У складзе Рас. Федэрацыі. Утвораны 7.12.1934. Размешчаны пераважна ў межах Усх. Сібіры, у бас.р. Енісей; уключае таксама архіпелаг Паўн. Зямля і прылеглыя астравы. Пл. 2339,7 тыс.км². Нас. 3107 тыс.чал. (1997), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 1,3 чал. на 1 км² (0,01 чал. на 1 км² на Пн, 25 чал. на 1 км² у паласе каля Транссібірскай магістралі). Жывуць рускія (87,6%), украінцы (3,5), татары (1,6), немцы (1,4), беларусы (1), чувашы (0,8), народы Поўначы (эвенкі, даўганы, ненцы, якуты, нганасаны, кеты — 0,5%) і інш. У складзе К.К. Таймырская (Даўгана-Ненецкая) аўтаномная акруга, Эвенкійская аўтаномная акруга. Цэнтр — г.Краснаярск. Найб. гарады: Нарыльск, Ачынск, Канск, Жалезнагорск, Мінусінск, Лесасібірск, Назарава.
Прырода. Край прасціраецца ад берагоў Паўн. Ледавітага ак. да гор Паўд. Сібіры амаль на 3 тыс.км. На Пнп-аў Таймыр з гарамі Быранга (выш. да 1146 м), якія абрываюцца на Пд да забалочанай Паўн.-Сіб. нізіны. На З — усх. частка Зах.-Сіб. раўніны. У цэнтры Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), з найб. вышынямі на Енісейскім кражы (да 1104 м) і плато Путарана (да 1701 м). Паўд.ч. занята адгор’ямі Усх. Саяна (выш. да 2922 м) і Зах. Саяна (выш. да 2456 м) і Мінусінскай катлавінай. Край багаты карыснымі выкапнямі. Геал. запасы вугалю больш за 3 трлн. т. Распрацоўваецца Канска-Ачынскі вугальны басейн (638 млрд.т), перспектыўныя Тунгускі (2299 млрд.т) і Таймырскі (235 млрд.т) басейны. Буйныя радовішчы жал. (Ніжнеангарскае, Тагарскае), медна-нікелевых і спадарожных руд (малібдэн, кобальт, вальфрам, плаціна), металаў, баксітаў, золата, графіту, фасфарытаў, слюды, нафты і газу, кухоннай солі, паўкаштоўных камянёў. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -36 °C на Пн да -18 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 13 да 20 °C. Ападкаў ад 200—300 мм на Пн да 800—1200 мм за год у гарах Паўд. Сібіры. На Пн ад р. Ніжняя Тунгуска шматгадовая мерзлата. Рэкі належаць да бас.Паўн. Ледавітага ак. Найбольшая р. Енісей з прытокамі Ангара, Падкаменная і Ніжняя Тунгуска, Сым, Елагуй; рэкі Хатанга, Пясіна, Таймыра і прытокі Обі — Чулым і Кець. Рэкі багатыя гідраэнергіяй, суднаходныя. Азёры — Таймыр, Пясіна, Лама, Кета і інш. Краснаярскае вадасховішча. Глебы на Пн забалочаныя, тарфяныя, на Пд мярзлотна-таежныя, шэрыя лясныя, чарназёмныя і каштанавыя. На п-ве Таймыр пашырана мохава-лішайнікавая тундра. Пад лесам каля 150 млн.га. Пераважае тайга з лістоўніцы, піхты, хвоі, кедра. На Пд ад зоны тайгі паласа мяшаных і драбналістых лясоў. Астраўныя лесастэпы (Ачынскі, Краснаярскі, Канскі) пераходзяць у стэпы Мінусінскай катлавіны. Жывёльны свет разнастайны. У тундры водзяцца лемінг, пясец, заяц-бяляк, алень, у тайзе — лось, кабарга, вавёрка, бурундук, буры мядзведзь, расамаха, гарнастай, собаль, ліс і інш. Запаведнікі «Сталбы» і Таймырскі.
Гаспадарка. К.к. мае магутны эканам. патэнцыял. На долю прам-сці прыпадае 70% усёй прадукцыі, на сельскую гаспадарку — 12%. Асн. галіны: горназдабыўная, электраэнергет., металургічная, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лясная. Паліўна-энергет. комплекс фарміруецца на гідраэнергіі Енісея (Краснаярская, Усць-Хантайская ГЭС) і вугалі Канска-Ачынскага вугальнага басейна. Дзейнічаюць Бярозаўскі, Назараўскі і Ірша-Барадзінскі вугальны разрэзы. У 1996 здабыта 38,5 млн.т вугалю. Вытв-сць электраэнергіі 49 млрд.кВтгадз (1996). Вядзецца здабыча жал. руды (1,7 млн.т), каляровых і рэдкіх металаў, графіту, слюды, барыту, кааліну. Каляровая металургія спецыялізуецца на вытв-сці нікелю, медзі, кобальту, селену, золата, серабра, плаціны, паладыю, ірыдыю (Нарыльск), гліназёму (Ачынск), алюмінію (Краснаярск). Якасную сталь выплаўляе металургічны з-д «Сібэлектрасталь» у Краснаярску. Машынабудаванне і металаапрацоўка: з-ды па вытв-сці збожжаўборачных камбайнаў, электрарухавікоў, радыётэхнікі, тэлевізараў, халадзільнікаў, абсталявання для лясной і алюмініевай прам-сці (Краснаярск), аўтамаб. і трактарных прычэпаў (Сасноваборск), абсталявання для папяровай прам-сці (Канск), нізкавольтнай апаратуры (Дзіўнагорск), комплекс электратэхн. вытв-сці (кабель, высакавольтная апаратура, электранагравальныя прылады, Мінусінск). Суднабудаванне ў Краснаярску, суднаверф у Енісейску. Развіта лясная і дрэваапр.прам-сць. Лесапілаванне і дрэваапрацоўка ў Лесасібірску, Ачынску, Енісейску, Багучанах, Ігарцы; цэлюлозна-папяровая вытв-сць у Краснаярску; мэблевая ў Мінусінску, Назараве, Заазерным. Вытв-сць (1996): дзелавой драўніны 5.4 млн.м³, піламатэрыялаў 1,6 млн.м³, паперы 50,3 тыс.т, кардону 58,4 тыс.т. На аснове хім. перапрацоўкі драўніны развіта вытв-сцьсінт. каўчуку, хім. валакна, шын, гумава-тэхн. вырабаў (Краснаярск). У Ачынску нафтаперапр.з-д. Прам-сцьбуд. матэрыялаў у Краснаярску, Ачынску, Канску, Дзіўнагорску, Назараве. Лёгкая прам-сць: баваўняны камбінат у Канску, шаўковы ў Краснаярску, гарбарна-абутковыя ф-кі ў Краснаярску і Канску, швейныя ф-кі. Харч.прам-сць працуе на мясцовай с.-г. сыравіне. Рыбазаводы ў Дудзінцы і Ігарцы. Пл.с.-г. угоддзяў больш за 5 млн.га, у т. л. пад ворывам 3,3 млн.га, пад пашай 1,3 млн.га. Асн. ворныя землі ў лесастэпавых і стэпавых раёнах Мінусінскай катлавіны. Сеюць яравую пшаніцу, жыта, авёс, проса, грэчку. Вырошчваюць бульбу, лён, сланечнік, цукр. буракі, агародніну. Збор (млн.т, 1995): збожжа — 2,2, бульбы — 1,1, агародніны — 0,2. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна-, коне- і авечкагадоўля, на Пн — аленегадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 944, 7, свіней — 655,2. Вял. значэнне маюць зверагадоўля і пушны промысел (Эвенкійская аўт. акруга). Пчалярства, збор кедравых арэхаў. Даўж. чыгункі 2,1 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 19,6 тыс.км. Гал. чыгунка — Транссібірская магістраль, самая паўн. чыгунка — Нарыльск—Дудзінка. Даўж. суднаходных шляхоў 6,2 тыс.км. Суднаходства па р. Енісей з выхадам да Паўн. марскога шляху. Парты — Дудзінка, Дыксан, Хатанга, Ігарка. Курорты Учум і Шыра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧНА,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., на р. Уша. За 73 км ад Мінска. Вузел чыг. ліній на Мінск (электрыфікаваная), Полацк, Вільню. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільняй, Мядзелам, Валожынам. 98 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца 16.12.1388. З 1413 у Віленскім ваяв.ВКЛ. У 15 ст. пабудаваны Маладзечанскі замак. Належаў Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У 16 ст. неаднаразова спустошаны ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558—83 (у 1567). Да 17 ст. горад меў каля 3 тыс.ж., уваходзіў у лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. У 1708 у Паўн. вайну 1700—21 захоплены шведскімі войскамі. У 1757 атрымаў прывілей на гандаль. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. У вайну 1812 адбыўся Маладзечанскі бой 1812. З 1860 працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 праз М. пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 было 648 ж., 85 двароў, 3 царквы, паштовая станцыя, піваварня, 18 крам, штотыднёвыя кірмашы. У пач. 20 ст. ў М. 2393 ж., 6 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну ў прыфрантавой паласе. З 18 лют. да 18 снеж. 1918 акупіраваны герм., з ліп. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв., з 1927 цэнтр Маладзечанскага павета. У 1929 атрымаў статус горада, створаны магістрат. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобл. У Вял.Айч. вайну 25.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 34 718 чал., стварылі Маладзечанскі лагер смерці; дзейнічала Маладзечанская дыверсійна-разведвальная група. Вызвалена 5 ліп. ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. З 1944 цэнтр Маладзечанскай вобласці. У 1947—55 працаваў настаўніцкі ін-т. З 1960 у Мінскай вобл. У 1972—56,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне«Электрамодуль», радыёзавод, з-ды металаканструкцый, металавырабаў, парашковай металургіі), лёгкай (швейная і мужчынскага абутку ф-кі), харч. (мяса-, хлеба- і плодакансервавы камбінаты, малочны з-д, піўзавод, кандытарская ф-ка), буд. матэрыялаў, дрэваапр. (Маладзечанская мэблевая фабрыка) прам-сці. Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Мінскі абласны краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, парт. і сав. работнікаў, магіла ахвяр фашызму.
У 19 ст. ў М. былі 4 вуліцы, якія разыходзіліся крыжападобна. Хуткі рост М. пачаўся ў сувязі з буд-вам Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1907 пабудаваны мураваны чыг. вакзал. Генпланы М. распрацаваны ў 1949, 1965 і 1983. Горад развіваецца ў паўд. і ўсх. напрамках. Сетка вуліц прамавугольная. Чыгункі падзяляюць горад на 4 планіровачныя раёны: зах. (канцэнтрацыя прамысл. прадпрыемстваў), паўн. (індывід. жылая забудова), усх. (прамысл. раён; старая ч. горада з пл. Свабоды, б. гандлёвая, дзе захаваўся помнік архітэктуры — Маладзечанская Пакроўская царква), паўд. (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Гал. магістралі — праспект Леніна, вуліцы Прытыцкага, Савецкая, Валынца, Я.Купалы (у 1980-я г. ўзбоч яе пабудаваны мікрараён Шырокая Дуброва), М.Горкага (часткова захаваўся помнік архітэктуры 18 ст. — будынак б. Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, раней манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворана пл. Леніна. Цэнтр.ч. горада забудавана 2—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размешчаны групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілуэт забудовы. Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1986 прадугледжана яго развіццё ў паўн.-зах. напрамку, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на 4 планіровачныя комплексы рознага функцыян. прызначэння; азеляненне, стварэнне спарт. і расшырэнне паркавай зон. У М. — помнік у гонар перамогі рус. войск у вайну 1812, ахвярам фашызму на тэр.б. лагера смерці, мемар. комплекс у гонар вызваліцеляў.
У пач. 19 ст. ў шляхецкім павятовым вучылішчы па ініцыятыве Т.Зана і Л.Ходзькі створаны школьны т-р. Ставіліся камедыі Зана «Сталасць у сяброўстве», «Грэцкія піражкі» і інш., наладжваліся тэатралізаваныя імправізаваныя «школьныя гульні». Спектаклі адбываліся і ў прагімназіі. У канцы 1870—1911 дзейнічаў школьны т-р у настаўніцкай семінарыі, у якім ставіліся п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Чэхава. У 1913—14 у М., верагодна, выступала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1910-х — 1930-я г. дзейнічалі аматарскія драм. гурткі пад кіраўніцтвам Я.Давідовіча, К.Бубена, П.Мятлы, А.Капуцкага і інш. Ставіліся п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Кветкі шчасця» Ф.Аляхновіча, «Модны шляхцюк» К.Каганца. Адбываліся паказы батлейкі М.Капуцкага і А.Буські. З канца 1940-х г. працавалі самадзейныя драм. гурткі ў школах, на прадпрыемствах. У 1968 арганізаваны дзіцячы лялечны т-р (з 1973 Маладзечанскі ўзорны т-р лялек). З 1991 у М. працуе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», з 1993 — Мінскі абласны драматычны тэатр.
Муз. жыццё горада сканцэнтравана пераважна вакол Маладзечанскага музычнага вучылішча. У М. працуюць Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, Мінскі абласны камерны хор «Санорус», шматлікія калектывы муз. і маст. самадзейнасці, многія з якіх маюць званні народных і ўзорных; праводзяцца традыцыйны Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, рэсп.тэатр. фестываль «Маладзечанская сакавіца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДЫ ЕЎРО́ПЫ У Еўропе жыве каля 725 млн.чал.
(ацэнка на пач. 1998). Больш за 90% насельніцтва належыць да еўрапеоіднай расы, якая падзяляецца на паўн. і паўд. адгалінаванні. У выніку шматвяковых расавых змяшанняў больш за палавіну насельніцтва адносіцца да пераходных форм паміж паўн. і паўд. еўрапеоідамі. Есць насельніцтва, якое належыць да мангалоіднай расы (калмыкі, групы эмігрантаў з краін Усх. Азіі і інш.) і да негроіднай расы (эмігранты з краін Афрыкі і інш.). Частку насельніцтва складаюць мяшаныя еўрапеоідна-мангалоідныя групы (башкіры, казахі, групы жыхароў Паўн. Каўказа і інш.),
мяшаныя еўрапеоідна-негроідныя групы (мулаты-эмігранты з Вест-Індыі і інш.).
Еўропу насяляюць прадстаўнікі больш як 200 народаў. Прыкладна для 100 народаў Еўропа з’яўляецца асн. месцам пражывання. 65 народаў налічваюць больш за 500 тыс.чал. кожны, іх агульная колькасць 716,4 млн.чал. (98,8% усяго насельніцтва кантынента), з іх 4 народы — больш за 50 млн. (рускія — 120, немцы — 75, італьянцы — 57, французы — 56,8) і 23 народы — больш за 5 млн. (англічане — 48,5, палякі — 42,5, украінцы — 41,6, іспанцы — 39, румыны —21,2, венгры — 13, галандцы — 12,3, партугальцы — 10,8, грэкі — 10,1, беларусы — 9,8, шведы — 8,8, чэхі — 8,5, сербы — 8,4, балгары — 8,2, каталонцы — 7,8, аўстрыйцы — 7,7, фламандцы — 7,1, ірландцы —6, датчане — 5,9, шатландцы — 5,2, славакі — 5,1, фіны — 5, албанцы — 5) чал.Нац. кансалідацыя Еўропы пачалася раней, чым на інш. кантынентах. Да канца 19 ст. многія народы склаліся ў нацыі. Ва Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе гэты працэс закончыўся пасля 1-й сусв. вайны. У канцы 20 ст. больш чым у 2/3 краін Еўропы (Германія, Партугалія, Італія, Польшча, Данія, Ісландыя, Ірландыя, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Грэцыя, Літва, Славенія, Харватыя, Албанія і інш.) асн. народ складае каля 90% і больш. На Беларусі беларусы складаюць 81,2% насельніцтва, жывуць таксама рускія, палякі, украінцы, яўрэі і інш. У шэрагу краін жывуць вял. групы нац. меншасцей (Францыя, Румынія, Балгарыя, Украіна, Латвія, Эстонія, Югаславія), а некаторыя (Расія, Бельгія, Швейцарыя, Іспанія, Вялікабрытанія) з’яўляюцца шматнацыянальнымі краінамі. У еўрап.ч. Расіі акрамя рускіх жывуць народы Паволжа, Паўн. Каўказа, украінцы, беларусы, башкіры, карэлы, комі, выхадцы з Закаўказзя і Сярэдняй Азіі і інш., у Бельгіі — фламандцы і валоны, у Швейцарыі — германа-, франка- і італашвейцарцы і рэтараманцы, у Іспаніі — іспанцы, каталонцы, галісійцы, баскі і інш., у Вялікабрытаніі — англічане, шатландцы, уэльсцы, ольстэрцы, ірландцы, вял. групы эмігрантаў з б. калоній і інш. У 2-й пал. 20 ст. ў краінах Зах. Еўропы з’явіліся значныя групы выхадцаў з Паўн. і Экватарыяльнай Афрыкі, Б. Усходу, Лац. Амерыкі і Вест-Індыі. Каля 95% насельніцтва Еўропы гавораць на індаеўрапейскіх мовах (славянскай, германскай, раманскай, кельцкай, балтыйскай і інш. груп). На славянскіх мовах гавораць больш за 255 млн.чал. (рускія, украінцы, беларусы, палякі, чэхі, балгары, сербы, славакі, харваты, баснійцы, славенцы, македонцы, чарнагорцы, лужычане), на германскіх мовах — больш за 190 млн. (немцы, англічане, галандцы, шведы, аўстрыйцы, фламандцы, датчане, шатландцы, нарвежцы, германа-швейцарцы, эльзасцы, ольстэрцы, фрызы і інш.), на раманскіх мовах — каля 210 млн. (італьянцы, французы, іспанцы, румыны, партугальцы, каталонцы, валоны, малдаване, галісійцы, сардзінцы, франка-швейцарцы, фрыулы, карсіканцы і інш.). Народы кельцкай групы (каля 9,6 млн.чал.), даўней пашыраныя ў Цэнтр. і Зах. Еўропе, жывуць цяпер толькі на Брытанскіх а-вах (ірландцы, уэльсцы і гэлы) і на З Францыі (брэтонцы), б.ч. гэтых народаў перайшла на англ. і франц. мовы. На мовах балтыйскай групы гавораць літоўцы (3,2 млн.) і латышы (1,3 млн.). Да самаст. груп індаеўрапейскай сям’і належаць грэкі, албанцы, цыганы, армяне, курды, асеціны, выхадцы з Індыі і Пакістана. На фіна-угорскіх мовах гавораць больш за 22 млн.чал. (венгры, фіны, эстонцы, мардва, марыйцы, удмурты, комі і комі-пермякі, карэлы, саамы і інш.), на мовах семіцкай групы (з сям’і семітахаміцкіх моў) —2,5 млн. (арабы, выхадцы пераважна з Паўн. Афрыкі), на цюркскіх мовах — каля 9 млн. (туркі, татары, чувашы, башкіры, нагайцы, кумыкі, гагаузы і інш.). На Паўн. Каўказе каля 3 млн.чал. прыпадае на народы, якія гавораць на іберыйска-каўказскіх мовах (аварцы, лезгіны, даргінцы, лакцы, чэчэнцы, інгушы, кабардзінцы, адыгейцы, чэркесы і інш.). На ПнУ Еўропы жывуць ненцы (каля 7 тыс.чал.) — прадстаўнікі самадзійскай моўнай групы. Ізаляваная ў сістэме моўнай класіфікацыі мова баскаў (1,3 млн.чал.). У розных краінах Еўропы (найб. у Расіі, Украіне, Беларусі, Вялікабрытаніі і Францыі) — каля 2 млн. яўрэяў, якія гавораць на мовах насельніцтва, сярод якога жывуць, і на мове ідыш, што ўваходзіць у германскую групу. Еўропа — радзіма 2 асн. адгалінаванняў хрысціянства — правасл. і каталіцкай цэркваў, шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і рэліг. плыняў, якія вылучыліся з хрысціянства ў перыяд Рэфармацыі (16—17 ст.). У краінах Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы (Расія, Украіна, Беларусь, Румынія, Балгарыя, Грэцыя, Югаславія, Македонія) большасць вернікаў праваслаўныя. Каталіцызм пераважае ў краінах Паўд.-Зах. (Італія, Іспанія, Партугалія, Мальта) і некаторых краінах Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропы (Ірландыя, Францыя, Бельгія, Люксембург, Аўстрыя, Польшча, Літва, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Харватыя); у Германіі, Нідэрландах, Швейцарыі католікі складаюць палавіну насельніцтва, астатнія — пратэстанты. Пратэстантаў найбольш у краінах Паўн. Еўропы (Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ісландыя), а таксама ў Вялікабрытаніі, Латвіі, Эстоніі. Іслам вызнаюць у Албаніі і еўрап.ч. Турцыі. Значныя групы мусульман ёсць у Расіі (Паволжа, Паўн. Каўказ і Урал), Босніі і Герцагавіне, Балгарыі, многіх краінах Зах. Еўропы (нядаўнія эмігранты). У Еўропе жывуць таксама будысты (калмыкі і эмігранты з Паўд. і Усх. Азіі), групы індуістаў, канфуцыянцаў, сінтаістаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ФТА (тур. neft праз перс. ад грэч. naphtha),
вадкі гаручы карысны выкапень; складаная сумесь вуглевадародаў розных класаў з інш.арган. злучэннямі. Пашырана ў асадкавай абалонцы Зямлі. Утвараецца звычайна на глыб. больш за 1,2—2 км. Выкарыстоўваюць для атрымання вадкага паліва, змазачнага масла і інш. (гл.Нафтапрадукты), а таксама як сыравіну ў хім. прам-сці (гл.Нафтахімія, Нафтахімічная прамысловасць).
Масляністая вадкасць ад светла-рудога да цёмна-бурага (амаль чорнага) колеру з характэрным пахам, шчыльн. 730—1050 кг/м³ (звычайна 820—950 кг/м³); падзяляюць на лёгкую і цяжкую (шчыльн. меншая і большая за 900 кг/м³ адпаведна). Характарызуецца т-рай пачатку кіпення — звычайна 20—30 °C, часам 100 °C і вышэй Цеплата згарання 43,7—46,2 МДж/кг. У звычайных умовах не раствараецца ў вадзе, але можа ўтвараць з ёй устойлівыя эмульсіі. Фіз. ўласцівасці Н. абумоўлены яе хім. саставам. Н. ўяўляе сабой сумесь парафінавых, нафтэнавых (з 5- і 6-членнымі цыкламі) і араматычных вуглевадародаў, гетэраатамных арган. злучэнняў, пераважна сярністых, кіслародных і азоцістых. Кампанентамі Н з’яўляюцца таксама раствораныя ў ёй вуглевадародныя газы (гл.Газы нафтавыя спадарожныя), мінер. рэчывы і вада. Асн. элементы ў саставе Н. — вуглярод (82—87%) і вадарод (11—14%), ёсць таксама сера (ад 0,1 да 5%), азот і кісларод (звычайна не больш за 0,3—0,5%, часам да 1%); у Н. выяўлена больш за 50 розных элементаў. Н. розных радовішчаў адрозніваецца колькасцю вуглевадародаў розных класаў і прымесей. Класіфікуюць Н. паводле вуглевадароднага саставу фракцыі, што выкіпае пры т-ры 250—300 °C (хім класіфікацыя), колькасці серы і якасці вырабленых нафтапрадуктаў (тэхнал. класіфікацыя) Паводле хім. класіфікацыі адрозніваюць: Н. парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя (маюць больш за 50% вуглевадародаў адпаведнага класа), а таксама — змешаных тыпаў (разам з вуглевадародамі асн. класа маюць больш за 25% вуглевадародаў інш. класа). Па колькасці серы падзяляюць на маласярністыя (да 0,5% серы), сярністыя (0,51—2%) і высокасярністыя (больш за 2% серы), паводле якасці нафтапрадуктаў адрозніваюць 3 падкласы Н., якія падзяляюцца на гатункі.
Лічыцца, што Н ўтварылася з рэшткаў арган. рэчываў, рассеяных у асадкавых адкладах, пад уздзеяннем высокіх т-ры і ціску; некат. даследчыкі паходжанне Н. звязваюць з глыбіннымі магматычнымі працэсамі. Найбуйнейшыя нафтагазаносныя асадкавыя басейны прымеркаваны да ўнутрыплатформавых, унутрыскладкаватых, складкавата-платформавых і краявых прагінаў, а таксама перыакіянічных платформ. Радовішчы Н. (агульная пл. каля 80 млн.км²) выяўлены на ўсіх кантынентах акрамя Антарктыды (каля 50 млн.км²) і на шэльфавых плошчах акваторый (30 млн.км²); гл.Мінеральныя рэсурсы. У свеце каля 30 тыс. радовішчаў Н., агульныя запасы 155 073,4 млн.т (1997), з іх 15—20% — газанафтавыя. Адзін з найб. (па запасах) — Персідскага заліва нафтагазаносны басейн, дзе толькі ў 2 радовішчах Гавар (Саудаўская Аравія) і Бурган (Кувейт) сканцэнтравана больш за 12% разведаных нафтавых запасаў свету. Найб. запасы Н. (1997, млн.т.: Саудаўская Аравія — 35 863, Расія — 21 252,9, Ірак — 15 342,5, Кувейт — 12 972,6, Іран — 12 397,3, Венесуэла — 9945,6, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — 8718.
