італьянскія кампазітары, прадстаўнікі венецыянскай школы. Нарадзіліся ў Венецыі.
Андрэа (вядомы таксама як Андрэа з Канарэджа; паміж 1510 і 1520 — пасля 1586), аўтар арганных твораў, дзе шырока выкарыстоўваў рэгістравыя кантрасты, мадрыгалаў, матэтаў, хар. канцэртаў, інстр. рычэркараў і канцон. З лепшых твораў — 6-галосныя «Пакаянныя псалмы» (1583).
Джавані (паміж 1553 і 1556 — 12.8.1612 ці 1613), пляменнік і вучань Андрэа. Да 1578 ці 1579 служыў у прыдворнай капэле пад кіраўніцтвам А.Ласа ў Мюнхене. Стваральнік манум. экспрэсіўнага вак.-інстр. стылю, заснаванага на выкарыстанні шматхорнай тэхнікі, незвычайна вострых на той час разнастайных кантрастаў (рэгістраў, груп, tutti і асобных галасоў, інстр. і хар. гучанняў). Упершыню ўвёў дынамічныя абазначэнні. З арганнай практыкі запазычыў тэхніку актаўнай дубліроўкі галасоў і, такім чынам, адышоў ад канонаў старадаўняга вак. поліфанічнага стылю. Яго творчасць — вышэйшы пункт развіцця венецыянскай поліфанічнай школы — зрабіла вял. ўплыў на развіццё інстр.музыкі. Сярод твораў: канцэрты для 6—16 галасоў (1587), 77 «Свяшчэнных сімфоній» для 6—19 галасоў (1597), канцоны і інш.інстр. творы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́ШКІНА (Лідзія Іванаўна) (н. 15.6.1923, г. Іванава, Расія),
бел. спявачка (мецца-сапрана), педагог. Нар.арт. Беларусі (1963). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас Ф.Пятровай). У 1951—81 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1974 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае яркім прыгожым голасам, вял. эмацыянальнасцю, майстэрствам сцэн. пераўвасаблення. Найб. блізкія ёй партыі гераінь з моцнымі характарамі, драм. і трагічным лёсам. Сярод партый у бел. операх: Надзея Дурава (аднайм. опера А.Багатырова), Алеся, Ганка («Алеся» і «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), Вераніка («Зорка Венера» Ю.Семянякі, Удава кнігагандлёўца («Джардана Бруна» С.Картэса); у класічным рэпертуары — Любаша, Амелфа («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Клітэмнестра («Арэстэя» С.Танеева), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс, Азучэна, Ульрыка («Аіда», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Клара («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева). Выканальніца многіх камерных твораў бел. кампазітараў.
А.Я.Ракава.
Л.І.Галушкіна.Л.Галушкіна ў ролях Марыны (уверсе) і Клары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЯЙЗО́ЎСКІ (Касьян Яраслававіч) (5.3.1892, Масква — 4.5.1970),
артыст балета і балетмайстар. Засл. арт. Беларусі (1940), засл. дз. маст. Літвы (1945). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1909). З 1909 артыст балета Марыінскага, у 1910—18 — Вялікага т-раў. У 1919—25 кіраваў студыяй (з 1922 «Камерны балет») у Маскве. Сцвярджаючы свой стыль, шмат працаваў над харэаграфічнымі мініяцюрамі і аднаактовымі балетамі на музыку А.Скрабіна, С.Рахманінава, С.Пракоф’ева, Ф.Шапэна, К.Дэбюсі ў пошуках эквіваленту эмацыянальна-пластычнай выразнасці музыкі. Музыкальнасць і багатая фантазія ў галіне харэаграфічных формаў, выкарыстанне ў класічным танцы сучаснай пластыкі, характарнасці і гратэску вызначалі самабытнасць яго творчасці. Сярод лепшых пастановак: «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева на сцэне Дзярж.т-ра оперы і балета БССР (1939), «Іосіф Прыгожы» С.Васіленкі і «Тэалінда» на муз. Ф.Шуберта (1925), «Лейлі і Меджнун» С.Баласаняна (1964), «Палавецкія танцы» ў оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна (1944 і 1953) у Вял. т-ры, «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага (1935, Харкаў). Аўтар кн. «Вобразы рускай народнай харэаграфіі» (1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮПРЭ́ ((Dupré) Луі) (каля 1697 — кастр. 1774),
