КО́БРЫНСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1933у Заходняй Беларусі,
узброенае выступленне сялян Кобрынскага пав. 3—4 жн. супраць сац. і нац. прыгнёту. Паводле рашэння Брэсцкага акр.к-таКПЗБ на 4 жн. быў прызначаны паход сялян Кобрынскага пав. ў маёнтак паноў Малачэўскіх з патрабаваннем выдаць плату за палявыя работы. З жн. па дарозе да месца збору (в. Булькова) сяляне разграмілі некалькі сядзіб асаднікаў у в.Вял. Радванічы, забралі зброю; больш за 100 узбр. сялян некалькі гадзін трымалі ў асадзе паліцэйскі ўчастак у Навасёлках. Раніцай 4 жн. паліцыя з падмацаваннем з Брэста разагнала сялян, павет быў абвешчаны на асадным становішчы, пачаліся аблавы, вобыскі, арышты. Арганізатары выступлення былі аддадзены пад ваенна-палявы суд. На абарону арыштаваных выступілі працоўныя Зах. Беларусі, таму смяротны прыгавор 8 чал. быў заменены пажыццёвай катаргай, астатнія прыгавораны да розных тэрмінаў зняволення. У в. Навасёлкі Кобрынскага р-на ў памяць пра выступленне сялян пастаўлены помнік.
Літ.:
Курковіч М. За што судзілі рэвалюцыйных сялян у Кобрыне? Вільня, 1933;
Ласковіч В.П. Узброенае выступленне сялян у вёсцы Навасёлкі // У суровыя гады падполля. Мн., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУГАЎСКО́Й (Уладзімір Аляксандравіч) (1.7.1901, Масква — 5.6.1957),
расійскі паэт. Скончыў Ваенна-пед.ін-т (1921). Друкаваўся з 1924. Да 1930 удзельнік Ліг. цэнтра канструктывістаў (гл. ў арт.Канструктывізм), што паўплывала на рацыянальны пафас ранняй паэзіі (зб-кі «Бліскавіцы», 1926; «Мускул», 1929). Аўтар зб-каў вершаў «Пакуты маіх сяброў» (1930), «Еўропа» (1932), кн. паэм «Жыццё» (1933), паэт. эпапеі «...Бальшавікам пустыні і вясны» (кн. 1—3, 1931—48), зб. артыкулаў «Роздум пра паэзію» (1960) і інш. У творах апошніх гадоў (зб-кі «Сонцаварот», 1956; «Сіняя вясна», апубл. 1958, і інш.) філас. асэнсаванне гісторыі. Кн.філас. паэм на аўтабіягр. аснове «Сярэдзіна стагоддзя» (апубл. 1958) ахоплівае найб. важныя падзеі сярэдзіны 20 ст. У зб. «Новыя вершы» (1941) цыкл вершаў «Ноч пад Маладзечна» пра вызваленне Зах. Беларусі ў 1939. На бел. мову асобныя вершы Л. пераклалі С.Дзяргай, Х.Жычка, А.Звонак.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1988—89;
Ответственность перед эпохой: Лит.-критич. статьи и выступления. М., 1988.
Літ.:
Страницы воспоминаний о Луговском. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЦЫ́НСКАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
сістэма падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі мед. кадраў. Падрыхтоўка мед. персаналу вышэйшай адукацыі праводзіцца ў медыцынскіх інстытутах, мед. акадэміях, на мед. ф-тах ун-таў; сярэдняй адукацыі — у медыцынскіх вучылішчах; павышэнне кваліфікацыі — у ін-тах удасканалення ўрачоў.
Звесткі пра М.а. вядомы з стараж. часоў (Стараж. Егіпет, Кітай, Грэцыя). У ант. Грэцыі існавалі «сямейныя» школы для падрыхтоўкі ўрачоў. Першая свецкая мед. школа заснавана ў г. Салерна (Італія) у 9 ст. У Расіі ў 1654 адкрыта першая школа для падрыхтоўкі лекараў. З 18 ст. ўрачоў рыхтавалі мед. школы пры шпіталях. У 1755 адкрыты мед.ф-т пры Маскоўскім ун-це, у 1798 у Пецярбургу — Медыка-хірург. акадэмія (з 1881 Ваенна-мед. акадэмія).
На Беларусі першая мед.навуч. ўстанова — Гродзенская медыцынская акадэмія (1775—81). У 1865 засн.Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1872—79 існавала Віцебская фельчарская школа. Працуюць (1999): Віцебскі, Гомельскі, Гродзенскі, Мінскі мед. ін-ты (гл. адпаведныя арт.), удасканалення ўрачоў Беларускі інстытут; мед. работнікаў сярэдняй адукацыі рыхтуюць у 17 мед. вучылішчах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСІ́НА (Messina),
горад у Італіі, на ПнУ в-ва Сіцылія. Адм. ц.прав. Месіна. Каля 300 тыс.ж. (1997). Порт на Міжземным м. Чыгуначным паромам праз Месінскі праліў звязаны з гарадамі Рэджа-ды-Калабрыя і Віла-Сан-Джавані. Прам-сць: суднабуд., нафтаперапр., цэм., плодакансервавая, тэкстыльная. Ун-т (з 1548). Арх. помнікі 12—16 ст.Ваенна-марская база.
