. сакрэцыі (тырэатаксікоз), пры шэрагу ўнутр. інфекцый (напр., дыфтэрыі), пры некрозе тканак пад уплывам злаякасных новаўтварэнняў і вял. апёкаў, пры парушэннях цячэння цяжарнасці і інш. Дзеянне эндатаксінаў рэалізуецца непасрэдна ў месцы іх утварэння або праз адмоўны ўплыў на функцыі органаў сардэчна-сасудзістай, нерв., крывяноснай і інш.сістэм. У найб. цяжкіх выпадках для ачышчэння арганізма ад іх выкарыстоўваюць складаныя тэхн. сістэмы (апараты «штучная нырка», «штучнае лёгкае», дыялізатары і інш.).