працэс пастаяннага абмену газаў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем пры дыханні, фотасінтэзе і інш. Заключаецца ў паглынанні арганізмам кіслароду (O2) і выдзяленні вуглякіслага газу (CO2) — канчатковага прадукту акісляльнага метабалізму. Біял. роля газаабмену вызначаецца яго непасрэдным удзелам у абмене рэчываў, пераўтварэнні хім.энергіі засваяльных пажыўных прадуктаў у энергію, неабходную для жыццядзейнасці арганізма. Газаабмен адлюстроўвае інтэнсіўнасць працэсаў акіслення біялагічнага ва ўсіх органах і тканках. У раслін газаабмен адбываецца праз вусцейкі ліста; у чалавека і высокаарганізаваных жывёл — праз сістэмы органаў дыхання і кровазвароту і скуру, у прасцейшых — шляхам дыфузіі газаў праз паверхню цела. Патрэба ў газаабмене тым большая, чым вышэй арганізаваны жывы арганізм.
Газаабмен у чалавека і жывёл вызначаюць спец. прыладамі, з дапамогай якіх разлічваюць энергазатраты арганізма (непрамая каларыметрыя). Узровень газаабмену залежыць ад стану арганізма, умоў знешняга асяроддзя, інтэнсіўнасці мышачнай дзейнасці і інш. Рэгуляцыя газаабмену ідзе на ўсіх этапах транспарту газаў за кошт біяхім., біяфіз., нервовых і гумаральных уплываў. Газаабмен вывучаюць для ацэнкі дынамікі захворванняў і эфектыўнасці іх лячэння, у с.-г. жывёл — для распрацоўкі навукова абгрунтаваных нарматываў кармлення і ўтрымання.
Літ.:
Уэст Дж. Физиология дыхания: Основы: Пер. с англ.М., 1988;
Физиология дыхания. Л., 1991 (Руководство по физиологии).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАДА́ННЕ,
стан арганізма, выкліканы поўнай адсутнасцю або недастатковасцю паступлення пажыўных рэчываў у арганізм, а таксама парушэннем іх засваення. Як нармальная фізіял. з’ява сустракаецца ў некаторых млекакормячых у перыяд спячкі, пры халадовым здранцвенні ў амфібій, рэптылій, рыб, насякомых. Такое галаданне звязана з рэзкім зніжэннем працэсаў абмену рэчываў у арганізме, што дазваляе жывёлам доўга падтрымліваць жыццё пры нязначных затратах энергіі ў неспрыяльныя перыяды. Адрозніваюць: поўнае (пры поўнай адсутнасці ежы, але з прыёмам вады); няпоўнае, недаяданне (пры жыўленні, недастатковым для пакрыцця энергет. і пластычных патрэб арганізма); абсалютнае (пры поўнай адсутнасці ежы і вады); частковае (якаснае) галаданне — недастатковае атрыманне з ежай аднаго або некалькіх пажыўных рэчываў (бялковае, тлушчавае, вугляводнае, мінер., воднае, вітаміннае). Пры поўным галаданні дробныя і маладыя жывёлы, чалавек гінуць хутчэй, напр., дробныя птушкі без корму жывуць 1—2 сутак, куры 15—25, трусы 30, сабакі 45—60, коні, вярблюды да 80, дарослы чалавек 65—70 сутак. Гібель жывёл звычайна настае пры страце каля 50% зыходнай масы цела, без вады — хутчэй. Галаданне выкарыстоўваецца пры лячэнні атлусцення, асобных нервова-псіхічных захворванняў, парушэння абмену рэчываў (рэўматызм, падагра, цукр. дыябет, гіпертанічная хвароба, атэрасклероз, язвавая хвароба, бранхіяльная астма і інш.). Лячэнне поўным галаданнем праводзіцца ў стацыянары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НДЗІ (Індзіра Прыядаршыні) (19.11.1917, г. Алахабад, Індыя — 31.10.1984),
палітычны і дзярж. дзеяч Індыі. Дачка Дж.Нэру. Вучылася ў Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Індыі. З 1938 чл. партыі Інд.нац. кангрэс (ІНК), у 1959—60 яе старшыня. У 1946—64 паліт. кансультант Нэру. Міністр інфармацыі і радыё (1964—66). Дэп.Нар. палаты парламента (1967—77, 1978, 1980—84). У 1966—77 і 1980—84 прэм’ер-міністр Індыі, адначасова міністр па справах атамнай энергіі (1967—77), замежных спраў (1967—69), фінансаў (1969—70), унутр. спраў (1970—73). Урад Гандзі нацыяналізаваў 14 буйнейшых банкаў (1969—70), заключыў дагавор аб дружбе з СССР (1971), пасля інд.-пакістанскага канфлікту 1971 палепшыў адносіны з Пакістанам (сустрэча Г. і З.А.Бхута ў г. Шымла ў 1972, абмен пасламі ў 1976) і інш. З 1978 кіраўнік заснаванай прыхільнікамі Гандзі партыі Інд.нац. кангрэс (Індзіра). У 1983—84 старшыня Руху недалучэння. Забіта сваімі целаахоўнікамі, якія належалі да адной з сікхскіх арг-цый. Аўтар твораў «Мая праўда» (1981), «Народы і праблемы» (1982) і інш.
