РАТО́НДА (італьян. rotonda ад лац. rotundns круглы),
круглае ў плане цэнтрычнае збудаванне, звычайна завершанае купалам, з размешчанымі па перыметры калонамі. Вядома з часоў Стараж. Грэцыі і Рыма ў некат. храмах, маўзалеях, залах, паркавых павільёнах, альтанках і інш. (Рымскі пантэон). Сустракаліся ў культавых збудаваннях сярэдніх вякоў, эпохі Адраджэння, стылю класіцызму. На Беларусі вядома з 16 ст., найб. пашырана ў культавым дойлідстве стылю класіцызму (Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква, Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў, капліца-пахавальня ў в. Пральнікі Валожынскага р-на Мінскай вобл.). Форму Р. мелі ў сваіх завяршэннях некат. манум. збудаванні: Гродзенскі палац Тызенгаўза, ратушы ў Гродне, Мінску, г. Драгічын (Брэсцкая вобл.). У выглядзе Р. вырашаны альтанкі і павільёны ў рэгулярных і пейзажных парках сядзіб вёсак Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., Варняны Астравецкага, Залессе Смаргонскага р-наў Гродзенскай вобл., Альбінскага палацава-паркавага ансамбля і інш. (18—19 ст.), альтанкі ў архітэктуры 1950-х г. (на набярэжнай р. Свіслач і каля гал. ўвахода ў Цэнтр дзіцячы парк імя М.Горкага ў Мінску).
С.А.Сергачоў.
Капліца-пахавальня ў форме ратонды ў в. Пральнікі Валожынскага раёна Мінскай вобл. (цяпер Мікалаеўская царква). 2-я пал. 19 ст. Фота 2000.Да арт.Ратонда. Царква-ратонда Святой Труны ў г. Кембрыдж (Вялікабрытанія). Каля 1101—30.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАГА ПАРТНЁРСТВА ТЭО́РЫЯ,
сацыяльна-эканамічная канцэпцыя ідэалаг. абгрунтавання ідэі пра неабходнасць супрацоўніцтва ўсіх сац. груп грамадства ў інтарэсах агульнага прагрэсу і дабрабыту. Набыла пашырэнне пасля 2-й сусв. вайны ў ФРГ, Аўстрыі, Швецыі, Францыі, Вялікабрытаніі, што звязана з асн. працэсамі эканам. і паліт. развіцця Зах. Еўропы. Ідэя класавага супрацоўніцтва сфармулявана ў працах Дж.Міля, Ж.Б.Сея і атрымала развіццё ў дактрыне індустрыяльнага грамадства (Дж.Голбрэйт, Ф.Перу, Р.Арон, Р.Дарэндорф і інш.). Паводле яе, класавыя канфлікты і барацьба перашкаджаюць грамадскаму інтарэсу і таму павінны саступіць месца сац. партнёрству. С.п.т. стала састаўной часткай распрацаванай Л.Эрхардам дактрыны зах.-герм. неалібералізму, якая прадугледжвала неабходнасць пераадолення класавых супярэчнасцей, мэтанакіраванага і планамернага развіцця ўсяго жыцця краіны з дапамогай метадаў дзярж. рэгулявання і планавання. Тэарэтычна абгрунтоўвалася і ў інш. краінах: як надыход эры «сацыяльнага праграмавання» (Бельгія), эпоха «пабудовы новага грамадства» з дапамогай «кантрактаў прагрэсу» (Францыя), эра «добраахвотнага супрацоўніцтва» (Вялікабрытанія) і г.д. Адзін з яе кірункаў — удзел працоўных у кіраўніцтве прадпрыемствамі і эканомікай краіны. На думку тэарэтыкаў лейбарызму і правай сацыял-дэмакратыі (Дж.Стрэйчы, Дж.Коўл, У.Пальме і інш.), паступовае ўкараненне сумеснага кіравання прадпрыемствамі наёмнымі работнікамі і прадпрымальнікамі прывядзе да стварэння грамадства новага тыпу — «дэмакратычнага сацыялізму».
