ГРА́МШЫ
(Gramsci) Антоніо (23.1.1891, г. Алес, вобл. Сардзінія, Італія — 27.4.1937),
італьянскі паліт. дзеяч, філосаф, гісторык. Вучыўся ў Турынскім ун-це (1911—14). У 1913—21 чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі, адзін з кіраўнікоў яе левага крыла. З 1919 выдаваў час. «L’Ordine Nuovo» («Новы лад»), які заснаваў разам з У.Тэрачыні і П.Тальяці. Адзін з заснавальнікаў (1921) і ген. сакратар (з 1924) Італьян. Камуніст. партыі. У 1922—23 удзельнічаў у працы Камуністычнага інтэрнацыянала. Дэп. парламента (1924—26). Выступаў за паліт. саюз з інш. партыямі — праціўнікамі фашызму. У 1926 арыштаваны, у чэрв. 1928 асуджаны на 20 гадоў зняволення (пазней тэрмін скарочаны). У зняволенні напісаў «Турэмныя сшыткі», у якіх даследаваў сац.-паліт. гісторыю Рысарджымента, марксізм як светапогляд і вучэнне, тэорыю прыродазнаўства, крытыкаваў погляды на культуру Б.Крочэ і інш. Фашызм вызначаў як «несанкцыянаванае законам насілле з боку капіталіст. класа».
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произведения. М., 1980.
Літ.:
Григорьева И.В. Исторические взгляды Антонио Грамши. М., 1978.
т. 5, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)