Літ.:
Горев А.В. Роса на лотосе: Индира Ганди: мечты и свершения. М., 1987;
Ульяновский Р.А. Три лидера великого индийского народа. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ ФА́КТАРЫ,
сукупныя працэсы, ад якіх залежыць утварэнне глебы. Паводле В.В.Дакучаева, глебу фарміруюць клімат, мацярынская парода, жывыя арганізмы (расліны, мікраарганізмы, глебавыя жывёлы), рэльеф мясцовасці, час. Вельмі ўплывае на глебаўтваральныя фактары і вытв. дзейнасць чалавека (мех. апрацоўка глебы, меліярацыя, унясенне арган. і мінер. угнаенняў, высечка лесу, узорванне і інш.). Усе глебаўтваральныя фактары ўзаемазвязаны.
Клімат уплывае на характар выветрывання горных парод, вызначае цеплавы і водны рэжым глебы. Мацярынская парода ў працэсе глебаўтварэння ператвараецца ў глебу. Ад яе грануламетрычнага складу і структуры залежаць уласцівасці глебы, паветраны рэжым і інш. Уздзеянне жывых арганізмаў выяўляецца ў назапашванні і разбурэнні арган. рэчыва, якое ствараецца зялёнымі раслінамі ў працэсе фотасінтэзу, унясенні ў глебу і на яе паверхню арган. і мінер. рэчываў у выглядзе каранёвага і наземнага ападу, які з дапамогай мікраарганізмаў і глебавых жывёл ператвараецца ў гумус. Расліны і жывёлы рыхляць глебу, паляпшаючы яе паветраныя і водныя ўласцівасці. Роля рэльефу заключаецца ў пераразмеркаванні на паверхні глебы рэчываў і энергіі, што істотна ўплывае на ўтварэнне пэўных глеб. Час развіцця сталага глебавага профілю залежыць ад геал. ўзросту тэрыторыі і ў розных умовах складае ад некалькіх дзесяткаў да тысяч гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮКО́ЗА, вінаградны цукар,
C6H12O6, монацукрыд з групы гексоз. Самы пашыраны ў прыродзе вуглявод; трапляецца ў свабодным стане (у мёдзе, пладах, кветках і інш. органах раслін, у тканках жывёл і чалавека), уваходзіць у састаў алігацукрыдаў, поліцукрыдаў, гліказідаў, глікапратэідаў, глікаліпідаў, антацыянаў і інш. У біял. аб’ектах існуе ў адной з шматлікіх хіральных формаў (стэрэаізамераў) у выглядзе двух анамераў α- і β-D-глюкозы. Выконвае ролю папярэдніка ў сінтэзе іншых цукроў (D-фруктозы, D-манозы і цукрозы), некат. буд. блокаў нуклеінавых к-т і ліпідаў. У жывых клетках глюкоза служыць гал. крыніцай энергіі. У выніку паслядоўнага шэрагу рэакцый акіслення глюкоза ператвараецца ў розныя вытворныя цукроў з меншай даўжынёй ланцуга (гліколіз, браджэнне, пептозафасфатны шлях) і ў канчатковым выніку распадаецца да CO2 і H2O (аэробнае дыханне). Вызваленая энергія назапашваецца ў форме адэназінтрыфасфату. Распад глюкозы можа ісці і па інш. (другасным) шляху з утварэннем D-глюкуронавай к-ты, якая садзейнічае абясшкоджванню некат. чужародных рэчываў у арганізме, і, L-аскарбінавай к-ты (вітаміну C). У жывёльных клетках глюкоза ўтвараецца з пірувату шляхам абарачэння гліколізу (глюканеагенез), у фотасінтэзуючых клетках — з CO2 і H2O (у цыкле Крэбса). Прэпарат глюкозы выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, медыцыне, ветэрынарыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ НАВАКО́ЛБНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,
