НЭ́ЦКЭ скульптурная мініяцюра з дрэва, каменю, косці, рогу, металу ў Японіі ў 15—19 ст. З’явілася з увядзеннем у яп. гарнітур пояса для ўмацавання на ім кашалька, кісета, люлькі, скрыначкі для лекаў. Тэрмін «Н.» (складаецца са слоў «корань» і «прымацоўваць») пачаў ужывацца ў 17 ст., калі мініяцюрныя разныя фігуркі з навылётнай дзіркай для шнурка набылі пластычна завершаную форму адначасова утылітарнага прадмета і ўпрыгожання. У 18—19 ст. дасягнула росквіту. Сярод вядомых майстроў Н. — Судзан (18 ст.), Руса (2-я пал. 18 ст.), Таматада (канец 18 — пач. 19 ст.).
Нэцкэ: 1 — Чароўны кацялок для чаю; 2 — Бог шчасця Дзюрадзін; 3 — Малпа, якая разглядвае нэцкэ ў выглядзе малпы з персікам. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАНА́МА»,
«панамскі скандал», жульніцкая афера, звязаная са злоўжываннямі і карупцыяй «Усеагульнай кампаніі міжамерыканскага канала», што была створана ў 1879 у Францыі для арганізацыі работ па пракопванні Панамскага канала. Акцыі гэтай кампаніі набылі 800 тыс.чал. Да 1888 кампанія выдаткавала ў 2 разы больш сродкаў, чым меркавалася, але выканала толькі 1/3 усіх работ, пасля чаго спыніла плацяжы і будаўніцтва. Разарыліся дзесяткі тыс. дробных акцыянераў. Суд. разбор справы ў 1889—93 высветліў, што кампанія, каб утаіць сваё цяжкае фін. становішча, сістэматычна падкупляла ўплывовых службовых асоб і паліт. дзеячаў, рэдактараў газет і г.д. Расследаванне «П.» выкрыла глыбокую карумпіраванасць апарату Трэцяй рэспублікі і мела шырокі грамадска-паліт. рэзананс. Тэрмін «П.» стаў хадзячай назвай буйных махлярстваў і афер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНМІКСІ́Я (ад пан... + грэч. mixis змешванне),
выпадковае, свабоднае (неабмежаванае) скрыжоўванне разнаполых асобін з рознымі генатыпамі ў папуляцыі ці інш. унутрывідавой групе арганізмаў. У рознай ступені характэрна для большасці відаў жывёл і раслін і залежыць ад характару іх размнажэння. Тэрмін «П.» ўвёў А.Вейсман (1885). Поўная П. магчыма ў «ідэальных» папуляцыях (бясконца вял., у якіх кожная асобіна мае аднолькавыя магчымасці апладнення асобінай другога полу, пры адсутнасці адбору, ціску мутацый, міграцый і інш.), калі адбываецца выпадковае камбінаванне гамет і раўнаважнае размеркаванне частот генатыпічных класаў асобін у адпаведнасці з Хардзі—Вайнберга законам. У прыродзе ажыццяўляецца толькі ў той ці інш. ступені і забяспечвае генетыка-эвалюц. адзінства ўнутрывідавых груповак і віду ў цэлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДА́ЧА ДА́НЫХ,
перадача інфармацыі, прадстаўленай у выглядзе пэўнага кода. Тэрмін выкарыстоўваўся ў тэлеграфіі, пазней таксама для абазначэння працэсу абмену інфармацыяй паміж ЭВМ з дапамогай апаратуры. Асн. характарыстыкі сістэм П.д. — скорасць перадачы, імавернасць памылкі і інш.
