лёгкія выязныя сані ў беларусаў і інш.слав. народаў. Вядомы са стараж. часоў. Знешні выгляд і форма вазка залежалі ад заможнасці і сац. прыналежнасці іх уладальнікаў. Утульны, дэкаратыўна аздоблены кузаў меў звычайна козлы для вазніцы, яго абшывалі лубам або тонкімі дошкамі, у заможнай шляхты абівалі знутры сукном, высцілалі футрам, часам вазок быў з закрытым ці паўзакрытым верхам. Сяляне нярэдка замест вазка выкарыстоўвалі развалкі, паверх якіх у задняй частцы мацавалі трохбаковую рашотчатую спінку («драбінку») або плецены паўкош. У сельскай мясцовасці карыстаюцца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РДУНГ, Фірдунг (Virdung) Себасцьян (вядомы таксама як Гроп; Grop; 19 ці 20.1.1465 — ?), нямецкі муз. тэарэтык, кампазітар, спявак. Вучыўся ў Гейдэльбергскім ун-це (відаць, з 1483). З 1506 спявак пры двары герцага Вюртэмбергскага, з 1507 кантар сабора ў Канстанцы. У 1511 (верагодна) служыў у Базелі. Аўтар аднаго з першых трактатаў на ням. мове «Музыка, вывучаная і сцісла выкладзеная Себасцьянам Фірдунгам...» (Базель, 1511; перакладзены на некалькі моў), у якім сабраны і сістэматызаваны звесткі пра муз. інструменты, выкладзены прынцыпы натацыі і муз. выканальніцтва. Захаваліся «Гімн дзеве Марыі» на 4 галасы, чатыры 4-галосыя песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РТАНЕН (Ялмары Эрыкавіч) (8.1.1889, с. Майніемі, Фінляндыя — 2.4.1939),
карэльскі паэт. Пісаў на фінскай мове. Друкаваўся з 1906. У ранніх творах адлюстраваў паднявольнае становішча працоўных. У зб-ках вершаў «Вольнай часінай» (1930), «Стройныя шарэнгі» (1931), «Вершы» (1933, 1936, на рус. мове), «Чырвонае кантэле» (1937) асэнсаванне гіст. мінулага рус. і карэльскага народаў, самабытнасць людскіх характараў і прыроды паўночнага краю. Вядомы як драматург, перакладчык. Перакладаў на фінскую мову творы рус. і сусв. л-ры, паасобныя творы Я.Купалы.
Літ.:
Алто Э. Ялмари Виртанен: Жизнь и творчество. Петрозаводск, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЧЭ́НЦА (Vicenza),
горад на ПнУ Італіі. Знаходзіцца ў вобл. Венецыя, каля падножжа Альпаў, на р. Бакільёне. Адм. ц. правінцыі Вічэнца. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. 107,1 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел на чыгунцы Венецыя—Мілан. Металургія, тэкст. і с.-г. машынабудаванне, хім., гумавая, тэкст., абутковая, швейная, керамічная, харч., папяровая, ювелірная прам-сць. Маст. галерэя. Руіны стараж.-рым. пабудоў. Цэрквы (10—16 ст.), палацы (15—18 ст.). Шматлікія пабудовы А.Паладыо (16 ст.), у т. л. палац К’ерыкаці, Базіліка, т-р Алімпіка, каля Вінчэнцы знакамітая познарэнесансавая віла «Ратонда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШЫ́ (Vichy),
горад у Францыі, у дэпартаменце Алье, на р. Алье. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. У 1940—44 месца знаходжання калабарацыянісцкага ўрада маршала Ф.Петэна. 28 тыс.ж. (1990). Вузел чыгунак. Аэрапорт. Эл.-тэхн., фармацэўтычная, шкларобчая прам-сць. Маст. і гіст. музеі. Казіно. Буйнейшы бальнеакліматычны курорт у Францыі. Развіваецца з пач. 17 ст. Цёплы, умерана вільготны клімат, спрыяльны для адпачынку і лячэння. Больш за 10 крыніц субтэрмальных і гарачых (да 66 °C) радонавых мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб печані, жоўцевых шляхоў, кішэчніка, нырак, эндакрынных залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СТРЫЦЫ (Ostreidae),
сямейства двухстворкавых малюскаў. Вядомы з палеазою. Каля 50 відаў, пашыраных у цёплых і ўмераных морах да глыб. 70 м, утвараюць значныя скопішчы — вустрычныя банкі. Найб. вядомыя: вустрыца ядомая (Ostrea edulis), вустрыца гіганцкая (Crassostrea gigas), вустрыца пласціністая (Crassostrea denselamellosa), вустрыца віргінская (Crassostrea virginica).