паступленне ў асяроддзе рэчываў, біял. агентаў або розных відаў энергіі ў колькасці, якая перавышае звычайны ўзровень. Аказвае шкодны ўплыў на існаванне жывых арганізмаў і парушае прыродную дынамічную раўнавагу. Вылучаюць прыроднае і забруджванне антрапагеннае, з якімі звязаны забруджванне атмасферы, забруджванне вод, забруджванне глеб. Прыроднае забруджванне звязана з натуральнымі працэсамі (напр., у выніку вулканічнай дзейнасці); бывае часовае, пастаяннае, лакальнае, рэгіянальнае і глабальнае. Рост антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе — эканам., сац., паліт. і прыродазнаўча-навук. праблемы. Барацьба з З.н.а. патрабуе заканадаўчага забеспячэння, кантролю велічынь гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў, грунтуецца на пастаянным павышэнні агульнай, тэхнал., экалагічнай культуры насельніцтва, стварэнні экалагічна бяспечных сістэм гасп. дзейнасці, узвядзенні ачышчальных збудаванняў і інш. (гл. таксама Ахова прыроды, Экалогія). На Беларусі на 1.1.1996 намнажэнне адходаў складала 619 млн.т, за год утвараецца да 20 млн.т (у прам-сці да 80%, у быт. сектары да 20%). Гал. доўгатэрміновай экалагічнай праблемай з’яўляецца радыеактыўнае З.н.а. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986, якая ахапіла каля 23% тэр. рэспублікі (па цэзіі-137).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ТЭХНІ́ЧНАЙ АКУ́СТЫКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1994 на базе Віцебскага аддзялення Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі (існавала з 1975). У складзе ін-та 6 лабараторый. Аспірантура з 1995 па апрацоўцы металаў ціскам і фізіцы цвёрдага цела.
Асн. кірунак навук. даследаванняў — вывучэнне ўздзеяння канцэнтраваных патокаў энергіі (у т. л. ультрагуку, лазернага выпрамянення, ВЧ- і ЗВЧ-палёў) на кандэнсаваныя асяроддзі. У ін-це распрацаваны тэарэт. асновы для стварэння тэхналогіі сінтэзу функцыянальна-градыентных і інтэлектуальных матэрыялаў у ультрагукавым полі (у т. л. кампазіцыйных матэрыялаў з эфектам памяці формы і псеўдапругкасці, матэрыялаў для медыцыны, радыётэхнікі, атамнай энергетыкі); на базе распрацаванай мадэлі кінетыкі цвердафазнай рэакцыі сінтэзу керамічных матэрыялаў у ВЧ- і ЗВЧ-палях, сінтэзаваны шэраг пераўскітных матэрыялаў, якія не сінтэзуюцца па традыцыйнай тэрмічнай тэхналогіі; даследавана кінетыка спякання парашкоў адна-, двух- і трохкампанентных сістэм рознага саставу пад уздзеяннем, лазернага выпрамянення; распрацавана тэхналогія селектыўнага лазернага спякання для стварэння вырабаў складанай прасторавай формы; даследаваны фіз. асновы ўзаемадзеяння патокаў атамаў, малекул і іонаў з паверхняй цвёрдых цел для стварэння метадамі іонна-плазменных тэхналогій дэкаратыўна-ахоўных пакрыццяў з вугляроду, палімераў, гідраксілфасфатаў металаў. У ін-це працуе акад.Нац.АН Беларусі У.У.Клубовіч (дырэктар з 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ДЗЕЖ, калодзезь,
1) гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе верт. шахты ці свідравіны для збору падземных або адводу паверхневых вод.
Шахтавыя К. — круглыя або квадратныя ў плане, дыям. (стараной) да 1,5, глыб. да 40 м і болей; трубчастыя — з абсадных труб (уваходзяць адна ў адну), дыям. да 30 см, глыб. да 100 м і больш. Выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (артззіянскія калодзежы), для збору вады з асушальных каналаў (зумпфы), апаражнення трубаправодаў (скідныя К.), гашэння энергіі воднага патоку (вадабойныя К.), для назірання за работай абсталявання і ўзроўнем грунтавых вод (назіральныя К.) і інш.