Літ.:
Гэлбрейт Дж. Новое индустриальное общество: Пер. с англ.М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВІ́СТАЎ МІЖНАРО́ДНЫ КАМІТЭ́Т (МКС),
выканаўчы орган міжнар. аб’яднання славістаў. Мае на мэце наладжванне міжнар. супрацоўніцтва славістаў для спрыяння развіццю навук пра слав. мовы і л-ры, вывучэнню гісторыі і культуры слав. народаў.
Засн. ў 1955 у г. Бялград на Міжнар. нарадзе славістаў. У складзе к-та 37 краін (2001): усе слав. краіны і некат. неслав., дзе вядзецца навук. праца ў галіне славяназнаўства (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Германія, Італія, ЗША, Францыя і інш.). Ад Беларусі ў к-т уваходзілі К.Крапіва, М.Р.Суднік, уваходзіць Г.А.Цыхун (гл. Славістаў беларускі камітэт). С.м.к. узначальвае старшыня, які выбіраецца на 5 гадоў ад краіны, дзе адбудзецца чарговы з’езд. Пры к-це дзейнічае 28 камісій (агульнаслав. лінгвістычнага атласа, выдавецка-тэксталагічная, лінгвістычнай бібліяграфіі, сацыялінгвістыкі, транскрыпцыйная, словаўтварэння, слав. фразеалогіі, слав.літ. моў, археалагічная, лексікалогіі і лексікаграфіі, слав. паэтыкі і стылістыкі, слоўніка стараслав. мовы і гісторыі славістыкі, слав. анамастыкі, грамат. будовы слав. моў і інш.), якія каардынуюць працу славістаў па сваім профілі ў міжнар. маштабе. Праз кожныя 5 гадоў С.м.к. склікае ў слав. краінах Міжнар. з’езды славістаў (адбылося 12 з’ездаў; апошні ў Польшчы, 1998). Паміж з’ездамі праходзяць пленарныя пасяджэнні, на якіх разглядаюцца навук. праблематыка чарговага з’езда, яго праграма, структура і колькасны склад, абмяркоўваецца дзейнасць навук. камісій, выданне прац з’езда і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫ́ВЕНСАН (Stevenson) Роберт Льюіс Бэлфур (13.11.1850, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 3.12.1894),
англійскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік неарамантызму. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1873). Па адукацыі юрыст. Шмат падарожнічаў па Еўропе і ЗША. Дэбютаваў у 1866 як публіцыст. Сусв. вядомасць прынёс раман «Востраў скарбаў» (1883, неаднаразова экранізаваны). Аўтар прыгодніцкіх раманаў «Выкрадзены» (1886), «Гаспадар Балантрэ» (1889), «Пацярпелыя караблекрушэнне» (1892), «Катрыёна» (1893), у якіх тагачаснай цывілізацыі, расізму і каланіялізму проціпастаўляў веру ў людзей, іх высокую духоўнасць. У гіст. раманах «Прынц Ота» (1885), «Чорная страла» (1888), «Сент-Іў» (апубл. 1897, незавершаны) рамантыка прыгод спалучаецца з дакладным апісаннем экзотыкі і гіст. каларытам. Тэма «двойніцтва» ў філас.-псіхал. рамане «Дзіўная гісторыя д-ра Джэкіля і м-ра Хайда» (1886). Аўтар шматлікіх апавяданняў, нарысаў, п’ес, літ.-крытычных прац. На бел. мову асобныя творы С. пераклалі А.Асташонак, В.Гардзей, Я.Семяжон.
Тв.:
Бел.пер. — Востраў скарбаў. Мн., 1993;
Чорная страла: Аповесць з часоў вайны Пунсовай і Белай ружы. Мн., 1999;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1993;
Избр. произв.Т. 1—3. М., 1992.