Засн. каля 735 да н.э. пад назвай Занкла грэч. каланістамі з а-воў Наксас і Эўбея на месцы паселішча племя сікулаў. У 490 да н.э. заваявана Анаксіласам Рэгійскім (выхадцам з грэч. вобласці Месенія, адсюль назва). З 461 да н.э. М. — рэспубліка. У 396 да н.э. горад зруйнавалі карфагеняне. У 312 да н.э. заваяваны Агафоклам, у 282 да н.э. — мамерцінцамі (наз. Мамерціна). Пазней горадам па чарзе валодалі сарацыны (з 831), грэкі (з 1038), нарманы (з 1061), іспанцы (з 1678). У 1873 і 1903 горад зруйнаваны землетрасеннямі. У 1848 бамбардзіраваны і заняты неапалітанцамі. Вызвалены ў 1860 Дж.Гарыбальдзі, увайшоў у склад аб’яднанага Італьян. каралеўства. У 2-ю сусв. вайну ў ходзе Сіцылійскай аперацыі 1943 заняты англа-амер. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАСА́КІ,
горад у Японіі, на З в-ва Кюсю. Адм. ц. прэфектуры Нагасакі. Каля 450 тыс.ж. (1997). Порт у зал. Нагасакі (Усходне-Кітайскае м.). Буйны суднабуд. цэнтр.Прам-сць: агульнае машынабудаванне, металургія, харчасмакавая, нафтахім., дрэваапрацоўчая. Рыбалоўная база. Ун-т. Музеі: гандл.-прамысл., стараж. мастацтва, прыкладнога мастацтва. Арх. помнікі 16—19 ст., у т. л.т. зв. Галандскі квартал (Дэдзіма), Кітайскі квартал, Нац. парк Маруяма, будыйскія, сінтаісцкія, хрысціянскія храмы. Парк Міру і манумент Міру (1955). Ваенна-марскі арсенал.
Горад узнік на месцы рыбацкага пасёлка, вядомага з 12 ст. Росквіт Н. прыпадае на 16—17 ст., калі горад (тут існавала партуг. факторыя) стаў цэнтрам хрысціянства ў Японіі і адзіным яп. портам (з 1640), праз які вёўся абмежаваны гандаль з галандцамі і кітайцамі. З канца 19 ст. цэнтр ваен. суднабудавання. У канцы 2-й сусв. вайны 1939—45 на Н. 9.8.1945 была скінута амер. атамная бомба, якая разбурыла 1/3 горада; забіта і паранена каля 75 тыс.чал. З 1956 у Н. адбываюцца міжнар. канферэнцыі аб забароне атамнай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОСТ-І́НДСКАЯ КАМПА́НІЯАнглійская
(англ. East India Company),
прыватная кампанія (1600—1858) для гандлю з Ост-Індыяй, Паўд.-Усх. Азіяй і Кітаем. У 1-й пал. 17 ст. гэта аморфная арг-цыя лонданскіх купцоў, якія перыядычна аб’ядноўвалі капіталы для гандл. экспедыцый у Ост-Індыю. З 1657 акц. кампанія з пастаянным капіталам. Пасля працяглай барацьбы з канкурэнтамі (Партугаліяй, галандскай і франц. Ост-Індскімі кампаніямі) і інд. правіцелямі ў 17 ст. стварыла ў Індыі 7 факторый і некалькі ўмацаваных пунктаў. Атрымала ад англ. ўрада права абвяшчаць вайну і заключаць мір у Ост-Індыі (1661), чаканіць манету, ствараць ваенна-палявыя суды, распараджацца сваёй арміяй і флотам (1686), манапольнае права на гандаль з Ост-Індыяй (1708). Пасля 1757 захапіла Бенгалію і шэраг інш. тэрыторый, да 1849 падпарадкавала ўсю Індыю, да 1852 — Ніжнюю Бірму. Англ. парламент, незадаволены бескантрольнасцю кампаніі, прыняў шэраг актаў (1773, 1784, 1813, 1833, 1853), якімі падначаліў яе каралеўскаму Кантрольнаму савету. У 1813 адменена манаполія О.-І.к. на гандаль з Індыяй, з 1833 яе гандл. дзейнасць забаронена. У 1858 у час Індыйскага народнага паўстання 1857—59 кампанія ліквідавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Дзмітрый Рыгоравіч) (4.11.1897, в. Паўлава Калагрыўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — ліп. 1941),
сав. ваенны дзеяч, Герой Сав. Саюза (1937), ген. арміі (1941), удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну.
Скончыў Омскую вышэйшую кав. школу (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928), акад. курсы пры Ваенна-тэхн. акадэміі (1931). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1931 на ваен. службе ў Гомелі, Бабруйску. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39, баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1940 камандуючы войскамі Зах. асобай ваен. акругі, з пач.Вял.Айч. вайны — войскамі Зах. фронту, пасля разгрому якіх у Навагрудскім «катле»Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР адхілены ад пасады і 22.7.1941 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны 31.7.1957. Чл.ЦВКБССР у 1935—36. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1940.