На Беларусі першы фантан Н. атрыманы ў 1953, на Ельскай структуры. Першае прамысл.Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964. Усяго адкрыта 62 радовішчы Н. (1999). Яны знаходзяцца ў Рэчыцкім, Светлагорскім, Акцябрскім, Калінкавіцкім, Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл.; прымеркаваны да паўн.ч.Прыпяцкага прагіну. Н. залягае ў пратэразойскіх адкладах, у падсалявых тэрыгенных (полацкі і ланскі гарызонты) і карбанатных (саргаеўскі, сямілуцкі, варонежскі), міжсалявых (задонскі, ялецкі, петрыкаўскі) і ўнутрысалявых (лебядзінскі) адкладах верхняга дэвону. Паклады Н. шматпластавыя (падсалявыя), масіўныя (міжсалявыя), літалагічныя (унутрысалявыя), скляпенневыя, тэктанічна і літалагічна экранаваныя. Глыб. залягання ад 1612 м (Бярэзінскае радовішча) да 4580 м (Першамайскае). Пл. нафтавых пакладаў ад менш за 1 км² да 50 км² (Рэчыцкае). Калектары асн. гарызонтаў кавернаватрэшчынныя карбанатныя пароды, у тэрыгеннай падсалявой тоўшчы — порыстыя пясчана-алеўрытавыя. Магутнасць нафтанасычаных парод ад 1—2 да 180 м (Паўд.-Аляксандраўскае). Паводле вуглевадароднага саставу Н. метанава-нафтэнавага тыпу, шчыльн. 787—985 кг/м³. Выхад светлых фракцый да 300 °C ад 24 да 68%. Колькасць парафіну да 15%, смол да 53%, серы 0,03—4,79%. У пластавых умовах умяшчае спадарожныя газы — 14—439 м³/т. Якасць Н. мяняецца па пл. Прыпяцкага прагіну: на Пн пераважаюць парафіністыя, смалістыя, маласярністыя, сярэдняй шчыльнасці, на Пд — цяжкія, высокасмалістыя, высокасярністыя, малапарафіністыя. Здабываюць Н. фантанным і механізаваным спосабамі. Разведка Н. вядзецца ВА «Белгеалогія» (б.«Беларусьгеалогія») і ВА«Беларусьнафта», здабыча — ВА «Беларусьнафта», гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць. Частка здабытай Н. транспартуецца па нафтаправодзе «Дружба». Перапрацоўка Н. ажыццяўляецца на Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Нафтан» і «Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе (гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць). Рэалізацыя нафтапрадуктаў здабываецца праз нафтабазы і аўтазаправачныя станцыі. Каардынацыйная дзейнасць па пытаннях пошуку, разведкі, здабычы, транспарціроўкі, перапрацоўкі Н. і забеспячэння нар. гаспадаркі нафтапрадуктамі вядзецца Бел.дзярж. канцэрнам па нафце і хіміі «Белнафтахім». Даследаваннямі Н. займаюцца Бел.н.-д. геолага-разведачны ін-тВА «Белгеалогія» і Беларускі н.-д. і пракатны ін-т нафтавай і газавай прам-сці ВА «Беларусьнафта».
Літ.:
Егиазаров Ю.Г., Козлов Н.С., Куликов В.И. Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972;
Петров А.А. Углеводороды нефти. М., 1984;
Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;
Геология и нефтегазоносность запада Восточно-Европейской платформы Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЭ́МА (ад грэч. poiema стварэнне),
буйны вершаваны твор, у якім адлюстроўваюцца духоўна высокія праявы жыцця і абуджаныя імі моцныя аўтарскія пачуцці. Цеснае спалучэнне падзейнага (эпічнага) і эмацыянальнага (лірычнага) планаў вызначае ліра-эпічны характар П. як асноўную яе жанравую разнавіднасць; перавага эпічных ці лірычных уласцівасцей дыктуе адпаведна эпічны або лірычны яе жанр. Радзей практыкуецца драматычная паэма. У адрозненне ад рамана або аповесці П. пазбягае падрабязных апісанняў, узнімаецца над паўсядзённасцю, імкнецца да філас. асэнсавання жыцця.
Бярэ пачатак з эпапеі. Эпічная прырода П. тлумачыць такія яе сутнасныя рысы, як гераічнасць, гістарычнасць, патэтычнасць. Вядома шмат жанравых разнавіднасцей П.: гераічная, дыдактычная, рамантычная, сатырычная, бурлескная, іранічная, лірыка-драматычнай. Вядучай галіной жанру доўгі час была П. на гіст.-гераічную тэму («Вызвалены Іерусалім» Т.Таса, «Песня пра Раланда»). Адначасова ўплывовай з’яўлялася П. з рамант. асаблівасцямі сюжэту («Віцязь у тыгровай скуры» Ш.Руставелі), звязаная з традыцыяй пераважнарыцарскага рамана. Паступова ў П. на першым плане сцвярджаецца асобасная, маральна-філас. характарыстыка, асвойваецца фалькл. традыцыя (паэмы В.Скота). Росквіт жанру адбываецца ў эпоху рамантызму (творы Дж.Байрана, А.Пушкіна, М.Лермантава, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш.). На змену рамант. прыйшла рэаліст. П., з большай увагай да штодзённага жыцця, пастаноўкай сац. праблем рэчаіснасці («Каму на Русі жыць добра» М.Някрасава). Вял. поспехаў П. дасягнула ў л-ры 20 ст. (паэмы А.Блока, С.Ясеніна, У.Маякоўскага, А.Твардоўскага, Я.Еўтушэнкі і інш.).
Бел. П. мае сувязь з агульнай усх.-слав. традыцыяй («Слова аб палку Ігаравым»), творчасцю паэтаў-лаціністаў («Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага). Як жанр стала ўваходзіць у бел. л-ру ў новы час. Новая бел.л-ра пачыналася бурлескна-травесційнымі П., у якіх узнёсла-гераічная пафаснасць класічных канонаў пераносілася са значнай іроніяй на нар.-быт. аснову (ананімныя «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»), Паступовая пераакцэптацыя ўвагі з учынкаў на ідэі і пачуцці садзейнічала ўзмацненню лірычнай плыні П., актуалізацыі маральна-этычнай праблематыкі, актыўнай замене эпічнай дакладнасці суб’ектыўнасцю аўтарскіх ацэнак. Сутыкненне лірычнага і эпічнага пачаткаў, барацьба выключнай асобы з лёсавызначальнымі сіламі свету пакладзена ў аснову рамант. П., узнікненне якой на Беларусі звязана з імёнамі Адэлі з Устроні («Мачыха») і В.Дуніна-Марцінкевіча («Ідылія», «Вечарніцы»). Рамант. П. ў сваёй эвалюцыі набывае паглыблены этыка-філас. змест, трансфармуючы рэальныя малюнкі ў сімвалічныя («Бандароўна», «Магіла льва» Я.Купалы, «Новая зямля», «Сымон-музыка» Я.Коласа). З развіццём рэаліст. манеры пісьма ў П. замацоўваецца комплексны эстэт. аналіз духоўных і грамадска-сац. аспектаў рэчаіснасці ў іх цэласнасці. У выніку ў П. 20 ст.ўнутр. сканцэнтраванасць герояў на прыватных, інтымных праблемах спалучаецца з маштабнасцю гіст. канцэпцыі эпохі. Значная ўвага да эпічных момантаў у сучаснай П. тлумачыцца глабальнымі зрухамі ў грамадска-гіст. жыцці чалавецтва (навук.-тэхн. прагрэс, рэвалюцыі, сусв. войны, экалагічныя катастрофы), пры гэтым апісальна-апавяд. плынь абавязкова спалучаецца з узрушана-лірычнымі каментарыямі аўтара, які часцей сам з’яўляецца ўдзельнікам згаданых падзей (паэмы П.Броўкі, А.Куляшова, М.Танка і інш.). На сучасным этапе П. — папулярны жанр у бел. паэтаў розных пакаленняў. Адметнасць стылю і метаду, спецыфіка вобразна-выяўленчай палітры пісьменнікаў, характар герояў і сюжэтных сітуацый абумоўліваюць наяўнасць унутрыжанравых мадыфікацый П.: эпапея («Новая зямля» Я.Коласа), героіка-рамант. («Курган» Я.Купалы), філас. («Яго Вялікасць» Русецкага), сатыр. («Хвядос, Чырвоны нос» К.Крапівы), патрыят. («Беларусь» Броўкі), гіст. («Хамуціус» Куляшова), П.-рэквіем («Бабчын» М.Мятліцкага) і г.д. Пры значным узбуйненні эпічных момантаў, ускладненых глыбокім сац.-псіхал. аналізам, узнікае П.-раман («Родныя дзеці» Н.Гілевіча). П. зрэдку называюць празаічны твор («Чазенія» У.Караткевіча), што абумоўлена высокай паэтычнасцю адлюстравання ці (радзей) адвольнымі аўтарскімі асацыяцыямі, што не маюць адносін да жанравай характарыстыкі твора.
2) П. ў музыцы — інстр. п’еса, лірыка-драм. або лірыка-апавяд. характару свабоднай будовы, часам праграмнага зместу. Узнікла ў муз. мастацтве ў выніку сінтэзу літ. і муз. жанраў. Звычайна пішуць для фп. або стр. смычковых інструментаў у суправаджэнні фп., зрэдку аркестра. Сярод узораў класічнай П.: П. для скрыпкі з фп. З.Фібіха, П. для фп. «Да полымя», «Трагічная паэма», «Сатанічная паэма» А.Скрабіна. У бел. музыцы П. стварылі для фп. П.Падкавыраў («А зязюля кукавала»), для віяланчэлі і фп. А.Бандарэнка («Славянская старажытнасць»), для скрыпкі з фп. М.Русін, Тырманд, У.Чараднічэнка і інш. Жанравае ўзбагачэнне рэпертуару для нар. інструментаў адбілася ў стварэнні П. для домры і фп., для цымбалаў і фп. М.Літвіна, сюіты-П. для цымбалаў і фп. Тырманд. У бел. камерна-інстр. музыцы пашыраны жанравыя сінтэзы, прадстаўленыя квартэтам-П. у Падкавырава, Н.Усцінавай, санатай-П. у К Цесакова. П. называюць таксама буйны адначасткавы, часцей праграмны, аркестравы твор (гл.Сімфанічная паэма), і вакальна-сімф. твор разгорнутай будовы, звычайна заснаваны на прынцыпе скразнога развіцця (гл.Вакальна-сімфанічная паэма). П. для голасу і фп. стварылі Л.Абеліёвіч, Я.Глебаў, А.Сонін; для хору а капэла — Абеліёвіч, М.Васючкоў, Л.Шлег.
Літ.:
Лазарук М.А. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;
Яго ж. Беларуская паэма ў другой палавіне XIX — пачатку XX ст.Мн., 1970;
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;
Жаков А.Г. Современная советская поэма. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА ЭЛЕМЕ́НТАЎ МЕНДЗЯЛЕ́ЕВА,
упарадкаванае мноства хім. элементаў, іх натуральная класіфікацыя, якая з’яўляецца таблічным выражэннем перыяд. закону Мендзялеева; фундаментальная аснова агульнай і неарганічнай хіміі і навук. база яе выкладання. Прапанавана Дз.І.Мендзялеевым у 1869 у выглядзе табліцы, названай ім «Спроба сістэмы элементаў, заснаваная на іх атамнай вазе і хімічным падабенстве». Стварэнне табліцы паслужыла асновай для адкрыцця перыяд. закону. Пасля стварэння ядз. мадэлі атама і эксперым. доказу лікавай роўнасці парадкавага нумару элемента ў П.с.э.М. зараду ядра (Z) яго атама (1913, закон Мозлі) з’явілася сучасная фізічна абгрунтаваная фармулёўка перыяд. закону Мендзялеева: уласцівасці хім. элементаў, а таксама ўтвораных імі простых і складаных рэчываў знаходзяцца ў перыяд. залежнасці ад велічыні зараду ядзер іх атамаў. Тэарэт. аснова П.с.э.М. — квантавая мадэль атама — распрацавана ў пач. 1920-х г. Н.Борам. Паводле гэтай мадэлі ў адпаведнасці з павелічэннем Z адбываецца паслядоўнае запаўненне электронных абалонак атамаў (гл.Паўлі прынцып), прычым электронныя канфігурацыі знешніх абалонак перыядычна паўтараюцца. Прынцып перыяд. паўтаральнасці падобных электронных канфігурацый атамаў — гал. прычына фіз. прыроды перыядычнасці і аснова перыяд. сістэмы свабодных атамаў элементаў. Гал. сучасная праблема П.с.э.М. — нявызначанасць яе верхняй мяжы, з ростам Z устойлівасць атамных ядзер памяншаецца, устанавіць значэнне Z элемента, атамы якога будуць мець такі кароткі час жыцця, што распадуцца ў момант утварэння, пакуль немагчыма (гл.Радыеактыўнасць, Ядро атамнае).
П.с.э.М. ўключае 109 хім. элементаў; 89 з іх знойдзены ў прыродзе, астатнія атрыманы штучна ў выніку ядзерных рэакцый. Пасля адкрыцця П.с.э.М. апублікавана больш за 500 розных варыянтаў яе відарысаў; найб. пашыраны паўдоўгі варыянт (гл.іл.). Асн. прынцып пабудовы П.с.э.М. заключаецца ў вылучэнні перыядаў (гарыз. рады) і груп (верт. слупкі). Ў П.с.э.М. 7 перыядаў і 8 груп. Перыяд — рад элементаў, які пачынаецца шчолачным металам (акрамя 1 -га перыяду) і канчаецца інертным газам. Дакладнага вызначэння групы няма; фармальна, пачынаючы з 3-га перыяду, нумар групы (N) адпавядае макс. значэнню акіслення ступені элементаў, што ўваходзяць у групу. Кожная група падзяляецца на гал. (A) і дадатковую (B) падгрупы. У падгрупы ўваходзяць элементы з падобнымі канфігурацыямі знешніх электронных абалонак атамаў і хім. ўласцівасцямі. У большасці груп пэўнае падабенства ўласцівасцей элементаў падгруп выяўляецца пераважна ў вышэйшых ступенях акіслення. Асобае становішча ў структуры П.с.э.М. займае VIII гр., у якой аб’яднаны інертныя газы (падгрупа VIIIA) і «трыяды» элементаў (падгрупа VIIIB): Fe—Co—Ni і Ru—Rh—Rd, Os—Ir—Pt (плацінавыя металы). Падабенства ўласцівасцей паміж элементамі гэтых падгруп практычна не назіраецца. Першы перыяд П.с.э.М. ўключае 2 элементы — вадарод і гелій. Атам вадароду мае 1 электрон; у злучэннях можа мець ступень акіслення +1 (як шчолачныя металы) ці -1 (як галагены), таму сімвал Н размяшчаюць у падгрупе IA ці ў VIIA або ў абедзвюх адначасова. Есць варыянты табліцы, у якіх вадарод займае адну працяглую клетку над усімі (акрамя неону) элементамі 2-га перыяду. Другі перыяд (Li—Ne) уключае 8 элементаў. У ім назіраецца пераход ад тыповых металаў да тыповых неметалаў (кісларод і фтор з’яўляюцца найб. актыўнымі сярод неметалаў). У злучэннях дадатную ступень акіслення, роўную N, маюць толькі элементы I—IV груп, для астатніх элементаў перыяду яна вызначаецца паводле правіла 8 - N, што абумоўлена асаблівасцямі будовы знешніх электронных абалонак атамаў. Трэці перыяд (Na—Ar) уключае 8 элементаў. Усе элементы (акрамя Ar) праяўляюць ступень акіслення, роўную N. У гэтым перыядзе, як і ў 2-м, па меры павелічэння Z назіраецца паслабленне метал. і ўзмацненне неметалічнага характару элементаў. Элементы 1—3 перыядаў П.с.э.М. — элементы падгруп A. Паводле сучаснай тэрміналогіі элементы падгруп IA і IIA наз. S-элементамі (сімвалы ў клетачках ружовага колеру), падгруп IIIA—VIIIA — p-элементамі (сімвалы ў клетачках жоўтага колеру). Пры павелічэнні Z, што адпавядае руху зверху ўніз, у падгрупах IA і IIA метал. актыўнасць элементаў нарастае, у IIIA—VIIA падгрупах назіраецца пераход ад тыповых неметалаў (B—F) да элементаў з метал. ўласцівасцямі (Tl—At), устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення зніжаецца. Чацвёрты перыяд (K—Kr) і пяты перыяд (Rb—Xe) маюць па 18 элементаў. У іх пасля s-элементаў ідуць рады з 10 пераходных элементаў, ці d-элементаў, якія ўваходзяць у падгрупы B (сімвалы ў клетачках блакітнага колеру). Для большасці d-элементаў вышэйшая ступень акіслення роўная N, а для Cu і Au нават вышэйшая за N (+2 і +3, адпаведна). Характар змянення ўласцівасцей элементаў 4-га і 5-га перыядаў пры павелічэнні Z аналагічны назіраемаму ў 3-м перыядзе, але больш складаны, што найперш абумоўлена наяўнасцю d-элементаў. Шосты перыяд (Cs—Rn) уключае 32 элементы, сёмы перыяд (Fr—Mt) — 23, пакуль незавершаны. Гэтыя перыяды акрамя 10 d-элементаў уключаюць сем’і з 14 f-элементаў: лантаноіды ў 6-м і актыноіды ў 7-м перыядзе. Лантаноіды і актыноіды дадзены асобнымі радкамі ўнізе пад табліцай. d-элементы 7-га перыяду з ат. н. 104 і больш з’яўляюцца хім. аналагамі элементаў адпаведных груп 6-га перыяду. У падгрупах d-элементаў IB—VIIIB пры руху зверху ўніз метал. актыўнасць памяншаецца, устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення павялічваецца.
П.с.э.М. належыць значная роля ў развіцці прыродазнаўства. Яна дазволіла прадказаць існаванне невядомых элементаў і іх уласцівасці, а таксама новыя ўласцівасці вядомых элементаў, служыць асновай для стварэння новых неарган. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СУД МАСТА́ЦКІ,
прадметы бытавога, гаспадарчага, утылітарна-маст. і дэкар. прызначэння для прадуктаў харчавання, вадкасцей і інш., форма і дэкор якіх вызначаюцца эмацыянальна-вобразнай асновай. Адносна матэрыялу бывае метал. (чыгунны, медны, сярэбраны і інш.), керамічны (гліняны, фарфоравы, фаянсавы), драўляны, саламяны, шкляны, лубяны, пластмасавы і інш.; паводле вырабу — каваны, літы, штампаваны, бандарны, выдзеўбаны, такарны, плецены і інш.; аздабляецца размалёўкай, гравіраваннем, чаканкай, чарненнем, эмалямі, лепкай, разьбой і інш. Як і інш. творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваэстэт. прывабнасцю стварае колерава-пластычныя акцэнты ў інтэр’еры. У вобразным ладзе П.м. выяўляецца яго непасрэднае прызначэнне і эстэт. ўяўленні эпохі, часам грамадскія ідэі і з’явы. Асн. яго маст. прынцып — арганічнае спалучэнне дэкар. і утылітарных функцый, цесная ўзаемасувязь формы і дэкору. Вядомы ўсім народам свету, вызначаецца характэрнымі нац. асаблівасцямі.
На Беларусі з часоў неаліту вядомы гліняны посуд ручной лепкі, часта з геам. арнаментам. У 10—13 ст. пачаўся масавы рамесніцкі выраб сталовага і літургічнага П.м. У 15—16 ст. з утварэннем рамесніцкіх цэхаў пашырыліся злотніцтва і медніцтва. Геам. дэкор дапоўніўся рэльефнымі расл. і зааморфнымі матывамі. У 17 ст. пад уплывам барока П.м. набыў складаныя формы, аздобленыя рэльефнай чаканкай, літым або разьбяным арнаментам з густа пераплеценых расл. парасткаў, клетак, пладоў. Для храмаў і палацаў выраблялі разнастайныя чашы, блюды, паціры, кубкі, якія аздаблялі эмалямі, фініфцю, каштоўнымі камянямі, чарненнем, гравіраваннем і інш. Керамічныя вырабы ўпрыгожвалі ангобным геам. і расл. дэкорам, зялёнай, белай, карычневай палівамі (гл.Кераміка). Развівалася ліццё мастацкае з волава і бронзы. Высокамаст. посуд выраблялі бел. майстры, якія працавалі ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Найб. развіцця П.м. дасягнуў у 18 ст. На буйных шкляных мануфактурах у Налібаках (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.), Урэччы (Любанскі р-н Мінскай вобл.), Новай Мышы (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і інш. выраблялі шкляны і хрусталёвы П.м., аздоблены расл., заа- і антрапаморфнымі выявамі, гербамі і інш. (гл.Урэцка-Налібоцкае шкло). Фаянсавы посуд мануфактур у Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і Свержані (Стаўбцоўскі р-н мінскай вобл.) дэкарыравалі паліхромнай размалёўкай, рэльефнымі выявамі кветак, пладоў, гірляндаў, маскаронаў (гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы, Свержанская фаянсавая мануфактура). У Бакштах (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.), Вішневе і Рудні (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.) адлівалі алавяны посуд. У Гродне, Давыд-Гарадку, Магілёве, Пінску, Слуцку выраблялі залаты, сярэбраны, латунны, пазалочаны і пасярэбраны П.м. з рэльефным чаканным дэкорам расл. характару. З 2-й пал. 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і аздабленне П.м. сталі больш ураўнаважаныя, дэкарыраваныя ўчасткі чаргаваліся з гладкімі, пашырыліся ант. матывы, ваен. атрыбутыка, маскароны. У 19 ст. пачаўся масавы прамысл. выраб П.м. штампоўкай, адліўкай і выдзіманнем у формы. У канцы 19 — пач. 20 ст. формы і дэкор П.м. часта мелі эклектычны характар, адлюстроўвалі ўплыў ампіру і мадэрну. У нар. побыце пераважаў самаробны П.м. з дрэва, гліны, саломы, лазы, бяросты (карцы, сальніцы, талеркі і інш.) простых канструктыўных форм, часта падкрэсленых нескладаным геам. ці зааморфным дэкорам, які захоўваў стараж. сімвалічную ролю. У 2-й пал. 19 ст. прыёмы і сродкі аздаблення традыц.нар. П.м. ўзбагаціліся, пашырыўся яго асартымент (гліняныя вазы, цукарніцы, масленіцы, сальніцы з размалёўкай і ляпнінаю, фігурныя пасудзіны для вадкасцей, драўляныя талеркі з разьбой, берасцяныя вырабы з цісненнем і інш.). Нар. майстры імкнуліся паўтараць формы і дэкор прамысл. вырабаў, але інтэрпрэтавалі іх у адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі густамі. У 1920-я г. П.м. амаль не вырабляўся. Шкляны і хрусталёвы П.м. (пераважна для выставак) выпускалі шклозаводы ў Барысаве, Бярозаўцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл. (гл.Барысаўскае шкло, Нёманскае шкло). У характары вырабаў выяўляліся рэмінісцэнцыі маст. стыляў 19 ст. Недахоп П.м. часткова кампенсавалі вырабы традыц. ганчарных цэнтраў, у многіх з іх былі створаны арцелі (гл.Ганчарства). У 1940—50-я г. выставачны П.м. вызначаўся арнаментальным багаццем, перавагай дэкору над формай, пампезнасцю і электрычнасцю. У 1951 пачаў працаваць Мінскі фаянсава-фарфоравы з-д (гл.Мінскі фарфоравы завод) прадукцыя якога ў значнай ступені стваралася па ўзорах з-даў Расіі і Украіны. У канцы 1950-х г. задачы масавасці і функцыяналізму выклікалі выпрацоўку адточаных і выразных форм пры мінімуме дэкору, прастату і лаканізм абрысаў П.м. У 1960—80-х г. мастакі пры стварэнні ўзораў П.м. звярталіся да асн. прынцыпаў нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва: спалучэння мэтазгоднасці і функцыянальнасці з умелым выкарыстаннем магчымасцей матэрыялу, яго колеру і фактуры. З’яўляюцца больш індывід. творчыя вырашэнні, вырабы пазбавіліся залішняга лаканізму. Сучасны П.м. вызначаецца разнастайнасцю форм, багаццем дэкар. вырашэнняў. Керамічны, драўляны разьбяны і размаляваны, плецены з саломы і лазы П.м. ў характэрным нац. стылі вырабляюць прадпрыемствы і майстры народных мастацкіх промыслаў.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж. Беларускае мастацкае шкло XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦА,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Ведрыч; чыг. ст. на лініі Гомель—Калінкавічы; рачны порт; вузел аўтадарог на Гомель, Калінкавічы, Светлагорск, Жлобін, Лоеў, Хойнікі. За 50 км на З ад Гомеля. 66,8 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў Густынскім летапісе пад 1213; у 1-м Наўгародскім летапісе Р. ў 1214 названа «чарнігаўскім» горадам, што быў разгромлены наўгародскім кн. Мсціславам. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, у Мінскім ваяводстве. У 1392—1430 Р. валодаў вял.кн.ВКЛ Вітаўт. У жн. 1561 горад атрымаў ад вял.кн.ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста няпоўнае магдэбургскае права. У 1569 Р. — цэнтр павета. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 горад некалькі разоў займалі казацка-сялянскія атрады. У 1648 Р. авалодаў 3-тыс. атрад, якому Б.Хмяльніцкі забараніў пакідаць горад як важны стратэгічны пункт, але ў 1649 яго адбіў Януш Радзівіл. У 1650 Р. заняў палкоўнік М.Нябаба, які таксама не ўтрымаў яе і быў забіты пры адступленні Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. страціла стратэгічнае значэнне, і яе ўмацаванні пачалі разбурацца. Паводле прывілея вял. кн ВКЛ і караля Польшчы Аўгуста III ад 15.7.1734 Р. трапіла ва ўладанне кн.Радзівілаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Р. ў Рас. імперыі, з 1795 павятовы цэнтр Мінскай губ. У 1886 праз Р. пракладзены ўчастак Лунінец—Гомель Палескіх чыгунак, у 1890-я г. адкрыта прыстань. Паводле перапісу 1897 у Р. 9280 ж., у 1899—9332 ж., маслазавод, цагельня, 2 лесапільні і 2 півамёдаварныя з-ды, прыходскае вучылішча, 2-класнае яўр. вучылішча, некалькі хедэраў, бальніца. У 1903—04 у Р. 205 рамесных прадпрыемстваў (857 рабочых). У 1904 у Р. створана арг-цыяРСДРП, якая ўваходзіла ў склад Палескага камітэта РСДРП(б). У 1910 у Р. 6 фабрык і заводаў (363 рабочыя). З лют. 1918 да студз. 1919 акупіравана герм. войскамі. У час стракапытаўскага мяцяжу 1919 горад захапілі мяцежнікі. З 8.5 да 20.6.1920 акупіравана польскімі войскамі. У 1919—26 цэнтр Рэчыцкага раёна і Рэчыцкай акругіБССР, з 9.6.1927 да 26.7.1930 у Гомельскай акрузе, з 20.2.1938 у Гомельскай вобл., з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 29,8 тыс ж. 28.8.1941 Р. акупіравана ням.-фаш захопнікамі, якія загубілі ў Р. і раёне 3,8 тыс.чал. Дзейнічала Рэчыцкае патрыятычнае падполле. Вызвалена 18.11.1943 у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 войскамі Бел. фронту. У 1973—53,9 тыс. ж.
Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Рэчыцкі метызны завод), харч. (з-ды піваварны, кансервавы, масла і сухога малака, кансервава-агароднінасушыльны, хлебазавод, камбінат збожжапрадуктаў, млын-камбінат), буд. матэрыялаў (Рэчыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Рэчыцкі кераміка-трубны завод, Рэчыцкі завод механічнай апрацоўкі драўніны), хім. (Рэчыцкі доследна-прамысловы гідролізны завод, з-д «Тэрмапласт»), лёгкай (ільнозавод, ткацкае ВА, філіялы гомельскіх ВА — швейнага «Камінтэрн» і абутковага «Праца») прам-сці. Працуюць з-дмаст. керамікі, газаперапрацоўчы з-д, раённыя аб’яднанні Дзяржкамсельгастэхнікі і «Сельгасхімія», райпрамкамбінат, камбінат быт. абслугоўвання. У горадзе Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, СПТУ-178, Дом дзіцячай творчасці, 9 б-к, Рэчыцкі краязнаўчы музей, філіял Дзярж. архіва Гомельскай вобл. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, 4 брацкія магілы сав. воінаў і партызан, брацкая магіла падпольшчыкаў часоў Вял.Айч. вайны, 4 брацкія магілы ахвяр фашызму, магіла ахвяр мяцяжу 1919. Помнікі археалогіі: мезалітычнае паселішча і гарадзішча стараж. Р.
У канцы 12 ст. горад быў умацаваным пунктам на зямлі дрыгавічоў. У 13 ст. дзядзінец знаходзіўся на месцы гарадзішча ранняга жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі на правым беразе р Дняпро (цяпер у гар. парку). У 16—1-й пал. 17 ст. горад меў 3 лініі ўмацаванняў з цэнтрам — 5-вежавым Рэчыцкім замкам, абкружаным ровам і злучаным з астатняй ч. горада пад’ёмным мостам. У 1634 мінскі ваявода А.Слушка заснаваў у Р. кляштар дамініканцаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Р. былі 2 царквы — Успенская і Мікалаеўская (з 1723), Троіцкі касцёл, сінагога і некалькі яўр. малітоўных дамоў. У 1910 туг 1309 жылых пабудоў (з іх 4 мураваныя), 14 цэркваў і малітоўных дамоў. Паводле першага рэгулярнага плана (1800) склалася прамавугольная сістэма планіроўкі, якая ў працэсе развіцця дапоўнілася радыяльнай. Горад забудоўваўся паводле генпланаў 1937—39 (арх. Г.Парсаданаў), 1951 (арх. Парсаданаў, М.Томах, ін-т «Белдзяржпраект»), 1977 (БелНДІПгорадабудаўніцтва). У аснове генплана 2000 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) закладзены прынцып функцыян. заніравання тэрыторыі. Асн. напрамкі развіцця горада — паўд., паўд-ўсх., паўд.-зах., прадугледжаны таксама шырокі выхад яго да Дняпра. Агульнагар. цэнтр размяшчаецца ўздоўж цэнтр.ч.гал. вуліцы — Савецкай і абмежаваны вул. Чапаева і Авіяцыйнай. Горад мае пераважна 1- ці 2—3-павярховую сядзібную забудову. Асн. капітальная (шматкватэрная) забудова знаходзіцца па вул. Савецкай, у мікрараёнах і кварталах, прылеглых да яе ў цэнтр. і паўд.-ўсх. частках. а таксама па вул. Сняжкова, Маладзёжнай, Чапаева, Нафтавікоў і інш. Па вул. Савецкай і Набярэжнай захаваліся фрагменты забудовы 19 ст.Вытв. зоны — ва ўсх. і паўд.-зах.ч. Ствараецца адзіная сістэма ландшафтна-рэкрэацыйных тэр. уздоўж Дняпра і Ведрычы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БА (Cuba),
Рэспубліка Куба (República de Cuba), дзяржава ў Вест-Індыі. Размешчана на а-вах Куба (105 тыс.км²), Хувентуд (2,2 тыс.км²) і на суседніх дробных астраўках і рыфах. На ПдУ К., у раёне бухты Гуантанама — аднайменная ваен.-марская база ЗША. Пл. 110,9 тыс.км². Нас. 11 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Гавана. К. падзяляецца на 14 правінцый і спец. муніцыпію (в-аў Хувентуд). Нац. святы: Дзень вызвалення (1 студз.), Міжнар. дзень працоўных (1 Мая), Дзень нац. паўстання (26 ліп.), пачатак барацьбы за незалежнасць Кубы ад Іспаніі (10 кастр.).
Дзяржаўны лад. К. — сацыяліст. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976 са зменамі і дапаўненнямі 1992. Вышэйшы орган дзярж. улады — аднапалатны парламент (Нац. асамблея нар. улады), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў (у 1993—589 дэпутатаў). У перыяд паміж сесіямі функцыі ўлады ажыццяўляе Дзярж. савет (31 член выбіраецца на асамблеі з ліку яе дэпутатаў). Старшыня Дзяж. савета з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і ўрада (Савета міністраў). Дзярж. савет і ўрад падсправаздачны Нац. асамблеі. У правінцыях і муніцыпіі мясц. ўладу ажыццяўляюць правінцыяльныя і муніцыпальная асамблеі.
Прырода. Большая ч. тэрыторыі занята раўнінамі. На ПдУ в-ва Куба горы Сьера-Маэстра (г. Туркіна, 1974 м). Невысокія горы ёсць у цэнтр. (да 1108 м) і зах. (да 692 м) ч. вострава. Пашыраны карст. К. багатая нікелевымі рудамі. Ёсць невял. запасы хромавых, медных, жал., марганцавых руд, нафты, золата і інш. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячная т-ра на раўнінах у студз. каля 22 °C, у жн. каля 28 °C. Ападкаў за год 1400—1600 мм, найб. у гарах (да 2300 мм), найменш на ПдУ (900—800 мм). Дажджлівы сезон май—кастрычнік (80% гадавой сумы ападкаў). У жн.—кастр. бываюць ураганы. Рэкі кароткія, найб. — р. Каута (370 км). У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. Пад лесам 10% (пальмы, хвоі, эўкаліпты, чырвонае дрэва), ёсць участкі саваннаў, хмызнякі, на ўзбярэжжах мангравыя зараснікі. Для жывёльнага свету характэрна адсутнасць буйных жывёл. Запаведнікі: Эль-Каба, Купеяль і інш.; рэзерваты Сьенага-дэ-Сапата, Сьенагадэ-Ланьер.
Насельніцтва. 95% складаюць кубінцы — нацыя, якая склалася ад змяшання ісп. перасяленцаў з неграмі і ў невял. ступені з карэннымі жыхарамі — індзейцамі. Каля 66% — белыя, 12% — негры, 22% — мулаты і метысы. Жывуць таксама выхадцы з в-ва Гаіці, кітайцы, японцы і інш. Каля 90% вернікаў — католікі, ёсць пратэстанты і прыхільнікі розных афра-хрысц. сінкрэтычных культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 0,6%. Сярэдняя шчыльн. 99,2 чал. на 1 км². Найб.шчыльн. (да 300 чал. на 1 км²) у прав. Гавана, дзе жыве каля 25% насельніцтва К. У гарадах 76% насельніцтва. Найб. горад — Гавана, 2221 тыс.ж. (1994). Больш за 300 тыс.ж. у гарадах Сант’яга-дэ-Куба і Камагуэй. У прам-сці і гандлі занята 33% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 20%, у абслуговых галінах і кіраванні — 30%.
Гісторыя. Да каланізацыі еўрапейцамі К. насялялі індзейцы сібанеі, таінас і інш. 28.10.1492 адкрыта Х.Калумбам. У 1510—11 заваявана іспанцамі, якія да сярэдзіны 16 ст. знішчылі мясц. індзейцаў. З пач. 18 ст. пачаўся хуткі рост г. Гавана, які ператварыўся ў адзін з буйнейшых гандл. партоў Карыбскага бас. З 2-й пал. 18 ст. асновай эканомікі К. стала вытв-сцьцукр. трыснягу, якая ў 1850 давала 1/3сусв. вытв-сці цукру і 89% кубінскага экспарту. Гэта спрыяла росту насельніцтва (150 тыс.чал. у 1763, 1,3 млн. ў 1860). Дробныя сял. гаспадаркі выцясняліся буйнымі плантацыямі, для працы на якіх толькі ў 1800—65 завезена больш за 400 тыс. неграў-рабоў (рабства скасавана ў 1886). 83% экспарту К. ішло ў ЗША, якія з 1860-х г. пачалі ўмешвацца ва ўнутр. справы К. Незадаволенасць ісп. панаваннем прывяла ў кастр. 1868 да паўстання кубінцаў, якое перарасло ў вайну за незалежнасць (1868—78). У крас. 1869 абвешчана 1-я Кубінская рэспубліка, але ў лют. 1878 б.ч. яе кіраўнікоў згадзілася на аднаўленне ўлады Іспаніі ў абмен на шырокую аўтаномію (т. зв. «Санхонскі пакт»). Аднак ісп. ўлады не стрымалі абяцання, 24.2.1895 кубінскія патрыёты на чале з Х.Марці ўзнялі новае паўстанне. Рэпрэсіі ісп.калан. улад супраць мірных жыхароў К. і выбух на амер. караблі «Мейн» каля Гаваны далі ўраду ЗША падставу абвясціць у крас. 1898 вайну Іспаніі (гл.Іспана-амерыканская вайна 1898) і акупіраваць К. У снеж. 1898 Іспанія прызнала незалежнасць К. Аднак амер. акупацыя яе працягвалася да 20.5.1902. Пад націскам ЗША у 1901 у канстытуцыю К. ўнесена т. зв. «папраўка Плата», якая дазваляла ім умешвацца ў яе ўнутр. і знешнія справы (адменена ў 1934). У 1903 ЗША навязалі кубінскаму прэзідэнту Т.Эстраду Пальму (1902—06) дагавор аб арэндзе бухты Гуантанама пад ваен. базу. Пры прэзідэнтах Х.М.Гомесе (1909—13), М.Менакалі (1913—21), А.Саясе (1921—25), Х.Мачада (1925—33), Ф.Батысце-і-Сальдывары (1940—44, 1952—58), Р.Грау Сан-Марціне (1944—48) і К.Прыо Сакарасе (1948—52) у органах дзярж. улады значныя памеры набыла карупцыя. Ключавыя пазіцыі ў эканоміцы К. займалі замежныя фірмы, пераважна з ЗША. Пасля звяржэння ў жн. 1933 дыктатуры Мачала праведзены шэраг дэмакр. рэформ, у 1940 прынята ліберальная канстытуцыя, але гэта не зменшыла сац. напружанасць у грамадстве, якая рэзка ўзмацнілася пасля ўсталявання ў сак. 1952 дыктатуры ген. Батысты.
У выніку Кубінскай рэвалюцыі 1959 да ўлады прыйшоў урад на чале з Ф.Кастра Русам, прэзідэнтам краіны стаў А.Дартыкос Тарада (1959—76). Быў распушчаны парламент, адменена дзейнасць канстытуцыі 1940, замест якой уведзены Асн. закон. 17.5.1959 прыняты закон аб агр. рэформе, летам і восенню 1960 без кампенсацыі нацыяналізавана маёмасць кампаній ЗША, у снеж. 1960 абвешчаны курс на пабудову сацыялізму. У адказ ЗША у студз. 1961 разарвалі дыпламат. адносіны з К., спынілі закупкі кубінскага цукру і ўвялі супраць яе эканам. санкцыі, садзейнічалі высадцы ўзбр. кубінскіх эмігрантаў у зал. Качынас (крас. 1961, разбіты ў раёне Плая-Хіран). У 1962 ЗША прымусілі Лігу амер. дзяржаў (ЛАД) пазбавіць К. членства ў гэтай арг-цыі і разарваць з ёй дыпламат. адносіны (не падпарадкавалася толькі Мексіка). У гэтых умовах К. пашырыла сувязі з СССР і інш.сацыяліст. краінамі (дагавор аб сав.-кубінскім эканам. супрацоўніцтве і пастаўках на К. сав. нафты падпісаны ў лют. 1960). Размяшчэнне сав. ракет на К. для яе абароны прывяло да Карыбскага крызісу 1962. У ліп. 1963 на базе аб’яднаных рэв. арг-цый створана Адзіная партыя сацыяліст. рэвалюцыі К. (з кастр. 1965 Камуністычная партыя Кубы, КПК). У 1960—70-я г. К. падтрымлівала шэраг рэв. рухаў у Лац. Амерыцы, яе войскі дапамагалі ўрадам Анголы (1976—90) і Эфіопіі (1977—78). На 1-м з’ездзе КПК (снеж. 1975) прынята канстытуцыя К. У кастр. 1976 адбыліся выбары ў 169 муніцыпальных асамблей, якія выбралі дэпутатаў Нац. асамблеі нар. улады (НАНУ), што выбрала Дзярж. савет (старшыня Кастра). З 1975 ЛАД спыніла эканам. санкцыі супраць К. З канца 1980-х г.СССР спыніў эканам. дапамогу К., што пагоршыла яе эканам. становішча. Пад націскам ЗША ў вер. 1991 СССР адклікаў з К. ўсіх ваен. і цывільных саветнікаў. У кастр. 1992 кангрэс ЗША прыняў т. зв. «закон Тарычэлі» па ўзмацненні рэжыму санкцый супраць К. У гэтых умовах 4-ы з’езд КПК у кастр. 1991 абвясціў шэраг рэформ. У ліп. 1992 прыняты папраўкі да канстытуцыі, паводле якіх 24.2.1993 адбыліся прамыя выбары ў НАНУ (Кастра зноў выбраны старшынёй Дзярж. савета). Пачалася і эканам. лібералізацыя: у ліп. 1993 скасавана забарона на валоданне валютай, у вер. 1993 дазволена прыватнапрадпрымальніцкая дзейнасць, актывізавана развіццё турызму. К. — член ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя і грамадскія арганізацыі. Камуністычная партыя Кубы, Саюз маладых камуністаў Кубы, Прафс. цэнтр працоўных Кубы, К-ты абароны рэвалюцыі, Федэрацыя кубінскіх жанчын, Нац. асацыяцыя дробных земляробаў.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. каля 1300 дол. за год. Прам-сць дае каля 43% нац. даходу, сельская і лясная гаспадаркі, рыбалоўства — каля 14%, гандаль — каля 30%, буд-ва — каля 8%. Аснова эканомікі — аграпрамысл. комплекс, які ўключае цукр.прам-сць і вырошчванне цукр. трыснягу. Дзярж. сектар ахоплівае ўсю прамысл.вытв-сць, буд-ва, гандаль, 98% транспарту, 80% зямельных угоддзяў. Слабая матэрыяльна-тэхн. база нар. гаспадаркі, нізкая яе эфектыўнасць, гандлёва-эканам. блакада ЗША, рэзкае скарачэнне гандлёва-эканам. сувязяў пасля распаду СССР прывялі да вельмі цяжкага эканам. становішча. У сельскай гаспадарцы назіраецца зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі. 70% с.-г. прадукцыі даюць дзярж. гаспадаркі (нар. маёнткі). Плошча с.-г. угоддзяў каля 4,8 млн.га, у т. л. арашальных зямель 1 млн.га. Пад ворнымі землямі каля 3 млн.га, у т. л. пад цукр. трыснягом 1,5 млн.га, пад тытунём 70 тыс.га, пад цытрусавымі і інш. фруктамі 100 тыс.га, пад рысам 200 тыс.га, маніёкам, бататам і ямсам 100 тыс.га. Вырошчваюць таксама кукурузу, бульбу, бабовыя (пераважна фасолю), каву і какаву, алейныя культуры (у т. л. арахіс і алейная пальма), агародніну, бавоўнік, хенекен і кенаф. Штогод збіраюць каля 20—30 млн.тцукр. трыснягу, каля 0,5 млн.т рысу, каля 1 млн.т цытрусавых, каля 50 тыс.т тытуню. Жывёлагадоўля дае менш за 30% кошту с.-г. прадукцыі. У 1996 было 4,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 1,7 млн. свіней. Птушкагадоўля (каля 10 млн. курэй). Рыбалоўства (93,4 тыс.т, 1993) і промысел ракападобных. Вядучая галіна прамысловасці — перапрацоўка цукру. Працуе больш за 150 цукр. з-даў, 20 з іх выпускаюць рафінаваны цукар, астатнія — цукар-сырэц, які ідзе на экспарт. У 1980—90 выраблялася штогод 7—8 млн.т цукру-сырцу, потым вытв-сць стала зніжацца, у 1995 атрымана 3,3 млн.т. На базе адходаў цукр. прам-сці створана вытв-сць кармоў, цэлюлозы, пластмас і паперы. Развіта горназдабыўная прам-сць, асабліва здабыча і абагачэнне нікелевых, медных, хромавых руд. Па здабычы нікелевай руды К. ў 1980—90 займала 3—4-е месца ў свеце (каля 36 тыс.т нікелю штогод), у 1995 здабыта (у пераліку на метал) 3,1 тыс.т, хромавай руды — 14 тыс.т, меднай — 2 тыс.т. Асн. раён здабычы — прав. Ар’ентэ. Здабываюць таксама каменную соль, буд. матэрыялы, цэм. сыравіну, нафту (каля 0,5 млн.т). Электраэнергетыка засн. на імпартнай нафце. У 1995 атрымана 10,1 млрд.кВт∙гадз (у 1990—14,7 млрд.кВт∙гадз.). Працуюць ЦЭС каля г. Гавана, Камагуэй, Сант’яга-дэ-Куба і інш., АЭС каля г. Сьенфуэгас. Харч.прам-сць прадстаўлена мукамольнай, мяса-малочнай, спіртагарэлачнай, піваварнай і вінаробчай галінамі, вытв-сцю алею, фруктовых і рыбных кансерваў, перапрацоўкай кавы і какавы. У Гаване 4 буйныя тытунёвыя ф-кі, 2 нафтаперапр. з-ды (Гавана і Сант’яга-дэ-Куба). Вытв-сць угнаенняў, штучных валокнаў, пластмас, гумава-тэхн. вырабаў і інш.; гал. цэнтры: Гавана, Пінар-дэль-Рыо, Матансас, Сьенфуэгас, Камагуэй. Лёгкая прам-сць прадстаўлена тэкст. і швейнай галінамі (Гавана, Альгін), вытв-сцю абутку (Гавана), канатаў і мяшкоў (Санта-Клара). Вытв-сць цэменту 1456 тыс.т. (1995, асн. з-ды каля Гаваны і Сант’яга-дэ-Кубы), панельнае домабудаванне, выпуск жалезабетонных вырабаў (Гавана). Прадпрыемствы машынабудавання выпускаюць с.-г. тэхніку (Альгін), дызельныя маторы (Сьенфуэгас), веласіпеды (Гавана, Кайбар’ен), гандл. і рыбалавецкія судны (Гавана, Кардэнас, Мансанільё). У Гаване металургічны камбінат. Асн. цэнтры каляровай металургіі ў Нікара, Моа. Есць прадпрыемствы дрэваапр., мэблевай, шкляной, цэлюлознапапяровай, фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у Гаване. Развіваецца міжнар. турызм, які займае 1-е месца па валютных паступленнях (у 1995 К. наведала 750 тыс.чал., даход склаў 1 млрд.дол.). Развіты аўтамаб., чыг., марскі транспарт, Даўж. аўтадарог каля 35 тыс.км, у т. л. каля 15 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак каля 5 тыс.км. Каля 0,5 млн. аўтамашын. Танаж гандл. флоту 1 млн. дэдвейт т (1991). Гал. парты: Гавана (60% грузаабароту), Сант’яга-дэ-Куба, Сьенфуэгас, Нуэвітас, Матансас. На К. 14 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт у Гаване. У 1995 экспарт склаў 1,6 млрд.дол., імпарт — 2,4 млрд. долараў. К. экспартуе цукар-сырэц, нікель, тытунь, каву, імпартуе нафту, разнастайныя харч. і прамысл. тавары. Гал.гандл. партнёры: Іспанія, Канада, Кітай, Расія, Мексіка. У 1996 Беларусь экспартавала на К. тавараў на 1,6 млн.дол., імпартавала на 27,2 млн. долараў. К. набывае на Беларусі с.-г. тэхніку і калійныя ўгнаенні, пастаўляе пераважна цукар-сырэц. Знешняя запазычанасць К. — 9,1 млрд.дол. (без даўгоў краінам Усх. Еўропы і б.СССР). Грашовая адзінка — кубінскае песа.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (сілы дзярж. бяспекі, пагран. войскі). Агульная колькасць 79 тыс.чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках 38 тыс.чал., на ўзбраенні каля 1,5 тыс. танкаў, 1,1 тыс. баявых машын пяхоты і бронетранспарцёраў, 1,6 тыс. пераносных зенітных ракетных комплексаў і пускавых установак зенітных кіроўных ракет, 1 тыс. мінамётаў, каля 700 гармат, якія буксіруюцца, 300 сістэм рэактыўнага залпавага агню і інш. У ВПС 10 тыс.чал., 130 баявых самалётаў і 45 баявых верталётаў. У ВМС 5 тыс.чал., у т. л. 550 чал. у марской пяхоце, 2 падводныя лодкі, 12 баявых караблёў, 30 дапаможных суднаў, 5 катэраў і інш. У ваенізаваных фарміраваннях 19 тыс.чал., у т. л. 15 тыс. у сілах дзярж. бяспекі і 4 тыс.чал. у пагран. войсках.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72,8, жанчын 77,7 года. Смяротнасць — 7 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 134 чал., урачамі — 1 на 231 чал. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,6%. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя дзіцячыя ўстановы (яслі і сады для дзяцей да 5 гадоў), 9-гадовую базавую (асноўную) і сярэднюю агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. (для працуючай моладзі) і вышэйшыя навуч. ўстановы. Абавязковая базавая 9-гадовая школа для дзяцей ад 6 да 16 гадоў мае 2 ступені: 1-я — 6-гадовая пачатковая, 2-я — 3-гадовая няпоўная сярэдняя школа (7—9 кл.). Атрыманне базавай адукацыі дае права паступаць у сярэднія навуч. ўстановы. 3-я ступень агульнай адукацыі — 3-гадовая поўная сярэдняя агульнаадук. школа на базе асноўнай школы. Яе заканчэнне дае права паступаць у ВНУ. Асн. прынцып у рабоце агульнаадук. школы — працоўнае выхаванне і прафес. арыентацыя навучэнцаў. Прафес. падрыхтоўка вядзецца на базе асн. школы ў прафес.-тэхн. вучылішчах, політэхн.навуч. цэнтрах (рыхтуюць кваліфікаваных рабочых; тэрмін навучання 1—2 гады) і ў політэхн. ін-тах (тэхнікумах), рыхтуюць спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй; тэрмін навучання — 3—4 гады. У сістэме вышэйшай адукацыі 4 тыпы ВНУ: ун-ты, вышэйшыя політэхн. і спец. ін-ты, універсітэцкія цэнтры (маюць пераходны характар, на іх базе ствараюцца самастойныя ВНУ). Буйнейшыя ВНУ: Гаванскі ун-т (з 1728, рэарганізаваны ў 1960—62, 1976), ун-т Ар’ентэ (з 1947) у г. Сант’яга-дэ-Куба, Цэнтр.ун-т Лас-Вільяс (з 1953) у г. Санта-Клара, ун-тг. Камагуэй (з 1974), Вышэйшы політэхн.ін-т імя Хасэ А.Эчэверыі (з 1976) і інш. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка «Хасэ Марці» (з 1901) у Гаване і б-ка Гаванскага ун-та (з 1728). Музеі: Нац. музей выяўл. мастацтва (з 1913), Музей Рэвалюцыі, Музей Х.Марці (з 1925), Антрапалагічны музей (з 1847), Музей Хемінгуэя і інш.Навук. даследаванні на К. праводзяць н.-д. цэнтры і ін-ты Акадэміі навук К. (з 1962), навук. т-вы, ун-ты. З 1902 працуе Нац. абсерваторыя.
