птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Жыве ў сырых тундрах і лесатундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, на астравах Паўн. Ледавітага ак. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (кастр.—ліст.) пралётах.
Даўж. цела 66—76 см, маса 2—3,2 кг. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу святлейшае, на бруху чорныя папярочныя плямы. На лбе вакол дзюбы белая пляма (адсюль назва). Дзюба аранжава-жоўтая, ногі светла-аранжавыя. Добра ходзіць і плавае, пры небяспецы нырае, хутка бегае. Гняздо будуе на сухім месцы — узгорку, высокім беразе ракі. Нясе 4—6 яец. Корміцца маладымі раслінамі (злакі, асокі і інш.). На зіму адлятае на Пд. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМНАКАЛЕ́Я (Gymnocolea),
род пячоначных імхоў сям. лафозіевых. Вядомы 2 віды. Адзін з іх пашыраны пераважна ў паўн. раёнах Паўн. паўшар’я, другі — ў Паўд. паўшар’і. На Беларусі 1 від — гімнакалея ўздутая (G. inflata), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Расце на алігатрофных балотах, па берагах азёр. Трапляецца толькі ў Мядзельскім р-не.
Двухдомная невялікая гіграфільная расліна. Дзярнінкі шырокія, ад светла-зялёных да чырванаватых або цёмна-бурых. Парасткі даўж. да 2,5 см, часта з падверхавінкавымі галінкамі. Лісце коса прымацаванае, да 1/4—1/3 двухлопасцевае. Перыянцый (абгортка архегоніяў) ад амаль шарападобнага да адваротнаяйцападобнага або грушападобнага. Каробачка на ножцы, цыліндрычная, раскрываецца ўздоўж створкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎНА́, дзяцел чорны (Dryocopus martius),
птушка сям.дзятлавых. Пашырана ў старых высакастволых хваёвых і мяшаных лясах Еўразіі. На Беларусі нешматлікі аселы від, трапляецца ўсюды. Нар. назвы жолна, чорная жолна.
Даўж. цела да 50 см, маса да 360 г. Ад інш. дзятлаў адрозніваецца буйнымі памерамі і чорнай афарбоўкай (адсюль другая назва). Апярэнне з метал. бляскам на спіне. У самца на цемі і патыліцы, у самак на патыліцы кармінава-чырв. або малінава-чырв. «шапачка». Гнёзды ў дуплах дрэў, якія сама выдзёўбвае. Нясе 3—6 яец. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі, якія водзяцца пад карой і ў драўніне (мурашкі-шашалі, караеды, вусачы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНО́К (Adenophora),
род кветкавых раслін сям. званочкавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі пераважна на ПдУ трапляецца З. лілеялісты (A lilifolia) — рэдкі рэліктавы еўрасібірскі від. Расце ў зарасніках хмызнякоў па далінах рэк. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі вырошчваецца З. Ламарка (A. lamarckii).
Шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім вертыкальным карэнішчам і прамастойным простым ці галінастым густааблісцелым сцяблом выш да 120 см. Лісце амаль сядзячае, чаргаванае, зубчастае, падоўжана-авальнае і ланцэтнае. Кветкі званочкавыя, светла-блакітныя, светла-ліловыя або белыя, дробныя, паніклыя, у пірамідальных гронкападобных ці мяцёлчатых суквеццях. Плод — павіслая адваротна-грушападобная каробачка. Лек., дэкар. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІЯ ПАВІ́ННАСЦІ,
відмясц. збораў у Расіі ў 15 — пач. 20 ст. Падзяляліся на грашовыя і натуральныя. Грашовыя З.п. — дзярж., губ. і прыватныя (саслоўныя) — ішлі на ўтрыманне мясц. паліцэйска-адм. органаў, губ. і пав. устаноў, на нар. адукацыю, ахову здароўя і інш. Да натуральных адносіліся: буд-ва і рамонт дарог, мастоў, пастаўка фурманак, паштовая павіннасць і інш. У 1864—1917 у веданні земстваў. На Беларусі, з часоў яе ўваходжання ў Рас. імперыю, земскімі зборамі распараджаліся к-ты З.п., паводле закону ад 22.12.1874 уведзены распарадчыя к-ты, палажэннем 15.4.1903 — губ. і пав. к-ты па справах земскай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМАРО́ДАКзвычайны
