ПАНАМАРЭ́НКА Яўген Парфір’евіч (9.3.1909, г. Херсон, Украіна — 3.8.1994),

укр. акцёр. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў драм. студыю пры Адэскай дзярж. драме (1928), дзе працаваў з 1926. З 1936 ва Укр. т-ры ім. І.​Франко. Творчасць П. вылучалася маст. прастатой, тонкім лірызмам, арганічным спалучэннем паэтычнасці і драматызму. Сярод лепшых роляў: Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Іван («Марнасць» І.​К.​Карпенкі-Карага), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Швандзя («Любоў Яравая» К.​Транёва), Іскра і Антоніо («Старонка дзённіка» і «Памяць сэрца» А.​Карнейчука), Т.​Р.​Шаўчэнка («Пецярбургская восень» А.​Ільчанкі) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1971.

т. 12, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СІ (Rossi) Эрнеста (27.3.1827, г. Ліворна, Італія —4.6.1896),

італьянскі акцёр. Вучань Г.​Модэны, у трупе якога працаваў з 1846. З 1855 пастаянна гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі, у 1877, 1878, 1890, 1895, 1896 — у Расіі. Сусв. вядомасць набыў выкананнем шэкспіраўскага трагедыйнага рэпертуару: Гамлет, кароль Лір, Атэла, Макбет, Рычард III (аднайм. трагедыі У.​Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Дон Гуан, Барон («Каменны госць», «Скупы рыцар» А.​Пушкіна), Іаан Грозны («Смерць Іаана Грознага» А.​К.​Талстога), Паала («Франчэска да Рыміні» С.​Пеліка). Мастацтва Р. вызначалася праўдзівасцю пачуццяў, эмацыянальнасцю, паслядоўнасцю развіцця характараў, дасканалай акцёрскай тэхнікай. Аўтар тэатр. мемуараў «40 гадоў артыстычнага жыцця» (т. 1—3, 1887—89).

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАКО́Ў Анатоль Абрамавіч (31.3.1921, г. Растоў-на-Доне, Расія — 10.4.1990),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў студыю т-ра імя М.​Горкага ў Растове-на-Доне (1940). Працаваў у т-рах Расіі. З 1955 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Выконваў гераічныя і характарныя ролі. Сярод работ: Кусонскі, Стрыжэўскі («Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.​Губарэвіча), «Камандзір браняпоезда» («Дні нашага нараджэння» І.​Мележа), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Баян («Клоп» У.​Маякоўскага), Судакоў («Гняздо глушца» В.​Розава), Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Вурм, Лейстэр («Каварства і каханне», «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), доктар Ранк («Нора» Г.​Ібсена). Зняўся ў тэлефільме «Атланты і карыятыды».

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́НДА (Fonda) Генры (16.5.1905, г. Гранд-Айленд, ЗША — 12.8.1982),

амерыканскі акцёр. Вучыўся ў Мінесоцкім ун-це. З 1925 у т-ры, з 1935 у кіно. Стварыў вобразы, якія вызначаліся публіцыст. страснасцю ў спалучэнні з дакладнасцю сац.-быт. характарыстык, глыбінёй псіхал. аналізу: «Жывеш толькі раз» (1937), «Блакада» (1938), «Юны містэр Лінкальн» (1939), «Гронкі гневу» (1940), «Мая дарагая Клеменціна» (1946), «Вайна і мір» (1956), «Дванаццаць раззлаваных мужчын» (1957), «Самы годны» (1964, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія), «Аднойчы на Далёкім Захадзе» (1968), «Каля Залатога возера» (1981, прэмія «Оскар», прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1982). Прэмія «Оскар» 1981 за ўклад у кінамастацтва.

т. 16, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛІ́ТАЎ Фуад Ібрагімавіч (18.2.1909, Казань, Татарстан — 1981),

татарскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1957). Нар. арт. СССР (1975). Скончыў студыю (1930), працаваў у Казанскім рабочым т-ры. З 1937 у Татарскім акад. т-ры імя Г.​Камала. Стварыў самабытныя вобразы тат. асветніка Каюма Насыры («Каюм Насыры» М.​Галі і Х.​Уразікава) і паэта Мусы Джаліля («Муса» Н.​Ісанбета). З інш. роляў: Хуснутдзін («Хаджы Эфендзі ажаніўся» Ш.​Камала), Шаіхмірза («Амерыканец» К.​Тынчурына), Маргарытаў («Позняе каханне» А.​Астроўскага), Шадрын («Чалавек з ружжом» М.​Пагодзіна), Кент, Рамэо («Кароль Лір», «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Плужын («Чалавек з боку» І.​Дварэцкага), Бланка («Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе» Г.​Баравіка).

т. 16, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУПА́К Юзя (сапр. Сайкоўскі Язэп Язэпавіч; 1890, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 2-я пал. 1936),

бел. пісьменнік і культ. дзеяч. Скончыў Радашковіцкае гар. вучылішча. Працаваў мулярам. Выконваў розныя мазаічныя работы ў Радашковічах, Івянцы, Заслаўі, Мінску, Красным. Друкаваўся з 1908 у газ. «Наша ніва» (вершы «Весела, смела...», «Як гляджу на свой край», «Песня», «Пташка»). Пісаў допісы пра тэатр, асветніцкае і культ. жыццё краю. У Радашковічах ставіў на аматарскай сцэне бел. спектаклі, у якіх выступаў і як акцёр («Міхалка» Далецкіх, «Паўлінка» Я.​Купалы і інш.).