Друк, радыё, тэлебачанне. Найб. значныя перыяд. выданні: штодзённыя газеты «Granma» («Гранма», з 1965), «Juventud Rebelde» («Паўстанцкая моладзь», з 1965). Выходзяць таксама правінцыяльныя газ. «Adelante» («Наперад», з 1959), «Vanguardia» («Авангард», з 1962) і інш.Інфарм. агенцтвы: Прэнса Лаціна (з 1959) і Нац. агенцтва інфармацыі. Радыёвяшчанне з 1914. Найбуйнейшыя радыёстанцыі: Радыё ліберасьён, Радыё прагрэса, Радыё Гавана-Куба, Радыё рэбельдэ і інш. Трансліруюцца перадачы для замежжа на англ., франц., араб. і інш. мовах. Тэлебачанне з 1950, працуюць 2 агульнанац. каналы. Радыё і тэлебачанне падпарадкаваны і кантралююцца Кубінскім ін-там радыёвяшчання.
Літаратура. Л-ра індзейцаў дакалумбавай эпохі не захавалася. У 1-й пал. 16 ст. на К. была пашырана місіянерская л-ра: падручнікі па евангелістыцы і этнагр. нарысы. У 16—18 ст. развівалася крэольская нар. паэзія, якая ўзнікла на аснове ісп.паэт. форм (апісальная паэма «Зярцала цярплівасці» С. дэ Бальбоа, 1608). З канца 18 ст. побач з духоўнай і свецкай паэзіяй развіваюцца жанры гіст. хронікі, літ.-філас. і паліт. публіцыстыкі. У пач. 19 ст. створана першае літ. аб’яднанне кубінскіх пісьменнікаў, удзельнікі якога (Ф.Варэла-і-Маралес, Х.А.Сака, Д. дэль Монтэ-і-Апонтэ і інш.) выступалі супраць схаластыкі і ўстарэлых літ. форм. Ідэі нац. самасвядомасці развіваліся ў асветніцкай публіцыстыцы Варэлы-і-Маралеса, вершах Х.М.Эрэдыі — пачынальніка кубінскага рамантызму. Прозе рамантыкаў 19 ст. Х.Гомес дэ Авельянеды, А.Суарэса-і-Рамера, С.Вільявердэ ўласціва бытаапісальнасць, т.зв.кастумбрызм. Прадвесцем мадэрнізму ў л-ры К. з’явілася творчасць Х.Марці (раман «Гібельнае каханне», паэт.зб-кі «Простыя вершы», «Верлібры», «Кветкі выгнання»). Пад уплывам антрапалагічных прац Ф.Ортыса аб афр. каранях кубінскай культуры ў канцы 1920-х г. развіваўся т.зв. «негрызм»: паэзія Н.Гільена, Э.Бальягаса, Х.С.Тальета і інш., проза Л.Кабрэры. На перакрыжаванні афра-кубінскай культуры і еўрап. авангарду знаходзілася творчасць А.Карпенцьера. У 1940—50-х г. асобнае месца займала творчасць Х.Лесамы Лімы, якая развівалася ў стылі літ. барока, а таксама А.Аўх’ера, што ўнёс у інтымную лірыку сац. матывы. ’Проза гэтага перыяду адзначана матывамі сац. крытыцызму (Ф.Піта Радрыгес, А.Х.Кардоса і інш.).
У 1959 створана грамадска-літ.арг-цыя Дом Амерык, у 1961 — Саюз пісьменнікаў і мастакоў К. Значнае месца пачала займаць героіка-рэв. тэматыка, якая стала асноўнай у творчасці празаікаў Х.Салера Пуіга, Л.Атэра Гансалеса, М.Кафіньё і інш., паэтаў М.Навара Луны, Э.Дыега, С.Віцьера і інш. У апошнія дзесяцігоддзі ў л-ру прыйшло новае пакаленне: Р.Фернандэс Рэтамар, Ф.Хаміс, Л.Марэ і інш., для якіх характэрны пошукі новых форм і маст. сродкаў, адэкватных рэчаіснасці. На бел. мове выдадзены асобныя творы Гільена, Дыега, Хаміса, Аўх’ера і інш. у перакладах Р.Барадуліна, А.Вярцінскага, Х.Жычкі і інш.
Архітэктура. У дакалумбійскі перыяд індзейцы будавалі каркасныя хаціны («боіо»), платформы на палях для захоўвання прадуктаў. З драўніны пальмы рабілі каркас, з кары і трыснягу — сцены, дах накрывалі пальмавым лісцем. Змацоўвалі пабудовы ліянамі. У працэсе ісп. каланізацыі (з канца 15 ст.) узніклі гарады (Гавана, Сант’яга-дэ-Куба, Трынідад і інш.) з магутнымі ўмацаваннямі, прамавугольнай сеткай вуліц, царквой, ратушай і асабнякамі знаці на цэнтр. плошчах. Для абароны ад піратаў будавалі крэпасці. Эканам. развіццё К. ў 18 ст. выклікала рост грамадз. архітэктуры ў стылі мудэхар. Пад уплывам ісп. і мекс. дойлідства барока склаліся тыпы кубінскага мураванага жылога дома (1—2-павярховага, з унутр. дваром-паціо, беленымі і фарбаванымі сценамі, аддзелкай з каляровай глазураванай пліткі, драўлянымі і метал. рашоткамі на вокнах і балконах) і царквы [1-нефавай, з 1—2 прамавугольнымі вежамі, столлю з кесонамі (артэсанада) ці скляпеннем]. Фасады аздаблялі калонамі, аркамі, каляровымі вітражамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. створаны арх. ансамблі гал. плошчаў у Гаване і Трынідадзе. Нац. адметнасць кубінскага барока абумоўлена трапічным кліматам і выкарыстаннем мясц. порыстага каменю-ракушачніку з яго багатымі святлоценявымі эфектамі, мяккімі абрысамі. З пач. 20 ст. ў Гаване будавалі шматпавярховыя дамы ў духу эклектыкі і ў стылі мадэрн, у 1920—30-я г. — у стылі сучаснай еўрап. і амер. архітэктуры (арх. Э.Радрыгес Кастэльс). У 1940—50-я г.арх. А.Кінтана, А.Радрыгес Пічарда, А.Капабланка стваралі пабудовы з маналітнага жалезабетону ў духу функцыяналізму (гасцініцы, курортныя комплексы), адметныя навізной аб’ёмнай і планіровачнай кампазіцый, трапным выкарыстаннем колеру. У 1950-я г. на месцы трушчоб выраслі добраўпарадкаваныя раёны з жалезабетоннымі дамамі (жылы масіў Гавана-дэль-Эстэ ў Гаване, арх. Р.Каранса і інш.), гандл. і культ. цэнтрамі (Універсітэцкі гарадок, Школа мастацтва). У 1960—80-я г. ўзмацніліся індустрыялізацыя і тыпізацыя гар.буд-ва, шырока выкарыстоўваецца зборны і маналітны жалезабетон (арх. Х.Рэбельён, Р.М.Франка, Ф.Салінас, Р.Пора). Архітэктура вылучаецца манум. характарам, у ёй спалучэнне тыпавых секцый, характэрныя для К. галерэі, лоджыі, адкрытыя лесвіцы, балконы, казыркі, багацце колеравых вырашэнняў. У 1916 засн. Калегія архітэктараў Гаваны.
Выяўленчае мастацтва. Стараж. мастацтва індзейцаў прадстаўлена пячорнымі размалёўкамі, размаляванымі пасудзінамі, статуэткамі людзей і жывёл, каменнымі і драўлянымі ідаламі («семі»). Першыя помнікі выяўл. мастацтва К. — царк. драўляная скульптура і жывапіс, алтарная разьба 18 ст. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам ісп. мастацтва сфарміраваліся гравюра (Ф.Х.Баэс — рэліг. эстампы, ілюстрацыі) і жывапіс (рэліг. карціны Х.Н. дэ ла Эскалеры, рэаліст. партрэты В.Эскавара, класіцыстычныя гіст. карціны Х.Б.Вермая). У 1818 у Гаване засн.АМ Сан-Алехандра. У 1-й пал. 19 ст. пашырыўся кастумбрызм, у 2-й пал. пераважалі акад. і рамант. традыцыі ў пейзажы (Ф.Сіснерас, В.Санс Карта) і гіст. жывапісе (М.Мелера). Пач. 20 ст. — уздым нац.-патрыятычнай тэматыкі. Развіваліся гіст. і батальная карціна (А.Менакаль), рэаліст. жанравы жывапіс (Л.Раманьяч, Р.Лой) і скульптура (Х.Х.Сікрэ). У 1920—30-я г. на мастацтва К. ўплывалі мексіканскае мастацтва, традыцыі кастумбрызму, еўрап.маст. кірункаў (жывапісцы Э.Авела, А.Гаторна, К.Бермудэс, М.Карэньё, скульптар Д.Равенет і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся абстрактнае мастацтва і сюррэалізм (В.Лам і інш.). Пасля 1959 пераважае рэв. і паліт.-агітацыйная тэматыка, што паўплывала на інтэнсіўнае развіццё графікі, асабліва плаката (К.Гансалес, Р.Кінтана, Р.Партакарэра і інш.). Сярод жывапісцаў: С.Кабрэра Марэна, О.Янес, А.Бенітэс і інш. У 1961 засн. Саюз пісьменнікаў і мастакоў К.
Музыка. У нар. музыцы К. адрозніваюць крэольскую, афра-кубінскую і афр. музыку Шырока вядомы крэольскія песенныя жанры крыолья, гуахіра, песня і танец хабанера. Сярод песенна-танц. форм афра-амер. музыкі найб. пашыраны сон, гуачара, конга, румба; сярод муз. інструментаў сем’і барабанаў — бата, бембе, конга. Захавалася т.зв. чыстая афр. музыка — рытуальныя гімны-песнапенні, танцы, строга рэгламентаваная музыка «свяшчэнных» барабанаў. У 16—17 ст. пашырыліся ваен. аркестры, вулічныя тэатралізаваныя відовішчы з муз. суправаджэннем, свецкае музіцыраванне. У 2-й пал. 18 ст. росквіту дасягнула царк. музыка (Э.Салас-і-Кастра). У 1776 у Гаване адкрыты першы пастаянны т-р «Калісеа» (з 1803 «Прынсіпаль»), у 1814 — муз. школа, у 1816 — муз. акадэмія «Санта-Сесілія». Нац. кампазітарская школа склалася ў сярэдзіне 19 ст. (М.Саўмель Рабрэда, І.Сервантэс Каванаг, Н.Р.Эспадэра). У канцы 19-га — 1-й пал. 20-га ст. створаны нац. оперы «Юмуры» Э.Санчэса дэ Фуэнтэса (1898), «Нявольніца» Х.Мауры Эстэве (1921), балеты «Рэбамбарамба» (1928) і «Цуд у Анакільі» (1929) А.Ральдана. Заснаваны Т-ва класічнай музыкі (1866), Нац. кансерваторыя (1885), сімфанічны (1908) і філарманічны (1923) аркестры ў Гаване, Бетховенскае т-ва (1872) і Т-ва камернай музыкі (1888) у Сант’яга-дэ-Куба. Лепшыя ўзоры кубінскай музыкі 1-й пал. 20 ст. стварылі заснавальнікі афра-кубінскага кірунку Ральдан і А.Гарсія Катурла. Удзельнікі «Групы музычнага абнаўлення» (з 1943) Х.Ардэваль, А.Граматхес, Э.Марцін, А.Леон і інш. выступаюць за асваенне і ўвасабленне нац. фальклору. У 1960-я г. створаны дзярж.муз. ўстановы, у т. л. Генеральная дырэкцыя музыкі, Дэпартамент музыкі Нац. б-кі «Хасэ Марці», Дом Амерык, які аб’ядноўвае музыкантаў і інш. дзеячаў мастацтва. У 1960—70-я г. побач з кампазітарамі традыц. кірункаў вылучылася новае пакаленне аўтараў, што арыентуюцца на муз. авангард (алеаторыка, санорыка, канкрэтная і электронная музыка), у т. л. Х.Бланка, К.Фарыньяс, Л.Браўэр і інш. Сучасная прафес.муз. творчасць К. разнастайная паводле жанраў і форм (ад сімфоній і кантат да масавых песень) і ўяўляе сабой даволі складаную стылістычную карціну. Сярод выканаўцаў: скрыпачы Х.Уайт, К.Х.Д.Брындзіс дэ Салас, дырыжоры Э.Гансалес Манцічы, М.Дучэсне Кусан, Р.Санчэс Ферэр, піяніст С.Цьелес, гітарысты Л.Браўэр, Х.Артэга. Сярод харэографаў і артыстаў балета Алісія, Альберта і Фернанда Алонса, Х.Банегас, Х.Парэс, Л.Араўха. Працуюць: Нац.сімф. аркестр (з 1960), сімф. аркестр Нац.т-ра, Квартэт імя А.Ральдана, Нац. поліфанічны хор, хары мадрыгалістаў (у Гаване і Сант’яга-дэ-Куба), «Арфеон», Ансамбль нац. танца і Нац. балет (з 1959), Нац. фальклорны ансамбль (з 1962), балет Камагуэя (з 1967). Кансерваторыі ў Гаване, Сант’яга і інш., муз.ф-т Вышэйшага ін-та мастацтваў (з 1976), школы хар. спеваў і павышэння муз. майстэрства ў Гаване і інш. Праводзяцца нац. і міжнар. фестывалі музыкі.
Тэатр. Паяўленне т-ра К. звязана з ісп. т-рам і фальклорным мастацтвам неграў-рабоў (паказы на плошчах, у цэрквах, прыватных дамах, карнавальныя шэсці, рытуалы). У 1776 у Гаване пабудавана тэатр. памяшканне «Калісеа» (з 1803 «Прынсіпаль»), дзе ставіліся п’есы пераважнаісп. драматургаў. Пачатак нац. т-ру далі муз. паказы сайнетэ (п’есы з музыкай і спевамі) акцёра і драматурга Ф.Каваруўяса. Фарміраванне нац.т-ра актывізавалася ў 1-й пал. 20 ст.: створана «Т-ва садзеяння развіццю т-ра» (1910), пачалі выдавацца тэатр. часопісы, ствараліся новыя трупы, у т. л.т-р «Куэва» ў Гаване (1936—37), Нар.т-р (1943—45). У 1941 заснаваны Кубінская акадэмія драм. мастацтва і тэатр. школа пры Гаванскім ун-це. Пасля 1959 ствараюцца дзярж. трупы і т-ры, арганізуюцца т-ры ў правінцыі. Ставяцца п’есы Х.Марці, Ф.Гарсіі Лоркі, А.Чэхава, Ж.П.Сартра, Х.Брэне, Э.Кінтэра, Х.Трыяны, Р.Ферэра, А.Эстарына.
Кіно. З 1897 на К. здымаліся кінахроніка і дакумент. фільмы. Асновы рэгулярнай кінавытворчасці заклалі ў 1910—20-я г.рэж. Э.Д.Кеседа і Р.Пеан. Здымаліся фільмы на актуальныя праблемы, дэтэктывы, камедыйныя фільмы-буф, фарсы і інш. У 1937 створаны першы паўнаметражны гукавы фільм (рэж. Э.Капарас). З 1930-х г. набылі папулярнасць муз. фільмы з выкарыстаннем нар. музыкі (Х.Сальвадор і інш.). 1940—50-я г. — перыяд заняпаду кубінскага кіно, фільмы здымаліся пераважна з мексіканскімі кінавытворцамі. У 1959 створаны Кубінскі ін-т кінамастацтва і кінапрамысловасці. Найб. развіццё атрымала дакумент. кіно. У 1960-я г. пачалі выходзіць «Лацінаамерыканская хроніка інстытута кінамастацтва і кінапрамысловасці», серыя «Народная энцыклапедыя». На дакумент. кінематограф К. паўплывалі І.Івенс (Нідэрланды), Р.Кармэн, М.Калатозаў, С.Урусеўскі (СССР). Гал. тэма кубінскай кінематаграфіі — «Сто гадоў барацьбы» (паказ асобных яе этапаў) — стала вызначальнай для гісторыка-рэв.дакумент. («Гэта наша зямля», 1959; рэж. Т.Гуцьерэс Алеа) і маст. («Лусія», 1968; рэж. У.Солас) фільмаў.
Ствараліся біяграфічныя («Часы маладога Марці», 1960; рэж. Х.Масіп), сацыялагічныя («З кубінскімі жанчынамі», 1974; рэж. А.Картасар; «Кайіта — легенда і быль», 1981; рэж. Л.Ф.Бернаса) і інш. фільмы. Сярод рэжысёраў дакументалістаў: С.Альварэс, О.Вальдэс, П.Вега, Х.Дыяс, Ф.Перэс, М.Флейтас, Б.Эрнандэс. Фільмы на сучасную тэматыку здымалі Гуцьерэс Алеа («Смерць бюракрата», 1966), Картасар («Настаўнік», 1977), М.А.Гомес («Жанчына, мужчына, горад...», 1978), Вега («Партрэт Тэрэсы», 1979), П.Гусман («Ружа вятроў», 1983) і інш. Сярод акцёраў: І.Андрэус, М.Бальмаседа, А.Віньяс, С.Вуд, Д.Гранадас, С.Клакстан, А.Легра, Р.Міравальес, Э.Нуньес. Здымаюцца таксама анімацыйныя фільмы. З 1979 у Гаване штогод праходзіць Міжнар. кінафестываль лац.-амер. «новага кіно».
Літ.:
Очерки истории Кубы. М., 1978;
Гавриков Ю.П. Куба: страницы истории. М., 1979;
Ларин Е.А. Куба конца XVIII — первой трети XIX в. М., 1989;
Шустов К.С. Освободительная война на Кубе (1895—1898) и политика США. М., 1970;
Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки XX в. М., 1972;
Филиповская Н. Архитектура революционной Кубы. М., 1965;
Пичугин П. Краткий очерк истории кубинской музыки // Музыкальная культура стран Латинской Америки. М., 1974;
Герб і сцяг Кубы.Да арт.Куба. Тыповы ландшафт на раўнінах вострава.Краявід на захадзе Кубы ў правінцыі Пінар-дэль-Рыо.Да арт.Куба. Бухта порта Сант’яга-дэ-Куба.Да арт.Куба. Крыж на ўшанаванне памяці ахвяр урагану 1930-х г. у г. Санта-Крус-дэль-Сур.Да арт.Куба. Будынак Дома-музея Э.Хемінгуэя ў Гаване.Да арт.Куба. Адна з цэнтральных плошчаў Гаваны.Да арт.Куба. Ганчар за работай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІКАБРЫТА́НІЯ (Great Britain),
Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі (The United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland), астраўная дзяржава ў Зах. Еўропе. Займае в-аў Вялікабрытанія, паўн.-ўсх.ч. в-ва Ірландыя і каля 5,5 тыс. дробных астравоў, у т. л. Англсі, Мэн, Уайт, Гебрыдскія, Аркнейскія, Шэтлендскія, а таксама Нармандскія а-вы каля берагоў Францыі. Абмываецца Атлантычным ак. і яго морамі — Паўночным (на У) і Ірландскім (на З); на Пд праліў Ла-Манш і яго найб. вузкая ч. — Па-дэ-Кале. Падзяляецца на 4 адм.-паліт.гіст. вобласці: Англію (39 графстваў і 7 метрапалітэнскіх графстваў), Уэльс (8 графстваў), Шатландыю (9 раёнаў і 3 астраўныя тэрыторыі), Паўночную Ірландыю (26 акруг). Пл. 244 тыс.км². Нас. 58 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Лондан (вылучаны з прыгарадамі і суседнімі гарадамі ў асобную адм. адзінку — Вялікі Лондан). Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень нараджэння каралевы Лізаветы II (адзначаецца ў адну з субот у 1-й пал. чэрвеня).
Дзяржаўны лад. Вялікабрытаніі — парламенцкая манархія. Канстытуцыі як адзінага закону няма. Дзейнічаюць Вялікая хартыя вольнасцей 1215, Петыцыя аб праве 1628, Габеас корпус акт 1679, «Біль аб правах» 1689, Вестмінстэрскі статут 1931, Акт аб нар. прадстаўніцтве 1969 і інш. Кіраўнік дзяржавы — манарх (кароль або каралева), паўнамоцтвы і прэрагатывы якога фактычна знаходзяцца ў руках урада, які фарміруецца кіруючай партыяй. Заканад. ўлада належыць манарху і парламенту, які складаецца з 2 палат: верхняй (палата лордаў, каля 1200 чл. з ліку свецкіх і духоўных пэраў) і ніжняй (палата абшчын, 650 чл.), якія выбіраюцца на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад (кабінет міністраў) на чале з прэм’ер-міністрам. Мясцовыя органы самакіравання ў графствах, гарадах-графствах, акругах і прыходах — саветы (выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады) на чале з мэрамі (выбіраюцца на 1 год). Судовая сістэма: палата лордаў, Вярх. суд правасуддзя (складаецца з Высокага суда і Апеляцыйнага суда па цывільных справах). Высокі суд падзяляецца на суд завяшчанняў, разводаў і адміралцейства.
Судаводства 1-й інстанцыі ажыццяўляюць у сёлах міравыя суды, у гарадах — паліцэйскія суды.
Мясцовае кіраванне ў Англіі, Уэльсе, Шатландыі мае свае органы, суд. сістэму, нац. царкву, адм.-тэр. падзел. Аўтаномная частка Злучанага Каралеўства — Паўн. Ірландыя, якая з 1972 знаходзіцца пад непасрэдным кіраўніцтвам урада Вялікабрытаніі, мае свой уласны парламент, у склад якога ўваходзяць сенат, палата абшчын і прызначаны манархам губернатар. Вялікабрытанія ўзначальвае Садружнасць — аб’яднанне большасці краін і тэрыторый, якія раней уваходзілі ў Брытанскую імперыю (усяго 49). Захавала кантроль над 14 параўнальна невялікімі каланіяльнымі тэрыторыямі.