Літ.:
Дьяконова Н.Я. Стивенсон и английская литература XIX в. Л., 1984;
Олдингтон Р. Стивенсон: Портрет бунтаря: Пер. с англ.М., 1985;
Роберт Луи Стивенсон: Биобиблиогр. указ. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́МСАН (Thomson) Уільям (лорд Кельвін; Kelvin; 26.6.1824, г. Белфаст, Вялікабрытанія — 17.12.1907),
англійскі фізік, адзін са стваральнікаў тэрмадынамікі і кінетычнай тэорыі газаў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1851; у 1890—95 яго прэзідэнт). Ганаровы замежны чл. Пецярбургскай АН (1896; чл.-кар. 1877). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1845). У 1846—99 праф. ун-та ў г. Глазга. Навук. працы па тэрмадынаміцы, электрамагнетызме, тэорыі пругкасці, матэматыцы і тэхніцы. Увёў паняцці абс. т-ры і абс. тэмпературнай шкалы (гл.Кельвіна шкала). Разам з Дж.П.Джоўлем адкрыў Джоўля—Томсана эфект. Незалежна ад Р.Ю.Э.Клаўзіуса даў адну з першых фармулёвак другога закону тэрмадынамікі (1851) і выказаў гіпотэзу аб «цеплавой смерці» Сусвету (1852). Правёў грунтоўныя даследаванні па тэрмадынаміцы пары і вадкасці (гл.Кельвіна ўраўненне), прапанаваў тэорыю тэрмаэл. з’яў і адкрыў Томсана з’яву. Актыўна ўдзельнічаў у наладжванні тэлегр. сувязі па трансатлантычным кабелі, даў разлік эл. контура і вывеў формулу перыяду эл. ваганняў (формула Т.). Сканструяваў і ўдасканаліў шэраг фіз. прылад і вымяральных інструментаў. У яго гонар названа адзінка абс. т-ры — кельвін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРА́Д,
вышэйшы калегіяльны выканаўчы орган дзяржавы. У розных краінах можа мець розныя назвы; Савет Міністраў (Рэспубліка Беларусь, Францыя, Польшча, Італія), Кабінет Міністраў (Вялікабрытанія, Узбекістан), Дзярж. савет (КНР) і да т.п. Парадак фарміравання У. залежыць ад формы праўлення. Ён можа быць беспартыйны, аднапартыйны і кааліцыйны. У парламенцкіх краінах У. фарміруецца па даручэнні кіраўніка дзяржавы лідэрам партыі, якая мае большасць у парламенце. У прэзідэнцкіх рэспубліках (дзе У. прадугледжаны канстытуцыяй) фарміруецца прэзідэнтам, прычым кожны з назначаных ім членаў У. ў шэрагу краін павінен быць зацверджаны парламентам. Члены У. (міністры і інш.) кіруюць канкрэтнымі цэнтр. ведамствамі дзярж. кіравання (міністэрствы і інш.). У парламенцкіх краінах яны звычайна павінны быць членамі парламента, у прэзідэнцкіх, як правіла, дзейнічае прынцып несумяшчальнасці пасады міністра з дэпутацкім мандатам. У парламенцкіх дзяржавах У. нясе калегіяльную адказнасць перад парламентам, што азначае абавязак пры страце парламенцкай большасці або выйсці ў адстаўку, або распусціць парламент і назначыць новыя датэрміновыя выбары. У федэратыўных дзяржавах існуе цэнтральны У. і У. дзярж. утварэнняў, якія ўваходзяць у склад федэрацыі. У. можа ствараць са свайго складу дапаможныя ўрадавыя камітэты. Рашэнні У. носяць характар паліт. дырэктыў або афармляюцца ў выглядзе нарматыўных актаў ці законапраектаў, якія потым уносяцца ў парламент. Гл. таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІХААКІЯ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 1864—66 і 1879—83.