У пашыраным сэнсе П.д., у т. л. тэлефанія, электронная пошта, відэаканферэнцсувязь, праграмы радыё- і тэлевізійнага вяшчання — перадача эл. сігналаў (пераважна лічбавых) сродкамі электрасувязі. Адрозніваюць лакальныя і глабальныя (напр., Інтэрнет) сеткі П.д., якія дазваляюць атрымліваць любы від паведамленняў. Глабальныя сеткі П.д. з’яўляюцца сеткамі агульнага карыстання і даюць абанентам максімум паслуг сувязі. П.д. ажыццяўляецца па лічбавых каналах правадной і бесправадной (напр., радыёканалах) сувязі; пры П.д. па аналагавых каналах дадаткова выкарыстоўваюцца спец. прылады — мадэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕПТРО́Н (англ. perceptron ад лац. perceptio разуменне, успрыманне),
сістэма, якая мадэлюе ўспрыманне вобразаў. Прапанаваны амер. вучоным Ф.Розенблатам (1957; зрокавы аналізатар «Марк-1»). Тэрмін «П.» выкарыстоўваюць таксама ў дачыненні да сістэм (пераважна на базе ЭВМ) для рашэння задач, звязаных з распазнаваннем вобразаў.
Мадэль успрымання (персептыўную мадэль) можна ўявіць у выглядзе 3 слаёў нейронаў: рэцэптарнага (S), пераўтваральных нейронаў (A) і слоя рэагавальных нейронаў (R). Ад знешняга ўзбурэння ў S-слоі ўзнікаюць сігналы, якія распаўсюджваюцца па нервовых шляхах (гл.Нейронная сетка) і дасягаюць A-слоя, дзе ў адпаведнасці з сукупнасцю ўваходных сігналаў выпрацоўваюцца новыя сігналы, якія паступаюць у R-слой. Успрыманне якога-н. аб’екта адпавядае ўзбуджэнню пэўных нейронаў з R-слоя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПСО́ДЫЯ (ад грэч. rhapsōdia спяванне ці дэкламацыя эпічных паэм; эпічная песня, песня рапсода),
жанр інструментальнай (зрэдку вакальнай) музыкі, якому ўласцівы эпічны характар, свабодная форма, апора на тэмы нар. паходжання, паслядоўнасць рознахарактарных эпізодаў, кантрастнасць, віртуознае выкладанне. Тэрмін упершыню выкарыстаў для вызначэння серыі сваіх песень і фп. п’ес Д.Шубарт (1786). Развіццё жанру ў 19—20 ст. звязана са станаўленнем многіх нац.муз. школ. Класічныя ўзоры Р. створаны Ф.Лістам, І.Брамсам, А.Дворжакам, М.Равелем, Э.Лало, Дж.Гершвінам, С.Рахманінавым і інш. З бел. кампазітараў Р. стварылі М.Чуркін, П.Падкавыраў, А.Туранкоў, С.Палонскі, Я.Дзягцярык і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОК-Н-РОЛ (англ. rock’n’roll, rock and roll літар. трасіся і пагойдвайся),
танцавальная музыка, асноўная і найбольш традыц. форма рок-музыкі. Узнікла ў пач. 1950-х г. у ЗША як вынік спалучэння «чорнага» стылю рытм-энд-блюз і «белага» хіл-білі. Упершыню тэрмін «Р.-н.-р.» ужыты ў 1951 амер. дыск-жакеем А.Фрыдам. Уяўляе сабой сінтэз моцна акцэнтаванай рытмавай асновы блюза і мелодыкі стылю кантры. Характарызуецца маторна-танц. метрарытмам, выкарыстаннем эл.-муз. інструментаў, павышанай дынамікай, спецыфічнай вак.-выканальніцкай манерай, якая ўзыходзіць да стараж. негрыцянскіх традыцый. Першы шлягер Р.-н.-р. — песня «Рок вакол часу» Б.Хейлі. Сярод зорак класічнага Р.-н.-р. Э.Прэслі, Ч.Бэры, Л.Рычард і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІПСІ́ЗМ (ад лац. solus адзін + ipse сам),
гранічная форма суб’ектыўнага ідэалізму, паводле якой несумненнай рэальнасцю прызнаецца толькі суб’ект, а аб’ектыўны свет існуе выключна ў свядомасці індывіда. Знаходзіцца ў супярэчнасці з жыццёвым вопытам і штодзённай дзейнасцю чалавека, таму ў завершаным выглядзе сустракаецца надзвычай рэдка (напр., у франц. філосафа і ўрача К.Брунэ). Асобныя рысы С. характэрны для суб’ектыўнага ідэалізму (Дж.Берклі, І.Фіхтэ), эмпірыякрытыцызму (Э.Мах), іманентнай філасофіі (В.Шупе, Р.Шуберт-Зольдэрн), прадстаўнікі якіх імкнуцца пазбягаць гранічных форм С. шляхам сінтэзу суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ідэалізму. Тэрмін «С.» выкарыстоўваюць таксама ў этыцы для абазначэння крайняга эгаізму, эгацэнтрызму ці т.зв. практычнага С. (паводле вызначэння франц. экзістэнцыяліста Г.Марселя). Прадстаўнік практычнага С. — М.Штырнер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў Полацку ў 1788—1918.