Прырода. Прыроду Вялікабрытаніі вызначаюць астраўное размяшчэнне, блізкасць цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння і значная парэзанасць берагавой лініі. Пн і З гарыстыя, у цэнтры і на Пд пераважаюць нізіны. Горы сярэдняй вышыні, моцна згладжаныя, парэзаныя ледавіковай і рачной эрозіяй. Найб. высокае Паўн.-Шатландскае нагор’е з Грампіянскімі гарамі (найвыш. пункт Вялікабрытаніі — г. Бен-Невіс, 1343 м). Далей на Пд размешчаны Сярэдне-Шатландская нізіна і Паўд.-Шатландскае ўзвышша. На Пн уласна Англіі ў мерыдыянальным напрамку цягнуцца Пенінскія горы. На п-ве Уэльс Кембрыйскія горы, гарысты і п-аў Корнуал. Найбольшыя нізіны Паўд.-Усходняя і Мідленд. У Паўн. Ірландыі нізіна з воз. Лох-Ней і ўзвышшы па яе краях. У нетрах Вялікабрытаніі ёсць каменны вугаль (Пеніны, Пд Шатландыі і Уэльса; 45 млрд.т), жал., свінцова-цынкавыя і алавяныя руды, каменная і калійныя солі, каалін, буд. матэрыялы; у нетрах шэльфа Паўн. мора — нафта (2,6 млрд.т) і прыродны газ (1400 млрд.м³). Клімат умераны акіянскі, з няўстойлівым надвор’ем, парывістымі вятрамі і частымі густымі туманамі, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Т-ра паветра ад 13—17 °C у ліп. да 3 °C у студз. Ападкаў ад 2000—3000 мм на З да 600—700 мм за год на ПдУ. Найб. рэкі: Северн, Тэмза, Трэнт; некалькі важных суднаходных каналаў. Ёсць значныя азёры, найб. Лох-Ней (пл. 396 км²) у Паўн. Ірландыі. Пераважае культурная расліннасць, шмат лугоў, верасовых пустак. Пад лесам (дуб, вяз, граб, бук, хвоя) і хмызнякамі 9% пл. краіны. Жывёльны свет у параўнанні з мацерыковай Еўропай крыху збеднены. Шматлікія нац. рэзерваты прыроды і рэкрэацыйныя паркі (Пік-Дыстрыкт, Сноўданія і інш.).
Насельніцтва. 81,5% складаюць англічане. Нац. меншасці: шатландцы (9,6%), уэльсцы, або валійцы (1,9%, у аднайм. частках краіны), ольстэрцы (1,8%, перасяленцы ў Паўн. Ірландыю з Англіі і Шатландыі), ірландцы (2,4% у Паўн. Ірландыі і гарадах Англіі); значныя групы выхадцаў з Вест-Індыі, Індыі, Пакістана, краін Афрыкі і Азіі, яўрэяў, італьянцаў, французаў. Невял. колькасць ірландцаў, уэльсцаў, а таксама гэлы (60 тыс.чал.) на Пн Шатландыі збераглі свае мовы (кельцкія паводле паходжання). Сярод вернікаў — пратэстанты (27 млн. англікан пераважна ў Англіі, 0,8 прэсвітэрыян у Шатландыі), католікі (9 млн.чал., у т. л. каля паловы насельніцтва Паўн. Ірландыі), мусульмане (каля 1 млн.чал.), метадысты, сікхі, індуісты, іудаісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 236.8 чал. на 1 км² (ад 1000 чал. на 1 км² у прамысл. раёнах да 1—10 чал. на 1 км² на Пн Шатландыі). Гар. насельніцтва больш за 89%. Вял. гарады (тыс.ж., 1992): Лондан (у межах Вялікага Лондана) — 6905, Бірмінгем — 1009, Лідс — 722, Глазга — 684, Шэфілд — 531, Ліверпул — 479, Брадфард — 478, Эдынбург — 440, Манчэстэр — 435. Каля трэці гар. насельніцтва жыве ў гар. канурбацыях: Вял. Лондан, Вял. Манчэстэр, Уэст-Мідлендс (вакол Бірмінгема), Клайдсайд (вакол Глазга), Уэст-Йоркшыр (вакол Лідса), Саўт-Йоркшыр (вакол Шэфілда), Мерсісайд (вакол Ліверпула), Тайнсайд (вакол Ньюкасла). У прам-сці і буд-ве занята 25% працаздольнага насельніцтва, у кіраванні — 9,1, энергетыцы — 1,9, сельскай гаспадарцы — 1,2, у гандлі і абслуговых галінах — 62,8%.
Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр. Вялікабрытаніі жыве з эпохі ранняга і сярэдняга палеаліту. Значнага развіцця стараж. насельніцтва Брытаніі (плямёны скотаў і піктаў) дасягнула ў перыяд неаліту: росквіт першабытнай абшчыны, пераход да жывёлагадоўлі і земляробства. У 6—1 ст. да н.э. Брытанскія а-вы засялілі кельты. Напярэдадні рымскага заваявання брыты (так сталі наз. кельцкія і кельтызаваныя плямёны Брытаніі) перажывалі перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і зараджэння класавага грамадства. У 1 ст.н.э. Брытанія заваявана Рымам, аднак яе раманізацыя была нязначнай. У пач. 5 ст. рымляне пакінулі Брытанскія а-вы. У сярэдзіне 5 — пач. 7 ст. пачалася іх каланізацыя герм. плямёнамі англасаксаў, у ходзе якой утварылася некалькі каралеўстваў (гл.Англасаксонскае заваяванне). У канцы 6—7 ст. англасаксы прынялі хрысціянства. Аснову іх сац.-эканам. сістэмы складала сельская абшчына, якая пачынала ўжо распадацца. У 7—8 ст. значнага развіцця дасягнула буйное і сярэдняе землеўладанне феад. тыпу. З канца 8 ст. пачаліся набегі на Брытанскія а-вы нарманаў, пераважна э тэр. Даніі. Гэта стала адной з прычын аб’яднання ў 829 большасці англасакскіх каралеўстваў у адну дзяржаву — Англію. У 1066 яе захапілі нарманы на чале з герцагам Вільгельмам, які стаў англ. каралём Вільгельмам I (гл.Нармандскае заваяванне Англіі 1066). Першы перапіс насельніцтва, праведзены ў 1086 («Кніга страшнага суда») засведчыў існаванне моцнай цэнтр. улады. Большасць сялян трапіла ў прыгонную залежнасць (гл.Віланы). Нармандскае заваяванне паскорыла эканам. развіццё Англіі. Да канца 12 ст. тут канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава. Першыя каралі дынастыі Плантагенетаў, асабліва Іаан Беззямельны, умацавалі каралеўскую ўладу. Гэта выклікала апазіц. выступленні шырокіх слаёў насельніцтва (баронаў, рыцараў, гараджан), і кароль вымушаны быў падпісаць у 1215 Вялікую хартыю вольнасцейпераважна для буйных феадалаў. Аднак супраціўленне каралеўскаму самавольству не заціхала і перарасло ў грамадз. вайну (1263—67), у час якой быў створаны (1265) 1-ы ў гісторыі Англіі парламент — сход прадстаўнікоў ад графстваў і гарадоў. У канцы 13 ст. ў Англіі ўсталявалася новая форма дзяржавы — феад. манархія з саслоўным прадстаўніцтвам — парламентам. У 14 ст. ён падзяліўся на 2 палаты, верхнюю (палата лордаў) і ніжнюю (палата абшчын). У канцы 13 ст. Англія заваявала Уэльс. Тэрытарыяльныя і гандл. супярэчнасці паміж Англіяй і Францыяй прывялі да Стогадовай вайны 1337—1433, у выніку якой Англія страціла на кантыненце ўсе тэрыторыі, акрамя г. Кале. Вайна аслабіла краіну, узмацніла сац. нестабільнасць. Сялянскія хваляванні выліліся ў антыфеад. Уота Тайлера паўстанне 1381. У канцы 14 — пач. 15 ст. пачаўся крызіс феад. прыгоннай сістэмы. З сярэдняга і дробнага дваранства, багатых сялян і інш. слаёў узнікла т.зв. новае дваранства — джэнтры, якія сталі пераходзіць на арэнду. Асн. зямельным уладаннем у большасці сялян стаў капігольд. Вялікіх поспехаў дасягнула суконная справа, з’явіліся першыя мануфактуры. У 15 ст. абвастрылася і міжусобная барацьба феадалаў, асабліва паміж дынастыямі Ланкастэраў і Йоркаў. Яна скончылася Пунсовай і Белай руж вайной (1455—85), у якой загінулі гал. прадстаўнікі многіх старадаўніх дынастый. Да ўлады прыйшлі Цюдары. Яны паклалі пачатак англ. абсалютызму, асн. асаблівасцю якога было захаванне органаў саслоўнага прадстаўніцтва і мясц. самакіравання. Абсалютызм дасягнуў свайго росквіту пры каралю Генрыху VIII. Пры ім праведзена Рэфармацыя, у ходзе якой узнікла англіканская царква, царк. ўласнасць ператворана ў свецкую, што ўмацавала каралеўскую казну і ўладу. У 16 ст. адбываўся эканам. ўздым краіны, ішоў працэс накаплення першапачатковага капіталу. У сувязі з хуткім ростам мануфактур, асабліва суконных, павялічыўся попыт на воўну, што спрыяла развіццю авечкагадоўлі. Буйныя землеўладальнікі зганялі сялян з зямлі і здавалі яе ў арэнду пад пашу (гл.Агароджванні), што прыводзіла да сял. выступленняў (найб. вядома паўстанне пад кіраўніцтвам Р.Кета, 1549). Перамяшчэнне гал.гандл. шляхоў з Міжземнамор’я ў Атлантыку паставіла Англію ў цэнтр сусв. эканомікі. У 16 ст. ўзніклі буйныя гандл. кампаніі (Ост-Індская, 1600, і інш.), якія валодалі манапольнымі правамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. Англія ўступіла ў барацьбу за гандл. шляхі і сферы ўплыву. Пасля англа-ісп. вайны 1587—1604 яна стала буйнейшай марской дзяржавай. З канца 16 ст. пачалося пранікненне Англіі ў Індыю, у 1607 заснавана першая англ. калонія ў Паўн. Амерыцы (Віргінія). Працягвалася падпарадкаванне Ірландыі (з 12 ст.), рос англ. уплыў у Шатландыі. Развіццё капіталіст. ўкладу патрабавала ліквідацыі феад. сістэмы і абсалютызму. Антыманархічная апазіцыя сканцэнтравалася ў парламенце, ніжняя палата якога складалася з новага дваранства і вярхоў буржуазіі. Процістаянне парламента каралю абвастрылася з прыходам да ўлады ў Англіі шатл. дынастыі Сцюартаў, якія сталі на шлях. феад. рэакцыі. Вынікам гэтага канфлікту сталі Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя, якія скончыліся перамогай бурж. апазіцыі. У 1649 у Англіі ўсталявалася рэспубліка. У 1652 да Англіі канчаткова далучана Шатландыя (да гэтага яны былі звязаны асабістай уніяй), а таксама падпарадкавана Ірландыя. З 1653 рэспубліка набыла форму пратэктарату О.Кромвеля. Яго ўнутр. і знешняя палітыка праводзілася ў інтарэсах буржуазіі і новага дваранства — працягваліся агароджанні, вяліся войны з Іспаніяй і Галандыяй (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Няўстойлівасць новага рэжыму, адсутнасць яго падтрымкі народам прывялі да рэстаўрацыі ўлады Сцюартаў (1660—88). Імкненне апошніх да абсалютызму зноў выклікала фарміраванне парламенцкай апазіцыі. У 1688 у Англіі адбылася т.зв. «Слаўная рэвалюцыя», якая скончылася перамогай апазіцыі і запрашэннем на прастол Вільгельма Аранскага (гл.Вільгельм III Аранскі). Паліт. сістэма, якая склалася ў Англіі, грунтавалася на кампрамісе паміж зямельнай арыстакратыяй і вярхамі буржуазіі: «Біль аб правах» (1689) канчаткова замацаваў у краіне рэжым канстытуцыйнай манархіі. З 1707 афіц. назва краіны — Злучанае каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. На працягу 1-й пал. 18 ст. адбывалася абмежаванне каралеўскай улады і павелічэнне ролі парламента. Паступова аформіліся 2 паліт. партыі — вігі (выражалі інтарэсы радавітай арыстакратыі, звязанай з вярхамі буржуазіі) і торы (абапіраліся на зямельную арыстакратыю і кансерватыўнае дваранства), якія мелі свае фракцыі ў палаце абшчын. У пач. 18 ст. пераважалі кабінеты торы, у 1714—62 — вігаў, якія праводзілі палітыку пратэкцыянізму. У сярэдзіне 18 ст. росквіту дасягнуў мануфактурны капіталізм, завяршаўся аграрны пераварот, які вёў да размывання сялянства і ператварэнне яго ў наёмных рабочых. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 18 ст. выклікаў глыбокія змены ў эканам., сац. і паліт. жыцці краіны. З 1825 пачалося буд-ва чыгунак, завяршылася фарміраванне ўнутр. рынку. На паліт. арэну выходзіла прамысл. буржуазія, якая стварыла самастойны паліт. рух — бурж. радыкалізм. Яго асн. патрабаванні — выбарчая рэформа і адмена пратэкцыянізму. З 2-й пал. 18 ст. сістэматычны характар прынялі выступленні рабочых. У канцы 18 — пач. 19 ст. шырокі размах набыў рух разбуральнікаў машын (лудзітаў), якія выступалі супраць укаранення ў вытв-сць машын, бо лічылі іх прычынай пагаршэння свайго становішча. Пачалося стварэнне прафсаюзаў — трэд-юніёнаў. Знешняя палітыка Вялікабрытаніі вызначалася актыўнай калан. экспансіяй. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Вялікабрытанія расшырыла свае ўладанні за кошт Францыі і Іспаніі. У 1780-я г. яна пачала каланізацыю Аўстраліі, у пач. 19 ст. захоп тэрыторый у Афрыцы (Капская калонія). Аднак у выніку Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Вялікабрытаніі аддзяліліся яе паўн.-амер. калоніі. У канцы 18 ст. пад уплывам амер. і франц. рэвалюцый пачаўся ўздым англ.дэмакр. руху, які працягваўся з перапынкамі да 1830-х г. Англія ўдзельнічала ў вайне супраць рэв. Францыі і антыфранц. кааліцыях, гэта была вайна за калан. першынство і панаванне на сусв. рынках. Англа-ірландская унія 1801 знішчыла рэшткі аўтаноміі Ірландыі. У 1770—1830 краінай у асноўным кіравалі торы. Яны праводзілі палітыку рэпрэсій, прынялі шэраг антыдэмакр. законаў: увялі «хлебныя законы» (1815), якія выклікалі рост цэн. Аднак паступова на палітыку краіны ўсё больш сталі ўплываць памяркоўныя торы, якія імкнуліся прыстасавацца да новых умоў жыцця, больш лічыцца з інтарэсамі буржуазіі (урад Піта Малодшага). У пач. 19 ст. ўрад торы заклаў асновы фабр. заканадаўства, правёў некаторыя рэформы. Вігі пераарыентаваліся на прамысл. буржуазію і сталі на абарону прынцыпаў лібералізму, што дапамагло ім у 1830 вярнуцца да ўлады. У 1832 яны правялі першую парламенцкую рэформу, паводле якой выбарчае права атрымала буйная і сярэдняя буржуазія. Пачалося ўзаконенне двухпартыйнай сістэмы, вігі і торы трансфармаваліся адпаведна ў лібералаў і кансерватараў. У 1830—40-я г. яны па чарзе кіравалі краінай. Вігі-лібералы спрабавалі вырашыць некаторыя сац. праблемы: прынялі выгадны для буржуазіі закон «Пра бедных» (1834), пад націскам рабочага руху правялі закон аб 10-гадзінным рабочым дні для жанчын і падлеткаў (1847). Торы-кансерватары заставаліся апорай зямельнай арыстакратыі. Аднак ва ўладзе знаходзілася іх памяркоўнае крыло на чале з Р.Пілем (піліты). Яны адмянілі «хлебныя законы» (1846), правялі некаторыя фабр. законы У канцы 1830 — пач. 1850-х г. барацьба брыт. рабочых вылілася ў масавы паліт. рух (чартызм), асн. патрабаваннем якога было ўсеагульнае выбарчае права. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за Вялікабрытаніяй вядучую ролю ў міжнар. палітыцы, умацаваў яе пазіцыі на Еўрап. кантыненце. Брыт. ўрады будавалі сваю знешнюю палітыку на аснове прынцыпаў захавання «раўнавагі сіл» у Еўропе і свабоды дзеянняў. У сярэдзіне 19 ст. Вялікабрытанія завяршыла заваяванне Індыі, узмацніла свой уплыў на Б. і Д. Усходзе, абвастрыўшы тым самым англа-рус. адносіны, з 1840-х г. пачалося яе сістэм. пранікненне ў Кітай, т.зв. «опіумныя войны» (гл.Англа-кітайская вайна 1840—42). 1850—60-я г. — час абсалютнай манаполіі Вялікабрытаніі на сусв. рынку. К таму часу яна стала магутнай калан. імперыяй (больш падрабязна пра калан. палітыку Вялікабрытаніі гл. ў арт.Брытанская імперыя, Англа-афганскія войны, Англа-бірманскія войны, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40, Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-майсурскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-сікхскія войны, Англа-франка-кітайская вайна 1856—60). Да сярэдзіны 19 ст. ў краіне завяршыўся прамысл. пераварот, па тэмпах росту на 1-е месца выйшла цяжкая прам-сць, расла канцэнтрацыя вытв-сці і капіталу, высокага агратэхн. ўзроўню дасягнула сельская гаспадарка. У адрозненне ад інш. краін у Вялікабрытаніі ўжо існавалі асн.бурж.-дэмакр. свабоды, былі легалізаваны рабочыя і дэмакр. арг-цыі. Эканам. перавага буржуазіі паскорыла ў 1850-я г. фарміраванне Ліберальнай партыі, якая аб’яднала вігаў, фрытрэдэраў, пілітаў. У 2-й пал. 19 ст. яна заняла пануючае становішча ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі, значную ролю адыгрываў яе лідэр Г.Дж.Пальмерстан. Вакол торы ўтварылася Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі, адным з самых уплывовых яе лідэраў быў Б.Дызраэлі. У 1867 кансерватары правялі дэмакр. выбарчую рэформу, паводле якой права голасу атрымалі дробная буржуазія і рабочая арыстакратыя. У 1868 у Вялікабрытаніі створана агульнанац. прафс.арг-цыя — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У знешняй палітыцы Вялікабрытанія падтрымала рабаўладальнікаў Поўдня ў час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, працягвала саперніцтва з Францыяй і Расіяй за панаванне ў Еўропе, на Б. і Д. Усходзе, выступіла супраць Расіі ў Крымскай вайне 1853—56, у выніку ўмацавала свае пазіцыі ў Асманскай імперыі. У апошняй трэці 19 ст.англ. капіталізм уступіў у новы этап развіцця, гал. рысай якога было ўзнікненне манаполій. Аднак працэс манапалізацыі ў Вялікабрытаніі ішоў больш павольна, чым у маладых капіталіст. краінах (ЗША, Германія). Устарэлая тэхн. база не дазваляла ўкараняць навейшыя дасягненні. Зніжаліся тэмпы росту прам-сці, намецілася адставанне Вялікабрытаніі ад інш. развітых краін. У 1880-я г. манаполія Вялікабрытаніі на сусв. рынку была страчана. Наяўнасць велізарнай калан. імперыі і вываз капіталу за рубеж сталі асн. рысамі англ. манапаліст. капіталізму. Вялікабрытанія ўмацавала свае пазіцыі ў Індакітаі, канчаткова захапіла Бірму (1886), Егіпет (1882), Судан (1890-я г.), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (1879). У 1876 англ. каралева абвешчана імператрыцай Індыі. Вынікі 2-й выбарчай рэформы (1867) паказалі неабходнасць барацьбы і кансерватараў, і лібералаў за расшырэнне сваёй сац. апоры. З гэтай мэтай абедзве партыі ў канцы. 19 ст. праводзілі бурж.-дэмакр. рэформы. Ліберальныя кабінеты У.Гладстана (1868—74, 1880—85, 1886, 1892—94) легалізавалі прафсаюзы (1871), расшырылі выбарчае права (1884), правялі адм. рэформы, якія аслабілі пазіцыі арыстакратыі ў дзярж. апараце і арміі. Імкнучыся ўзмацніць кантроль над рабочым насельніцтвам, якое павялічвалася, лібералы прынялі законы пра пач. адукацыю, што стала пачаткам буд-вадзярж. сістэмы нар. асветы. Кансерватыўныя ўрады Дызраэлі (1874—80) і Р.Солсберы (1885—86, 1886—92, 1895—1902) канчаткова ўзаконілі стачкі (1875), дэмакратызавалі мясц. кіраванне, прадоўжылі сістэматызацыю нар. асветы. Дэмакратызацыя выбарчай сістэмы выклікала перагрупоўку сіл кансерватараў і лібералаў.
Кансерватары пераарыентаваліся на буйных прамыслоўцаў. Лібералы перажывалі крызіс, у 1880-я г. адбыўся раскол іх партыі, выкліканы ірландскай праблемай. У канцы 19 ст. пачалі стварацца масавыя трэд-юніёны, узнікалі сацыяліст. арг-цыі. у 1900 утварылася агульнанац. рабочая партыя — К-т рабочага прадстаўніцтва (з 1906 Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі).
З канца 19 ст. тэмпы эканам. росту Вялікабрытаніі запаволіліся, па аб’ёме вытв-сці яна пачала адставаць ад ЗША і Германіі. У пач. 20 ст. абвастрыліся супярэчнасці з Германіяй з-за рынкаў збыту і панавання на моры. Сац. напружанасць вымусіла кіруючыя колы Вялікабрытаніі пайсці на пэўныя ўступкі працоўным і ў адносінах да заморскіх тэр.: правы дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907). Абвастрэнне англа-герм. супярэчнасцей садзейнічала ўрэгуляванню адносін Вялікабрытаніі з Францыяй і Расіяй. Падпісанне англа-французскага пагаднення 1904 і англа-рускага 1907 (гл.Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907) заклала асновы ваен. саюзу Антанты. У 1-й сусв. вайне Вялікабрытанія шырока выкарыстоўвала матэрыяльныя рэсурсы сваіх калоній. Упершыню былі ўведзены воінская павіннасць, ваен. рэжым. У выніку вайны Вялікабрытанія атрымала частку б.герм. і тур. уладанняў у Афрыцы і Азіі. Германія перастала быць яе асн. сапернікам на сусв. рынках, у калоніях і на моры. Але вайна каштавала Вялікабрытаніі амаль трэці нац. багацця, яна страціла частку рынкаў і вядучую ролю ў сусв. гандлі, аслаблі яе міжнар. фінансавыя пазіцыі. Узмацніўся нац.-вызв. рух у калоніях і рабочы рух у метраполіі. Брыт. ўрад быў адным з гал. арганізатараў узбр. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі, што выклікала масавы рух «Рукі прэч ад Расіі!». Правал інтэрвенцыі вымусіў урад пайсці на сав.-англ. перагаворы і падпісаць у 1921 гандл. пагадненне, што азначала прызнанне Сав. Расіі дэ-факта. На хвалі ўздыму барацьбы працоўных за свае правы ў 1920 ўзнікла кампартыя Вялікабрытаніі (КПВ), якая не стала значнай паліт. сілай у краіне (спыніла дзейнасць у ліст. 1991). Крызісныя з’явы вымусілі кіруючыя колы Вялікабрытаніі правесці шэраг рэформаў (выбарчае права для мужчын з 21 года, для жанчын з 30 гадоў, пашырэнне сістэмы сац. страхавання, абавязковае навучанне дзяцей да 14 гадоў, дзярж. дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання). Пасля 1-й сусв. вайны ліберальная партыя паступова выцяснялася з паліт. жыцця лейбарыстамі, якія ў 1924 і 1929—31 сфарміравалі ўрад на чале з Дж.Р.Макдональдам. Але гал. ролю ў міжваен. перыяд адыгрывала партыя кансерватараў, якая ў сваіх мэтах выкарыстоўвала кааліцыю з нацыянал-лейбарыстамі і нацыянал-лібераламі (1931—39). Эканоміка Вялікабрытаніі развівалася марудна з-за тэхн. адсталасці прам-сці (асабліва вядучых галін — вуглездабыўной, металургічнай, машынабуд.), абумоўленай недахопам капіталаўкладанняў. Узмацнілася і канкурэнцыя з боку ЗША і інш. краін. Спроба мадэрнізаваць прам-сць і павысіць яе эфектыўнасць за кошт працоўных выклікала супраціўленне прафсаюзаў. Усеагульная стачка 1926 скончылася паражэннем і новым наступленнем на заваёвы працоўных. У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Вялікабрытаніі ўзмацніліся бурж.-рэфармісцкія тэндэнцыі. Умяшанне дзяржавы ў эканоміку вялося амаль выключна ўскоснымі метадамі рэгулявання фін.-крэдытнай сферы. Але для барацьбы з рабочым рухам урад часцей прыбягаў да рэпрэсій, чым да рэформаў. Разам з тым у Вялікабрытаніі рабочыя мелі значныя сац. заваёвы. У абставінах абвастрэння адносін з дамініёнамі англ. ўрад пашырыў іх правы і перайшоў да палітыкі поўнага пратэкцыянізму (гл.Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948, Вестмінстэрскі статут 1931). У знешняй палітыцы Вялікабрытаніі ў міжваен. перыяд пераважалі антысав. тэндэнцыі, імкненне наладзіць адносіны з Германіяй, утаймаваць агрэсара. Таму ўрад Н.Чэмберлена (1937—40) падпісаў Мюнхенскае пагадненне 1938, не прыклаў намаганняў для стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Пасля нападу Германіі на Польшчу Вялікабрытанія разам з Францыяй 3.9.1939 уступіла ў вайну, але не вяла актыўных дзеянняў. Канец «дзіўнай вайне» паклала ў крас. 1940 агрэсія Германіі ў Даніі і Нарвегіі. Пасля капітуляцыі Францыі (22.6.1940) Вялікабрытанія засталася сам-насам з Германіяй. Пасля адстаўкі Чэмберлена з мая 1940 урад узначаліў У.Чэрчыль, які асэнсаваў глыбіню нацысцкай пагрозы і арганізаваў абарону Брытаніі. Значную матэрыяльную дапамогу Вялікабрытаніі аказалі ЗША. 12.7.1941 СССР і Вялікабрытанія заключылі пагадненне пра сумесныя дзеянні ў вайне супраць Германіі, а 26.5.1942 — Дагавор аб саюзе ў вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе сатэлітаў у Еўропе, аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе пасля вайны тэрмінам на 20 гадоў, англа-савецка-іранскі дагавор 1942. Нягледзячы на саюзныя абавязацельствы, Вялікабрытанія адцягвала адкрыццё 2-га фронту ў Зах. Еўропе. У 2-й сусв. вайне Вялікабрытанія панесла меншыя чалавечыя ахвяры (каля 300 тыс.чал.), чым у 1914—18. Значна большымі былі матэрыяльныя страты — 8,5 млрд. фунтаў стэрлінгаў. Унутр. і знешняя дзярж. запазычанасць патроілася. Аслаблі пазіцыі Вялікабрытаніі і на сусв. рынку, яе цяснілі ЗША. Значная частка залатога запасу Вялікабрытаніі перамясцілася ў амер. банкі, рэзка вырас дэфіцыт яе плацежнага балансу. Узмацніўся рух за нац. незалежнасць калан. краін. Эканоміка Вялікабрытаніі пасля вайны развівалася нізкімі тэмпамі. Асабліва ў 1950-я г. ва ўмовах нарастання навук.-тэхн. прагрэсу, узмацнення інтэграцыйных працэсаў у Зах. Еўропе і распаду калан. сістэмы. У сярэдзіне 1960-х г. Вялікабрытанія саступіла 2-е месца па развіцці ФРГ, а ў 1970-я г. яе абышлі Японія і Францыя. Значныя страты эканоміцы нанеслі крызісы 1974—75 і 1980—82. Да 1986 узровень беспрацоўя не апускаўся ніжэй за 3 млн.чал. (13—14% працаздольнага насельніцтва). Эканам. цяжкасці былі абумоўлены адставаннем Вялікабрытаніі ад многіх краін па ўзроўні прадукцыйнасці працы, нерацыянальным выкарыстаннем інвестыцый, недастатковым укараненнем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу, вял.ваен. выдаткамі, імкненнем захаваць свой уплыў у краінах Брыт. садружнасці.