Вайна 1864—66 вялася паміж Іспаніяй (імкнулася аднавіць сваё панаванне ў краінах Лац. Амерыкі) і паўднёваамер. рэспублікамі — Перу, Чылі, Эквадорам і Балівіяй. У ліп. 1864 ісп. флот захапіў перуанскія а-вы Чынча. На баку Перу ў вер. 1865 выступіла Чылі, у снеж. 1865 да іх далучыліся Эквадор і Балівія. Спроба Іспаніі блакіраваць ціхаакіянскае ўзбярэжжа не мела поспеху, і яна адвяла свой флот. У крас. 1871 заключана перамір’е, у жн. 1879 — мірны дагавор. Вайна 1879—83 выклікана імкненнем Чылі захапіць радовішча салетры ў балівійскай і перуанскай частках пустыні Атакама. У лют. 1879 Чылі напала на Балівію, у крас. ў вайну ўступіла Перу (мела дагавор аб узаемадапамозе з Балівіяй). Чылі падтрымлівала Вялікабрытанія, Балівію і Перу — ЗША. Да канца 1879 чылійцы акупіравалі балівійскае ўзбярэжжа і перуанскую правінцыю Тарапака, у чэрв. 1880 — усю Атакаму, у студз. 1881 занялі сталіцу Перу — г. Ліма; у ліп. 1883 прымусілі Перу падпісаць мірны дагавор, паводле якога Чылі атрымала Тарапаку назаўсёды, а гарады Такна і Арыкі на 10 гадоў (у 1929 Такна вернута Перу). Балівія падпісала ў 1884 перамір’е, паводле якога страціла правінцыю Антафагаста і ў выніку выхад да мора; мірны дагавор, які замацаваў гэтае становішча, падпісаны ў 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮРКАЛО́ГІЯ,
сукупнасць гуманітарных навук, што вывучаюць мовы, этнаграфію, гісторыю, л-ру, фальклор, культуру пародаў, якія гавораць на цюркскіх мовах. Зарадзілася ў 15—16 ст. з натуральнай цікавасці еўрапейцаў да тур. заваёўнікаў, таму напачатку яе асн. кірункам было вывучэнне Асманскай імперыі і тур. мовы. Сістэм. даследаванні ў Зах. Еўропе пачаў аўстр. ўсходазнавец і дыпламат І.Гамер-Пургшталь (1774—1856), у Расіі (з 2-й пал. 18 ст.) — І.Гіганаў і С.Хальфін.
Рас. Ц. ў 19 — пач. 20 ст. развівалася комплексна: вывучэнне мовы, л-ры, гіст. помнікаў, нумізматыкі (працы М.М.Казем-бека, Ф.Я.Корша, В.В.Радлава і інш.). У сав. перыяд у галіне Ц. працавалі В.У.Бартальд, Я.Э.Бертэльс, У.А.Гардлеўскі, Т.Г.Кезма, М.Я.Мар, І.А.Арбелі і інш.; з 1970-х г. Ц. засяроджана ў Ін-це ўсходазнаўства АНСССР (з 1991 — Рас.АН). Сярод даследчыкаў зах. краін пытанні Ц. вывучалі Х.Боўэн, Б.Льюіс (Вялікабрытанія), Ф.Бабінгер, Г.Яшке (Германія), Ж.Дэні, М.Мала (Францыя), Дж.В.Беркер, Р.Х.Дэвісан (ЗША) і інш.
