КАРЛ СМЕ́ЛЫ (Charles le Téméraire; 10.11.1433, г. Дыжон, Францыя — 5.1.1477),
герцаг Бургундыі [1467—77]. Сын бургундскага герцага Філіпа III Добрага (правіў у 1419—67). Выступаў супраць цэнтралізатарскай палітыкі франц. караля Людовіка XI, дамогся ад яго вяртання пад сваю ўладу гарадоў па р. Сома (1465), імкнуўся стварыць самаст. бургундска-нідэрл. каралеўства, дзеля чаго заваяваў Латарынгію (1475) і інш. землі. Жанаты з Маргарытай Йоркскай (з 1468), дапамог Эдуарду IV вярнуць англ. прастол (1471). Цэнтралізаваў фінансы і войска, ваяваў з Францыяй (1470—75, з перапынкамі), кёльнскім епіскапствам (аблога г. Нейс у 1474—75) і створанай Людовікам XI аўстра-латарынгска-швейц. кааліцыяй (т. Ж бургундскія войны 1476—77): загінуў у час аблогі г. Нансі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КМІ́ТА (Пётр Бластус) (Бластусовіч Пётр),
выдавец і паэт 1-й пал. 17 ст. Працаваў друкаром у Вільні, адкуль перавёз друкарскае абсталяванне і заснаваў Любчанскую друкарню, якую ўзначальваў з 1612 да канца 1620-х г. За 20 гадоў сваёй дзейнасці выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, л-ры, філасофіі і інш. Пісаў вершы, якія змяшчаў у асобных выданнях (у «Каталізесе...» Я.Л.Намыслоўскага, у зб. прыказак С.Рысінскага, 1618, і інш.). Аўтар прадмовы, а таксама дапаўненняў да зб. «Апафегматы» Б.Буднага (выд. 1614). Паводле сведчання лістоў Рысінскага, праз рукі К. праходзіла тайная перапіска мысліцеляў-пратэстантаў у перыяд ганенняў на арыян. Прадаўжальнікам справы К.-выдаўца стаў яго сын Ян Кміта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНУД I ВЯЛІ́КІ (Knud den Store; каля 995—12.11.1035),
кароль Англіі (з 1016), Даніі (з 1018) і Нарвегіі (з 1028). Сын дацкага караля Свена I Вілабародага (п. у 1014), разам з якім з 1013 удзельнічаў у заваяванні Англіі. З 1016 суправіцель на англ. прастоле, замацаваўся як кароль Англіі пасля смерці Эдмунда II Жалезнабокага (1018). Апіраўся ў Англіі на дробных землеўладальнікаў і вышэйшае духавенства (надзяляў апошняе землямі і прывілеямі). У Даніі стаў каралём пасля смерці брата Харальда II; пры ім у краіне склалася асобае войска (ціглід) з прадстаўнікоў найб. знатных сем’яў (зародак мясц. рыцарства), пачалася рэгулярная чаканка манеты. Стаў каралём Нарвегіі, выгнаўшы Олафа II Харальдсана. Створаная К. I вялізная англа-дацка-нарв. дзяржава распалася неўзабаве пасля яго смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВЫ́Х (Мікалай Пятровіч) (12.5.1926, с. Сярэдні Егарлык Цалінскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 10.2.1994),
бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). У 1973—78 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1959. Пісаў на рус. мове. Асн. тэма твораў — мінулая вайна. Працаваў у жанры рамана з эпічным ахопам падзей: «Чэсць ярма не прымае» (1962), «Дзе не чакаюць цішыні» (1968), «Дарога ў мужнасць» (1971) і інш. Маральна-этычныя праблемы сучаснасці ўзняты ў аповесці «Лёнькава ўдача» (1978, экранізавана пад наз. «Абочына», сцэнарый у сааўт. з Ф.Коневым). Аўтар аповесці для дзяцей «Юрка — сын камандзіра» (1979, экранізавана, 1984, сцэнарый у сааўт. з С.Бадровым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧУ́КІ,
дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род герба «Сястрэнец» у ВКЛ. Родапачынальнік Кучук у 1382 быў каморнікам вял.кн. Ягайлы, удзельнічаў у забойстве Кейстута. Яго сынКонрад (? — пасля 1437) валодаў Дакудавам і Жырмунамі ў Лідскім пав., атрымаў ад вял. князя маёнтак Шчучын. Меў сына Яна (каля 1410 — каля 1478), маршалка гаспадарскага ў 1469—78 і намесніка лідскага ў 1473. Сынамі апошняга былі Юрый (Ежы; каля 1435 — пасля 1482), маршалак гаспадарскі ў 1482, і Войцех (каля 1440 — пач. 1506), маршалак гаспадарскі ў 1492—1505, намеснік уладзімірскі ў 1494 і ваўкавыскі ў 1496. Пасля смерці Войцеха радавыя маёнткі ў Лідскім пав. і выслужанае ім Палонна ў Луцкім пав. праз шлюб яго дачкі перайшлі да С.П.Кішкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЛО́ ((Lalo) Эдуар Віктор Антуан) (27.1.1823, г. Ліль, Францыя — 22.4.1892),