З канца вайны хутка рос паліт. ўплыў лейбарысцкай партыі. У 1945 прыняты маніфест «Тварам да будучыні», у якім ставілася мэта стварыць сацыяліст. садружнасць Вялікабрытаніі шляхам эвалюцыі ў рамках змешанай эканомікі ў бок павелічэння ў ёй ролі дзярж. маёмасці, абвешчана шырокая сац. праграма. Лейбарысты выказваліся за захаванне саюзу з СССР і ЗША. Іх урады (у 1945—51 К.Этлі, у 1964—70 і 1974—76 Г.Вільсана, у 1976—79 Дж.Калагэна) нацыяналізавалі Англ. банк, вугальную, газавую, сталеліцейную, электраэнергетычную прам-сць, чыгунку, сродкі сувязі, шэраг авіякампаній, радыё, тэлебачанне і інш. Дзяржава выплаціла ўладальнікам гэтых прадпрыемстваў буйныя кампенсацыі і затраціла вял. сродкі на іх мадэрнізацыю. Каб зберагчы прыбыткі манаполій, быў прыняты план Маршала, уведзена новая сістэма сац. страхавання, палепшана сістэма адукацыі, адменены антыпрафсаюзны закон 1927. У 1965 упершыню прыняты 5-гадовы «нац.эканам. план». Імкнучыся стрымаць рост заработнай платы, спыніць забастоўкі, увесці арбітраж пры працоўных канфліктах, урад Вільсана ў 1975 дамогся «сац. кантракта» паміж трэд-юніёнамі і ўрадам: прафсаюзы абавязаліся на 2 гады абмежаваць павелічэнне зарплаты 10% у год, што стала асновай антыінфляцыйнай палітыкі.
Кансерватары, якія знаходзіліся ва ўладзе у 1915—55 (Чэрчыль), 1955—57 (А.Ідэн), 1957—63 (Г.Макмілан), 1963—64 (А.Дуглас-Х’юм), 1970—74 (Э.Хіт), 1979—90 (М.Тэтчэр) і з 1990 (Дж.Мэйджар), прызналі рэформы лейбарыстаў, але абмежавалі іх маштабы. У аснове іх эканам. палітыкі была дэнацыяналізацыя ў інтарэсах прыватнага капіталу. Яны адмянілі кантроль над платай за жыллё, павялічылі ўзносы працоўных у фонд нац. службы аховы здароўя; у 1962 стварылі Нац. савет эканам. развіцця, які распрацоўваў рэкамендацыйныя планы развіцця эканомікі, абмежавалі рост заработнай платы 2,5%. У 1971 урад Хіта прыняў закон «аб адносінах у прамысловасці», які прымушаў прафсаюзы рэгістравацца ў спец. органах дзярж. нагляду, забараніў стачкі салідарнасці і паліт. выступленні трэд-юніёнаў, што выклікала пратэсты рабочых. У 1960 кансерватары стварылі Еўрап. асацыяцыю свабоднага гандлю. Найб. выніковай была дзейнасць урада Тэтчэр, якая праводзіла палітыку радыкальнай перабудовы эканомікі на прынцыпах неакансерватызму. Праведзены шэраг мер па ліквідацыі інфляцыі, дэнацыяналізацыя і прыватызацыя, заахвочвалася прыватна-прадпрымальніцкая ініцыятыва, у т. л. дробны бізнес, скарачалася падаткаабкладанне асабістых прыбыткаў. Разам з гэтым пачалося наступленне на прафсаюзы. Тэмпы эканам. росту ў Вялікабрытаніі перавышалі ўсе еўрап. паказчыкі, створана больш рабочых месцаў, чым у краінах ЕЭС, разам узятых. Рэзка павялічылася колькасць акцыянераў (11 млн.чал.) і ўладальнікаў прыватнага жылля (60% сем’яў). У 1980-я г. змянілася аблічча брыт. мадэлі дзярж.-манапаліст. капіталізму. Гэта выявілася ў скарачэнні дзярж. сектара пры павышэнні яго эфектыўнасці, у выкарыстанні пераважна крэдытна-фін. метадаў дзярж. рэгулявання, у дзярж. стымуляванні развіцця эканомікі на базе перадавых навукаёмістых тэхналогій і інш. Ва ўмовах эканам. крызісу 1990—92 карэктывы ў палітыку ўнёс урад Мэйджара. Ён адмовіўся ад рэзкага скарачэння сац. выдаткаў, адмяніў непапулярны падушны падатак. З 1994 пачаўся рост поўнай занятасці, хоць беспрацоўе яшчэ захоўвалася на ўзроўні 8,4%. Мэйджар працягвае курс на частковы дэмантаж дзярж. сістэмы сац. абароны, праводзіць няўхільную лінію на зніжэнне кошту рабочай сілы. Праўленне кансерватараў адзначана жорсткім курсам у адносінах да Паўн. Ірландыі (Ольстэр). У 1970 спынена дзейнасць заканад. сходу Ольстэра і ўведзена прамое праўленне Лондана. У 1985 Тэтчэр падпісала пагадненне з Ірландскай Рэспублікай аб кіраванні справамі Паўн. Ірландыі. У 1995—96 дасягнута дамоўленасць аб правядзенні выбараў у Асамблею Ольстэра, а ў чэрв. 1996 пачаліся перагаворы з удзелам усіх зацікаўленых бакоў пры ўмове, што Ірландская рэсп. армія (ІРА) адмовіцца ад тэрору.
Знешняя палітыка лейбарыстаў і кансерватараў пасля 2-й сусв. вайны была прасякнута духам «халоднай вайны»: мацаваліся адносіны з ЗША, Вялікабрытанія ўдзельнічала ў стварэнні сістэмы ваен.-паліт. саюзаў, вяла «малыя» каланіяльныя войны ў Малаі, Угандзе, Нігерыі і інш., адыграла значную ролю ў суэцкай авантуры 1956 і інш. (гл.Англа-егіпецкі дагавор 1936, Англа-егіпецкае пагадненне 1954). Пад націскам нац.-вызв. руху Вялікабрытанія вымушана была пайсці на прызнанне незалежнасці б. калоній. У 1949 адменены Вестмінстэрскі статут 1931 (аб вернасці кароне); манарх прызнаны сімвалам свабоднай асацыяцыі незалежных нацый у рамках брыт. Садружнасці. Рэцыдывам імперскай свядомасці стаў англа-аргенцінскі канфлікт 1982. У 1952 Вялікабрытанія выпрабавала атамную, у 1957 — вадародную бомбу. Рашэнне аб’яднаць ядз. сілы з амер. ў рамках агульных ваен. стратэгічных планаў і размяшчэнне амер. ракет на брыт.тэр. выклікалі антыядзерны рух у краіне. З 1960-х г. узмацнілася еўрап. арыентацыя брыт. знешняй палітыкі. У 1973 Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, у 1975 падпісала Заключны акт Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). У 1980-я г. Вялікабрытанія першая з зах. краін падтрымала працэс перабудовы ў СССР. Дасягнута дамоўленасць з КНР аб перадачы ёй ў 1997 Ганконга. У 1990 разам з СССР, ЗША і Францыяй падпісала з ГДР Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносін з Германіяй, аб спыненні дзеяння чатырохбаковых пагадненняў аб Берліне і ўсёй Германіі, заключаных пасля 2-й сусв. вайны. Вялікабрытанія — чл.ААН з 1945, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН, чл. Еўрапейскага Саюза, Савета Еўропы, НАТО і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт.Паўночная Ірландыя, Уэльс, Шатландыя.
Палітычныя партыі і прафсаюзы.
Кансерватыўная партыя, Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі, Ліберальна-дэмакр. партыя. Дзейнічае 413 прафсаюзаў, найбуйнейшае аб’яднанне — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У Шатландыі і Уэльсе свае праф. аб’яднанні — Шатландскі кангрэс трэд-юніёнаў і Уэльскі кангрэс трэд-юніёнаў.
Гаспадарка. Вялікабрытанія — высокаразвітая індустрыяльная краіна (7-е месца ў свеце па вытв-сці прамысл. прадукцыі). Доля ў валавым унутр. прадукце (ВУП): прам-сці каля 40%, сельскай гаспадаркі каля 2, гандлю каля 6, транспарту каля 7, будаўніцтва каля 6%. Дзяржава кантралюе кам.-вуг.прам-сць, эл.-энергетыку, чыг. транспарт, нац. банк, чорную металургію, некаторыя кампаніі апрацоўчай прам-сці. З 1980-х г. узяты курс на дэнацыяналізацыю, продаж дзярж. прадпрыемстваў і скарачэнне дзярж. сектара. Прамысловасць дае 90% экспарту. Вугальная прам-сць — старэйшая ў краіне. У 1992 кам. вугалю здабывалася 87 млн.т, бурага 10 млн.т. Асн. раёны здабычы — Йоркшырскі (60%), Нортамберленд-Дарэмскі, Паўднёва-Уэльскі. Здабыча нафты 87 млн.т, прыроднага газу — 48 млрд.м³ на шэльфе Паўн. мора. Нафтаперапр.прам-сць у прыморскіх і прамысл. раёнах (26 з-даў агульнай магутнасцю 123 млн.т за год). Вытв-сць эл.-энергіі 327 млрд.кВт∙гадз (1992), у т. л. на ЦЭС 77,8%, АЭС 16,2, ГЭС 6%. Чорная металургія працуе на ўласным паліве і імпартнай жал. рудзе. Пераважае кіслародна-канвектарны спосаб і электраплаўка. Выплаўляецца 16,2 млн.т сталі (1992). Асн. металург, з-ды ў прыбярэжных раёнах: Паўд. Уэльс, Тайнсайд, Шатландыя; высакаякасныя сталі — у раёне Шэфілда, яе асн. вытворца — дзярж. кампанія «Брытыш стыл». Каляровая металургія працуе амаль цалкам на прывазной сыравіне, яе прадпрыемствы размешчаны пераважна ў партовых гарадах эстуарыя Тэмзы, Паўд. Уэльса, Ланкашыра. Алюміній выпускаюць з-ды на ПнУ і на в-ве Англсі. Апрацоўка каляровых металаў сканцэнтравана ў буйных цэнтрах машынабудавання, якое дае 40% кошту прамысл. прадукцыі і 1/3 экспарту. Вылучаецца агульнае машынабудаванне (комплекснае, дарожнае, пагрузачна-разгрузачнае, пад’ёмна-транспартнае, с.-г., станкі і прылады), электроннае (ЭВМ і мікраэлектронныя элементы), транспартнае (рухомы састаў чыгунак, судна-, аўтамабіле- авіяракетабудаванне). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў — 1291 тыс. (1992): асн. кампаніі «Форд», «Джэнерал мотарс», «Брытыш Лейленд мотар». Асн. цэнтры разнастайнага машынабудавання — Брысталь, Вял. Лондан, Дэрбі, стаканабудавання — Ковентры, Лестэр, Бірмінгем, прыладабудавання — Вял. Лондан, Бірмінгем, вытв-сці тэкстыльных машын — Ланкашыр, Йоркшыр, Усх. Мідленд, цяжкага машынабудавання — металургічныя цэнтры ПнУ Англіі і Клайдсайда, аўтамабілебудавання — Бірмінгем, Ковентры, Вял. Лондан, Лутан, Оксфард, Ланкашыр, суднабудавання — Клайдсайд, ПнУ Англіі, Белфаст. У аснове хім. прам-сці — вытв-сць сернай кіслаты, хлору, соды, мінер. угнаенняў, разнастайнай прадукцыі: сінт. валокнаў, пластмас, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, аграхімікатаў, фармацэўтычных тавараў і інш.Асн. раёны хіміі: ПдУ (Вял. Лондан — тонкая хімія і фармацэўтыка, Фолі — нафтахімія), Ланкашыр (асн. хімія і нафтахімія), ПнУ (комплекс вытворчасцей арган. і неарган. хіміі, цэнтр г. Білінгем), сярэдняя Шатландыя (нафтахімія — г. Грэйнджмут), Паўд. Уэльс (нафтахімія — каля г. Суонсі), ПдУ і Йоркшыр (мінер. ўгнаенні). Тэкст.прам-сць — старэйшая экспартная галіна, але былое сваё значэнне страціла. Асн. раён баваўнянай прам-сці — Ланкашыр, шарсцяной — Йоркшыр, трыкатажнай — Усх. Мідленд, ільняной — Паўн. Ірландыя. Разнастайная вытв-сць тканін з хім. валокнаў. Добра развіты швейная і абутковая прам-сць. Усюды развіта харч.прам-сць, якая перапрацоўвае мясц. сыравіну, у партовых гарадах — імпартную.
Сельская гаспадарка высокамеханізаваная, інтэнсіўная, забяспечвае больш за 80% патрэбы краіны ў харч. прадуктах. Больш за палову зямлі належыць буйным фермам (больш за 100 га), якія даюць асн.ч. таварнай прадукцыі. Гал. галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля (70% кошту с.-г. прадукцыі), добра забяспечаная натуральнымі сенажацямі і пашамі (70% с.-г. зямель), кармавымі культурамі (1/3 пасяўной плошчы) і імпартным фуражом. У 1994 (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 12, свіней (пераважна беконных) 7,7, авечак 43, птушкі 127. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя культуры (3/5 ворыва, збор 22,5 млн.т у 1993). Гал. культуры — ячмень і пшаніца, вырошчваюць кукурузу, бульбу, цукр. буракі. Развіта агародніцтва, садоўніцтва, парніковая гаспадарка, кветкаводства. Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы больш за 60 ц/га, ячменю — 48 ц/га, цукр. буракоў — 350 ц/га, бульбы — 340 ц/га. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. жытніца краіны — Усх. Англія і ПдУ.
Гал. від транспарту — марскі (больш за 90% грузаабароту). Танаж марскога флоту 19,2 млн. бр. рэг. т (1994). Найб. марскія парты (1994): Лондан (каля 80 млн.т, 40% экспарту і 25% імпарту краіны), Ліверпул, Мілфард-Хейвен, Саўтгемптан, Манчэстэр, Глазга, Хал (Гуль), Брысталь. Даўж. чыгунак 16,9 тыс.км (1994), у т. л. 4,5 тыс.км электрыфікавана. Гал.чыг. вузел — Лондан (11 промняў). Тунэль пад Ла-Маншам і паромныя пераправы звязваюць чыгункі Вялікабрытаніі і мацерыковай Еўропы. Аўтатранспарт (22 млн. аўтамабіляў, у т. л. 17 млн. легкавых) ажыццяўляе б.ч.ўнутр. грузаперавозак і 90% пасажыраперавозак. Даўж. шашэйных дарог 363 тыс.км. З унутр. водных шляхоў (даўж. 2,3 тыс.км) найб. значэнне маюць р. Тэмза і Манчэстэрскі канал. У краіне 933 км нафтаправодаў, 2993 км нафтапрадуктаправодаў, 12,8 тыс.км газаправодаў. Працуе 385 аэрапортаў, найбуйнейшыя каля Лондана, Манчэстэра, Глазга. Асн.гандл. партнёры — краіны Еўрап. супольнасці (45% знешнегандл. абароту), асабліва ФРГ і Францыя, а таксама краіны Садружнасці і ЗША. Доля Вялікабрытаніі ў сусв. экспарце — каля 9% (5-е месца ў свеце). Вывозяцца нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, аўтамашыны, сталь, прадукцыя хім. прам-сці, тэкстыль. На долю Вялікабрытаніі прыпадае больш за 80% сусв. экспарту віскі, 44,5% авіяц. рэактыўных рухавікоў, больш за 28% штучных валокнаў. Імпарт: бавоўна, руды металаў, сера, фасфарыты, натуральны каўчук, шэрсць, харч. тавары. Вялікабрытанія — буйны экспарцёр капіталу (2-е месца ў свеце пасля ЗША). Турызм дае 4% ВУП, занята больш за 1 млн.чал. Грашовая адзінка — фунт стэрлінгаў.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (арміі), ВПС і ВМФ, якія знаходзяцца ў стане рэфармавання (да 2000 года). У канцы 1994 налічвалі 254,3 тыс.чал. (376,2 тыс. рэзервістаў). Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх.Сухап. войскі (1995) налічваюць 119 тыс.чал., размешчаны ў метраполіі (механізаваная і бранятанкавая дывізіі, 15 асобных пях. брыгад і інш.), ФРГ (23 тыс.чал., уваходзяць у склад «сіл хуткага разгортвання» НАТО) і на заморскіх тэрыторыях, у т. л. 2 пях. батальёны на Кіпры, па аднаму пяхотнаму батальёну ў Брунеі, Белізе, на Фалклендскіх а-вах, у Ганконгу (пях. брыгада, да 1997). Паводле дагавора аб звычайных узбр. сілах у Еўропе яны маюць на ўзбраенні да 1015 танкаў, 636 гармат палявой артылерыі, 384 баявых верталётаў, 3176 баявых браніраваных машын. У ВПС (1995) 75,7 тыс.чал., больш за 320 баявых самалётаў і 159 верталётаў. ВМФ (1994) найбуйнейшы ў Зах. Еўропе — 53 600 чал., 113 баявых караблёў (4 атамныя ракетныя, 13 атамных мнагамэтавых і 5 дызельных падводных лодак, 3 лёгкія авіяносцы, 12 эскадраных мінаносцаў, 26 фрэгатаў, 10 патрульных, 33 мінна-тральныя, 7 дэсантных) і 20 патрульных катэраў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 146 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 611 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Вялікабрытаніі грунтуецца на актах аб адукацыі 1944 (Англія і Уэльс), 1945 (Шатландыя) і 1947 (Паўн. Ірландыя). У Англіі і Уэльсе яна складаецца з 3 ступеняў: 1-я — пач. адукацыя, 2-я — сярэдняя, 3-я — далейшая і універсітэцкая адукацыя. Абавязковая адукацыя для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў. Існуе дзярж. сістэма нар. адукацыі (93% навучэнцаў) і прыватная (7%). Дзярж. сістэма — дашкольныя ўстановы (для дзяцей да 5 гадоў), пач. школы (5—11 гадоў), сярэднія школы (11—16 гадоў — няпоўныя, да 18 гадоў — поўныя). Сярэднюю адукацыю вучні атрымліваюць, як правіла, у аб’яднаных школах (да іх прымыкаюць школы з прамежкавай ступенню). Захоўваюцца і традыц. тыпы сярэдніх школ: граматычныя і сучасныя, ёсць нязначная колькасць сярэдніх тэхн. школ. Формы і метады навучання ў розных тыпах школ неаднолькавыя. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучні здаюць экзамены звычайнага ўзроўню, якія даюць магчымасць паступаць у навуч. ўстановы сістэмы далейшай адукацыі, або экзамены павышанага ўзроўню, якія замяняюць уступныя выпрабаванні ва ун-т і інш.ВНУ. Вучні, якія не здавалі выпускных экзаменаў (каля 30%), пакідаюць школу ва ўзросце 16 гадоў. Далейшая адукацыя (для асоб ва ўзросце больш за 16 гадоў) уключае агульнаадук., прафес. і тэхн.навуч. ўстановы рознага ўзроўню, установы для адукацыі дарослых, некаторыя ВНУ (усе віды вышэйшай адукацыі ў Англіі і Уэльсе, за выключэннем універсітэцкай, належаць да ступені далейшай адукацыі). Ун-ты традыцыйна не належаць да сістэмы далейшай адукацыі, да іх далучаюцца некаторыя спец. каледжы вышэйшай адукацыі, якія маюць курсы, што даюць магчымасць выпускнікам здаваць экзамены на атрыманне вучонай ступені або дыплома аб вышэйшай адукацыі (тэхн., маст. і інш.). Школьная сістэма Шатландыі будуецца на ўзор англійскай, аднак у пач. школах тэрмін навучання 7 гадоў, у сярэдніх — 6. Асноўны тып сярэдняй школы — аб’яднаная школа. Ёсць нязначная колькасць прыватных школ. Сярэднюю прафес. адукацыю даюць дзённыя і вячэрнія каледжы на базе няпоўнай сярэдняй школы, вышэйшую — цэнтр. ін-ты (на базе поўнай сярэдняй школы). У Паўн. Ірландыі паводле закону 1947 створана сістэма адукацыі на ўзор англійскай.