На Беларусі цюркалагічныя даследаванні традыцыйна засяроджаны на вывучэнні гісторыі і культуры бел.татараў (працы Л.К.Крычынскага, А.В.Мухлінскага, Дж.Александровіча, А.І.Дубінскага, С.У.Думіна, І.Б.Канапацкага, А.І.Смоліка, А.П.Грыцкевіча, В.І.Несцяровіча, Я.А.Якубоўскага і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РБЕРЫ, Херберт Чэрберы (Herbert Cherbury) Эдвард (3.3.1583, Эйтан-он-Северн, графства Шропшыр, Вялікабрытанія — 20.8.1648), англійскі філосаф, гісторык, паэт, грамадскі дзеяч; заснавальнік англ.дэізму. Ірл. (1624) і англ. (1629) пэр. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. У 1618—22 пасол у Францыі. У час грамадз. вайны 1642—46 у Англіі выступаў на баку раялістаў, але ў 1644 быў вымушаны капітуляваць. У гал.філас. працы «Пра ісціну» (1624) сцвярджаў, што вечная і універсальная ісціна даступная пазнанню, бо кожны чалавек надзелены Богам прыроджанымі псіхічнымі здольнасцямі, правільнае развіццё якіх прыводзіць да спасціжэння «агульных ідэй». Распрацаваў вучэнне пра «натуральную рэлігію розуму», у аснове якой ляжаць 5 «агульных ідэй»: існуе вышэйшае быццё; яго трэба шанаваць; дабрадзейнае жыццё — гал. форма шанавання; чалавек атрымлівае збаўленне праз раскаянне; пасля смерці кожнага чакае ўзнагарода ці пакаранне. На яго думку, ісціна («агульныя ідэі») была ўласціва раннім формам рэлігіі да часу спекуляцый на рэліг. ідэях з боку духавенства («Пра рэлігію язычнікаў», апубл. 1663). Аўтар «Аўтабіяграфіі» (1624, апубл. 1764), гіст. працы «Жыццё і цараванне караля Генрыха VIII» (1649), паэт.кн. «Выпадковыя вершы» (апубл. 1665) і інш.Рэліг.-філас. ідэі Ч. разглядалі П.Гасендзі, Р.Дэкарт; яго вучэнне паўплывала на станаўленне кембрыджскай школы платанізму і шатландскай школы ў філасофіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАНХА́Й,
найбуйнейшы горад на У Кітая. Яго тэр. з прылеглымі раёнамі (6,2 тыс.км²) вылучана ў самастойную адм. адзінку цэнтр. падпарадкавання. Нас. 9,862 млн.ж. (2000). Важны трансп. вузел. 2 аэрапорты. Найбуйн. марскі порт краіны (пераважна знешнегандл. грузы) у эстуарыі р. Янцзы, на яе правым прытоку р. Хуанпу, за 50 км ад Усх.-Кітайскага мора. У Ш. вырабляецца 1/6 усёй прамысл. прадукцыі Кітая. Прам-сць: шматгаліновае машынабудаванне, у т. л. радыёэлектроннае, суднабудаванне, чорная і каляровая металургія, хім., лёгкая (асабліва тэкст.), фармацэўтычная, паліграф., папяровая, тытунёвая, харчовая. Разнастайныя саматужныя вытворчасці. 45 ВНУ (2001).
Вырас з рыбацкага пасёлка Хуту, які вядомы са старажытнасці. У 16 ст. — гандл. і рамесны цэнтр. Паводле Нанкінскага дагавора 1842 адкрыты для замежнага гандлю: у 1843 створаны англ., у 1848 амер.сетльменты, у 1849 — франц. канцэсія. У 1854 Вялікабрытанія, Францыя, ЗША захапілі і кіравалі (да 1937) шанхайскай мытняй. У 1860 і 1862 у час Тайпінскага паўстання ў прадмесці Ш. ішлі баі паміж паўстанцамі і англа-франц. войскамі. З 2-й пал. 19 ст. Ш. — найбуйнейшы гандл. і прамысл. цэнтр Кітая. З 1919 адзін з гал. цэнтраў нац.-вызв. руху. У 1937—45 акупіраваны яп. войскамі. З 1945 пад уладай гаміньданаўцаў. Вызвалены ў 1949 Нар.-вызв. арміяй Кітая.