Тв.:

У кн. Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

Літ.:

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 17, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НІНГС (Jannings) Эміль (23.7.1884, г. Роршах, Швейцарыя — 2.1.1950),

нямецкі акцёр. Працаваў у т-рах Германіі (з 1914 у Ням. т-ры М.​Райнгарта ў Берліне). Яго мастацтву ўласцівы праўдзівасць, пластычная і мімічная выразнасць, экспрэсіўнасць, імкненне да тонкай псіхал. дэталізацыі і філас. абагульнення. Сярод роляў: Мефістофель («Фауст» І.​В.​Гётэ), Геншэль («Возчык Геншэль» Г.​Гаўптмана), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра) і інш. Адначасова здымаўся ў кіно (у 1927—29 у Галівудзе); «Апошні чалавек» (1925), «Тарцюф», «Фауст» (абодва 1926), «Апошні загад», «Шлях усякай плоці» (абодва 1927; за абодва прэміі «Оскар»), «Блакітны анёл» (1930), «Уладар» (1938, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРО́Н Рыгор Маркавіч (5.2.1893, С.-Пецярбург — 31.12.1963),

расійскі артыст аперэты. Нар. арт. Расіі (1940). Скончыў драм. школу Пецярбургскага літ.-маст. т-ва (1912). З 1911 выступаў у т-рах Кіева, Адэсы, Масквы, Петраграда. Адзін з арганізатараў (1927), у 1927—39 і 1942—45 акцёр, рэжысёр, заг. маст. часткі Маск. т-ра аперэты. Сярод партый: Граф Кутайсаў («Халопка» М.​Стрэльнікава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Валяпюк, Папулеску, Пелікан («Сільва», «Марыца», «Прынцэса цырка» І.​Кальмана) і інш. Паставіў спектаклі: «Вяселле ў Малінаўцы» (1937), «Сільва» (1940) і інш. Аўтар кн. «Пра любімы жанр» (2-е выд., 1963). Здымаўся ў кіно.

т. 18, кн. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРАНЦІ́НА (Tarantino) Квенцін (н. 27.3.1963, г. Ноксвіл, штат Тэнесі, ЗША),

амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр, прадзюсер. Дэбютаваў як рэжысёр і сцэнарыст стужкай «Шалёныя сабакі» (1992). Найб. значны яго фільм «Крымінальная чытаніна» (1994, прэмія «Оскар» за лепшы сцэнарый, Залатая пальмавая галіна Міжнар. кінафестывалю ў Канах) стаў этапным у развіцці кінематографа 1990-х г. Аўтар сцэнарыяў да фільмаў «Сапраўднае каханне» (1993), «Прыроджаныя забойцы» (1994), «Чатыры пакоі» (эпізод «Чалавек з Галівуда»; і рэжысёр), «Барвовы прыліў» (абодва 1995), «Ад захаду да світання», «Запечаная кроў» (абодва 1996), «Джэкі Браун» (1997; і рэжысёр). Здымаўся ў большасці сваіх фільмаў і ў інш. рэжысёраў («Роспачны», «Нікі, д’ябал малодшы» і інш.).

т. 18, кн. 1, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́ВІЧ Уладзімір Мікалаевіч (1.11.1895, в. Крыловічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 23.10.1937),

бел. акцёр; адзін з заснавальнікаў бел. т-ра. Засл. арт. Беларусі (1931). Скончыў Мінскае гар. вучылішча (1914). З 1915 выступаў на аматарскай сцэне. З 1921 у БДТ-1 (цяпер Нац. акад. т-р імя Я.​Купалы). Акцёр шырокага творчага дыяпазону: выконваў ролі сац. і рамант. герояў, характарныя і камедыйныя. Валодаў яркімі сцэнічнымі данымі, высокай культурай мовы, дасканаласцю грыму, мімікі і жэстаў, майстэрствам поўнага пераўвасаблення, узбуйненай тыпізацыі характараў, імправізацыі пры тонкім адчуванні акцёрскага ансамбля. Яго ранняй творчасці ўласціва яскравая рамант. афарбоўка (Машэка, Кастусь Каліноўскі ў аднайм. п’есах Е.​Міровіча). Па-майстэрску непераўзыдзена ствараў вобразы нац. драматургіі: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.​Купалы), Кручкоў («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Ваявода, Граковіч і Вагін («Каваль-ваявода», «Перамога» і «Запяюць верацёны» Міровіча), Жрэц, Чужакоў («Вір» і «Мост» Я.​Рамановіча), Шчураў («Міжбур’е» Дз.​Курдзіна), Карнейчык («Канец дружбы» К.​Крапівы) і інш. Сярод інш. роляў: Мароз («Гута» Р.​Кобеца), Шагабутдзінаў («Мяцеж» паводле Дз.​Фурманава), Вяршынін («Браняпоезд 14—69» У.​Іванова), Малько («Далёкае» А.​Афінагенава), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Чадаў («Жыццё кліча» У.​Біль-Белацаркоўскага). У характарных і камедыйных ролях вынаходзіў трапныя дэталі, непаўторныя нюансы: Тарквіній («Жрэц Тарквіній» С.​Паліванава), Муфці («Мешчанін у дваранах» Мальера), Крэспа («Вясковы суддзя» П.​Кальдэрона) і інш. Здымаўся ў кіно: «Двойчы народжаны», «Дняпро ў агні». На магіле К. на Вайсковых могілках у Мінску ўстаноўлены яго бюст.

Літ.:

Есакоў А. Уладзімір Крыловіч. Мн., 1956;

Рамановіч Я. Уладзімір Крыловіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985;

Сабалеўскі А. Ажыццёўленае і няздзейсненае // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.

У.​І.​Няфёд.

У.М.Крыловіч.
У.Крыловіч у ролі Кастуся Каліноўскага.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)