На 1.1.1996 у Вялікабрытаніі 29 900 дзярж.агульнаадук. школ, 1800 спецыялізаваных, 2500 прыватных (ва ўсіх відах школ навучалася больш за 9 млн. навучэнцаў); больш за 90 ун-таў (1 млн. 541 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Оксфардскі універсітэт, Кембрыджскі універсітэт, Лонданскі універсітэт, ун-т у Глазга (з 1451), Абердзінскі (з 1495), Эдынбургскі (з 1583), Дарэмскі (з 1832), Каралеўскі ун-т у Белфасце (з 1845), ун-т Уэльса ў Кардыфе (з 1893), Ольстэрскі ун-т у Калрэйне (з 1984). У 1988 статус ун-таў атрымалі 47 ін-таў, заснаваны ун-т і Каралеўскі каледж мастацтваў. Буйнейшыя б-кі: Брытанская бібліятэка ў Лондане, б-ка Оксфардскага ун-та (з 1602), б-ка Кембрыджскага ун-та, Нац.б-ка Уэльса ў Кардыфе (з 1907), Публічная б-ка Ланкашыра (з 1924), Нац.б-ка Шатландыі ў Эдынбургу (з 1682), б-кі Эдынбургскага і Лонданскага ун-таў. Найб. музеі: Брытанскі музей (з 1753), Брытанскі музей прыродазнаўчай гісторыі, Навуковы музей (з 1857; мае унікальную калекцыю машын), Лонданскі музей (з 1912), Нац. галерэя (з 1824), Музей Вікторыі і Альберта (з 1852), Галерэя Тэйт (з 1897), Нац. партрэтная галерэя (з 1857) — усе ў Лондане; Нац. музей Уэльса ў Кардыфе (з 1907), мемарыяльны музей Шэкспіра ў г. Стратфард-он-Эйван; Шатландскі каралеўскі музей (з 1854), Нац. галерэя Шатландыі (з 1859), Нац. музей шатландскіх выдатнасцей (з 1780) — усе ў Эдынбургу. Навукова-даследчую работу ў Вялікабрытаніі праводзяць ун-ты, Лонданскае каралеўскае т-ва, Грынвіцкая астр. абсерваторыя, Савет даследаванняў па грамадскіх навуках, галіновыя дэпартаменты і навук. цэнтры, а таксама каап. асацыяцыі, фірмы, прыватна-прамысл. лабараторыі і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Вялікабрытанія займае адно з вядучых месцаў у свеце па насычанасці прэсай. Выходзіць каля 160 штодзённых і нядзельных газет, 1300 штотыднёвых, 7,5 тыс.інш.перыяд. выданняў (1992). Найб. уплывовыя газеты: «The Daily telegraph and morning post» («Штодзённы тэлеграф і ранішняя пошта», з 1855); «Daily express» («Штодзённы экспрэс», з 1900), «Daily mail» («Штодзённая пошта», з 1896), «Sunday times» («Нядзельны час», з 1822), «The Times» («Час», з 1785), «Daily mirror» («Штодзённае люстэрка», з 1903), «Sunday mirror» («Нядзельнае люстэрка», з 1915), «The People» («Народ», з 1881), «Tribune» («Трыбуна», з 1937), «The Observer» («Аглядальнік», з 1791). У Вялікабрытаніі няма афіц. цэнзуры, дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі рэгулюецца заканад. актамі. Амаль усе газеты ў фінансавых адносінах незалежныя ад паліт. партый і праводзяць самаст. рэдакцыйную палітыку. Вядучыя інфармацыйна-тэлеграфныя агенцтвы: Рэйтэр (Reuter), Прэс Асашыэйшэн (The Press Association), Эксчэйндж Тэлеграф (The Exchange Telegraph). Рэгулярнае радыёвяшчанне з 1922. Радыё- і тэлевяшчанне вядзецца пераважна 2 буйнымі агульнанац. арг-цыямі: «Брытыш бродкастынг карпарэйшэн» (Бі-бі-сі) «і Індэпэндэнт бродкастынг асорыты» (Ай-бі-эй). Дзейнічае некалькі дробных радыёкампаній, якія вядуць вяшчанне на асобныя рэгіёны краіны. Тэлевяшчанне (2 агульнанац. і 10 рэгіянальных праграм) вядзецца Бі-бі-сі і 16 прыватнымі тэлекампаніямі, якія адносяцца да Ай-бі-эй. Тэлеслужба Бі-бі-сі (з 1936) вядзе перадачы па 2 каналах (Бі-бі-сі I ахоплівае 99% насельніцтва Вялікабрытаніі, Бі-бі-сі II — 94%). Праграмы тэле- і радыёвяшчання трансліруюцца з дапамогай шырока развітых сетак наземнага, спадарожнікавага вяшчання і кабельнага тэлебачання. З некалькіх дзесяткаў спадарожнікаў розных краін і кампаній магчымы прыём больш за 100 тэле- і радыёпраграм (з іх каля 80 на англ. мове), практыкуюцца перадачы на некалькіх мовах з магчымасцю выбару любой з іх. Тэлепраграмы вядуцца па сістэмах каляровага тэлебачання PAL і SECAM; PAL plus і D2=MAC; MPEG. Мона- і стэрэафанічнае гукавое суправаджэнне перадаецца аналагавым і лічбавым спосабамі. Прыём вядзецца на індывідуальныя (76%) і калектыўныя (24%) антэны. Многія праграмы носяць агульнаеўрапейскі (BBC World, Euronews, Eurosport і інш.) і міжнародны (CNN) характар. Шырока практыкуецца паказ закадзіраваных праграм.
Літаратура. Вытокі л-ры Вялікабрытаніі ў багатым фальклоры англасаксаў, якія ў 5—6 ст. прыйшлі з кантынента і прынеслі з сабою герм. міфы і легенды, што вусна перадаваліся з пакалення ў пакаленне. З твораў нар. паэзіі англасаксаў зберагліся элегічныя паэмы «Бадзяга», «Скаргі Дэора», «Жальба жонкі», фрагмент эпічнай паэмы «Фінсбургская бітва». Пісьмовая л-ра ўзнікла ў 7 ст.Найб. стараж, помнікі гераічнага эпасу — паэмы «Беавульф» (напісана ў канцы 7 ст., захавалася ў рукапісе 10 ст.). Пасля ўвядзення хрысціянства з’явілася л-ра на лац. мове (Альдгельм, Беда Высокашаноўны, Алкуін), ствараліся рэліг. паэмы і на англасаксонскай мове (Кэдман, Кюневульф). Англасаксонская проза зарадзілася ў 9—11 ст. (кароль Альфрэд, Эльфрык, Вульфстан). Пасля заваявання Англіі нарманамі (11—13 ст.) развівалася трохмоўная л-ра: царк. творы на лац. мове, рыцарскія вершы і паэмы на франц., англ. паданні на англасаксонскай. Да сярэдзіны 14 ст. склалася агульнанац. англ. мова. Апошняй праявай літ. трохмоўя была творчасць Джона Гаўэра (паэма «Люстэрка роздуму», 1376—79, на франц. мове; «Марны лямант у пустыні», 1382, на лац.; «Гісторыя закаханага», 1390, выд. 1483, на англ.). Драм. падзеі часоў Сял. вайны пад кіраўніцтвам Уота Тайлера адлюстраваны ў творчасці У.Ленгленда (паэма «Мроя аб Пятру-аратаю», 1362). Вяршыня л-ры класічнага сярэднявечча і прадвеснік рэнесансу ў Англіі — нац. эпас Дж.Чосера «Кентэрберыйскія апавяданні» (канец 14 ст.). Стогадовая вайна з Францыяй, вайна Пунсовай і Белай руж затрымалі развіццё л-ры Вялікабрытаніі. Сярод нямногіх помнікаў 15 ст. — выкладзеныя ў прозе легенды аб рыцарах Круглага стала (раман «Смерць Артура» Т.Мэлары, апубл. ў 1485); развівалася нар. паэзія — балады легендарнага, гіст., драм. характару.
Спыненне феад. спрэчак і ўстанаўленне абсалютызму Цюдараў спрыялі адраджэнню л-ры. У пач. 16 ст. актыўна пранікаюць з кантынента на Брытанскія а-вы ідэі гуманізму. Т.Мор стварыў новы ў еўрап. л-ры жанр рамана-утопіі («Утопія», 1516, на лац. мове; 1551, на англ. мове), а паэты-«петраркісты» — узоры англ. санета (зб. «Песні і санеты», 1557). З уступленнем на трон Лізаветы I гуманізм становіцца гал. кірункам у англ. л-ры. Вяршыняй эпічнай паэзіі стала паэма Э.Спенсера «Каралева фей» (1590), напісаная арыгінальнай страфой (спенсерава страфа). Зарадзіліся жанры махлярскага і прыгодніцкага раманаў, пастаральнай л-ры («Эўфуэс і яго Англія» Дж.Лілі, 1580; «Аркадыя» Ф.Сідні, 1590, «Вопыты і павучанні» Ф.Бэкана, 1597—1625). Тэарэт. маніфестам англ. рэнесансу ў л-ры стала «Абарона паэзіі» Сідні (1581, апубл. 1595). У драматургіі аб’яднанне традыцый нар.т-ра з «вучонай» драмай ажыццявілі К.Марла, Р.Грын, Т.Кід, Лілі. Найвышэйшае дасягненне англ. драматургіі — творчасць У.Шэкспіра. Завяршаюць перыяд росквіту англ. драматургіі Б.Джонсан, Т.Хейвуд, Т.Дэкер, Ф.Бомант і Дж.Флетчэр.
Да буйнейшых з’яў л-ры 17 ст. належыць «метафізічная школа» паэтаў (Дж.Дон, Дж.Херберт), лірыка кавалераў (Э.Марвел), алегарычны раман «Шлях паломніка» Дж.Беньяна, паэзія і драматургія Дж.Драйдэна, класіцыстычная камедыя нораваў (У.Уічэрлі, У.Конірыў, Дж.Этэрыдж, Дж.Ванбру, Дж.Фаркер). Паэма Дж.Мільтана «Страчаны рай» пазначыла пераход ад гуманізму да асветніцкай ідэалогіі. У 18 ст. ў рэчышчы англ. Асветніцтва развівалася некалькі літ. кірункаў: класіцызм (паэмы А.Попа), рэалізм (раманы Дж.Свіфта, Д.Дэфо, Г.Філдынга, Т.Дж.Смолета) і сентыменталізм (раманы С.Рычардсана, О.Голдсміта, Л.Стэрна, паэзія Э.Юнга, Т.Грэя). Драматургію 18 ст. прадстаўляюць жанры класіцыстычнай трагедыі («Катон» Дж.Адысана), «баладнай оперы» («Опера жабракоў» Дж.Гея), «мяшчанскай» драмы («Лонданскі купец» Дж.Ліла). Майстрам асветніцкай камедыі быў Р.Б.Шэрыдан. Апазіцыйныя класіцызму літ. плыні і з’явы аб’яднаны паняццем перадрамантызму, калі адраджалася цікавасць да фальклору і нац. традыцый («Паэмы Асіяна» Дж.Макферсана; «Брыстольская трагедыя» Т.Чатэртана, зб-кінар. балад Т.Персі, Дж.Макдональда). У прозе перадрамантызм выявіўся ў раманах «жахаў і таямніц» Х.Уолпала і Г.Радкліф. Адраджэнне цікавасці да нар. паэзіі вызначыла шырокую папулярнасць шатл. паэта Р.Бёрнса. Пачатак рамантызму ў англ. л-ры звязваюць з выхадам у свет зб-ка «Лірычныя балады» У.Вордсварта і С.Т.Колрыджа, з творчасцю паэтаў «Азёрнай школы» (Вордсварт, Колрыдж, Р.Саўці). Асобнае месца ў англ. рамантызме займае міфатворчасць У.Блейка. Малодшае пакаленне рамантыкаў прадстаўляе плеяда вял. паэтаў — Дж.Г.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс. Жанр гіст. рамана стварыў В.Скот. Асобная роля ў працэсе пераходу ад рамантызму да рэалізму належыць творчасці сясцёр Бронтэ. Традыцыі асветніцкага дыдактычнага і сац.-псіхал.рэаліст. раманаў звязала Дж.Осцін («Гордасць і прадузятасць»).
Росквіт прозы пісьменнікаў-рэалістаў прыпадае на 1830—60-я г. (Ч.Дзікенс, У.М.Тэкерэй, Э.Гаскел, Э.Дж.Булвер-Літан, Ш.Бронтэ). Спалучэнне сац. праблематыкі з тонкім псіхал. аналізам у творчасці Дж.Эліята («Млын на Флосе») і Дж.Мерэдзіта («Эгаіст»). Псіхолагам, які апярэдзіў праблематыку 20 ст., быў «апошні віктарыянскі класік» А.Тролап (цыкл раманаў «Барсетшырскія хронікі»), У канцы 19 ст. назіраюцца кантрастныя кірункі ў прозе: жорсткі рэалізм Т.Хардзі і С.Батлера, неарамантызм Т.М.Рыда і Р.Л.Стывенсана, натуралізм Дж.Мура і Дж.Гісінга. Вобраз рэвалюцыянера стварыла ў рамане «Авадзень» Э.Л.Войніч. Развівалася і паэзія познарамантычнага тыпу: апавядальная лірыка А.Тэнісана, філас. паэзія Р.Браўнінга, грамадз. і інтымная лірыка Э.Браўнінг, геданістычная — Э.Фіцджэралда (пераклады А.Хаяма). Яркай з’явай у паэзіі і мастацтве стала творчасць «Брацтва прарафаэлітаў», тэарэтыкамі якога былі Дж.Рэскін і У.Морыс. Гэты рух вылучыў паэтаў Д.Г.Расеці і К.Расеці. Блізкі да прарафаэлітаў быў позні рамантык А.Ч.Суінберн. На фоне афіц.-дыдактычнай дзіцячай л-ры адметныя філас. казкі-гратэскі Л.Кэрала і «бяссэнсіцы» Э.Ліра. Тэндэнцыі эстэтызму, імпрэсіянізму, сімвалізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці О.Уайльда. На абнаўленне драматургіі паўплывала творчасць Б.Шоу, аўтара «драм-дыскусій», майстра п’ес, дзе выкрываюцца парадоксы бурж. грамадства. Тэндэнцыі рэалізму з выкарыстаннем формы фантаст. і дэтэктыўнага жанраў у л-ры прадаўжалі Г.К.Чэстэртан, А.К.Дойл, Г.Дж.Уэлс. Філігранны стыль, тонкі псіхалагізм, дакладнасць сац. крытыкі вызначаюць прозу Дж.Голсуарсі («Сага аб Фарсайтах»), У.С.Моэма («Цяжар жаданняў чалавечых»), А.Бенета («Клейхенгер»), К.Мэнсфілд, А.Э.Копарда, Э.М.Форстэра. Гумарыстычны кірунак у прозе прадстаўляе Дж.К.Джэром, марыністыку — Дж.Конрад. Наватарскай была творчасць Р.Кіплінга, аўтара асобай эстэтыкі трагічнага стаіцызму. 1910-я г. сталі пачаткам новага этапу ў развіцці англ. паэзіі (геаргіянцы — Дж.Мейсфілд, У.Дж. дэ ла Мар; імажысты — Р.Олдынгтан, Э.Паўнд).
Крызіс познавіктарыянскай эпохі, 1-я сусв. вайна, пасляваен. крызіс выклікалі пераломныя з’явы ў англ. л-ры. Геаргіянцы, якія сталі «акопнымі паэтамі», пісалі пра трагедыю вайны (Р.Брук, З.Сасун). У пошуках дакладнага слова і сэнсу паэты-мадэрністы спрабуюць пераўтвараць паэт. мову, адмаўляюцца ад традыц. формы верша, ствараюць асобую міфал. сістэму (Т.С.Эліят, Паўнд). Наблізілася да грамадз. тэматыкі і вярнула ў паэзію жывую нар. мову т.зв. «оксфардская» група паэтаў (У.Х.Одэн, С.Спендэр, С.Д.Льюіс). У англ. прозе 1920—30-х г. вядучае становішча займае раман (раманы «плыні свядомасці» — «Уліс» Дж.Джойса, эксперым. псіхалагічны «Місіс Дэлаўэй» В.Вулф, сац.-псіхал. эратычны «Палюбоўнік лэдзі Чатэрлі» Д.Г.Лорэнса; «інтэлектуальны раман» «Цудоўны новы свет» О.Хакслі, сатырычны «Заняпад і разбурэнне» І.Во, традыцыйны рэалістычны «Цытадэль» А.Кроніна, «Усе людзі — ворагі» Олдынгтана). Драматургію развівалі Дж.Бары, Дж.Б.Прыстлі. Паступовы распад Брыт. імперыі пасля 2-й сусв. вайны выклікаў у л-ры песімізм і «прарочую» ацэнку будучыні таталітарных дзяржаў (антыўтопія Дж.Оруэла «1984-ы год»). Рэаліст. проза шукае новы дынамізм і псіхал. дакладнасць («З любові да бліжняга» Дж.Кэры).
У 1950-я г. ўзнікла л-ра «раззлаваных маладых людзей». Расчараванне моладзі ў перспектывах бурж. грамадства паказалі К.Эміс («Шчасліўчык Джым»), Дж.Уэйн («Спяшайся ўніз»), А.Сілітаў і С.Чаплін — аўтары «рабочага» рамана, Дж.Олдрыдж і Ч.П.Сноў — палітычнага. Пра ўплыў НТР на лёс чалавецтва разважаюць пісьменнікі-фантасты (А.Кларк, Дж.Уіндэм, Дж.Г.Болард). Англ. экзістэнцыялізм прадстаўляюць раманы-прытчы У.Голдынга («Валадар мух»), мадэрнісцкія пошукі — Л.Дарэл (квадралогія «Александрыйскі квартэт»). Традыцыі класічнага рэалізму 19 ст. і экзістэнцыяльныя матывы ярка выяўлены ў творах А.Мэрдак («Пад сеткай», нап. 1966). Майстрам сац.-паліт. гратэскавага рамана зарэкамендавала сябе М.Спарк, псіхал. раман абнавілі адкрыццямі экзістэнцыяльнай эстэтыкі Дж.Фаўлс, С.Хіл, М.Дрэбл, Ч.Дж.Мітчэл. Традыцыі дэтэктыўнай прозы прадоўжылі А.Крысці, Дж. Ле Карэ. Яркай з’явай англ. паэзіі 1960-х г. стала творчасць «Групы» (ад назвы «Анталогія паэтаў «групы», куды ўвайшлі 17 паэтаў). Паэзія 1970-х г. імкнецца да аб’ектыўнасці і паказу непрыхарошанай праўды жыцця (Т.Х’юз, Ф.Ларкін).
У 2-й пал. 20 ст. зарадзілася і развіваецца англ. постмадэрнісцкая л-ра: «Жанчына французскага лейтэнанта» Фаўлса, «Розенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» Т.Стопарда, «Грошы» М.Эліса, «Лэрнэк» Э.Грэя, «Ногі ў цырку» А.Картэра, «Сорам» С.Рушдзі, «Апанаванасць востравам» Т.Мо. У гэтым рэчышчы працуюць Дж.Барнс, Э.Бёрджэс, Т.Шарп, Г.Свіфт. Актыўна развіваецца і постмадэрнісцкая драматургія (Х.Бернтан, Э.Бонд). Англ. «літаратуразнаўчы раман» стварае П.Акрайд. У перакладзе на бел. мову з 1928 выдадзены творы Дойла, Уэлса, Войніч, Скота, Кіплінга, Шэкспіра, Свіфта, Дэфо, Дзікенса, Стывенсана, Бёрнса, Байрана і інш.; у перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Блейка, Кітса, Тэнісана, Уайльда, Шэлі, А.Мэя і інш.Бел. перакладчыкі: Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, К.Крапіва, Я.Семяжон, а таксама В.Валынскі, В.Небышынец, А.Разанаў, Я.Рапановіч, С.Шупа і інш.Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт.Паўночная Ірландыя, Шатландыя.
Архітэктура. Ранні перыяд развіцця мастацтва Вялікабрытаніі прадстаўляюць мегалітычныя комплексы энеаліту і бронзавага веку (Стонхендж, Эйвберы), руіны рым. пабудоў (Адрыянаў вал), разьба па камені, метал. ўпрыгожанні, культавыя прадметы кельцкіх плямён, піктаў, англасаксаў (1 ст. да н.э. — 10 ст.н.э.). Раманскі стыль прадстаўлены англа-нарманскім храмам у Ілі (1083—1190), Дарэме (1093—1133), Норыджы (1095—1150), з магутнымі квадратнымі вежамі, замкамі ў Лондане (Таўэр), Віндзары (канец 11 ст.), крэпасцю ў Рочэстэры (канец 1130-х г.). Пабудовы гатычнага стылю Вялікабрытаніі падзяляюць на ранні (да 1250), «дэкаратыўны стыль» (1250—1340), «перпендыкулярны стыль» (1340—1550). Гатычныя храмы вылучаюцца маштабнасцю, дамінантамі вежаў, шырокімі фасадамі з развітым дэкорам, нервюрнымі скляпеннямі; ім характэрна спалучэнне простых і масіўных выцягнутых аб’ёмаў, багацце дэкар. разьбы на фасадах, ускладненыя ўзоры, дэкар. і канструкцыйныя эфекты: саборы ў Кентэрберы (1070—1509), Дарэме (1-я пал. 12 ст.), Солсберы (1220—66), Уэлсе (1230—33), Лінкальне (1075—1380), Вестмінстэрскага абацтва ў Лондане (13 ст.). «Перпендыкулярны стыль» вызначаецца пышнасцю аздобы і пластычных эфектаў нервюрных скляпенняў: сабор у Глостэры (1351—1407), капліца Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (1446—1515). Рэфармацыя і англ. рэвалюцыі 17 ст. паўплывалі на станаўленне свецкага характару мастацтва і рацыянальных схем у архітэктуры. Класіцызм развіваў традыцыі архітэктара позняга Адраджэння А.Паладыо. Пабудовам і гар. ансамблям уласцівы строгасць і яснасць формаў, ураўнаважанасць і ўрачыстасць кампазіцыі: Фіцрой-сквер у Лондане (арх. Р. і Дж.Адам, 1790—1800), пл. Шарлоты ў Эдынбургу (арх. Адам, 1792—1807). Вяршыня англ. класіцызму — сабор св. Паўла ў Лондане (арх. К.Рэн, 1675—1710). У архітэктуры 18 ст. панавалі пышныя формы барока (Дж.Ванбру, Н.Хоксмар). У.Кет і У.Чэймберс распрацавалі тып «англійскага парку» (парк у Бленіме). У выніку прамысл. перавароту канца 18 — пач. 19 ст. гарады цэнтр. Англіі (Манчэстэр, Бірмінгем, Шэфілд) і паўд. Шатландыі (Глазга) ператварыліся ў вял.індустр.-гандл. цэнтры. З 19 ст.англ. архітэктары распрацоўваюць прынцыпы тыповай, масавай гар. забудовы, складаныя метал. канструкцыі мастоў і перакрыццяў (інж. Т.Тэлфард, Р.Стывенсан). «Крыштальны палац» у Лондане (арх. Дж.Пакстан, 1851) са зборным метал. каркасам і шкляным запаўненнем стаў маніфестам рэвалюцыі ў еўрап. архітэктуры. Гэтаму кірунку процістаялі тэндэнцыі неакласіцызму (Брытанскі музей у Лондане, арх. Р. і С.Смёрк, 1823—57) і неаготыкі (Парламент у Лондане, арх. Ч. і Э.Бэры, А.П’юджын, 1840—68), а потым і эклектызм. Адначасова ідуць пошукі рацыянальнай сціпласці і ўтульнасці ў архітэктуры жылля, пераважна загарадных дамоў (Б.Скот, Н.Шо, Ч.Ф.Войзі). У 20 ст. хаатычны рост гарадоў і прыгарадаў з малапавярховай забудовай спарадзілі новыя тэндэнцыі ў горадабудаўніцтве: Э.Хоўард і Р.Ануін першымі распрацавалі праекты гарадоў-садоў і гарадоў-спадарожнікаў. П.Гедэс і Л.П.Аберкрамбі стварылі праекты комплекснай планіроўкі прамысл. раёнаў. У пач. 20 ст. побач з прадстаўнікамі неакласіцызму (Э.Лачэнс) і неаготыкі (Т.Скот Малодшы) выступалі ініцыятары стылю мадэрн і рацыяналізму (Ч.Макінташ), а у 1920—30-х г. — і функцыяналізму (М.Фрай, О.Уільямс). Пасля 2-й сусв. вайны рэканструяваны разбураныя гар. раёны. Прынцып мікрараянавання выкарыстоўваўся да 1960-х г. Сярод пабудоў вылучаюцца Каралеўская канцэртная зала (арх. Р.Мэцью, Л.Марцін, 1949—51), Культурны цэнтр Барбікан (1984) — абодва ў Лондане, сабор у Ковентры (арх. Б.Спенс, 1954—62).
