СКІ́РМУНТ (Алена) (Гелена; 5.11.1827, в. Калоднае Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 1.2.1874),

бел. мастак. Маст. адукацыю атрымала ў Вільні ў В.​Дмахоўскага (1844—45), удасканальвала майстэрства ў Берліне і Дрэздэне. У ранні перыяд творчасці пісала партрэты Канстанцыі, Тэклі Скірмунт (1845—48), Тэафілі, Зяноны Любанскіх (1850), якія вызначаюцца глыбінёй і трапнасцю характарыстык. У 1850-я г. звярнулася да рэліг. тэматыкі: «Марыя Чапская моліцца ў кляштары візітак у Вільні» (1851), алтарны абраз «Бязгрэшнае зачацце», праект алтара для касцёла ў в. Ахова каля Пінска. З мастаком-самавукам К.​Радыкам рэстаўрыравала абразы і гафты на літургічных шатах у пінскім касцёле. У 1852—54 брала ўрокі скульптуры ў Вене і Рыме. Пазней працавала пераважна ў скульптуры. Выканала медалі Б.​Залескага (1859), І.​Лялевеля (1860), Ю.​Крашэўскага (1861) і інш. У 1861 зрабіла рэльефы гербаў Рэчы Паспалітай, Кароны Польскай і ВКЛ. У 1863 арыштавана і выслана ў г. Тамбоў (Расія). У 1867 вызвалена, але пазбаўлена права жыхарства на радзіме, некат. час жыла ў Крыме. У 1860—70-я г. выканала жанравыя кампазіцыі «Шляхціц у сядзібе», «Муза Талія», цыкл рэльефаў з выявамі князёў ВКЛ, партрэты Януша Радзівіла, Торвальдсена і інш. Аўтар 22 пасярэбраных і пазалочаных шахматных фігурак, прысвечаных перамозе польскага войска над туркамі, сярод якіх выявы караля Яна Сабескага, гетмана Станіслава Ябланоўскага, шляхціцаў у поўным узбраенні, а таксама прадстаўнікоў турэцкага войска.

А.​К.​Лявонава.

т. 14, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)