французскі танцоўшчык, балетмайстар, педагог; адзін з заснавальнікаў мужчынскага сцэн. танца. Вучыўся ў школе пры «Каралеўскай акадэміі музыкі і танца» ў Парыжы («Гранд-Апера»), у 1715—22 і 1730—51 саліст гэтага т-ра. У 1722—30 працаваў у Варшаве, гастраліраваў у Лондане, Дрэздэне, Вене. Танцаваў у лірычных трагедыях, балетах, операх-балетах, а таксама чаконы і пасакаллі. Яго танец вылучаўся грацыёзнасцю, пластычнасцю, высакароднай манерай выканання. У 1756 запрошаны Г.Ф.Радзівілам у прыдворны т-р у Слуцку, разам з А.Пуціні. Дз. — стваральнік мясц. балета. У 1756—58 выкладаў у Слуцкай балетнай школе, выступаў у Слуцку і ў Белым (Бяла-Падляска, Польшча). У 1758 пераехаў у Нясвіж, дзе паводле дагавору з М.К.Радзівілам Рыбанькай павінен быў да 1761 выступаць на сцэне, пісаць лібрэта і ставіць балеты, падрыхтаваць для т-ра 8 дзяцей і вучыць танцам усіх, каго яму дадуць. Сярод яго вучняў Ж.Ж.Навер, Г.Вестрыс, М.Гардэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЙЗІН (Юльян Мікалаевіч) (22.6.1879, г. Днепрапятроўск, Украіна — 28.3.1942),
бел. музыказнавец, публіцыст, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1908). У 1925—35 выкладчык Бел.муз. тэхнікума і Бел. кансерваторыі, БДУ, АНБССР, з 1935 Маскоўскага ун-та. Вёў муз.-асв. дзейнасць. Аўтар шматлікіх артыкулаў па актуальных пытаннях бел.муз. мастацтва. Складальнік слоўніка «Музычныя тэрміны» (серыя «Беларуская навуковая тэрміналогія», 1926). Пераклаў з арыгінала на бел. мову лібрэта опер «Кармэн» Ж.Бізэ, «Фауст» Ш.Гуно, «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні, «Русалка» А.Даргамыжскага, «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава і інш.; (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета БССР), творы ант. аўтараў, у т. л. «Антыгону» Сафокла, «Вакханкі» Эўрыпіда. Аўтар лібрэта оперы «Тарас на Парнасе» М.Аладава.
Тв.:
Новыя плыні ў сучаснай музыцы // Полымя. 1925. № 3;
Музыка ў творах беларускіх паэтаў // Там жа. № 4, 6;
Праблемы нацыянальнай музыкі // Маладняк. 1926. № 11;
Музыкальная жизнь Белоруссии // Сов. музыка. 1934. № 7.
Літ.:
Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ ДУ ((Le Doux) Франсуа Габрыэль) (1755?, Парыж — 2.2.1823),
танцоўшчык, балетмайстар, педагог. Паводле паходжання француз. Паслядоўнік Ж.Ж.Навера. З 1770 саліст т-ра «Каралеўская акадэмія музыкі і танца» («Гранд-Апера») у Парыжы. У 1782—85 па запрашэнні падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза працаваў балетмайстрам у яго прыдворным т-ры ў Гродне, выкладаў у балетнай школе ў Паставах (у 1784 паставіў уласны «Балет вод, або Купель Дыяны»). Пасля смерці Тызенгаўза па загадзе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага сфарміраваў і ўзначальваў балетную трупу «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» (дэбютавала 24.9.1785 яго балетам «Гілас і Сільвія», падрыхтаваным у Пастаўскай балетнай школе; працавала да 1794). Аснову трупы складалі прыгонныя артысты Гродзенскага балета, у т. л. яго вучні М.Рымінскі, Е.Валінскі, Д.Сітанская, М.Малінская, Р.Лаўцэвіч. У 1785—89 паставіў больш за 30 балетаў, у т. л. на ўласныя лібрэта («Ванда, каралева Польская» і інш.). У 1800 арганізаваў у Варшаве балетную школу, у 1805—07 узначальваў балетную трупу Нац.т-ра В.Багуслаўскага, у 1817 адкрыў прыватную школу салонных танцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКІ (Дзмітрый Раманавіч) (17.8.1907, г. Днепрапятроўск, Украіна — 23.11.1989),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Растоўскі муз. тэхнікум (1930), вучыўся ў Маскоўскім ін-це павышэння кваліфікацыі музыкантаў-педагогаў (1936—41). З 1945 у Мінску, з 1957 у Дзярж. выд-ве БССР, у 1963—66 старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР. З 1980 у Канадзе. У яго творчасці пераважае інстр. музыка, дзе сфарміраваўся адметны індывід. стыль, заснаваны на спалучэнні яскравага меладызму, сучасных сродкаў выразнасці і бел. фальклору. Значны здабытак бел.