Ракавіны даўж. 6—45 см, няправільнакруглаватай або авальна-клінападобнай формы. Створкі несіметрычныя: ніжняя (ёй вустрыцы прырастаюць да камянёў, скал) сподкападобная, верхняя пляскатая. Фільтратары. Гермафрадыты, некаторыя раздзельнаполыя; у ваду выходзіць лічынка, якая сфарміравалася. Ядомыя, здабываюць і штучна разводзяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРТЭ́П (стараслав. і стараж.-рус. пячора),
1) украінскі нар. лялечны тэатр.Вядомы з 16 ст., распаўсюджаны ў 17—19 ст. Уяўляў сабой драўляную двух’ярусную скрыню ў выглядзе хаткі. Кожная сцэна-ярус мела проразі для ваджэння лялек. На верхнім паверсе паказвалі сцэны на біблейскія сюжэты, на ніжнім — інтэрмедыі (кароткія камічныя сцэнкі з песнямі і танцамі) свецкага характару. Прадстаўленні вяртэпа па традыцыі ладзіліся на Каляды. Дзеянне суправаджалася музыкай, у т. л. каляднымі песнапеннямі. Блізкі да бел.батлейкі, польск. шопкі, рус. пятрушкі.
2) Слова «вяртэп» ужываецца і для абазначэння трушчобы, прытона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́ШКІ,
1) бел. традыцыйная страва, вядомая і інш.слав. народам. На Беларусі наз. таксама палюхі. Рабілі з грэцкай, жытняй, пшанічнай, ячнай мукі. Цеста крута замешвалі, качалі галушкі рознай велічыні або ў адну качулку і рэзалі на кавалкі. Галушкі варылі, потым заскварвалі салам, залівалі малаком, часам падсмажвалі ў сале. Галушкі з юшкаю гатавалі як рэдкую страву. Вядомы па ўсёй Беларусі. На Палессі галушкі варылі на памінкі і елі з сытою, цёртым макам.
2) Пшанічная булачка. Існаваў звычай пячы на саракі 40 галушак. Цяпер сустракаецца спарадычна на Палессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ДНЯ, гарадня́,
тып абарончага збудавання: прамавугольны зруб з бярвён ці брусоў, запоўнены ўнутры зямлёй і каменнем. У абарончым дойлідстве на Беларусі гародня вядомы з 12 ст. (Навагрудак), найб. пашыраны ў 15—16 ст. (Полацк, Орша, Радашковічы, Кобрын, Стрэшын). Шэраг гародняў, пастаўленых шчыльна адна да адной тарцамі, утваралі абарончыя сцены замкаў і гар. умацаванняў. Мелі байніцы, наверсе — галерэі з абламамі. Часам выкарыстоўваліся пад гасп. памяшканні, каморы для вязняў (Брэст). Вонкавая сцяна магла быць шматпластавой — да пяці бярвён (Полацкі Верхні замак, 16 ст.). З 17 ст. саступілі месца тарасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЕР (ням. Heller, Haller),
1) разнавіднасць дэнарыя (маса 0,5 г), які з 1200 чаканіў Імперскі манетны двор г. Гале (Швабія).
2) Адна з назваў дэнарыя 14 ст., які чаканіўся ў Кракаве.
3) На тэр. Беларусі з 2-й пал. 15 ст. сярэбраная манета, разменны намінал у адносінах да гроша пражскага. У 14—15 ст. адпавядаў 1/12, потым 1/16 гроша. Вядомы пад назвамі «гарэль», «галер», «пенязь галелы». У 17 ст. разменная манета, роўная 6 дэнарыям польскім або 2 шэлегам.