Збудаванне для тэхн. абслугоўвання падземных камунікацый (назіральныя К. на водаправоднай сетцы, каналізацыйнай сетцы, на трасах цепла- і газазабеспячэння), а таксама для выканання работ у складаных грунтавых умовах (апускныя калодзежы). Будуюцца з бетону, жалезабетону, часам з цэглы, металу, дрэва. Унутры К. размяшчаецца розная арматура, помпы, лесвічныя маршы, драбінкі і інш., зверху — надземнае збудаванне або лаз (люк) з накрыўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛЬНІК ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
электравымяральная прылада для ўліку выпрацаванай (адпушчанай) або спажытай актыўнай і рэактыўнай электраэнергіі за пэўны прамежак часу. У ланцугах пастаяннага току (электрыфікаваны чыг. транспарт, электролізныя ўстаноўкі) выкарыстоўваюцца Л.э. магнітаэл., фера- і электрадынамічнай, электралітычнай сістэм, у ланцугах пераменнага току (прамысл. электрапрывод, асвятляльныя сеткі, камунальныя спажыўцы) — індукцыйныя і электронныя.
Л.э. бываюць аднафазныя (1-элементныя) і трохфазныя (2- і 3-элементныя). У эл. сетках напружаннем да 1 кВ уключаюцца паслядоўна ў ланцуг або праз трансфарматары току, вышэй за 1 кВ — праз трансфарматары напружання і току. Найб. пашыраны Л.э. індукцыйнай вымяральнай сістэмы, маюць ланцугі току і напружання. Токі, якія працякаюць па гэтых ланцугах, ствараюць у электрамагнітах пераменныя магн. патокі Фu і Фi. У выніку ўзаемадзеяння патоку Фu з віхравымі токамі, якія наводзяцца ў дыску патокам Фi узнікае вярчальны момант. Колькасць абаротаў рухомай ч. лічыльніка прапарцыянальна спажытай энергіі, што паказвае лічыльны механізм, злучаны з воссю дыска.
М.А.Караткевіч.
Індукцыйны аднафазны лічыльнік электрычны: 1, 2 — электрамагніты паслядоўнага і паралельнага ланцуга; 3 — лічыльны механізм; 4 — тармазны магніт; 5 — алюмініевы дыск; 6 — нагрузка; U — напружанне; Фi Фu — магнітныя патокі, што ствараюцца токам нагрузкі і токам у ланцугу напружання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ АНІЗАТРАПІ́Я,
неаднолькавасць магн. уласцівасцей рэчыва (намагнічанасці, магнітнай успрыімлівасці, магн.энергіі і інш.) па розных напрамках. Абумоўлена анізатропным характарам магн. ўзаемадзеяння паміж часціцамі — носьбітамі магн. моманту ў рэчыве. Праяўляецца ў магнітаўпарадкаваных монакрышталях (фера- і ферымагнітных), полікрышт. і аморфных рэчывах. М.а. ў крышталях звязана з упарадкаваным размяшчэннем магн. момантаў іх часціц (атамаў, малекул, іонаў) і з’яўляецца вынікам магн. ўзаемадзеяння суседніх часціц і спецыфічных узаемадзеянняў іх электронаў з эл.унутрыкрышталічнымі палямі. М.а. ў полікрышталях праяўляецца пры наяўнасці ў іх магнітнай ці крышталічнай тэкстуры.
Адрозніваюць М.а. прыродную і наведзеную. Прыродная — характэрная для монакрышталёў ферамагнетыкаў, дзе вектары самаадвольнай намагнічанасці ферамагн. даменаў накіраваны ўздоўж некаторых восей крышталя (т.зв. восей лёгкага намагнічвання). Мерай прыроднай М.а. з’яўляецца энергія М.а., якая вызначаецца як работа знешняга магн. поля, неабходная для намагнічвання ферамагнетыка ў зададзеным напрамку. Наведзеная М.а. ўзнікае пры тэхнал. апрацоўцы магнітных матэрыялаў (напр., пры пракатцы, адпале, перакрышталізацыі ў магн. полі); яна з’яўляецца таксама характэрнай уласцівасцю магн. плёнак (узнікае пры напыленні ў магн. полі, напыленні пад вуглом да паверхні, эпітаксіяльным росце на монакрышт. падложцы); можа быць магнітапругкага паходжання (пры наяўнасці ў магн. узоры ўнутраных мех. напружанняў). Матэрыялы з вял. значэннямі канстант М.а. выкарыстоўваюцца ў прыстасаваннях магн. памяці.