муз. культуры — канцэрты для цымбалаў, скрыпкі (№ 2), віяланчэлі, фп. (№ 1, 2, 3) з аркестрам, Рапсодыя і Фантазія на бел. тэму для фп. з арк., Сімфаньета для камернага арк. Аўтар твораў для аркестра нар. інструментаў, эстр. аркестра, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў («Хто смяецца апошнім», «Дзень, калі спаўняецца 30 гадоў» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТА́С (сапр.Сагаманян Сагамон Геворкавіч; 8.10.1869, мяст. Куціна, Турцыя — 22.10.1935),
армянскі кампазітар, фалькларыст, спявак, харавы дырыжор, муз. дзеяч; заснавальнік арм. класічнай музыкі, нац. школы спеваў і навук.муз. этнаграфіі. Музыцы вучыўся ў Эчміядзінскай духоўнай акадэміі, таксама ў М.Екмаляна ў Тбілісі (1895). У 1896—99 у Берліне, дзе скончыў прыватную кансерваторыю Р.Шміта і ун-т. Узначальваў муз. класы і арганізаваны ім хор Эчміядзінскай акадэміі. Майстар хар. поліфаніі. Збіраў і даследаваў муз. фальклор (запісаў больш за 3000 арм., курдскіх, перс., тур.нар. песень). З-за канфлікту з царк. ўладамі ў 1910 пераехаў у Стамбул, з 1919 жыў у Парыжы. Апошнія 20 гадоў жыцця пакутаваў ад цяжкай душэўнай хваробы. Яго творчасць адыграла вял. ролю ў фарміраванні нац. кампазітарскай школы. Аўтар фп. мініяцюр і інш.інстр. п’ес.
Літ. тв.: Собр. соч.Т. 1—6. Ереван, 1969—82.
Літ.:
Шавердян А.И. Комитас и армянская музыкальная культура. Ереван, 1956;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАБА́С (італьян. contrabasso),
1) струнны смыковы муз. інструмент найвялікшага памеру (даўж. каля 2 м) і самага нізкага гучання. 4 метал. струны настройваюцца па квартах (E1—A1—D—G). Дыяпазон 4 актавы (пашыраецца пры дапамозе флажалетаў). Гучанне глухаватае, але густое і мяккае.
Створаны ў сярэдзіне 17 ст.італьян. майстрам М.Тадзіні на аснове віёлы да гамба. Выкарыстоўваўся як ансамблевы, з 18 ст. таксама як аркестравы, з 20 ст. і сольны інструмент. У эстр. практыцы пашыраны электра-К. На Беларусі К. вядомы з 2-й пал. 18 ст. (прыдворныя капэлы Нясвіжа, Слоніма, Гродна; кантрабасісты Райскі, В.Блажэўскі, П.Станкевіч, Л.Шышкоўскі, Ф.Янкоўскі). Творы для К. пісалі бел. кампазітары А Багатыроў, Л.Шлег, П.Падкавыраў, Я.Дзягцярык і інш. У Бел. акадэміі музыкі і муз. вучылішчах Беларусі існуюць класы К.
2) Самы нізкі па гучанні інструмент адной сям’і (балалайка-кантрабас, кларнет-кантрабас і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІ́ТКА (Клімент Васілевіч) (4.2.1880, с. Хмялёў Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 19.9.1953),
украінскі музыказнавец-фалькларыст, адзін з заснавальнікаў сав. этнамузыказнаўства. Скончыў Кіеўскі ун-т (1902). З 1922 узначальваў кабінет муз. этнаграфіі пры АН УССР у Кіеве. З 1933 праф., з 1937 адначасова кіраўнік Кабінета нар.музыкі Маскоўскай кансерваторыі. Найб. значныя працы па пытаннях метадалогіі музыказнаўчага даследавання ў галіне фальклору. Вывучаў ладаўтварэнне, рытміку, жанравую структуру муз.-паэт. фальклору слав., фіна-угорскіх, цюркскіх і інш. народаў. Запісаў больш як 6 тыс.нар. песень, у т. л. ад жонкі — Лесі Украінкі (зб. «Народныя мелодыі з голасу Лесі Украінкі», ч. 1—2, 1917—18; «Украінскія народныя мелодыі», 1922). На Беларусі запісваў каляндарныя, сямейна-абрадавыя і сямейна-быт. песні, апублікаваў арт. «Аб абласцях пашырэння некаторых тыпаў беларускіх каляндарных і вясельных песень» (1941). Зрабіў значны ўклад у вывучэнне нар.-інстр. культуры ўсх.-слав. народаў.