Літ.:
Качелин М.М. Дальний костер: Воспоминания. М., 1968;
Голубев Е.П. Боевые звезды. 2 изд. Ярославль, 1972;
Жуков Г.К. Воспоминания и размышления. Т. 1. 10 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ РЭВІ́ЗІЯ 1552,
апісанне Полаччыны, зробленае рэвізорамі маршалкам гаспадарскім Я.Кмітам і канюшым трокскім М.Падцандкоўскім. Было важным сац.-эканам. мерапрыемствам, ажыццёўленым вярх. уладай з мэтаю дакладнага ўліку эканам. стану зямель у Полацкім ваяв., замкаў, гарадоў, у т. л. Полацка, ваен. рэсурсаў і патрэб, павелічэння дзярж. даходаў і інш. Уключала падрабязнае апісанне абарончых збудаванняў Полацка (вежы, сцены, брамы, масты), гармат, павіннасцей асн. груп насельніцтва, зямельных уладанняў шляхты (з пазначэннем колькасці дымоў у сёлах, узбр. коннікаў, вылучаных у войска), духавенства, мяшчан. Рэвізія дае магчымасць меркаваць пра колькасць і размяшчэнне гар. насельніцтва, тапаграфію Полацка, заняткі, сац. дыферэнцыяцыю гараджан і інш. Дакументы П.р. выдадзены ў 1880 Ю.Шуйскім паводле дэфектнага спіса сярэдзіны 18 ст., што належаў б-цы графаў Браніцкіх (у серыі: Крыніцы па гісторыі Польшчы. Кракаў, т. 5) і ў 1905 І.І.Лапам паводле спіса канца 16 або 1-й пал. 17 ст.Ваенна-вучонага архіва Гал. штаба (Чытанні ў Т-ве гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Кн. 2). Апошняе выданне зроблена на больш высокім навук. узроўні, мае імянны, геагр. і прадметны паказальнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́КША (Леанід Януаравіч) (19.4.1912, г. Полацк Віцебскай вобл. — 9.12.1994),
бел. пісьменнік. Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1955). Настаўнічаў, працаваў у рэдакцыях газет, з 1956 у час. «Коммунист Белоруссии», рэдактар газ. «Голас Радзімы», у 1969—72 гал. рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1937. Пісаў на рус., бел., польскай мовах. Аўтар зб. апавяданняў і нарысаў «Крыніца прыгажосці» (1960), кніг памфлетаў «Камедыянты» (1961), «След вядзе за мяжу» (1965), «Інтрыгі прэзідэнцкага двара» (1967), «Візітная картка народа» (1972), дакумент. аповесці «За Добрыцай рэчкай» (1975), рамана «Пакуль жывеш на свеце» (1980) пра першыя пасляваен. гады ў зах. абласцях Беларусі, Украіны, у Польшчы, зб-каў гумарыст. апавяданняў «Каб жылося-вялося» (1961), «Кантроль сумлення» (1963), «Не ў тым поездзе» (1971), «Самадзейнасць у ліфце» (1972). Пісаў для дзяцей (кн. «Хлопчык у вялікіх чаравіках», 1963; «Незвычайныя прыгоды хлопчыка Бульбінкі», 1973) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРЫ́ЧНІНА, апрышніна,
1) у 14—15 ст. асобнае ўдзельнае ўладанне жанчын з велікакняжацкай сям’і.
2) Назва ўласнага ўдзелу Івана IV у 1565—72 з асобнай тэрыторыяй, войскам і дзярж. Апаратам.
3) Сістэма надзвычайных ваенна-адм., сац.-эканам. мерапрыемстваў Івана IV у 1565—72 для ўмацавання самадзярж. улады, ліквідацыі феад. раздробленасці, барацьбы з непакорнымі феадаламі. Мэтай апрычніны абвяшчалася выкараненне «крамолы». Ажыццяўлялася апрычнікамі, якія мелі неабмежаваныя правы і ўладу, былі непадсудныя органам улады і суда. Суправаджалася жорсткімі расправамі з баярска-княжацкай апазіцыяй, масавымі смяротнымі пакараннямі часта невінаватых людзей, зямельнымі канфіскацыямі і інш. Асабліва жорсткія рэпрэсіі чынілі А.Д.Басманаў, А.І.Вяземскі, Р.Л.Скуратаў-Бельскі і інш. У выніку апрычніны выкаранены феад. сепаратызм, умацаваны самадзярж. дэспатызм і яго сац. апора — служылыя людзі, дваране і сярэднія землеўладальнікі; узмоцнена прыгонніцтва, збяднела значная частка насельніцтва, асабліва пасадскія людзі. У 1572 апрычніна адменена, частка канфіскаваных земляў вернута іх б. уладальнікам.
Літ.:
Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985. С. 136—160;
Ключевский В.О. Русская история: Полн. курс лекций. М., 1993. Кн. 1. С. 483—495;
Соловьев С.М. Соч.М., 1989. Кн. 3, т. 5—6. С. 506—547.