Выяўленчае мастацтва. У раннім сярэднявеччы была пашырана кніжная мініяцюра («Ліндысфарнскае евангелле», каля 681—721). Блізкія да мініяцюры па стылі і першыя насценныя размалёўкі (саборы ў Кентэрберы, 12 ст.; у Чычэстэры, каля 1260). Гатычная скульптура была падпарадкавана дэкар.-арнаментальным мэтам (надмагілле Эдварда II у саборы у Глостэры, 14 ст.); развіваліся жывапіс (алтар у Вестмінстэры, канец 13 ст.) і вітраж (капліца св. Тройцы сабора ў Кентэрберы, пач. 13 ст.). У 14 ст. з’яўляецца станковы, у т. л. партрэтны, жывапіс. Тонкасцю і вытанчанасцю адметныя тагачаснае ткацтва, вышыўка, дыванаробства, разьба па дрэве і косці, ювелірная справа. Рэнесансавыя традыцыі ў мастацтве Вялікабрытаніі не мелі такой сілы, як у інш.еўрап. краінах. У жывапісе 16—17 ст. пераважаў партрэтны жанр (мініяцюрысты Н.Хіліярд, А.Олівер, С.Купер, жывапісцы У.Добсан, Дж.Райлі). Выяўл. мастацтва дасягнула росквіту ў 18 ст. ў творах рэаліста і сатырыка У.Хогарта, у багатых па каларыце партрэтах Дж.Рэйналдса, Т.Гейнсбара, Г.Рэберна, Дж.Опі, якія спалучалі парадную імпазантнасць з натуральнасцю і адухоўленасцю вобразаў, трапнасцю, сац. і індывід. характарыстыку з віртуознай лёгкасцю і свабодным жывапісам. Эфектныя партрэты стваралі Дж.Ромні, Т.Лорэнс і інш. У 2-й пал. 18 ст. развівалася нац. школа пейзажа: рамант. рысамі адзначаны паэт. работы Гейнсбара і Дж.Крома, акварэлі Дж.Козенса і Т.Гёртына. Жанравы жывапіс прадстаўлены творамі Дж.Морленда і Дж.Райта. У 17—18 ст. распрацоўваліся высокамастацкая мэбля (Т.Чыпендэйл, Дж.Хеплуайт, Т.Шэратан), вынайдзены англ. крышталь і фаянс (вырабы мануфактуры Дж.Уэджвута з рэльефамі ў ант. формах), працавалі шпалерныя мануфактуры ў Мортлейку, заводы фарфору ў Боу, Чэлсі, Вустэры, Дэрбі. У графіцы 18 — 1-й пал. 19 ст. важнае месца належала паліт. і быт. карыкатуры (Дж.Гілрэй, Т.Роўлендсан), рэпрадукцыйнай гравюры. Т.Б’юік вынайшаў тарцовую ксілаграфію. У 1-й пал. 19 ст. жывапіс рамантызму дасягнуў вяршыні ў творах У.Блейка і перадімпрэсіяністычных краявідах У.Тэрнера. Пленэрныя рэалістычныя пейзажы ствараў Дж.Констэбл, пейзажы і гіст. палотны Р.Бонінгтан, акварэль развівалі Дж.С.Котмен і Д.Кокс. У сярэдзіне і 2-й пал. 19 ст. мастакі-прэрафаэліты (Д.Г.Расеці, Э.Мілес, Х.Хант, У.Морыс, Э.Бёрн-Джонс) імкнуліся да яснай прыгажосці, эстэтызацыі прадметнага асяроддзя. Графіка О.Бёрдслі прадвызначыла сецэсію ў еўрап. мастацтве. Каларыстыка твораў Дж.Уістлера стала першаасновай імпрэсіянізму. Жанравы жывапіс 2-й пал. 19 ст. нясе адбітак сентыментальнасці і літ. займальнасці (У.Сікерт, У.Стыр, У.Фрыт, Х.Херкамер). У мастацтве 20 ст. росквіт рэаліст. партрэтнага і жанравага жывапісу і графікі (Ф.Брэнгвін, О.Джон, У.Орпен), спалучаўся з нараджэннем новых авангардных плыняў: фавізм (М.Сміт, А.Хітчэнс), футурызм і кубізм (У.Льюіс), сюррэалізм (С.Спенсер, Г.Сазерленд, П.Нэш, Ф.Бейкан), абстракцыянізм (Б.Нікалсан, Б.Хепуарт), сюррэалізм і абстракцыянізм (Г.Мур, К.Армітэдж), поп-арт (П.Філіпс). Гл. таксама раздзел Архітэктура і выяўл. мастацтва ў арт.Шатландыя, Паўночная Ірландыя, Уэльс.
Музыка. Вытокі музыкі Вялікабрытаніі — у муз. культуры стараж. кельцкіх плямён, носьбітамі якой былі барды. Муз. фальклор народаў Брытанскіх а-воў адметны нац. своеасаблівасцю, аднак мае агульныя рысы — ладавую сістэму, элементы шматгалосся, дакладную рытміку. Асн.інстр. жанры — танцы жыга, кантрданс, хорнпайп. Сярод найб.стараж. інструментаў: пайп (дудка), рэкордэр (флейта), фідль (скрыпка), тэйбар (барабаны); пазней з’явіліся арфа, ліра, лютня, валынка і інш. З усталяваннем хрысціянства развівалася царк.прафес.муз. мастацтва. У сярэдневяковай царк. музыцы Вялікабрытаніі панаваў грыгарыянскі харал, літургія суправаджалася ігрой на аргане. Ранні ўзор свецкага шматгалосся — 6-галосы падвойны канон «Лета прыйшло» (на мяжы 14 ст.). Нармандскія заваёўнікі прынеслі ў Вялікабрытанію мастацтва менестрэляў і трубадураў. У канцы 14 — пач. 15 ст. паявіліся прыдворныя капэлы. У 1-й пал. 15 ст. вылучылася англ. школа поліфаністаў на чале з Дж.Данстэйблам, якая заняла гал. месца ў еўрап. поліфанічным мастацтве. У эпоху Адраджэння музыка ўвайшла ў побыт англ. арыстакратаў і гараджан, пашырыліся кансорты — садружнасці людзей, якія ігралі на розных інструментах, з’явіліся салісты-інструменталісты. У 16 ст. ў царк. музыку ўведзены буйныя формы — меса, магніфікат і інш., у свецкую — мадрыгал (У.Бёрд). У 16—17 ст. працавалі пачынальнікі еўрап. клавірнай музыкі кампазітары Дж.Бул, А.Гібанс, К.Тай, Дж.Тавернер, Т.Таліс, Дж.Даўленд. У пач. 17 ст. фарміруецца англ.муз.т-р, што ўзяў пачатак ад містэрый, музыку да якіх пісалі А.Ферабоска, браты Г. і У.Лоўс і інш. У час панавання пурытан (сярэдзіна 17 ст.) развіццё свецкай музыкі прыпынілася, асн.муз. жанрамі сталі рэліг. гімны, псалмы і хары на біблейскія тэксты, блізкія да нар. песеннасці. Пасля рэстаўрацыі Сцюартаў (1660) у муз. культуру зноў пачалі пранікаць ідэі Адраджэння, уплывы свецкай музыкі, што адбілася на творчасці Г.Пёрсела, стваральніка адной з першых англ. опер «Дыдона і Эней» (1689). Муз. культура 1-й пал. 18 ст. звязана з імем Г.Ф.Гендэля. У 18—19 ст. у муз. культуры Вялікабрытаніі панавалі іншаземныя ўплывы, асабліва італьян. опера. Захапленне ёю высмеяна ў парадыйнай «Оперы жабрака» (1728) Дж.Гея і І.К.Пепуша, якая дала пачатак т.зв. баладнай оперы, звязанай з традыцыямі менестрэляў. Творчасць кампазітараў 18—19 ст. (Т.Арн, У.Бенет, Г.Бішап, М.Балф, Дж.Барнет) звязана пераважна з т-рам. У канцы 19 ст. папулярныя былі аперэты А.Салівена і С.Джонса. У 19 ст. Лондан — адзін з цэнтраў еўрап.муз. жыцця. Тут гастралявалі Ф.Шапэн, Ф.Ліст, Н.Паганіні, Г.Берліёз, Р.Вагнер, Дж.Вердзі, А.Дворжак, П.Чайкоўскі, А.Глазуноў; створаны т-р«Ковент-Гардэн» (1732), Каралеўская акадэмія музыкі (1822), Трыніты-каледж (1872), Каралеўскі муз. каледж (1883), Акадэмія старадаўняй музыкі (1770), Кэтч-клуб (1761), шматлікія муз. т-вы. З 1784 у Лондане праводзяцца Гендэлеўскія фестывалі (з 1857 рэгулярна). Заснаваны фірмы муз. інструментаў «Бродвуд», «Хіл і сыны». З канца 19 ст. развіваецца муз. навука (сярод музыказнаўцаў Дж.Гроў). На мяжы 19—20 ст. узнікла т.зв.англ.муз. адраджэнне. Сярод прадстаўнікоў новай англ. кампазітарскай школы Э.Элгар, Х.Пэры, Ф.Дыліус, Г.Холст, Р.Воан-Уільямс, Дж.Айрленд, Ф.Брыдж. Адзін з буйнейшых майстроў англ. музыкі 20 ст. Б.Брытэн. Сярод інш. дзеячаў муз. культуры кампазітары М.Тыпет, Л.Берклі, А.Бліс, А.Бенджамін; дырыжоры Дж.Барбіролі, Т.Бічэм, М.Сарджэнт, А.Боўлт; піяністы Дж.Мур, Дж.Огдан; вакалісты К.Ферыер, Дж.Мак-Кормак, П.Пірс і інш. Сярод шматлікіх эстр. ансамбляў найб. вядомы «Бітлз», «Ролінг-Стоўнз», «Куін» і інш. У Лондане працуюць т-ры «Ковент-Гардэн» і «Сэдлерс-Уэлс», Англійская нац. опера, Каралеўскі балет, сімф. і камерныя аркестры, у т. л.Лонданскі філарманічны аркестр, Бі-Бі-Сі і інш.
Тэатр. Вытокі англ.т-ра звязаны з абрадавымі гульнямі. З 11 ст. існаваў царк.т-р як частка рэліг. рытуалу (літургічная драма, міракль). У пач. 13 ст. з пераносам царк. паказаў на гар. плошчы закладзены пачатак нар. містэрыяльнага сярэдневяковага т-ра (містэрыі, маралітэ, фарсы). У 14—16 ст. склаўся прафес. т-р. У 16 ст. з’явіліся вандроўныя трупы, аматарскі школьны т-р. Росквіту англ.тэатр. мастацтва і драматургія дасягнулі ў эпоху Адраджэння. Драматургія У.Шэкспіра на многія стагоддзі стала школай акцёрскага майстэрства. Найб. вядомыя тагачасныя акцёры Э.Алейн і Р.Бёрбедж. Пабудаваны тэатр. памяшканні — «Тэатр» (1576), «Лебедзь» (1596), «Глобус» (1599) і інш., набылі папулярнасць дзіцячыя трупы хлопчыкаў. У канцы 16 — пач. 17 ст. тэатр быў пераважнанар. відовішчам, з 1620-х г. ён ператварыўся ў арыстакратычную забаву. У час бурж. рэвалюцыі пурытане спец. указам (1642) забаранілі тэатр. паказы. Аднавілася тэатр. дзейнасць з рэстаўрацыяй манархіі Сцюартаў (1660). У 1663 у Лондане адкрыты т-р«Друры-Лейн». Росквіт тэатр. мастацтва эпохі Асветніцтва звязаны з «камедыямі нораваў» Р.Шэрыдана, творчасцю акцёра Д.Гарыка. Узвышаны стыль акцёрскага выканання, што панаваў у канцы 18 — пач. 19 ст., асабліва выявіўся ў творчасці Дж.Кембла і С.Сіданс. У рэпертуары т-раў 19 ст. пераважалі меладрамы, фарсы, перакладныя класічныя творы. Рамантычны кірунак у акцёрскім мастацтве звязаны з творчасцю Э.Кіна. У 2-й пал. 19 ст. ў Лондане пабудаваны новыя т-ры, набылі вядомасць акцёры і рэжысёры Ч.Кін, У.Макрэдзі, Г.Ірвінг і Э.Тэры (кіраўнікі т-ра «Ліцэум»). У 1890-я г. ўзніклі «Незалежны тэатр», «Олд Вік» і інш., якія прапагандавалі творы Б.Шоу, Дж.Голсуарсі. Разам з рэалістычным існавала пампезнае мастацтва акцёра і рэжысёра Г.Б.Тры; рэж. Т.Крэг вёў пошукі формаў сімвалісцкага т-ра. Дасягненні тэатр. мастацтва 20 ст. звязаны з творчасцю акцёраў Л.Аліўе, Дж.Гілгуда, А.Гінеса, В.Лі, Р.Рычардсана, М.Рэдгрэйва, П.Скофілда, С.Торндайк, Э.Эванс, П.Эшкрафт. Рэжысуру вызначаюць новае асэнсаванне шэкспіраўскай драматургіі, шырыня абагульненняў, вастрыня сцэн. прыёмаў (П.Брук, Т.Гатры, Рэдгрэйв), імкненне да рэалізму (Дж.Літлвуд, П.Хол, Т.Рычардсан). Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі т.зв. рэпертуарныя т-ры. Новы ўздым англ.т-ра пачаўся з п’есы Дж.Осбарна «Азірніся ў гневе» (1956). З’явілася драматургія «раззлаваных маладых людзей», новая сацыяльна-быт. драма. Не абмінулі англ.т-р «эксперыментальныя» кірункі, што ўзніклі ў Еўропе ў 1950—60-я г., у т. л. «тэатр абсурду». Тэатр. калектываў з пастаяннай трупай і ўласным памяшканнем у Вялікабрытаніі амаль няма. Звычайна тэатр. будынкі здаюць у арэнду трупам, якія фарміруюцца для пастаноўкі адной п’есы. Выключэнне складаюць Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр і Нацыянальны т-р (створаны ў 1963 на аснове т-ра «Олд Вік»). Сярод тэатр.навуч. устаноў: Каралеўская акадэмія драм. мастацтва, Цэнтр. школа дыкцыі і драм. мастацтва (Лондан), Бірмінгемская школа дыкцыі і драм. мастацтва, тэатр.ф-т пры Брыстольскім ун-це. З 1947 у г. Эдынбург штогод праводзіцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы.
Кіно. Пачаткам нац. кінавытворчасці лічыцца першы паказ англ. фільма, арганізаваны ў 1896 У.Полам, які адначасова з братамі Люм’ер сканструяваў кінакамеру. Пол і рэжысёры т.зв. брайтанскай школы Э.Колінз, Дж.Уільямсан і Дж.А.Сміт выпускалі эксцэнтрычныя камедыі, экранізацыі, трукавыя фільмы. Вял. папулярнасцю карысталіся хронікі, дакумент. фільмы і кінамеладрамы. З 1906 у кінематаграфіі Вялікабрытаніі пачаўся працяглы крызіс; дэманстраваліся пераважнафранц. экранізацыі і амер. «кінабаевікі». У 1927 парламент прыняў закон у падтрымку нац. кінематаграфіі, выпуск фільмаў павялічыўся. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г. — меладрамы, фарсы і салонныя камедыі. Вылучаліся фільмы заснавальніка фірмы «Лондан філмс» рэж. А.Корды, у якіх здымаліся вядомыя акцёры Ч.Лоўтан, Р.Донат, Л.Хоўард, В.Лі, Л.Аліўе і інш. Вядомасць набылі дэтэктыўныя фільмы А.Хічкака, фільмы К.Відара («Цытадэль», 1938), К.Рыда («Зоркі глядзяць уніз», 1939). У 2-ю сусв. вайну значных поспехаў дасягнула дакумент. кіно (рэж. Х.Джэнінгс, С.Джыліят, Ф.Лаўндэр і інш.), якое паўплывала і на маст. кінематаграфію. Павялічыўся імпарт фільмаў ЗША (да 70%). Кінамастацтва пасляваен. гадоў дасягнула пэўных поспехаў у экранізацыях твораў У.Шэкспіра («Гамлет», 1948, «Рычард III», 1955, рэж. абодвух Аліўе), у пастаноўках эксцэнтрычных, сатыр. камедый (А.Макендрык, Г.Карнеліус, Дж. і Р.Боўлтынгі). Сярод лепшых фільмаў: «Шлях у вышэйшыя колы» (1958) Дж.Клейтана, «Азірніся ў гневе» (1958), «Смак мёду» (1962) і «Том Джонс» (1963) Т.Рычардсана, «У суботу ўвечары, у нядзелю ўранні» К.Рэйса (1960), «Так званае каханне» Дж.Шлезінгера і інш. Працавала кінагрупа дакументалістаў «Свабоднае кіно» (рэж. Л.Андэрсан, Рэйс і інш.). З сярэдзіны 1960-х г. пачалася актыўная амерыканізацыя брыт. кінапрамысловасці. Асн. кінапрадукцыя — дэтэктыўныя фільмы, прымітыўныя камедыі. Сац.-крытычнай накіраванасцю вылучаліся фільмы рэж. Р.Лестэра, П.Уоткінса. Творчасць рэжысёраў рэаліст. кірунку звязана пераважна з тэлебачаннем. Сярод вядомых акцёраў: Дз.Богард, Р.Бёртан, М.Рэдгрэйв, В.Рэдгрэйв, П.Усцінаў і інш.Гал.навуч. ўстановы: Лонданская кінашкола, Нац. кінашкола, Каралеўскі каледж мастацтваў, Тэлевізійная кінаакадэмія ў Лондане. У г. Эдынбург штогод праводзяцца кінафестывалі (у рамках Міжнар. фестывалю музыкі і драмы).
Беларусы ў Вялікабрытаніі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Вялікабрытанію ўзнікла пасля 2-й сусв. вайны. Аснову эміграцыі склалі беларусы, якія ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях саюзнікаў у складзе Другога корпуса Андэрса арміі. Разам з перасяленцамі іх было каля 15 тыс. У 1947 засн.Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ) з аддзеламі ў Лондане (1947), Брадфардзе (1948), Манчэстэры (1948) і Бірмінгеме (1952); праз давераных прадстаўнікоў ЗБВБ праводзіла работу ў Кембрыджы, Нотынгеме, Лідсе, Ковентры. У 1948 засн.Хрысц. аб’яднанне бел. работнікаў у Вялікабрытаніі (ХАБР), Згуртаванне бел. камбатантаў, Бел.хрысц.акад. аб’яднанне «Жыццё», Бел. незалежніцкі нар.-хрысц. рух, Саюз журналістаў. У 1949 створаны Каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый у Вялікабрытаніі, які ўзгадняў культ. і грамадскую працу, наладжваў сувязі з сародзічамі ў інш. краінах. Пасля легалізацыі ЗБВБ (1948) беларусы атрымалі ліцэнзію на стварэнне ўласных прадпрыемстваў. Былі адчынены бюро па перасылцы паштовых пасылак, стаматалагічная лабараторыя, фотастудыя. У 1948 беларусы купілі ў Лондане дом, дзе размясціліся рэдакцыі іх часопісаў і газет, б-ка, архіў, праводзіліся сходы, лекцыі, святкаванні нац. угодкаў, працавала нядзельная школа. У 1949 пачаў дзейнасць бел. клуб у Манчэстэры. На сабраныя грошы набыты дамы ў Брадфардзе (1952) і Манчэстэры, якія сталі цэнтрамі бел. жыцця. У 1963 пры ЗБВБ засн. дапамогавая секцыя, якая мае аўтаномію, кіруецца асобным статутам і распараджаецца фондам (папаўняецца сродкамі з касы ЗБВБ і ахвяраваннямі прыватных асоб). Фонд зарэгістраваны брыт. ўладамі і вызвалены ад падаткаў, што дае магчымасць фінансаваць працу замежных даследчыкаў у галіне беларусазнаўства, сельскай гаспадаркі, эканомікі, палітыкі, выплачваць стыпендыі маладым вучоным з Беларусі, якія стажыруюцца ў ВНУ Вялікабрытаніі, аказваць дапамогу ахвярам Чарнобыля на Бацькаўшчыне. У 1964 у Бел. доме ў Лондане адкрыты Бел. юнацкі клуб, які аказваў моладзі дапамогу ў вучобе, працавала дадатковая школа для дзяцей, танц. гурток. У 1970 у Брадфардзе адкрыты грамадскі клуб «Сакавік», які разам з брадфардскім аддзяленнем ЗБВБ займаўся культ. і грамадскай працай. Цэнтрамі навук.-культ. жыцця ў Вялікабрытаніі сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства (АБТ), якія ўзаемадзейнічаюць у арг-цыі і правядзенні семінараў, навук. канферэнцый, выставак, літ. вечарын і інш. З нагоды 60-х угодкаў БНР у маі 1978 у Лондане дзейнічала Бел. замежная пошта. Значную ролю ў духоўным і культ. жыцці беларусаў Вялікабрытаніі адыгрывае царква. Місіі Бел. аўтакефальнай правасл. царквы існуюць у Лондане, Манчэстэры, Брадфардзе, Нотынгеме, Кембрыджы. У 1947 створана Бел. каталіцкая місія. Пры Доме марыянаў у Лондане дзейнічае царква св. Пятра і Паўла, у 1961—15 тут працавала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага. У 1989 у Лондане створаны Бел.к-т дапамогі ахвярам радыяцыі, які ўзначаліў айцец К.Надсан. Выдавецкую дзейнасць ажыццяўляюць ЗБВБ, ХАБР, АБТ, Бел.б-ка і музей імя Ф.Скарыны і інш. На бел. мове выходзілі часопісы: грамадска-паліт.«Беларус на чужыне» (1947—50), «Аб’яднанне» (з 1948), «Патрыёт» (з 1949); навук. «The Journal of byelorussian studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў», 1965—88); царк.«Божым шляхам» (1957—80), «Званіца» (1974), «На шляху» (1946—51), «Голас часу» (1989—95); маладзёжныя «Наперад» (1948—53), «Да мэты» (1948), сатырычны «Крапіва» (з 1949), бюлетэні «Змагар» (Згуртавання бел. камбатантаў, 1949—50), «Жыццё» (1948) і «Рунь» (Бел.хрысц.-акад. аб’яднання, 1950), «Чарнобыль у Беларусі» (з 1992), камунікаты Бел. выдавецкага фонду (1950), Бел. незалежнага нар.-хрысц. руху (1948—49). Выходзяць (1997): «Камунікат ЗБВБ» (з 1946), «Веснік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1982).
Літ.:
Англия в эпоху абсолютизма: (статьи и источники). М., 1984;
Городецкая И.Е. Великобритания: избиратели, выборы, партии, 1945—1970. М., 1974;
Жигалов И.И. Современная история Великобритании (1945—1975). М., 1978;
Кертман Л.Е. География, история и культура Англии. 2 изд. М., 1979;
Аникст А. История английской литературы. М., 1956;
Английская литература, 1945—1980. М., 1987;
Daiches D. A critical history of English literature. Vol. 1-2, London, 1963;
Sanders A. The short Oxford history of English literature. London, 1996;
Виппер Б.Р. Английское искусство: Краткий ист. очерк. М., 1945;
Ковнацкая Л.Г. Английская музыка XX в.: Истоки и этапы развития. М., 1986;
Raynor H. Music in England. London, 1980;
Harrison F.L. Music in medieval Britain. 4 ed. Buren, 1980.
Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка), Н.Я.Арлова (гісторыя да канца 19 ст.), К.А.Далгучыц (гісторыя 20 ст), А.П.Ткачэнка (радыё, тэлебачанне), Н.М.Саркісава, В.В.Халіпаў (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўл. мастацтва), Л.А.Сівалобчык (музыка), А.С.Ляднёва (беларусы ў Вялікабрытаніі).
Герб і сцяг Вялікабрытаніі.Да арт.Вялікабрытанія. Плошча Пікадылі-сёркус у Лондане.Да арт.Вялікабрытанія. Рачная даліна ва Уэльсе.Да арт.Вялікабрытанія. Ландшафт на ПдЗ Шатландыі.Да арт.Вялікабрытанія. Сабор у Кентэрберы. 1070—1503.Да арт.Вялікабрытанія. Сабор у Лінкальне. 1075—1380.Да арт.Вялікабрытанія. Каралеўскі замак у Віндзары. Канец 11 ст.Да арт.Вялікабрытанія. Комплекс будынкаў універсітэта ў Оксфардзе.Да арт.Вялікабрытанія. Інтэр’ер сабора ў Дарэме. 1-я пал. 12 ст.Да арт.Вялікабрытанія. Сабор св. Паўла ў Лондане. 1675—1710.Да арт.Вялікабрытанія. Дэкаратыўны парк палаца ў Бленіме.Да арт.Вялікабрытанія. Культурны цэнтр Барбікан у Лондане. 1984.Да арт.Вялікабрытанія. Дж.Рэйналдс. Партрэт графіні Спенсер з дачкой. 1759—61.Да арт.Вялікабрытанія. Англасаксонскія воіны. Мініяцюра з англійскага рукапісу 11 ст.Да арт.Вялікабрытанія. Т.Гейнсбара. Партрэт герцагіні дэ Бофарт (Дама ў блакітным). 1770-я г.Да арт.Вялікабрытанія. Мініяцюра «Месяц жнівень». 14 ст. Лондан. Брытанскі музей.Да арт.Вялікабрытанія. Адрыянаў вал. 122—133.Да арт.Вялікабрытанія. Галава надмагільнай статуі Эдуарда II. Сабор у Глостэры. Каля 1331.Да арт.Вялікабрытанія. У.Блейк. Жыццё чалавека. 1820-я г.Да арт.Вялікабрытанія. Н.Хіліярд. Юнак сярод кустоў руж. Каля 1588.