французскі кампазітар, адзін з папярэднікаў імпрэсіянізму ў музыцы. Сын выхадца з Іспаніі. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ф. Хабенека (з 1839, скрыпка), у Ю. Шульгафа (кампазіцыя). Удзельнічаў як альтыст у камерна-інстр. ансамблях. Відны майстар франц. інструментальнай музыкі 2-й пал. 19 ст.: стварыў новы тып канцэрта — «канцэрт-сюіту» (у т. л. «Іспанская сімфонія» для скрыпкі з арк., 1875). Адным з першых сярод франц. кампазітараў звярнуўся да ісп.муз. фальклору. Асн. творы: опера «Кароль горада Іс» (паст. 1888), балет «Намуна» (паст. 1882); сімфонія (1889) і інш. творы для арк.; канцэрты для фп. (1889), 3 для скрыпкі, у т. л. «Рускі канцэрт» (1883), з арк.; камерна-інстр. ансамблі; рамансы, песні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАПО́ЛЬД III (Léopold; 3.11.1901, Брусель — 25.9.1983),
бельгійскі кароль [1934—44 і 1950—51]. З Саксен-Кобургскай дынастыі. Старэйшы сын Альберта 1 (правіў у 1909—34). З 1936 праводзіў курс на знешнепаліт. нейтралітэт Бельгіі. У 2-ю сусв. вайну 28.5.1940 падпісаў акт аб капітуляцыі краіны перад фаш. Германіяй, у 1940—44 інтэрніраваны ў замку Лаэкен каля Бруселя, у 1944 вывезены з Бельгіі як ваеннапалонны. З 1945 у эміграцыі (паводле прынятага ў ліп. 1945 бельг. парламентам закону не мог вярнуцца ў краіну без спец. дазволу). Вярнуўся ў Бельгію пасля рэферэндуму 12.3.1950 (57,68% тых, хто галасаваў, выказаліся за вяртанне Л. III). Не маючы дастатковай папулярнасці, 1.8.1950 заявіў аб перадачы правоў на прастол сыну Бадуэну I, у ліп. 1951 адрокся ад прастола на яго карысць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВОЎ ((Lwoff) Андрэ Мішэль) (8.5. 1902, Алье, Францыя — 1994),
французскі генетык і мікрабіёлаг. Чл.Франц.АН (1977). Замежны чл.АМНСССР (1967), Нац.АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва. Прэзідэнт міжнар. асацыяцыі мікрабіял. т-ваў (1962—70). Сын эмігрантаў з Расіі. Скончыў Парыжскі ун-т (1921). З 1921 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы, з 1959 праф. Парыжскага ун-та, з 1969 дырэктар Нац. ін-та даследаванняў раку. Навук. працы па роставых фактарах мікробаў, фізіялогіі вірусаў, індукцыі і рэпрэсіі ферментаў. Даказаў (разам з А.Гутман) спадчынную прыроду лізагеніі, адкрыў здольнасць ультрафіялетавых прамянёў індуцыраваць развіццё прафага; зрабіў уклад у вучэнне аб латэнтных вірусных інфекцыях. Яго даследаванні пакладзены ў аснову тэорыі рэгулявання сінтэзу бялку. Нобелеўская прэмія 1965 (разам з Ф.Жакобам і Ж.Мано).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКІН (Пётр Аляксандравіч) (25.7.1903, г. Саратаў, Расія — 16.8.1958),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Вышэйшыя майстэрні тэатр. мастацтва (Саратаў, 1924). З 1925 акцёр і рэжысёр т-раў Расіі. З 1949 у Брэсцкім абл.драм. т-ры. Акцёр шырокага дыяпазону. Спалучаў эмацыянальнасць і глыбокі псіхалагізм з мяккім лірызмам, камедыйнасцю і яркай пластычнай выразнасцю. Ролі ў Брэсцкім т-ры: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Каспар («Салаўі пяюць на волі» паводле З.Бядулі), Круціцкі («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Дорн («Чайка» А.Чэхава), Бяссеменаў («Мяшчане» М.Горкага), Гарнастаеў («Любоў Яравая» К.Транёва) і інш. Паставіў спектаклі: «Зыкавы» М.Горкага, «Навальніца» Астроўскага (абодва 1952), «Блудны сын» Э.Ранета (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧВялікі
(у хрышчэнні Фёдар; 1.6.1076—15.4.1132),
вялікі князь кіеўскі [1125—32]. Сынвял. кіеўскага князя Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха. У 1088—93 і 1095—1117 правіў Наўгародскай зямлёй, у 1093—95 — Растоўскай і Смаленскай. У 1117—25 князь белгарадскі і суправіцель бацькі. Удзельнічаў у ваен. паходах на полаўцаў (1093, 1107, 1111), у 1129 адцясніў іх за Дон і Волгу. У 1111, 1113, 1130 арганізаваў паходы на чудзь, у 1127 і 1129 — на Полацкае княства; у 1129 захапіў і выслаў у Візантыю разам з сем’ямі полацкіх князёў за адмову ад удзелу ў паходзе на полаўцаў. У 1131 зрабіў паход на Літву. Пасля смерці М.У. Кіеўская Русь канчаткова распалася на самастойныя княствы.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 172—189.