Праваслаўная духоўная гімназіязасн. ў 1788 пры пач. партыкулярнай школе ў Богаяўленскім манастыры (пераведзена сюды духоўная 2-класная гімназія з Невеля). Вучэбны курс быў пашыраны і тэрмін навучання павялічаны да 3 гадоў. Выкладаліся: рус., лац. і польск. мовы, арыфметыка, чыстапісанне, катэхізіс, нотныя спевы. Гімназія была філіялам Магілёўскай правасл. семінарыі (падрыхтоўчым аддзяленнем). Выкладчыкамі былі яе выхаванцы. Вучыліся дзеці мясц. святароў ва ўзросце 6—8 гадоў. З-за невял. колькасці выхаванцаў (штогод 20—30 юнакоў) у 1792 кіраўніцтва Пскоўскай епархіі вярнула яе ў Невель. Ваенная гімназія ўтворана ў 1865 на базе Полацкага кадэцкага корпуса ў выніку рэарганізацыі сістэмы ваен. асветы ў Рас. імперыі. Тэрмін навучання 6, з 1873—7 гадоў. Мела агульнаадук. праграму, але захавала традыцыйны для кадэцкага корпуса паўвайсковы ўклад і вайск. форму. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, матэматыка, геаметрыя, чарчэнне, фізіка, гісторыя, геаграфія, касмаграфія, ваенная падрыхтоўка, чыстапісанне і маляванне. У 1865 былі 333 выхаванцы. У 1872—74 існаваў праект адкрыць на базе гімназіі ун-т, а гімназію перавесці ў Вільню або Юр’еў. У 1882 рэарганізавана ў кадэцкі корпус. У гімназіі вучыўся генерал Р.І.Кандраценка. Жаночая дзяржаўная гімназія засн. 1.1.1903. Мела 2-класнае падрыхтоўчае аддзяленне, 7 асн. класаў і 8-ы педагагічны. У 1911 у штаце былі кіраўнік, 8 наглядчыц, 5 законанастаўнікаў, 15 выкладчыкаў. Займалася 360 вучаніц. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, педагогіка, матэматыка, геаграфія, фізіка, методыка выкладання. маляванне, чыстапісанне, рукадзелле, спевы. Скасавана ў 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЫТА́ННЕ,
метад збору пачатковай інфармацыі для сацыялагічных, эканам., псіхал. і інш. даследаванняў ад пэўнай сукупнасці людзей (рэспандэнтаў). Мэта апытання — атрыманне інфармацыі пра аб’ектыўныя (падзеі, працэсы) або суб’ектыўныя (меркаванні, погляды, настроі) з’явы. Як метад сацыяльнага даследавання ўзнікла ў 19 ст. Упершыню праведзена ў 1824 у ЗША. Адрозніваюць апытанні пісьмовыя (анкетаванне) і вусныя (інтэрв’ю), экспертныя і масавыя, вочныя і завочныя (паштовыя, тэлефонныя), аднаразовыя і шматразовыя, выбарачныя і суцэльныя (рэферэндумы) і інш. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжвае выкарыстанне апытання ў форме рэферэндумаў для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Масавыя апытанні разам з пазнавальнай выконваюць функцыю дэмакратызацыі грамадства. Тэрмін «апытанне» абазначае таксама элементы збору любой інфармацыі, носьбітам якой з’яўляецца чалавек (апытанне пацыентаў у мед. установе, студэнтаў на экзамене і інш.).