(Alcedo atthis),
птушка сям. зімародкавых атр. ракшападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жыве каля рэк, розных вадаёмаў з абрывістымі берагамі. На Беларусі рэдкі гнездавальны від, нар. назва рыбалоў. Трапляецца па ўсёй тэр., часцей на Пд і Пн. Занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 18—19 см, маса 27—38 г. Галава вялікая, дзюба доўгая, прамая. Хвост кароткі. Апярэнне стракатае: зверху блакітна-зялёнае, надхвосце бліскуча-блакітнае, шырокая паласа ад дзюбы праз вока да патыліцы і горла — вохрыста-белаватая, брушка ржава-рыжае. Гняздуецца асобнымі парамі. Гнёзды ў норах. Нясе 5—8 яец. Корміцца дробнай рыбай. Зімуе ў краінах Міжземнамор’я, зрэдку каля незамёрзлых вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЯЕ́Д (Circaetus gallicus або С. ferox),
птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Паўд.-Зах. Сібіры, Паўн. Манголіі. Жыве ў мясцінах, дзе лясныя масівы перамяжоўваюцца адкрытымі прасторамі. На Беларусі рэдкі гнездавальны від, пераважна на Палессі і Паазер’і; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 73 см, маса да 2 кг, размах крылаў да 1,95 м. Зверху шаравата-буры, знізу — белы з рэдкімі стракацінамі, горла і валляк цёмныя, хвост паласаты. Гнёзды на высокіх дрэвах, скалах. Нясе 1 яйцо. Корміцца пераважна змеямі (адсюль назва), вужамі, яшчаркамі, жабамі. Зімуе ў Паўд.-Зах. Азіі, Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫ ДЗЯ́ЦЕЛ (Picus viridis),
птушка сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. Пашыраны ў Еўропе і Зах. Азіі. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на Палессі; занесены ў Чырв. кнігу. Нар. назвы зялёная жаўна, жаўна.
Даўж. да 37 см, маса да 250 г. Афарбоўка жаўтавата-зеленаватая. спіна ярка-зялёная, надхвосце бліскуча-жоўтае. Ад дзюбы па баках галавы і шыі ідуць чорныя «вусы», у самцоў яны з чырвонымі стракацінамі. Брушка бледна-зеленаватае, зрэдку з цёмнымі стракацінамі. У маладых птушак стракаціны шматлікія, цёмныя. Гнёзды ў дуплах дрэў. Нясе 5—9 яец. Корміцца мурашкамі, жукамі-вусачамі, златкамі, дрэвагрызамі, караедамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКІ́ (Meleagrididae),
птушкі сям. індычых атр. курападобных. 2 роды: Meleagris і Agriocharis, у кожным 1 від. Пашыраны ў паўд. частцы Паўн. і ў Цэнтр. Амерыцы, пераважна ў лесастэпавай зоне.
Даўж. цела І. звычайнага (M. gallopavo) да 110 см, маса самца да 10 кг, самкі да 4 кг. Апярэнне медна-бронзавае, з метал. адлівам. Галава і верхняя частка шыі не апераныя. З верхняй ч. дзюбы звісае скурны прыдатак, на горле складка скуры. Развіты шпоры. Палігамы. Гняздо на зямлі, пад кустамі. Нясуць да 15 яец. Добра бегаюць, лётаюць марудна. Корм раслінны і жывёльны. Аб’екты палявання. Ад І. звычайнага паходзяць індыкі свойскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТАЛЯ́ЦЫЯ (ад англ. installation устаноўка, размяшчэнне, збудаванне),
від мастацтва поп-арту, мантаж у прасторы аб’ектаў з рэчавага асяроддзя ці сканструяваных мастаком. Ствараецца на час правядзення буйных выставак у экспазіцыйных памяшканнях або ў экстэр’еры, звычайна размешчаны на вял. плошчы. Дазваляе стварыць незапраграмаванае вобразнае ўражанне, часта праз парадаксальныя спалучэнні рэчавых элементаў нестандартнымі сродкамі выразіць актуальныя праблемы. Узнікла ў 1970-я г., пашырылася ў ЗША (Р.Раўшэнберг), ФРГ (І.Бойс), Польшчы (Я.Бярдышак) і інш. На Беларусі выкарыстоўваецца з канца 1980-х г. у творах І.Кашкурэвіча, А.Клінава, А.Вараб’ёва і інш.